На літаратурныя тэмы (1929)/Наша літаратура за 1925 г.
← Аб творчасьці Натальлі Арсеньевай | Наша літаратура за 1925 г. Крытыка Аўтар: Мікола Байкоў 1929 год |
Беларуская проза за 1926 г. → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наша літаратура за 1925 год. |
НАША ЛІТАРАТУРА ЗА 1925 г.
(Увагі і гадкі)
Уздым літаратуры знаходзіцца ў простай залежнасьці ад экономічных фактараў. Гэта — ісьціна, супроць якой няма чаго і спрачацца.
Першыя гады нашай рэволюцыі — гады ваеннага комунізму і нябывалай гаспадарчай разрухі, гады страшэннага экономічнага заняпаду. Гэтым тлумачыцца тое, што, ня гледзячы на памысныя, як здавалася-б на першы погляд, умовы для разьвіцьця беларускага пісьменства на зары нашага рэволюцыйна-нацыянальнага адраджэньня, у гады ваеннага комунізму ў рачаіснасьці меў месца ня ўздым, а заняпад нашага слова ў параўнаньчі з дарэволюцыйным часам, або, лепш сказаць даваенным часам. Гэты завяпад стаіць перад маімі вачыма, як факт, — і я зусім не згаджаюся з тэй сантымэнтальнай ацэнкай беларускай літаратурнай сучаснасьці, якую даў у сваім артыкуле на гэткую тэму на старонках „Полымя“ за мінулы год (№ 1 і 2) У. Чаржынскі. Сапраўды, тая сучаснасьць, аб якой гаворыць У. Чаржынскі, на ⅘ зусім ня сучаснасьць, а дарэволюцыйнае мінулае, бо і „Новая зямля“ Я. Коласа, і „Спадчына“ Я. Купалы, і „Пад родным небам“ З. Бядулі і нават „Сокі цаліны“ Ц. Гартнага зьявіліся ў сваёй істоце ў думках іх аўтараў яшчэ да рэволюцыі і толькі з пэўнай напружанасьцю іх можна прыплесьці да рэволюцыйнай сучаснасьці. Праўда, пры жаданьні можна ў кожным літаратурным творы ўгледзець сучаснасьць, як, напр., тое робіць У. Чаржынскі ў адносінах да „Песьні аб паходзе Ігаравым“ у перакладзе Я. Купалы. Чытаем у яго артыкуле: „У момант найвялікшага напружаньня працаўнікоў, калі лёсы рэволюцыі вырашаліся сілай збройнай там, на палёх Палаўчан старадаўных, у гэты момант прагучэла „Песьня“. З бяздонных нетраў гісторыі яна, вынесеная на сьвет на струнах ліры поэты-грамадзяніна, загаманіла, можа несьвядома, можа цалкам выпадкова, але загаманіла ў тон з сучаснасьцю. І ў гэтым гомане сплялася медзь старажытнага вечавога звону з поклічам — „Вызваленьне працаўнікоў“ у сучаснасьці і ў гэтым гомане спляліся лязгатаньне мячоў „харалужных“, а шчыты паганыя з грымотамі барацьбы 1920—1921 г. там, у стэпах Украіны і Дону „сінявокага“, і ў гэтым гомане сплялася слава „кметам“ Куршчывы старадаўнай з славай кметам сучасным — чырвоным героям…“
Але ня буду цытаваць далей… Бо ясна, што, ідучы па сьцежках квяцістага крытыка, патрапім знайсьці першатравеньскія мотывы ў казаньнях Кірылы Тураўскага…
Да…, пакуль не пачалося экономічнае адраджэньне Беларусі, наша літаратурная рэволюцыйная сучаснасьць была вельмі ды вельмі небагатай.
Шэраг рэволюцыйных вершаў Ц. Гарнага, два-тры „грамадзкія“ вершы поэтаў-народнікаў ды невялічкі зборнічак вершаў Кудзелькі-Чарота і яго-ж невялічкая поэма аб „босых“, — вось і ўсё, што мы маем ад эпохі галадовак ды гаспадарчага абмізарненьня.
Нават тое, што было напісана раней, з вялікімі перашкодамі магло зьявіцца на старонках друку ў сыстэматызаванай постаці. Хаця думка аб выданьні поўных збораў твораў пісьменьнікаў дарэволюцыйнай мінуўшчыны паўсталі ўжо ў першыя гады рэволюцыі, але мінула цэлых 7 год, пакуль не прыступілі да яе практычнага ажыцьцяўленьня.
