Людзкая злосьць! (Няма ёй меж і форм)
Яна гатова варам помсты лютай
Разьбіць сьцяну грудзей і вырвацца ў прастор.
Злачыннай дзейнасьцю, суровасьцю нячутнай.
Людзкая злосьць! Як моцна карані
(Сівая спадчына!) віюць вянкі традыцый.
Рукамі слоў варожых закрані —
I злосьць прарве вузлы, як хмары бліскавіца.
Няўдача — будзіць крыўду,
Крыўда — будзіць злосьць,
А далей — помстай кроў штурмуе страшна…
У горле Клемуся засела помсты косьць
I выкінуць яе гатоў крывавы кашаль.
— Ці крыўда тут, ці злосьць? Дарма, —
Даводзіў Клемусь часта пры сустрэчы
Сваім таварышам і слухала гурма…
— А гонар ёй, як сук, пара падсекчы.
Дый Павал, сукін сын, усюды нос уткне.
Каторы раз… Як камень на дарозе.
Ой, рук маіх, відаць, ён ня міне…
I кулакамі выказаў пагрозу. А ўсё так проста:
Клемусь атрымаў
Замест Марылі толькі сьмех раскатам…
I злы ён не адзін, уся яго гурма
Ягонай злосьцю лютай працята.
А тут, як масла, хціўна падлілі
Ў агонь зласьлівасьці пагудкі,
I хутка плёткамі расьлі:
— Амністыя акцябрская хутка!
— Залтушкіна на волю, ей-жа-ей!
— Казалі, Англія міргнула толькі вокам, —
Перапужаліся і турмы ад людзей
Нашчэнт ачысьцяць…
— Вылезе ім бокам!
— Спужаліся, а як-жа…
— Трэснулі па швам!
— Нацешыліся…
— Так яно часамі…
— Гэй, гэй, братва,
Праз дзень, або праз два,
Залтушкін будзе з намі!
— Дык радасьць гэтую
Хадзем, шпана, зальлём мы.
Гурму адпетую
Міргнуўшы клікнуў Клемусь.
— Лафа цяпер!
Гуляй,
Мільтон ня страшны нам!
Заляжам зноў
У бровары пад кранам. .............
— Ты чуў?..
— Амністыя?..
І выла навіна
Забруджаная плёткамі мяшчанаў.
Іх гурма.
Пакой, як скрыня.
Дым вісіць дугою.
Тут гандлюе гаспадыня
Чыстаю ханжою.
Востра-едкім перагарам
Злосьць ламала ў сэрцы краты.
— Бачыў хто такую шмару?..
Скаргу Клемусь сплюнуў матам.
I ў атрутным гэтым чадзе.
Злосьць, як пена, бушавала.
Што-ж, ад п‘янага разладзьдзя
Вельмі блізка да скандала.
2
Ходзіць Павал бяспрывычна
Каля край на тротуары.
Надакучліва скавычуць
Ветрам восенскія хмары.
Ходзіць Павал, думкі роем,
Зьніч вачэй тугой заліты.
— Дзе-ж Марыля? Што такое?
І жужжыць трывога скрыта.
І жужжыцьглухою сілай,
Толькі думкі-лятуценьні,
Нібы птушак плаўнакрылых,
Шчасьце сонечнае стрэне.
І настрой званчэйшы нават,
Як убачыш думкай сьмелай,
Што адлужыны, канавы
Захаваны ў коўдрах белых.
І ня чуць, як вецер плача,
І галосячы разносіць
Па краіне, ня іначай,
Пажаўцелым лістам восень.
Ходзіць Павал… Выглядае,
Мо‘ пакажацца Марыля.
На зямлю ўжо змрок ступае,
Хмары грудзі прыдавілі.
Ходзіць Паўла. Ў змроку шэрым
Аб caбе ў наступным марыць.
Сэрца моўчкі шчасьцю верыць
Зьзяе ўсьмешкаю на твары.
