Перайсці да зместу

Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Беларусі/Алесь Гарун

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) Алесь Гарун
Манаграфія
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1928 год
Максім Багдановіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АЛЕСЬ ГАРУН

Алесь Гарун, сапраўднае прозьвішча якога Прушынскі, нарадзіўся ў Менску 27 лютага 1887 году ў сям'і чорнарабочага. Рана будучы пясьняр зазнаў беднасьць і матар'яльныя недахваткі, але рана пачалі выяўляцца ў ім і багатыя здольнасьці: 5-гадовы, маленькі хлапчук ужо чытаў парасійску і папольску; на 7-ым годзе пачаў хадзіць ён у прыходзкую школу, дзе ў 3-ім аддзяленьні давялося яму прабыць лішні год выключна па недаросласьці. Скончыўшы школу 1897 г., ён у 1899 г. пачаў хадзіць у рамесьніцкае вучылішча, у якім 3 гады вучыўся на дрэваапрацоўчым аддзяленьні.

Гарадзкі жыхар, Алесь Гарун рана знаёміцца з вёскай: вакацыі ён праводзіў у цёткі, займаючыся звычайнай земляробскай працай. Можа ўжо тут раскрылася яго душа для ўспрыманьня хараства прыроды; можа ўжо тут запалі ў яго сэрца абразкі роднай дзейснасьці, — запалі моцна і зьвязалі яго непарыўнай і моцнай сувязьзю з роднай краінай.

Ужо ў 16 год, пасьля сканчэньня рамесьніцкай школы, пачалося для Алеся Гаруна змаганьне за кавалак хлеба: ён працуе ў якасьці столяра ў розных майстэрнях; 5 год прайшло за гэтай працай.

1907 год— фатальны год у жыцьці Алеся Гаруна... Сын рабочага, зазнаўшы з маленства гора, ён рана пачаў адчуваць соцыяльную крыўду, рана выявілася ў яго імкненьне пазбыцца гэтай крыўды і стаць на шлях актыўнай барацьбы. У 1904 Алесь Гарун уваходзіць у партыю соцыялістых-рэволюцыянэраў: у якасьці партыйца ён выяўляе актыўнасьць і займаецца пропагандай сярод вучнёўскай моладзі і гарадзкіх рабочых, рэдка выходзячы на вёску. Сам яшчэ юнак, ён з посьпехам працуе сярод вучнёўскай моладзі, організуе гэту моладзь у гурткі і займаецца друкаваньнем нелегальнай літаратуры. За рэволюцыйнай працай Алеся Гаруна арыштоўваюць, і ён адбывае адсідку спачатку ў Менскім вастрозе, а потым у Вільні. У 1908 г. яго засуджваюць на катаргу, але потым замяняюць катаргу ссылкай у Керанскі павет Іркуцкай губэрні.

Чалавек з багатымі здольнасьцямі, з мяккай і поэтычнай душой, шырака раскрытай для ўспрыманьня хараства, закінуты быў, такім чынам, у глуш Сібірскай тайгі, засуджан на жыцьцё сярод напоўдзікіх чалдонаў. Жыў Алесь Гарун спачатку ў сяле Макараўскім (71 вярста ад павятовага гораду і 991 — ад губэрскага), а потым у вёсцы Крывая Лука (18 вёрст ад Макараўску), займаючыся плотніцкім і сталярным рамяством. Цэлых два гады прайшлі ў глушы. У 1911 годзе ён паступіў на параходзтва Глотавых ля Керанску. Тры гады працаваў ён тут. Вясна ў 1914 г. прынесла Алесю Гаруну маленькую палёгку. Паводле маніфэсту, яму дана было права запісацца ў сяляне і разам з тым права жыць па ўсёй Сібіры. У працягу 1914 году ён быў вадалівам на Лене, даплываў нават да Іркуцку. З 1915 г. ён меў месца на копнях Бадайба, і тут застала яго і рэволюцыя. Рэволюцыя абудзіла ў ім актыўнасьць; за часы Керанскага ён працуе ў якасьці ўпаўнаважанага па абароне працы ў Ленскай золатапрамысловай акрузе і, нарэшце, 22 верасьня 1917 году прыяжджае ў свой родны Менск.

