Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Беларусі
← Янка Лучына (Іван Неслухоўскі) | Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Беларусі Манаграфія Аўтар: Міхаіл Піятуховіч 1928 год |
Цётка (Алоіза Пашкевіч-Кейрыс) → |
РЭВОЛЮЦЫЯ 1905-1906 Г. НА БЕЛАРУСІ (НАШАНІЎСКІ АДРАДЖАНІЗМ)
У курсе літаратуры няма патрэбы спыняцца падрабязна на тых фактарах соцыяльна-экономічнага парадку, якія выклікалі на Беларусі рэволюцыю 1905 году; варта адзначыць толькі галоўныя з іх.
Такімі галоўнымі фактарамі былі ўзрастаўшыя ў нас соцыяльныя супярэчнасьці. Гаспадарчае жыцьцё Беларусі спачатку і асабліва з сярэдзіны другой паловы мінулага сталецьця характарызуецца ўзмацненьнем процэсу капіталізацыі. Гэтае ўзмацненьне назіраецца як у галіне сельскай гаспадаркі, так і ў галіне прамысловасьці; капітал усё больш і больш пачынае пранікаць і ў вёску і ў горад. Экономіка Беларусі ўсё больш і больш уцягвалася ў той процес капіталізацыі Расіі, які так дасканала дасьледваны Леніным у яго вядомай клясычнай працы.
У вёсцы з прычыны ўзмацненьня капіталу зямля паступова пераходзіць з рук шляхты ў рукі купецтва і заможнага сялянства. Аб такой мобілізацыі ўласнасьці гавораць наступныя лічбы: у 1863 годзе шляхецкай зямлі было ў нас 18 мільёнаў дзесяцін, а ў 1905 годзе толькі 9,7 мільёнаў дзесяцін; за той-жа час сялянскае зямляўладаньне паднялося з 8,2 да 12,7 мільёнаў дзесяцін.[1] Ня гледзячы на такі шпаркі тэмп у зьменах зямляўладаньня, усё-ж такі Беларусь напярэдадні рэволюцыі заставалася краінай буйнога зямляўладаньня; у сярэднім на адно прыватнае ўладаньне прыпадала тут у 1905 годзе 733 дзесяціны (у 1877 годзе ― 1126 дз.). У вёсцы моцна яшчэ адчуваўся ўціск абшарніка; досыць моцны яшчэ былі перажыткі фэўдалізму (плата натурай, адработак ды інш.). Побач з старым уціскам абшарніка нарастае ў вёсцы новы ўціск кулака, заможнага селяніна; гэты ўціск вялікім цяжарам кладзецца на плечы бедняка; у вёсцы абвастраюцца соцыяльныя супярэчнасьці; адначасна з ростам кулацтва разьвіваецца процес паўпэрызацыі вёскі; разам з кулаком расьце і вясковы пролетары батрак; найбольш энэргічныя сілы вёскі ідуць на дальнія заработкі, імкнуцца ў гарады.
У гарадох і мястэчках у галіне прамысловасьці таксама адбываюцца вялікія зрухі; Беларусь відавочна становіцца на шлях індустрыялізацыі, расьце і ў нас адносна буйная прамысловасьць: гэта нарастаньне ў процантах к 1866 г. можна прадставіць у наступных лічбах:
|
Такім чынам, процэс пранікненьня капіталу на Беларусь меў сваімі вынікамі соцыяльныя супярэчнасьці як на вёсцы, так і ў горадзе і ў мястэчку; на вёсцы ва ўсёй сваёй вастрыні паўставала аграрнае пытаньне, у горадзе і мястэчку-рабочае пытаньне.
Апроч таго, трэцім фактарам рэволюцыі на Беларусі быў нацыянальны ўціск, які моцна адчуваўся, дзякуючы русыфікатарскай політыцы расійскага самаўладзтва. Мы бачым, што розныя політычныя партыі, якія засноўваліся на Беларусі і бралі на сябе організацыю рэволюцыйных сіл у нашай краіне ("Беларуская Соцыялістычная Грамада", "Рас. Соц.-Дэм. Рабочая партыя", Польская Соцыялістычная Партыя, "Бунд" і інш.) сваёй мэтай ставілі ня толькі соцыяльнае, але і нацыянальнае вызваленьне працоўных мас Беларусі.