— Дзе-ж Марыля? Што такое?
Ходзіць Павал задуменны…
А ў грудзёх гудзіць прыбоем
Кроў, бушуючаю пенай.
— Кажуць, вышла на гадзіну,
А ўжо й трэцяя мінае. Што такое? Дзе прычына?
Толькі вецер завывае,
Тэлеграфным дротам плача,
Як за горадам прысады.
— Як-жа так? Няўжо іначай?
Так, бясспрэчна, толькі здрада.
Што-ж, няхай няўдзячна гэтак
За сваё дабро трываю.
Так і ўсё, відаць, кабеты
Сьлед гарэзны пакідаюць.
Першы раз, балюча нават,
Твар скаробіўшы ў маршчыны,
Распазнаць імкнуўся Павал
Псыхолёгію жанчыны.
І настрой чарней ад ночы.
Як зьмяняюцца настрой
Але ўсё-ж яшчэ заскочыў
У переплётную стралою.
— Не, няма. Ня прыдзе сёньня
Бач, канчаем працу скора…
Вечар ветраны палоніць
Цьмою восенскаю горад.
— Што-ж рабіць? Ісьці дадому —
З бацькам едкая сустрэча.
І ў завулак, як бяздомак,
Завярнуў, сагнуўшы плечы.
Цераз вокны з сутарэньня
Мітусіцца сьвет газьніцы.
Бачыць Павал, быццам цені,
Насупроць гурма снагліцца.
Крок далей і добра чуе
Голас Клемуся п‘янога.
Хай іх чорт, перасьцярога
Ад бяды парой ратуе.
Каб раней вярнуўся крышку,
А то ўгледзелі аравай:
— Жар яго! Хрысьці! Бр-рацішкі!
I ўзьвівалася расправа.
Самасуд устаў на ногі,
I спрабуй, ня будзь пакорным!
Злосьці крык нажом трывогі
Рэжа хмары ў змроку чорным.
Шчасьце Паўла, — ўдарыў звонам
Неўзабаве голас п‘яны:
— Маць тваю, бягуць мільтоны!..
I… за кашлякі наганы.
Карыстаючыся крыкам,
Клемусь хітра вокам зьмерыў
З-за вугла падбег і „фінкай“
Раніў
Міліцыянэра.
............
3
— Не, таварыш, сьледчы,
Я-ж у тым нявінна,
Што Аўзор шпіёнам,
Ворагам ён быў.
Нават і на ведала.
Прыманіў скарынкай
У хвіліны роспачы,
Голаду,
Журбы.
Ён Імкнуўся словам,
Ён імкнуўся сілай,
Ён імкнуўся ў зговары
Жонкаю зрабіць.
Быў ён мне ня любым,
Быў ён мне ня мілым,
Быў ён мне…
Ці варта толькі гаварыць?
— … ?
— Я не атрымоўвала а-ні-якіх грошай.
— … ?
— Кажаце, развозіла нелегальна пошту?
Так, пакет я везла,
Толькі-ж несьвядома,
Як і дні былыя, каратала скрозь.
— … ?
— Праўда, так, я помню, —
Ён прасіў нікому
Не паказваць ліст той,
Гэты самы, вось —
І вачыма глянула на пакет ружовы,
Што ў сургуч заплямены на стале ляжаў.
Заіграў на шчоках золакам-падковай
Колерам малінавым сонечны пажар.
— … ?
— Сходы? Я ня ведаю.
Я ўжо вам казала,
Можа адбываліся,
А ці-ж мне там быць?
Шчыра так і проста гутарка вязала
Доўгую вязанку фактаў барацьбы.
І спакойна сьледчы зноў спытаў Марылю:
— Мо‘ з Дарубашвілі
Вам спатканьне даць?
Бо, напэўна, болей
Нам жыцьцё ніколі
Не дазволіць
Яго
Ведаць, спатыкаць.
