Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца чацвёртая
← Быліца трэцяя | Пан Тадэвуш Паэмы Аўтар: Адам Міцкевіч 1834 Арыгінальная назва: Pan Tadeusz Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч |
Быліца пятая → |
Быліца чацвёртая
ПАЛІТЫКА І ЎЛОВЫ
З’ява ў папілётах[1] будзіць Тадэвуша. — Запозная спасцярога памылкі.— Карчма. — Эмісар. — Спрытнае ўжыцце табакеркі заварочвае спрэчку на належны лад. — Матачнік. — Вядзмедзь. — Небяспека Тадэю і Графу. — Тры стрэлы. — Спор Сагалясоўкі з Сангушкоўкай вырашаны на старану Гарэшкаўскай аднаруркі. — Бігос. — Повесць Войскага аб паядынку Давейкі з Дамейкай прарвана цкаваннем зайца. — Канец повесці аб Давейцы і Дамейцы.
Літоўскіх вялікіх князёў вы равеснікі, дрэвы
Панар, Белавежы і Свіцязі, і Кушалева[2]!
У вашым цяньку спачывалі каронны галовы
і грознага Вітана[3], й воя страшнога Міндовы[4],
й важа Гедыміна[5], калі на Панарскай гары,
пры яркім лавецкім агні, на вядзмеджай скуры
ляжаў ён, заслуханы ў песнях вяшчальных Ліздэйкі,
а відам Вяллі і ўсыпляючым шумам Вілейкі
угушканы, сніў аб ваўку аб жалезным прароча[6]
й, праснуўшыся, выканаў божы загады ахвоча:
паставіў тут Вільню, якая сядзіць між лясамі;
як воўк між зубрамі, дзікамі і між ведзмядзямі.
З тэй Вільні, як з рымскай ваўчыцы[7], бы з маткі,
пайшлі і Кяйстут, і Альгерд, і Альгерда нашчадкі,
вялікія роўна лаўцы, як і рыцары слаўны,
і сцішваць ворага й звера аднолькава спраўны.
Лавецкі той сон адкрыў тайну нам прошлых часоў,
што трэба Літве заўсягды і жалеза й лясоў.
О пушчы! Апошні да вас прыязджаў на уловы
апошні кароль, што насіў шчэ каўпак Вітаўтовы[8],
апошні што быў з Ягелонаў ваяка шчаслівы,
апошні ў Літве і манарх і лавец прамыслівы.
Радзімыя дрэвы мае, мае другі старыя!
Як неба пазволе вярнуцца да вас, дарагія,
ці там вас знайду я яшчэ? Ці дагэтуль вы жывы,
ля вас што калісьці я поўзаў, маленькі, шчаслівы?
Ці жыў яшчэ Баўбліс[9] вялікі, ў якога агроме,
ў дупле спракавечным, бы ў нейкім парадачным доме,
дванаццаць людзей на вячэру садзілася колам?
Мендогавы гай ці красуе пад фарным касцёлам[10]?
Ці там на Ўкраіне яшчэ сваю зелень узносіць
ў дварэ Галавінскіх пры рэчцы харошай пры Росі
ліпа, так разросшыся, што у суценні шырокім
сто пар дзецюкоў і дзяўчатаў ішло сабе ў скокі?
Вы нашыя памяткі! Колькі то вас пажырае
штогодна й купецкая і ўрадава сякера ліхая!
Прытулішча не пакідае ні лесным пяюшкам,
ані песнярам, якім цень ваш так мілы, як птушкам.
Так чула ліпа Чарналеская Янавы словы[11]
і толькі натхнення дала! А той дуб стогадовы
паэту казацкаму[12] вышумеў цудныя спевы!
А колькі жа вінен і я вам, радзімыя дрэвы!
Стралец няўдалы, ўнікаючы смеху калегаў
за хібленне, колькі між вашых зялёных пялехаў
я дум спаляваў, у зацішнай глушы заблудзіўшы,
прысеўшы на купіну й зараз пра ўловы забыўшы;
наўкола ж мяне серабрыўся тут мох барадаты,
памятай чарніцы крывёю абліт, сіваваты;
а там чырванеліся вунака верасу ўзгоркі,
па іх жа буйныя брушніцы, караляў пацеркі.
Кругом было цёмна, а зверху галіны густыя
звісалі, як хмары зялёныя, дужа нізкія;
віхор толькі дзесь над скляпеннем шумеў нерухомым
выццём сваім, шумамі, енкамі, ляскатам, громам:
дзіўны, ап’яняючы гоман! Аж сэрца шчымела,
моў, над галавою вісячае мора шумела.
У доле ж як местаў разваліны: выварат дуба
з зямлі вытыкаецца відам вялікага зруба:
на ім абапёршыся, як паламаны калоны,
камлі сукаватыя й згніўшыя напал калоды,
травой абгароджаны. Глянуць у звалішчы тыя
ў сярэдзіну страшна, бо гаспадары там лясныя:
дзікі, ведзмядзі і ваўкі; пааблізваны косці
ляжаць пры варотах; ахвярай — няўважныя госці.
Падчас вышчыкаюцца з гэтае траваў зялені,
як два вадапырскі фантана, рагі два аленні,
й мігне міжы дрэвамі жоўтаю звер паласою,
як сонца, бліснуўшы у лес залацістай касою.
І ціха ізноў. Толькі дзяцел згары на яліне
пастукуе злёгку, далей адлятае і гіне;
схаваўся, а стукаці дзюбам усё не кідае,
як тое схавана дзіцё, што шукаць заклікае.
Вун села вавёрка, гарэхі у лапках лузгоча,
грызуха; кітою завесіла хвост на узвочча
і, як кірасір той пяром пад шаломам, махае.
Хоць так засланіўшыся, але кругом спазірае;
пабача гасця й пераскакуе, лесу скакуха,
із дрэва на дрэва: мігне, як маланка-бліскуха,
ў канцы у нявідземым недзе дупле прападае,
бы ў роднае дрэва вярнуўшыся дрыяда[13] якая.
Ізноў тады ціха.
Аж раптам стрэслася галіна
і міжы рассуканых ягад чырвоных рабінаў
красней за рабіну зардзеліся твар і спадніца:
збіральніца гэта гарэхаў і ягад, дзявіца.
У лубачцы з простай кары падае назбіраны
брушніцы так свежы, як ейныя губкі румяны:
а побач ідзе з ей хлапец ды ляшчыну схіляе,
дзяўчына гарэхі мігнуўшыя ў лёт падрывае.
Аж водгалас чуюць рагоў і сабачае гранне
і згадуюць, што набліжаецца к ім паляванне,
дык зразу у гушчы зялёнай, трывогай праняты,
прапалі з ваччу, як лясныя якісь бажаняты.
Ў Сапліцаве рух быў вялікі. Аднак ні галасы
сабачы, ні коней іржанне, скрыпучы калясы,
ні водгалас труб, падаваючых кліч палявання, —
нішто не магло там Тадэвуша зрушыць з паслання;
зваліўшыся, ўбраны ляжаў, як байбак у нары.
Ніхто і не думаў шукаць яго у двары,
бо кожны, сабою заняты, спяшыў, дзе казалі;
аб сонным таварышу гэтак зусім і не дбалі.
А ён сабе храпаў. Ўжо сонца ў атвор аканіцы,
да сэрца падобны, папала й ліло да цямніцы
вагністым патокам праменне Тадэю на голаў.
Усё яшчэ спаць ён хацеў і круціўся наўкола,
ад сонца хаваўся, аж раптам во чуе стукненне,
збудзіўся. Вясёлае гэта было прабуджэнне.
Пачуўся так рэзвы, бы птушка, і дыхаў свабодна,
к сабе усміхаўся, і чуўся шчасліва, вальготна;
успомніў усё, што яму прылучылася ўчора,
ўздыхаў, чырванеўся, і сэрца забілася скора.
Зірнуў у вакно: што за дзіва! У ясным празрочы
праз гэнае сэрца блішчэліся ясныя вочы,
шырока раскрытыя, як то звычайна бывае,
калі са святла ды ў цёмнасць узрок пападае.
Пабачыў і ручку маленьку, як веярчык, збоку
падстаўлены к сонцу, відаць, для заслоны узроку;
а дробныя пальцы, падняты ў прасвет у ружовы,
наскрозь чырванеліся, бытта ямы рубіновы,
Убачыў цікавыя, крышку расхілены, губкі;
як пэрлы паміжы караляў, свяціліся зубкі,
і твар, хоць ад сонца заслонен далонню ружовай,
ды сам палажыўся, бы рожа, чырвенню пуковай25.
Тадэвушка спаў пад акном; сам укрыты ў суценне,
ляжаў на спіне і дзівіўся з такога з’яўлення,
што меў над сабою, амаль жа на самым што твары;
не ведаў, ці гэта наяве, ці бачыў у мары
адзін з гэтых тварыкаў мілых і ясных, дзяцінных,
што помнім, пабачыўшы ў сне сваіх летаў нявінных.
