Навука (Гарун)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Навука
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72133


Казаў настаўнік мне (ён блізкі быў Прароку,
Які жывым узьняўся ўвыш, ў блакіт нябескіх сфер):
«Мой сын, з пачатку мы падуладны пану-Року —
                              У гэта вер.
Які бы крыж табе ні выпаў ў жыцьці гэтым:
Галеці век чы быць царом і царскі мець пасад,
Ў балоце бросьнеці чы йсьці к нязнаным мэтам, —
                              Яго загад.
І вось калі табе трываць ня хопіць змогі,
І цяжкім здасца крыж табе і доля вельмі злой,
Ня трэба, сын, шукаць лягчэйшае дарогі, —
                              Ідзі старой.
І мусіць час настаць: убачыш сьвет праменны, —
Ідзець ўладар адвечны твой, яго спаткай здалёк,
Узьдзеўшы бітвы меч на свой паяс раменны.
                              І скажа Рок:
„Ідзі хутчэй, слуга! Спавіты сьвет маркотай,
Ў ім крыўды легіён забраў зямлі апошню чвэрць,
Нясі ж свой праўдзе меч“. — Мой сын! ідзі з ахвотай
                              На чэсьць і сьмерць».