— Што-ж, калі вам трэба, каб пры ім, у вочы
Расказала тое, што цяпер кажу —
Калі ласка, клічце.
Я-ж сама ня хочу,
Без яго вузлы падзей спакойна разьвяжу;
— … ?
Вы ў мяне пытаеце што каму спрыяю?
Адкажу вам проста:
Не хачу спрыяць.
Я хачу змагацца, працаваць, я знаю,
Хай сягоньня сіла кволая мая; Трэба мне акрэпнуць, падвучыцца трэба,
(Я, між іншым, думаю на рабфак пайсьці)
І тагды, таварыш.чым змагу, як-небудзь —
Я здабуду сілу барацьбы ў жыцьці.
— А скажэце, ясна сутнасьць вам, прычына,
Як, за што мы б‘ёмся, што мы хочам мець?
— Як-жа, каб працоўным уладаць краінай,
Гнаць буржуяў, белых,
Што-ж не разумець?
— Правільна! Рабочы з селянінам разам
Злучанаю сілай праламалі лёд,
Загудзелі хвалі, а берагоў адразу
Выйшлі валам злосьці
Ў баявы паход.
Грозная паводка. Толькі крыгі шчораць,
Гінуць, як ад сонца сьнегавы сумёт.
Гэта рэволюцыя…
Крыгай плача вораг,
А штурмуе хваляй
Пролетарскі пот.
Пот разьліўся хваляй, а мазоль вяслуе.
Будучыню кліча вольны пролетар.
Ён будуе будучае!
Ён — змагар — працуе,
Ну, а хто працуе
Той і гаспадар.
I расказваў сьледчы, як раней жылося,
Працавалі сотні — панаваў адзін.
— Вось чаму заўзята багацеі з злосьцю
Зноў вярнуць імкнуцца жах былых часін.
Слухала Марыля, ўважліва лавіла
Кожны гук, захоплена… Чуе, як прыбой
У грудзёх бунтоўна ўзбуджанаю сілай
Б‘е крыніцай прагнасьці вырвацца у бой…
І гатова доўга, доўга — без спачыну
Слухаць словы моцныя і губу кусаць,
І зласьліва думаць: — расьцьвіла дзяўчына,
Толькі пустацьветная гэтая краса…
— Так, на гэтым скончым.
Справу ліквідуем.
Вольныя цяпер вы. I ў імя жыцьця
За работу, шчыра!
— Як жыцьцё муштруе!
— Патрабуе выбраць свой жыцьцёвы сьцяг.
У бакох хавацца ў часе бойкі нашай, —
Нож рэволюцыі ня церпіць хітрых схоў.
Ці з багацеямі супроць братоў паўстаўшых,
Альбо з працоўнымі супроць багатыроў!
Пауза…
Маўклівасьць.
Нявымоўнай сілай
Зашчымела сэрца… Радасьць тут ці жах?
Радасьць, хоць сьлязою твар і арасіла,
Але радасьць, радасьць цепліцца ў вачах.
................
Дзіцё маленькае прасьцерла вачаняткі
І ў першы раз убачыла сьвятло.
Затым пазнаць магло
З усьмешкай постаць маткі,
А там — вітаць яе сугуччам першых слоў.
Вось так і я — у першы раз пазнала
Зямлю і сьвет і родных мне братоў.
О, рэволюцыя, як маці спавівала.
О, ў рэволюцыю радзілася я зноў…
Мой шлях адзін, і сьцяг адзін, таварыш, —
Сваё жыцьцё злучу з жыцьцём другіх.
І на Марыліным бадзёра сьветлым твары
Плывуць шчасьлівыя кругі.
...............
...............
— Цяпер я вольная?
Ня трэба больш прыходзіць
Сюды ў ЧК?
— Закончаны разбор…
— Бывайце, дзякую.