Бо ня было экономічнага грунту, і добрыя пажаданьні і імкненьні таялі ў паветры без таго, каб вылітавацца ў цьвёрдых матэрыяльных формах.
І толькі ад часу экономічнага адраджэньня пачынаецца наша літаратурная сучаснасьць…
Ужо што-кольвек у гэтых адносінах даў 1922 г., калі вышлі з друку зборнікі „Адраджэньня“. А сьледам, па меры экономічнага росту, літаратурны ўздым робіцца ўсё больш і больш прыметным. 1924 г. дае ўжо два новыя зборнікі твораў рэволюцыйнай эпохі ў прозе — „Веснаход“ Кудзелькі ды „Трэскі на хвалях“ Ц. Гартнага і, апрача таго, „Безназоўнае“.
Ад 1925 г. можна было чакаць яшчэ большага. У гэты год мы падышлі да даваеннай нормы вытвораў. Экономічная падваліна тонкай псыхічнай вытворчасьці пашыралася і паглыбілася.
Сапраўды, у 1925 г. відзён пэўны поступ у нашай літаратуры.
Папершае, мы маем пачатак поўнага збору твораў Я. Купалы. Прыгожа выдадзены, паводле правіл друкарскае тэхнікі, I том твораў Купалы будзе добрым помнікам нябожчыку году прошласьці. Ня буду ўжо гаварыць аб тым, што першыя творы Купалы якраз і выяўляюць поэтычную істоту песьняра, бо пара яго красаваньня прыпала на дарэволюцыйныя гады. „Жалейка“, „Гусьляр“, а асабліва „Шляхам жыцьця“ — вось сапраўдныя пэрлы творчасьці поэты і разам з тым пэрлы ўсяго нашага краснага пісьменства.
Як-бы ў згоду да I т. Купалы ў 1925 г. дачакалася свайго выдруку поэма Коласа „Сымон Музыка“. Жыцьцёпіс гэтае поэмы добра вядомы. Кожны, хто сочыць за нашай літаратурай, ведае, што Колас апрацоўваў сваю поэму ўжо ў час рэволюцыі, што другая рэдакцыя была страчана ім у час вандроўкі на Каўказ, што ў выдрукованым тэксьце дадзена ўжо трэцяя рэдакцыя поэмы. Гэтак выходзіць, што нібыта поэма прыналежыць амаль да самага 1925 г… Аднак, подых рэволюцыі бадай што не даткнуўся сутнасьці поэмы. Касьцяк яе — дарэволюцыйны.
Тым ня менш поэма славутага песьняра беларускай прыроды і быту ў тым выглядзе, у якім яна вышла з друку ў мінулым годзе, ёсьць вельмі выдатнай зьявай у галіне нашага прыгожага пісьменства. Некалькі можна было-б папікнуць аўтара за тое, што ня зусім поўна разьвінуты сюжэт поэмы. Аднак, вельмі высока стаіць тэхніка вершу, больш высокая, чымся тэхніка вершу ў „Новай зямлі“. Тутака Колас стаіць на аднакавай вышыні з Купалам…
„Крок за крокам“ і „У ціхай вадзе“ Коласа ёсьць старыя творы, хаця і ў новым выглядзе…
Подых рэволюцыі адчуваецца ў другім зборніку прозаічных твораў поэты, які пайшоў у публіку ў 1925 г., — яго зборніку „На рубяжы“, хаця аўтар апісвае не беларускую, а курскую быль часоў рэволюцыі.
Больш удалымі ў сэнсе мотываў і выкладу зьяўляюцца прозаічныя творы пісьменьніка, якія надрукаваны на старонках „Полымя“, у № 3 — „Прокурор“ і № 7 — „На парозе“. Тутака аўтар знаходзіцца ўжо проста пад уплывам зьяў рэволюцыі і яе ідэолёгіі.
Наогул-жа ў адносінах да нашай прозы мінулы год зьявіўся багатым годам.
