Перайсці да зместу

Маўглі (1934)/Рудыя сабакі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каралеўскі анк Рудыя сабакі
Апавяданне
Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг
1895 год
Арыгінальная назва: Red Dog
Кліч вясны
апавяданне з "Другой кнігі Джунгляў" (1895)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУДЫЯ САБАКІ

Гатовы мы біцца за белыя ночы,
За нашы бадзёрыя, пільныя вочы;
За час палявання ў празрыстым тумане,
За гульні і скокі на светлай паляне;
За матку старую, шчанят маладых,
За логава ўтульнае ў пушчах лясных;
За досвіткі росныя, начныя пахі,
За нашу здабычу, і радасць, і жахі.
Да смерці за ўсё гэта будзем стаяць,
Пакуль яшчэ здольныя зубы кусаць.

Пасля таго, як вёска Маўглі зарасла Джунглямі, для яго пачалося вельмі прыемнае жыццё. Ён цешыўся, што паквітаўся, як мае быць, з ворагамі. Усе жыхары Джунгляў былі яго прыяцелямі, бо ўсе Джунглі яго баяліся. Пра тое, што ён бачыў, чуў і рабіў, бадзяючыся са сваімі чатырма таварышамі, ці без іх, ад аднаго племя да другога,- можна было б напісаць шмат апавяданняў, такіх самых доўгіх, як і гэтае.

Так вам і не давядзецца прачытаць, як ён сустрэўся, а потым выратаваўся ад Шалёнага Слана з Маналы, які забіў адзінаццаць пар быкоў, што вязлі адзінаццаць вазоў са срэбнымі грашыма ў дзяржаўны банк Індыі, і параскідаў бліскучыя манеты, рупіі, па пыльнай дарозе;

як ён цэлую доўгую ноч біўся з кракадзілам Джакалай у Балотах Поўначы і зламаў, нарэшце, свой нож аб спінныя рагавіцы страшыдлы;

як ён знайшоў новы доўгі нож, які вісеў на шыі чалавека, забітага дзікім вепрам, і як ён прасачыў гэтага вепра і забіў яго ў адплату за нож;

як ён у часе Вялікай Галадухі трапіў у гурт аленяў, якія нястрымна несліся наперад, і як яны ледзь не растапталі яго насмерць;

як ён выратаваў Маўклівага Слана Хаці, які ледзь не трапіў у яміну з вострым колам на дне;

як ён, сам Маўглі, трапіў раз у дасціпна замаскаваную пастку для леапардаў, адкуль яго выратаваў Хаці, які разнёс ушчэнт тоўстыя бярвенні;

як ён даіў дзікіх буйваліц на балоце, як ён... Ну, ды калі расказваць, то лепш пра што-небудзь адно. Бацька Воўк і Маці Ваўчыха памерлі. Маўглі прыкаціў да ўваходу вялізны камень і праспяваў над трупамі Песню Смерці. Балу састарэўся і аслаб. Нават Багіра, жылы якой былі, як сталь, і мускулы, як жалеза, нават яна здавалася не такой спрытнай у бойцы.

Акела з шэрага зрабіўся белым. Рэбры вытыркаліся з яго бакоў і хадзіў ён, як драўляны. Маўглі забіваў для яго здабычу.

Затое маладыя ваўкі, дзеці распушчанай Сіанійскай Зграі, жылі добра і павялічваліся. І калі сярод іх набралося дзесятка чатыры пяцігадовых, Акела сказаў ім, што яны павінны аб'яднацца выконваць Закон, пад кіраўніцтвам адзінага начальніка, як належыць Вольнаму Племю.

Маўглі не прымаў ўдзелу ў гэтай справе, і казаў што ён ужо пакаштаваў кіслых пладоў і ведаў дрэва, на якім яны растуць. Але калі Фао, сын Фаона (бацька яго быў галоўным выведнікам дзічыны ў часе кіравання Акелы), паводле Закону Джунгляў у бойцы заваяваў пасаду правадыра, і калі стары кліч і старыя песні зноў пачуліся пад зоркамі, — Маўглі ўспомніў мінулае і зноў пачаў наведваць Скалу Рады. Садзіўся ён звычайна побач з Акелам, крыху вышэй ад Фао, і калі ён гаварыў, уся Зграя ўважліва слухала і не перапыняла яго.

Гэта былі добрыя дні палявання і салодкага сну. Ніхто не адважваўся савацца ў Джунглі, якія належалі Племенi Маўглі, як звалі гэтую зграю. Маладыя ваўкі гадаваліся моцнымі, тлустымі, і на Скалу Рады маткі прыносілі шмат дзяцей для агляду. Маўглі заўсёды прысутнічаў на аглядзе, бо яшчэ памятаў тую ноч, калі і ён сам быў прыняты ў Зграю. Ад працяглага клічу: "Глядзіце, добра глядзіце, о ваўкі!" яго сэрца і цяпер пачынала мацней стукаць.

Наогул жа ён больш бадзяўся па далёкіх Джунглях і ўсюды стараўся прыгледзецца, памацаць, пакаштаваць, абнюхаць усё новае, што яму траплялася.

Аднаго разу, пад вечар, ішоў ён паціху да Акелы і нёс яму палову аленя. Яго чатыры браты ішлі за ім і весела скакалі па дарозе ды куляліся. Раптам ён пачуў крык, якога не чуў з нядобрых часоў Шэр-Хана. Такі крык, які ў Джунглях завецца "фіэл", звычайна выдае шакал, калі ён палюе па слядах тыгра. І такі самы крык раздаецца, калі набліжаецца які-небудзь страшны забойца.

Калі б можна было ўявіць сябе злучэнне гукаў, якія выказваюць нянавісць, радасць, жах, роспач і здзек, дык гэта быў бы "фіэл", які цяпер узняўся, задрыжаў і сціх над Вайнгунгай.

Чацвёра ваўкоў натапырыліся і зарыкалі. Маўглі схапіўся за нож і таксама спыніўся і скамянеў.

— Ніякі Паласаты не адважыўся бы тут паляваць! — сказаў ён нарэшце.

— Гэта не крык Паласатага, — сказаў Шэры Брат. — Гэта кліч вялікага бою. Слухай.

Зноў пачуўся крык, падобны ні то да плачу, ні то да смеху, быццам у шакала былі чалавечыя вусны Маўглі стралой панёсся да Скалы Рады, выпераджаючы ваўкоў, што спяшаліся туды. Фао і Акела сядзелі на Скале, а пад ёю мітусіліся ўсе іншыя ваўкі Зграі. Маткі з дзецьмі спяшаліся ў свае логавы, бо калі па Джунглі разносіцца "фіэл", слабым жывёлам не месца на волі.

У цемры чулася толькі бульканне Вайнгунгі ды шум вячэрняга ветру ў верхавінах дрэў. Раптам з-за ракі данёсся голас ваўка з чужой Зграі:

— Дхол! Дхол! Дхол!...

Праз некалькі хвілін пачуўся тупат стомленых ног і паказаўся хударлявы воўк. Са скуры яго сцякала вада, бок быў скрываўлены і правая пярэдняя нага пакалечаная. Вакол рота была белая пена. Ён, запыхаўшыся, падбег да Скалы і лёг ля ног Маўглі. — Добрага Палявання! Якой Зграі? — важна спытаўся Фао!