— Бывайце…
I, як злодзей,
Схаваўшы ў хустку твар,
Пабегла ў калідор,
А там на вуліцу і —
Гэй —
Хутчэй,
Хутчэй,
Хутчэй!
Хустка ветрам з плеч спаўзла.
Што крок — бліжэй!
Што крок — бліжэй!
Запал вачэй
Грызе імгла,
О, вочы агнявей!
Як дзяўчынка, сэрца скача,
Як ручайкі, кроў бурліць.
Не пачуеш голас плачу
Чорнай восенскай зямлі.
Кожны год за летам восень
Хмарай шлях праложа свой.
Так вядзецца, так вялося
Па прывычцы векавой.
А няўжо запал, імкненьні
Ў моцы восень утрымаць?
Восень стане на калені,
Як імкненьні зашасьцяць…
Вечар хутка сплюшчыць вочы,
Ноч прыляжа на зямлю.
А ў грудзёх запал дзявочы —
Не спазьніцца сёньня ў клюб.
І бяжыць, бяжыць дзяўчына
Клікнуць Паўла іскрай слоў, —
Бегчы ўдвох на вечарыну
Беларускіх песьняроў.
4
Горад.
Пры горадзе — прыгарад.
Вуліца і
З канца
Будынак, як быццам прыгарак,
Кватэра шаўца.
Прыбегла Марыля.
— Дзе-ж ён Павал?
Маці — пракляцьцем:
— Пабілі.
Расправа…
Марылька ў бядзе мы…
— Якая расправа?
— Ў міліцыі Клемусь
І Павал…
Бліснулі вочы ваўчыцы і
Марыля йдзе ў штаб міліцыі.
5
Годы сучасныя, бурныя годы!
Гартованай сілай, агнём расьцьвілі.
На экране эпох
Бягуць эпізоды
Бязьлітасных схватак народаў зямлі.
І хочацца там быць,
Праскочыць праз дамбы.
Навалаю бур мы
Раскідвалі-б турмы.
І воляю ім бы
Пярэсталі німбы.
О, памяць, як стогн, рый
Скарбы гісторый!
Змаганьне, змаганьне! Крылатае слова!
(Вусны стагодзьдзяў працёрлі да дзір.)
Змаганьне жыве! О, скошвай галовы,
І моцным да мэты праз косьці дайдзі.
Змаганьне — жыцьцё. І каб жыць — то змагацца
Стагодзьдзямі ўслаўлены сьмелы закон.
З сабой, з чалавекам, з прыродаю, з працай —
Змагацца для славы наступных дзён.
Мала радзіцца, — будзь цьвёрдым, як камень.
Любою істотай умей заўладаць.
Тысячы дышуць тваімі грудзямі,
Сэрца тваё — грамада.
Радасьць са злосьцю, бадзёрасьць з надломам,
Хто пераможа? За ўдарам — удар…
Ня кожны удар навальнічнага грому
Высасвае кроў чалавечых ахвяр. .............
… У штабе міліцыі ўбачыла Паўла.
Міліцыянэры наўкол.
Старанна рука вартавая пісала
Сутнасьць падзей — пратакол.
— Кажаце, вам пагражалі пабоем
За тое, што сальнік Залтушкін ў турме?
— Старым не давалі ў жыцьці супакою,
Ня толькі мне.
— Таварыш, — яна да стала падбягае
Узбуджаным голасам, крыўдай сваёй, —
Жыву ў іх… Бачыце, справа такая,
Клемусь хацеў пажаніцца са мной,
А я адвярнулася. Што мне з бандытам
Адною дарогай?.. Таму вось яны
Яго прылавілі… І глянула скрытна
На Паўла,
А Павал падцягваў штаны…
6
Дарогай да дому… А ноч, як смала.
Пасьвіствае вецер, шуршыцца імгла.
Маўкліва спачатку. Кожны ў журбе,
У кожнага ў сэрцы дасада скрабе.
А ноч, як смала.
Вецер.
Імгла.