Схілілася лічка: угледзеў з дрыжэннем з баязні
і радасці, ўгледзеў, на жаль свой і гора, выразне,
прыпомніў, пазнаў залаты яе волас кароткі,
павіты у дробныя, белы як снег, папілёткі,
маўляў, серабрысты стручочкі, каторы ад сонца
свяціўся, бы тая карона святых на іконцы.
Сарваўся з пасцелі, й адразу та здань паляцела,
спалохана шумам; чакаў, паказацца не смела!
А после ж ізноў ён пачуў толькі стуканне тройчы
і словы: «Ўставайце ўжо на паляванне, малойча,
заспаўся». Саскочыўшы з ложка, абеймі рукамі
піхнуў акяніцу, аж трэснула моцна крукамі
і, так расчыніўшыся, ўдарыла ў сцены абедзве;
ён скочыў з вакна і кругом аглядаўся, сам ледзьве
прытомны, не бачыў нікога і следу ні ў вока.
Баркан во ад саду, зусім ад вакна недалёка;
на ім жа хмялёвае лісце і кветкі вянкамі
хісталіся: лёгкімі можа скрануты рукамі
ці ветрам? І доўга Тадэвуш да іх прыглядаўся,
не смеючы йсці у садок; на баркан апіраўся,
падняў свае вочы і з пальцам, да губаў прыткнутым,
замоўкнуць казаў сабе сам, абы словам пачутым
раздум не спалохаць; пасля ж ён у лоб сябе стукаў,
як бы да старых успамінаў, затаеных гукаў;
ў канцы, грызучы, сабе пальцы падзёр, абкрывавіў
і крыкнуў: «Ну, добра мне гэтак! — ну добра!» — прыбавіў.
Ў двары, дзе чувалася толькі што гэтулькі крыку,
цяпер, як на могілках, пуста і глуха, ні зыку:
усе ужо рухнуўшы ў поле. Тадэвуш надставіў
вушшу, прытым рукі да іх так, як трубкі, прыставіў
і слухаў, аж вецер прынёс яму, веяўшы з пушчы,
галас паляўнічых і водгалас трубаў грымушчы.
Тадэевы конь жа у стайні чакаў асядланы;
схапіў тады стрэльбу, ўсаскочыў і, як здаганяны,
пусціўся да корчмаў, што там пры капліцы стаялі,
аблаўнікам раніцай дзе пазбірацца казалі.
Хіліліся дзве там карчмы паабапал дарогі,
наставіўшы супраць рагі, як варожыя рогі.
Па праву да замку калежа старая карчміца,
а нову там замку на злосць збудаваўшы Сапліца.
У тэй, бы ў сваім гаспадарстве, райводзе Гярвазы,
ў другой найвышэйшае месца займае Пратазы.
Та нова карчма то зусім не цікава з пагляду.
Старая ж была па-старому пастаўлена ладу,
што выдуман тырскімі[14] цеслямі ў даўнішніх лецех,
а после жыдамі разнесен усюды па свеце,
род архітэктуры, нязнаны чужым будаўнічым;
яго ж ад жыдоў мы дасталі й за свой ужо лічым.
Карчма гэна спераду лайба, а сталу святыня:
та спераду лайба — сапраўдная Ноева скрыня,
папросту ж стадола; не мае харошай назовы,
затое ж багата жывёлы: валы і каровы,
і коні, і козы; а птушак, дык цэлыя хмары,
ды шмат аваднёў, машары, паўзуноў хоць па пары.
А тыльная часць, як святыня, ды дзіўна змышлёна
і напамінае з пагляду той храм Саламона,
што першыя, ўпраўлены у будавальным мастацтве,
Гірама[15] майстры на Сіёне паставілі ў брацтве.
Жыды і дагэтуль наслед’юць яго ў сваіх школах,
а школаў рысунак відацца у корчмах, стадолах.
З драніцаў іх дах і з саломы, спічасты, задзёрты,
пагнут, як каўпак той жыдоўскі падзёрты.
Са шчыту выходзяць баляскі й стаўпцы ў балюстрадзе,
успёртыя на дзераўляных калоначак радзе.
Калоначкі, для архітэктаў вялізнае дзіва,
трывалыя, хоць падгнілыя і стаўленні крыва,
бы ў вежы пізанскай, зусім не паводле мадэляў
тых грэцкіх, бо ўсе без падставаў і без капітэляў.
Над тымі калонкамі йдуць палукруглыя лукі,
таксама ўсё з дрэва, падобнасць патыцкае штукі,
аздобы не штучным начыннем якім вырабляны,
а ўмела і зручна цясельскім склютом высяканы,
крывыя, маўляў шабасовых падсвечнікаў плечы,
канчаюцца галкамі, нечым падобным да рэчы,
якую жыды пры малітве на лоб накладаюць,
каторы па-своему цыцэс[16] яны называюць.
Ну, словам, здалёку карчма, пахіліўшысь, крывая,
падобна да жыда, ў мальбе што сабою ківае:
дах — шапка, страха — барада то калмата,
брудныя і дымныя сцены — то чорная шата,
а спераду цыцэс — узор тэй разьбы мастакоўскай.
У самай карчме ёсць падзел, як у школе жыдоўскай:
часціна, што поўна пакойчыкаў цесных, прадоўжных,
ў другой ваграмнястая заля; сталы пастаўляны
ля кожнай сцяны там даўгія, вузкія, драўляны,
а лаўкі, ніжэйшыя хоць, да сталоў так падобны,
як дзеці да бацькі.
На ўслончыках тых неаздобных
сядзелі сяляне, сялянкі і шляхта, та дробна,
кругом у радочак; аконам сядзеў жа асобна.
Па ранняй імшы у капліцы, была то нядзеля,
прыйшлі пагуляці і выпіць усе да Янкеля.
Прад кожным шумела сівухаю поўная чарка,
і з бутляй сваей над усімі лятала шынкарка.
Ў сярэдзіне Янкель рандар у даўгім, аж па пяты,
такім балахоне, на засцежкі срэбны запятым;
заткнуў за паяс свой шаўковы руку сабе важна,
другою сіву бараду усё гладзіў паважна;
кідаючы вокам наўкола, дапаў ён загады,
вітаў прыхадзіўшых гасцей, затрымацца быў рады
пры іншых, а спорыўшых зараз гадзіці стараўся,
анно ж не служыў анікому, а так прахаджаўся.
Стары ужо Янкель, агульнае меў паважанне;
даўно ўжо карчму раздаваў, аніколі ж сяляне
ні шляхта з жальбой на яго не хадзілі да пана.
Дый скаржыць за што? Меў напіткаў на выбар дабрана,
лічыў асцярожна, ды толькі і без ашуканства,
вясёласці не бараніў, не цярпеў зато п’янства,
вялікі ахвотнік забаў: у яго і вяселле
спраўлялі, і хрэсьбіны; толькі, бывала, нядзеля,
ён кажа прыходзіць іграці вясковай музыцы,
у ёй жа была і басэтля, й дуда, і скрыпіцы.
На музыцы знаўся, праслыў музыкальным талентам;
з цымбаламі, слаўным народу свайго інструментам,
хадзіў па дварох ён калісьці, дзівіў сваім граннем
і песнямі (ўдалы і моцны бо быў і спяваннем).
Хоць жыд, а даволі меў чыстую польскую мову
і надта ён песню чамусьці любіў нарадову,
прывозіў іх многа із кожнай за Нёман выправы,
ад Галіча тых каламыек[17], мазурак з Варшавы;
ці праўда, не ведаю, слых жа па ўсей вакаліцы
насіўся, што Янкель найпершы прывёз з заграніцы
й пашырыў тады па усенькім тамтэйшым павеце
ту песеньку, слаўну сягоння па цэлым жа свеце,
каторую упершыню на зямельцы аўзонаў[18]
італьянцам зайгралі там польскія трубы лег’ёнаў.
Талент да пяяння ў Літве як найлепей аплаце,
здабудзе пашану ў людзей і праславе й збагаце;
дык Янкель зрабіў капіталы; сыт зыску і славы.
Завесіў свае на сцяне гучнаструнны цымбалы;
асеўшы з дзяцьмі у карчме, так шынкарствам займаўся,
прычым, у суседнім мястэчку надрабінам стаўся;
заўсёды і ўсюды быў мілым гасцём і дамовым
дарадчыкам, знаўся бо добра на гандлі збажовым,
віцінным: карысна на вёсцы знаёмасць такая.
Ён славу к таму паляка дужа добрага мае.
То ж Янкель згадзіў калатню, нават часта крываву,
паміжы дзвюх корчмаў: абедзве узяў у дзяржаву[19],
і роўна яго шанавалі ва ўсей вакаліцы
Гарэшкаў староннікі й слугі старога Сапліцы.
Умеў толькі ён утрымаці павагу над грозным
Гарэшкаўскім Ключнікам і калатліўніцкім Возным;
прад Янкелем бо тамавалі старыя уразы,
Гярвазы рукою страшны, языком жа Пратазы.
