Ці чысты, як вока, апусьцінца вечар,
Ці дождж закрываў павуцінаю брызг, —
Таварыш у фрэнчы (шырокія плечы…)
Хадзіў за Марылькай, вачмі яе грыз.
Марыля прайсьціся адна ці з Аўзорам
Выйдзе за горад, ці ў парк, дзе народ,
Усьлед, ну, як быццам таемным дазорам
Таварыш у фрэнчы з паходкай, як шрот
На вуліцы з голаду вецер заенчыць,
Выйдзе Марыля па шпроты ў ларок.
Сьледам за ею таварыш у фрэнчы
Заходзе ў ларок, выпівае сітро.
Ці сэрца агнём, ці прахладаю вочы
Яго да Марылі цягнулі што-дня?
...............
Таварыш у фрэнчы настойліва сочыць
Адзін раз — з агнём, другі — без агня.
Поруч з Марылькай
… Грукат кол…
Таварыш у фрэнчы.
… Душна ў вагоне…
Вецер прыльне на дзявочы прыпол
I голаву ветліва клоніць.
У Марылі пад кофтай.
… Народу шмат…
Сакрэтны пакет.
… Цяплушка…
Пад гукі гармоніка, ўсеўшыся ў рад,
Пяюць пасажыры частушкі.
Поруч з Марылькай.
… Сьцелецца змрок…
— Таварыш у фрэнчы.
… Ахутвае змора…
— Далёка нам ехаць у горад яшчэ?
— Раніцай заўтра, скора.
— Таварыш, скажэце.
… Пранёсься сьвісток…
— Мо‘ чулі дзе?
… Жмурацца вочы…
Мо‘ чулі часамі Рыгора Клумок?
— А хто ён?… — Ён лётчык.
— Не, ня чуваў.
… У вагоне храп…
Разгаварыліся.
… Сьвечкі гасілі…
— Весткі аб ім можа выдаць штаб,
Две і ў якой эскадрыльлі.
Ночка імкненьняў.
… Марудны цягнік…
Ружовы пакет.
… Сэрца ня енчыць…
Штаб. Пакет. Рыгор бальшавік.
Поруч таварыш у фрэнчы.
І нэрвы аслаблі, і змораны мускул.
Любіў ён гаранку, цяпер беларуску
Кідаў ён гаранку, кідаў ён краіну,
Прынесла гаранка кінжал на ўспамінак
I помніць, як ціха, дарыўшы шаптала:
Кінжал абароніць і ўспомніць пра скалы.
О, так! Успаміны ніхто не заслоніць!
Адно, ці ў змаганьні кінжал абароніць?…
...............
...............
Чупрыну ўскудлачыўшы, у марах крылатых,
Піша ён ліст на радзіму, да брата:
— Мой родны брат, мой брат, Заліс,
Выбач ты мне за гэты ліст.
Ты апалітык быў. А можа стаў другім,
Адчуўшы арабочаны ражым?
А я аддаў сябе
Заўзятай барацьбе
За справу сьмерці
Ўзбунтаванай чэрщ. Я ўпэўнены — жыцьцё
Назад гісторыю паверне.
I праясьніцца неба,
I сонца гляне зноў
На сьвет,
Без бальшавікоў
Ганебных.
Мой родны брат, мой брат, Заліс,
Выбач ты мне за гэты ліст.
Такі настрой. Кіпіць запал,
Як і калісьці сярод скал.
Зьдзіўлю цябе: я стаў кахаць.
Яна дзівосная.
Ня мог сябе ўтрымаць.
І я цяпер, — як той юнак…
Сапраўды — так, —
Як той юнак.
Увязваць барацьбу
З каханьнем зорнакрылым,
Проблема — як раса,
Сівая вечнасьць!
Выбач ты мне. Я чую сам,
Як б‘ецца ў жылах
Супярэчнасьць…
А хочацца ў каханьні стаць другім,
Бо гэты гоман, гул абрыдзелі зусім.
Пакіну ўсё!
(Ты зьдзівішся?)
Выбач…
Па шчырасьці: змарыла барацьба.
Зьдзейсьню плян астатні раз
І з ёй прыеду на Каўказ.
Вітай усіх. Пішы.
Твой брат Кашыл
Post scriptum
Ня зблытай адрас і фаміліі,
Я тут —
Аўзор Дарубашвілі.
