Перайсці да зместу

Нараджэньне чалавека (1931)/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка другая Частка трэцяя
Вершаваны раман
Аўтар: Андрэй Александровіч
1931 год
Частка чацьвертая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА

3

Была вайна… Ацэнім яе
Цаною крыві чалавека
Была вайна і — зноў паўстае
Страшнейшай вайны небясьпека.
Гэй,
Зьзяй
Бой-
Зьніч!
Сей,
Край,
Свой
Кліч!
Дай
Знак!
Хай
Мкне —
Вай-
На
Вай-
Не!

І ў прыбоях навальнічых
Сьмерць вайне прынёс Кастрычнік.

2

Была вайна. Хай больш яе ня стане,
Вайна была, і на яе скрываўленых руінах
Радзіла рэволюцыю паўстаньне,
А рэволюцыя — і нашую краіну.

Праз голад, нязьлічоны лік ахвяраў,
Што нам прыносіла агнём вайна-пагібель,
Здабылі волю мы здратОваным абшарам;
На заваёваным
Краіна
Перагібе!
Маш выбух, росквіт наш у радасьць ахварбован,
Як здань, сусьветам бродзіць ленінская слава.
Расьці, мой край! Сваім ты беларускім словам
Вітай жыцьцё! Мячом здабыта права.

Хай сёньня стомлены… Наступны дзень ірдзее,
Як золак, вабіць нас вясёлкавым настроем.
Краіна, чуеш гул?
Завеяй
Нас заве ён:
— Нага ў нагу!
— На бой адкажам боем!

3

Нязнаны росквіт, рост магутны наш,
Зьністожыць-затрымаць імкнуўся шпіёнаж.
Але зьністожылі, як трэба і чакаць,
Ня нас яны,
А іх ЧК.

4

Праз фортку ў пакой, як-бы праз рукаў.
Пралазіў аветраны вечар.

Пралез і ў пакой, дзе заданьне ЧК
Выконваў настойліва сьледчы.
Вечар клубіўся, як дым папярос,
Над зьмятай чупрынай шпіёна…

Сьледчы праводзіў чарговы дапрос
Настаўніка Кэйтана Джона:
— Вашай рукою напісаны ліст?
— Як вам сказаць, дыктавалі…
— З чыёй дапамогаю, дзе і калі
Гэтыя весткі зьбіралі?
Тут інформацыя трох галін:
Прамысловасьць,
Насельніцтва,
Войска.
Сабраць матар‘ял не маглі вы адзін,
Якім ня былі-бы вы стойкім.
Хто вам пра войска даваў дыяграмы?
— ?
— Ганецкі? Прыпомнілі?
— Та-ак…
— Мо‘ і Пятроўскі? а?
— Таксама…
— А яшчэ?
— Жмырак.
— Вы пасылалі з лістом у пакеце
На доляры банкаўскі чэк?
— Але-ж у мяне, бачце, жонка і дзеці,
Зьмілуйцеся, я-ж чалавек
… I востры страх, мітульгі вастрэй,
Забінтоўвае роспачы раны.
Шчацініцца шчотка чарнявых брывей,
Сьсінелыя вусны скусаны…
Вядуць у падвал…
— Няўжо? Няўжо?
Згнію тут? На нарах сканаю?
А дзеці?… Як страшна…
І Кэйтан Джон
Сьлязьмі прашаптаў:
— Расстраляюць…

5

А з краю
Вуліцы
Шугае
Гул узьняты.
Газэтчыкі заўзята:
— Экстраны выпуск! Навіна!
Антанта!
Ультыматум!
Вайна!..
............
— Таварышы!
Зноў небясьпека…
… Была вайна,
Ацэнім яе
Цаною крыві чалавека…

6

Горад.
Пры горадзе — прыгарад.
Вуліца і
З канца —
Будынак, як быццам прыгарак,
Кватэра шаўца.
Дзьверы, як сіта, расчыніш —
У цэнтры, як пень, варштат.
Над ім, як дрот, павучыньне
Паралізуе хрыста.
Двухпавярховы ложак.
Чатыры душы сям‘і.
Дратваю стол стрыножан,
Ледзь стаіць.
Крэслаў няма — скрыня,
А ў скрыні — бежанскі скарб.

