Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Беларусі/Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі)
← Цётка (Алоіза Пашкевіч-Кейрыс) | Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) Манаграфія Аўтар: Міхаіл Піятуховіч 1928 год |
Алесь Гарун → |
ЯДВІГІН Ш. (АНТОН ЛЯВİЦKİ)
Лепшымі крыніцамі біографіі Ядвігіна Ш. зьяўляюцца пасьмертныя ўспаміны аб пісьменьніку Ванды Лёсік і Бадуновай.[1]
Ва ўспамінах В. Лёсік дана досыць грунтоўная біографічная канва, занатаваны галоўныя моманты ў жыцьці Ядвігіна Ш.—моманты, якія прадстаўлены ў наступным відзе.
Паходзіць пісьменьнік з старажытнага шляхецкага роду Лявіцкіх, калісь гэты род валадаў вялікімі маёнткамі ў Меншчыне і Віленшчыне, але потым паступова экономічна згалеў і заняпаў; бацька пісьменьніка толькі меў ужо невялічкі хвальварак у Віленшчыне. Бацька Ядвігін Ш., Ян Лявіцкі, быў афіцэр расійскай службы, але ў часе паўстаньня палякаў, каб ня быць прымушаны выступаць супраць паўстанцаў, вышаў у адстаўку і служыў потым кіраўнічым у маёнтку Добасьня на Магілеўшчыне.
У гэтым маёнтку ў 1866 г. і нарадзіўся Антон Лявіцкі; тут-жа ён і правёў першыя гады свайго дзяцінства. З Добасьні бацькі яго пераехалі ў маёнтак Першаі на Меншчыне; адтуль Антон Лявіцкі паступіў у Менскую гімназію але, ня скончыўшы поўнага курсу вучэньня ў ёй, пераехаў у Macкву; тут, відаць, экстэрнам вытрымаўшы экзамен на "атэстат зреласьці", паступіў у Маскоўскі унівэрсытэт на медычны факультэт.
У сваім апавяданьні „Перапуд“ пісьменьнік добра абрысоўвае тую атмосферу арыштаў і вобыскаў, у якой жыло студэнцтва 90 гадоў мінулага сталецьця і ў якой адыгрываецца тут жартаўлівая містыфікацыя вобыску, прадстаўляючая сюжэтны вузел апавяданьня. У творы досыць яскрава выяўлены прогрэсыўна-рэволюцыйныя настроі тагачаснага студэнцтва, яго захапленьне нелегальнай літаратурай. "Трапілі тады ў Маскву, — апавядае Ядвігін Ш., — два, толькі два экзэмпляры кніжкі знанага амэрыканца Кенана, які ў страшэнна жудасных колерах апісаў расійскія турмы. Адна з гэтых кніжак папала ў студэнцкія гурткі. За кожную гадзіну, у каго гэтая кніжка прабыла, трэба было плаціць на карысьць зямлячаскіх бібліотек па дзесяць капеек. Занята яна была праз усе 24 гадзіны ў суткі". Апавяданьне, бясспрэчна, мае аўтобіографічны характар: і сам Антон Лявіцкі, відаць, належаў да гэтай часткі паступовага студэнцтва, меў сьціслае дачыненьне да рэволюцыйнага руху і ў часе ўзрушэньняў у унівэрсытэце быў арыштаваны і паспытаў паднявольнага жыцьця: сядзеў спачатку ў Бутырскай турме, а потым у Петрапаўлаўскай крэпасьці.
Вызвалены з крэпасьці, Антон Лявіцкі не працягваў далей сваёй мэдычнай асьветы, а заняўся фармацыяй; здаў экзамен на аптэкарскага практыканта і паступіў на практыку ў адну з маскоўскіх аптэк. Атрымаўшы потым годнасьць памоцніка провізара, ён служыць ужо на Беларусі, працуючы ў аптэцы мястэчка Радашковічы, якое знаходзіцца недалёка ад хвальварка Лявіцкіх, дзе тады жыла заўдавеўшая ўжо маці пісьменьніка. З прычыны слабога здароўя, прымушаны кінуць службу ў аптэцы, ён потым служыць у Радашковіцкай хаўруснай краме. Адначасна ён шмат аддае сіл і літаратурнай дзейнасьці.
Яшчэ ў студэнцкія тады ім быў зроблены вядомы пераклад на беларускую мову апавяданьня Гаршына "Сыгнал". З цягам часу літаратурная праца яго значна разгарнулася. Ён пісаў вершы, апавяданьні вершам і асабліва прозай; большая частка гэтых літаратурных твораў і дагэтуль яшчэ ня бачыла друку. Часьць літаратуных твораў таго часу, — сьведчыць В. Лёсік, — нябожчык хацеў перарабіць, часьць іх лічыў ня вартымı ўвагі і дзеля таго ня меў іх нават запісаных"
У 1897 г. Ядвігін Ш. з сям'ёй пераехаў у свой хвальварак, дзе заняўся сельскай гаспадаркай, асабліва садоўніцтвам. У 1903 г. ён пераехаў у Вільню і супрацоўнічаў у Віленскіх расійскіх газэтах. Пераехаўшы праз год з Вільні да хаты, ён робіцца супрацоўнікам Менскіх расійскіх газэт ("Белорусский Вестник"), прымае ўдзел адначасна і ý Віленскім польскім тыднёвіку "Zorza Wіlenska".
Рэволюцыя 1905-1906 г. ўжо стала зьвязвае Ядвігіна Ш. з беларускім нацыянальным рухам. Кругабег з 1906 г. па 1914 г. зьяўляецца найбольш плённым у літаратурнай працы пісьменьніка: ён супрацоўнічае ў „Нашай Ніве", пасылаючы свае матэрыялы з хаты або спэцыяльна прыяджаючы з гэтай мэтай у Вільню: там-жа ён потым вёў і гаспадарчы месячнік „Саху", а праз пэўны час быў фактычным рэдактарам газэты "Bіelarus". За даны пэрыод ім напісана шмат апавяданьняў, сельска-гаспадарчых артыкулаў і брошур. У гэты ж час вышлі яго тры кніжкі: поэма "Дзед Завала" (Вільня, 1910 г.), зборнікі апавяданьняў Бярозка (Вільня, 1912) і "Васількі" (1914 г.).
У 1914 г. аб вясьне Антон Лявіцкі пераехаў у Менск, дзе быў рэдактарам выданьняў "Caxa" і „Лучынка". Ня гледзячы на тое, што вайна спыніла гэтыя выданьні, пісьменьнік застаўся ў Менску з мэтай утрымаць "Беларускую кнігарню", якая ў той час зьяўлялася адзіным месцам групаваньня беларускіх сіл. Улетку 1915 г., галоўным чынам, дзякуючы энергіі Ядвігіна Ш., было організавана ў Менску "Беларускае Т-ва помачы ахвярам вайны". Наогул, увесь перыод імпэрыялістычнай вайны, з 1914 па 1917 г., у гэты вельмі цяжкі час уціску беларускага руху, Ядвігін Ш. быў душой маленькага гуртка дзеячоў на нацыянальнай ніве. Прымушаны дзеля ўтрыманьня сябе і сям'і служыць, Ядвігін Ш. усе вольныя часіны прысьвячае беларускай працы, ставячы спэктаклі, імкнучыся падтрымаць роднае друкаванае слова і г. д.
У часе рэволыцыі 1917 г. Антон Лявіцкі яшчэ з большай энэргіяй аддаецца грамадзкай працы: выступае на зьездах, мітынгах, уваходзіць, як сябра, у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Але надмерная праца, цяжкія ўмовы жыцьця падкасілі яго сілы; яшчэ раней у яго пачалася самая цяжкая хвароба-сухоты, якая разьвівалася цяпер, сярод вялізарнай працы, усё больш і больш. Зіму 1918 г. ён праляжаў у шпіталі; вясною, крыху паправіўшыся, вярнуўся дахаты. Ня гледзячы на падарваныя слабыя сілы, ён зноў аддаецца літаратурнай працы: супрацоўнічае ў газэце "Беларусь", дзе пачала друкавацца яго вялікая аповесьць "Золата", парадкуе свае "Студэнцкія ўспаміны", займаецца перакладамі ды інш.
Але сілы яго ўсё больш і больш слабеюць; зусім хворы, пад восень 1920 г. ён выехаў у Вільню. Там, у пачатку сакавіка 1922 г., у разлуцы з сям'ёй, ён і памёр.
Артыкул Ванды Лёсік вызначаецца фактычнай дакладнасьцю, але і з гэтых сухіх фактаў перад намі Ядвігін Ш. выступае як культурна-нацыянальны і літаратурны дзеяч, ад раньніх гадоў студэнцтва і да самай магілы працаваўшы на роднай беларускай ніве.
Як-бы дадаткам да артыкулу В. Лёсік зьяўляюцца ўспаміны Бадуновай. Яны пераважна рысуюць нам унутранае аблічча нябожчыка. Агорнутыя ціхім лірычным задуменьнем, гэтыя мэмуары прасякнуты вялікай любасьцю і пашанай да пісьменьніка. Адзінокая сьмерць яго на шпітальным ложку выклікае ў аўтара сумныя развагі а лёсе адраджэнцаў беларускіх наогул. „Халодная зямля прыняла ўжо навек,—кажа Бадунова, — агнявую душу аднаго з лепшых сыноў сваіх, аднаго з тэй арлінай нашаніўскай сям'і, якая першая пачала змаганьне за долю шчасьлівую дзеткам патомным, за край наш бедны, за край наш родны, за слова беларускае, сталецьцямі загнанае ў падпольле. Яны, гэтыя першыя ластаўкі волі народнай, правадыры вялікай ідэі адраджэньня заняпаўшага беларускага народу―уміраюць адзінока, часта далёка ад роднай сям'і, ад бацькаўшчыны мілай; так адзінока памёр і Іван Луцкевіч. Родная душа ня схілілася і над пасьцеляй Ядвігіна, Ш.; сумна чуць, як адзінока на больнічным ложку уміраюць лепшыя беларускія дзеячы ў гэты цяжкі час падзелу нашае бацькаўшчыны..." Далей ва ўспамінах Бадуновай Ядвігін Ш... папершае, рысуецца як грамадзкі дзеяч: адзначаецца яго адданасьць ідэалам адраджэньня, ненавісьць да старога рэжыму, але адначасна і пэўны скептыцызм у адносінах новага. "Ня мала спрачаўся ён з намі, маладым пакаленьнем, шмат чаго горкага казалі мы адзін другому", сьведчыць Бадунова. Але гэтыя разыходзіны былі больш тэорэтычныя... А толькі наступаў час шырокай працы, і ён, стары, сьмела ішоў з намі, гарачымі і маладымі галовамі".