Разгаварыліся. Злосьць прайшла.
7
І ноч прайшла.
I прайшла
Імгла.
А была
Імгла,
Як брызгі шкла.
Марыля прачнулася. Ціха ў пакоі.
Ціха і душна,
А ўсё-ткі лягчэй
І грудзі ўздыхаюць,
I кроў ужо тчэ
Румянцы вясёлых настрояў.
Цесна ў пакоі. Душна і брудна.
А лёгка на сэрцы,
Вось быццам
Аб пройдзеным-згубленым
Споведзі нуднай
Шчасьліва ўдалося пазбыцца…
З-пад коўдры, нясьмела,
Вачыма пяшчоты,
Зірнула на соннага Паўла.
І сэрца застукала
Роўна так, чотка…
— Няўжо сапраўды пакахала?
Хвіліна мінае. Ня чуецца водгук
Жаданьняў ажыўлена-палкіх. Душна і крыўдна. Устала з бярлогі,
Сустрэлася поглядам з Паўлам.
З імклівай ухмылкай,
З дзявочаю рызыкай,
(Кроў маладая муштруе…)
Стала ля Паўла так блізка-блізка,
Схілілася нізка,
Цалуе,
Дух затаіўшы, аддана,
І ўмомант —
Выбухам грудзі рвуцца:
Марыля адбегла і хутка й саромна
Сьпяшаецца апрануцца…
Душна ў пакоі.
А сэрца на волі —
Ў завеях дзявочых мар.
Устала. Зьбірае ў ляжанцы вугольле,
Распальвае самавар.
Вышла на двор.
Зусім яшчэ рана.
Замараз.
Нікога няма.
З неба далёка-далёка загнаны
Ветрам барашкі хмар…
Лісьцямі шастае, раніца насьцеж —
Знойдзеным шляхам здалею прайсьці
Буду мець шчасьце,
Шчасьце мець буду.
Буду мець шчасьце
Ў нашым жыцьці.
Золаку раніцы ўклон мой ў пояс.
Як сонца, з табою
Жыцьцё маладое!
Жыцьцю маладому ня дай запрапасьці,
Прыгрэй, прытулі, каб магло расьцьвісьці.
Буду мець шчасьце,
Шчасьце мець буду.
Буду мець шчасьце,
Ў нашым жыцьці.
Золак бадзёрыць, жыцьцё адмыкае
Ключамі праменьняў
На небакраі.
О, каб на крыўду мне больш не напасьці,
А ў сіле, гартована, з песьняй ісьці.
Буду мець шчасьце,
Шчасьце мець буду.
Буду мець шчасьце
Ў нашым жыцьці.
................
… За шклянкай гарбаты Марыля і Павел
Крыляцца ў лятунках чаруючых так. Удумліва-шчыра
Пісалі заяву —
Просьбу прыняць на рабфак.
Разам, удвох, прытуліўшыся блізка,
Вяжуць вязанку нязвычных слоў.
Вочы, як золак,
Радасна бліскаюць,
Будзячы падкую кроў.
Заява падпісана. Сэрцайка ў схватках.
Лятункі жаданьня ў трывозе шасьцяць.
Як многа ў заяве
(Нязграбнай, ня гладкай)
Юнацкага права жыцьця.
З-за прыпека глянула маці старая
Міргнула старому: — Зірні,
Бачыш, на шыю руку ён паклаў ёй.
Хай сабе…
Цсс…
Не крані…
.............
Ажыўленым гулам свае абавязкі
Горад пачаў, як штодзенна.
— Буду прасіць, не адмоў, калі ласка,
Заяву аддай у Праўленьне,
Іначай гатова ў майстэрню спазьніцца.
— Раз абяцаю — квіта!
Погляд Марылі зарніцай іскрыцца,
І Паўла зарніцай авіты.
8
Рэжам, клеім і сшываем
I пад прэсам выпраўляем.
Так з старой падранай — мігам
Зробім новенькую кнігу.