— Добрага Палявання! Я — Вантола, — быў адказ. Ён хацеў сказаць, што ён Воўк-Самотнік, які самастойна змагаецца за сябе, сваю ваўчыху і сваіх дзяцей. "Вантола" азначае "адшчапенец", які жыве "на водшыбе".

— Хто наступае? — спытаўся Фао.

— Дхолы, Дхолы, забойцы з Дэкана! Яны прыбеглі на поўнач з поўдня і кажуць, што спустошылі ўвесь Дэкан, што ўсіх забілі па дарозе. Калі гэты месяц быў яшчэ малады, са мной было чацвёра — мая ваўчыха і трое шчанят. Яна навучала іх паляваць у траве, хавацца ў засадзе ад аленяў, як робім мы ўсе, жыхары раўнін. У поўначы яшчэ чуў, як усе яны вылі, патрапіўшы на след дзічыны, а раніцою знайшоў іх усіх мёртвымі. А іх было чацвёра, Вольнае Племя! Іх было чацвёра на маладзік! Тады я пагнаўся за Дхоламі, каб заплаціць доўг крыві.

— Колькі іх? — спытаўся Маўглі, а Зграя глуха зарыкала.

— Не ведаю. Трох я забіў, а рэшта кінуліся на мяне і пагналі, як аленя. І я ўцякаў ад іх, бег на трох нагах, Вольнае Племя. Паглядзіце!

Ён працягнуў сваю скрываўленую нагу, чорную ад крыві. Горла яго было пакусанае, бок быў пакрыты страшнымі ранамі.

— Падмацуйся! — сказаў Акела і адсунуўся ад аленяціны, што прынёс яму Маўглі.

Вантола прагна накінуўся на мяса. — Я аддзякую за гэта, — сказаў ён, сцішыўшы першы голад. — Дайце мне крыху ачуняць, Вольнае Племя, і я таксама буду біцца. Апусцела маё логава, якое на маладзік было поўнае, і я не выплаціў яшчэ свайго крывавага доўгу.

Фао пачуў, як тоўстыя косці трашчаць пад зубамі госця, і задаволена буркнуў.

— Нам спатрэбяцца гэтыя сківіцы. А ці ідуць з Дхоламі шчаняты?

— Не, не! Усё дарослыя сабакі свайго племя, дужыя рудыя паляўнікі.

Гэта азначала, што Дхолы, дзікія сабакі Дэканскага плоскаўзвышша, ідуць з боем, а ваўкі добра ведалі, што нават тыгр саступае дарогу Дхолам. Яны рухаюцца проста па Джунглях і раздзіраюць на шматкі ўсіх, хто сустрэнецца па дарозе. Хоць яны напалову меншыя і дурнейшыя за ваўкоў, але вельмі дужыя і шматлікія. Яны лічаць сябе зграяй толькі тады, калі іх збярэцца не менш за сотню, а ў ваўкоў ужо сорак лічыцца вялікай зграяй.

У часе сваіх вандраванняў Маўглі падыходзіў і да стэпавых узвышшаў Дэкана, і не раз бачыў, як гэтыя сабакі спалі ці гулялі, або чухаліся ў лагчынах, дзе яны робяць сабе логавы. Ён ненавідзеў і гідзіўся іх за тое, што яны пахнуць не так, як Вольнае Племя, за тое, што яны не жывуць у пячорах, а больш за тое, што ў іх расце поўсць паміж пальцаў у той час, як ногі ў яго і ў яго сяброў былі чыстыя. Але ён ведаў ад Хаці, якая страшная і небяспечная зграя Дхолаў. Сам Хаці саступае ім дарогу, i пакуль iх усiх не пазабiваюць ці пакуль не знікне ўся дзічына, яны няўхільна ідуць і ідуць наперад, усё знішчаючы на сваім шляху.

Акела таксама ведаў Дхолаў і, звярнуўшыся да Маўглі, спакойна сказаў:

— Гэта будзе добрае паляванне і... апошняе для мяне. Але лепш памерці разам з усёй Зграяй, як аднаму. А ты, Браток, як Чалавек, будзеш жыць яшчэ многа дзён і начэй. Ідзі на поўнач і заляг там. І калі застанецца жывым пасля Дхолаў хоць адзін воўк, ён прынясе табе весткі пра вялікі бой.

— Значыцца, мне трэба пайсці ў балота, лавіць рыбак і спаць на дрэвах, ці прасіць дапамогі ў Бандар-Лога ды есці арэхі ў той час, як мая Зграя будзе біцца ўнізе? — сурова сказаў Маўглі.

— Гэта будзе бойка насмерць, — сказаў Акела. — Ты ж ніколі не сустракаўся з Дхоламі, Рудымі Забойцамі. Нават Паласаты...

— Аоуа! Аоуа! — насмешліва сказаў Маўглі. — Я забіў аднаго разу паласатую малпу... Слухайце-ж цяпер, што я скажу вам усім! Быў ў мяне Воўк Бацька і была Ваўчыха Маці, і быў яшчэ стары-стары сівы воўк (не вельмі разумны: ён цяпер белы), які замясціў для мяне маці і бацьку. Таму я... і ён узмоцніў голас, — я кажу, што калі прыдуць Дхолы, то Маўглі і Вольнае Племя — адзіны народ для гэтага палявання! І клянуся Быком, што выкупіў мяне, Быком, якiм Багіра заплаціла за мяне ў тыя дні, якія Зграя цяпер не памятае, — я кажу, і хай дрэвы і рака слухаюць і ўпомняць, калі я забудуся! — я кажу, што вось гэты мой нож будзе зубам для Зграі, а ён не тупы! Я сказаў сваё слова! — Ты не ведаеш Дхолаў, о Чалавек з мовай ваўка! — ускрыкнуў Вантола. — Я хацеў бы толькі заплаціць ім мой доўг крыві раней, як яны раздзяруць мяне на шматкі. Яны паволі рухаюцца наперад, але праз пару дзён мая сіла вернецца да мяне і я пачну плаціць свой доўг крыві. А вам, Вольнае Племя, мая парада: ідзіце на поўнач, ешце меней, пакуль Дхолы пройдуць. У гэтае паляванне не будзе сну.

— Слухай ты, Самотнік! — крыкнуў Маўглі са смехам. — Выходзіць, што Вольнае Племя павінна пайсці на поўнач і жывіцца яшчаркамі і пацукамі, каб не сустрэцца з Дхоламі? А Дхол будзе нішчыць нашу дзічыну, пакуль мы будзем хавацца на поўначы і пакуль яму самому не прыйдзе ў галаву пакінуць нашу зямлю? Ды яны нават і не сабакі, а шчаняты! Поўсць ў іх рыжая, бруха жоўтае і ў іх родзіцца па шэсць і нават па восем шчанят, нібы ў якога-небудзь маленькага пацука Чыкая. Яны не жывуць у логавах, як мы, а між пальцаў у іх растуць валасы! Вядома нам, Вольнаму Племю, трэба ўцякаць ад іх і прасіць ласкі ў паўночных пляменняў, каб яны кінулі нам вантробы здохлай скаціны! О, Вольнае Племя! Памятайце, што мы — гаспадары Джунгляў. Гэта будзе адмысловае паляванне. За ўсю Зграю, за кожнага з нашых таварышоў, за логава, за малое, слабенькае шчаня! На бой! На бой! На бой!