На рынку з паўдня гаспадыня,
З ёй і гаспадар.

Клопатаў нізваньня
Ня знае іх дачка,
Жыве на утрыманьні
Стралковага палка.

… „Толькі каб ахвота,
Каша і капуста —
Хоць на нарах, што-там!
Хоць пад плотам, глупства!

Туз бубновы? — Сьмела
Разані —
Па банку…
Э-эх… Шарабан мой,
Амэрыкан‘ыка“…

Брат яе — на славу!
Паважаюць як:
— Выйдзе ў людзі Павал,
Ходзіць на рабфак.
Малады, заўзяты…
Выйдзе ў людзі, бравы…

Ў хаце… (эт‘ і хата)!
Задуменны Павал —
Бровы ў гору,
Востры зрок.
Дзяўчына поруч.
Змрок…

7

I праз хвіліну:
Важная справа…
Наблытана…
Як тут быць?
— Дапамажы мне, Павал!
— Ты — дачка барацьбы!
Буры цябе нарадзілі
Ў схватках сваіх агнявых.
Помні, будзь сьмелай, Марыля,
Не апушчай галавы.

I целам, i думкай змарнела,
Важыла йсьці на бульвар,
Але хто, трэба быць ашалелым,
На гэткі паквапіцца твар?

— Зладзім, — устрымліваў Павал,
Выйдзе ня гэтак, дык так.
Дай вось напішам заяву
З просьбай прыняць на рабфак.

Толькі ня трэба больш мокнуць,
Сьлёз непатрэбна цяпер…
Змоўклі.
Кот з падаконьніка скокнуў
На ложак (другі наверх).

Марыля пад сэрцам хавала
Пярсьцёнкі распаленых слоў.
Пра крыўду нядаўнай навалы,
Пра крыўду й сьляпую любоў.

Рыгор! Нібы вецер маёвы,
Жартуючы, ветла абвіў
Стан дзявочы
Шасьценьнем шаўковым
Радасьці, мараў і дзіў.
I зьнік, як бяда спавівала,
Як толькі пазнала падвал.
Рыгор!
Ім жыла…
Адшукала…
Ня стала…

А ў сэрцы шквал
Гатоў сваёй буйнаю сілай
Дзявочыя грудзі ўзарваць.
Зямля хай застогне магілай,
І расой хай заплача трава…

Прышла гаспадыня: — Дзе ён?
Бацька ня быў?..
— П‘е.
Да часу жанчына сівее,
Праклінаючы дні свае.
Ведаць ёй толькі клапоты.
З рынку прышла і зноў —
Змушана стаць на работу
Ля варстату і ля гаршкоў.

Гора матчына Паўла змарыла.
Але як памагчы? Але чым?
Выйшаў на двор.
Марыля
Выбегла ўсьлед за ім.
А вечар цёплы
Песень повен.
Ветры — вёслы,
Хмаркі — човен.
Дзіўны вечар,
Вечар жніўны.
Прыселі на лаву
Пад клёнавым вязам
Марыля і Павал
Разам.
Сядзелі.
Маўчалі.
Пяялі-шумелі,
Я к струны, бяз слоў,
Вішнёвыя карусэлі
Садоў.

8

...............
— Вось так і кажу: прымай ці бывай.
Ці нашым, ці вашым! Раз і адказ.

— Ты добры, прыветны і дзіўны бязьмеры.
„Прымай ці бывай"… Нецярплівы.
Няўжо гэтак проста: адчыніш дзьверы
I кінешся ў горад гурчлівы
Адразу за працу, да поту, аддана,
Што сіл толькі ў жылах дзявочых,
I гэтым залечыш балючыя раны
У справе сялян і рабочых?
Ты агітатар нядрэнны, ніколі,
Аднак-жа і дзіўны бяз меры…

— Ты ведаеш добра, што я ў комсамоле,
Таму, здэцца, можаш мне верыць.

— Я верую ў шчырасьць тваіх пажаданьняў,
Твая мне так дорага чуласьць.
Куды мне ісьці і якімі шляхамі,
Каб думкі згубіць аб мінулым?