У разьдзеле "Пісьменьнік сярод сям'і" Ядвігін Ш. абмалёўваецца як прыватны грамадзянін і як чалавек. Адзначаецца яго асаблівая чуласьць да хараства прыроды, вялізарная працаздольнасьць, клопаты а дабрабыце Беларусі, захапленьне ўспамінамі а беларускіх дзеячох і г. д. Сымпатычны воблік Ядвігіна Ш., як чалавека, дапаўняе сабой, такім чынам, яго сьветлае для свайго часу аблічча як грамадзкага працаўніка на глебе беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня.
Менш цэльнасьці ў літаратурнай дзейнасьці пісьменьніка. Па сваёй творчасьці Ядвігін Ш. у беларускай літаратуры дваісты Янус. Яго апавяданьні, зьмешчаныя ў зборніках "Бярозка" і „Васількі", можна падзяліць на дзьве галоўныя групы: апавяданьні гумарыстычныя, жартліва-комічнага характару і апавяданьні сур'ёзна-ідэёвыя з глыбокім соцыяльна-бытавым і псыхолëгічным зьместам.
Апавяданьні першага роду большаю часткаю прадстаўляюць сабой апрацоўку хадзячых вандроўных анэкдотаў, у якіх мішэньню сьмеху зьяўляецца наіўнасьць і прыдуркаватасьць селяніна. Простадушны герой тут робіцца ахвярай гарадзкіх ашуканцаў: жадаючы ўпэўніць іх, што ў яго на назе пяць, а ня шэсьць пальцаў, ён траціць чужыя боты („Пазыка"). У другім выпадку селянін паддаецца на вудачку пана, які, каб пасьмяяцца з яго, адзін раз, едучы з ім па чыгунцы, паказвае яму "маленькае месца ў уборнай, нібыта адпавядаючае, маленькаму білеціку" наіўнага пасажыра ("З маленькім білецікам"). Сяляне аказваюцца тут настолькі прыдуркаватымі, што яны нават ня могуць адрозьніць чалавека ад жывёлы ("Заморскі зьвер“, „Вучоны бык").
Зазначаныя апавяданьні трымаюцца старой літаратурнай традыцыі. Яшчэ ў старажытных грэкаў існавалі сьмяхотныя баечкі аб глупстве абдэрытаў; у расійцаў прадметам жартаў і кпінаў было Пашахоньне з яго прыдуркаватымі насельнікамі, якія здольны рэшатам насіць кісель, цягнуць карову на дах замест таго, каб адтуль сарваць траву і г. д.
У беларускай літаратуры яшчэ ў XVІІ і XVІІІ сталецьцях селянін аддаваўся на кпіны ў інтэрмэдыях польскай школьнай драмы: ён выводзіцца тут на сцэну выключна з мэтай пасьмяшыць і пазабавіць паноў сваёй „мужыцкай" мовай і культурнай адсталасьцю. У XІX в. гэта шляхецкая традыцыя кпінаў з селяніна выплывае зноў у нашым пародыйным клясыцызьме і часткаю ў творчасьці Дуніна-Марцінкевіча, у яго апавяданьнях пра дурнога Зьміцера... і ў Баршчэўскага („Рабункі мужыкоў"). У найноўшыя часы яна асабліва моцна ажывае ў творчасьці Ядвігіна Ш. У яго гуморыстычных апавяданьнях, як мы бачылі, об'ектам жартаў зьяўляецца простадушны селянін; комічныя здарэньні вынікаюць тут на падставе наіўнай даверчывай псыхікі селяніна. Самі па сабе гэтыя апавяданьні ня маюць асаблівай ідэёвай і мастацкай вартасьці, але і ў іх можна заўважыць адну сытуацыю, характарную для творчасьці пісьменьніка наогул. У гуморыстычных апавяданьнях Ядвігіна Ш. большаю часткаю праціставяцца людзі гораду і людзі вёскі. Першыя — гэта хітрыя ашуканцы, пэрсонажы з надломленай псыхікай, другія-наіўна-даверлівыя і простадушныя, якія ўсё прымаюць за чыстую монэту, дзякуючы чаму і трапляюць у сьмешнае становішча. Гэтую антытэзу, характарную для народніцкай ідэолёгіі, мы заўважым і далей у сур'ёзна-ідэёвых апавяданьнях Ядвігіна Ш.
Больш тыповымі зьяўляюцца ў пісьменьніка сьмяхотныя апавяданьні, якія грунтуюцца не на вандроўных сюжэтах, а ўзьніклі на падставе быту. Такімі зьяўляюцца "Жывы нябожчык", "Важная фіга", "Суд" ды інш.
У апавяданьні "Жывы нябожчык" закранаецца побыт дробнай шляхты, добра схоплена тут уся пустата, бяссэнснасьць і нікчэмнасьць жыцьця гэтай клясы ў глухім кутку провінцыі. На падставе нікчэмнага існаваньня адыгрываецца тут і комічнае здарэньне: парабак Васілёк, каб адчапіцца ад прыдуркаватай паненкі, якая ў часе сенакосу кліча яго гуляць у дурня, робіцца мімаволі жывым нябожчыкам. У апавяданьні "Важная фіга" абмалёўваецца сямейны побыт селяніна з яго сваркамі і лаянкамі. На фоне гэтага побыту акрэсьліваецца вобраз злоснай сьвякрухі, якая ня можа ўжыцца з сваёй нявесткай і нават скардзіцца на яе земскаму. Аналёгічны вобраз злоснай сьвякрухі, як вядома, фіксуецца і ў народнай творчасьці: існуюць цэлыя баляды аб тым, як сьвякруха ўзводзіць паклёп на сваю нявестку, жадае яе атру. ціць і г. д.; нават сьмерць ня можа прымірыць нявестку з сьвякрухай, і ў заплачках яна памінаецца нядобрым словам. У апавяданьні Ядвігіна Ш., апроч вобразу злоснай сьвякрухі добра абмалёвана яшчэ і забітасьць селяніна, яго страх перад вясковай адміністрацыяй: нават фіга, зробленая, "самім" земскім у адплату за фігу нявесткі, лічыцца тут важнай фігай, чымсь недатыкальным. Апавяданьне "Суд" прадстаўляе сабой сатыру на тых асоб, што, займаючы важныя пасады і разьбіраючы сялянскія справы, ня ведалі народнай мовы: судзьдзя—немец, не разумее, што вол і бык — сынонімы; жадаючы памірыць сялян, якія судзіліся паміж сабою, ён прапануе ім "памерыцца", што літаральна выконваецца і прыводзіць да комічных непаразуменьняў.
Часам у сваіх жартаўлівых апавяданьнях Ядвігін Ш. узвышаецца да мастацкай сатыры. Элемэнты такой сатыры маюцца ў апавяданьні "При исполнении служебных обязанностей"; тут абмалёвана ў сатырычных рысах поліцыя, якая зьдзекуецца над сялянамі: зганяе іх на панскі двор і прымушае чакаць сабаку-сышчыка, які павінен абнюхаць усіх і такім спосабам выкрыць злодзея. На фоне агульнай забітасьці масы, якая пакорна дае зрабіць з сабой такі ганебы ўчынак выдзяляецца фігура аднаго селяніна―Сымона Лябёдкі: у ім ужо абуджана сьвядомасьць чалавечай годнасьці; ён вызначаецца вастратой розуму ды адвагай. У часе чаканьня сабакі Сымон Лябедка выдумляе апавяданьне аб тым, як адна жанчына падкупіла сабаку-сышчыка, і ў гэтым апавяданьні ён робіць жартлівы выпад супраць поліцыі, за што і арыштоўваецца. У творы Ядвігіна Ш. добра схоплены рысы старога рэжыму з яго ўціскам мас і бязьлітаснай расправай з кожным, хто нават самым бязьвінным спосабам адважваўся супярэчыць зьдзеку.
Пры ўсёй цікавасьці з боку фабулы і часам мастацкасьці выкананьня жартаўліва-комічныя апавяданьні Ядвігіна Ш. ня маюць таго значэньня, якое маюць сур'ёзна-ідэёвыя творы яго. У апавяданьнях першага роду пераважае сьмех. Часам гэта сьмех скрозь сьлёзы, як, напр., у апавяданьні "При исполнении служебных обязанностей"; часам мы маем тут проста вясёлыя анэкдоты, як, напр., у апавяданьнях "З маленькім білецікам", "Пазыка", "Заморскі зьвер", „Вучоны бык" ды інш. Як аўтар жартаўлівых апавяданьняў, Ядвігін Ш. ня меў-бы таго вялізнага значэньня, якое ён мае ў беларускай літаратуры. Пачэснае месца на нашым літаратурным Парнасе адводзяць яму яго сур'ёзна-ідэёвыя апавяданьні.
З боку формы гэтыя апошнія можна ў сваю чаргу падзяліць на апавяданьні рэалістычныя і алегорычна-сымболічныя (накшталт баек).