Зграя адказала аглушальным брэхам, які загрукатаў уначы, як трэск зламанага дрэва:

— Прымем бой!!

— Заставайцеся тут, — сказаў Маўглі сваім чатыром братам. — Нам патрэбны кожны лішні зуб. Фао і Акела хай падрыхтуюць усё да бою. Я пайду лічыць сабак.

— Ды гэта ж пэўная смерць? — закрычаў Вантола. — Што можа зрабіць гэты Безвалосы супроць Рудых Сабак? Нават Паласаты, як вы ведаеце...

— Ды ты, як я бачу, сапраўдны Самотнік! — крыкнуў у адказ Маўглі. — Але мы пагаворым, калі Дхолы будуць пазабіваныя. Добрага Палявання вам усім!

Ён пабег у цемру, не гледзячы сабе пад ногі, і праз некалькі часу заблытаўся нагамі ў нечым мяккім і паваліўся на... груду кольцаў Каа! Пітон ляжаў у засадзе ля сценкі, па якой алені хадзілі на вадапой.

— Кссшш! — гнеўна крыкнуў Каа. — Што гэта за парадкі такія — таптаць народ і псаваць начное паляванне, і акурат тады, калі дзічына так добра ідзе?

— Выбачай! — сказаў Маўглі, устаўшы на ногі. — Ды я ж цябе і шукаў, Плоскагаловы! Але кожны раз, калі мы сустракаемся, ты робішся даўжэй і шырэй на цэлую маю руку. Нікога няма ў Джунглях лепшага за цябе, о мудры, стары, дужы і харошы Каа!

— Але куды ж вядзе цябе след? — сказаў Каа лагодней. — Яшчэ месяца не мінула, як Чалавек з нажом шпурляў у мяне каменнем і лаяў рознымі дрэннымі словамі, нібы тую малую дрэўную кошку. І ўсё гэта толькі за тое, што я заснуў на палянцы.

— Так, і распудзіў усю дзічыну. Кожны алень, якога я выганяў, уцякаў, як шалёны, убачыўшы вось гэтага Плоскагаловага. А ён быў надта глухі, каб пачуць лай, свіст і адпаўзці ў бок, — спакойна казаў Маўглі, сядаючы на стракатыя кольцы змяінага тулава. — А цяпер гэты самы Чалавечак прыходзіць да гэтага самага Плоскагаловага з ліслівымі словамі, называе яго і мудрым, і дужым, і прыгожым, а гэты самы Плоскагаловы верыць таму Чалавеку, што шпурляе каменні, і яшчэ гэты самы Плоскагаловы нават нарыхтоўвае яму ўтульнае месцейка, вось гэтак... Ну, што, добра цяпер табе сядзець? Ці магла б Багіра зрабіць табе такі добры ложак?

Каа, як заўсёды, зрабіў з свайго цела нібы мяккі гамак для Маўглі. Хлопчык намацаў у цемры шыю Каа, палажыў галаву яго сабе на плячо і расказаў пра апошнія падзеі ў Джунглях.

— Можа я і мудры, — сказаў Каа — але ж я і глухі, бо не чуў "фіэл". Цяпер я разумею, чаму траваедныя сёння такія неспакойныя. Колькі іх, Дхолаў?

— Я іх яшчэ не бачыў, бо адразу ж пабег да цябе. Вось будзе выдатнае паляванне, Каа! — і Маўглі аж закруціўся ад радасці. — Мала хто з нас убачыць наступны месяц!

— Ты таксама прымаеш у гэтым удзел? Памятай, што ты Чалавек, — і памятай, што Зграя выгнала цябе. Хай сабе ваўкі змагаюцца з сабакамі. Ты — Чалавек!

— Леташнія арэхі сёлета ператварыліся ў чорную зямлю, — сказаў Маўглі: — Гэта праўда, што я — Чалавек. Але ў гэтую ноч я абвясціў, што я — Воўк. Я запрасіў у сведкі раку і дрэвы. Я сын Вольнага Племя, Каа, да таго часу, пакуль Дхолы не загінуць.

— Вольны Народ! — насмешліва сказаў Каа. — Вольныя Злодзеі! І ты звязаў сябе Вузлом Смерці дзеля мёртвых Ваўкоў? Нядобрае гэтае паляванне!

— Я даў слова. Дрэвы ведаюць, рэчка ведае. Пакуль Дхолы не знікнуць, слова мае застанецца.

— Нгшш! Гэта змяняе ўсе сляды. Я думаў быў узяць цябе з сабою ў Паўночныя Балоты, але Слова, нават Слова маленькага, голага, безвалосага Чалавечка — застанецца Словам. Дык вось я, Каа, кажу...

— Падумай, Плоскагаловы, добра, перш чым увязацца ў гэты Клубок Смерці. Мне ад цябе слова не трэба, бо я і так ведаю...

— Хай будзе так, — сказаў Каа. — Слова я не даю. Але што ж ты думаеш рабіць, калі Дхолы прыдуць?

— Яны павінны пераплысці Вайнгунгу. Я хацеў сустрэць іх на мялізне. Са мной будзе нож, а ззаду ад мяне — Зграя. Мы можам пагнаць іх уніз па рацэ і крыху ахалодзіць ім глоткі.

— Дхолы не зварочваюць з свайго шляху, і глоткі ў іх заўсёды гарачыя, — адказаў Каа. — А калі скончыцца гэтае паляванне, дык не будзе ўжо ні Чалавечага Дзіцяці, ні воўчых шчанят, а будуць толькі сухія косці.

— Алала! Што ж, паміраць, дык паміраць! Затое ж і паляванне будзе! Лепшага плана я не мог выдумаць: я яшчэ малады, і мала бачыў Дажджоў. Можа ў цябе ёсць лепшы план, Каа?

— Я бачыў сотню і яшчэ сотню дажджоў. Мой след быў вялікі яшчэ да таго часу, як у Хаці выраслі малочныя зубы. Клянуся Першым Яйкам, я старэйшы за многія дрэвы і бачыў усё, што рабілася ў Джунглях.

— Але-ж гэта новае паляванне! — сказаў Маўглi. — Ніколі яшчэ Дхолы не перасякалі нашага следу. — Усё, што ёсць, ужо было. Усё, што будзе — гэта забыты год, які вярнуўся. Пасядзі ціха, пакуль я ўспомню ўсе мае мінулыя гады.

Маўглі доўга ляжаў на звілінах змяінага цела і бавіўся з нажом, пакуль Каа, прыціснуўшыся да зямлі, абдумваў усё тое, што ён бачыў і што ён уведаў з таго дня, калі вылупіўся з яйка. Бляск знік у яго вачах, і яны зрабіліся цьмяныя, як апалы. Час ад часу ён торгаў галавой направа і налева, нібы паляваў ува сне. Маўглі, нарэшце, задрамаў. Ён ведаў, што самае лепшае падмацаванне перад паляваннем гэта сон, таму прывучыў сябе засыпаць у абы які час дня і ночы. Але вось Маўглі адчуў, што Каа робіцца буйнейшым і шырэйшым пад яго целам. Вялізны Пітон надзьмуваўся з сіпеннем, падобным да таго гуку, які бывае, калі вымаюць шаблю з металічнай похвы.