Вось і станцsя. Ледзь золак румяны
Над горадам сонным прыветліва глянуў,
Бязьлюдна… Часам! праедзе падвода.
А на вокзале жыцьцё поўным ходам.
Кожны сьпяшаецца, кожнаму некалі —
Адны выяжджаюць,
Другія прыехалі.
Ў натоўпе людзкім, з невялічкім вузлом,
З пакетам пад кофтай і думкай-агнём
Марыля приехала стомлена ў горад
Знайсьці-адшукаць дарагога Рыгора,
Аўзору падзяку паслаць пісулькай
За хлеб і за соль і за цёплы прытулак.
Рана яшчэ. Сьпіць гоман людзкі.
На крамах, на складах ржавеюць замкі.
Сонейка глянула скоса з-за стрэхаў,
З праменьнямі шэпчацца: — „Нехта прыехаў“…
І раптам праменьні ёй глянулі ў твар,
Хапілі, цалуюць. вядуць на бульвар.
Ўсадзілі і ліпнуць, як мухі на мёд,
Ну што-ж, і праменьні шукаюць пяшчот!
Марыля ўсьміхнулася, лёгка ўздыхнула,
Пад лёскат праменьняў спакойна заснула.
Над ёй распусьціўся ўскудлачаны клён,
З праменьнямі разам
Зьвіў казачны сон:
На ўзвышшы гары векавечнай
Стаіць мураваны палац.
З падзямельля яго кожным вечарам
Вырываецца стогн і плач.
Драпежны жыве ваявода,
Згінае народ да зямлі.
За гонар яго, за свабоду,
Вазёры крылі правілі.
Ссылалі ў Сібір. Прападалі
Беларускай зямлі мужыкі.
Іх сьлед на прадвесьні змывалі
Вірлівыя хвалі ракі.
За гэтай ракой, за крывавай,
Лясы акрыляюць купцоў.
Ня так што, — ўчыняюць расправу,
шляхі афарбоўвае кроў…
Здаволены быў ваявода,
I сойм павятовы зьлічаў,
На колькі — за косьці народу
Іх скарб узбагачаны стаў.
Змагаўся за права па свойму
Майстра Бутрым залатар.
За бедных стаяў перад соймам, —
За бедных — упарты змагар.
Любіўся з сялянкай Агатай,
Народ іх каханьню спрыяў.
І што-ж? Не захоча багаты,
І сіла твая — не твая.
Сказаў ваявода аднойчы
Агату прывесьці ў палац.
Жадаў асалоды дзявочай,
Жадаў маладосьцю палаць.
Успыхнуў Бутрым, як дазнаўся:
— О, крыўды такой не сьцярплю!
Агата сьлязьмі разьлілася,
Сьлязьмі арасіла зямлю.
Загад быў: — Бутрыма стрыножыць,
Загнаць у падземны падвал.
Агата на перыстым ложы
Аддасьць свой дзявочы запал.
Слугі зьвязалі Бутрыма,
Агатавых сьлёз ня стрымаць.
Вязуць іх… А вецер нястрымны…
Сьвету з-за хмар ня відаць.
Бура найшла. Навальніца.
Вецер. Маланка. Гром. Слугі, схіліўшыся ніцам,
Застыглі ў віхры курганом.
Стаяць на кургане дзьве сосны:
То з любай Агатай Бутрым.
Горда стаяць перад сонцам,
Авітыя лёсам адным.
Сасонкі Марылі здаліся,
Што стройна вартуюць прастор,
Адна — дык яна — Марыся,
Другая — ўлюбёны Рыгор.
Плылі успаміны каханьня
З сонечнай радасьцю ў шыр,
На крыльлях гарачых сьвітаньня
Рваліся з кратаў душы.
Сонца шматструньнем праз вецьце
Налётамі выбіла шлях.
I раптам — вецер, вецер…
Колецца глеба…
Страх…
Вочы прасьцерла,
Зірнула на сьвет.
(Пад кофтай ружовы пацее пакет)
Трэба зьбірацца.
З чаго вось пачаць?
Аднесьці пакет,
Ці Рыгора шукаць?
Таварыш у фрэнчы бульварам праходзе.
(Сядзеў недалёка…) Марылька, якз лодзей
Падходзіць, пытае: — Дзе тэты штаб?