Рукі спрытна сёньня ходзяць,
І настрой, як сонца, бродзіць.
Песьняй гучнай, плаўнакрылай
Асьвяжаем свае сілы.
Кожны дзень адна работа:
Рэжам, клеім переплёты.
Грамадою — разам, раз —
Мы заканчваем заказ.
9
Знак. Перапынак. Поўдзень.
Паўгадзіны. Адпачні.
І, як быццам, так праходзяць
Па чарзе за днямі дні.
Але дзень інакшы сёньня,
Не падобны на другі, —
Ён тугою не палоніць,
Ён ня ведае тугі.
І Марыля так ахвоча
Пра сябе, упяршыню,
Сказ вядзе сябром, а вочы
Поўны палкага агню.
— … Першы дзень, як грудзі лёгка дышуць!
Як мары ў казках, змрок тугі
Цяпер праменьні закалышуць
У непрабудны сон сузорнае дугі.
Пагодны дзень! І ў гэты першы, слаўны,
У іншых колерах перад вачыма сьвет.
I здань грахоў былых разьбегам дзён стаптаны,
І ўжо, як ветрамі, замецены іх сьлед.
Няма таго, няма, што так цярпела ўчора,
Ўчарайшы дзень зусім я ня жыла,
Я нарадзілася, калі стапнела гора.
Дарогай вогнішча ў жыцьцё свае ўвайшла!
І вось за працаю і рукі, як другія,
І аркушы папер шасьцяць інакш зусім.
І літары брошур — завуць (яны жывыя)
На штурм жыцьця запалам маладым.
Няхай ня полымем мне быць, я гэта знаю.
Але іскрой, браткі, я мушу быць!
I сёньня
Разам з вамі выступаю,
Як роўны з роўнымі
Ў навалу барацьбы.
...............
… Раней, бывала, кожны сказ Марылі
На вуснах быў акроплены сьлязой.
— „Я нарадзілася“ — як словы паланілі
Жыцьцём здабытым жорсткаю цаной.
Але пад векамі таілася маршчына,
Узлазіў сум баязьліва на скронь.
Яна работніца, але яна й дзяўчына,
А розным колерам б‘е з полымя агонь.
Перарадзіцца можна, толькі не забыцца
Ў жыцьці праз свой жыцьцёвы шлях.
Каханьне першае ружовай бліскавіцай
Пад час зазьзяе крыўдаю ў вачах.
...............
10
Гулу ў сіле
Дружна жыць,
Толькі крыльлі
Яго ўзьвіць.
Хваляй пеннай
паплыве
Па праменнай
Сіняве.
Голас кіне
На зямлю,
Што ў краіне —
Вольны люд…
Прападае
Сум-журба.
Праца — тая-ж
Барацьба.
Дык за працу,
За варстат!
Гул вітацца
З кожным рад.
За варстаты — грамадой,
Hi хвіліны на прастой!
Злучым сілы разам, раз —
І раней здадзім заказ!
11
Якая дзіўная эпоха!
Якая дзіўная пара…
Замоўк баёў надрыўны грохат,
Спыніў касіць сьвінцовы град.
Грудзі ўсходам уздыхнулі,
Думкі ўзьвіты, як страі.
Глянеш — горад на хадулях,
Плачуць вуліцы руін.
Абязброены машыны,
Разьядаюцца іржой.
Знай, савецкая краіна
Вышла ў новы бой.
Што завод — атрады-сотні.
— Пераможцы на суботнікі
Як і сэрца, так няспынна,
Мусяць біцца, жыць машыны.
Здраднік — хто пачне цяпер выць:
— Мяса мала? — Ёсьць кансэрвы!..
… Дні ішлі…
Ішлі упарта.
Расьцягнуўся дым канатам
З труб фабрычных.
І праз рамы
Чутна песьня — pyx дынамо.
Як на ўсходзе золак ранкам,
Заіскрылася вагранка.