У першых пераважнымі мотывамі зьяўляюцца соцыяльна-бытавыя і псыхолёгічныя. Лепшым з іх бясспрэчна зьяўляецца "Гаротная". Сюжэт гэтага твору жудасна сумны... Па радзе знахаркі, каб вылечыць свайго хворага сына Сьцяпанку, сялянка Тамашыха пачала яго абкурваць дымам ад зельля, пільнуючы, каб гэты дым ня выходзіў з хаты. Фінал лячэньня трагічны: няшчасны хлопчык задушыўся ад дыму. У гэтую рамку простага сюжэту пісьменьнік укладае досыць багаты зьмест. Папершае, маляўніча прадстаўлена тут народная цемра з яе вынікамі забабоннасьці і знахарства. Але галоўная тэма тут—сялянская беднасьць, гора народнае. Тамашыха, увайшоўшы ў хату пасьля абкурваньня яе зельлем, аддаецца ўспамінам а сваім няўдалым жыцьці. Вось перад ёй паўстаюць малюнкі бязрадага маленства з яго падвойнай пакутай сіроцтва і беднасьці. Пяшчотная па натуры, з патрэбай ласкі, яна была асуджана на горкую долю сіраты. Вельмі жаласьліва малюе пісьменьнік гэта бязрадае маленства бяз матчынай уцехі і прывету. "У кожнай хаце, успамінае Тамашыха, былі дзеці, былі і маткі, а от-жа у яе ня было. І калі, бывала, бачыла яна, як іншыя дзеці песьцяцца, прытуляюцца да матчыных грудзей, бегала і яна—маленькая, худзенькая да тэй высокай белавалосай Тэклі, клала сваю галоўку на яе калені і шаптала: мама, мама, мама. Але пяшчотаў, а яшчэ горш гэткіх слоў Тэкля ня любіла: "ня лезь, кажа, да мяне з гэткім—абуза, а не дачка ты мне". Плачучы бегла тады малая Ганулька (Ганулька. Гэта-ж яе некалісь звалі Ганулькай, ледзь цяпер успомніла Тамашыха), бегла ў які-колечы цëмны куточак або ўціскалася ў запечак і, закрыўшыся, ціханька шаптала да сябе: мама, мама, мама". Чорнай зданьню паўстаюць перад Тамашыхай далей несамавітыя дні яе юнацтва. Заработкі, латаная чужая вопратка, ледзь узышоўшая і адразу-ж згаслая зорка каханьня да Васіля, якога здалі ў жаўнеры—вось што прыпала на яе долю ў самую лепшую пару жыцьця. Пацягнулася далей смутнае замужніцтва: да лютай беднасьці далучыліся хваробы дзяцей, уласнае нездароўе. Ядой дзяцей зьяўлялася адна бульба—гэта тыпова беларуская страва. У пячурцы заўжды бульба валяецца, і ядуць яны яе, бывала, успамінае гаротная, не раўнуючы, як тыя парасяткі. Толькі вось, разважала далей Тамашыха, неяк сыць іх ня брала. Жывоцікі, праўда, парасьпірала, але ручкі, ножкі, шыйкі—ажно жаль было глядзець—як тыя цэвачкі. А і сама яна, Тамашыха, неяк сохнуць стала, дый моц зусім страціла".
Гаротная, з яе бязрадасным існаваньнем—тыповы образ сялянскай жанчыны мінулых часоў. У маленькім апавяданьні зарысаваны тыповыя праявы ў жыцьці даўнейшай вёскі: цемра, жудасная беднасьць, якая цягне за сабой нават фізычнае выраджэньне. Апавяданьне яскрава рэалістычнае, але беларускі пісьменьнік далёкі ад протокольнай манеры некаторых рэалістых зарысоўваць факты жыцьця "sіne іra et studіo". У Ядвігіна Ш. у яго малюнках адчуваецца асаблівая задушэўнасьць і спачуваньне народнаму гору; праявы гэтага гора ён занатоўвае не як просты апісальнік быту, але як шчыры народнік, які ўспрымае народнае жыцьцё пераважна сэрцам; дзякуючы такой пачуцьцёвай інтуіцыі, пісьменьнік здужаў пранікнуць у душу гэтай гаротнай сялянкі, зжыцца з ëй і даць жывыя абразкі яе шматпакутнага жыцьця.
Той-жа прыём апісаньня, абагрэтага цёплым лірызмам аўтара, мы знаходзім і ў апавяданьні "Зарабляюць". У даным творы перад намі разгарнаецца малюнак гарадзкой беднасьці і яе вынікаў. Пісьменьнік вядзе нас у сырое і бруднае сутарэньне, дзе туліцца сям'я беднай гарадзкой рамесьніцы. "Пры мамцы, — успамінае сын яе Адамка, — жылі мы ў пекным мураваным доме, дом быў вельмі высокі, але мы жылі зусім нізенька—быццам у зямлі. Так, бывала, сьмешна глядзець праз ваконца; толькі ногі міг-міг, а то іншыя—шлэп-шлэп-шлэп, але толькі і відаць ногі, як-бы людзям галоў і ня трэба было... Або―іншым разам з вакна вада стане капаць вось якраз, як часта бывала з вачэй мамчыных: такая перш маленькая капелька, а пасьля неяк пухне, пухне і зробіцца вялізарная, бліскучая і... кап; а потым другая, трэцяя, але таксама памаленьку: кап... кап... кап..." Голад у гэтай сям'і таксама часты надакучлівы госьць. Тут маці часта, каб супакоіць галодных дзяцей і накіраваць іх увагу ў іншы бок, расказвае ім апавяданьні пра істотаў, якім, як, напр., птушкам, жывецца яшчэ горш; "усё гэта так пекна, так жаласьліва нагаворыць, што аж нам,—зноў успамінае Адамка, — захочацца быць падобнымі да гэтых птушачак божых, каб і нам холадна было, каб і нам, як гэтыя божыя птушачкі, галоднымі класьціся спаць у халодны кут. і кладземся. А мамка доўга яшчэ сядзіць і шые, шые, шые". У такіх абставінах пасьля сьмерці маткі засталося двое сіротак — Адамка і Ганулька; спачатку як-кольвек перабіваліся, але потым голад і жаданьне паратаваць брата прымушаюць дзяўчыну пайсьці па працярэбленаму шляху: паступіць разам з Адамкам у рэсторан "на лёгкія заработкі". Пасьля доўгай унутранай барацьбы і завіханьня здаровага сумленьня адважылася на гэта Ганулька: "амаль ня ўсю ноч пракленчыла яна пры матчыным ложку, — малілася і плакала, плакала і малілася". І вось гэтую чулую і чыстую сэрцам дзяўчыну беднасьць кідае ў вір распусты ды прымушае за грошы прадавацца соцыяльным трутням, якія "бяруць смачную дарагую яду, купляюць заморскія водкі і віны, кідаюць грашыма, як трэскамі". І Адамка, які спачатку радаваўся з лёгкага заработку сястры, цяпер пачынае цяміць сваім дзіцячым розумам, з якіх каламутных крыніц ідуць гэтыя заработкі. "Мая служба,—прызнаецца ён у апавяданьні, — вельмі цяжкая, найгорш, калі Ганулька—мая родная каханая сястрычка, седзячы пры адным стале з панамі,—крыкне: "Адам! яшчэ бутэльку віна". Лячу, нясу, адпячатваю, неяк рукі і ногі мае трасуцца і замест у шклянкі лію віно на белы, чысты абрус, бо не на віно гляджу; гляджу, як зачараваны, у сінія, сінія вочкі сваёй Ганулькі, і хочацца мне крыкнуць на ўвесь гэты рэсторан, не—не рэсторан, а крыкнуць так, каб увесь сьвет пачуў: "кідай, сястра, беспрацоўную службу. Кідай, дарагая мая!"
І апавяданьні Ядвігіна Ш. у цэлым прадстаўляюць сабой гэткі крык душы, якую глыбака паранілі соцыяльныя брыдоты. „Гаротная" і „Зарабляюць" цесна зьвязаны паміж сабой агульнай тэмай. У першым творы абмалёвана беднасьць ва ўмовах вёскі; там няма выйсьця, беднасьць цягне за сабой фізычную сьмерць: дзеці паміраюць ад лячэньня розных вядуноў, ад бульбы рукі і ногі іх робяцца, як цэвачкі. У другім творы прадстаўлена беднасьць ва ўмовах гораду; тут, дзе кола магчымасьцяй шырэй, зло соцыяльнае ў першую чаргу цягне за сабой моральную сьмерць: яно ў вір распусты і хібы кідае нават такіх добрасумленных і чыстых сэрцам людзей, як сіротка Гануля.
Лёгічную сувязь з паданымі творамі мае апавяданьне "Зарабіў", дзе рысуецца моральная сьмерць чалавека і ва ўмовах вёскі. Гэрой апавяданьня — селянін Сьцёпка Тацюк — гультай па натуры: ён "хоць любіў, каб яды было, як на дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю". Гэты гультай, шукаючы лёгкіх заработкаў, робіцца шпегам, робіць у поліцыю доказ на сваіх аднавяскоўцаў-рэволюцыянэраў, за што атрымлівае рубель грошай і абяцаньне мець каня ў „падарунак". Пры ўсёй сваёй нядбаласьці і Сьцёпка перажывае мукі сумленьня пасьля свайго ўчынку. Пасьля доказу ноч выдалася Сьцёпку бясконца доўгая. "Чаго ніколі даўней ня бывала, кідаўся Сьцёпка, як у гарачцы: то крычаў, каб каня яму запрагалі, то клікаў Юрку і Кастуся, то будзіў жонку, дапытваючыся, ці ня чула, як сабакі брахалі і званочкі зьвінелі, і ледзь над раніцай крыху супакоіўся. Назаўтрае, праз увесь дзень, ня вышаў, як даўней бывала, на вуліцу, словам ні да кога не адазваўся, толькі яшчэ больш згорбіўся, яшчэ ніжэй апусьціў галаву ўніз, нібы баяўся, каб не заглянуў яму хто ў вочы". Асабліва моцна адчувае сябе Сьцëпка злачынцам пасьля таго, як выявіліся вынікі яго ўчынку, і ў вёску наехала поліцыя з вобыскам уначы. "Твар Сьцёпкі зьбялела, рукі і ногі так сталі калаціцца, што ледзь падняўся, ледзь дайшоў да лучыны. Вырваў яе з лучніка, кінуў вобземлю, затаптаў і, асунуўшыся на лаву, цяжка дыхаючы, стаў прыслухоўвацца". Але гэтыя мукі сумленьня ня доўга, відаць, трывожылі Сьцяпана: праз тыдзень-другі ён пайшоў у горад за абяцаным яму канём. Жартаўлівай прыгодай вымушанага зладзейства канчаецца гэта глыбока сумная гісторыя, якая раскрывае нам уплыў ненормальных політычна-соцыяльных абставін на нясталыя элементы вёскі.
У апавяданьні "Зарабляюць" даецца малюнак моральнай сьмерці пад уплывам выключна прычын об'ектыўных— ненормальных умоў жыцьця; у апавяданьні "Зарабіў" гэта сьмерць ёсьць вынік ня толькі об'ектыўных умоў, але і суб'ектыўных—уласнай нядбаласьці і гультайства. Адсюль рознасьць настрояў аўтара. У першым выпадку адчуваецца ціхі смутак, яго спачуваньне няшчаснай ахвяры акалічнасьцяй; у другім выпадку праглядае ўжо горкая іронія над прастаком, які замест каня за сваю паслугу поліцыі зарабіў сабе турму.