У працягу 9 гадоў разлучаны з айчынай, Алесь Гарун зараз з захапленьнем аддаецца працы на роднай глебе, ня лічачыся са сваім здароўем. А гэта здароўе было ўжо моцна падарвана цяжкімі ўмовамі жыцьця. М. Гарэцкі сьведчыць, што Алесь Гарун вярнуўся з Сібіры худы, зжаўцеўшы, заўсёды з далікатна палахлівым поглядам і нейкай дакорнай маўклівасьцю, але пясьняр ня дбае аб сабе і з галавой уваходзіць у рэволюцыйную працу. Ён бярэ ўдзел у бежанскім беларускім зьезьдзе ў Маскве, у зьезьдзе народаў Кіеве і г. д. Побач вядзецца ім праца ў розных інстытуцыях Менску; адначасна ён разгарнае шырокую чыннасьць і ў друку: ім рэдагуецца "Беларускі Шлях"; прымае ўдзел ён у „Вольнай Беларусі". Пры Савецкай уладзе Алесь Гарун служыць у камісарыяце соцыяльнага забесьпячэньня. У часе польскай окупацыі, ён зьяўляецца старшынёю нацыянальнага камітэту, але потым пераходзіць у вайсковую беларускую організацыю. Нацыяналізм, такім чынам, штурхнуў Гаруна на памылковы шлях супрацоўніцтва з урадам окупантаў[1].

Вымушаны знадворнымі акалічнасьцямі, Алесь Гарун выяжджае з Менску з палякамі і на чужыне ў далёкім Кракаве ў 1920 г. памірае; пахаваны ён на вайсковых могілках.

Гэтыя біографічныя асадкі — толькі знадворная абалонка Алеся Гаруна. За гэтай абалонкай захоўвалася моцная індывідуальнасьць, жыўшая сваім напружаным жыцьцём, якое пачало раскрывацца надта рана. Надта рана, яшчэ ў дзяцінстве, выявілася ў Алеся Гаруна імкненьне пісаць вершы; гэтыя дзіцячыя вершы вызначаліся пераважна гумарыстычна вясёлым характарам. З уваходам у партыю муза поэты робіцца больш сур'ёзнай і сталай. З беларускім друкаваным словам поэту ўдалося пазнаёміцца значна пазьней; калі ён перачытаў ужо шмат кніжак расійскіх і польскіх, выпадкова ў 1903 ці 1904 годзе ў яго рукі трапіла кніжка „Гапон". Да гэтай пары зусім ня бачыўшы беларускага друку, Алесь Гарун прымае і гэты твор Дуніна-Марцінкевіча за польскі. Пачынае чытаць кніжку, але бачыць роднае слова—слова, якое ён чуў у хаце; моцна забілася яго сэрца, на вочы навярнуліся сьлёзы,- сьлёзы радасьці. У гэтым факце ўжо адкрываецца замілаваньне Алеся Гаруна да роднага, якое потым будзе праходзіць чырвонай пасмай праз усю яго творчасьць. Пад уплывам "Гапона" ў поэты адбуджаецца цікавасьць да беларускага слова, ён знаёміцца з творчасьцю Цёткі ды іншых поэтаў, з газэтай "Наша Ніва". Чытаньне аформляе ў душы Гаруна тое, што да гэтай пары чыста стыхійна і несьвядома варушылася ў ёй. Атмосфера нашаніўскай пары робіць асабліва моцны ўплыў на Алеся Гаруна; яго эмоцыянальна-стыхійнае імкненьне да роднага адліваецца ў форму сьвядомай пастаноўкі нацыянальнай проблемы; эмоцыянальныя перажываньні прасьвятляюцца і паглыбляюцца пад яркімі праменьнямі розуму. Аформіўшыяся ідэалы нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня бацькаўшчыны ўжо ніколі не пакінуць поэту, ён іх панясе з сабой у магілу. Побач з разьвіцьцём нашаніўскай ідэолёгіі, духоўнае жыцьцё Алеся Гаруна пашыраецца ды паглыбляецца і ў іншых кірунках свае думкі і настроі ён рана пачынае выліваць у вершах на беларускай мове. Ні глуш сібірскай тайгі, ні цяжкая праца вадаліва не заглушылі ў ім напружанага духоўнага жыцьця. Каб не памерці духоўна, ён у Сібір выпісвае газэты і часопісі, у няволі не пакідае сваёй працы. На баржы № 18 ён апрацоўвае свой зборнік "Матчын Дар" для выданьня ў друку.

