На літаратурныя тэмы (1929)/Аб творчасьці Натальлі Арсеньевай
← На перагібе. (Увагі да другой квадры роману Ц. Гартнага „Сокі Цаліны“ — „На перагібе“ | Аб творчасьці Натальлі Арсеньевай Крытыка Аўтар: Мікола Байкоў 1929 год |
Наша літаратура за 1925 г. (Увагі і гадкі) → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб творчасьці Натальлі Арсеньневай. |
АБ ТВОРЧАСЬЦІ НАТАЛЬЛІ АРСЕНЬЕВАЙ.
Ins hohe Meer werd’ ich hinaus geniesen(Gaethe „Faust“).
У нашай сучаснай беларускай літаратуры ёсьць адзін даволі значны мінус. Гэты мінус выразна выявіўся, калі ў мінулым годзе найбліжэйшыя супрацоўнікі „Полымя“ сабраліся ў фотографіі для юбілейнага здымку. Была заўважана і яўна кідалася ў вочы адсутнасьць жанчын. І сапраўды, У юбілейным № „Полымя“ мы зусім ня знойдзем ані ў групавым здымку, ані сярод паасобных портрэтаў жаночых абліччаў. Гэта — прыкры факт, але факт: у той момант, калі Кастрычнікавай рэволюцыяй дадзена кабетам магчымасьць найпаўнейшага выяўленьня іх творчасьці і актыўнасьці ва ўсіх галінах жыцьця, у галіне літаратурнай дзейнасьці наша беларуская, (як, аднак-жа, і расійская, і украінская) кабета выявіла сябе вельмі і вельмі нязначна. Якая тутака прычына, гэта — пытаньне іншае, але прыкры факт застаецца фактам: літаратурная выява нашай савецкай жанчыны дужа бедная.
Тым больш трэба прывітаць, як выяўленьне жаночай творчасьці ў нашай літаратуры і як наогул выдатную зьяву ў нашым пісьменстве, выхад у Вільні сёлета асобным выданьнем зборніка вершаў Натальлі Арсеньевай „Пад сінім небам“ (137 старонак).
Праўда, Н. Арсеньева — ня наша савецкая поэтка. Але яна прыналежыць да беларускай літаратуры, якая, дзе-б яна ні зьяўлялася, уваходзіць у агульны струмень беларускага культурнага развою нашых „рэволюцыйных“ дзён.
Праўда і тое, што Н. Арсеньева не беларусінка, а расіянка родам, але яна блізка зжылася з Беларусьсю, прасякнулася беларускай культурай і шчыра палюбіла сваю новую бацькаўшчыну. Паказальны з гэтага погляду яе верш „Лятуценьні“.
Часам, як толькі заплюшчу я вочы, |
Аднак сэрца поэткі не ляжыць да сваёй мінулай бацькаўшчыны, яно жыве беларускім бледным небам і беларускаю прыродаю. Яна кажа:
Толькі чаму-ж маё сэрца ня йрвецца |
Адсюль зусім натуральным зьяўляецца эпіграф да вершу, узяты з Янкі Купалы:
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны, |
У беларускай літаратуры Натальля Арсеньева ідзе сьледам непасрэдна за Алёізай Пашкевіч—Цёткай і Канстанцыяй Буйло, як трэцяя выдатная беларуская поэтка, але з погляду ўнутраных якасьцяй і тэхнікі сваёй творчасьці яна стаіць вышэй за першых дзьвёх. Папершае, у стасунку да Цёткі зусім ясна, што яе поэтычная творчасьць з погляду мастацкасьці асаблівай цікавасьці не выяўляе. Мова яе дужа неапрацованая, рытміка слабая. Падругое, і Канстанцыя Буйло становіць нейкуюсь выпадковасьць у межах беларускай поэзіі. Канечна, яе вершы з боку тэхнікі стаяць вышэй за вершы Цёткі, але ўнутраны зьмест іх няглыбокі, і поэзія Буйло ня выходзіць з абсягу вершаваных высказваньняў „пагімназыцку“ закаханай маладой дзяўчыны. Што Буйло была „выпадковасьцю“ ў межах нашай поэзіі, гэта яскрава даводзіцца тым, што яна вельмі хутка адышла ад літаратуры, — адышла, як толькі спынілася крыніца яе дзявоцкага натхненьня, — і, вышаўшы замуж, Канстанцыя Буйло супакоілася, а не падаравала беларускай літаратуры ад таго часу аніводнага вершу.
У асобе Натальлі Арсеньевай мы маем поэтку першае, так сказаць, ступені з выпрацаванай тэхнікай вершу пры ўнутранай зьмеснасьці поэтычнай творчасьці.