— Я бачыў усе мёртвыя гады, — сказаў Каа. — І ўсялякія дрэвы і старых сланоў, і скалы, якія яшчэ былі голыя і востраканечныя, пакуль не параслі мохам. — Ты яшчэ жывы, Чалавечае Дзіцянё?

— Зусім нядаўна яшчэ ўзышоў месяц, — адказаў Маўглі. — Я не разумею.

— Шшш! Я зноў Каа. Я разумею, што прайшло не дужа часу. Цяпер мы пойдзем да ракі, Чалавек, і я пакажу табе, што можна зрабіць з Дхоламі.

Ён выпрастаўся, хутка папоўз да Вайнгунгі і апусціўся ў ваду вышэй ад Скалы Згоды. Маўглі таксама кінуўся ў ваду і паплыў.

— Не, ты не паспееш за мной. Я паплыву шпарка. Лепш сядай мне на спіну, Маленькі Братка. Маўглі ахапіў праваю рукою шыю Каа, левую прыціснуў да свайго цела і выцягнуў ногі. I Каа паплыў так, як ён адзін умеў плысці. Струмені вады гурчэлі і пеніліся вакол шыі Маўглі, а ногі яго калыхаліся то ў адзін, то ў другі бок.

За мілю ад Скалы Згоды Вайнгунга звужвалася і шпарка неслася па цясніне між мармуравымі кручамі ў сорак метраў вышыні. Тут вада вырываецца, як з-пад млына. Але Маўглі нічога гэтага не баяўся. Ён толькі пазіраў па баках ды моршчыў нос ад нейкага кіславата-салодкага паху, падобнага да паху мурашніка ў гарачы дзень. Нарэшце Каа два разы абкруціўся вакол падводнай скалы і спыніўся, пасадзіўшы Маўглі на сваю спіну.

— Гэта Месца Смерці! — сказаў Маўглі. — Навошта мы прыйшлі сюды?

— Яны спяць, — адказаў Каа. — Цяпер слухай, што я табе скажу. Хацi не саступае Паласатаму. Але і Хаці і Паласаты — абодва саступаюць дарогу Дхолам. А Дхолы, як кажуць, не саступаюць дарогі нікому. Каму ж саступае Маленькі Народ Скал? Скажы мне, Уладар Джунгляў?

— Вось гэтыя? — прашаптаў Маўглі. — Але ідзем адсюль. Гэта Месца Смерці!

— Прыгледзься добра — яны спяць! Як і тады, калі я быў не даўжэй за тваю руку...

Спрадвеку ў выпетраных скалах цясніны Вайнгунгі жыў Маленькі Народ Скал — завіхастыя, лютыя чорныя пчолы Індыі. Маўглі добра ведаў, што ўсе звяры абмінаюць гэтае месца прынамсі за поўмілі. Ужо шмат стагоддзяў пчолы жылі тут у шчылінах і запэцкалі белы мармур гнілым мёдам. Глыбока і высока будавалі яны свае чорныя каморкі ў сярэдзіне скал, і ні чалавек, ні звер, ні алень, ні вада не чапалі іх ніколі.

На абодва бакі цясніны віселі нейкія махровыя кутасы, і Маўглі мімаволі схаваўся ў ваду, калі разгледзеў, што гэта былі нізкі пчол. І зноў нейкія камлыгі, нібы спарахнелыя пні на гладкім камяні — гэта былі старыя соты мінулых гадоў, ці новыя пчаліныя гарады. Яны былі ўсюды, і на гладкай стромкай сцяне, і ў кожнай шчыліне, і ў западзінах, і ў гушчары дрэў і ліян, што прыляпіліся да скалы. Часам чуўся нейкі шум, потым сярдзітае гудзенне — гэта адламаўся кавалак сотаў і ляцеў уніз, чапляючыся за галлё.

На адным беразе ракі была маленькая, метры са два, пясчаная мялізна, і на ёй уздымалася цэлая гара адкідаў, якія збіраліся тут на працягу стагоддзяў. Тут валяліся мёртвыя пчолы, трутні, старыя соты, крыллі матылёў і жукоў, якія заляцелі сюды па мёд. Цяпер усё гэта ператварылася ў горную зямлю. Ад усяго гэтага і ішоў той востры пах, які папярэджваў кожную жывую істоту, што тут жыве небяспечны Маленькі Народ.

Каа паплыў далей і падплыў да пясчанай мялізны, адкуль пачыналася цясніна.

— Вось здабыча гэтага года. Глядзі!

На беразе ляжалі шкілеты двух маладых аленяў і буйвала. Размяшчэнне касцей сведчыла, што ні воўк, ні шакал не дакраналіся да іх. — Яны перайшлі мяжу, яны не ведалі, — казаў Маўглі, — і Маленькі Народ забіў іх. Пойдзем пакуль яны не прачнуліся! — Яны не прачнуцца да святла, — адказаў Каа. — Цяпер я раскажу табе гісторыю: многа, многа дажджоў назад прыбег сюды з поўдня адзін загнаны алень, які не ведаў Джунгляў. За ім гналася Воўчая Зграя. Ашалелы алень скокнуў зверху, а Зграя кінулася за ім. Сонца стаяла высока, пчолы былі злыя. Многія з ваўкоў кінуліся ў Вайнгунгу, але загінулі ад пчол, не даляцеўшы да вады. Рэшта загінула наверсе, на скалах. Выратаваўся адзін алень.

— Якім чынам? — здзівіўся Маўглі,

— Ён прыбег першы і кінуўся ў ваду раней, як Маленькі Народ паспеў разабрацца, у чым справа. А калі яны нарыхтаваліся забіваць, ён ужо быў далёка. А калі з'явілася Зграя, дык Маленькі Народ быў ужо падрыхтаваны і загубіў іх усіх.

— Дык алень застаўся жывы? — ціха паўтарыў Маўглі.

— Прынамсі ў той час ён не памёр, хоць ніхто не чакаў яго ў вадзе Вайнгунгі, каб падаць дапамогу, як будзе чакаць Чалавечка стары, тоўсты, жоўты, глухі Плоскагаловы, калі за табой будуць гнацца хоць усе Дхолы Дэкана. Што ты на гэта скажаш?

Галава Каа ляжала на мокрым плячы Маўглі і язык яго хістаўся каля самага вуха хлопчыка. Доўга маўчаў Маўглі і, нарэшце, прашаптаў:

— Гэта значыць торгаць за вусы самую смерць... Але ж сапраўды, Каа, ты мудрэйшы ва ўсіх Джунглях!

— Шмат хто так кажа. Дык вось, калі Дхолы пагоняцца за табой...

— Яны напэўна пагоняцца Го! го! У мяне знойдуцца пад языком калючкі, каб запусціць ім пад скуры! — Калі яны пагоняцца за табой, сляпыя ад злосці, дык тыя, што не загінуць наверсе, кінуцца ў ваду ці тут, ці ніжэй. А Вайнгунга — галодная рака. Ім ніхто не дапаможа, як табе, і іх панясе да мялізны каля Сіанійскіх пячор, а там твая Зграя перахопіць іх.