Зборнік "Матчын Дар" (Менск, 1918 г.), "Жывыя казкі", некалькі вершаў і апавяданьняў, раскіданых у часопісях, — вось і ўся невялічкая літаратурная спадчына Алеся Гаруна, але гэта спадчына прадстаўляе сабою сапраўдныя дыямэнты творчасьці. Невялічкая параўнальна колькасьць твораў тлумачыцца цяжкімі ўмовамі жыцьця. Сталярны варштат, змаганьне за кавалак хлеба ў Сібіры, грамадзкая і політычная дзейнасьць перашкаджалі плённай працы поэты. Прыходзіцца нават дзівіцца, што пясьняр здужаў даць нам хоць-адзін цэльны зборнік, тым болей, што ў гэтым невялічкім зборніку мы не знаходзім літаратурнага сьмяцьця, а толькі чыстыя крышталі мастацтва.

Алесь Гарун па істоце сваёй поэта-лірык. Выяўленьне думак і пачуцьцяў у гуках—для яго глыбокая ўнутраная патрэба. Чулае сэрца поэты прыціскала шэрая проза і штодзеннасьць: у гуках сваіх вершаў, у ясным сьвеце поэтычных вобразаў ён шукае адпачынку; поэзія для яго не рамяство, але органічная патрэба, у творах выяўляецца яго сапраўдны твар.

Мы бачылі, што асоба Алеся Гаруна вызначаецца сваёй многаграннасьцю. Політычная дзейнасьць, грамадзкая чыннасьць мелі бясспрэчна паважнае значэньне ў яго жыцьці, але сапраўднае яго "я", унутраная сутнасьць яго душы раскрываецца ў поэзіі. Тут перад намі выступае ня толькі політычны дзеяч, партыйны змагальнік, але інтымны Алесь Гарун са сваімі патаемнымі, задушэўнымі думкамі і настроямі.

Сам поэта знаёміць нас з процесам сваёй мастацкай творчасьці. У сваім уступе да зборніку "Матчын дар" ён зазначае:

Люблю і я скляпеньне зор,
Люблю зямлі абшар,
І роўны луг, і узгібы гор,
І шум лясны, і гвар.
Люблю жыцьцë, а ў ім людзей,
І кшталты іхніх душ,
Люблю вянкі плясьці з надзей, —
А ні поэт.—Чаму-ж?

Тут трапна зазначаны галоўныя крыніцы поэтычнага натхненьня. Сапраўды, прырода, жыцьцё людзей, мары, імкненьне ў сьвет ідэалаў—гэтым вычэрпваюцца асноўныя мотывы мастацкай творчасьці. Алесь Гарун скромна заяўляе, што ён не поэта. Мы можам зразумець гэту скромную заяву толькі ў тым сэнсе, што жыцьцёвыя навальніцы крыху паабламлялі поэтычныя скрыдлы яго душы, перашкодзілі яму ўзьняцца на яшчэ большую вышыню. Алесь Гарун сам зазначае дрэнныя варункі свайго жыцьця, ён у тым-жа ўступным вершы гаворыць:

Часамі праца ў дзень кіпіць, —
Цярплю і я прыгон,
Аж косьць аб косьць ў плячу рыпіць...
Пачуеш у сэрцы звон...
Ухопіш зык, за ім другі,
За тымі больш ідуць,
Зьліюцца ў шых даўгі-даўгі
І цэлы дзень гудуць.
Загасьне дзень, іду дамоў.
Кладуся спаць, — і ў ноч
Цякуць радкі зьвінючых слоў,
І сон адходзіць проч,
Тады пішу...

Сапраўды, Алесю Гаруну даводзілася тварыць урыўкамі. Рамяство столяра, вадаліва, політычная і рэволюцыйная чыннасьць адбіралі пераважную частку яго жыцьця. Нават апрацоўваць свой „Матчын Дар" для друку яму даводзілася, як мы ведаем, на баржы.