Нельга, канечна, адмаўляць, што мова Арсеньевай ня зусім яшчэ добрая беларуская мова: залішне багата яна аздоблена, асабліва ў вершах, што адносяцца да 1921—1922 г. г, непатрэбнымі русізмамі лексыкі і фразэолёгіі. Нават у вершах ад 1925 г. трапляюцца такія небеларускія сказы як „лёгкія ўздыханьні красуючых палей“ („Улетку“), „ізумрудныя конікі — дзеці палей“ („Разьвітаньне“). Пясьнярка часта ўжывае неўласьцівыя нашай мове дзеяслоўныя прыметнікі цяперашнага („травах жаўцеючых“, „аўсох сьпеючых“) і мінулага („межаў, паросшых “, „зьвяўшых напоў лепясткох“ і г. д.) часу. Русізмы ў лексыцы — зусім звычайная зьява, як, прыкладам: „лепясток“, „луч“, „пуць“, „дняўны“, „жаркі“ і інш. З расійскай фразэолёгіі цікава адзначыць: „Ідуць разгаворы“ („Лятуценьні“), „нічога зусім не жадаецца“ („Красавік“). Адным словам, было-б няправільным казаць, што мова пясьняркі — чыстая беларуская мова. У гэтых адносінах мова Н. Арсеньевай падобна да мовы М. Багдановіча. І нездарма ва „ўвагах друку“, што дададзены да зборніка вершаў „Пад сінім небам“, побач з паказаньнем на памылкі правапісу, казана: „Таксама там-жа ўкраліся некалькі слоў, якіх у апошні час у беларускай літаратурнай мове высьцерагаюцца“. Сапраўды, адхіленьняў ад норм нашай звычайнай літаратурнай мовы ў Арсеньевай зусім не малая колькасьць. Аднак, магчыма адцягнуцца ад недахопаў мовы, натуральных для пясьняркі, якая вырасла і выхавана ва ўмовах расійскай культуры. Галоўнае — унутраны бок творчасьці. Галоўнае — выпуклая індывідуальнасьць поэткі.
І разглядаючы з гэтага боку творчасьць пясьняркі, ня можна ня прызнаць, што тутака мы маем вельмі выдатную зьяву ў нашай літаратурнай рачаіснасьці, маем у яе асобе — поэтку з ярка вызначанай індывідуальнасьцю.
Першае ўражаньне, — піша на старонках віленскай часопісі „Родныя гоні“ М. Чэмер, разглядаючы зборнік „Пад сінім небам“, — магутнае, пераконваючае, што перад намі — зьявішча сапраўднай, самамэтнай організацыі поэзіі, кроўна-блізкай найглыбейшым жаралом народнага духу і дзеля гэтага маючай усе падставы для далейшага бліскучага развою і расьцьвету…“
Натальля Арсеньева мае ўсё, каб зрабіцца першарадным творцам у поэзіі, — мае глыбокі і шырокі грунт пад сабой. Якія-ж тэмы даюць асноўны зьмест творчасьці пясьняркі і якім ухілам азначаецца кірунак яе поэзіі? Якія крыніцы-жаралы яе творчасьці?
Сонца вясьнянага першыя косы, |
Гэтак кажа поэтка ў пачатковым вершы свайго зборніку, вершы, які на яе думку, павінен зьяўляцца свайго роду пляцформай яе поэтычнай творчасьці, чаму ён і мае нататку: „Замест прадмовы“.
Зьмеснасьць творчасьці, як бачым, дужа багатая. Гэта — мора бяздоннае, само жыцьцё бяскрайнае.
У зборніку знаходзім вось якія разьдзелы: I — „Родны край“, вершы, афярованыя Беларусі; II — „Абразкі“, апісаньні і малюнкі вясны, восені, ночы, дня, прадночнай пары і іншых зьмен у прыродзе; III — „Жыцьцёвае“, нізанка вершаў філёзофскага зместу з „праклятымі пытаньнямі жыцьця“; IV — „Настроі і лятуценьні“, эмоцыянальнага зьместу, і V — „Зачарованы кут“, з народнай крыніцы.
У кожнага поэты ёсьць свае аблюбёныя — тэмы, ёсьць асноўны мотыў, „лейт-мотыў“ поэтычнай творчасьці.
Такім асноўным мотывам у творчасьці Арсеньевай зьяўляецца апяваньне прыроды. Яе з пэўным правам можна назваць, прынамсі, цяпер пераважна пясьняркай прыроды. Закаханьне да прыроды, захапленьне бязьмежным прыдодным жыцьцём, распрасьцёртым пад сінім небам бяздонным, — вось што выразна выпукляецца ў вершах Натальлі Арсеньевай. Яна жыве адным жыцьцём з прыродай, і яе сэрца б‘ецца ў унісон з косьмічным пульсам.