У трох разгледжаных творах пераважае элемэнт соцыяльна-бытавы; псыхолёгічныя мотывы прыўходзяць сюды эпізодычна, напр., у абмалёўцы успамінаў Тамашыхі, пакутаў сумленьня Ганулі, Сьцёпкі, бяспрытульнага маленства з яго патрэбай матчыных ласк і г. д. Наадварот, у апавяданьнях „Шчасьлівая", "Цырк", "З бальнічнага жыцьця" на першае месца высоўваецца псыхолёгічны аналіз аўтарам цікавых душэўных перажываньняў. Праўда, і тут Ядвігін Ш. застаецца верным сабе: ён ня рысуе нам голай псыхолёгіі у якой-небудзь беспавятровай прасторы; заўжды ім тыя ці іншыя рухі душы выяўляюцца на адпаведным соцыяльна-экономічным грунце, але, цесна пераплятаючыся з бытам, псыхолёгія ў паданых апавяданьнях застаецца домінуючым элемэнтам. Так, у апавяданьні "Шчасьлівая", пісьменьнік паказвае нам, як ва ўмовах вясковай беднасьці вынікае сваяасаблівая романтычная концэпцыя жыцьця з яе ўцёкамі ад рачаіснасьці ў галіну пекных лятуценьняў. Бедная сялянка Тадорыха, увесь час марыўшая аб нейкім нясьнёным багацьці, ажыцьцяўленьне сваёй жыцьцёвай мары ўбачыла ў брудным гаршку, які прынёс ёй яе чалавек Юрка, і ў якім "і зьвінела і шуршэла: былі, відаць, і пабразгачы, былі, мусіць-то, і паперкі". Лічачы сябе валадарніцай вялікага скарбу і як-бы не жадаючы разбурыць сваю мару, Тадорыха "не хацела нават адпячатаць і палічыць сваё багацьце. Выйме гаршчок, патрасе яго, прыслухаючыся, каля свайго вуха, патpace ім каля вуха Юркі, дый зноў, запхнуўшы пад сяньнік, радасная, шчасьлівая клалася на пасьцель, цешучыся, як гэты скарб муляў яе бакі". І памерла Тадорыха ў вялікім задаваленьні і супакоі: "па яе высахшай, забялеўшай твары відаць было, што ўмірала радасная, шчасьлівая — умірала багатая". Так сваю мару аб фальшывым багацьці Тадорыха панесла з сабой і ў магілу; і толькі ўжо пасьля яе сьмерці суровая рачаіснасьць, як заўжды, пасьмяялася над яе бязгрунтоўным лятуценьнем. Калі разьбілі гаршчок, то "адтуль пасыпаліся брудныя паперкі газэцін і бляшаныя гузікі".
У адносінах соцыяльных апавяданьне Ядвігіна Ш. прасякнута горкай іроніяй. Яно як-бы прадстаўляе сабой смутны вывад з папярэдніх твораў. У гэтых творах пісьменьнік, як мы бачылі, абмалёўвае рачаіснасьць, поўную зла; ён паказвае нам, што ў жыцьці, пабудаваным на соцыяльнай няроўнасьці, пануе зьдзек адных над другімі, беспрасьветная цемра, беднасьць, якая калечыць душу, топча ў бруд прыгажэйшыя кветкі. А тым часам "чалавек народжаны для шчасьця, як птушка для палёту". Дзе-ж гэта шчасьце? І вось падобна да таго, як расійскі пісьменьнік Чэхаў у мрачнай рачаіснасьці 80 гадоў знайшоў у сваёй "палаце № 6" аднаго шчасьлівага—вар'ята доктара, які ўцякае ад жыцьця ў свой куток мар, так і беларускі аўтар паказвае нам сваю "шчасьлівую", якая стаіць на рубяжы вар'яцтва. Якая горкая іронія! Пад пяром пісьменьніка гэты брудны гаршчочак, з якога цешылася Тадорыха, абарачаецца ў свайго роду сымболічны вобраз самаашуканства і маны. Ядвігін Ш. гэтым вобразам як-бы хоча сказаць нам, што ва ўмовах соцыяльнай беднасьці, шчасьце—фікцыя, марава: шчасьліў той толькі, у каго ёсьць гэты свой гаршчочак, ёсьць свой ціхі прытулак у пабудове выабражэньня, якое аздабляе жыцьцё, афарбоўвае яго ў іншы, больш сьветлы колер.
У псыхолёгічных адносінах "Шчасьлівая" Ядвігіна Ш. цікава тым, што яна, такім чынам, выкрывае соцыяльныя карэньні романтыкі, паказвае нам, што ўцёкі ад жыцьця ў галіну лятуценьняў грунтуюцца на антытэзе ідэалу і рачаіснасьці. Сапраўды, на гэтай антытэзе засноўваецца ўсякая романтыка. Возьмем, напр., фантастычную романтыку народных казак. "Казка гэта мара Іванушкі-дурачка а перамозе. Сядзеў Іванушка ў голадзе і холадзе і марыў аб абрусесамабранцы. Тапіўся ў брудзе і бездарожжы—і марыў аб дыване-самалёце. Сядзеў сідма трыста гадоў на адным месцы — і марыў аб ботах сямімільных".[2] Так і ўсякая іншая романтыка вынікае заўжды на глебе супярэчнасьці паміж ідэалам і рачаіснасьцю.
Глыбака псыхолёгічным зьяўляецца і апавяданьне "Цырк". Яно мае пэўную ідэёвую сувязь з жартаўлівымі апавяданьнямі пісьменьніка. У гэтых апошніх звычайнай сытуацыяй, як мы бачылі, зьяўляецца процістаўленьне людзей гораду і вёскі, прычым у адных назіраецца некаторая зломанасьць і папсаванасьць псыхікі, а ў другіх, наадварот, дзіцячая даверлівасьць, беспасярэднасьць і простадушнасьць. Гэты мотыў затушованы ў жартаўлівых апавяданьнях гумарам; у больш аголеным і, галоўнае, паглыбленым відзе ён выступае ў творы "Цырк". Сюжэт апавяданьня заключаецца ў наступным. Селянін Андрэй Зорка трапляе ў губэрскі горад да свайго сябрука Міхалкі Гурчына, які, каб разважыць свайго прыяцеля, вядзе яго ў цырк. Цыркавыя прадстаўленьні, звычайныя для гарадзкога жыхара, робяць на нашага селяніна адмоўнае ўражаньне; ён у гэтых прадстаўленьнях бачыць толькі адзін зьдзек над чалавекам і жывёлай. "Вышаў з цырку, як здурнеўшы. Міхалка, будучы пэўным, што надта дагадзіў сябруку, стаў расхвальваць цырк і дапытываць Зорку, як яму спадабаліся гэтыя штукі, але Зорка ішоў злосны, хмурны, адно толькі слова і адказваў: "зьдзек, зьдзек, зьдзек"... Вярнуўшыся на кватэру, Міхалка стаў частаваць сябрука вячэрай, але той і не дакрануўся да яе. Лёг, скорчыўся, кажух на галаву нацягнуў і стараўся скарэй забыцца, заснуць"... Але і ў ва сьне ня можа ён адчапіцца ад надакучлівых уражаньняў цырка; пад іх уплывам ён перажывае цяжкі кошмар. Ува сьне чуецца яму сьвіст і лёскат бізуноў; крыкі "зьдзек, зьдзек" стаяць у вушох; бачыць ён, белы пясок арэны зрабіўся чырвоным ад падаючай на яго зьверху крыві і г. д...
У апавяданьні "Цырк" проціставяцца, такім чынам, дзьве псыхікі: гарадзкога жыхара і вясковага. Селянін надзяляецца тут рысамі надзвычайнай душэўнай чуласьці; ён, у процілежнасьць свайму гарадзкому сябруку, ня можа выносіць нічога грубага, рэзкага.
Даўгі час сапраўды трымалася ілюзія, што блізкасьць да прыроды, жыцьцё на яе матчыным улоньні ўшляхетнівае чалавека, робіць яго больш чулым і мяккім. Літаратура другой паловы XІX в. і пачатку ХХ в. ў значнай ступені пазбаўлена ўжо гэтай ілюзіі. Бальзак і Золя ў заходня-эўропэйскай літаратуры, Чэхаў і Бунін у расійскай, наадварот, разьвенчваюць селяніна, ускрываючы яго сквапнасьць, грубасьць, някультурнасьць ды інш. адмоўныя рысы. Ядвігін Ш., як большасьць іншых беларускіх пісьменьнікаў, застаецца яшчэ верным народніцкаму тэзісу перавагі вясковага жыхара над гарадзкім.
Апавяданьне "З бальнічнага жыцьця" дае нам злучэньне мотываў соцыяльных і псыхолёгічных... Дзея адбываецца ў шпіталі; апоўначы атрымліваецца вестка аб тым, што № 17 канае; роўнадушна спатыкаюць гэтую вестку і хворыя, і асабліва служачыя. Калі нясьлі сьвечку канаючаму, то "хворыя, карыстаючы з агню, прыкурвалі папяросы, перакідваліся слоўцамі, іншыя—на выздараўленьні — паджартоўвалі: "проціў ночы выбраўся, нябось якраз трапіць да Абрама на піва". Служачы, даючы сьвечку, расказвае блізкім хворым пра хрэсьбіны, якія былі ў яго швагра. Але верх цынізму выяўляе даглядач: ён яшчэ пры жыцьці канаючага запісвае ў кніжку факт яго сьмерці, пакідаючы пустым месца для зазначэньня часу скону і даючы хвораму паўгадзіны тэрміну. І з ціхім засмучэньнем аўтар дадае: "як увесь свой нядоўгі век быў паслухмяны Сымон, так і ў гадзіну свайго кананьня астаўся паслухмяным... начальству: у дзевяць сканаў". Апавяданьне канчаецца сумна лірычным акордам: "вецер гудзеў. Ліплі крывава-жоўтыя лісты кляніны да памуцеўшых шыб бальніцы, як-бы падгледзець хацелі, што там робіцца. На вакне, дзе быў крыж, стаялі абапал дзьве васковыя сьвечкі: адна з іх непачынаная, другая крыху надгарэўшы,—увесь знак, уся нядоўгая памятка, што на сьвеце ня стала аднаго чалавека".
У творы ёсьць пэўны соцыяльны элемэнт; у ім малюецца сьмерць чорнарабочага; выяўляецца, што ва ўмовах капіталізму рабочы чалавек ня можа нават і памерці палюдзку: гаротнаму жыцьцю яго адпавядае і сумны канец на казённым ложку, сярод брыдкіх кпінаў і жартаў, бяз слова ласкі і прыхільнасьці. Аўтар ва ўласным коментарыі падкрэсьлівае соцыяльнае значэньне свайго малюнку. Апісаўшы агонію, якая ўжо пачалася, ён паясьняе: "так канаў чалавек... Біты з малалецтва сірата, гаротны праз увесь век свой працоўнік, і вось калі ўжо жыцьцё выціснула з яго апошнія сілы, высмактала кроў, высушыла апошнія мазгі, жылы выцягнула, цяпер гэта жыцьцё, бачучы, што з гэтага чалавека няма болей чаго выдушыць, — кінула яго на бальнічнае ложка, мучыла яго доўгія ночы, цэлыя месяцы і наастатак, угледзіўшы, што гэты кусок надгніўшага мяса гатоў ужо разваліцца, на кінулася на апошнія мінуты канаючага зьдзекавалася...