У гэтым-жа ўступным вершы зазначаюцца і галоўныя бакі духоўнай істоты Алеся Гаруна, у якой злучаліся дзьве постаці. Адна постаць―змагальніка і барацьбіта за родны край; гэта постаць―"па краі родным сум"―падстава нацыянальных і соцыяльных мотываў у творчасьці песьняра. Але побач з суровай постацьцю барацьбіта, у Алеся Гаруна выяўляецца і іншая постаць―мяккага і пяшчотнага лірыка, шукаўшага ласкі і ўцехі, любіўшага дзяцей, высока цаніўшага жаночае каханьне; недарэмна вышэйшай нагародай для поэты прадстаўляецца "з дзявочых вуст пачуць хаця-б адзін бедны сьпеў".

Ідэёвая лірыка Алеся Гаруна вычэрпваецца адраджэнцкімі мотывамі.

У яго мы знаходзім шырокую пастаноўку нацыянальнае проблемы. У пастаноўцы гэтай проблемы заўважаецца поўнае падабенства песьняра з нашаніўцамі; ён, падобна да апошніх, дае нам, напрыклад, наказ ня цурацца роднай мовы, ён заклікае:

Ты, мой брат, каго зваць беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як ні зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.

Знаходзім мы ў Алеся Гаруна і ідэалізацыю беларускага мінулага, якое ўяўляецца яму славутым і вялікім:

Ў старыну беларус не падданы
Гаспадарыў, быў сам над сабою,
І далёка у сьвеце быў знаны
За літоўскай і ляскай зямлёю.

Нарэшце, Алесь Гарун дае і псыхолëгічнае ўгрунтаваньне нацыянальнае проблемы; ён зазначае на органічную сувязь чалавека з айчынай. Душа самога поэты замірае на чужой зямлі, ён там адчувае сябе лішнім. Горшая мука — для поэты жыць у разлуцы з бацькаўшчынай; смутак па айчыне на чужыне — лейт-мотыў яго лірыкі.

Гэты мотыу псыхолёгічнай сувязі чалавека з айчынай мы бачылі ў Багушэвіча, у яго вершы "Мая хата"; шырока разгорнуты ён у Янкі Лучыны, сустракаецца ў Цёткі ды ў іншых. Але пры падабенстве з папярэднікамі ісучасьнікамі ў Алеся Гаруна ёсьць сваё асаблівае. У яго заўважаецца большая об'ектыўнасьць у стасунку да беларускага народу; у зьмене гістарычнага лёсу свайго, на думку поэты, вінны сам беларус, пасыўнасьць яго характару („Іванку").

Але самае характарнае ў нацыянальных мотывах вершаў Алеся Гаруна гэта — эстэтычны момант. Поэта захапляецца айчынай як мастак. Для яго гэта край прыгажэйшы ў сьвеце, да яго ён зьвяртаецца з гэткімі прачулымі словамі:

Ты квяцісты, залацісты,
І прыгожы, і аздобны,
Ты лясісты, каласісты,
— Можа рай табе падобны —
Колькі-ж моцы маеш скрытай,
Колькі сілы неспажытай!

Алеся Гаруна вабіць пекны сьвет народнай фантастыкі і паданьняў; перад ім, як жывыя, устаюць родныя малюнкі: русалкі гуртом ля рэчкі, бяздольны шукае кветку шчасьця, "з зельлем шаптухі паціху снуюць". Нібы заварожаны гэтым малюнкам, Алесь Гарун кажа:

Хочацца быць мне ў тым краі нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты.
Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці з табою,
Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць...

Так поэта любіць Беларусь, бо яна мае пекную прыроду, бо яна ўся абвеяна чароўнай казкай. Нават беларускую мову пясьняр разглядае ня толькі ў грамадзкім аспекце, як скарб адзіны ад мінулага, але і ў аспэкце эстэтычным; ён кажа:

Гэй, ты, маці, родная мова,
Гэй, ты, звон вялікі, слова,
Звон магутны,
Звон бліскучы,
З злота зьбіты,
Загрымі ты,
Загрымі.

Гэтак тры моманты выяўляюцца ў абаснаваньні з боку поэты нацыянальнай проблемы: ідэёва-грамадзкі, псыхолëгічны і эстэтычны.

Соцыяльныя мотывы параўнальна слаба выяўлены ў лірыцы Алеся Гаруна. Найбольш выдатнымі ў гэтым стасунку творамі зьяўляюцца наступныя.

