Перайсці да зместу

На ростані (1924)/III/Зьмярканьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Л. С. Зьмярканьне
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1924 год
⁂ Зацьвілі твае вочы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зьмярканьне (Жылка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗЬМЯРКАНЬНЕ.

Апошнія косы
Халодным „бывай“
Пасеелі росы
І зьніклі за гай.

Як сум бяз імені,
Па твару зямлі
Пабеглі паўцені
І смугай ляглі.

А ноч чараўніца,
За днём па сьляду,
Далёкай зарніцай
Мільгнула — „іду“!

Ад сонца цалункаў
Зямелька п’яна,
І змрок падарункам
Прыняла яна.

І радая ночы,
Што паліць вагні,
Ледзь чутна шапоча:
„Вазьмі, палані!“

І тайнасьць прасторы
Завесіць імглой,
І дальнія зоры
Засьвецяць над ёй…

Ў прыродзе так сьветлы
Зьмярканьне й рассьвіт,
Так просты, так ветлы
Спатканьне й разьвіт.

А нам з табой смутна
У каханьні сваім,
І радасьць магутна
Ня ўзьлеціць над ім.

Палючы і хмуры
Вагонь нас апёк,
І палкасьць пануры
Хавае наш зрок.

„Умерці“! — мы тоім
У глыбі нашых воч:
„Умерці абоім
У гэтую ноч!“

І моцы жаданьня
Асілець ня нам.
Ахвяру зьмярканьню
Людзкую аддам.

Хоць спуджаным будзе
Крык з вуснаў тваіх,
Як любае грудзі
Прытуліць жаніх.

Зашэпча прастача
Шаўкоў тваіх бель,
І будзе гарачай
І душнай пасьцель.

А белая рожа
У пасмах валос
Самоты ня зможа
І зрвяне бяз сьлёз.