Адрас згубіла. Даўно я пайшла-б…
У сэрцы Марыльчыным б‘юць малаткі…
Наўкола віхурыцца гул гарадзкі.
На кожным рагу,
У пякарні,
Ларкі
Гараджане
Бягуць
За харчамі
Ў чаргу.
Другія рыхтуюцца,
Хаты ўбіраюць:
Заўтра —
На вуліцу!
— Першае Мая!
Патруль прапусьціў… Калідор, як тунэль.
Па бакох толькі дзьверы й таблічкі.
То радасьць Марылі ўзьняла карусэль,
То страх атуляе аблічча.
Пакой невялічкі. Ля сьцен сталы.
Ля лёзунгаў — Энгельс і Ленін.
Ў вакне шарахцяць драцяныя вузлы,
Ў вузлох мітусяцца праменьні.
Чырвонаармейца прасіла Марыля…
(Дзявочая рыска — заплакалі вочы)
— Зваць Рыгорам, Клумок па фаміліі,
Чула, што ён самалётчык.
Перапытаўся чырвонаармеец.
Глянуў дасьціпна
На постаць дзяўчыны
І стэрыотыпна:
— „Сядайце, хвіліну“.
Адрас Рыгора чырвонаармеец
Шукае, і лісьці паперы шасьцяць.
Дзявочае сэрца ў трывозе слабее —
Рашаецца права жыцьця.
— „Берагла-захоўвала
Ў цярплівасьці цяжкой,
Яму, Рыгору любаму,
Дзявочы гонар свой.
А што калі няма яго,
Няведама дзе ён?
Як страшна сьцяць жыцьцё сваё
Рукамі лютых дзён.
Аўзор? Ой, не, ніколі!..
Але пакет аддам.
Ён шмат зрабіў мне добрага,
Калі зула бяда“…
І думкі неспакойныя
Зьмяняюцца, плывуць,
Нахмурыліся бровы,
Схіліла галаву.
— Знайшоў… Калі ласка, трымайце,
(Адрас далі ёй…) — Знайшла!
Як добра! Паеду… Вітайце!
Знайшла я пілота-арла!
Вось яна зор-зараніца…
Як добра! Мы будзем у двох!
I постаць Рыгора мігціцца
Ў яе сьветлазорых вачох.
Таварыша ў фрэнчы агніста
Гатова абняць, цалаваць.
І ў радасьці зьзяе, як ліст той,
У сонечны дзень хараства…
Успомніла, рванулася
Шукаць той дом, той двор,
Аддаць пакет і крыкнуць:
— Бывай здароў, Аўзор…
..........
— Дзе яна?… Шко-ода…
— Ля брамы.
Паклічце… Вярнулі,
Яна
Чуе:
„Забыліся пра тэлеграму,
Клумок сёньня ў горадзе, ў нас.
Рабочых з днём Першага Мая,
Вялікі ўрачысты парад,
Магутнасьцю сіл прывітае
Авіацыйны атрад.
Прышла тэлеграма з атраду,
Чытайце чацьверты радок
У сьпісе каманднага складу —
Па беламу чорным —
Кл-лу-мок.“
Упіўся ў сваю самакрутку,
Схіліў галаву над сталом,
I даў ёй гасьцінна і хутка
Пропуск на аэродром.
Сьпяшаецца Марылька,
Сьпяшаецца грунём,
Хутчэй, хутчэй прыбегчы
На той аэродром,
Дзе стрэніцца-спаткаецца
З Рыгорам дарагім,
Дзе шчодрымі пяшчотамі
Раскажа аб усім.
Таварыш (той, што ў фрэнчы)
За ёй пакорна ўсьлед.
Яна бяжыць-сьпяшаецца,
Пад кофтаю пакет.
Рашучы дзень. Ажыцьцяўленьне пляна.
На сук тугі настрой Аўзора зьвіс.
Гуляюць нэрвы. Губы пакусаны.
Але ў крыві бруіўся скрытны рыск.
— Прайграю — што-ж, згнію у цёмным лесе.
Перамагу — (Чакай!) Зноў мне мая эямля.
І страх тугі адвагаю закрэсьліў, —
Вера ў сілу звонкага рубля.