Можна адзначыць верш "Юдам", абліты гаркатой і злосьцю, у якім выкрываецца ашуканства буржуазіі. У вершы "Жыцьцё" пануе ціхі сум над доляй народу, якая прыраўноўваецца да лёсу "вала".

Апроч таго, перад намі праходзяць абразкі сялянскага жыцьця. Напрыклад, малюецца хата, у якой тры горы: сын памёр ад сухот на вайсковай службе, дачка вышла за п'яніцу, лясьнічы адмовіў у пасадзе. Верш "Габруська" зарысоўвае малюнак адзінокай сьмерці жаўнера на чужыне ў разлуцы са старым бацькам і любай сэрцу дзяўчынай. У вершы "Жабрачка" перадана сумная гісторыя вясковай жанчыны, якая калісь была пекнай дзяўчынай, потым зрабілася гаспадыняй шчасьлівай маткай, але шчасьце разбурылі розныя прыгоды: здарыўся пажар, памёр чалавек, сын пашоў на заробкі ў Сібір і там загінуў, дачка захварэла і памерла. Уласьціва кажучы, гэта награмаджэньне жахаў накшталт твораў Андрэева. Тут хутчэй не соцыяльныя мотывы, а мотывы бязьлітаснага лёсу, які так зьдзекуецца над чалавекам.

Выразна соцыяльныя мотывы выступаюць у вершы "Муляру", які мае ў сабе заклік да будаўнічай працы і крыху нагадвае вядомы твор Валерыя Брусава „Каменщик". Яшчэ выразьней гэты заклік выступае ў вершы "Эх, сягоньня, ў гэту ночку", дзе поэта гаворыць:

Гэй, хто ёсьць тут! Люд галодны,
Люд пакутны! Да мяне!
Станьма, брацьця, у шых паходны ―
Наша гора праміне...
Ўстануць, рушаць: "Прэч з дароrі!
Хто нам хоча заступіць?
Мы пайшлі, мы люд убогі,
Ўсё узяць, ці ўсё згубіць".

Вось галоўныя соцыяльныя мотывы ў творах Алеся Гаруна. Мы бачым тут спагаданьне народнай долі, заклік да барацьбы і будаўнічай працы. Але ў вершах яго мы нідзе не знаходзім выяўленьня соцыялістычнай ідэолёгіі; пад тымі заклікамі, што робіць Алесь Гарун, мог-бы падпісацца хоць-які дэмократ лібэральнага кірунку. Вольнасьць, братэрства, будаўнічая праца,―усё гэта агульныя месцы; нідзе ў Алеся Гаруна мы не знаходзім спэцыфічных адзнак соцыялістычнай ідзолёгіі―мотываў скасаваньня прыватнай маемасьці, клясавай барацьбы, насьпяваньня залатога веку ў будучым. Гэтыя мотывы характарны для сучаснай пролетарскай поэзіі. Алеся Гарун―сын рабочага, партыйны дзеяч―не выяўляе іх у сваёй поэзіі. Сам поэта нібы дае адказ на пытаньне, чаму ў яго творчасьці адсутнічаюць мотывы будучыны. У сваім вершы "Поэту" ён выражае сваю веру ў прогрэс, у палепшаньне жыцьця, але яго чулае сэрца сьціскаецца ад крыўды нашых дзён, яму хочацца ў сучасным перабудаваць жыцьцё на іншых падставах, ён надта захоплены працай сёнешняга дня, каб марыць аб далёкім ідэале будучыны.

У творах з нацыянальным і соцыяльным зьместам выяўляецца постаць Алеся Гаруна, як змагальніка за грамадзкі дабрабыт. У іншых творах выяўляецца другая постаць яго ― філёзофа і эстэта. Эстэтызм, праўда, у Алеся Гаруна знайшоў сабе некаторае выражэньне ў абаснаваньнях нацыянальнай проблемы, але там ён выяўляецца выпадкова і эпізодычна. Больш стала ён знайшоў сабе выражэньне ў лірыцы індывідуальных перажываньняў, якую можна падзяліць на лірыку філëзофскага задуменьня і лірыку эмоцыяльную. У лірыцы філёзофскай выступае глыбокая рэфлексыя, задумёнасьць поэты. Ён задумляецца над галоўнымі пытаньнямі ды проблемамі чалавечага жыцьця. "Нашто пачаўся я ад бога, чалавек? Нашто, скажы мне, ты жывеш і з думкамі якімі?"―такія і падобныя да іх пытаньні не даюць песьняру супакою. Напружна ён шукае адказу на гэтыя пытаньні і ў шуканьні знаходзіць сваяасаблівую асалоду. Для яго вышэйшае на сьвеце гэта―думкі; яны для поэты каштоўныя дыямэнты:

Думкі-дыямэнты, краскі жыцьця!
Песьні―вас гэтак люблю,
З вамі салодкіх гадзін забыцьця
Часам і я пазнаю.
Жыцьцё-няволя у чужой старане,
Працы надмернай яром
Зараз зьнікаюць, бы ў госьці ка мне
Вы паказаліся ў дом.

Як і ўсе асобы, што жывуць напружным унутраным жыцьцём, Алесь Гарун асабліва любіць самоту, калі можна аддавацца думкам — гэтым дыямэнтам жыцьця; ён складае цэлыя літаніі адзіноце.

Напружная праца мысьлі давала поэце вышэйшую acaлоду, але часам яна несла з сабой і пякельныя мукі; з вуснаў поэты зрываецца тады горкае прызнаньне; ён кажа: "няма пакуты, дзе няма пазнаньня". Часам поэта як-бы

захапляецца гэтым жыцьцём бяз трывог, бяз шуканьняў:

Сьпіць душа і розум сьпіць
Смачна, бяз трывогі,
Піць і есьці, есьці й піць
Клопат ўвесь нямногі.
Лёгка так. Ня маеш дум...
Ў прочках дзесь маркота...
Боль прайшоў, уняўся сум,
Спаць адно ахвота.

Але сам поэта ня мог доўга так жыць, ён напружна шукае адказу на адвечныя пытаньні жыцьця, ён абураецца супроць душэўнай інэрцыі.

Крытычная думка, востры разумовы аналіз разбураюць у ім старыя куміры, і ў першую чаргу рэлігійныя забабоны. У вершы, прысьвечаным Коласу, дзе поэта гаворыць, што "сейбіт ёсьць другі на небе, што судзіць нам гады і дні", выяўляюцца як-бы некаторыя адзнакі веры, але такія настроі не характарны для песьняра. Крытычная думка, відаць, рана разбурыла ў ім гэту відавочную спадчыну каталіцкай сям'і, у якой нарадзіўся пясьняр. У другіх творах ужо выяўляецца выразны скэптыцызм поэты. Напрыклад, у вершы „Хрыстос нарадзіўся" ён зазначае:

Хрыстос нарадзіўся. А дзе-ж яго знакі?
Цяпер я Тамаш і ня веру.
Здаецца мне сьвет, як і быў, адзінакі,
А ў ім матаваньне надмеру.

У вершы "На сьмерць", які па форме прадстаўляе сабою насьледаваньне народным заплачкам, ускрываецца трагедыя

веры яго бацькі. Тут поэта зазначае:

Казаў: Маліся ты. За што-ж, каму маліцца?
Ці-ж можна праўду нам знайсьці, калі маніцца,
У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?
З журбой, з сьлязьмі
Нясьці туды сваю найбольшую з надзей?

Спрэчкі аб веры здаюцца песьняру нікчэмнымі і прадстаўлены ім у гумарыстычным асьвятленьні ("Спрэчка").

Замест адкінутай веры правадыром поэты робіцца прырода. Філёзофія Алеся Гаруна — гэта філëзофія жыцьця, якім ён асабліва захапляецца.

Назіраньне над прыродай наўчае поэту мудрасьці, надае яму веры ў моц жыцьця і, паказваючы яму, што ў прыродзе гіне толькі ўсё індывідуальнае, але агульнае жыве, прымірае яго са сьмерцю. На аснове такіх назіраньняў увесь сьветапогляд поэты набывае натуралістычны характар; пясьняр кажа:

З аднэю я думкай у сьвеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву,
Крыніцы, і кветкі, і цемру, і сьвет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сабе і другім.