Гярвазага тут не было, бо пайшоў на аблаву;
не мог дапусціць, каб так важну й цяжкую выправу
адбыў бы Граф сам, малады, не знаток, хоць вучоны;
пайшоў таму з ім дзеля рады і для абароны.
Сягоння Гярвазага месца, што покуць завецца[20],
найдальш ад парогу, й гасцём найважнейшым даецца,
паміжы дзвюх лаваў, ксяндзом барнадынам занята;
там Янкель яго пасадзіў. Відаць, аж занадта
таго Чарвяка шанаваў, бо як толькі пабача
убытак у шклянцы ягонай, ані не майнача,
а кажа ліпцовага мёду яму падліваці.
Йшчэ з моладу зналіся міжы сабою, чуваці,
ў краёх чужаземных. Не раз жа Чарвяк прабіраўся
ўначы да карчмы і там з жыдам тайма нараджаўся
аб справах паважных; казалі і так, што тавары
ксёндз слаў кантрабандай, ды гэта брахня або мары.
Чарвяк упаўголас, успёршысь на стол, распраўляе,
а шляхта яго акружыла, вушшу настаўляе
і хіле наса да ксяндзоўскай усё табакеры;
з таго ж пачастунку ўсе пыхалі, моў бы мажджэра[21].
«Ах, reverendissime[22], — пыхнуўшы, кажа Скалуба, —
вось гэта табака, што йдзе табе проста да чуба!
Як нос свой цягаю (тут нос ён пагладзіў даўгі),
такой жа не нюхаў (тут пыхнуў яшчэ раз-другі),
відаць, барнадынка, із Коўні хіба яна родам,
са слаўнага места на свеце табакай і мёдам,
быў там я гадоў так...» — Чарвяк перабіў: «На здароўе,
усенькім Вашэцям, мае вы браточкі-паноўе.
А што да табакі, то, праўду сказаўшы, паходзе
з далейшай старонкі, чым думаў Скалуба дабродзей,
паходзе аж з Яснай Гары. Там ксяндзы паўлінове
яе вырабляюць у мосце святым Чанстахове,
дзе цудамі столькімі слаўны абраз той, не новы,
святой багамацсры, польскай кароны крулёвы,
завуць жа яе і дагэтуль княгіняй Літоўскай!
Дагэтуль каронай валодае йшчэ каралеўскай,
Літоўскае ж княства цяперака сызма забрала!»
«Няўжо з Чанстаховы? — уставіў тут Вільбік бывала, —
гадоў таму трыццаць і я прад цудоўнай маліўся.
Ці праўда, што ў месце цяпер жа француз разгасціўся,
касцёл разваліцьме і скарбец аграбіць без меры,
бо гэта усенька стаіць у «Літоўскім Кур’еры»?
«Няпраўда, — Чарвяк адказаў, — не! бо пан найяснейшы
Цасар Напальён каталік, нават найпрыкладнейшы.
Сам папа памазаў яго, дык жывуць яны ў згодзе
й людзей навяртаюць да веры ў французскім народзе,
каторы крыху папсаваўся. Хаця з Чанстаховы
пайшло серабра і нямала на скарб нарадовы
для нашай айчызны, для Польшчы; сам бог гэтак кажа:
алтар для айчызны ў патрэбе свой скарб перакажа.
То ж гэта у Княстве Варшаўскім сто тысячаў будзе
ўжо польскага войска, а хутка мо’ й болей прыбудзе,
а хто ж гэта войска аплаце? ці вы, літвіночкі?
Вы сыпеце грошы свае у маскоўскія бочкі».
«Бяруць яны гвалтам!» — тут Вільбік ускрыкнуў ганорна.
«Аей, дабрадзею! — мужык адклікнуўся пакорна,
ксяндзу пакланіўшыся і паскрабаўшы чупрыну, —
як шляхце, паном, то бяда яшчэ праз палавіну,
а нас як на лыка дзяруць»... «Хам! — Скалуба ускрыкнуў, —
дурны ты, табе гэта лепей, мужык, ты прывыкнуў,
каб дзёрлі цябе, як вугра, а вось нам, дабрародным,
вяльможным і да залатых да свабодаў прыродным!
Ах, братцы! Як шляхціц даўней у сваей загародзе...
(«Так, так, — падхапілі усе тут, — раўня ваяводзе!»)
Сягоння ж пярэчаць шляхоцтва, йшчэ трэ’ вырабляці
паперы, шляхоцтва паперамі зноў даказаці».
«Вашэці яшчэ то нічога, — усклікнуў Юрага, —
бо з прадзедаў шчэ мужыкоў вы ушляхчана шляхта;
а я жа з князёў! І пытацца мяне пра патэнты!
Хіба толькі богу ў памінах мае дакументы.
У лесе няхай жа маскаль папытае дубіны,
хто даў ёй патэнт вырастаць над усенькі хусціны!»
«Эх, князь, — кажа Жагель, — пускаеш у вочы чмут хітра,
то ж знойдзецца тут не адна хіба мітра[23]».
«А крыжык у гербіку вашым — алюзія скрыта, —
дацяў тут Падгайскі, — што ў родзе ў вас быў неафіта[24].
«Няпраўда, — Бірбаш запярэчыў, — з татарскіх жа грапаў
і сам я, а маю крыжы, што над гербам Карабаў».
«А Порай, — ускрыкнуў Міцкевіч, — то герб жа князёўскі
на золаце з мітрай, не раз аб ім піша Стрыйкоўскі[25]».
Узняўся шум, гоман з такое да спораў манеры.
Дык ксёндз барнадын прыбягаў да сваёй табакеры,
прамоўцаў частуючы ў кола; шум зараз прыціхнуў,
бо кожны праз ветласць зажыў, разоў некалькі чыхнуў.
Чарвяк, скарыстаўшы з пярэрвы, разводзіўся далей:
«Вялікія людзі ад гэтай табакі чыхалі!
Не ўверыце, можа, што з гэтае во табакеры
зажыў генерал пан Дамброўскі разы са чатыры?»
«Дамброўскі?» — усклікнулі. «Так яно, ён, генерал;
ў абозе я быў, як ад немцаў ён Гданск адбіраў;
меў нешта пісаць; баючыся здрамацца, ускокнуў,
зажыў да і чыхнуў, тады па плячы мяне лопнуў
і кажа: «Вось так, даражэнькі ксяндзок, барнадыне,
пабачымся мы у Літве, можа й году не міне;
скажы літвінам, каб мяне з чанстахоўскай табакай
чакалі, бо я не ўжываю ніколі інакай».
Ксяндзоўска гаворка збудзіла такое здзіўленне
і радасць такую, што гучнае ўсё зграмаджэнне
маўчала хвіліну, пасля ж паўтараліся словы
прыцішаны: «З Польшчы табака? з самой Чанстаховы?
Дамброўскі? з Італьі да Польскі?..» Урэшце, ўжо разам
за думкаю думка, выраз сам зліваўся з выразам,
ўсе аднагалосна, казаў бы на вокліч баёвы:
«Дамброўскага!» — крыкнулі згодна без жаднае змовы
й давай абнімацца: мужык да з татарскім тым грапам,
во Мітра з Крыжом, а там Порай з Грыфом і Карабам;
забыліся гэтак усенька, а нат барнадына,
й крычэлі, спяваючы: «Мёду, гарэліцы, віна!»
І слухаў ксёндз доўга, хапаў гэтай песенькі гукі,
урэшце, хацеў перабіць, табакерку у рукі
узяўшы, мелодыю чыханнем зблутаць стараўся,
і, перш чым наладзілі, гэтак прамовіць спяшаўся:
«Табачку маю спадабалі, Паны Дабрадзеі,
пабачце ж якія ў самой табакерцы падзеі!»
І тут, выціраючы хусткай забруджана донца,
паказваў малёвану армію, як праз ваконца,
маленьку, як рой той мушыны; ў сяродку ваяка
вялікі, як жук, на кані, правадыр, забіяка;
прышпорыў каня, бы у неба яго уздымае,
на вожках рука, а другую пры носе трымае.
«Прыгледзьцеся, — кажа Чарвяк, — гэтай грознай паставе;
згадайце, чыя?» — Прыглядаліся ўсе і цікаве —
вялікі герой, імператар, ды не абыякі,
а толькі не рускі: цары не ўжываюць табакі...
«Вялікі герой, — кажа Цыдзік, — а то ж у капоце[26]?
Я думаў, што людзі вялікія ходзяць у злоце,
бо во ў маскалёў генерал у іх кожны, Маспане,
ад золата свеце, казаў бы шчупак у шафране».
«Га, — вырваўся Рымша, — замоладу й я калісь бачыў
Касцюшку, народу начальніка: хто ж бы майначыў:
вялікі герой, а хадзіў у кракоўскай сукмане,
ці то у чамарцы». — «Ў якой там чамарцы, Маспане? —
супорыўся Вільбік, — завецца яна тарататка».
«Ды гэная з фрэнзлямі, гэта ж цалюсенька гладка», —
Міцкевіч ускрыкнуў. Затым пачыналіся сваркі
аб выглядах розных тае тарататкі й чамаркі.
