Перайсці да зместу

Наддзьвіньне (1926)/Ліст да палачан

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Акоў паломаных жандарм… Ліст да палачан
Публіцыстыка
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Францішак Скарына
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ліст да палачан.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ліст да палачан народнага паэты
Беларусі Янкі Купалы[1].

Дарагі тав. рэдактар!

Не адкажэце надрукаваць гэты мой ліст у Вашай паважанай газэце «Чырвоная Полаччына».

У часе майго кароткага прабываньня ў Полацку з прадстаўнікамі вышэйшага Беларускага Савецкага Ураду — Старшынёй Саўнаркому т. Адамовічам і Наркомам Асьветы т. Баліцкім — полацкае настаўніцтва і учнёўства пасьвяцілі адзін вечар (11-га мая), прысьвечаны майму прыезду ў Полацак.

Трудна мне выказаць славамі сваю шчырую ўдзячнасьць і сардэчную падзяку за той мілы і гарачы і папраўдзе братні прыём слаўных і вольных палачан і палачанак, які быў мне аказаны з боку іхніх арганізацый: Акругкому, Чырвонай арміі, камсамолу, маладняка, настаўніцтва, вучнёўства, і інш. Я толькі магу адно сказаць, што па звароце у Менск, сталіцу БССР, — мае самыя лепшыя думкі будуць аб пралетарскім чырвоным Полацку.

Пажадаю Вам, палачане і палачанкі, каб тая першая падумка Вашага славутнага продка, ураджэнца г. Полацку, вялікага вучонага Ф. Скарыны, што для «люду посполітага» трэба пісаць кнігі на яго простай зразумелай для яго мове, была заклікам да працы над эканамічным і нацыянальным адбудаваньнем нашае многапакутнае бацькаўшчыны.

Хай заціхнуць званы сафійскія і ім падобныя манастырскія званы, якія званілі славу князём, царом і астрогам, а няхай зьвіняць у Вас вечна песьні радасьці і волі нязьмеранай і дакацяцца гэтыя песьні вызваленьня аж туды — за пагранычныя слупы, дзе яшчэ Вашы браты і сёстры цягаюць ланцугі сацыяльнай і нацыянальнай няволі.

Пажадаю Вам, таварышы, дружна трымацца таго сьцягу, які Вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя, а на варце і абароне якога стаіць праўдзівая барацьбітка за вызваленьне працоўнага люду ўсяго сьвету, — камуністычная партыя.

Няхай у Вашых думках вечна жыве адно жаданьне — гэта цьвёрда і нязломна працаваць для эканамічнага і культурнага падняцьця сваей Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.

Янка Купала.

Полацак, 12 траўня, 1926 г.


  1. Ліст быў зьмешчаны ў газэце «Чырв. Полаччына» ў час прыезду Я. Купалы ў Полацак.