У першую палову году вышаў з друку зборнік апавядавьняў Зарэцкага „У віры жыцьця“. Гэты зборнік крытыка справядліва палічыла багатым укладам у нашую літаратуру (гл. Полымя № 3). Сапраўды, лёгкія для чытаньня, сучасныя па сюжэту, напісаныя прыгожай мовай апавяданьні Зарэцкага значна пасуваюць уперад разьвязак проблемы нашай рэволюцыйнай мастацкай прозы. Невялічкі зборнічак новых апавяданьняў аўтара пад загалоўкам „Пела вясна“ выдадзены ў сэрыі „Кніжніца Маладняка“. можа замацаваць прыемнае ўражаньне ад яго творчасьці. За пэўны мінус аўтара можна палічыць хіба адно, — яго моладасьць і адпаведна гэтаму адсутнасьць глыбокага аналізу жыцьцёвых адносін, прадпасылкай для якога павінна быць наяўнасьць у аўтара шырокага, выраслага на грунце філёзофскага разьвіцьця і жыцьцёвага дасьведчаньня, свайго закончанага сьветапогляду. Такога сьветапогляду няма ў маладога пісьменьніка. Адсюль хаця факты жыцьця наогул зафіксаваны аўтарам правільна, аднак, ён нібыта коўзаецца па жыцьцёвай паверхні і не дае глыбокага псыхолёгічнага аналізу. Адсюль і пэўная „хадульнасьць“ герояў аўтара і самая кароткасьць яго апавяданьняў. На мой погляд, Зарэцкі — таленавіты пісьменьнік, але ён яшчэ не дарос датаго, каб даваць творы з складанай інтрыгай, глыбокім аналізам, прадуманым сьветапоглядам.
У гэтых адносінах вышэй за Зарэцкага стаіць Я. Нёманскі, зборнік апавяданьняў якога „На зломе“ вышаў у самым пачатку 1925 г. Нёманскі ў сэнсё агульнай адукацыі, псыхолёгічнага разьвіцьця і жыцьцёвага дасьведчаньня на цэлую галаву паднімаецца над нашымі маладымі пісьменьнікамі. Яго зборнік знойдзе сабе не абы-якога, а сур‘ёзнага чытача. І можна думаць, што школа яго чытачоў не абмяжуецца толькі беларусамі. Зборнік прачытае ад пачатку да канца і расіец, і украінец, і паляк. Тэмы аўтара сучасныя, тыпы герояў рознастайныя, жыцьцёвыя, абставіны абрысоўваюцца памастацку, мова лёгкая і апрацаваная, псыхолёгічны аналіз глыбокі і правільны. Адзін з галоўных сюжэтаў творчасьці Нёманскага, як і творчасьці Зарэцкага, — гэта каханьне паміж мужчынай і кабетай, але ёсьць пэўная розьніца паміж героямі Зарэцкага і Нёманскага: першыя кахаюцца, як хлопец і дзяўчына, другія — як мужчына і кабета. Падаснова апавяданьня Нёманскага больш глыбокая. Праўда, і ў яго ёсьць пэўная „хадульнасьць“ герояў, ёсьць пэўныя шурпатасьці, што асабліва выяўляецца ў першым па часе яго апавяданьні „Ромэо і Джульета на Беларусі“ (першы раз надрукаваны на старонках „Полымя“ ў 1923 г.), але апошяяе апавяданьне зборніку — „Абмылка“ ўжо ня мае шурпатасьцяй,
Наогул, зборнік Нёманскага можна палічыць ня менш багатым укладам у нашую літаратуру, як зборнік Зарэцкага.
Шэраг апавяданьняў і эскізаў, дадзеных на старонках „Полымя“, апроч ужо названых апавяданьняў Я. Коласа, паасобку апаваданьні і эскізы М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, Я. Ліманоўскага, Алеся Гародні, з яскравасьцю даводзіць, што ў мінулым годзе наша літаратурная творчасьць пэўна вышла на шлях утварэньня багатай зьместам мастацкай прозы, якая па сваіх мотывах ёсьць выразам рэволюцыйнай сучаснасьці.