Так жэгнала жыцьцё замучанае ім цела і за пражыты супольны век, жэгнаючы, давала награду пасвойму... Так канаў чалавек..." На соцыяльнай падставе выяўлены тут і псыхолёгічны элемэнт... Сьмерць — вялікая зьява прыроды. Але прызвычаенасьць, чыста формальныя адносіны да сваіх абавязкаў, калі ў выкананьне іх не ўкладаецца нават самай маленькай часткі душы, робіць часам людзей ня чулымі нават да гэтай вялікай зьявы. У апавяданьні Ядвігіна Ш. якраз і паказана гэтая тупая роўнадушнасьць казённага профэсыянала, які ня з словамі братэрскай уцехі і дапамогі, а толькі з брыдкімі жартамі ды кпінамі падступае нават да сьмяртэльнага ложка канаючага гаротнага працаўніка. Мы бачым, да якой ступені цынічнай жорсткасьці можа звузіцца і прытупіцца душа чалавека пад уплывам формальна-роўнадушных адносін да сваёй профэсыі. У любой галіне працы магчыма гэтае звужэньне душы. І доктар, і пэдагог, і судзьдзя, пры чыста казённых адносінах да сваёй дзейнасьці, можа страціць чуласьць да чужога гора, абярнуцца ў жорсткага і брыдкога нікчемніка...
Такім чынам, рэалістычныя апавяданьні Ядвігіна Ш. зьяўляюцца вельмі рознастайнымі па свайму зьместу. У соцыяльным пляне іх прадстаўлена беларуская вёска з яе цемрай, беднасьцю і фізычным выраджэньнем; зачэплена гарадзкое рамесьніцтва і слой чорнарабочых з іх бязрадасным існаваньнем і сумнай сьмерцю. У пляне псыхолёгічным выяўлены яшчэ больш багатыя тэмы: перад намі праходзіць поэзія ўспамінаў, процілежнасьць паміж марай і рачаіснасьцю, псыхолёгія адзінока сіратлівага дзяцінства і маленства, пакуты сумленьня, праява цяжкога кашмара, брыдкая нікчэмнасьць тупога профэсыянала і г. д.
Ня менш рознастайным зьяўляецца і зьмест алегорычна-сымболічных апавяданьняў Ядвігіна Ш. На першы плян і тут высоўваюцца тэмы соцыяльныя. Так, у творы "Павук" у форме байкі выяўлена процілежнасьць дзьвюх ідэолёгій... У сетку павука трапіла муха. Паміж ахвярай і катам завязваецца гутарка, у якой павук выступае, як эксплёататар і крывапіўца, а муха, як няшчасная ахвяра эксплёатацыі. На ўсе закіды і дакоры мухі, павук адказвае: "мне толькі абы была кроў, а пакуль ваш род не зьвядзецца, то і павуком крыві хваціць". "А ці ведаеш-жа ты, пракляты вісельнік, — пачала муха, — што хоць згіну я, згіне мо' яшчэ не адна такая, як я, але як адразу наляціць цэлы рой мух, ударыць у тваю сетку, тады ня толькі яна паляціць у ласкуткі, а бадай і ты жывым ня выйдзеш. Зьдзекваўся ты, пакуль па аднэй нас перабіраў, але зыкну я толькі, і цэлая хмара..." Павук ня даў скончыць, прыдушыўшы і на гэты раз яшчэ адну ахвяру. Але словы мухі, яе пагрозы не даюць павуку супакою, пазбаўляюць яго сна, хоць назаўтра і пляце ён новыя сеткі. На ўсім працягу твору вытрымана алегорыя, магчыма навеяная брошурай Карла Лібкнехта "Павукі і мухі", якая дарэчы сказаць у 1918 годзе перакладзена была на беларускую мову. Няцяжка заўважыць, што ў творы Ядвігіна Ш. у відзе сеткі павука прадстаўлена ўся сыстэма капіталістычнага грамадзтва, пры якой утвараюцца дзьве процілежныя клясы: кляса капіталістых эксплёататараў (павукі) і кляса пролетарыяту (мухі). У часы Ядвігіна Ш. моцны яшчэ былі павуковыя сеткі капіталістычнай эксплёатацыі, але ўжо расло пролетарскае адзінства і солідарнасьць, мацнеў рабочы рух, пад напорам якога ўжо пачалі хістацца падмуркі падгніўшай соцыяльнай будыніны, і на твар не аднаго "павука" лёг мрачны цень задуменьня і трывогі за будучы лёс... Так у форме кароценькай байкі Ядвігіным Ш. схоплена і мастацкі прадстаўлена сутнасьць клясавых узаемаадносін, якія вынікаюць на глебе соцыяльнага ўціску і няроўнасьці.
Соцыяльным зьместам насычана і байка "Вясельле“, дзе абмалёўваецца шлюб дачкі каршуніхі і маладога каршунка. У вобразе каршуноў тут прадстаўлена панства, шляхта. Высьмеяна, папершае, яго каставая замкнёнасьць: "паміж каршуноў (гэтак ужо вядзецца), каб гонару сям'і сваёй не зьняважыць, толькі паміж сабой і бяруцца". Праўда, дэмократычны век крыху пачаў ужо згладжваць гэтыя каставыя пераборкі, і ў паноў ужо зьяўляецца імкненьне зблізіцца з ніжэйшымі клясамі: у байцы каршуніха пасылае сініцу заклікаць на вясельле розных дробных птушак-салавейку, галубкоў, сароку, удота ды інш. Але драпежніцтва каршуноў вырыла паміж імі і гэтымі птушачкамі вялікую прорву; нават абяцаньне каршуноў панадзяваць у дзень вясельля мяккія рукавіцы на свае кіпцюры не супакойвае "дробязь". Ды к таму-ж і часы ўжо цяпер зусім іншыя, іншыя і песьні. "Салавейка, дрозд нават, — дакладвае сініца каршунісе, — панавучыліся такія рэчы сьвістаць, што не асьмелюся і сказаць вашай міласьці". Тыя птушкі, што адгукнуліся на запросіны, зрабіліся ахвярай драпежніцтва каршуноў; за сваю даверлівасьць яны жорстка паплаціліся, апынуўшыся на вясельлі каршуніхі не ў гасьцях... а на патэльні. У форме жартаўлівай баечкі, такім чынам, Ядвігін Ш. паказвае нам, што панства, якой-бы маскай яно ні прыкрывалася, заўжды захоўвае сваю эксплëататарскую існасьць і ня можа пазбавіцца сваёй драпежніцкай натуры.
Калі байкі "Павук" і "Вясельле" абмалёўваюць нам соцыяльныя ўзаемаадносіны, то алегорычнае апавяданьне "Бярозка" выключна прысьвечана абмалёўцы гаротнай долі вясковай жанчыны. Гэта доля аказваецца настолькі цяжкай, што нават дрэва ня вытрымала цяжару яе: бярозка, якой вышаўшая замуж Марылька несла, паслухаўшыся свайго бацькі, усе свае скаргі, спарахнела ўнутры. Сьсекшы дрэва, бацька так тлумачыць спарахнеласьць яго: "Гэта-ж твой боль, гэта-ж твой жаль, — кажа Лявон, — спарахнілі гэту бярозку, бо ты доляй сваёй жалілася ёй. Дрэва і то спужалася такой долі... Умірае гэта бярозка, умірае без пары, бо кожны раз, як ты прыходзіла жаліцца, ёй было што раз цяжэй, а ты, маё гаротнае дзіця, успомні, ты тады мела хвіліны, падобныя да шчасьця". У даным апавяданьні, такім чынам, соцыяльныя мотывы цесна злучаны з мотывам нейкага містычнага адзінства чалавека і прыроды: чалавек, у абмалёўцы пісьменьніка, гэта неадрыўнае зьвяно ў даўгім ланцугу прыроды, частка, зьвязаная з цэлым агульным рытмам косьмічнага жыцьця.
Тое-ж злучэньне мотыву адзінства чалавека і прыроды з іншымі мотывамі мы знаходзім і ў творы "Дуб-дзядуля". Тут дрэва надзяляецца дарам чалавечай гутаркі, а селянін — здольнасьцю разумець гэтую гутарку. У сваіх скаргах, якія падслухоўвае чалавек, гэтае шматвяковае дрэва-дуб-дзядуля разрастаецца ў мастацкі сымболь старасьці. Дзядуля робіць параўнаньне сучаснага з мінулым; усе яго сымпатыі на баку даўнейшага, у цяперашнім ён бачыць толькі здрабнеласьць, выраджэньне. З захапленьнем успамінае ён мінулае, сваю маладосьць. "З маленства, — кажа ён — жылося нішто, суседзтва шмат меў: сваёй радні — цэлыя аколіцы — хлопцы адзін у адзін — дужыя, здаровыя; а тут да кампаніі зграбныя ёлачкі, — хоць сварлівыя, але сэрца добрага — сасонкі. Міргнеш ім бывала жалудком, а яны табе шышкай у бок... А асінкі пашаптушкі. Кіўні толькі ёй галіной (бо дубу ня сьлед кланяцца асіне), а яна, як тая саромлівая панначка, затрасецца ўся і лісточкамі цябе абсыпае"... Так, поэзія жыцьця, сіла маладосьці, какетлівая сьвежасьць юнацтва ― усё гэта ў мінулым дзядулі. У сучасным зусім іншае; жыцьцёвыя навальніцы пакінулі на ім свой знак. "Цяпер глянь на мяне, — скардзіцца дзядуля: — пастухі бок асмалілі, людзі кару аскраблі, колькі-то сукоў павыразалі". І суседзтва ў дзядулі ўжо зусім ня тое; яму здаецца, што дужае і моцнае пакаленьне ужо сышло з жыцьцёвай сцэны, на зьмену яму зьявілася ўжо зусім іншае. На захадзе чарнее лес "худэрлявы, крывы, увесь у сукох — гніль нейкая дый толькі; на ўсходзе шуміць лес, але гэта ня шум здаровага дрэва, а шум зморанасьці; лес на поўначы толькі здалёку выдае крэпкі і гонкі, але і невялікі вецер яго гайдае ва ўсе бакі, то да зямлі прыгне, то крыху адпусьце".
