Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Эпоха распаду і ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі/Янка Лучына (Іван Неслухоўскі)
← Францішак Багушэвіч | Янка Лучына (Іван Неслухоўскі) Манаграфія Аўтар: Міхаіл Піятуховіч 1928 год |
Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Беларусі → |
ЯНКА ЛУЧЫНА (ІВАН НЯСЛУХОЎСКІ)
Іван Няслухоўскі нарадзіўся ў Менску ў 1851 г. у сям'і адвоката. Тут-жа ў Менску будучы поэта атрымаў сярэднюю адукацыю ў гімназіі. Скончыўшы гімназію, ён вучыўся ў Пецярбурзе, спачатку ў унівэрсытэце, на фізычна-матэматычным факультэце, а потым у Тэхнолёгічным Інстытуце, дзе дастаў годнасьць інжынэра-тэхнолёга ў 1877 г. Уступіўшы у самастойнае жыцьцё, Іван Няслухоўскі спачатку служыць на поўдні на каўкаскіх чыгунках, а потым прыяжджае ў Менск з мэтай даведацца радні. Тут у Менску з ім здараецца няшчасьце-яго разьбівае паралюш, з часам ён крыху паправіўся, мог хадзіць з двума кійкамі і нават служыць у Тэхнічным бюро Лібава-Роменскай чыгункі. У родным Менску Івану Няслухоўскаму суджана было скласьці і свае косьці - памёр ён у 1897 г., пахаваны ў Кальварыі.
Іван Няслухоўскі па сваёй творчасьці належыць, як і большая частка ранейшых нашых поэтаў, да літаратуры польскай і беларускай. Разьвіцьцё гэтай творчасьці прыпадае асабліва на пэрыод з 1883 па 1890 г. Найбольш буйнымі яго творамі, напісанымі на польскай мове, зьяўляюцца: Hanusіa, Wіoletta, Andrej. Апроч таго, у 1898 г. вышаў томік яго вершаў на польскай мове, дзе зьмешчаны: "Akwarelkі myslіwskіe". Але і ў польскіх яго творах большаю часткаю апісваецца беларускае жыцьцё, сустракаюцца беларускія словы і звароты мовы. Вершы, напісаныя на беларускай мове, зьмешчаны ў невялічкім зборніку "Вязанка", які выданы ў Ленінградзе ў 1903 годзе гуртком студэнтаў-беларусаў.
Існуюць весткі, што гэты зборнік убачыў сьвет выключна дзякуючы невуцтву цэнзара, якога ўпэўнілі, што "Вязанка“ напісана на баўгарскай мове. У зборнічак увайшлі ня ўсе вершы, напісаныя Іванам Няслухоўскім на беларускай мове. Некаторыя з іх раскіданы па часопісах і другіх крыніцах, напрыклад, вядомы яго верш "Роднай старонцы", зьмешчаны ў календары Слупскага за 1892 год і ў „Нашай Ніве" (1917 г. № 17); адна яго песьня надрукавана у "Вольнай Беларусі" (1918 г. № 29); у ўдавы Няслухоўскага некаторыя вершы яго захаваліся ў рукапісным відзе.
Акад. Карскі, разглядаючы творчасьць вана Няслухоўскага, выказвае думку, што поэзія яго служыць толькі дадаткам да творчасьці Багушэвіча. І сапраўды, на першы погляд між Багушэвічам і Няслухоўскім ёсьць блізкае падабенства; галоўнымі мотывамі творчасьці таго і другога зьяўляюцца мотывы нацыянальныя і соцыяльныя; але за гэтым знадворным падабенствам захоўваецца глыбокая розьніца па сутнасьці; у Янкі Лучыны іншая трактоўка гэтых мотываў, чым у Багушэвіча.
Нацыянальныя мотывы выяўлены ў Янкі Лучыны ва ўступным вершы: "Ня я пяю, народ божы", у творах „Горсьць пшаніцы", "Бусел" і некаторых інш.