І ў сэрцы абуджаны корчыцца крык,
Вылазіць з грудзей, як з-за хмар маладзік…

— … I сёньня і ўчора, і гэтак штодзенна,
Уздымецца сонца і зойдзе.
Здавалася, так аднастайна, нязьменна
Жыцьцё на калдобінах бродзіць.
Здавалася так, і да сьлёз аднастайна,
Як быццам гадзіньніка стрэлка.
Ня ведала, колькі за дзень скарыстана
Энэргіі, сіл чалавека…
Дзень загарыцца, праходзе марудна.
Стамляюцца вочы і рукі.
А пройдзе — ня верыш, дагнаць яго трудна!
Шкадуючы скажаш: — як хутка!
— Сама ты марудзіш,
З такім вось настроем
Назад толькі рушыцца, праўда.
Назад, а ня ўперад. I будзеш слугою
Ня поступу,
А заняпаду.
— Адразу ня вырвеш з грудзей сухазельля,
Які-ж ты юнак яшчэ, Павал…

А ў небе так весела зоры гарэлі,
Надзіва гарэлі яскрава.

— Помніш, пакінулі родныя гоні,
Разам ад немца ўцякалі.
I сёньня, здаецца, мяне нехта гоніць,
Як вецер староньнюю хвалю.
Радасьць на момант, як-бы бліскавіца,
На струнах праменных зайграе ..
Ці знала, што ў вас тут
Змагу прытуліцца?
Што вас тут, як праўду, спаткаю?
Знаёмых нікога… А вецер гоніць
Бязьлітасна з гораду ў горад.
Помніш мястэчка?
— Як на далоні.
— Можа і помніш Рыгора?
— Якога?
— Клумок, местачковы сьлесар.
— Нешта ня помню, забыўся.

Зноў успаміньі сарвалі завесу,
Ў цярновы вянок завіліся.
Марылі хацелася ўсю таямніцу
Вось тут расказаць, пачынала
I змоўкла:
— Ня трэба, бо можа адбіцца
На нашых паводзінах з Паўлам.

9

А сэрца ў палоне,
Ў абоймах тугі.
Балючыя сёньня
Ўспаміны-кругі.
Яны навучылі:
— I слову ня вер.
Інакшай Марыляй
Я стала цяпер.
Вось толькі турбуе
Пытаньне адно, —
Куды пакіруе.
Жыцьця старно?

У сьвет —
Дзьверы насьцеж!
Дарогі-ж вядуць —
Ці ў радасьць і шчасьце,
Ці ў гора й бяду…
...........
Умей выбіраць: хвалім мы
З веку ў век,
Калі перад сонца хвалямі
Стаў чалавек.

10

Выроўніваюцца дні.
Грудзі лягчэй уздыхаюць.
Сілай здабытых крыніц
Здабытая слава крыляе.

І рушыцца час весялей
З песьняю творчай работы.
Цяпер і Марылі лягчэй,
Працу знайшла ў пераплётнай.

Сшываючы аркушы кніг,
Іголкаю пальцы калола,
Як толькі наступныя дні
У думках засьвецяць, як золак.

— Папасьці хаця-б на рабфак,
Той дзень я лічыла-бы сьвятам,
Ды ўсё не забыцца ніяк;
Мінулага моцныя краты.

Што-тыдзень наведвай ЧК,
I ў сэрцы з трывогаю мутнай,
Заявіш: — прышла. І рука
Адзначыць у сьпісе прысутнасьць.

Калі-ж гэта пропадам згіне,
Ня будзе дакорам труціць
У новым, інакшым жыцьці
Падзеяў былых павуціньне?..

Такіх вось пытаньняў ня мала
Ўзьнімала Марыля ня раз.
І часта шукала адказ
У кнігах, што пераплятала.

11

Яны ў дваіх…
Пакой,
Як скрыня.
Дым вісіць дугою.
Тут гандлюе гаспадыня
Чыстаю ханжою.
А калі яшчэ прыкінеш
Лішака на „пушку“,
Маладая гаспадыня
Дасьць і саматужкі…
Яны ў дваіх…
— Як я сумленны,
Пашукай, ня знойдзеш.
— А па-твойму — я ўжо дрэнны,
Валацуга, злодзей?
Што, галоту абдзіраю?
П‘ю не за свае я?
— Братка, Клемусь (налівае),
Мазаны алеем…
Рукі — спрыт і не фальшыва
Справяць тое-сёе.