У апавяданьні „Дуб-дзядуля", на падставе алегорычных вобразаў, абмалёвана, такім чынам, псыхолёгія старасьці, адзінока дагараючай і маючай часта нахіл ідэалізаваць мінулае і недаацэньваць сучаснае ды новае; да поўнай ступені тут намячаецца, такім чынам, тэма колізіі бацькоў і дзяцей. Калі мы прыпомнім засьведчаньне Бадуновай, што сам пісьменьнік не разумеў юнацтва і з пэўным скэптыцызмам адносіўся да яго ідэалаў, то магчыма прыпусьціць некаторую аўтобіографічнасьць перажываньняў, якімі надзяляецца дуб-дзядуля.
У далейшым ходзе апавяданьня выяўлены ўжо соцыяльныя мотывы. Дзядуля дае селяніну даручэньне дастаць чыстай вады, каб "падліць карэнчыкі бедныя". Шукаючы гэтай вады, наш падарожнік спатыкае тры жудасных возеры. Першае возера "вялікае, што вокам ня сьцягнеш, і хоць вада мутная, брудная — кінуўся я піць, — апавядаецца ад асобы селяніна, — хлебануў раз, што гэта? Вада — не вада, хоць смак і знаны. Ага, успомніў я, як напрацуешся ды пот, цякучы па брудным твары, пападзе ў рот, от, якраз гэтакі смак". Другое возера больш за першае, але вадзіца ў ім такая чыстая, што аж сьвіціцца. Прыпаў я, — кажа далей апавядальнік, — хлебануў — горкая, але то такая горкая, што піць нельга". І гэты смак знаны селяніну; прыпамінае ён, што калі аднаго году вывелі ў яго з хлява апошнюю скаціну, то сьлязінка, якая тады яму скацілася ў рот, была такой-жа горкай, як гэта чыстая вадзіца другога возера. Трэцяе возера аказалася напоўненым чырвоным віном з выгляду, але і гэтага "віна“ паспытаў селянін у жыцьці: "у губах яго было поўна, — вочы ім заліты... але-ж гэта ня віно, але кроў. Людзкая кроў"...
Так уся соцыяльная рачаіснасьць рысуецца пісьменьніку, як арэна надмернай працы―працы да поту, і як арэна сьлёз і крыві. І Ядвігін Ш. падкрэсьлівае, што для селяніна ўсе гэтыя беды не зьяўляюцца адцягненымі катэгорыямі; ён ведае іх на асабістай спробе: у жыцьці яму часта прыходзіцца каштаваць смак поту ад цяжкой працы, даведацца гаркаты сьлёз ад соцыяльнай крыўды і нават спатыкацца з жахам крыві, якую праліваюць гвалтоўнікі.
Апроч выяўленьня соцыяльных супярэчнасьцяй, у алегорычных апавяданьнях Ядвігін Ш. мы знаходзім яшчэ досыць празрыстыя намёкі на сучасны аўтару політычны момант царскай рэакцыі. Напр., апавяданьне "Сабачча служба" прадстаўляе сабой сатыру на шпегаў і провокатараў, якімі кішэла Расія таго часу... Вясковы жыхар ніяк ня можа ўцяміць выразу "сабачча служба“. Яму здавалася, што "можа быць служба цяжкая, вельмі цяжкая, але не паганая, бо ніякая праца ня ганьбіць чалавека". І толькі пасьля таго, як давялося яму ў горадзе пабачыць лоўлю сабак гіцлямі, ён зразумеў сэнс гэтага выразу, зразумеў, што сабачай службай зьяўляецца служба шпега і провокатара; роля яго аналёгічна ролі сабакі, які заманьвае валацугаў-сабак у клетку гіцляў. "Бяжыць ён, значыцца, па вуліцы дый знаёмства заводзіць з сваім братам: угледзіць каторага, зараз да яго, з аднаго боку зайдзе — нюх, з другога — нюх, хвосьцікам на ўсе бакі віль-віль, а той ужо і рад новаму сябруку і язык высалупіць. Тут і тыц і гіцлі на новага сябра з гэтымі пугамі, дый у жалезную клетачку... А той кудлаты Юда як-бы і нічога: хвост толькі зноў крапчэй падцісьне, морду ўніз апусьціць дый ізноў бяжыць далей, насьцеражыўшы вушы, лыпаючы з-пад лоба вачыма, шукаць новае ахвяры"... Убачыўшы такі малюнак, зразумеў апавядальнік, што ёсьць сапраўды паганая служба: "мала і сабак знойдзецца на такую службу".
Паданае апавяданьне мае сувязь з апавяданьнем ,Зарабіў", дзе закранаецца аднолькавая тэма шпегаўства. Відаць, гэта хваравітая зьява, тыповая для царскай Расі, зварачала на сябе ўвагу пісьменьніка. Магчыма прыпусьціць, што і сам ён, працярпеўшы арышт і турму у студэнцкія гады, зрабіўся ахвярай якога-небудзь шпега, або провокатара. Можа гэтак і тлумачыцца той факт, што выключна поліцыя і асабліва шпегаўства выклікае досыць жоўчнае абурэньне Ядвігіна Ш. і знаходзіць сабе яскрава сатырычную абмалёўку ў яго творчасьці: у іншых выпадках, як мы ведаем, у творчасьці пісьменьніка пераважае мяккі і добрадушны сьмех гуморыстага.
Другая праява царскага рэжыму — сыстэматычнае ашуканства і мана ўлады, якая брудна-мутным струменем разьлівалася ў правым друку і знаходзіла сабе абвяржэньне ў друку прогрэсыўным, атрымала гумарыстычны адбітак у маленькім творы „Пратэст"... Сабакі, "грэючыся пасьля цяжкой і сумленнай працы пад лавай або сталом у хаце", чуюць, як гаспадары іх чытаюць газэту "Наша Ніва", у якой часта ўжываецца слова "брахня": так газэта называе выдумкі і лгарствы, якія плятуць нанятыя за грошы людзі. Сабакі, часта чуючы гэта слова, нібы рашаюць паслаць "адкрыты ліст у рэдакцыю "Нашай Нівы". У гэтым лісьце, паміж іншым, гаворыцца: "пратэстуем вось чаму. Што іншага—выдумка і лгарства; што іншага—брахня. Брэшам толькі мы, сабакі. Дык ведайце, што наша брахня—ня выдумка і ня лгарства, бо ніводзін сумленны сабака ані за грошы, ані бяз дай прычыны брахаць ня будзе: гэта могуць пасьведчыць нашы гаспадары. Дык ня маеце права нас зьневажаць, раўнуючы да гэтых паноў, аб якіх пішаце". Жартлівы характар "ліста" вытрыманы да канца і завяршаецца ён подпісамі:
"Лыска—Міхалкі Канцавога з вёскі Граек;
Разбой—Тодара Серадняка з вёскі Булькаў;
Жук—Сьцяпана Крывога з вёскі Засільля і др."
Па іх просьбе ліст напісаў і за няграматных расьпісаўся Ядвігін Ш."
Такім чынам, маленькія творы "Сабачча служба" і "Пратэст" для свайго часу мелі надзенны характар; у форме вясёлага жарту яны выкпівалі заганы царскага рэжыму, праводзілі думку, што служкі яго апусьціліся ніжэй жывёльнага стану.
Цесна зьвязаная з соцыяльна-політычнымі абставінамі сваёй эпохі, творчасьць Ядвігіна Ш. мала адгукалася на нацыянальны беларускі рух. Сам адраджэнец, беларускі пісьменьнік не выяўляе адраджэнцкіх нацыянальных мотываў, якімі так багата творчасьць яго сучасьнікаў-нашаніўцаў: ён, відаць, лічыў справу беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня настолькі басспрэчнай, што, на яго думку, ня варта было ўзгрунтоўваць яе ў поэзіі; магчыма, што ён проста не хацеў паўтарацца ў даных адносінах, шукаючы больш самастойных тэм, пераважна псыхолёгічнага і агульналюдзкога характару.
Некаторыя намёкі на нацыянальныя мотывы можна заўважыць толькі ў алегорычным апавяданьні "Гадунец“. Праўда, гэты твор можна трактаваць у моральнай роўніцы, як раскрываючы тэму людзкой няўдзячнасьці, але магчыма і іншая трактоўка ў роўніцы нацыянальнай.
Каля крыжавых дарог, гаворыцца ў апавяданьні, разрасьліся кусьцікі. Дрэнна жылося кусьцікам: "гулялі ветры лютыя і абрывалі лісточкі з іх; праляталі навальніцы страшэнныя і крышылі галінкі іх; каціліся паводкі глыбокія і падмывалі карэньчыкі ім". Параіўшыся паміж сабою, кусьцікі парашылі ўзгадаваць вялізарнае дрэва, якое-б бараніла іх ад вятроў, навальніц і паводак. І сапраўды яны ўзгадавалі паміж сябе вялікае дрэва, але надзеі кусьцікаў на лепшае жыцьцё ня зьдзейсьніліся. Тоўстыя карэньні, вялікія галіны, густыя лісты баранілі іх ад ворагаў: паводак, навальніц, ветраў, але гадунец гэты закрыў ім і... сонца... І пагінулі кусьцікі".
У даным творы магчыма заўважыць свайго роду філëзофію гісторыі беларускага народу. Па агульнаму прыёму творчасьці ён мае пэўную сувязь з творам "Хмаркі" Багушэвіча. Там хмаркі бяруцца, як інакш сказальны вобраз беларускага народу, які страціў сваю нацыянальную сьвядомасьць. Такім алегорычным вобразам беларускага народу зьяўляюцца кусьцікі, але вобразам з іншым сэнсам. Гістарычным лёсам і беларускі народ, падобна да гэтых кусьцікаў, кінуты быў на крыжовыя дарогі, якія злучаюць Захад і Ўсход, на вялікі водны шлях "з вараг у грэкі"; не адна гістарычная бура пранеслася і над беларускім народам: яму прыходзілася весьці змаганьне і з Кіевам, і з крыжакамі, і з Масквой, і з іншымі ворагамі. Шукаючы паратунку ад гэтых і знадворных ворагаў, Беларусь спачатку добраахвотна ставіць сябе пад абарону вялікадзяржаўнай Польшчы (вунія 1386 г. і 1569 г.), а потым ужо прымусова злучаецца з Расіяй. Для шмат якіх беларусаў Польшча, а потым Расія зьяўлялася свайго рода гадунцом, на пеставаньне якога яны несьлі свае сілы і здольнасьці, узмацняючы, такім чынам, іншыя організмы. І падобна да таго, як гадунец кусьцікаў, абараніўшы іх ад знадворных ворагаў, закрыў ім сонца, так і Польшча, а потым царская Расія закрыла для Беларусі сонца нацыянальнай культуры.