Ва ўступным вершы пясьняр адзначае глыбокую унутраную сувязь, якая зьвязвае яго з народам; ён кажа:
Ня я пяю, народ божы |
У гэтым вершы адчуваецца народнік, які выхаваўся ў гэроічную эпоху 70 гадоў і сэрца якога сапраўды білася ў унісон з народам.
Думка аб неабходнасьці органічнай сувязі з народам становіць сабой і ідзёвую аснову твору "Горсьць пшаніцы", які зьяўляецца вольным насьледаваньнем Кандратовічу. Тут з трох братоў, якія з мэтай выпытаў пасланы ў чужыя краі, прызнаецца вартым пасады старшыні толькі малодшы, бо толькі ён адзін застаўся верным роднай краіне, тымчасам як два старэйшыя паддаліся змусьце і захапіліся чужынай. У вусны старога Піліпа ўкладаюцца тут словы, якія, відаць, выражалі ідэолёгію самога аўтара-народніка; гэрой апавяданьня кажа:
З дурня-глупая навіна, |
Хто наш звыйчай, чы ігрышча |
Так глыбокая сувязь з роднай краінай у сфэры суб'ектыўнага вопыту прадстаўляе сабой аснову ўласных перажываньняў песьняра, у сфэры вопыту знадворнага, аб'ектыўнага, гэта сувязь, на думку поэты, прадстаўляе сабой грунт, на якім чалавек толькі і можа ажыцьцявіць сваю грамадзкую вартасьць. Калі якія-небудзь акалічнасьці гвалтоўна перарываюць гэту сувязь, то ўтвараецца вялікая душэўная колізія, якая прадстаўлена ў сымболічным вобразе бусла, у вершы пад тэй-жа назвай... Бусел павінен ляцець у вырай; голад і бяда гоніць яго прэч з айчыны, і ён аддаецца ціхім развагам аб родным краі:
Добра на вырай ляцець цяплейшы, |
У сваёй аснове верш "Бусел"-твор аўтобіографічны. І сам аўтар доўгі час жыў на чужыне, на поўдні, але яго вабіла да сябе родная краіна, ён адчуваў вялікую сувязь з ёй і у яе межах правёў астатнія гады свайго жыцьця. Але нарысаваны ў творы сымболічны вобраз перарастае аўтобіографічныя асадкі, у ім увасоблена тыповая соцыяльна-бытавая зьява: колькі беларусаў прымушаны былі з прычыны экономічных умоў пакідаць айчыну, шукаючы сабе шчасьця і долі ў Сібіры, або у далёкай Амэрыцы і ў іншых краінах! На аснове трапнай сымболікі ў творы Няслухоўскага выяўлены трагічныя перажываньні гэтых пасынкаў жыцьцёвага лёсу, якіх злая доля разлучала з бацькаўшчынай.
Такім чынам, у творчасьці Лучыны заўважаюцца некаторыя элемэнты псыхолëгізму; яго пераважна цікавіць унутраны сьвет чалавека, яго настраёвасьць, склад думак і пачуцьцяў.
Ён ня ўзгрунтоўвае нацыянальную проблему на довадах гістарычных і этнографічных, як робіць то Багушэвіч; для яго гэта проблема ў першую чаргу факт псыхолёгічны: чалавек крэўнаю сувязьзю зьвязаны з айчынай, усякі разрыў гэтай сувязі хваравіта адбіваецца на яго псыхіцы і адбірае грунт для грамадзкай працы. Мотыў, слаба намечаны ў Багушэвіча, у яго вершы "Мая хата", у "Вязанцы" разрастаецца ў асноўную тэму творчасьці.
Той-жа некаторы налёт псыхолёгізму адчуваецца і ў вершах Няслухоўскага з соцыяльным зьместам. Тымчасам як Багушэвіч пераважна малюе нам знадворны стан селяніна, яго беднасьць, бяспраўе, Янка Лучына імкнецца заглянуць у сялянскую душу. У даным стасунку характарна ужо самая назва вершу "Што думае Янка, вязучы дровы ў горад". У вершы малюецца селянін, які ў сьвята на каляды вязе дровы ў горад; маляўніча прадстаўлена беднасьць Янкі; мы бачым яго старую, падраную, ветрам падбітую сярмяжку і гэту яго худую кабылку, якая спыняецца на кожным кроку. Але беднасьць толькі фон, на якім выяўлена ў творы зьмена рознастайных перажываньняў гэроя: тут схоплены і думкі аб хаце, і надзеі продаць дровы і набыць хлеба для сям'і; прадстаўлена, як на момант выплыла думка аб чарцы і зараз-жа пужліва зьнікла пры ўспамінах аб даўгох Шлёме.