— Эт, разводзіш…
— Будзем жывы!
— За тваё здароўе!

Клемусь — хлюст.
Пільнуй кішэні!
Вокам як прыкіне,
Сплюне раз, штурхне, адсьценіць —
I… бывай гадзіньнік.
А другі…
Вось так жывецца
Ад ханжы, махоркі,
Абадраны, хоць шавец сам,
На нагах апоркі…
I ня раз чураўся Павал
Гэтакага бацькі.
Што-ж чурацца?
То расправа
Над жыцьцём жабрацкім.
Гаспадыня паглядае
То ў вакно, то ў дзьверы —
Страшна неяк, прадчувае
Міліцыянэра.

— Братка, Клемусь, дык кажу я,
Будзе лепей разам.
Дай цябе я пацалую,
Рыжая зараза.
На сябе зірні, бяздомак,
Загрызе дасада…
Небагатая, то праўда,
З бежанцаў, вядома.
— Будзе хата, будзе ў хаце, —
З добрай галавою,
Дык падружыць і багацьце…
— От і я пра тое:
Будзе жонка — будзе лава.
Што ад таго скарба?
А што баба, — то, яй-права,
Залатая баба.

Возьмеш пару саматужкі,
Агурка якога…
Вып‘ем! Дам табе падушку
I кладзіся з богам.
— Як-жа, згодзен, Клемусь, братка.
— Едзем заўтра ў сваты!
— О-то-добра…
Не дзяўчына —
Проста мёд пчаліны.
Ну, і ты хлапец руплівы,
З спрытнай галавою.
Дык-жа вып‘ем…
— Будзем жывы!
— За тваё здароўе!

А ханжа атрутнай сілай
Ўдрызг шаўца скруціла —
І гатова,
Больш ні слова,
Здаўся канчаткова.
— Сын твой,
От-дзе ўжо зануда,
Лезе ў камісары.
Каб падмазацца, —
Усюды
Барахоліць, шарыць.
У міліцыю данёс там,
Што Ігнат Залтушкін
Што-ж такое? Дужа проста
Гоніць саматужку.

Так Залтушкіна і спляжыў
Без такой прычыны.
От-дзе зубы ўжо пагладжу
Сукінаму сыну…
Што, заснуў?
А гаспадыня:
— Клемусь, так пакінеш?
Ці-ж ня сорам перад сватам?
Завядзі да хаты!
А то зможа і „засыпаць“,
П‘яны-ж на гарэзіць…
............
— Што ты скажаш? От задрыпа!
Ў камісары лезе!

12

Яшчэ і ня позна, а цёмна зусім.
Холадна. Вецер галосіць.
На небасхіле па ўсходах, як дым,
У сьвет выбіваецца восень…

У хаце нікога…
Марыля адна.
Дагарае астатняя газа.
— Няхай-бы прышоў…
Так хацела яна
Ў гэты вечар быць з Паўлам разам.

Яшчэ і ня позна, а цёмна… Імгла.
Пад сіплыя ўсхліпы газьніцы,
Кнігу ў шуфлядзе Марыля знайшла, —
Любіла чытаць, захапіцца.

Заенчылі дзьверы.
Павал прышоў.
Газьніца.
Змрок.
Марыля.
Адразу патухла сузор‘е слоў,
Бы ветрамі іх астудзілі.
— Марыля?
— Паўлік?
— Чытаеш?
— Але!
Зноў маўклівасьць хвіліну.
Газьніца міргае, сіпіць на стале;
На сьценах цені стынуць.

— Марыля, ты ведаеш, бацька казаў,
Зьбіраюцца ў сваты прыехаць;
Відаць, валацугу табе падабраў?..
— І што-ж? (адказала для сьмеху).

Ці-ж мне не пара? О, які-ж ты дзівак.
— Разумная ты ўжо занадта,
А ўсё-ж не зашкодзіць пайсьці на рабфак
I голаў свой трохі залатаць…
— Ну-нну, ты ня злуйся.
А бацьку скажы,
Што і бяз помачы ўладзім…

Які ты гарачы.
Ня трэба тужыць.
Паўлавы бровы гладзіць.