Чарвяк, баючыся, што рвуцца так гутаркі ніці,
давай к аднаму усё пункту зноў лоўка звадзіці,
к сваей табакерцы; усіх частаваў, дык чыхалі,
жадалі здароўя ўзаемна, а ён казаў далей:
«Дык, бачце, калі Напальён у бітве зажывае
вось так раз за разам, то знак, што бітву выгрывае.
Прыкладам, пад Аўстэрліц: тут во французы стаялі
з гарматамі, цьмою ж на іх маскалі наляталі,
маўчаў і глядзеў імператар. Французы што стрэляць,
то полк маскалёў, як траву на пакосе, пасцеляць;
ляцелі так полк за палком і зляталі з кульбакі,
што зваліцца полк, Напальён зажывае табакі.
Ў канцы Аляксандра з сваім Канстантынам брацішкам
каханым да йшчэ з імпэрат’рам германскім Францішкам
у ногі ды з поля, бітву пакідаўшы, ўцякалі, як мальцы.
Зірнуў Напальён, усміхнуўся й абтрос сабе пальцы.
Дык вось, калі хто ў імператарскім войску з вас будзе,
няхай і пра мой немахлярскі расказ не забудзе».
«Ах, — крыкнуў Скалуба, — а мой жа ксянжуля квастару!
Калі ж тое будзе? То ж то колькі свят ў каляндару,
на кожнае свята варожаць француза чакаці;
глядзём, аж баляць ужо вочы далей выглядаці,
маскаль жа, як ціснуў, так цісне з усенькай нас мочы,
пакуль тое сонца узойдзе, раса выесць вочы».
«Эх, — кажа квастар, — гэта бабская рэч, наракаці,
жыдоўская ж рэч — гэта рукі злажыўшы чакаці,
пакуль хто дзвярэй не адчыне, ў карчму не загляне.
Пабіць маскалёў з Напальёнам не штука, Маспане.
Ўжо швабам скуру тры разы аддубасіў ён скора,
брыдкое прусацтва стаптаў і ангельцаў за мора
вунь выкінуў, пэўне цяпер маскалём жа дагодзе;
ды што яно з гэтага будзе, ці знаеш, Дабродзей?
Літоўская шляхта на коней пасядзе і грозна
ухопе за шаблі тады, калі будзе ўжо позна.
Пабіўшы ўсіх сам, Напальён на прамовы даўгія
адкажа: без вас абыдуся, а вы хто такія?
Дык мала чакаць на гасця ды яго запрасіці,
йшчэ трэба і чэлядзь сабраць і сталы паўнасіці,
ачысціць трэ’ дом прад бяседай і вымесці смецце,
ачысціць трэ’ дом, паўтараю: ачысціць дом, дзеці!»
Замоўкла карчма, а затым недацямнасць чутнее:
«Ачысціць трэ’ дом? Ну, а як гэта ксёндз разумее?
Мы, ведама, зробім усенька, на ўсё мы гатовы,
ды толькі казаў бы ясней, а то цёмныя словы...»
Квастар паглядзеў у вакно, гавару перарваўшы,
аж высунуў нат галаву, штось цікава спазнаўшы,
падняўся і кажа: «Сягоння ўжо часу не маем,
пасля аб усім мы шырэй між сабой пагукаем;
назаўтра па справах я буду ў паветавым месце
й да вас гэтаксама з дарогі заеду па квэсце».
Тады аканом; «На начлег хай ксянжуля паспее
да нас, будзе рады Харунжы з ксяндза Дабрадзея;
не дарма гавора ў Літве і старое прыслоўе:
шчаслівы такі чалавек, як кпастар ў Нягрымове!»
«І к нам, — адазваўся Зубкоўскі, — заедзь, калі ласка;
а знойдзецца і палатна там, і масліца фаска,
баран ці кароўка; бо сказана й гэтае слова:
шчасліў чалавеча, папаўшы, як ксёндз да Зубкова».
«Й да нас», — адазваўся Скалуба. «Да нас, — Тэраевіч, —
квастар аніколі галодны не выйшаў з Пуцэвіч».
Так просьбамі і абяцанымі шчодра дарамі
ксяндза правадзілі, а ён ужо быў за дзвярамі.
Ўжо перш праз вакно ён пабачыўшы быў Тадэвуша,
ляцеўшага трактам наўзавады без капялюша:
схіліў галаву сваю, з тварам захмураным, бледным,
прышпорыўшы, пугаю сек па кані сваім бедным,
Пабачыўшы гэта, квастар аж трывожна змяшаўся
і ўслед за Тадэвушам шпаркай хадой паспяшаўся
да пушчы вялізнай, катора, як кінуці вокам,
паўскрай гарызонту чарнелася дужа шырока.
Хто ж зведаў бяздонны краіны літоўскіх тых пушчаў[27],
да самай сярэдзіны, аж да ядра іхных гушчаў?
Рыбак ледзь пры беразе зведаць дно морскае можа;
лавец усё кружа ля пропасных пушчаў ля ложа,
паверху ледзь знае іх выгляд таёмны, іх ліцы,
чужыя ж яму іх унутраны сэрца тайніцы.
Весць толькі ці казка нам кажа пра іхныя чары.
Папробуй, прайдзі праз бары і падшыты гушчары,
глыбей пападзеш там на вал — з пнёў, калодаў, карэнняў,
дрыгвою баронены, тысячай розных струменняў
і сеццю заросшага зелля, мурашкаў капцамі
ды гнёздамі восваў, шаршнёў і вужакаў клубкамі.
Як змог бы над людскай адвагай такія запоры,
спаткайш небяспеку вялікшу, чым далей, тым горай:
чакаюць цябе там, бы воўчы далы са сластамі,
вазерцы, напоўпазарослыя травамі, мхамі,
глыбокія так, што іх дна не дазналіся людзі
(а, праўдападобна, сам чорт там, засеўшыся, будзе).
Вада іх блішчыцца плямістай іржою крывавай,
усцяж ад нутра так дыміць благавонню плюгавай,
што дрэвы наўкола патрацілі лісце і коры;
курдуплыя, лысыя, ўсе з чарваточынай, хворы,
схіліўшы галіны, імхом сваім калтунаваты,
камлі свае горбячы, грыбам брыдкім барадаты, —
сядзяць наукола вады, чараўніцаў бы купа,
што грэюцца каля катла, дзе заваруюць трупа.
За тымі азерцамі далей не толькі ўжо крокам,
а нават дармо запускацца ў разведку і вокам,
бо тамака ймглістым закрыта усё абалокам,
што вечна з дрыгучай апарыны ройста усходзе.
За таю ж імглою (такая гаворка ў народзе)
ўраджайная, дужа прыгожая йдзе вакаліца,
галоўнае княства звяроў і раслінаў сталіца.
Ў ёй зложана дрэваў і зелля ўсялякага семя,
з якога на свет разрастаецца кожнае племя;
у ёй, як у Ноевай скрыні, з усякага роду
хаваецца пара прынамсі адна для расплоду.
Чувацца, што маюць двары у сярэдзіне гушчаў
і тур стары й зубр і вядзмедзь — імператары пушчаў.
Ля іх жа, на дрэвах, там рысь загнязджаецца быстры
й абжырлівы там расамах[28], як чуйныя міністры;
а далей, як бы падуладны васальны паняты,
жывуць там дзікі, і ваўкі, і ласі расахаты;
а над галавой сакалы і арлы там дзікія,
жывучыя з панскіх сталоў, як нахлебнікі тыя.
Галоўныя й патрыярхальныя гэтыя пары,
для свету нявідныя, скрытыя ў самым гушчары,
дзяцей сваіх шлюць на сяліну за лесу граніцы,
а самі ўжываюць свабоднага часу ў сталіцы;
не гінуць ніколі, аружжам ні сечным, ні пальным,
а толькі старыя ўміраюць канцом натуральным.
І могілкі маюць свае, дзе, ўжо блізкія смерці,
кладуць сваё перайка птушкі, звяры свае шэрсці.
Вядзмедзь, калі, зубы ўжо з’еўшы, не перажувае,
алень, як, згрыбеўшы, старэнькі, ледзь ногі сувае,
і заяц, калі яму кроў ужо ў жылах закрэпне,
крумкач, калі ўжо пасівее, сакол, як аслепне,
арол, як старую дзюбу яму ў лук гэтак скрыве,
што болей адкрыці не можа і горла не жыве[29], —
на могілкі йдуць; нават меншы той звер, калі з ранай
ці хворы, стараецца быць пры бацькох пахаваны.
Таму у даступных мясцох, там, дзе людзі йшчэ госці,
ніколі не знойдуцца мёртвы звярыныя косці[30].
Чувацца, што там, у сталіцы паміжы звярамі
звычаі нязгоршы, ўпраўляюць сабою бо самі;
і цывілізац’яй людскою йшчэ не папсаваны,
не знаюць праў собства, каторым наш век збусаваны,
ані паядынкаў, ніякай ваеннае штукі.