Шпіёны-найміты (як чэрві грудзі смокчуць)
З падходцам, разумеецца, пачнуць
Лісічым шопатам брахаць на лад рабочы;
На рэволюцыю агіду плётак льлюць.
Сям‘я бяз вырадкаў, за звычай, ня бывае;
Знайшліся, што за долерам пайшлі.
І, сёньня, на пярэдні Першамая,
Як брудна здрадзілі! Эх, танныя рублі!
Аўзор здаволены, што тут няма Марылі.
(Купіў ёй залаты, з нарэзам бранзалет)
Джон Кейтан прыляцеў.
(Апушчаныя крыльлі…)
— Ці можна быць спакойным за пакет?
Ў выпадку што. Крый божа. Каб ня ўблытаць
Толькі Foreign offise![1] О, Handsoff!..[2]
— Шаноўны мой, усе канцы зарыты,
Далонь скрывавіць той, хто схопіць за лязо.
Дзе ваша ўпэўненасьць? Яна вас абароніць
У самы цяжкі час, калі дадзім мы кліч
I выступім!
— О, так, вы правы. Time is money![3]
Я ня зьбіраюся гасіць узьняты зьніч.
— Паверце мне, што скарбам капітала
Мы можам сьвет купіць!
— Дзівосны вы, Аўзор.
— Нязрушны мы, як і нязрушны скалы,
Якім гульнёй здаецца шторм…
Разьбіўка сіл прайшла ў іх перад бурай:
Каму завод, каму ўзарваць масты.
Аўзор (знэрваваны) чытае корэктуру —
Контррэволюцыйныя лісты.
За горадам аэродром.
На аэродроме строй самалётаў.
Марыля прышла, разглядае кругом, —
Пілоты праходзяць, ня відна яго,
Любага сэрцу пілота.
Яго ня відаць. Мо‘ спытацца аб ім?
Самой-жа схавацца ў кустох там,
Зьнянацку спужаць (бы ў гушчары лясным),
Стуліцца яму на жыцьцё, на зусім,
ЧЗтуліцца на грудзі пілота.
Найшло дзетвары, адганяюць за плот,
А хто іх разгоніць за плотам?
Як і ў Марылькі, жаданьне прышло,
Дый толькі ў дзяцей аглядзець самалёт,
Марылі — сустрэцца з пілотам.
На аэродроме, — як шоўк, трава.
За аэродромам — балота…
— Ці праўда? Няўжо?.. І ў трывозе разваг
Убачыла… Ён! Баіцца пазваць
Любага сэрцу пілота…
… За гарой курганнаю
Вырасла каліна.
Любага — каханага
Ўбачыла дзяўчына…
Высокі і стройны.
Стройны і горды.
Упэўнена-цьвёрда ступае нага.
Красуе на куртцы
Чырвоны ордэн,
З правага боку —
Наган.
… Ля каліны сьцелецца
Сонцам пуцявіна.
Клікнуць не асьмеліцца
Любага дзяўчына…
— Зусім стаў інакшым!
Нашто разлучылі? —
Пазнаць нават цяжка, зьмяніўся зусім…
І страх за каханьне прачнуўся ў Марылі
— Змаўчаць? Абыйсьці?…
… Павінна быць з ім!
— Рыгор!.. Ры-гор-ка!
(Абодва застыглі…)
— Ці праўда?..
— Адкуль?
Гэта ты?
— Марыля!
Адзін да другога падбеглі
І слоў
Ня стала, няма…
А пеніцца кроў.
Успыхнулі вочы,
Так міла і проста
Абняў лётчык
Дзявочую
Постаць.
I быць не магло,
Не магло быць іначай:
Злучыў пацалунак
Гарачы,
Гарачы…
Сонца залівала
Рабочыя кварталы.
Лёзунгі, плякаты
З сьцягамі на хатах.
Народ
Бяжыць, сьпяшаецца,
Ў турботах завіхаецца.
Слупамі пыл віхурыцца.
Рыхтуецца і вуліца.
Ў сьвяточны выгляд скора
Ўбярэцца гулкі горад,
Сустрэне змрок маёвы
Электрай каляровай…
Доўга хадзілі…
Прыемна было.
Шчасьце ў вачох расьцьвітала.
— Усё раскатала,
І ўсё прайшло,
I лёгка на сэрцы стала.
