Падсьведамае і сьведамае ў «Душы беларускай» Сыракомлі
Падсьведамае і сьведамае ў «Душы беларускай» Сыракомлі Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1924 (пераклад 1925) Пераклад: Францішак Грышкевіч Крыніца: Часопіс «Студэнская думка», № 1 (2), студзень 1925 г., б. 12-15 |
Падсьведамае і сьведамае у „душы беларускай“ Сыракомлі
Паводле Антона Навіны „Przegląd Wileński“ № 18 — 1924 год.
У сваім юбілейным трактаце аб Сыракомлі[1] проф. Здзехоўскі за галоўную ўласьцівасьць творчасьці «Lіrnіkа Wiоskоwеgо», узнаў яго «беларускую душу», каторая праявілася ў поэзіі Сыракомлі мо‘ нат бяз веды поэта.
Комэнтатар працы проф. Здзехоўскага, п. Суліма[2], аналізу духовых уласьцівасьцяў Сыракомлі папхнуў на крок далей, паставіўшы пункт над і там, дзе польскі дасьледчык — асабліва на арэне віленскага, хворага польскага шавінізму — апошніх вывадаў не зрабіў, недаказаў праўды аб народным вобліку Кандратовіча.
З абурэньнем слухала трактат проф. Здзехоўскага „narodowo myślące“ польскае грамадзянства нашага гораду. З абурэньнем чытала (нат, калі хацела чытаць!) вострую і надзвычайна меткую аналізу беларускага крытыка, які пісаў пад псэўдонімам Сулімы. Аднака-ж досыць думкай перакусіць толькі гэта, што абодва цьвердзяць, каб згадзіцца з імі, што Кандратовіч, ужо з паходжаньня — з дзеда і прадзеда — зьвязаны з беларускай зямлёй — ня мог, калі б нават хацеў гэтага, вызваліцца ад аграмадных уплываў прыроды, краёвага вобразу і жывога народу беларускага. Ня мог, бо уплывы штодзеннага сутыку пранікаюць да падсьведамай духоўнай сфэры чалавека, не пераходзячы праз прызму крытычнай і аналізуючай сьведамасьці.
Аднак можам з праконаньнем сьцьвердзіць, што Сыракомля ня толькі не хацеў вызваліцца ад гэтых беларускіх уплываў, але глыбокім і сэрдэчным учуцьцём кахаў Беларусь і народ яе, а сьведамае становішча яго адносна беларускасьці, якое разумеў як загадку народнага адраджэнья Беларусаў, мала рожнілася ад… поглядаў сучасных нам піянэраў народнага беларускага руху. Прынамся калі йдзець аб самастойнасьць беларускае мовы і літэратуры.
Сьцьверджаець гэта самы факт пісаньня вершаў пабеларуску Апрача знанага ўсім і цытованага праф. Здзехоўскім верша, які вітаець „добрыя весткі“ з Захаду — рух рэволюцыйны 1848 году, асталіся па Сыракомлі і другія беларускія творы. На сьлед гэтых натрапіў нязмучаны шукач, знатны бібліограф на полі беларускасьці, п. Ромуальд Зямкевіч. П. Зямкевіч пільна студыюючы гадавікі даўнейшых газэт, таксама натрапіў на надзвычайна цікавы артыкул Сыракомлі адносна беларускасьці, друкаваны ў № 16 «Gаzеtу Wаrszаwskiеj» з году 1857 (бачына 5 і 6), якога копію ласкава пераслаў ніжэй падпісанаму (А. Навіне. — Рэд.). Пазволім сабе ўзяць найбалей характэрныя аддзелы з гэнага артыкулу, бо-ж гэта ёсьць саўсім сьведамае, глыбока перадуманае высказаньне нашага поэта.
Вось, як бачым з генага артыкулу (Гэбдомадалія — Ул. Сыракомлі. Барэйкоўшчына 17 сьнежня 1856 г.), наш поэт пільна сьледзіць за разьвіцьцём беларускай літэратуры у творах Вінцука Дулін-Марцінкевіча. Аб творы гэнага-ж „Вечарніцы“ выдрукаваў крытычную заметку ў „Gazecie Warszawskiej“ (былі усё-ж такі ў гэтай часопісі і лепшыя чым сяньняшнія часы!), якая выклікала полеміку незнанага аўтора, падпісанага крыптонімам „У“. Па выхадзе з друку новай кніжачкі Дунін-Марцінкевіча „Ciekawyś? Przeczytaj!“ (Менск, 1856), у якой знаходзім беларускую повесьць „Купалла“, аб ёй піша Сыракомля літэратурную справаздачу, а гэтым самым дае адказ на рад пытаньняў, заданых яму панам У:
Так: у N-ры 138 „Gazety Warszawskiej“ за год 1856 пытаецца нас пан „У“ вось што:
„Ці творы, пісаныя ў мове беларусаў, заслугоўваюць на радаснае павітаньне, ня гледзячы на вартасьць іх зьместу?“ Адказваем: ніводны і не ў вадной мове пісаны твор, не заслугоўваець на радаснае павітаньне, калі ня ёсьць пекным або прыдатным; але, калі якая мова або дыалект, з нелітэратурвага робіцца літэратурным, кожная, выходзячая ў гэтай мове кніжка заслугоўваець на ўвагу, — як факт патрэбы пісаня ў гэтай мове або дыалекце.