— Марылька!..
Так моцна стуліў да грудзей.
— Як добра!..
— Вось так… — шаптала.
Адзін пацалунак, другі агнявей.
Узьнятая кроў штурмавала.

Распаліся косы…
Садраў ён каўнер.
А сэрца,
Бы зложана з воску,
Што далей, то болей
Абодвых цяпер
Захопліваў перысты лоскат.

— Ідуць!
… Пачакай!
Су-пакой-ся!..
Ча-кай!..
Ня трэба!..
Павал!..
Ня мож-на!
.................
Прынесла старая амаль на руках
Бацьку п‘янога і, як мерцьвяка,
Кінула пластам на ложак.

13

Жыцьцё ідзе праз петлі-перашкоды,
Жыцьцё ідзе, зьнішчаючы закон
І формы, створаныя спракон
Вякоў прыродай.

Жыцьцё ідзе нястрымана і проста.
Жыцьцё ідзе, бы ў штормах навальніц.
Як песьняй, перамогай славіць дні —
Сталёвы поступ.

А на шляху — і сьмерць і нараджэньне.
А на шляху — няўстойлівасьць і гарт.
Як ліст пажоўклы, кволага змагар
Адкіне на ўгнаеньне.

А на шляху і росквіт і змаганьне.
А на шляху — ў змаганьні рост.
Праз рубікон пракладываем мост
Пад знакам панаваньня.

А хто адстаў
I сэрца рве ад жалю,
(Раўчак з-пад каменя
Праточыць шлях сабе!)
Але імкнецца жыць, аддацца барацьбе —
Ён хутка песьнямі палоніць будзе далі.

Адкіньце заломы,
Развагі кругі…
Ідзем бураломам
За новым жыцьцём мы
На новыя берагі!

Хныкаць, і штопаць, і латаць жыцьцё —
Маруднае самазабойства.
Ветрамі дзьмі, распаляй касьцёр
Думак, імкненьняў, геройства!

Так і Марыля, што ночка даўгая,
Працёртыя штопала дні.
З надзеяй і верай акрэпнуць — гадае
Сваю маладосьць бараніць.

— Руку працягнуў мне сяброўскі, зычліва,
Паставіў на шлях змагара.
Была-б простытуткай, і гэта ня дзіва,
Была-б, як твая сястра.
А шкода дзяўчыны, дзяўчыну саслалі
А мо‘ гэтак лепш будзе ёй?
Мо‘ ў сэрцы зьмяніўшыся кроў, як хваля,
Ў творчы зьліецца прыбой?

Гарэлі б няхай і пачуцьці і сіла
Ў народжаных іскрах падзей.
Жыцьцё па нязьлічаных сьцежках-жылах
Бязьлітасна сьлед свой кладзе.

— А ён дзе? Мо‘ блізка шугае на крылах
Ў нябачана зорнай глыбі?
Няўжо гэтак будзе? Дзе-ж дзеліся сілы
Як думаеш, так і рабіць.
Скончана ўсё. Спаткаліся. Разам.
Жартуючы шчасьце кране…
Чаму вось Рыгор пра вайну расказваў,
Пра сьмеласьць сваю на вайне?
Чаму не сказаў — (мо‘ ён любіць другую?)
Ці любіць мяне, як раней?
Шукала, знайшла. А болей — знайду я?
Ці варта шукаць далей?
Навошта ўспаміны ўчыняюць расправу,
Так востра шчымяць, як імгла.
Зноў у вачох жыцьцёрадагны Павел.
Ня сьпіцца…

А ноч прайшла.

14.

Рэжам, клеім і сшываем
I над прэсам выпрамляем.
Так з старой падранай — мігам
Зробім новенькую кнігу…

— Прападае ўся журботнасьць,
І ня чую болі.
Добра тут у пераплётнай,
Добра, як ніколі.

Жарты, песьня, так працую.
Ў гутарках, парою,
Многа новага пачуеш
Пра жыцьцё людзкое.

Заўтра будзе ў нас нарада
Пра сваю вытворчасьць…
Як крыніца, б‘ецца радасьць
У вачох дзявочых.

Сёньня, — ўспомніла, — павінна
У ЧК зайсьці я.
… Мне ня больш, як поўгадзіны,
Справы ўсё былыя.