Магчыма, што такое тлумачэньне алегорыі "Гадунца". зьяўляецца крыху нацягнутым. Але кожны сапраўды мастацкі вобраз, як вядома, вызначаецца шырокай сугэстыўнасьцю: чым шырэй вобраз, тым больш думак і пачуцьцяў ён у нас абуджае, тым больш асоцыяцый ён нам, надае. Возьмем, напр., байку Крылова "Листы и корни"; можа быць рознае тлумачэньне яе алегорычных вобразаў. Найбольш пашырана і зьяўляецца звычайным тлумачэньне іх у сэнсе соцыяльным: корані — гэта ніжэйшыя працоўныя лясы, а лісьці — вышэйшыя. Але магчыма і зусім іншая трактоўка гэтай алегорыі. Марксысты можа сказаць, што корані гэта — экономіка, а лісьці — ідэолёгічная надбудова; псыхолëг можа ўбачыць тут зазначэньне на суадносіны паміж сфэрай бесьсьвядомага і сьвядомага ў нашай псыхіцы, літаратуразнаўца можа ўгледзець тут найменьне на сувязь паміж зьместам і формай мастацкага твору і г. д. Адным словам, можа быць розная апэрцэпцыя мастацкага вобразу, тым болей вобразу алегорычнага. Мы мелі рацыю падзяліцца сваёй апэрцэпцыяй, якая вынікае ў нас пад уплывам твору "Гадунец".
Іншыя алегорычныя апавяданьні Ядвіга Ш. закранаюць розныя пытаньні моральнага і псыхолёгічнага парадку. Напр., апавяданьне "Сіло", дзе рысуецца сініца, якая спачатку сьмяялася над тым сьнігіром, што папаў у сіло, а потым і сама трапіла туды, — гэта як-бы ілюстрацыя да вядомай прыказкі: "ня сьмейся чужой бядзе, свая на градзе".
"Сакатушка* і „Што сказаў певень" — прадстаўляюць сабой сатыры на жанок. "Сакатушка" выкпівае жанчын, якія замест таго, каб займацца гаспадаркай і дзецьмі, шукаюць забаўкаў на старане... Сакатушка прымушае пеўня выседжваць на яйках куранят, а сама "памчалася на суседнія гароды". Вынікі атрымаліся сумныя. Певень адубеў... "А сакатушкі як німа, так німа. Што з ёй стала? Мо ястраб задзёр? Мо дзе заблудзіла? Moʻ... э... э, ды хто там згадае гэтых сакатушак?.." Такім гіронічна безнадзейным пытаньнем канчаецца гэтае апавяданьне, якое абмяжоўвае жыцьцё жанчыны толькі вузкай сфэрай хатияга вогнішча.
„Што сказаў певень" прадстаўляе сабой сатыру на жаночую цікавасьць: жанчына тут згаджаецца на сьмерць свайго чалавека, каб толькі даведацца ад яго пра сакрэт. "Награда" распрацоўвае хадзячае прадстаўленьне аб тым, што нагарода даецца не па заслугах, але у залежнасьці ад соцыяльнага стану.
З гэтай катэгорыі моральна-наўчальных апавяданьняў лепшым бясспрэчна зьяўляецца апавяданьне "Рабы". Яно прадстаўляе сабой сатыру на нікчэмных людзей, якія скарысталі жыцьцё толькі на ўласныя асалоды, якія, не зрабіўшы благога, не пакідаюць пасьля сабе нічога і добрага. У "Боскай Комедыі" Дантэ такіх людзей ня прымае ні пекла, ні рай; суровы італьлянскі поэта малюе такіх людзей, як нікчэмны зброд, што ўвесь час ганяецца за сьцягам, якога ня мелі мізэрныя людзі ў сваім жыцьці. Наш беларускі пісьменьнік сатырычна прадстаўляе такіх людзей у агідным вобразе адкормленага тлустага парсюка. У добрым хляве Рабы смачна еў, смачна спаў, апроч фізычных асалодаў, цэнячы яшчэ высока супакой... Гневаўся "Рабы" і на падрастаючую моладзь падсьвінакаў: Лётаюць, пішчаць, крычаць, дурэюць, — ліха ведае чаго. От, сядзелі-б, як сядзіць ён, спакойна, важна і не перашкаджалі-б іншым драмаць". У такім жыцьці няпрыкметна падкралася і сьмерць... "Стараўся цяпер Рабы ўспомніць, што ён праз час гэтага жыцьця добрага і благога. Благога? Ці-ж ён каму зрабіў што благое? Не — гэтага ня мог Рабы аб сабе сказаць. А добрага? Добрага-што-ж.?? Сьпяшаўся, слабеючы ўжо, успомніць бядак. Ага: праз усё сваё жыцьцё нікому благога нічога не зрабіў, ну... і смачна еў, смачна піў, смачна спаў. Ці-ж мала яшчэ гэтага". Узятае ў цэлым, гэтае алегорычнае апавяданьне Ядвігіна Ш. дае сатыру на мяшчанства, на абыватальшчыну. У трапнай форме выкпіваецца тут нікчэмнасьць, брыдота тых людзей, што варушацца толькі ў сьмярдзючым багне асабістых асалодаў і дробных клопатаў, палахліва ўнікаючы усяго, што можа парушыць іх супакой. Для такіх людзей жыцьцё—гэта сапраўды толькі сьвінарнік, каштоўны тым, што ў ім можна смачна есьці, смачна спаць.
Пасьля досыць падрабязнага аналізу паасобных твораў Ядвігіна Ш, трэба даць абгульняльны сынтэз.
Творчасьць Ядвігіна Ш., як мы бачылі, вызначаецца досыць шырокім дыапазонам. На адным полюсе гэтай творчасьці—вясёлы анэкдот, на другім—высока—мастацкая новэля з багатым соцыяльна-псыхолёгічным зьместам; літаратурныя бязьдзелкі, як апавяданьне "З маленькім білецікам" — і побач глыбока ідэёвыя творы накшталт "Гаротнай", "Шчасьлівай" ды інш. У беларускай крытыцы Ядвігін Ш. пісьменьнік недаацэнены. Максім Гарэцкі, напр., у сваёй "Гісторыі беларускай літаратуры" прысьвячае яму ўсяго дзьве старонкі, на першы плян у сваёй сьціслай характарыстыцы высоўваючы гумор пісьменьніка, яго жартаўліва-комічныя апавяданьні.
Гумор у большасьці выпадкаў і засланяе сабой сур'ёзна-ідэёвую падставу творчасьці Ядвігіна Ш., а гэта падстава і, да таго, падстава досыць глыбокая, ёсьць у яго. У пісьменьніка маецца пэўная сыстэма сьветапогляду, якую можна выкрыць на аснове аналізу яго твораў.
Ядвігін Ш. пераважна цікавіць чалавек з яго перажываньнямі; прырода параўнальна мала закранаецца ім; у цэнтры яго творчасьці стаіць "человеческое, слишком человеческое". Магчымы розныя ацэнкі чалавечай натуры. Ня раз выказваліся пэсымістычныя погляды на сутнасьць гэтай натуры. Для пісьменьнікаў-мізантропаў, як, напр., Эдгар Поэ, чалавек — гэта жорсткая і злая жывёла. Але выказвалася і іншая, оптымістычная, ацэнка чалавека. Напр., для Руссо — чалавек добры па сваёй істоце. У Ядвігіна Ш. працоўны чалавек гэтак сама добры па сваёй існасьці. Перш, чым адважыцца на злачынства, або пасьля злачынства, у яго гэрой заўжды перажывае вялікія пакуты. Сіротка Гануля, прымушаная беднасьцю акунуцца ў вір распусты, перш, чым зрабіць няшчасны крок у сваім жыцьці, памятаем мы, усю ноч пры матчыным ложку "плакала і малілась, малілась і плакала" нават Сьцёпка, гэты нядбалы гультай, зрабіўшыся шпэгам, цяжка пакутуе. Гэтыя пакуты вынік таго, што зло супярэчыць натуры чалавека: ён добры па сваёй сутнасьці. Інакш і быць ня можа, бо чалавек гэта толькі зьвяно ў адзінай сыстэме прыроды. Творы Ядвігіна Ш., бачылі мы, прасякнуты нейкім нават містычным пачуцьцём адзінства чалавека і прыроды. Калі чалавек—толькі зьвяно прыроды, то, зразумела, душа яго больш непасрэдная і чулая, чым бліжэй ён да гэтай прыроды, да яе матчынага ўлоньня. Адсюль вынікае ў творчасьці Ядвігіна Ш. гэта антытэза: чалавек гораду і чалавек вёскі; першы з папсаванай, надломанай псыхікай, другі, захаваўшы ўсю непасрэднасьць і чуласьць душы. Душа Андрэя Зоркі, напр., настолькі чулая, што ён ня можа пераносіць нават цыркавых прадстаўленьняў і пад іx уплывам перажывае цяжкі кашмар, тымчасам, як яго гарадзкі прыяцель лічыць іх за вялікую прыемнасьць.
Апроч таго, псуе душу чалавека беднасьць, соцыяльнае зло. Яно штурхае яго на шлях моральнай сьмерці. Звужваюць душу чалавека і асадкі пэўнай профэсыі пры чыста формальных адносінах да яе. У шпіталі нават перад тварам сьмерці служкі аказваюцца цынічнымі і жорсткімі нікчэмнікамі. Гэта нікчэмнасьць, на думку пісьменьніка, галоўны вораг чалавека. Ад беднасьці, паводле яго прадстаўленьня, можна пазбавіцца ў марах: Тадорка-ж памерла шчасьлівай, лічачы сябе ў сваіх марах багатай. Ад нікчэмнасьці-ж паратунку няма: яна абарачае ў адкормленага парсюка, — у такім вобразе прадставіў нікчэмнасьць Ядвігін Ш. у сваім Рабым, падобна да таго, як Пшыбышэўскі адбіў яе ў вобразе канцлера у сваёй "Вечной сказке".
