Перайсці да зместу

Наддзьвіньне (1926)/Акоў паломаных жандарм…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наш шлях Акоў паломаных жандарм…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Ліст да палачан
Іншыя публікацыі гэтага твора: Акоў паломаных жандар…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯНКА КУПАЛА.

Акоў паломаных жандарм…[1]

На палеміку аб беларускай мове.

Акоў паломаных жандарм,
Сьліўнём зарыўшыся ў нару,
Сядзіць расейскі чынздрал,
«Слуга оцечаству, цару».

Ён сьніць былую моц і шыр:
Цары, царыцы, цэрквы, трон,
Пагромы, катаргі, Сібір…
О, Русь! прымі раба паклон!

Табе такой служыць па гроб
Ня кіну я, і расьцярзаць
Ня дам дзяржаўнасьці «оплот»,
Цябе, «единую», о, маць!

Здарма-ж двуглавы твой арол
Праз векі ў кіпцюрох трымаў
Мільёны ўбогіх хат і сёл,
Рабоў міпльёны?… Не, здарма!

У твой ланцуг былі, о, Русь,
Уплецены з усіх бакоў
Украіна, Польшча, Беларусь
І сотня іншых «языкоў».

Цяпер, што бачу я кругом?
Пасад маўклівы збуран скрозь…
Рэспублікі? ды з «языком»
Э іх лезе кожная ўсур‘ёз.

А ты, о, рускі мой «язык»!
Мой «обшчарускі», што з табой?
Табе слухмян быў мал, вялік,
Быў славен ты сваёй кляцьбой.

Табой сам самадзержац цар
Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці Русь есі жандарм
Усёй Эўропы!..

І свой сон

Сьніць далей гэты царадвор,
Калі надыдзе яму дзень,
Ізноў пад лёзгат царскіх шпор
Свой распасьцерці чорны цень.

Ён гэты скінуты сатрап
Ня знае, што ў свабодзе жыць;
Яму дай вісельню, дый каб
На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць.

Не па нутру, як сьмерць, яму,
Што беларускае дзіцё
Бяжыць у сьцюжную зіму
У школу пазнаваць жыцьцё.

Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,
Напоўадзеты вёскі сын,
У роднай мове ўчыцца змог…
О, стыдна, рускі «гражданин»!

Язык твой царскі ён табе
Ня выража, спакойны будзь!
Цябе тваім-жа ў кляцьбе
Ен не забудзе памянуць.

Былых ня выклічаш вякоў
І ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных ня скуеш акоў,
З якой брахнёю ня вылазь!

Акопы, 5 — VI, 1926 г.




  1. Верш быў зьмешчаны ў «Савецкай Беларусі». Напісаны ў адказ на выступленьне ў друку супроць беларускай мовы некаторых вялікадзяржаўных шавіністаў з Полаччыны.