Поўгадзіны аж за надта,
Там цяпер, бяз слова —
Толькі ўбачыць рэгістратар —
I дамоў, гатова…

Каля клюбу, на вітрыне
Навіна такая:
Хто праходзе, вокам кіне,
Стане, прачытае.

І яна з зьдзіўленьнем стала
Разьвязаць загадку.
Два разы перачытала
Да канца спачатку:

ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ

СЁНЬНЯ
ЛІТАРАТУРНАЕ ВЫСТУПЛЕНЬНЕ

БУДУЦЬ ЧЫТАЦЬ ПОЭМЫ
НА РОЗНЫЯ ТЭМЫ

ПОЭТЫ
КУПАЛА, ЧАРОТ, ГАРТНЫ

УВАХОД БЯСПЛАТНЫ
НЕ ПАЗЬНІЦЦА ПРОСІМ

ЗБОР У 7
ПАЧАТАК У 8

— Ой, пайду абавязкова,
Быць я там павінна.
Каб пачуць жывое слова
Пра сваю краіну.

О, пайду, пайду…
I шчасьцем
Вочы засьвяцілі.

— Сьцежак многа,
Дзьверы насьцеж,
Выбірай, Марыля!..

Прышла ў ЧК і рэгістратар
Выпрастаўся ў плечах:
— Вас у № 25
Вьікліккае сьледчы.

Абарвалася… Схіліла
Думкі ліхалецьцю.
І журыць, ня кроў у жылах,
А халодны вецер…
............
— Выклікаў таварыш сьледчы.
— Пачакайце, ён заняты…
I зьнячэўкай бровы зьмяты,
Вочы быццам сьвечы —

I сьлязьмі гатовы таяць.
Сьлёзы-ж не памгуць?.
— Што са мною? Я-ж ня тая.
А ў грудзёх трывога…

15

— Хай яны пропадам згінуць, ня дбай,
Мала чаго нагавораць.
Але сьцеражыся, бывае бяда
Зьнянацку акруціць аборай.
Дачка-ж у выгнаньні; загіне… і нас
Ня ўбачыць на вечныя векі.

— Дзівак ты, матуля, то добра якраз,
Там зробяць яе чалавекам.
Здароваю стане, акрэпне, — ў руках
Профэсія пэўная будзе.
Дый з памяці выкарчаць выкляты шлях,
Новыя мысьлі абудзяць.

— Гора з бядою вузламі зьвіліся,
Над намі, сыночак, навісьлі.
Глядзі, сьцеражыся, паслухай, змаўчы, —
— Хай сабе хоць і Залтушкін,
Спаткаешся з імі, як тыя сычы,
А ліха ўсяму — саматужка.

Матчына сэрца ўздыблены гнеў
Першае з больлю адчула.
— Прашу, не кратай іх, хоць дзеля мяне,
Дажыць бы бяз гоману, гулу.
— Кінь, ня турбуйся, падумай сама —
Людзі бяз хлеба, як цені,
А сальнік Залтушкін — яму дарма,
Ня ветрамі шыты кішэні.
Глянеш на бацьку — ня вып‘е і жыць
Ня можа, яму ня цікава.
— То праўда, сынок, але точаць нажы,
З багатым ня выйграеш справы.
— Нічога, закон ёсьць. Савецкі ўрад
За гэткія справы бароніць!

Бацька вярнуўся. Прысеў за варстат,
Калоцяцца рукі і скроні.

Спачатку маўчаў, зазіраючы ў столь…
— Чытаеш?
— Залікі рыхтую.
— Рыхтуеш? Рыхтуй! Хто шкодзіць? Ніхто!
А ты чаго ўсюды блазнуеш?
Гоніць? Хай гоніць! Ня ўмеў бы, ня гнаў.
Табе што? Утрата? Патрава?

— Чаго прыстаеш, авадзень, сатана,
Стлеў-бы даўно, каб ня Павал!

Ці-ж Паўлу прыемна выслухваць грызьню?
За шапку і вышаў за дзьверы.
Пакорна схіліў верасьнёваму дню
Чало сваіх думак і веры.
Балюча, і крыўдна, і шкода бацькоў,
Жыцьця завірухі скруцілі.

Ў переплётную ціха пайшоў —
Жаданьне спаткацца з Марыляй