Проста ўгрунь ляцелі дні,
Сілай, рухам шасьцярні.
Рос за фабрыкай завод —
Дзень
За днём,
За годам
Год.
...........
Шпіёны, найміты, бандыты
Шлях наш мінамі ўсьцілалі.
Шмат было іх недабітых,
Дык цяпер перастралялі.
І пайшлі сыны ваякаў,
І пайшла заводаў моладзь
Гартавацца на рабфаках,
Гартавацца ў профтэхшколах.
12
Выраўняўся горад. Гул:
— „Цесна мне, я не магу.
Я жыцьцём сваім разьбежным
Пашыраю свае межы.
Камяніцамі расту я,
А жыве ў іх — хто працуе!
Цесна мне, хачу прастору:
Я — савецкі, новы горад“.
Раптам крык, нажом сэнсацый,
Адарваў народ ад працы: — Вораг клясавы ізноў Пролетарскую п‘е кроў.
— Пяць капеек…
(Колькі шуму!..)
— Вось газэтка!
— Сьвежы нумар!
— Нябывалы ўчынак гэткі!
— Пяць капеек!
— Вось газэткі!
— І газэтчык, проста потны,
Праляцеў ля пераплётнай.
Крык узьняў, што сіл хапае:
— Зноў буржуі наступаюць!
На хвіліну змоўкла праца,
Інтрыгуецца цікавасьць:
— Што-ж магло такое стацца?
— Пэўна зноў пайшла расправа?
І агонь вачэй Марылі
Зьліўся з іншымі ў касьцёр…
Ліст газэты, быццам крыльлі,
Пераплётчык распрасьцёр:
КЛЯСАВЫ ВОРАГ ПАДНЯЎ ГАЛАВУ.
ПАДКУПЛЕНАЯ АГЕНТУРА. НОВАЯ ВЫЛАЗКА. СКАСІЦЬ, ЯК ТРАВУ.
ПАВЕДАМДЕНЬНЕ ПРАКУРАТУРЫ.
…Хэўра хуліганаў зьбіла члена КСМ Паўла Грубакрана. Пры абаронных нашых мерах — ранілі міліцыянэра. Выявілася на допыце ўскораным, што сальнікам Залтушкіным падгавораны. Злачынцы: Клемусь Чуб („Вырві вока“) і браты Калштаных — арыштаваны. У клюбе Цэнтрабуд 1-га будзе суд. Галоўныя сьведкі на судзе — міліцыянэр Будзей і Марыля Надзьвіліна…
........
Грузны праехаў абоз
Хмар навальнічных сталіцай.
На брыль камяніц завушніцы
Нанізваў, як пацеркі сьлёз.
Сонца ўзламала замкі,
Хмары разьбіла, як скалы.
Па вуліцах параскідала
Прамвнныя ручнікі.
А з комінаў фабрык нязьмераным кругам
Дымам
Дыша
Данецкі вугаль.
І — права жыцьця і — права ісьці
Ў жыцьцё наступнага маеш? —
Хай будзеш і скрыўджан часамі ў жыцьці
Будучыню пазнаеш!
...............
А праца па ранейшаму ў навале,
Хто з песьняй-гоманам, а хто бурчом пад нос.
Ужо зьмяркалася. Так ціха, як вуальлю,
Імглісты змрок туман з сабой прынёс.
— А Павал дзе? Казаў у дзьве гадзіны
Будзе вынік. Што-ж яго няма?
А… вось і ён, як лёгкі на ўспамінак!
А я злавалася. Заўсёды так, дарма.
Што добрага,
Хутчэй кажы,
Прынята?
Маўчыш? Адмовілі рабфак?
(Нахмурыў бровы, як перад цяжкай стратай)
— Чаму?
Прычына?
Як?
...............
Ня было камандыроўкі, а заяў багата.
Мэханічны падыход. Вось і ня прынята.
...............