Ідэі соцыяльнага і нацыянальнага вызваленьня выказваліся і ў друку. Рэволюцыя спараджае друк на беларускай мове. Першая легальная беларуская газета "Наша доля" была заснавана ў Вільні ў верасьні 1906 году. Кіраўнікамі газэты былі члены Цэнтральнага Камітэту Беларускай Соцыялістычнай Грамады-Антон і Іван Луцкевічы і Вацлаў Іваноўскі. Апроч таго, у газэце бралі ўдзел Уласаў, Янка Купала, Якуб Колас ды інш. Газэта ставіла сваёй задачай абараняць інтарэсы вясковага люду і адбуджаць яго сьвядомасьць. Ня гледзячы на такія скромныя задачы, "Наша Доля" выклікала перасьледваньне з боку ўлады. З першых шасьці нумароў 5 было конфіскавана, а на шостым яна зусім была забаронена. Замест забароненай "Нашай Долі" ў лістападзе таго-ж 1906 году пачала выходзіць газэта "Наша Ніва". „Увакол новай газэты,—кажа професар Ігнатоўскі, — згуртаваліся ранейшыя культурнікі з дадаткам новых, больш правых элемэнтаў. Дзякуючы гэтаму, новая газэта была правейшаю за "Нашу Долю". З клясавым кірункам яна зусім парвала і стала на грунт адзінага нацыянальнага фронту.[2] Свае мэты газэта вызначыла ў першым нумары ў такіх словах: "Ня думайце, што мы хочам служыць толькі ці паном, ці адным мужыком. Не, ніколі не. Мы будзем служыць усяму беларускаму пакрыўджанаму народу; пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць. Мы будзем старацца, каб усе беларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсьць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы і памаглі нам у нашай рабоце".[3]
"Наша Ніва", такім чынам, выразна стаяла на пляцформе лібэральнага нацыянал-демократызму, але часам газэта зыходзіла з гэтай позыцыі і станавілася на шлях абароны вясковай беднаты, рабілася сялянскай газэтай. Гэтым тлумачыцца факт популярнасьці "Нашай Нівы" сярод вясковага жыхарства. За першыя тры гады свайго існаваньня газэта атрымала 960 корэспондэнцый з 489 вёсак, надрукавала 246 вершаў 61 песьняра і 91 апавяданьне 36 аўтараў".[4]
Вялікую ролю адыграла "Наша Ніва" і ў разьвіцьці беларускай літаратуры, у справе групаваньня навокал сябе і выхаваньня новых літаратурных сіл.
Буралом першай рэволюцыі глыбака ўскалыхнуў беларускае народнае мора, на паверхню якога выходзіць шмат талентаў-самародкаў з розных соцыяльных колаў. Тут ёсьць і выхадцы з абяднелай засьцянковай шляхты (Каганец, Цётка Ядвігін Ш., Янка Купала, Альберт Паўловіч), прадстаўнікі сялянства (Якуб Колас, Язэп Лёсік, Максім Гарэцкі ды інш.) сыны гарадзкой і местачковай беднаты (Алесь Гарун, Зьмітрок Бядуля), дзеці пролетарыяту (Цішка Гартны, Ф. Шантыр) і інтэлігенцыі (М. Багдановіч).
З гэтых розных соцыяльных элемэнтаў пад уплывам рэволюцыі ствараецца новы тып беларускага інтэлігента сьвядомага адраджэнца, крэўна зьвязанага з роднай краінай і родным народам.
Загартаваўшыся ў атмосфэры нашаніўскага руху, беларускія адраджэнцы выступаюць ня толькі ў пэрыодычным друку, але і ў мастацкай літаратуры,—утвараецца так званы нашаніўскі пэрыод беларускай літаратуры.
Свае песьні народныя поэты-самародкі складаюць пад аднастайны шум рабочага варштату, або пад шырокія і вольныя песьні жаўранка на палетку бацькаўскае нівы.
Рэволюцыя дала агульныя тэмы гэтым песьням. Такой грунтоўнай тэмай зьяўляецца ў песьняроў-нашаўніцаў тэма бацькаўшчыны, вызваленьня яе з нацыянальнага і соцыяльнага ўціску. Заўважаецца пры гэтым і некаторая дваістасьць настрояў, агульная для песьняроў данае пары. З аднаго боку яны выяўляюць агромністую волю да жыцьця, веру ў будучыну, бадзёрасьць. Аснова гэтай бадзёрасьці—сувязь з працоўнымі масамі, сувязь з роднай глебай, ад дотыку да якой беларускія песьняры, накшталт старажытняга Антэя, атрымліваюць сваю моц і сілу. Але з другога боку, на творчасьці нашаніўцаў адбіваецца ўплыў соцыяльна-экономічнага крызісу і цяжкой полытічнай рэакцыі, якая запанавала на руінах першай рэволюцыі. Вось чаму песьняры-нашаніўцы адыходзяць часам ад гэтай смутнай рачаіснасьці ў глыб прошласьці, якая прадстаўляецца ім у романтычным асьвятленьні, або ў глыбіню сваіх асабістых перажываньняў: у творчасьці песьняроў данае пары выяўляюцца налёты смутку і гамлетызму.
Так, у творчасьці нашаніўцаў выяўляюцца дзьве плыні: прыяцьце жыцьця, барацьба за паляпшэньне яго форм і адначасна ўцёкі ад жыцьця.
Але пры агульных настроях пісьменьнікі-нашаніўцы выяўляюць і свой асобны мастацкі твар; кожны з іх мае сваю творчую домінанту, ускрыць якую і зьяўляецца задачай нашых наступных эцюдаў.
Стар.
|