Над магіламі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Над магіламі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/show/2663#904



Сьпіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Сьпіце, бяздольныя,
Горам забітыя!

Як вам зямелькаю
На вочы кінулі,
Зь людское памяці
Марна загінулі.

Над косцьмі вашымі,
Па-над курганамі
Сьлёзы узносяцца
Мглою, туманамі.

Крыжы яловыя
Набок скрывіліся,
Наспы пасьмертныя
Вадой размыліся;

Два-тры зь іх сьвецяцца
Кветкай жычліваю,
Рэшта скрываецца
Лазой, крапіваю.

Самі ж вы зданямі,
Бледнымі, сінімі,
Летам усходзіце
Па-над магіламі.

Начніцы чорныя
Ночкай зьлятаюцца,
І совы шэрыя
Пераклікаюцца.

Ваўкі зьбіраюцца
Парой зімоваю
І пяюць, выючы,
Песьнь паграбовую…

Сьпіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Сьпіце, бяздольныя,
Горам забітыя!..

(1905—1907)