Бацькі як у раі жылі, так жывуць і унукі,
дзікія і свойскія разам у міласці, згодзе,
адзін не бадзе, не кусае другога, не шкодзе.
А нават калі б чалавек там папаў, хоць нязбройны,
то міжы звяроў пасярэдзіне ішоў бы спакойна;
яны ж на яго спаглядалі б узрокам здзіўлення,
якім у апошнім у шостым дні свету тварэння
бацькі іхны першыя, ў садзе калі знахадзілісь,
глядзеліся на Адама, пакуль з ім не сварылісь.
На шчасце, аднак, чалавек там не зблудзе сягоння,
бо Труд, і Трывога, і Смерць яму доступ бароне.
І толькі часамі ў пагоні сабакі дзе гойстры,
ўзляцеўшы нябачна на мхі, на яругі і ройсты,
іх відам унутранай жудасці страшна праняты,
із піскам лятуць, уцякаючы, як варыяты,
і доўга йшчэ, лашчаны после рукой свайго пана,
ад страху дрыжаць пры ягоных нагах нестрымана.
Сталічныя пушч тайнікі, што людзём і нязнаны,
у мове лаўцоў яны «Матачнікі» праназываны.
Дурны ты, вядзмедзь, што у матачніку не застаўся,
пан Войскі ніколі б тады пра цябе не дазнаўся.
Ці то пшчальніку цябе звабіў прынадлівы запах,
ці смак да аўса, так што аж засвярбела у лапах:
ты вышаў на пушчы узбераг, дзе лес прарадзелы,
і выследзіў зараз цябе там ляснічы умелы,
і зараз знайшліся абсочнікі, хітрыя шпегі,
пазнаць, дзе папасуеш ты і дзе маеш начлегі.
Цяперака Войскі ад пушчы ужо расстаўляе
аблаву й табе адступленне назад замыкае.
Тадэвуш даведаўся, што ужо часу нямала
прайшло, як сабачая зграя у пушчы дапала.
Ўсё ціха. — Дармо і лаўцы настарожуюць вушы;
як найцікавейшае мовы, так слухае ў глушы
там кожны маўчання, стаіць, непарушна чакае:
да іх толькі музыка пушчы здалёку іграе.
Сабакі нурцуюць па пушчы, нурцы бы пад морам;
стральцы ж адвярнулі да лесу двуруркі, з упорам
на Войскага гледзячы: ён зямлю вухам пытае,
прынікшы; як з лекара твару ўзрок хатніх чытае
прысуд для жыцця або скону ім мілай асобы,
лаўцы так, увераны ў Войскага штукі й спасобы,
тапілі у ім і пагляды надзеі й трывогі.
«Ё! ё!» — сказаў палусловам, сарваўся на ногі.
Ён чуў! а яны яшчэ слухалі — чуюць урэсце:
адзін, после два, после дваццаць сабакаў, бы дзвесце,
і разам усенька сабакаў рассыпана зграя,
успаўшы на след, верашчыць, заліваецца, грае,
йдучы уздагон. Гэта ўжо не павольнае гранне,
калі перад гончымі заяц ці ліс або ланя,
а зык адрываны, кароткі, заелы; а з далі
чуваць, не на след на далёкі сабакі напалі,
а гоняць на вока — і раптам замоўкла пагоня,
дапалі... Аж гвалт, скавытанне: сябе то бароне
вядзмедзь і калеча сабакаў; між яхання-грання
штораз то чутнейшы даносяцца енкі канання.
Стаялі стральцы і трымалі ўжо стрэльбы гатовы,
як лук кожны выпяты, ціснуцца ў лес іх галовы.
Даўжэй не ўчакаць! Са становішча ўжо уцякае
у пушчу адзін за другім, кожны першым жадае
спаткацца са зверам; дармо там пан Войскі сварыўся,
дармо па становішчах лоўных ён конна насіўся
й крычэў, што, ці хто мужыком, панічом, ён не гляне:
як рушыцца з месца, смычом у хрыбет жа дастане.
Ды рады на то не было!Паляўнічыя проці наказу
у лес паляцелі. Тры стрэльбы во гукнулі зразу
й пайшла кананада усцяж, аж, грамчэйшы за стрэлы,
вядзмедзь так зароў, што напоўніўся рэхам лес цэлы.
Раво гэта болю і шалу, адчаю, загубы!
За ім жа сабакі, стральцы і нацкоўшчыкаў трубы
грымелі із пушчы. Стральцы — тыя ў лес паляцелі,
другія ўжо куркі адводзяць, а ўсе аж радзелі[31].
Адзін толькі Войскі крычыць аб пахібе з жальбою.
Стральцы і аблаўнікі йшлі так аднэй стараною,
звяру нацянькі, міжы борам ускрайным і пушчай,
вядзмедзь жа, людской і сабачай напуджаны гушчай,
звярнуўся назад у масцы, што слабей пільнаваны,
да поля, адкуль пасхадзілі стральцы расстаўляны,
і дзе засталіся са многіх лаўцоў адно толькі
пан Войскі, Тадэвуш, пан Граф і аблаўнікаў колькі.
Тут лес быў радзейшы. Чуваць з глыбіні рык, трэск лому.
Аж з гушчы, як з хмур, вылятае вядзьмедзь відам грому;
сабакі ўжо рвуць, абсядаюць; падняўся на ногі
на заднія і варагоў разганяе з дарогі,
раве, а пярэднімі лапамі дрэва карэнні,
то пні абасмалены, то паўрастаўшы каменні
і рве ўсё, і вале ў сабак, у людзей; аж во, дрэва
зламаўшы, махаў тым камлішчам направа, налева
і грымнуўся прост’ на апошню старону аблавы,
на Графа й Тадэя. Абодва без страху, бо бравы,
на месцы стаяць, толькі выткнулі стрэльбаў тых руры
на звера, як два грамадводнікі ў цёмныя хмуры;
аж запар, абодва за раз, пацягнулі за куркі
(няўмекі!), і дзве загрымелі адразу двуруркі:
і хібілі! Скочыў вядзмедзь; дык яны ухапілі
уткнёны рагач і адзін удваіх тармасілі
ў чатыры рукі. Аж у момант над імі ўжо ляпа
вялікая ззяе клыкамі, чырвоная, й лапа
ужо над лабамі у іх, з кіпцюрамі, бальшушча:
збялелі, адскочылі й там, дзе радзейшая пушча,
ўцякалі. А звер жа за імі ўздагонку рвануўся
чапіць кіпцюрамі, ды хібіў; тчэ раз замахнуўся
ён чорнаю лапай на Графа чупру палавую
і здзёр бы з мазгоў чарапы, як бы шапку якую,
як Рэент з Асэсарам з розных бакоў падляталі,
Гярвазы жа спераду, крокаў на сотню, не далей,
а з ім барнадын, хоць без стрэльбы, — і ўсе адным разам
тры стрэлы далі, бытта як за камандным наказам.
Вядзьмедзь угару скакануў, моў бы кот прад хартамі,
ды грымнуўся ўдол галавой і млынком верх нагамі
так перакуліўся, што цела крывавым цяжарам
паў Графу пад ногі й зваліў на зямлю яго тварам.
Йшчэ роў і падняцца хацеў, як адразу населі
раз’юшана Страпчыха й Спраўнік; прымелі бы, з’елі.
Схапіў тады Войскі к тасьме прывязаты
свой туравы рог, пакручасты, даўгі, рабаваты,
як боа-вужака; аберуч да губаў прыціснуў,
ўздуў шчокі, як бомбы, крывёй у вачох аж забліснуў,
прыплюшчыў павекі, ўцягнуў у нутро так з паўбруха
і выслаў з яго тады к лёгкім запас увесь духа —
й заграў. Як віхор, яго рог, надзіманы, бы мехам,
нясе тую музыку ў пушчу, падвойвае рэхам.
Замоўклі нацкоўшчыкі, сталі стральцы з дзівавання
ад сілы, дзіўной чысціні і гармоніі грання.
Стары ўсё мастацтва, каторым праслыў прад гадамі,
развіў яшчэ раз прад лавецкімі ў лесе вушамі.
Напоўніў і так ажывіў і бары, і дубровы,
бы псярню у іх запусціў, распачаўшы уловы.
Была ў тым ігранні лавецкай гістор’і мінутка:
адразу тон гучны, бадзёры, то знача: пабудка;
затым ужо енкі і яхат: сабачае гранне;
часамі цвярдзейшы дзе тон, як пярун: то стралянне.
Спыніўся, а рог шчэ трымае; усім выдавала,
што Войскі усё яшчэ грае, а рэха то грала...
Зноў дунуў. Казаў бы, той рог сваю форму змяняе
і ў Войскага вуснах таўшчэе, цянее, ўпадае
у голас звяроў: то не рог во, а воўчая шыя
працягліва, доўга і так праразліва ўсё вые;
ізноў жа раўнуў, бы вядзмеджа расставіўшы горла,
а после бы зубрава рыканне вецер раздзёрла.