Але побач з такім разумова-філëзофскім успрыйманьнем прыроды, мы знаходзім у Алеся Гаруна ўспрыманьне эмоцыяльнае; сэрца поэты б'ецца ў адзін тэмп з прыродай, і яго прыродаапісальныя вершы прадстаўляюць сабой сапраўдныя пэрлі музычнай лірыкі. Напрыклад, у малюнках восені, гэтай хмурнай і халоднай пары году, зьместу адпавядае і самы разьмер-дактыль, гэты хаўтурны, панафідны рытм, паводле выразу Чукоўскага. Наадварот, вясна абмалёўваецца ім у хуткім рытме, які адпавядае ажыўленьню прыроды. У вершы "У прыпар" чуюцца ў самых гуках адрыўчастыя ўдары пяруна і маланкі. Але сапраўдны пэрль мастацтва прадстаўляе "Завіруха" - верш, увесь пабудаваны на асонансах і алітэрацыях:

Завіруха скача ноччу
Патарочай, плача, вые;
Пухавыя сыпе ў вочы
Сьнегавінкі мне; рагоча.
Йду на вобмацак: ледзь жывы я,
Няжывыя суну ногі
Без дарогі. Цела ные,
Калянее; верставы я
Прамінаю слуп убогі,
Траярогі крыж збутвелы,
Не чакаю дапамогі...
Пасівелы, цёмны, строгі,
Прыступае нехта белы,
Асьмялелы. Вот ўсьцігае,
Акаляе, скамянелы,
Пасінелы, ― аднімае.

Так, Алесь Гарун―вялікі мастак слова, выяўляючы яго музычнасьць і рознастайнасьць рытму.

Вялікай мастацкасьцю вызначаецца лірыка каханьня Алеся Гаруна; яна вабіць нас сваёй асаблівай пяшчотнасьцю і задушэўнай шчырасьцю; das ewіg weіblіche было жыва і моцна ў душы поэты. Характарна, што ён любіць жаночыя вобразы, як увасабленьне адцягненых паняцьцяў. Напрыклад, сваю музу ён прадстаўляе ў вобразе прыгожай дзяўчыны; далей ëн рысуе нам вобразы нядолі, адзіноты і г. д.

Асабліва пяшчотнымі пералівамі настрояў вызначаецца верш „Асеньні сьпеў", дзе малюецца ідылія каханьня на улоньні асеньняй паміраючай прыроды.

Вялікай пяшчотнасьцю вызначаюцца адносіны поэты да дзяцей. Ужо зусім хворы, амаль што на сьмяротным ложку, ён піша свае вядомыя "Жывыя Казкі"―п'есы для дзіцячага тэатру, у якіх трапна схоплена прыгожая фантастыка народнай творчасьці. Верш поэты "Нязнаны госьць" выкрывае нам яго перажываньні, навеяныя спагляданьнямі дзіцячай чыстасьці. Дзіцячыя сьлёзы абуджаюць у песьняра ціхую развагу:

Аб чым яно плача, аб райскіх садох?
Аб чыстасьці, яснасьці, сьвятасьці душ...

Такім чынам, у гэтым вершы пяшчотная эмоцыянальнасьць злучаецца з некаторымі выразамі містычнай філëзофіі поэты, мы як-бы знаходзім тут Платонаўскую ідэю прад'існаваньня душ.

Творчасьць Алеся Гаруна вызначаецца, як можна было бачыць з кароткага аналізу яе мотываў, досыць шырокім сваім размахам. У гэтай творчасьці мы знаходзім і рэволюцыйны патос, і пяшчотныя мэлёдыі каханьня; рацыяналістычны скэптыцызм злучаецца ў ёй з некаторымі налётамі хваравітай містыкі. Здаровая сэрцавіна поэзіі Алеся Гаруна пад уплывам цяжкой царскай рэакцыі, адарванасьці песьняра ад грамадзкага жыцьця і працоўных мас пакрылася нарэшце хваравітай карой. Пясьняр ставіцца перад намі ня толькі ў постаці барацьбіта, але і ў смутнай постаці Гамлета з яго рэфлексыяй і цяжкім задуменьнем.


  1. Больш падрабязна гл. пра гэта артыкул Шукевіча-Трацьцякова "Сьляпая любоў загубіла. Выпісы з беларускае літаратуры". Менск, 1923 г. стар. 70-72.