Грунтуючыся на глыбокай веры ў прыродную дабрату чалавека, сьветапогляд Ядвігіна Ш. мае яскрава оптымістычны характар. Праўда, пісьменьнік не падфарбоўвае рачаіснасьці, ён констатуе ў ёй і шмат зла; соцыяльная рачаіснасьць для яго, як мы бачылі, гэта арэна чалавечай пакуты, сьлёз крыві. Але, ня гледзячы на гэта, канчатковая ацэнка жыцьця ў Ядвігіна Ш. глыбока оптымістычная. Радасны гімн оптымізму прадстаўляе сабой кароткая легенда яго „Чалавек" У легендзе апавядаецца, што па просьбе чалавека бог спачатку забраў ад яго бяду, сьлязу і хваробу і замест іх даў волю, шчасьце і здароўе; нарэшце забраў нават сьмерць ад яго. І вось "ішлі вякі, ляцеў час".
І прыходзіць чалавек да бога свайго і кажа:
— Божа, усё я зьведаў, усяго зазнаў, адна толькі рэч нязнаная мне засталася.
Бог і кажа:
— Чаго-ж ты, чалавек, хочаш?
— Сьмерці, — адказвае чалавек.
І бог даў чалавеку сьмерць".
У легендзе, такім чынам, выказваецца прымірэньне з бядой, сьлязьмі і нават са сьмерцю, як неабходнымі зьявамі. Так, зло у канчатковым выніку ёсьць, на думку поэты, нешта канечна патрэбнае для ўтварэньня сусьветнай гармоніі. Вось чаму, думаецца нам, гэта зло не выклікае ў большасьці выпадкаў асабліва злоснага абурэньня з боку Ядвігіна Ш. Супраць таго, што патрэбна, што зьяўляецца канечна патрэбным элемэнтам агульнай гармоніі, немагчыма абурацца; над гэтым можна толькі добрадушна сьмяяцца, асьвятліць яго мяккімі праменьнямі гумору.
Элемэнты сюжэтнай композыцыі сваіх твораў Ядвігін Ш. чэрпае з розных крыніц. Ён апрацоўвае вандроўныя анэкдоты, выкарыстоўвае народную творчасьць, бяручы адтуль розныя сродкі і прыёмы, напр., мотыў а зьвярынай мове, малюнак вясельля птушак, вобраз жанчыны, якая скардзіцца дрэву, прыём пэрсоніфікацыі адцягненых паняцьцяў; сустракаем у яго і сюжэты легендарна-апокрыфічныя ("Баба"). Але большай часткай сюжэты Ядвігіна Ш. навеяны бытам, крыніцай іх зьяўляецца назіраньне над жыцьцём вясковай і гарадзкой беднаты.
Звычайнымі літаратурнымі жанрамі ў Ядвігіна Ш. зьяўляюцца байка і новэля, якія з боку пабудовы вызначаюцца зграбнасьцю і згушчонасьцю зьместу: у рамкі кароткага апавяданьня пісьменьнік звычайна ўкладае рознастайныя мотывы соцыяльна-бытавога і псыхолёгічнага характару.
У адносінах соцыялёгічных творчасьць Ядвігіна Ш., як мы бачылі, не вызначаецца сваёй цэльнасьцю: ён адным сваім тварам зьвязаны яшчэ з мінулым, у яго мы знаходзім яскравы выраз шляхецкай псыхолёгіі, — нахіл пасьмяяцца з селяніна, пэўную ідэалізацыю мінулага, адсутнасьць рэволюцыйных мотываў. Але адначасна, як народнік новай формацыі, Ядвігін Ш. вострым аналізам выкрывае соцыяльнае зло—беднасьць і эксплёатацыю. У гэтым заключаецца найбольш каштоўны элемэнт яго творчасьці.
Насычанасьць соцыяльным зьместам надае ідэёва-грамадзкае значэньне творчасьці Ядвігіна Ш. Апроч таго, гэта творчасьць мае і пэўную формальна-мастацкую вартасьць.
Нашаніўскі пэрыод беларускай літаратуры, як вядома, асабліва багаты быў на поэзію, пераважала малая форма лірычнага вершу. Ядвігін Ш. выступае, як адзін з першых стваральнікаў беларускае прозы, як беларускі бэлетрысты, прычым формальна-мастацкія прыёмы яго у данай галіне вызначаюцца пэўнай рознастайнасьцю.
Папершае, зьвяртаюць на сябе ўвагу композыцыйныя прыёмы пісьменьніка. Архітэктоніка апавяданьняў яго вызначаецца яснасьцю і лёгічнай паступовасьцю. Большаю часткаю сустракаецца ў Ядвігіна Ш. эпізодычны тып композыцыі з біографічным стрыжнем; паасобныя падзеі разгарнаюцца ў хронолёгічнай паступовасьці і групуюцца навокал галоўнага персонажу, прычым, фабульная і сюжэтная лініі супадаюць. Але адначасна досыць характарным для пісьменьніка зьяўляецца і тып новелістычнай композыцыі з момантамі завязкі, нарастаньня дзеяньня і разьвязкі. Паводле такога тыпу будуюцца апавяданьні "Гаротная", "Шчасьлівая", "Зарабіў", "Зарабляюць".
У апавяданьні "Гаротная" завязка, у якой дана апісаньне забабонных лекаў, адначасна прадстаўляе сабою і абрамляемы мотыў. У рамку гэтага мотыву на падставе прыёму ўспамінаў устаўлены эскіз жыцьця гаротнай і трагічная разьвязка — сьмерць апошняга сына ад лекаў. У гэтым апавяданьні, найбольш складаным паводле сваёй пабудовы, у Ядвігіна Ш. мы знаходзім перакрыжоўваньне двух плянаў: мінулага і сучаснага, композыцыя тут не супадае з дыспозыцыяй. У апавяданьні "Шчасьлівая" ў самым пачатку даецца экспозыцыя характару галоўнага персонажу, гэта экспозыцыя — абмалёўка сквапнасьці на грошы і мараў а багацьці—адначасна вызначае сабой усю псыхолёгічную сытуацыю, на якой грунтуецца новэля. Узрывальны дынамічны мотыў яе (зьяўленьне скарбу) уводзіць з сабой і мотыў таямніцы: зьмест скарбу невядомы для нас. Даны мотыў, які ўносіць момант напружаньня ды інтрыгуе чытача, выясьняецца толькі ў разьвязцы, прычым апошняя пабудавана паводле тыпу нечаканай канцоўкі: у гаршку, замест скарбу, з якога ўвесь час цешылася героіня, аказваецца нікчэмнае сьмяцьцё. У апавяданьні "Зарабіў" таксама ў пачатку даецца экспозыцыя характару галоўнага пэрсонажу, якая прадстаўляе сабою псыхолёгічную спружыну ўсяго апавяданьня; разьвязка тут таксама прадстаўляе сабою нечаканую канцоўку (турма замест узнагароды за шпегоўства). У апавяданьні "Зарабляюць" дана ў пачатку досыць доўгая Vorgeschіchte: жыцьцё маладых герояў пры матцы. Момант нарастаньня дзеяньня прадстаўлены абмалёўкай цяжкой барацьбы за існаваньне пасьля сьмерці маткі; разьвязка барацьбы, як за звычай у Ядвігіна Ш., сумна-трагічная: моральная сьмерць гэроіні.
Такім чынам, апроч ступянёва-эпізодычнай пабудовы, Ядвігін Ш. ведае і больш складаныя композыцыйныя прыёмы.
Уласьцівы Ядвігіну Ш. і іншыя прыёмы мастацкага аформленьня свайго соцыяльна-бытавога і соцыяльна-псыхолёгічнага матэрыялу. Так, ён досыць шырака выкарыстоўвае прыём сказу ("Зарабляюць", "Сабачча служба", "Суд", "Важная фіга", "Жывы нябожчык" ды інш.), прыём сну, як композыцыйнага сродку ("Чортава ласка", „Цырк", "Дуб-дзядуля"); у апавяданьні "З бальнічнага жыцьця" мы знаходзім прыём лірычнага пярсьцёнка: зачын і канцоўка гэтага апавяданьня прадстаўляе сабою аднолькавую сумна-лірычную імпрэсію, якая адпавядае агульнаму характару твору. Шмат апавяданьняў Ядвігіна Ш. пабудаваны на прыёме адзіўленьня ("З маленькім білецікам", „Заморскі зьвер“, "Вучоны бык", "Сабачча служба“, „Протэст“ ды інш.).
Рознастайныя композыцыйныя прыёмы ў Ядвігіна Ш. злучаюцца ў адным вузьле. Яны вынікаюць з яго мэтаімкнёнасьці маляваць вострыя сытуацыі комічнага альбо трагічнага парадку. А гэта мэтаімкнёнасьць, у сваю чаргу, зьвязана з усім ладам поэтычнага сьветаадчуваньня Ядвігіна Ш. Як мы бачылі вышэй, пісьменьніка пераважна цікавіць чалавек у двох плянах выяўленьня яго істоты, — у пляне комічнай недарэчнасьці і трагічнага патосу моральных і душэўных пакут. Выяўленьню гэтых двох плянаў і служаць акрэсьленыя вышэй композыцыйныя прыёмы пісьменьніка. Так, напр., комічны эфэкт у апавяданьнях Ядвігіна Ш. дасягаецца прыёмамі сказу і адзіўленьня; яго соцыяльнай і псыхолёгічнай патэтыцы адпавядае момант Spannung паасобных новэль, прыём трагічных канцовак, лірычнага пярсьцёнка і г. д.
Паколькі чалавек у пэўных соцыяльных абставінах для Ядвігіна Ш. прадстаўляе сабою "меру усіх рэчаў", то адсюль і вынікаюць галоўныя яго стылістычныя прыёмы. Пісьменьнік шырака выкарыстоўвае сродкі, якія сынтэзуюць прыроду і чалавека. Для Ядвігіна Ш. характарнымі зьяўляюцца ўсходзячыя параўнаньні; напр., у яго чытаем: "Ліплі крываважоўтыя лісты да тоўстых сьцен больніцы, як-бы падслухаць хацелі, што чутна за імі, і ліплі крывава-жоўтыя лісты да памуцеўшых шыб, як-бы заглянуць хацелі". Але асабліва шырака разгарнае пісьменьнік прыём пэрсоніфікацыі: у яго дуб-дзядуля, зграбныя елачкі, "хоць сварлівыя, але сэрца добрага-сасонкі"... "асінкі пашаптушкі" набываюць аблічча людзей; уласьцівасьць гутаркі надаецца хлебу, кусьцікі ўвасабляюцца ў вобразе людзей і г. д.
Так, у Ядвігіна Ш. паасобныя цаглінкі яго тэматыкі і формальна-мастацкіх сродкаў, як і ў кожнага сапраўднага мастака, зьвязаны адзіным цэмантам ярка выяўленага поэтычнага сьветаадчуваньня.