Спыніўся, а рог свой трымае; усім выдавала,
што Войскі усё яшчэ грае, а рэха то грала.
Заслухаўшы твор той цудоўны раговае штукі,
дубам паўтаралі дубы яго, букам жа букі.
Зноў дуе: казаў бы, у розе тым сотныя рогі,
чувацца там зыкі цкавання, і гневу, й трывогі
людзей і звяроў. Аж во Войскі ўгару падымае
свой рог і ўжо гімнам трыумфу у хмуры ўдарае.
Спыніўся, а рог свой трымае; усім выдавала,
што Войскі усё яшчэ грае, а рэха то грала.
І толькі рагоў, колькі дрэваў знайшлося у бору,
адныя другім неслі песню, як з хору да хору.
І музыка йшла ўсё штораз то шырэйша, далейша,
штораз дасканальша, штораз то чысцейша, цішэйша,
аж недзе занікла далёка, па небным парогу.
Тут Войскі злажыў свае рукі, адняўшы ад рогу;
а рог той апаў і, на поясе звісшы раменным,
хістаўся. Пан Войскі, із тварам набухшым, праменным,
з вачыма паднятымі, ўсё йшчэ стаяў, як натхнёны,
апошнія ловячы вухам знікаўшыя тоны.
Тым часам ураз загрымела там тысяча клікаў,
прыветаў і воплескаў, тысяча віватных крыкаў.
Памалу ўсе сціхлі і вочы звярнулі на свежы
йшчэ труп, на вялізны чарнеючы тулаў вядзмеджы.
Ляжаў ён, крывёю апырсканы, куляй прашыты,
грудзьмі у траву у густую ублутаны, ўбіты;
расставіўшы шырака накрыж пярэднія лапы,
йшчэ дыхаў, цурком выліваючы кроў цераз храпы,
хоць вочы адкрые, аднак галавою не рушыў.
Яго Падкаморага псы ўжо трымаюць пад вушы,
адлева Страпчыха, а справа Спраўнік завісшы
высмоктвалі чорную кроў, аж да горла дагрызшы.
Таму казаў Войскі жалезную палку ўлажыці
між зубы сабакам і гэтак ім ляпы раскрыці.
Прыкладамі перавярнулі звярынае цела
наўзнач, і зноў тройчы віват аж пад неба ляцела.
«А што! — гарачыцца Асэсар і стрэльбай махае, —
а што? мая стрэльбачка? Брава ёй, кожны прызнае!
А што? мая стрэльбачка? Здэцца, маленька птушынка[32],
а як папісалася! Гэта ж ён не навінка,
не пусце на вецер набою ні разу намарна,
ад князя Сангушкі на памятку дана нядарма!»
І тутка паказываў стрэльбу харошай работы,
хоць, праўда, маленьку, й пачаў вылічаць яе «цноты».
«Я бег, — перабіў яму Рэент, абцёршы аблічча, —
услед за звяром, ажно чую, пан Войскі нас кліча:
на месцы стаі! — Ды куды там? Вядзмедзь ужо вале
у поле, як заяц, штораз усё далей і далей,
аж духу ўжо мне не хапала дагнаць, ні надзеі.
Аж глясь! во направа ён садзе, якраз, дзе радзее...
Дык я і узяў тут на вока, пастой жа, маруха!
падумаў, — і баста: ляжыць во на месцы без духа!
О, лоўкая стрэльба, праўдзівая Сагалясоўка,
і з надпісам: Сагаляс Лёндон а Балабаноўка».
(Там слаўны жыў слёсар-паляк, што хоць польскія робіў
ён стрэльбы, аднак па-ангельску іх хораша здобіў.)
«Дык вось яно! — пырснуў Асэсар, — бадай жа вядзмедзь це!
Забіў яго Пан? Але годзе, Паночку, не брэдзьце!»
«Чакайце, — адказуе Рэент, — не следчая справа,
Паночку; усе мне пасведчаць, бо гэта ж аблава».
І так калатня міжы ўсіх пачалася заўзята,
адны за Асэсара, іншы за Рэента надта.
Гярваза усе і запомнілі, бо як ляцелі
з бакоў, то на сцэну ад пераду ўвагі не мелі.
А Войскі азваўся: «Цяперака ёсць пасварыцца
за што ўжо, Паночкі, бо не шарак, не дурніца,
вядзмедзь; за такога не жаль пашукаць і адвэту[33]
ці то шарпантынай[34] сабе або нат з пісталету.
А трудна ваш спор пагадзіць, дык даўнейшым звычаем
мы на паядынак між вамі цяпер дазваляем.
Я помню, часоў за маіх то, жыло двух суседаў,
абодва пасцівыя людзі, шляхта з прапрадзедаў,
жылі па абодвух бакох над ракою Вілейкай[35],
адзін называўся Дамейкай, другі жа Давейкай.
Ну, раз да вядзмедзіцы стрэлілі разам, няўважна,
каторы забіў — не пазнаць; калаціліся страшна
й страляцца ужо прысягалі праз вядзмежую скуру:
ды так сапраўды па-шляхоцку, што рура у руру.
І шмат нарабіў тады той паядынак галасу,
аб ім нават песні пяяліся онага часу.
Я быў секундантам. Падзеі усе да канчатку
цяпер раскажу, распачаўшы гістор’ю з пачатку...»
Тым часам Гярвазы увесь гэны спор улагодзіў.
З увагаю ён ведзмядзя наўкола абходзіў;
дастаў свой тасак і разрэзаў ім ляпу надвое,
ў патыліцы звера ў мазгох, паразрэзаўшы слоі,
знайшоў у ім кулю і выняў, абчысціў палою,
да стрэльбы узяў прылажыў і прымерыў к набою;
кладзе затым на далоні, падымаючы, гляне
і кажа: «А куля ж не з Вашых то стрэльбаў, Маспане!
з Гарэшкаўскай вышла яна аднаруркі каханай,
(падняў тут старую, з асадай, шнурком падвязанай),
не я ж, аднак, выстраліў. Трэба на гэткае дзела
й адвагі; успомніць ані страх, уваччу аж цямнела!
Абодва ка мне панічы уцякалі што сілы,
вядзмедзь жа туж-туж і ужо замахнуўшыся стылу
над Графам, апошнім з Гарэшкаў, хаця й па кудзелі.
А Езус-Марыя! я крыкнуў, і, знаць, захацелі
анёлы паслаць мне на помач ксяндза барнадына.
Ён сораму ўсім нам задаў; але ж дзельны ксянжына!
Я к цынглю баяўся даткнуцца, мне рукі дрыжэлі,
дык ён тады, вырваўшы стрэльбу, прыцэліўся, стрэліў.
Між дзвюх так галоў стралянуць! на сто крокаў! Не хібіць!
ў сярэдзіну ляпы папасці! і зубы так выбіць!
Я доўга жыву, а спаткаў у жыцці сваім цэлым
ўсяго аднаго, што зраўняўся бы з гэтакім стрэлам.
Той, слаўны калісьці са столькіх сваіх паядынкаў,
што коркі жанчынам выстрэліваў метна з патынкаў[36],
латруга з латругаў той слаўны па ўсенечкім краю,
той Яцка, вусач — яго прозвішча не называю;
а толькі яму ўжо не час вядзмядзёў даязджаці,
бо трэба купацца ў смале і смалой папіваці.
Ну, слава ксяндзу! ўратаваў двом людзём іхна жыцце
— а можа, і тром; бо, Гярвазы не будзе хваліцца,
апошне патомства з Гарэшкаў[37] крыві каб прапала
у ляпе звяра, то й мяне ўжо на свеце б не стала,
вядзмедзь і мае ўжо старыя пагрыз бы там косці.
Дык вып’ем, паны, за здароўе ксяндза Ягамосці».
Дармо барнадына шукалі. А ведаюць толькі,
што, стрэліўшы, ён паказаўся на момантаў колькі,
падскочыў да Графа й Тадэя, зірнуў, што здаровы,
што цэлыя маюць абодва і рэбры й галовы,
да неба ўзняў вочы й, крыху памаліўшыся ціха,
даў ходу у поле, казаў бы, ад нейкага ліха.
Тым часам на лоўж[38] накідалі, па Войскага сказу,
і хворасту, й верасу, й сохлых галінаў; адразу
з вагню вырастае во шэрая хвоіна дыму
й, падняўшыся ўверх, расшыраецца ў від бальдахіму.
Над полымем пікі складаюцца складна ў казельцы,
на гротах[39] завешуюць спрытна брухасты кацельцы.
Падносяць з вазоў і капусту, й муку, і пячэнне,
і хлеб.
А Суддзя адмыкае ўжо скрынку з начыннем.
Радамі там пляшак стырчэліся белы галовы;
бярэ найвялікшую, куфаль такі крышталовы,
(што быў дараваны яму ад ксяндза Чарвяка).
То гданская водка, прамілая для паляка:
«За Гданск! хай жыве! — пан Суддзя, падымаючы пляшку,
ускрыкнуў, — калісьці быў наш, дык ізноў будзе нашы!»