Другое пытаньне: „Ці гэтая мова (беларуская) дасца выгнуць да ўсіх патрэб думкі і стылю, і вырабіцца да ступені, заслугоўваючай на назоў мовы асобнай?“
Адказ: Так, таму, што мае досыць лёгкасьці, а разам з гэтым сілы, аддае ў поэзіі мягкія і дэлікатныя вучуцьці, у мове народнай мае лёгкія звароты і меткія словы. Шмат ёй бракуе слоў дзеля адданьня таго, што не ўваходзіць у склад паняцьцяў і патрэбаў нашага народу, але ў меру поступу самога-ж народу і ўлітэратурненьня мовы, патрапіць са свайго кораня вырабляць словы і выражэньні, якіх сяньня ня мае. Кожная мова пераходзіць эпоху дзяцінства.
Трэцяе пытаньне: „Ці да гэтае мэты варта імкнуцца, у гэтым нат‘ сумніўным дапушчэньні, што дапяцьцё яе было-б магчымым?“
Адказ: Варта і трэба, як да ўсяго, што імкнецца да поступу. Занадта агульна багатую мову Славяншчыны разцяў паважаны опонэнт на чатыры толькі галіны, гэта ёсьць: на расейскую, польскую, чэскую і ілірыйскую мовы. Не пярэчым, што гэтыя чатыры мовы стаяць на чале славянскіх дыалектаў, дзякуючы сваім літэратурным абробкам, але пашто-ж іншыя мовы адсовываць ад гэтых абробак, за што ў мове Беларусаў дагледжываць толькі мешаніну расейскае і польскае моваў? ці-ж пад гэтае самае азначэньне падцягнуць і украінскую мову: калі гэтак, то чаму паважаны опонэнт чэскую і ілірыйскую мовы падносіць да годнасьці моваў асобных калі-ж у іх таксама знойдуцца расейскія і польскія словы.
Найсільней пярэчым гэтаму, што гаворыце дальш, паважаны опонэнт, што паміж расейскай, а так наз. рускай мовай, толькі тая рожніца, якая ёсьць паміж літэратурна апрацаваным творам і народнай думкай“ Але-ж таксама і народ расейскі ёсьць яшчэ непісьменны і мае сваю простую мову, далёка ад літэратурнай абробкі; з гэтага выходзіла-б, што простая мова расейскага народу будзе саўсім гэтай самай, што мова Русінаў, бо паводле опонэнта, рожніца месьціцца толькі ў абробцы. Гэтак аднака-жа ня ёсьць. У істоце, ўсе славянскія мовы маюць амаль не адныя і тыя самыя словы, гэта ёсьць імёны і дзеясловы, рожніца толькі ў націсках, прозодыі і радзе іменных слоў; адным словам у духу моваў; дык за што-ж гэтыя рожніцы называць сапсуцьцём, калі яны ёсьць уласьцівасьцямі дыалекту? чамуж гэткую ўласьцівасьць прызнаўшы мове чэскай, адмаўляць яе русінскай мове? Ахвотна згаджаемся толькі на адно з опонэнтам, што абробка ўсякай мовы ня можа быць працай аднаго, або некалькіх геніяў, але павінна быць працай усяго грамадзянства, каторае гэтую патрэбу адчувае і стане на пэўную ступень поступу. Але ці-ж кары — годнай ёсьць рэч, калі нехта чуючы ў сабе ахвоту і здольнасьць захоча гэтаму народу працерабіць дарогу да поступу ягонае мовы? Ці-ж мы не ў абавязку з гэтым народам падзяліць наш штодзенны хлеб, а така-ж хлеб духа? ці-ж сталася што-небудзь благое на полі чыста літэратурным, што ў Расеі Катлярэўскі, а ў пас Падура пісалі ў мове украінскай? ці-ж іхнія песьні не блукаюцца ўжо па вёсках ўкраінскіх і сваёй лепш аброблянай нотай не спаўняюць Амфіановага пасланьня?