Сонца заходзіць… На вежах кляшторных |
Гэтак пачынаецца першы верш з разьдзелу „Родны край“. З цясьніны аграмадзін буйнога гораду сэрца поэткі імкнецца ў іншы край.
А што-ж там, у гэтым краі, сумным і мэрам далёкім, але разам з тым прыгожым, родным і блізкім?..
Там… там усё быццам так, а іначай |
Адным словам, сэрца поэткі імкнецца з цясьніны гарадзкіх вуліц на прасторы вясковых палёў і бароў, бо тутака, на гэтых неабсяжных прасторах, асабліва поўна выяўляецца магутнасьць прыроды ва ўсёй красе яе шматфарбнага жыцьця. Сярод вершаў Натальлі Арсеньевай амаль што ня знойдзем вершаў на гарадзкія тэмы. Горад з яго фабрыкамі, дымным паветрам, жвавым рухам гарадзкіх вуліц — лунаюць па-за ўяўленьнем поэтыкі. Толькі адзін-два абразкі гарадзкога жыцьця, прытым сярэднявечнага, і адбіліся ў творчасьці поэткі.
Першы:
Гаснуць косы на вежах готыцкіх касьцёлаў |
Другі:
Таюць хмурынкі у небе высока, |
Горад у прызмроках вечаровых, чым яшчэ захапляўся, на свой канечна, манер, Максім Багдановіч… Але няможна таму, хто закаханы ў прыроду; любіць сучаснага, цеснага, буйнага гораду… Магутныя вобразы вясковай прыроды засланяюць у вачох паэткі вобразы гораду.
Ёсьць адна рыса, якая радніць Арсеньеву, як пясьнярку прыроды, з нашымі клясычнымі апявальнікамі прыроды, Якубам Коласам і Ясакарам, а з чужаземных, асабліва — з бэльгійцам Родэнбахам: прырода ў яе вачох ўстае, як жывая, адухоўленая прырода. Адсюль — сымболізм, як адзнака творчасьці пясьняркі, якая збліжае яе ня толькі з Коласам, але і з Купалам. У яе вершах раскідана, мэрам іскрыстым жэмчугам, ня мала сымболяў, трапных мэтафор.
У ўяўленьні поэткі:
„Дзіўна-жахліва трапочуць асіны“ (стар. 9). |
Ад сымболізму часам адчыняецца просты шлях да містыцызму, і пры тым кволага, нездаровага містыцызму (прыклад у межах расійскай поэзіі — Ул. Салаўёў). Налёты містыцызму дзе-ні-дзе празіраюць і ў творчасьці Н. Арсеньевай, што становіць, бязумоўна, пэўны мінус, Напр., зоры для яе — „вочы малых засмучоных анёлаў“ (ст. 28). І часам лунае яна ў сваіх думках у „недасяжным“, я казаў бы, мэтафізычным.
Адзін з найпрыгажэйшых вершаў усяго зборніка „Улетку“ асабліва выразна адбівае містычны нахіл пясьняркі.
Жамчужнай мглою хмаркі абвязалі |
Аднак-жа выявы містыкі зьяўляюцца ў Арсеньевай толькі выпадковасьцямі. Той, хто закаханы ў прыроду, той ідзе на шлях натуралістычнага сьветапогляду.
У чым мэта жыцьця? — пытаецца поэтка, —
Мэта жыцьця, кажуць: гэта — хаваці |
Захаваньне жыцьця немагчыма без змаганьня, без барацьбы, і адсюль жыцьцё і змаганьне ў поглядах поэткі злучаюцца ў неразрыўнае цэлае.
Ты, спытайся, ці ёсьць што ў блакіту бяздонным, (Ты спытайся…). |
Дзе жыцьцё, там — змаганьне, дзе змаганьне, там — протэст супроць несправядлівасьцяй соцыяльнага парадку, які дзеліць людзкасьць на дзьве няроўныя часьціцы. Гэты протэст выліваецца ў форме трывожнага пытаньня:
Чаму у сім жыцьці нямілым („Чаму“…) |
Гэта „чаму“ ня ёсьць адзіночнае праклятае пытаньне, якое ўстае ў думках поэткі; яна пытаецца і аб тым:
Скуль усё: ўночы смутныя зоры, |
І гэта гора, што таіцца ў сэрцы, часам прарываецца наповерх у паасобных вершах, асабліва ў „Настроях і лятуценьнях“. Не хапае ў поэткі сілы,
Каб ня думаць аб тым няпрыхільным, нямілым |
І гукі хаўтурнага марша смутна-журблівага даюць канву для глыбокамастацкай элегіі пясьняркі „На мотыў хаўтурнага маршу“.