Здаецца цяпер, што балючы такі
Той час, пякельнай разлукі,
Яго ня было… І чакалі бацькі…
(Не дасказала — ўнука!)
Скромна заплюшчыўшы вочы свае,
(Зноў-жа — дзявочая рыска)
У лёскаце мар перад ёй паўстар
I ён і яна і калыска…
— Рыгорка, мой любы, і ты раскажы,
Раскажы пра сябе што-небудзь…
У Рыгора ў вачох мітульга імжыць:
— Сказаць? А можа ня трэба?
— „Сябе зьберагла,
Зьберагла для цябе“, —
Магла, як і іншыя сотні,
За хлеб і за цукар, а то й за рубель
Глуміцца ў руках падваротні.
Сьціснула сэрца трывогай такой,
Быў навальнічны вечар…
І думкі ў Рыгора ўзьнялі неспакой
Гэтай раптоўнай сустрэчай.
Hi слова Рыгор не сказаў пра жыцьцё,
Сьціснула горла адразу.
Страшных малюнкаў палотны прасьцёр,
Пра жудасьць вайны ён расказваў.
Адна старана: адважны герой
За ўладу працоўных у краі.
I болей ні слова…
Ў вачох неспакой…
А дзе-ж старана другая?
Доўга хадзілі… У горадзе гоман,
Сьвяточны настрой, узьнятасьць.
— Дзе ты спынілася?
— Дзе? Вядома,
Поруч з табой мая хата…
— Трэба мне скокнуць на аэродром…
Зайдзі ты ў гасьцініцу „Францыя“,
А я забягу за табой вечарком
І пойдзем
На дэмонстрацыю.
— Добра, ідзі… I хвілінаю зноў
Колькі прабегла ілюзій.
І погляд вачэй іх
Злучыўся ў адно;
Ў адзін моцна-зьвязаны вузел…
Марыля рашыла (тут блізка якраз)
Занесьці пакет, разьвязацца…
— Затым назусім,
На жыцьцё, на ўвесь час
З любым Рыгорам застацца…
Дастала пакет.
Вясёлай глядзіць,
Як дробна алоўкам напісана:
Садовая вуліца, дваццаць адзін,
Марку Пятровічу Рысіну.
Дваццаць адзін.
Невялікі будынак.
Перад будынкам — аўто-машына.
Падбегла.
Стукнула.
Скрыпнулі дзьверы.
Ў пакоях, як пер‘я,
Рознай паперы.
Паадчыняны
Шуфляды,
Столікі
Людзі ўзброены.
Што тут такое?
Простая рэч:
Вобыск — і толькі —
У белагвардзейскіх пакоях…
— Хто вы? —
Спытаўся чакіст незнаёмы.
— Тут —
Дваццаць першы нумар дома?
Ці можа памылка?
Ў мяне пасылка…
Ружовы пакет
Узяла рука
Прадстаўніка
ЧК.
Пакет абарваў
І толькі глянуў,
Сказаў:
— Вы арыштаваны!
— Як, гэта арышт?
Тут, пэўна, няўлонка?
Што вы, таварыш?
— Маўчаць, шпіёнка!
Марыля заплакала, рукі ламае,
Просіцца, ў роспачы кленчыць.
Чакісты паперу ў портфэлі складаюць.
Зайшоў і таварыш у фрэнчы —
І праз хвіліну
Ўсадзілі ў машыну
Усіх адразу
I разам —
Марылю.
Час невялікі
Прышлося чакаць:
— Шофэр —
За старно!
Шпіёны —
Ў ЧК!
Вільгаць і змрочнасьць. У сарцы шквал, —
Марыля ў ЧК ў сутарэньні.
За вокнамі весела, там карнавал —
Снапы каляровых праменьняў.
Марыля бяз сіл… А каго пазаве?
Хто вызваліць? Хто? Чарадою —
Думкі, як церні: — „Ну, што-ж чалавек?
Лёс яго —стаць зямлёю“…
Знаёмства заводзіць прайдоха адна —
Шпіёнка, шыпіць з абурэньнем:
— Сказал і Толстой ведь когда то нам —
„Жизнь — это сон, смерть — пробуждение“,
Над горадам прозалаць вольных зор.
Марылю туга спавівала.
Ў гасьцініцу бег, сьпяшаўся Рыгор.
На вуліцы — гул карнавала.
|