Яшчэ вялікшы ўхіл у бок псыхолёгізму заўважаецца ў творы "Стары лясьнік". Гэты твор прадстаўляе сабой першую спробу нарысаваць цэльны беларускі характар-характар чалавека, загартаванага ў жыцьцёвай барацьбе і ўпартага ў дасягненьні сваіх мэтаў. Праўда, мэты гэтыя самі па сабе ня шырокія; у вершы малюецца, як стары Грышка адзін, ня гледзячы на ўсе адгаворы пана, ідзе на мядзьведзя і забівае яго за тое, што ён задраў жарабя. Але перад намі моцны чалавек з яскрава выяўленай энэргіяй і сілай волі.
Як-бы некаторую лёгічную сувязь з творам "Стары лясьнік" мае ў Няслухоўскага маленькі яго верш "Сівер". У першым творы, мы бачылі, выяўлена, што на Беларусі ёсьць моцныя характары, у другім творы як-бы даецца адказ на вынікаючае адсюль пытаньне, чаму-ж, маючы такія характары, старонка знаходзіцца ў заняпадзе, чаму не разьвіваюцца потэнцыяльна багатыя яе сілы.
У гэтым вінаваты знадворныя перашкоды: над старонкай праносіцца паўночны сівер, які замінае зарунець палём, устрапянуцца духу ў чалавечых грудзях і забыць мора смутку і сьлёз. У вершы можна бачыць алегорычнае найменьне на ўціск царскага бюрократызму, які душыў жывыя сілы Беларусі і асяродкам якога была паўночная сталіца Пецярбург: адтуль, як нейкі паўночны замаражваючы сівер, ляцелі на Беларусь усялякія загады і мерапрыемствы, што скоўвалі свабоднае выяўленьне беларускіх народных сіл.
Гэткім чынам, у творчасьці Янкі Лучыны заўважаецца выразны нахіл у бок псыхолёгізму. Нацыянальная проблема ім узгрунтоўваецца выключна на псыхолёгічным базісе; рысуючы нам соцыяльны стан беларускага селяніна, поэта імкнецца прасякнуць у душу гарапашніка; нарэшце, мы знаходзім у яго першыя спробы даць акрэсьлены беларускі характар. Ня гледзячы на ўсю сваю колькасную нязначнасьць, "Вязанка" Янкі Лучыны ў якасных адносінах становіць сабой досыць паважны момант у разьвіцьці беларускага пісьменства. З гэтым зборнікам наша літаратура выразна становіцца на шлях абмалёўкі ўнутранага сьвету чалавека-шлях, які ў нашыя дні ўзгрунтованы асабліва ў творчасьці Якуба Коласа, Зьмітрака Бядулі, але першыя боразны якога бясспрэчна пракладзены Янкай Лучынай. Да яго псыхолёгічны элемэнт амаль што зусім адсутнічаў у беларускай літаратуры. Дунін-Марцінкевіч, як мы бачылі, дае нам пераважна зарысоўкі сьвяточнага сялянскага побыту; вузкую і аднастайную псыхолёгію сваіх герояў ён уціскае ў традыцыйныя асадкі сантымэнтальнага шаблёну. Багушэвіч гэтак сама мала зачапляе псыхолёгію селяніна, концэнтруючы сваю ўвагу, галоўным чынам, на абмалёўцы нацыянальнага і соцыяльнага ўціску. Найбольш выразныя спробы у напрамку абмалёўкі гэтай псыхолёгіі мы сустракаем стала ў Янкі Лучыны.