— Агаі! Эоўэўа! Лепшага не выдумаць да самых дажджоў! Я мяркую не толькі пабегаць ды паскакаць. Я хачу паказацца перад Дхоламі так, каб яны не адсталі ад мяне ні на крок.

— Ці бачыў ты скалы наверсе, з зямлі?

— Не, я ніколі не быў там.

— Дык ідзі і паглядзі. Гнілая зямля, уся ў ямінах. Калі няўдала паставіш нагу — будзе канец паляванню. Заставайся тут, а я перадам тваёй Зграі, дзе ім чакаць Дхолаў. Раблю я гэта дзеля цябе, бо сам я не прыходжуся сваяком ніякім ваўкам.

Калі ўжо Каа не палюбіць каго-небудзь, дык здолее падкусіць так, як ніхто ў Джунглях. Толькі можа адна Багіра магла б параўнацца з ім у гэтай справе.

Ён паплыў уніз па рацэ і супроць Скалы знайшоў Фао і Акелу, якія прыслухоўваліся да начных гукаў.

— Шшш, Сабакі! — весела крыкнуў ён. — Дхолы прыйдуць уніз па рацэ. Калі вы не баіцеся, вы можаце забіваць іх на мялізнах.

— Калі яны прыйдуць? — спытаўся Фао.

— А дзе маё Чалавечае Дзіцянё? — дадаў Акела.

— Яны прыйдуць, калі прыйдуць, — адкэзаў Каа, — пачакайце і ўбачыце. А што да твайго Чалавечага Дзіцяці, ад якога ты ўзяў слова і паставіў яго перад Смерцю, дык ён са мной, і калі ён яшчэ не мярцвяк, то гэта не па тваёй заслузе, аблезлы пёс! Чакайце тут Дхолаў і дзякуйце за тое, што Чалавечае Дзіцянё і я змагаемся на вашым баку.

Каа зноў кінуўся ў раку, вярнуўся ў цясніну і зірнуў угару на лінію скал. Там мільганула галава Маўглі, потым пачуўся свіст, услед за гэтым у ваду плюхнулася цела і праз хвіліну хлопчык зноў адпачываў у абдымках Каа.

— Дрэннае месца для бегу там наверсе, — сказаў Маўглі. — Усюды хмызняк ды глыбокія ровы, а ў іх паўнютка Маленькага Народу. Па берагах гэтых роваў я палажыў некалькі вялікіх каменняў. Калі я пабягу, я скіну іх нагамі, і раззлаваны Маленькі Народ хмарай падымецца за мной.

— Гэта чалавечыя хітрыкі, — сказаў Каа. — Ты вельмі мудры, але Маленькае Племя і так заўсёды лютае. — Не, у змроку ўсе крыллі адпачываюць. А я пагуляю з Дхоламі ў змроку, бо ўдзень яны лепш палююць. Цяпер яны бягуць па крывавых слядах Вантолы.

— Чыль не кідае мёртвага быка, а Дхолы — крывавага следу, — сказаў Каа.

— У такім разе, я ім зраблю новы крывавы след, — след іх уласнай крыві. Ты пачакай тут, Каа, пакуль я прыбягу з Дхоламі.

— А што калі яны заб'юць цябе ў Джунглях, ці заб'е Маленькі Народ раней, як ты кінешся ў ваду?

— Калі прыйдзе заўтра, мы будзем заўтра і забіваць, — адказаў Маўглі лясной прыказкай і дадаў: — Калі я памру, прыйдзе час праспяваць Песню Смерці. Добрага Палявання, Каа!

Хлопчык адпусціў шыю Пітона і панёсся ўніз па цясніне, кіруючы да далёкай мялізны. Там ён знайшоў ціхі плёс, вышаў на бераг і гучна засмяяўся ад задавальнення. Больш за ўсё на свеце любіў Маўглі, як ён казаў, "торгаць Смерць за вусы" і паказваць усім, што ён Уладар Джунгляў.

Не адзін раз ён з Балу рабаваў пчаліныя гнёзды на дрэвах і ведаў, што пчолы цярпець не могуць паху дзікага часнаку. Ён нарваў сабе пук гэтай расліны і пайшоў па крываваму следу Вантолы, што ішоў на поўдзень ад логава міль на пяць.

— Я быў Маўглі-Жабянё, — казаў ён сам сабе, усміхаючыся, — учора я сказаў, што я Маўглі. Цяпер мне трэба будзе зрабіцца Маўглі-Малпай, пасля таго Маўглі-Аленем і, нарэшце, Маўглі-Чалавекам. Го! — і ён пакратаў рукою свой доўгі нож. След Вантолы, адзначаны крывавымі плямамі, ішоў густым; за дзве мілі да Пчаліных Скал гэты лес пачынаў радзець. Ад апошняга дрэва да хмызняку на Пчаліных Скалах ішла адкрытая мясцовасць, дзе наўрад ці мог бы схавацца нават воўк. Гэты раён і абследваў Маўглі.

У лесе ён прыглядаўся да кожнага дрэва, да кожнай галіны, прыкідваў на вока адлегласць між галінамі суседніх дрэў, выбіраў дрэвы, якія стаялі бліжэй адно ад аднаго і вялі ў бок Пчаліных Скал. Часам ён узлазіў на дрэва і рабіў спробы пераскочыць з аднаго на другое. Так ён дайшоў да адкрытага месца між лесам і Пчалінымі Скаламі. Тут ён старанна даследваў кожны крок, кожны ўзгорак і калдобіну, кожны камень на сваім шляху.

Тады ён вярнуўся ў лес, на след Вантолы, і абсталяваўся на дрэве метры на два ад зямлі. Замацаваўшы пучок часнаку ў развіліне, ён пачаў вастрыць свой нож аб падэшву нагі і сачыць за следам.

А поўдні, калі сонца пачало моцна прыпякаць, Маўглі пачуў тупат ног і адчуў агідны пах зграі Дхолаў, якія ішлі па следу Вантолы. Зверху Дхолы здаваліся зусім малымі, але Маўглі ведаў, якія моцныя іхнія лапы і сківіцы. Наперадзе, абнюхваючы след, бег правадыр Зграі. Калі яго вострая рудая морда апынулася пад галінай, на якой сядзеў Маўглі, той крыкнуў:

— Добрага Палявання!

Звер падняў галаву, і ўся зграя спынілася — ўсе гэтыя дзесяткі сабак з нізка апушчанымі хвастамі, шырокімі плячыма, слабымі спінамі і скрываўленымі зяпамі. Наогул яны досыць маўклівыя звяры і лiчацца грубымі нават сярод іншых звяроў. Iх было не менш, як дзвесце.

Маўглі заўважыў, што важакі прагна нюхаюць сляды Вантолы і імкнуцца павесці зграю далей. Гэтага нельга было дапусціць, бо Маўглі патрэбна было затрымаць іх да змроку.

— Хто дазволіў вам прыйсці сюды? — спытаўся Маўглі.

— Усе Джунглі — нашы Джунглі! — быў адказ, і Дхолы выскалілі свае белыя зубы.

Маўглі засмяяўся і пачаў сакатаць, як Чыкай, дэканскі пацук-скакун. Дхолы зразумелі, што іх раўнаюць з Чыкаем і назвалі Маўглі "дрэўнай малпай".

Тады Маўглі спусціў голую нагу і пачаў перабіраць пальцамі акурат над галавой важака. Гэтага было ўжо досыць, каб выклікаць шалёную ярасць сабак. Тыя, у каго паміж пальцаў расце поўсць, вельмі не любяць, каб ім пра гэта напаміналі! Важак падскочыў, але Маўглі паспеў падняць нагу і ласкава сказаў:

— Сабака, рудая сабака, ідзі назад у Дэкан і жары яшчарак! Ідзі да свайго брата Чыкая! Сабакі, сабакі Рудыя, рудыя сабакі! У вас паміж пальцаў поўсць!

І ён зноў падражніў іх пальцамі ног.

— Спускайся ўніз, бо мы ўсёроўна заморым цябе голадам, Безвалосая Малпа! — зараўла зграя.

Маўглі толькі гэтага і жадаў. Ён разлёгся на суку, прыціснуўся шчакой да кары і пачаў выкрыкваць усё, што толькі мог прыгадаць пра іх манеры, пра іхнія звычаі, пра смак і іхніх шчанят. Няма на свеце больш абразлівых і куслівых слоў, як тыя, што сыпаліся на галовы Дхолаў. Нездарма Маўглі казаў Каа, што ў яго пад языком знойдзецца досыць калючак, каб раз'юшыць Дхолаў.

Ад маўчання Дхолы перайшлі да рыкання, рыканне перайшло ў скавытанне, а скавытанне ў хрыпатае шалёнае выццё. Яны спрабавалі былі адказваць на яго здзекі, але гэта было ўсёроўна, што шчаняці адказваць раз'юшанаму Каа. Маўглі моцна прыціснуўся да сука і абкруціў яго нагамі, а правую руку ўвесь час трымаў нагатове. Важак увесь час падскокваў уверх, і часам досыць высока, але Маўглі быў асцярожны. Нарэшце, калі Дхол падскокнуў бадай што на два метры, Маўглі ўхапіў яго за карак.

Галіна сагнулася і затрашчала, Маўглі ледзь не зваліўся на зямлю, але не выпусціў сабакі. Замацаваўшыся, ён пачаў падымаць Дхола ўсё вышэй, а той баўтаўся ў паветры, нібы здохлы шакал. Тым часам левай рукой Маўглі дастаў свой нож і... адрэзаў важаку хвост! А самога яго кінуў на зямлю.

Больш Маўглі нічога не трэба было. Ён ведаў, што цяпер ужо Дхолы не пойдуць па следу Вантолы і не пакінуць гэтага месца, пакуль не заб'юць Маўглi ці пакуль ён не заб'е іх. Яны расселіся шэрагамі вакол дрэва, а Маўглі падняўся вышэй, прымасціўся ў развіліне і спакойна заснуў.

Праз тры ці чатыры гадзіны ён прачнуўся, агледзеў зграю — усе былі на месцы. Дхолы маўчалі, ці хрыпата ўскрыквалі, і сухімі, жорсткімі, як сталь, вачыма глядзелі на Маўглі. Сонца было ўжо нізка. Праз поўгадзіны Маленькі Народ Скал павінен скончыць сваю дзённую працу, — а Дхолы дрэнныя ваякі ў змроку.

— Мне зусім непатрэбныя такія старанныя вартаўнікі, — сказаў ён, устаўшы на сук, — але я прыму гэта пад увагу. А хваста гэтаму пажыральніку яшчарак я ўсёроўна не аддам. Ты, здаецца, незадаволены, Пёс? — Я вырву тваё сэрца! — завыў важак, кусаючы дрэва.

— Не, ты толькі падумай, мудры пацук Дэкана: колькі цяпер развядзецца бязхвостых шчанят з чырвонай куксай, якая будзе балець у гарачым пяску? Ідзі дахаты, Пёс, і крычы, што гэта зрабіла Малпа. Не хочаш? Ну, тады ідзіце ўсе за мной, і я вас зраблю разумнейшымі.

Маўглі спрытна, як малпа, пераскочыў на суседняе дрэва, потым на наступнае. Зграя ішла за ім, падняўшы ўгару галодныя раз'юшаныя морды. Час ад часу ён прыкідваўся, нібы валіцца з дрэва, і тады сабакі збіваліся ў кучу, штурхаліся, грызліся, каб не прамінуць здабычы. Цікава было б паглядзець, як па дрэвах ідзе хлопчык з бліскучым нажом, а па зямлі гурт чырвоных, як полымя, звяроў. Дабраўшыся да апошняга дрэва, Маўглі пачаў церці сваё цела часнаком, а звяры насмешліва завылі:

— Малпа з мовай ваўка, ці нё думаеш ты знішчыць свой пах і затуманіць свой след? Не, мы пойдзем за табой да смерці!

— На табе твой хвост! — крыкнуў Маўглі і кінуў назад хвост.

Увага сабак накіравалася на хвост. Пачуўшы пах крыві, яны падаліся крыху назад, затрымаліся... А ў гэты момант Маўглі слізгануў на зямлю і паляцеў да Пчаліных Скал, крыкнуўшы Дхолам:

— А цяпер бяжыце за мной, да смерці!

Завылі сабакі і кінуліся за Маўглі сваім характэрным з прыскокамі, бегам, не надта шпаркім, але безупынным, упартым, які знясільвае кожнага звера. Маўглі ведаў, што яны бегаюць не так шпарка, як ваўкі, таму і рызыкнуў бегчы дзве мілі на вачах у ворага. Яны былі ўпэўненыя, што дагоняць хлопчыка, але ён быў упэўнены, што выканае свой план. Самае галоўнае было — каб не астынуў іхні запал, каб яны не завярнуліся ў другі бок.

Маўглі бег роўнымі, прудкімі крокамі, а за пяць крокаў ад яго бег бязхвосты важак. Уся ж зграя, сляпая, шалёная ад злосці, расцягнулася прыблізна на чвэрць мілі. Маўглі не імкнуўся павялічыць адлегласць між сабой і ворагамі і захоўваў свае сілы для апошняга бегу па Пчаліных Скалах.

Пчолы паснулі досыць рана, бо познія кветкі ўжо адкрасаваліся. Але як толькі Маўглі ступіў на Скалы, яму здалося, нібы ўся зямля загула. І ён паімчаўся так, як ніколі не бегаў у сваім жыцці. Па дарозе ён сапхнуў падрыхтаваныя камні ў шчылiны. У глыбіні пачуўся гул нібы рэў мора, і ў паветры пацямнела...

Маўглі ўбачыў Вайнгунгу, а ў ёй высунутую галаву Каа. Бязхвосты важак ужо нарыхтаваўся ўчапіцца за плечы Маўглі. У гэты момант хлопчык мільгануў у паветры і плюхнуўся ў ваду нагамі ўніз. Каа зараз жа падхапіў яго і падтрымаў сваімі кольцамі. На целе Маўглі не было аніводнага ўкусу: пах часнаку затрымаў пчол на тыя некалькі секунд, у якія ён пранёсся па скалах.

А з абрыва ляцелі ўніз вялізныя камлыгі пчол. Калі такая камлыга далятала да вады, пчолы разляталіся, і ў вадзе заставаўся мёртвы Дхол, якога зараз жа вада нясла ўніз па рацэ. Наверсе чулася жудаснае выццё, якое заглушалася іншым рэвам — шумам крылляў Маленькага Народу Скал.

Некаторыя з Дхолаў трапілі ў шчыліны, якія злучаліся з падземнымі пячорамі і там біліся сярод сотаў. Часам хто-небудзь з іх, аблеплены пчоламі, каціўся адтуль праз якую-небудзь дзіру проста ў раку, Некаторыя-ж, падскочыўшы, траплялі нават на дрэва, і загінулі там таксама, як і ўсюды. Але галоўная маса сабак кінулася ў раку. А Вайнгунга, як казаў Каа, была галодная рака!

Каа моцна трымаў хлопчыка, пакуль той не аддыхаўся.

— Нам нельга тут заставацца, — сказаў ён. — Маленькі Народ увесь прачнуўся і надта раз'юшаны.

Маўглі паплыў уніз па рацэ, сціскаючы ў руцэ свой нож і часта хаваючыся ў ваду ад пчол.

— Цішэй, цішэй! — казаў Каа. — Адзін зуб, апрача зуба Кобры, не можа забіць цэлыя сотні. Многа Дхолаў кінулася ў ваду раней, як напаў на іх Маленькі Народ. Яны засталіся жывыя.

— Тым больш работы засталося для майго нажа. Фай! Які неадчэпны гэты Маленькі Народ!

Маўглі зноў даў нырца. І рабіць гэта ён павінен быў безупынна, бо над вадою насілася шмат раззлаваных пчол, якія джгалі ўсё, што ім траплялася. Толькі шкарупіны скуры Каа не баяліся ўкусаў.

— Табе прыдзецца яшчэ паляваць усю ноч, — сказаў Каа. — Чуеш, як яны выюць?

Бадай што палова Дхолаў сцямілі, у якую бяду іх уцягнулі, і яны паспелі завярнуцца ў бок і кінуцца ў раку ў тым месцы, дзе цясніна пашыралася. Іхнія пагрозы "дрэўнай малпе" змяшаліся з рэвам тых Дхолаў, якіх апанавалі пчолы. Яны ведалі, што на беразе іх чакае смерць, таму паплылі далей уніз па рацэ. Пчолы і тут не пакінулі іх і не дазвалялі ім выйсці на бераг. І Дхолы павінны былі плысці далей і далей, як і прадбачыў Каа. Маўглі бачыў сабак наперадзе і чуў, як бязхвосты важак падбадзёрваў сваю зграю і ўгаварваў трымацца і перабіць усіх Сіанійскіх ваўкоў. — Нехта забівае ззаду! — раптам закрычаў адзін з Дхолаў. — Вада ў крыві!

Гэта Маўглі даў нырца, падплыў пад задняга Дхола, пацягнуў яго ўніз і там закалоў нажом.

Дхолы хацелі былі завярнуцца да берагу, але вада несла іх далей, а Маленькі Народ не дапускаў іх на бераг.

Тым часам наперадзе пачуўся баявы кліч Сіанійскай Зграі.

Маўглі зноў нырнуў, і праз хвіліну зноў выплыў напаверх мёртвы Дхол, ізноў сярод сабак пачуўся рэў. Адны крычалі, што лепш было б на беразе; другія патрабавалі, каб важак адвёў іх назад у Дэкан; трэція выклікалі Маўглі паказацца і ўступіць у бойку.

— Ну, цяпер усё залежыць ад тваіх братоў, — сказаў Каа — Маленькі Народ вяртаецца назад спаць. Я таксама вярнуся, бо ваўкам я не дапамагаю.

На беразе паказаўся воўк на трох нагах. Ён то падскокваў, то прыціскаўся да зямлі, то выгінаў спіну, нібы гуляў са сваімі гігантамі. Гэта быў Вантола, Самотнік, які сачыў за Дхоламі. А іх несла вада, змораных, абцяжараных мокрай скурай. У бяссільнай злосці глядзелі яны на палаючыя вочы свайго ворага, які рухаўся побач з імі.

— Нядобрае паляванне! — сумна прамовіў адзін з іх.

— Не, вельмі добрае! — крыкнуў Маўглі, апынуўшыся побач з ім, і ўсадзіў яму нож.

— Гэта ты, Чалавечае Дзіцянё? — спытаўся Вантола.

— Пытайся ў мёртвых, Самотнік, — адказаў Маўглі. — Ці не бачыў ты, як іх несла вада? Я адрэзаў хвост іхняму правадыру, я злавіў іх у пастку, я забіваў іх, але засталося іх досыць і на тваю долю. Можа падагнаць іх да цябе?

— Я пачакаю, — адказаў Вантола. — Яшчэ ўся ноч наперадзе. А крыкі Сіанійскай Зграі чуліся ўсё бліжэй і бліжэй. Ужо выразна чуваць былі словы: "Будзем біцца за Зграю — за ўсю Зграю!" Нарэшце, вада прыгнала Дхолаў на мялізны каля Сіанійскіх лаговішчаў.

Тут толькі зразумелі яны сваю памылку. Ім трэба было, не гледзячы ні на што, выйсці на бераг за поўмілі вышэй, каб уступіць у бойку з ваўкамі на беразе. А цяпер было позна...

Па ўсім беразе блішчэлі гарачыя вочы. Суцэльны "фіэл" не сцішыўся ні на хвіліну.

— Завярніся і хапай! — крыкнуў важак Дхолаў.

Уся зграя рынулася на бераг, узбаламуціўшы неглыбокую ваду, — і пачаўся доўгі бой. Ён шумеў, то цішэй, то мацней і ўнізе, на мокрым пяску, і ўверсе, сярод дрэў і кустоў, і на палянках, пакрытых травою.

Нават і цяпер яшчэ Дхолаў было ў два разы больш, як ваўкоў. Але ваўкі біліся за свае логавы, за свае сем'і. Не толькі дужыя, грудастыя самцы, але і "лахіні" (ваўчыцы) прынялі ўдзел у бойцы. Нават маладое ваўчанё кідалася на ворага і торгала яго за бакі.

Воўк, як вядома, хапае за горла ці за бок, а Дхолы больш кусаюць знізу. Пакуль Дхолы выходзілі з вады, перавага была ў ваўкоў. А калі ўсе Дхолы выйшлі на бераг, ваўкам зрабілася горай.

Маўглі ішоў за Дхоламі ззаду і яшчэ ў вадзе шмат іх палажыў. Нядрэнна біўся ён і на беразе, але і яму прышлося б дрэнна, калі б на дапамогу не прабіліся чатыры Браты. Шэры Брат прысеў наперадзе і бараніў яго жывот, а іншыя тры засланілі бакі і спіну.

Суцэльная маса байцоў пасоўвалася то ўправа, то ўлева, або паволі рухалася навакол. У адным месцы стваралася жывая грудка і адтуль узлятала ўверх некалькі скалечаных сабак, якія зноў кідаліся ўніз; у другім месцы воўк круціўся з трыма Дхоламі на спіне; там натоўп выціскаў уверх гадавалага шчаня, які быў забіты яшчэ ў самым пачатку бойкі, а яго ашалелая маці ляскала сківіцамі, імкнучыся выратаваць яго. А то ў самай гушчы, забыўшы ўсё на свеце, воўк з Дхолам скакалі адзін перад адным, выбіраючы месца, куды б учапіцца, пакуль іх абодвух не закручваў вір бойкі.

Адзін раз Маўглі ўбачыў Акелу; па баках яго віселі два Дхолы, а трэцяга ён трымаў за карак сваім амаль бяззубым ротам. Мільгануў Фао, які ўхапіў за горла Дхола і кінуў ваўкам-аднагодкам, каб яны скончылі яго. У самым цэнтры, вакол Маўглі стварылася поўная мешаніна; толькі і чуваць былі ўдары, лясканне зубоў, тупат, сковыт, хрыпы.

Усю ноч ішла неаслабная бойка і толькі пад раніцу пачала сцішацца. Дхолы стаміліся і не адважваліся так заядла нападаць як раней. Але і адступаць яны яшчэ не збіраліся. Змарыліся і ваўкі, а Маўглі толькі калоў тых, хто трапляўся пад руку. Толькі шчаняты зрабіліся больш смелымі. Наогул-жа можна было крыху і адпачыць.

— Хутка ад дзічыны застануцца адны толькі косьці, — прашаптаў Шэры Брат. Прынамсі з дзесяціх ран цякла ў яго кроў.

— Але і косці трэба яшчэ раструшчыць! — адказаў Маўглі. — Аоу! Вось як мы б'ёмся ў Джунглях!

Скрываўлены нож бліснуў, паляцеў і ўпіўся ў бок Дхола, на якога насядаў воўк.

— Не лезь! Гэта мая здабыча! — крыкнуў воўк.

— Няўжо ж тваё бруха яшчэ пустое, Самотнік? — засмяяўся Маўглі. Вантола быў так змардаваны, што ледзь ціскаў Дхола, а той і зусім нічога не мог зрабіць ваўку.

— Клянуся Быком, што выкупіў мяне, — гэта бязхвосты!

І сапраўды гэта быў руды важак.

— Вось бачыш, як неразумна забіваць "лахіні" і шчанят, не забіўшы гаспадара, звярнуўся Маўглі да важака Дхолаў. — А цяпер, відаць, гаспадар і заб'е цябе.

Вантола тымчасам паціху сціскаў сківіцы... Дхол задрыжаў, галава яго схілілася да зямлі — і ён сціх. А Вантола ў знямозе паваліўся на яго.

— Доўг крыві заплочаны! — сказаў Маўглі. — Праспявай песню, Вантола!

— Косць храснула! — закрычаў ва ўсё горла Фао, сын Фаона. — Яны ўцякаюць! Біце іх, о біце, паляўнікі Вольнага Племя!

Адзін за адным пачалі ўцякаць Дхолы з акрываўленых пяскоў да ракі, ці ў пушчу лесу, уверх ці ўніз па рацэ — у залежнасці ад таго, куды шлях быў вальней.

— Доўг! Доўг! — крычаў Маўглі. Аддавайце доўг! Яны забілі Адзінокага Ваўка! Хай жа аніводзін з іх не выратуецца!

Схапіўшы нож ён кінуўся да ракі, каб перапыніць адступленне тым Дхолам, якія захацелі б кінуцца ў ваду. Тут з-пад кучы трупаў высунулася галава і пярэднія лапы Акелы. Маўглі апусціўся на калены каля Адзінокага Ваўка.

— Ці не казаў я табе, што гэта будзе мой апошні бой? — прашаптаў Акела. — Добрае было паляванне! Ты не паранены, Братка? — Не. Я забіў шмат.

— Так. А я паміраю і хацеў бы... хацеў бы памерці каля цябе, Братка.

Маўглі палажыў скрываўленую галаву сабе на калены і абняў пакусаную шыю.

— Шмат дзён прайшло з тых часоў, калі быў яшчэ жывы Шэр-Хан, а голае Чалавечае Дзіцянё капашылася на Скале Рады, — закірхаў Акела.

— Не, не, я Воўк! Я адной крыві з тваім Племем! — крыкнуў Маўглі. — Я не хачу быць Чалавекам!

— Ты — Чалавек, Братка. Ты Чалавек, бо без цябе Зграя ўцякла б ад Дхолаў. Калісьці ты выратаваў мне жыццё, а сёння выратаваў Зграю, як калісьці я выратаваў цябе. Ты памятаеш? Цяпер усе даўгі заплачаны. Ідзі да свайго Племя, кажу я табе, любы мой. Паляванне скончылася. Iдзі да свайго Племя.

— Я не пайду, я буду паляваць адзін у Джунглях. Так я сказаў!

— Пасля лета прыходзяць дажджы, а пасля дажджоў надыходзіць вясна. Ідзі, пакуль цябе не прагналі.

— Хто прагоніць мяне?

— Маўглі прагоніць Маўглі. Ідзі да свайго народу. Iдзі да людзей!

— Калі Маўглі прагоніць Маўглі — я пайду.

— Больш табе няма чаго рабіць тут, — казаў далей Акела. — Цяпер я звярнуся да тых, хто адной крыві са мной. Можа, Братка, ты паставіш мяне на ногі? Я ж таксама правадыр Вольнага Племя!

Маўглі паціху падняў Акелу і далікатна абняў яго абодвума рукамі. Адзінокі Воўк глыбока ўздыхнуў і пачаў Песню Смерці, якую павінен спяваць кожны правадыр Зграі перад смерцю. Голас яго паступова ўзмацняўся, падымаўся ўсё вышэй і вышэй, нарэшце, загрымеў на той бок ракі. Калі прагучэлі апошнія словы — "Добрага Палявання!" — Акела адсунуўся ад Маўглі, падскочыў уверх і паваліўся мёртвы на забітага ім свайго апошняга ворага. Маўглі сеў, утыркнуў галаву ў калены і задумаўся. Бязлітасныя "лахіні" тымчасам дагналі і дабілі апошніх Дхолаў, крыкі паступова сціхлі і ваўкі, кульгаючы, сабраліся лічыць мёртвых. Пятнаццаць байцоў і шэсць "лахіні" ляжалі мёртвыя ля ракі, а з рэшты ніводзін не застаўся без ран.

Маўглі сядзеў нерухома да раніцы. Раптам ён пачуў, як вільготная морда Фао дакранулася да яго рукі, Маўглі адсунуўся і паказаў яму на цела Акелы. — Добрага Палявання! — звярнуўся Фао да Акелы, нібы да жывога, а потым крыкнуў праз свае скрываўленае плячо: — Выйце, сабакі! У сёнешнюю ноч памёр Воўк.

Але ніводнай сабакі ўжо не было. З усіх двухсот Дхолаў, Рудых Сабак Дэкана, якія задаюцца тым, што ніхто ў Джунглях не можа стаць супроць іх, — не засталося аніводнага, які вярнуўся ў Дэкан і расказаў пра жудасную бойку...