Што да вершаў, дык мінулы год даў нам, апроч поэмы „Сымон Музыка“, зборнік вершаў Ц. Гартнага „Урачыстасьць“, як урачыстасьць рэволюцыі і ўрачыстасьць жыцьця. У свой час на старонках-жа „Полымя“ (№ 3) Улідзе, падкрэсьліваючы мастацкасьць паасобных вершаў зборніку, галоўным чынам, вершаў з часьціны „Урачыстасьць жыцьця“ („Случчына“, „Слуцак“ і г. д.), паказваў на шурпатасьць іншых вершаў, якая, на яго погляд, „яшчэ больш увыпукляецца (вось так слоўца! — дадам ад сябе) на фоне мастацка-прыгожых вершаў“. Я дазваляю сабе не згадзіцца з ранейшым крытыкам. На мой погляд, праз увесь зборнік праходзіць рыса мастацкасьці, адзнака поэтычнага таленту, які ўсё больш і больш разьвіваецца з формальна мастацкага боку, найбольш-жа ўдалымі вершамі я лічу тыя, што дадзены ў часьціне „Урачыстасьць рэволюцыі“. Тутака няма аніякай шурпатасьці. Тое, што здаецца крытыку шурпатасьцю, ёсьць хутчэй выразам рытму рэволюцьйнага змаганьня. Гэта ня шурпатасьць, а цьвёрдасьць, і не „неахайнасьць“, як кажа крытык, а поэзія рэволюцыянэра, якому няма калі думаць аб літаратурных каўнерчыках ды брыжыках. Можна пашкадаваць аб адным, што ўвесь зборнік вершаў поэты-рэволюцыянэра не афярованы ўрачыстасьці рэволюцыі. Бо без рэволюцыі няма жыцьця. У галіне мастацкай поэзіі, апроч паасобных выданьняў, дужа высока стаіць поэма М. Чарота „Марына“, якая зьявілася на старонках „Полымя“ (№ 2). Яна сьведчыць аб няўхільным поступе таленту маладога поэты.
У мінулым годзе, амаль што ў самым канцы яго, у выданьні Дзяржаўнага Выдавецтва выходзіць з друку зборнік вершаў Крапівы пад такім-жа самым загалоўкам „Крапіва“. Другія зборнічкі гэтага-ж поэты зьяўляюцца ў выданьні „Кніжніцы Маладняка“ („Асьцё“).
Крапіва — поэта асаблівага яшчэ няспробаванага ў нашай літаратуры жанру.
Поэта сам гэтак характарызуе сваю творчасьць:
Не цягнусь я за Чаротам,
Я ў мастацкім агародзе Я расту вось тут пад плотам |
Такім спосабам, сам поэта выдае сябе за беларускага сатырыка, і за ім асталявалася ў некаторых колах нашага грамадзянства рэпутацыя „Беларускага Дзямяна Беднага“.
Зборнікі Крапівы „Асьцё“ ў вершах і „Апавяданьні“ ў прозе, што вышлі ў „Кніжніцы Маладняка“, таксама выяўляюць прад намі імкненьне аўтара заняць стан беларускага сатырыка (ляпей было-б сказаць — шаржыстага).
Да гэтага часу ад пякучкі-крапівы больш за ўсё даставалася сучаснай вёсцы, бо на фоне вясковай цямноты, някультурнасьці і напружанай барацьбы старога і новага быту цьмяныя бакі рачаіснасьці асабліва выразна кідаюцца ў вочы. Але я маю пэўнасьць, што ў далейшым гэтая-ж самая крапіва напячэ і абармотам з гораду і датыркнецца да цьмяных бакоў і пролетарскага быту.
Няма сумненьня ў тым, што Крапіва ёсьць не абы-які пісьменьнік сярод сучасных беларускіх пісьменьнікаў, і яго зборнікі, якія вышлі з друку ў 1925 г., трэба лічыць каштоўным здабыткам нашае літаратуры.
Зарэцкі, Нёманскі і Крапіва — вось зоркі, якія пачалі яскрава мігціць з мінулага году і ўвайшлі ў нашую літаратуру не паасобнымі эпізодычнымі творамі, а цэлымі зборнікамі твораў, аб якіх ня можа не гаварыць літаратурная крытыка.
З лічбы гэтых пісьменьнікаў Зарэцкі і Крапіва — пісьменьнікі маладнякоўскага лягеру.
Пэўны поступ у 1925 г. выяўляецца і наогул з боку маладнякоўцаў.
Выразам гэтага поступу, ня кажучы ўжо аб часопісі „Маладняк“, зьяўляецца „Кніжніца Маладняка“, якая да пачатку 1926 г. налічвае ўжо да 20 выпускаў. Нават маладнякоўцы, хоць і колектыўна, зрабілі спробу напісаць больш менш монумэнтальны твор, цэлы роман „Ваўчаняты“, продукт творчасьці трох аўтараў.
Аднак, трэба зрабіць і некаторыя ўвагі аб гэтых посьпехах.