Другая характарная рыса Няслухоўскага гэта-нахіл яго да элегічных і эфэктна-драматычных сытуацый. Бусел, пакідаючы родную старонку; Янка, які пакутуе у марозную ноч і марыць аб цёплай хаце і чарцы гарэлкі, - усё гэта глыбака сумныя, элегічныя вобразы. Але калі поэта малюе нам душу старога лясьніка, які ахоплены пакутай і забываецца на інстынкт самазахаваньня, то тут ён узвышаецца да сапраўднага драматызму. Гэты драматызм даходзіць да трагізму ў запазычаным па сюжэту творы "Ямшчык", дзе гэрой з вясёлага і разгульнага юнака робіцца, страціўшы каханую дзяўчыну, мэлянхолікам, адзінокім нават у часы забаў і вясельля; твор малюе нам напружнасьць перажываньня, на якую здольны і просты чалавек: трагічнае здарэньне перавярнула дагары дном усю душу "Ямшчыка". Па сваёй псыхолёгічнай аснове твор „Ямшчык“ блізкі да твору "Стары лясьнік": там выяўлена моц помсты, тут моц каханьня. Але і тут і там аднолькавы драматычны фон падзей.
Пры агульным элегічным і драматычным нахіле поэты нават прырода ня ўносіць супакою ў яго душу. Характарным у гэтым стасунку зьяўляецца верш яго "Што птушкі казалі". У вершы даецца пекнае апісаньне маёвай раніцы:
А было-ж гэта ў маі, |
Але п'яныя сваты, якія варочаюцца з вясельля да хаты ў гэту раніцу, пасвойму ператлумачваюць сьпевы птушак. У трэлях салаўя ім чуецца просьба: "дай!.. дай!", у гуках драча: "дзяры, бяры!"... нарэшце варона, здаецца ім паказвае на канчатковыя вынікі гэтага хабарніцтва - у яе краканьні яны падслухоўваюць гаворку:
Кралі!.. кралі!.. кралі!.. |
На тэй-жа аснове паралелізму між прыродай і чалавекам пабудованы і верш "Каршун"; верш адкрываецца трапным апісаньнем летняга дня:
Быў ясны дзень, гарачы дзень, |
Але гэтую супакойную ідылію вясковай цішы, як апавядае далей пясьняр, перарывае смутнае здарэньне: бедная птушка, якая паднялася ўгару, у паднябесную высь, зрабілася здабычай ястраба. Гэтае здарэньне спараджае ў поэты сумныя развагі:
Што гэта мне за знак? |
Адказ на пытаньне: што гэта мне за знак?-дае другая частка вершу, дзе апавядаецца аб прыбыцьці ў вёску шынкара, які адчыніў шынок і прыпадабняецца поэтай да каршуна.
Паданыя вершы паказваюць, што Янка Лучына досыць тонка адчуваў пекнату прыроды; яму было даступна і захапленьне поэзіяй маёвай раніцы, і ўпаеньне цішынёй летняга дня, але адначасна пясьняр далёкі быў ад супакойнага, чыста эстэтычнага спагляданьня хараства; ён зьвязвае адным ланцугом сьвет прыроды і сьвет чалавека, паміж гэтымі абодвума сьветамі ён заўважае нейкую патаемную, містычную сувязь; у зьявах прыроды ён бачыць як-бы пэўнае найменьне на соцыяльныя крыўды, і ў гэтыя зьявы ўносіцца ім нешта элегічнае або драматычнае.
Рысуючы элегічныя і драматычныя вобразы, пясьняр не ўдаецца ў роспач, адчай. Яму даступны былі развагі а лепшай будучыне. Праўда, гэтыя развагі носяць часам характар нейкага душэўнага надрыву; поэта як-бы ня верыць у зьдзейсьненьне сваіх думак; ён сам адносіцца да іх сатырычна і нават саркастычна; мары аб лепшым ён проціставіць сумнай рачаіснасьці; у яго мы знаходзім горкае прызнаньне, што сярод цяжкіх умоў жыцьця аддавацца марам аб лепшым-гэта дзіцячая забава пусканьня мыльных бурбалак. У вершы "Надта салодкія думкі" ён кажа:
Пакуль доля нам засьвеце, |
Але ў Янкі Лучыны, як у кожнага сапраўднага поэты, відаць была глыбокая ўнутраная патрэба будаваць гэтыя павятровыя палацы, у марах адпачыць душой ад цяжкай рачаіснасьці, бо, паводле яго ўласных слоў, "мары згоняць хмары".
