Над сваёй Айчызнай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Над сваёй Айчызнай
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://www.rv-blr.com/vershu/view/97


Божа! гэткі сьвет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе мой люд?
Дзе Айчызна мая?

Дзе той час, у яком
Тут кіпела жыцьцё?
Свой народ быў кругом
І любіў сваё ўсё!

Сваю песьню ўлад свой
Не стыдаўся запець
І сярмяжкі сівой
Не стыдаўся надзець!

Весяліўся народ,
Аж грымела сяло!
Ва ўсіх сьветлы паглёд,
Ва ўсіх шчасьце цьвіло.

А цяпер, а цяпер
Не відаць ясных зор,
Хоць сабе сам ня вер, —
Зьнікла ўсё, як віхор!

Зьнікла ўсё, як імгла,
Няма славы таей;
Злая доля змагла
І мой край, і людзей!

Адны ў шар курганы —
Сьвёдкі бітваў — стаяць;
Косьці к ім груганы
Прылятаюць зьбіраць.

Прашмыгаюць вужы,
Канюх моліцца «піць»,
Воўк прабег па мяжы,
Далей сьпіць усё, сьпіць!

28.VIII.1906