І ліў серабрысты ліквор той чаргой, аж на концы
пайшло ўжо і золата капаць, блішчэцца на сонцы[40].
Ў кацельцах тушылі бігос. Але выказаць трудна
дзіўны яго колер і смак, і як пахне ён цудна;
бо слоў толькі гукі пачуе і рыфмаў змянянне,
а іхняга зместу мяшчанскі трыбух не уцяме.
Цаніць каб належна літоўскія песні і стравы,
здароўе трэ’ мець, жыць на вёсцы й вяртацца з аблавы.
А й так, без прыправаў, бігос то важнецкая страва:
дабраць усё й добра згатовіць — нялёгкая справа.
Бярэцца да гэтага сечана кісла капуста,
сама, як той кажа, у рот яна лезе, як клуста;
закрыта ў катле, яна ў вогкім[41] нутры абымае
найлепшага мяса кускі, да сябе прытуляе;
а пражыцца так, каб агонь з яе выціснуў клёку
найболей, аж пырснецца варам з начыння ад соку
і ўкола паветра прасыце сваім араматам.
Бігос во гатовы. Стральцы ўсе з трыразным віватам,
азброены ў лыжкі, бягуць і бадуць у начынне.
Грыміць медзь, дым вале, бігос, як камфора, так гіне;
во знік і прапаў, толькі з горлішчаў чорных саганаў
шчэ пара дыміць, бы у кратэры згаслых вулканаў.
Калі ж як ма’ быць папілі і даволі паелі,
на воз ведзмядзя улажылі й на коней паселі,
ўсе радыя і гаваркія, Асэсара кроме
і Рэента; гэтыя злей, чым учора у доме
заспорылі; гэты за добрасць сваёй Сангушкоўкі,
я той жа сваёй балабанаўскай Сагалясоўкі.
Пан Граф із Тадэвушам тож невясёлыя былі,
ім сорам, што хібілі і прад звяром адступілі.
Бо так на Літве, калі выпусціш звера з аблавы,
то доўга пасля папрацуй, каб пазбыцца няславы.
Даказываў Граф, што ён першы за піку схапіўся,
Тадэй перашкодзіў яму, што дармо учапіўся.
Тадэвуш даводзіў, што ён, як за Графа сільнейшы
і з пікай цяжкою да гэтакай справы зручнейшы,
хацеў яго вырушыць: едучы між чарадою,
у гомане так прымаўляліся міжы сабою.
Ў сярэдзіна ехаў сам Войскі. Старык ганаровы,
а, выпіўшы, быў гаваркі і вясёлы, бо ўловы
ўдаліся. Хацеў калатніцкіх да згоды прывесці,
канчаў пра Дамейку й Давейку свае апавесці:
«Асэсар, калі я хацеў, каб вы кончылі звадкі
свае паядынкам, не думай, што я такі падкі
на кроў на людскую; крый божа! Хацеў вас забавіць,
хацеў вам камедыю, жарт, проста кажучы, справіць
ці узновіць, бо выдумаў штуку ў часы я даўныя,
гадоў больш за сорак. Вы людзі яшчэ маладыя,
не помніце, ну, а калісьці ўся шляхта, бывала,
ад пушчы і аж да палескіх лясоў паўтарала.
Давейкі й Дамейкі усе тыя спрэчкі, няўзгоды
ішлі ад малой, на пагляд, ды дзіўной недагоды,
з падобных бо прозвішчаў. Скажам, у час сайміковы
бухтораць Давецкі прыяцелі шляхце галовы;
сказаў во да шляхціца нехта: дай крэску Давейцы,
а той, не дачуўшы як трэба, даў крэску Дамейцы.
Вось раз прапіваў за здароўе маршалак Рупейка:
віват, пан Давейка! другія ж крычалі: Дамейка!
А хто пасярэдзіне сеў, той не трапіў да ладу,
тым болей у мове няяснай абеднага складу.
А раз было горай. Якісьці-то шляхціц п’ян-п’яны
пабіўся у Вільні па шаблі з Дамейкай, дзве раны
дастаўшы, вяртаўся пасля ужо з Вільні дадому,
і трэба ж! з Давейкаю з’ехаўся каля парому.
Плылі на адным і тым самым пароме Вілейкай;
пытае суседа: а хто ён? той кажа: Давейка —
хапае рапір, не чакаючы, той з-пад кірэйкі[42]:
чах, чах, за Дамейку адсек ужо вусы Давейкі.
Урэшце, як накідзь, з умыснага бытта старання,
а выпала раз ім падчас аднаго палявання,
што блізка стаялі абодва там аднафамільцы
і стрэлілі разам абодва к адной ведзмядзіцы.
І праўда, што после іх стрэлу упала без духу,
ды й перш ужо куляў з дзесятак насіла у бруху;
а стрэльбаў з калібрам адным там знайшлося нямала,
згадай жа, чыя гэта куля смяротна папала!
Тады яны й крыкнулі: «Годзе, так далей не быці!
Ці бог нас ці чорт так злучыў, але трэ разлучыці:
двух нас, як двух сонцаў, хіба ж то занадта на свеце»,
— дык за шарпантынкі і зразу тут сталі на мэце.
Абодва паважныя людзі; што шляхта іх годзе,
то больш запальчыва адзін на другога паходзе.
Змянілі аружжа, ад шабляў ды на пісталеты;
во сталі; крычым, што занадта прыблізілі мэты;
яны, як на злосць, прысяглі праз вядзмеджую скуру
страляцца, ну — пэўная смерць, блізка рура у руру.
Абодва стралялі нахвал. — «Секундуй нам, Грачэха!»
«Ну, згода, кажу, няхай дол вам капае ўжо клеха[43],
не можа ж канчацца нічым такі спор ваяўнічы;
ды біцеся ладам шляхецкім, не нейкім разнічым:
ўжо годзе збліжацца да мэты, я бачу, вы зухі;
страляцца вы хочаце, рукі упёршы у брухі?
А я не пазволю. Ну, згода ўжо, што па пісталеты,
ды толькі страляцца ні з дальшай, ні з блізшае мэты,
як так — праз вядзмеджу скуру. Я сваімі рукамі,
бо я ж секундант, ведзмядзя расцягну міжы вамі
і сам вас пастаўлю. Тут Ваша во з гэтага боку
на мордзе, другі ж на хвасце і бліжэй ані кроку».
Ну, згода! час? месца? — Назаўтра, карчма, кажу, Уша.
Раз’ехалісь. Я ж тады скоранька да Віргільюша»[44].
Тут Войскаму крыкам прарвалі: «Выжга!» Туж з-пад коней
шарак шмыгануў; во Куртач, во Сакол яго гоне.
Хартоў узялі, ў павароце бо часта здарайца,
што можна і лёгка на полі натрапіць на зайца;
сабакі йшлі вольна пры конях; як зайца ўглядзелі,
пярвей, чым стральцы пацкавалі, за ім паляцелі.
Асэсар і Рэент хацелі іх конна здагнаці;
аж Войскі ім крыкнуў: «Пастойце! глядзець і чакаці!
Нікому парушыцца з месца цяпер не дазволю:
адгэтуль відаць усім добра вун заяц на полі».
І праўда, ён, чуючы стылу лаўцоў, многа псярні,
у поле ірваўся, наставіўшы вушкі, бы рожкі два сарні,
шарэў над раллёю сам доўгі, расцягнуты; скочкі[45]
пад ім жа стырчэлі, як бытта чатыры пруточкі,
казаў бы, не рухае іх, толькі зверху чапае
зямлю, так, як ластаўка лёгка к вадзе прыпадае.
Курыць! А за пылам сабакі; здалёку від мела,
што заяц, і пыл, і харты то адно твораць цела:
бы сунула гэнам праз поле змяішча якая,
кот, як галава, стылу пыл, як бы шыя даўгая,
а псамі яна як падвойным хвастом вырабляе.
Асэсар і Рэент глядзяць, дых стрымалі, знямелі,
хоць губы адкрыты. Аж раптам абодва збялелі,
як хусткі, бо бачаць — на полі фатальная дзея:
змяішча чым далей, тым болей даўжэе й даўжэе,
ўжо рвецца на двое, ўжо знікла та шыя, што з пылу,
бліз лесу ужо галава, а хвасты, дзе — там! стылу!
Во нікне, мігнула йшчэ раз галава й, нібы бесам,
прапала у лесе, а хвост адарваўся пад лесам.
Дык бедныя псы, падурнеўшы, пад гаем ляталі,
бы радзілі што ці ўзаемна сябе аскарджалі;
урэшце вяртаюцца, скачуць паволь праз загоны,
апушчаны вушы, пад брухам хвасты, як шалёны;
прыбегшы, не смеюць падняць са стыда свае вочы,
й замест падыйсці да паноў, яны сталі на ўзбоччы.