Вось адрывак з яе:
Кінь ты жыцьцё надарванае, сумнае, |
Па глыбокай натхненнасьці жывога пачуцьця смутку бязьмежнага, па музычнасьці і бездакорнай рытміцы гэты верш магчыма было-б назваць найлепшым вершам Арсеньевай і разам з тым адным з найлепшых вершаў у межах беларускай поэзіі. Ён стаіць на роўным стопню з найлепшымі вершамі М. Багдановіча і сапраўднага нашага клясыка Янкі Купалы.
Такім чынам, у настроях поэткі часам праяўляюцца маркотлівыя тоны.
Аднак-жа, яе поэзію нельга назваць поэзіяй пэсымізму, — утомы ад жыцьця, што давала-б пэўную падставу для адмоўнай крытыкі: бо ныцьцё і смутак адзначаюць адмову ад барацьбы за жыцьцё. Ныцьцё ў нашыя дні характарызавала-б настрой інтэлігента старой дарэволюцыйна-ідэалістычнай рошчыны. Але Н. Арсеньева — ужо інтэлігентка новай формацыі натуралістычнага кірунку. Здаровы натуралізм — гэта найлепшая проціатрута ад пэсымізму і роспачы. І калі ў яе поэзіі праглядваюць смутныя фарбы, дык яны праглядваюць толькі выпадкова, і не яны даюць асноўны грунт яе творчасьці. У асноўным і цэлым яе поэзія — оптымістычная. Крыніца гэтага оптымізму — захапленьне сіньню неба, закаханьне да магутнай прыроды. Сапраўдны думанастрой поэткі выдае першая палова яе прадмоўнага вершу:
Ад няпрыветных песьняў гора, |
Прырода ў шматфарбнасьці яе зьяў і процэсаў, У вялічавай спакойнасьці пушч-лясоў і бязьмежнай сіньню неба ёсьць магутнай крыніцай, якая здымае з сэрца людзкога ўсе атруты і пакуты:
Слабы, хворы ў цішы скора („Крыніца“). |
Такім спосабам, жыцьцё прыроды, азначаючы зьмест творчасьці, тэматыку поэткі, азначае і выпраўляе, там, дзе трэба, асноўныя тоны яе поэзіі.
Крыніца — здаровая, багатая, дадатная, якая сапраўды можа ўзгадаваць прыродную поэтычную здатнасьць.
Побач з гэтай крыніцай стаіць і другая таксама невычарпальная, найбагацейшая крыніца мастацкай поэзіі, — жывая творчасьць народная, — крыніца, з якой узяты тэмы для апошняга пятага разьдзелу зборніка „Зачараваны кут“. Тутака лірыка мае нахіл зьмяніцца на эпос, і вершы пераходзяць e баляды, апрацаваныя на фольклёрныя тэмы: „Балотніца“, „Плач старога лясуна“, „Вясельле“, — вадзянога дзеда з заліўцай-дзяўчынай. Асабліва добра ўдаюцца Арсеньевай, чаго і натуральна чакаць ад поэткі, вобразы загубленых дзяўчын-каханак. Яе баляды на гэтыя тэмы — найлепшыя ў нашай поэзіі.
Цікавасьць да фольклёрных мотываў ясна вызначылася ў першым ужо зборніку твораў Натальлі Арсеньевай, — і гэта цікавасьць можа абяцаць новыя, самыя прывабныя далягляды для далейшага развою яе поэтычнай творчасьці.
Такім спосабам мы бачым Арсеньеву на тым самым шляху, якім прайшлі і іншыя нашыя выдатныя песьняры.
Якія могуць быць разьвіленьні гэтага шляху?
Ад прыроды — просты шлях да чалавека.
Ад натуралістычных і фольклёрных мотываў адчыняецца просты пераход да мотываў соцыяльных, да мотываў змаганьня за найлепшае жыцьцё ў вялікім чалавечым колектыве.
Калі гэтыя мотывы будуць выкарыстаны нашай поэткай, яе творчасьць знойдзе для сябе найпаўнейшае завяршэньне.
Абы-толькі, можна выказаць пэўнае пажаданьне, абы-толькі ўхіліцца ад небясьпекі збочыць на шляху далейшых шуканьняў у бяздоннае мора туманнай філёзофскай містыкі.
Здаровы натуралістычны кірунак думанастрою поэткі можа даць забясьпеку, што такога збочаньня ня будзе.