Папершае, хоць у выданьнях маладнякоўцаў, бязумоўна, ёсьць талентна напісаныя рэчы (як, напр., вершы Чарота, Пушчы, Дубоўкі, Труса і інш.), але ў іх ёсьць і шмат тандэтнага матэрыялу. Такі матэрыял знойдзецца амаль што ў кожным выпуску „Кніжніцы“. З гэтага погляду я знаходжу часткова няўдачнай самую ідэю „Кніжніцы“. Калі на кожнага аўтара адводзіцца спэцыяльны выпуск, дык ня дзіва, што аўтар, каб запоўніць адведзены яму асабіста лік аркушаў, пушчае ў друк свае нявынашаныя і неапрацаваныя творы. А гэтая спакуса асабліва моцная для маладых пісьменьнікаў. Вось чаму ў Якімовіча, напр., амаль што зусім няма „багатых“ рытмаў, недахопы ў рытміцы знойдзем і ў Труса, і ў Пушчы і ў інш. поэтаў. Здавалася-б, што лепей было-б, замест „Кніжніцы“, выдаваць зборнікі „Маладняка“ на манер хоць-бы, тых зборнікаў, якія выдае група „Звенья“. Шлях зборнікаў — гэта самы натуральны шлях маладых поэтаў. Толькі тады будзе пэўная забясьпека ад тандэтнасьці. Свае-ж абліччы, якія маюцца на вокладках „Кніжніцы“, маладыя поэты, калі гэта дужа патрэбна, маглі-б бачыць на старонках зборнікаў.
Падругое, значным бракам большасьці вершапісцаў з лягеру маладнякоўцаў зьяўляецца мова, — адарваная ад народнай глебы.
Недарма з лёгкай рукі Дубоўкі маладнякоўскія поэты пачалі даваць тлумачэньні-лексыконы да сваіх твораў. Тутака вялікая розьніца паміж пачынальнікам маладнякоўскага руху М. Чаротам і яго працягальнікамі. Наколькі добрая, ясная, зразумелая мова першага, настолькі цьмяна пішуць другія. Хіба мова аднаго Труса блізкая да мовы народнай.
Пры такіх умовах ня дзіўна, што вершы маладнякоўцаў незразумелы і для сялян, і для рабочых. І гэтая адарванасьць ад жывой народнай мовы падвойваецца лацінскімі назвамі некаторых выпускаў. Хіба думае т. Дубоўка, што яго „Credo“ зразумее просты беларус не-католік? А калі не зразумее, дык навошта ўся гэта творчасьць? Для мяне, прынамсі, і поэзія, і проза маюць сэнс толькі, як сродак комуністычнага выхаваньня шырокіх народных гушч. Па-за гэтай мэтай няма аніякіх мэтаў у пісьменьнікаў-марксыстых. Калі-ж ня так, калі поэзія „Маладняка“ ня будзе даступнай селяніну ды работніку, які сэнс будзе ў самай філіі „Маладняк“?
Колектыўны маладнякоўскі роман „Ваўчаняты“, па згоднаму прызнаньню крытыкі (у „Полымя“ № 7 — Engel, у „Сав. Беларусі“ № 300, — П. Галавач), аўтарам ня ўдаўся. Замест роману, вышла якаясь бязладзіца і няпрыстойнае тарахценьне. Шкада паперы і друкарскае фарбы, якія пайшлі на гэты колектыўны твор.
Але затое з паасобных маладнякоўцаў-прозаікаў значна высунуўся наперад Кузьма Чорны (вып 3. „Кніжніцы“ — „Апавяданьні“, і вып. 11 — „Срэбра Жыцьця“). Кузьму Чорнаму належыць добрая будучыня ў галіне беларускай прозаічнай літаратуры. Як стылісты, ён стаіць вышэй і Зарэцкага, і Нёманскага. Па сіле мастацкай здольнасьці ён збліжаецца з Я. Купалам. Сюжэты К. Чорнага сучасны і вельмі ўдалы. І разам з тым, у кожным апавяданьні Чорнага адчуваецца шчыры беларускі настрой.
Такім спосабам, бачым, што і „Кніжніца“ Маладняка пакінула пасьля сябе сьлед у нашай прозе ад 1925 г.
Разьвінаць далей мастацкую беларускую прозу — вось задача, якую наказаў год-нябожчык году-наступніку.