Як-бы поэтычны сынтэз рачаіснасьці і лятуценьня прадстаўляе сабой адзін з лепшых твораў Лучыны-яго верш "Роднай старонцы". Поэта тут не заплюшчвае вачэй на акаляўшую яго рачаіснасьць, ён у такіх шчырых словах характарызуе сучасную яму гаротную Беларусь:
Ты параскінулась лесам, балотамі, |
Але ў душы поэты жыла вера, што надыйдзе час, калі усё гэта, уся гэта народная беднасьць і цемра згаснуць, як жудасная здань. Свой сумны малюнак Беларусі ён канчае выразам бадзёрай веры ў лепшую будучыну; ён кажа:
Сонца навукі скрозь хмары цёмныя |
Сам чалавек адукаваны, інжынэр па профэсіі, Янка Лучына верыць у моц навукі; навука сваім сьвятлом разгоніць цёмныя хмары нядолі; яна-парука лепшай долі дзетак патомных. Гэта-залатыя словы нашага поэты; яны ствараюць сабой сьцяг, пад якім павінна разьвівацца і соцыяльнае і нацыянальнае адраджэньне Беларусі.
Так у беларускага песьняра выяўляецца пэўная ідэолёгія: ён народнік, выхаваны ў атмосфэры 70 гадоў, але народнік на сьвядома-нацыянальнай аснове, які ў цёмнай далі будучыны прадугледзеў сьветлыя зоры лепшай долі для роднай краіны.
З боку формы творчасьць Няслухоўскага не ўяўляе асаблівай вартасьці. Сам поэта сьведчыць аб бясштучнасьці сваёй няхітрай музы; паводле яго ўласнага прызнаньня, -
Жартамі, сьлязамі |
Гэта прастата адчуваецца ў Янкі Лучыны і ў самым стылі і асабліва ў пабудове вершу, які часам вызначаецца сваёй нявытрыманасьцю і шурпатасьцю. Мова песьняра таксама не вызначаецца сваёй чыстатой. У яго часта трапляюцца яўныя русіцызмы (даеш замест дасі; грудзь замест грудзі; кружась замест кружачыся ды інш.).
Але недахваты Формы выкупляюцца ў Янкі Лучыны зьместам. Праўда, мы ня знойдзем у яго тэй напружнасьці нацыянальнай і соцыяльнай думкі, якая характарызуе сабой Багушэвіча, ня знойдзем у яго і Багушэвіцкага жоўчнага абурэньня супраць соцыяльнай крыўды; грамадзкая каштоўнасьць яго творчасьці значна ніжэй, але затое значна шырэй дыяпазон гэтай творчасьці. Тымчасам, як у Багушэвіча амаль што ўсе мастацкія сілы концентруюцца ў адзіным парыве злосьці за пакрыўджанага нацыянальна і соцыяльна мужыка, Янку Лучыне даступны былі больш мяккія лірычныя эмоцыі: ён успрымае хараство прыроды, ведае романтычнае парываньне ў вобласьць мары. Апроч таго, ён імкнецца пранікнуць у душу селяніна, умее рысаваць глыбака элегічныя і драматычныя вобразы. Тонкае злучэньне элегічнасьці і некаторай бадзёрасьці збліжае яго з далейшымі беларускімі песьнярамі. Ён як-бы стаіць на рубяжы дзьвюх эпох: народніцкай і нашаніўскай. Як і ў пісьменьнікаў нашаніўцаў, у Лучыны мы знаходзім смутак ад уразуменьня неадпаведнасьці жыцьця ідэалу і адначасна глыбокую веру ў канчатковае зьдзейсьненьне гэтага ідэалу.