Спусціў галаву сваю Рэент на грудзі пахмура,
Асэсар, хоць кідае вокам, ды вельмі панура,
а после абодва давай слухачам вывадзіці:
як іхны харты без смыча не прывыкшы хадзілі,
што заяц не быў пацкаваны: для гэтай турботы,
казалі, сабакам па поле ўздзяваць хіба боты,
бо поўна усюды камення і гострае галі.
Так мудра ўвесь дослед лавецкі яны выкладалі;
лаўцы з іхняй мовы багата маглі б скарыстаці,
не слухалі ж пільна. Адны пачыналі свістаці,
другія смяяцца, а тыя, вядзмедзем заняты,
аб ім гаварылі, йшчэ свежай аблавай праняты.
Пан Войскі, нядбала за зайцам раз вокам зірнуўшы,
глядзіць, што уцёк, дык ізноў, галаву адвярнуўшы,
канчаў перабіты расказ: «Дык на чым я стрымаўся?
Ага! то на тым, як з іх кожны мне словам звязаўся,
што будуць страляцца яны праз вядзмеджую скуру...
Тут шляхта у крык: «Гэта ж смерць, блізка рура у руру!»
Я ў смех! бо успомніў старога Марона навукі,
як з мерай звярынай скуры вырабляць можна штукі.
То ж помніце, як каралева Дыдона вадою
прагнана да Лібаў была і з вялікай бядою
зямлі сабе тамака толькі кусок старгавала
такі, каб валова скура бы яго абымала[46];
на гэтай зямельцы ж уся збудавана Картага!
Дык я усё гэта ўначы разбіраю з увагай.
Ледзь дзень, з аднаго ужо боку сваёй тарадайкай [47]
пад’ехаў Давейка, а конна з другога Дамейка.
Глядзяць, аж праз рэчку праложаны мост бы касматы,
паяе із вядзмеджай скуры, разразанай на шматы.
Тады пры хвасце тым звярыным я стаўлю Давейку,
а з боку другога пры мордзе вядзмеджай Дамейку.
Страляйце цяпер, ім кажу, хоць праз цэлае жыцце,
а згэтуль жа вас не пушчу, хіба згоду рабіце.
Яны тут у злосць, а ўся шляхта і грымнула смехам,
аж клалася покатам; я тады разам із клехам
давай ім з ванеліі, з статутаў розных даводзіць;
дык самі смяяліся й мусілі справу лагодзіць.
А после іх спор у дасконную дружбу змяніўся,
а нават Давейка з Дамейкі сястрой ажаніўся,
Дамейка ж узяў сястру швагры свайго, Давайкоўну,
Худобу усю між сабой падзялілі пароўну,
а ў месцы, дзе вышла такое дзіўное здарэнне,
карчму збудавалі й далі ёй «Вядзмёдак» найменне.
Зноскі
[правіць]- ↑ Папілёты — скрутулькі паперы, на якія навіваліся валасы (Б. Т.).
- ↑ Панары — горы пад самой Вільняй, цяпер ужо голыя, а лясы з іх даўно ўжо сплылі ў Прусію; Белавежа — дагэтуль аканчальна не зніштожана праз сваю недаступнасць; Свіцязь — прыгожае возера ў Навагрудчыне; Кушалева — таксама ў Навагрудчыне (Б. Т.).
- ↑ Вітан — в. кн. Літвы (1293—1316), ваяваў з крыжакамі і з Польшчай (Б. Т.).
- ↑ Міндова (Міндоўг) — кароль Літвы ў XIII в. (Б. Т.).
- ↑ Гедымін — в. кн. Літвы (1315—1341), бацька Кейстута і дзед Ягайлы, заснаваў Вільню (Б. Т.).
- ↑ Паводле традыцыі, в. кн. Гедымін меў сон на Панаракай гары аб жалезным ваўку і за радай вайдалоты (жраца) Ліздэйкі заснаваў места Вільню (А. М., Б. Т.).
- ↑ Ваўчыца нібыта выкарміла Ромула і Рэма, якія залажылі Рым (Б. Т.).
- ↑ Жыгімонт Аўгуст быў падняты старым абычаем на сталіцу Вялікага Літоўскага княства; прыпаясаў меч і каранаваўся каўпаком. Дужа любіў паляванне (А. М., Б. Т.),
- ↑ У Расенскім павеце ў памесці Пашкевіча, земскага пісара, рос дуб, ведамы пад іменем Баўбліса, калісь, у паганскія часы, уважаны за святасць. У сярэдзіне гэтага выгніўшага волата Пашкевіч залажыў габінет літоўскіх старасвечнасцой (А. М., Б. Т.).
- ↑ Непадалёку ад навагрудскай фары раслі старажытныя ліпы, якіх многа высеклі каля 1812 года (А. М.).
- ↑ Ян Каханоўскі з Чарналесся — выдатны польскі паэт (1530— 1584) (Б. Т.).
- ↑ Гл. паэму Гатчынскага «Замак Канеўскі» (А. М.).
- ↑ Дрыяда — грэцкая німфа (русалка), якая жыве ў дрэве (Б. Т.).
- ↑ Тыр — горад старавечнай Фінікіі (проці Палестыны) (Б. Т.).
- ↑ Гірам, кароль Тыру, паставіў вялікія будоўлі; ягоныя цеслі працавалі і ў Саламона. Фантазія некаторых выводзе і брацтва франк-масонаў (вольных каменшчыкаў) ад брацтва гірамаўскіх цесляў (Б. Т.).
- ↑ Паэт памыляецца: цыцэсь, цыцэль — гэта фрэнзлі пры камізэльцы, а тут гаворка ідзе аб т. зв. дзесяцера (божых прыказанняў), па-жыдоўску — тэфілім (Б. Т.).
- ↑ Каламыйкі — русінскія песні накшталт польскіх мазурак (А. М.).
- ↑ Аўзоны — колішні назоў насельнікаў Італіі (Б. Т.).
- ↑ Дзяржава тут азначае, што арэнда (Б. Т.).
- ↑ Ганаровае месца, дзе раней ставілі хатніх багоў, дзе дагэтуль рускія вешаюць абразы. Там літоўскі селянін садзіць госця, якога хоча ўшанаваць (А. М.).
- ↑ Мажджэры — малыя гарматкі з каторых стралялі ў паноў на віват (Б. Т.).
- ↑ Reverendissime — найдастойнейшы, ксяндзоўскі тытул (Б. Т.).
- ↑ Мітра — князеўская шапка (Б. Т.).
- ↑ Неафіта — пярэхрыст (Б. Т.).
- ↑ 5Стрыйкоўскі — польскі гісторык XVI в. (Б. Т.).
- ↑ 8Капота (польск.) — світка (Б. Т ).
- ↑ Некаторыя мясціны чацвёртай песні належаць пяру Стафана Бітніцкага (А. М.).
- ↑ Расамах — род ведзмядзя (Б. Т.).
- ↑ Дзюбы вялікіх драпежных птушак з часам усё больш скрыўляюцца і ўрэшце верхняе вастрыё, загнуўшыся, замыкае дзюбу і птушка мусіць паміраць з голаду. Гэта народнае паданне прынята некаторымі арнітолагамі (А. М.).
- ↑ Сапраўды не было выпадку, каб калі знайшлі шкілет здохлага звера (А. М.).
- ↑ Радзелі — радаваліся (Б. Т.)
- ↑ Птушынкі — стрэльбы малога калібру, куды закладваюцца
дробныя кулі. Добрыя стралкі з такіх ружжаў падбіваюць птушак на ляту (А. М.).
- ↑ Адвэт — помста, адплата (Б. Т.).
- ↑ Шарпантынка (лап. serpens) — закрыўленая змеявата шабля (Б. Т.).
- ↑ Вілейка, або Віленка, ўцякае ў Вяллю ў Вільні (Б. Т.).
- ↑ Патынка—жаноцкі чаравік (Б. Т.).
- ↑ Апошне— апошняе. Сапраўды ж граф не апошняе патомства Гарэшкаў, бо ёсць яшчэ родная ўнучка Стольніка (Б. Т.).
- ↑ Лоўж — вялізная куча (Б. Т.).
- ↑ Грот— жалезнае вострае канцаўё пікі (Б. Т).
- ↑ У бутэльках гданскай гарэлкі бываюць на дне лісточкі золата (А. М.).
- ↑ Вогкі — вільготны (Б. Т.).
- ↑ Кірэйка — шубка (Б. Т.).
- ↑ Клеха — плех, ксёндз (Б. Т.).
- ↑ Публій Вергілій Марон —вядомы рымскі паэт, аўтар «Энеіды», травестацыя (смяшлівая пераробка) якой ёсць у беларускай мове (Б. Т.).
- ↑ Скочкі — зайчыя ножкі (Б. Т.).
- ↑ Каралева Дыдона загадала парэзаць валовую скуру на паясы і такім чынам акружыла скураю вялікае поле, дзе выставіла Картагу. Войскі вычытаў апісанне гэтага здарэння не ў «Энеідзе», а, пэўне, у каментарыях схаластаў (А. М., Б. Т.).
- ↑ Тарадайка — малая гаспадарская брычка (Б. Т.).