З глыбокай пашанай вельмі паважанаму опонэнту паўтараем: На гэтым полі працаваць можна і варта. Зьмешчаючы дальш крытыку твору Дунін-Марцінкевіча „Купалла“, Сыракомля так канчае цытаваны намі свой артыкул:
„Ў гэтым творы П. Марцінкевіча (бедным у зьмесьце, але багатым у вобразы, якія сьведчаць аб талянце імагінацыйным аўтора), знаходзім яшчэ адзін доказ аб тым, аб чым ужо казалі, гэта ёсьць, што мова Русінаў мае ў сабе варункі самастойнага поступу. Аўтор ужываў слоў і коляраў чужых чыста уважанай поэзіі народу, аднака-ж не сапсуў чыстасьці мовы, не сказаў нічога, чаго-б гэты народ не зразумеў“.
І, даючы рад беларускаму поэту парад, як павінен дбаць аб захаваньні свойскіх уласьцівасьцяў мовы таксама фантазіі народу, канчае зовам да Марцінкевіча, каб не закідаў пісаньня па беларуску дзеля… польскіх вершаў.
„Бог ня ўлівае ў галовы і сэрцы нашыя бяз мэты замілаваньня і таленту да нейкай галіны веды. Ён адносна нас і нашага пасланьня мае мэты, якія мы ў абавязку споўніць. Народная поэзія, русінская, ёсьць арэнай П. Марцінкевіча — хай трывае на ёй, як сапраўдны гладыятар“.
Гэты гарачы кліч можа найясьней нам гаворыць аб адносінах разумовых Сыракомлі да справы адраджэньня беларускай народнай літэратуры і беларускай літературнай мовы. А факт выхваляньня творчасьці Марцінкевіча на шпальтах польскае прасы — ці-ж гэта не маральнае супрацоўніцтва з беларускім поэтам, мо‘ ня менш цэннае ад супрацоўніцтва Манюшкі, які да комэдыё — опэры Марцінкевіча „Сялянка“ напісаў музыку? (аб гэтым сяньняшнія біографы Манюшкі ўспамінаць ня любяць!). А гэтыя парады, гэткая дбайнасьць аб чыстасьці беларускае мовы? А гэтая крэпкая, неўзварушаная іх вера, што для беларускага адраджэньня можна і варта працаваць?“ „Усё гэта ў часе першых, слабых яшчэ крокаў на дарозе поэтыцкай творчасьці Беларусаў, калі яшчэ мовы не было аб „грамадзянстве“ беларускім! Якжа-ж дзіўным і… дзікім здасцца кожнаму безстароннаму дасьледчыку беларускае справы становішча ў гэтай справе „narodowo myślącego“ грамадзянства польскага з сяньняшнай, Gazetą Warszawską на чале — сяньня, калі ня толькі „грамадзянства“ але і дзяржаўнасьць беларуская ёсьць фактам даконаным, калі беларускі народ мае свайго Купалу, Коласа, Багдановіча і шмат, шмат іншых поэтаў эўропэйскае меры, пры якіх такі Марцінкевіч губіць усякую вышэйшасьць? Калі Ў мове беларускай, якая мае сталую ўжо, на падставах навуковых апёртую граматыку, выходзяць падручнікі для школ ніжэйшых і сярэдніх, адбываюцца выклады цэлага раду прадметаў на Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце ў Менску? Калі ў гэтым-жа Менску, дзе першы раз і, нажаль, апошні перад 70 гадамі слухалі музыкі Манюшкі пры выстаўленьні „Сялянкі“, разьвіваецца памысна беларускі тэатр, які ня ў чым не уступае як адносна высокай ступені артызму, так і багацьцем рэпэртуару, іншым тэатрам, балей культурных славянскіх народаў?!…
Але аб гэтым — толькі мімаходам. Вярнуўшыся да цытованага артыкулу Сыракомлі, мы ў абавязку яшчэ раз сьцьвердзіць, што ня толькі ў сферы творчасьці поэтыцкай, дзе прым трымаюць падсьведамыя чыннікі і ўплывы, наш поэт даў яркі выраз душы беларускай: але і саўсім сьведама — сваімі артыкуламі крытычнымі і адраджаючай сучаснай яму беларускай поэзіі — прычыніўся Сыракомля да ўзмацненьня і разьвіцьця беларускай адраджэнскай ідэолёгіі, а гэтым самым — і да далейшага ўкрапленьня і разьвіцьця яе душы.
Пераклаў з польскага Фр. Гр.
- ↑ Prof. M. Zdziechowski. Władysław Syrokomla: Pierwiastek litewsko — białoruski w twórczości polskiej. Wilno, 1924 r.
- ↑ Суліма. Проф. Здзехоўскі аб беларускай душы. „Змаганьне“, № 21 — 1923 г. таксама асобная кніжачка, Вільня, 1924 г. Гета-ж сама па польску, «Przegląd Wileński» № 4, 5 і 6 r. 1924.
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |