Перайсці да зместу

Маўглі (1934)/Кліч вясны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рудыя сабакі Кліч вясны
Апавяданне
Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг
1895 год
Арыгінальная назва: The Spring Running
апавяданне з "Другой кнігі Джунгляў" (1895)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КЛІЧ ВЯСНЫ

Чалавек ідзе ад нас... Да людзей ідзе ён з Джунгляў.
Той ідзе ад нас далёка, хто для нас быў родны брат.
Слухай, Лясное Племя! Слухайце, усе зверы Джунгляў:
Ці здаралася вам бачыць, каб вада цякла назад?
Чалавек ідзе к людзям... Паглядзі, ён плача ў Джунглях!
Той, прад кім дрыжалі Джунглі, чый смяротны быў удар...
Чалавек ідзе к людзям, хоць яго любілі Джунглі,
Мусіць, братам быць не можа той, хто лічыцца Ўладар.

Праз год пасля вялікага бою з Дхоламі і пасля смерці Акелы Маўглі было каля семнаццаці гадоў. Выглядаў ён нават старэйшым, бо жыццё на свежым паветры, добрае харчаванне, купанне і фізічныя практыкаванні надалі яму росту і моцы. Ён мог поўгадзіны вісець на суку, учапіўшыся за яго адной рукой і наглядаючы за паветранымі шляхамі, што праклалі малпы ў верхавінах дрэў. Ён мог спыніць і паваліць аленя ў часе бегу, ухапіўшы яго за галаву. Ён мог нават паваліць вялізнага сіняга вепра, што жыў у Балотах Поўначы.

Жыхары Джунгляў, якія раней баяліся яго розуму, цяпер пачалі ўжо баяцца яго моцы, і калі ён спакойна ішоў сабе куды-небудзь, дык аднаго ціхага слова аб яго набліжэнні было досыць, каб перад ім ачысціліся ўсе лясныя сцежкі. Але выраз вачэй у яго заўсёды быў спакойны. Нават калі ён забіваў дзічыну, вочы яго ніколі не блішчэлі так, як вочы Багіры, — і гэтага Багіра аніяк не магла зразумець. Яна неяк спыталася Маўглі пра гэта, і хлопчык са смехам адказаў:

— Калі я выпушчу здабычу, я злую. Калі я два дні галадаю, я вельмі злы. Няўжо-ж мае вочы нічога не кажуць аб гэтым?

— Не, — адказала Багіра, — яны нічога не гавораць. Ці палюеш ты, ці ясі, або купаешся, — яны заўсёды аднолькавыя, нібы камні, якія не змяняюцца ні ў дождж, ні ў гарачыню.

Маўглі паглядзеў на пантэру, і яна, як заўсёды, адвярнула галаву ў бок. Багіра адчувала ў ім гаспадара.

Яны ляжалі на спадзе высокага берагу Вайнгунгі. Белыя палосы ранішняга туману распасцерліся ўнізе. Узышло сонца, туман захваляваўся, і касыя праменні ляглі на сухую траву, дзе адпачывалі Маўглі і Багіра. Гэта было ў канцы халоднага сезону. Лісце на дрэвах завяла, і пры кожным подыху ветра чуўся сухі шолах. Багіра пільна сачыла за адным лісцікам, што шалёна круціўся ў паветранай хвалі, потым лягла на спіну, і пачала лапамі біць гэты лісцік над сваёй галавой.

— Год заварачваецца, — прамовіла яна. — Джунглі ідуць наперад. Блізіцца час Новых Песень. Гэта ліст ведае.

— Трава сохне, — сказаў Маўглі, вырваўшы пук травы. — Нават Вока Вясны (вясковая чырвоная кветка, якая расце ў траве і мае форму трубы), — нават Чырвоная Краска зачынілася і... Багіра! Ці прыстойна Чорнай Пантэры качацца на спіне і біць лапамі паветра, нібы якая дрэўная кошка!

— Аух! — адгукнулася Багіра, — відаць думаючы пра нешта іншае...

— Я кажу, ці прыстойна для Чорнай Пантэры разяваць гэткім манерам ляпу, чмыхаць, зазываць і качацца? Памятай: мы з табой Уладары Джунгляў.

— Але, яно так; я чую, Чалавечае Дзіцянё...

Багіра насмешна ўскочыла і страсанула пыл з сваіх калматых бакоў (яна якраз ліняла, змяняла свае зімняе ўбранне).

— Вядома, мы — Уладары Джунгляў. Хто такі дужы, як Маўглі? Хто такі мудры?

Багіра нейк асабліва прамовіла гэтыя словы, і Маўглі недаверліва зірнуў на яе, — ці не здзекуецца з яго Чорная Пантэра, бо ўсюды ў Джунглях поўна слоў, гук якіх — адно, а сэнс — зусім другое.

— Я сказала, што мы безумоўна Уладары Джунгляў, — паўтарыла Багіра. — Што-ж тут такога! Я не ведала, што Чалавечае Дзіцянё не ляжыць ужо на зямлі, а недзе лятае.

Маўглі сядзеў, абапершыся локцямі ў калены, і глядзеў праз даліну на ўзышоўшае сонца. У лесе нейкая птушка няпэўным, хрыпатым голасам вывучала першыя ноты сваёй веснавой песні. Не гледзячы на тое, што гэтае ціўканне было толькі яшчэ слабым намёкам на тую поўнагучную песню, якую праспявае гэтая самая птушка пазней, — Багіра ўсё-ж такі пачула яе.

— Я кажу, што блізіцца час Новых Песень, — прамармытала Багіра, махаючы хвастом.

— Я чую, — адказаў Маўглі, — Багіра, чаго ты дрыжыш усім целам? Сонца-ж грэе горача.

— Я слухаю Ферао, чырвонага дзятла, — адказала Багіра. — Ён не забыўся сваёй песні. Трэба і мне ўспомніць сваю.

І Пантэра пачала муркаць сабе пад нос песеньку, час ад часу пазіраючы ў лес.

— Але-ж ніякай дзічыны тут не чуваць, — заўважыў ёй Маўглі.

— Ці ты аглух, Браток! Гэта-ж не паляўнічая, а веснавая песня, якую я стараюся ўспомніць.

— Ах, я і забыўся! Я буду ведаць, калі прыйдзе час Новых Песень: тады ты і іншае ўцячэце і пакініце мяне аднаго, — з прыкрасцю сказаў Маўглі.

— Але-ж, Браток, мы не заўсёды...

— А я кажу: так! — гнеўна сказаў Маўглі. — Вы ўцякаеце, а я, Уладар Джунгляў, павінен хадзіць адзін. Ці не так было летась, калі я хацеў набраць цукровага трысця з палёў Чалавечай Зграі? Я паслаў ганца — цябе я паслаў! — да Хаці з загадам, каб ён прыйшоў да мяне ўначы і нарваў мне хобатам травы.

— Ён прыйшоў праз дзве ночы, — адказала Багіра, туляючыся. — Але-ж гэтай салодкай травы, якая табе так падабаецца, ён нарваў столькі, што яе не з'ела-б аніякае Чалавечае Дзіцянё за ўвесь час дажджоў.

— Але ён не прыйшоў у тую ноч, калі я яго клікаў! Не ён трубіў сабе, роў ды бегаў па далінах пры святле месяца! След яго быў, нібы сляды трох сланоў, бо ён не хацеў хавацца сярод дрэў. Ён скакаў пры святле месяца перад хатамі Чалавечай Зграі. Я бачыў яго, але ён не хацеў падысці да мяне. А я-ж — Уладар Джунгляў!

— Гэта быў час Новых Песень, — пакорна казала Багіра. — Можа ты, Братка, не гукнуў яго ў тую пару Ўладарным Словам? Слухай Ферао!

Гнеў Маўглі ўжо прайшоў. Ён паваліўся на спіну, падлажыў рукі пад галаву і сплюшчыў вочы.

— Не ведаю, мне ўсёроўна, — прамовіў ён млява. — У мяне нешта ные ў сярэдзіне. Падлажы мне што-небудзь пад галаву.

Пантэра лягла і ўздыхнула: ёй не даваў спакою спеў Ферао, які рыхтаваўся да веснавой пары Новых Песень.

У Джунглях пара года пераходзіць з аднае ў другую неяк непрыметна, нібы іх толькі дзве — дажджлівая і сухая. Але, прыгледзеўшыся бліжэй, можна заўважыць, што ўсе чатыры пары года змяняюцца правільным парадкам. Лепш ад усіх — вясна, бо ёй не даводзіцца пакрываць голых палёў новай травой і кветкамі; яна толькі гоніць і здымае засохлыя рас ліны і лісце мінулага года, а новая зеляніна ўжо сама вырасла. Вясна толькі дае зямлі новую свежасць і жыццё і робіць гэта так добра, што нідзе ў свеце няма такой вясны, як у Джунглях.

Пад канец зімы ўсе Джунглі адчуваюць сябе нібы зморанымі, і нават пахі ў душным паветры здаюцца лянымі, старымі, нікому непатрэбнымі. Растлумачыць словамі гэта цяжка, але так адчуваецца.

І вось прыходзіць дзень, калі на выгляд, здаецца, нічога не змянілася, а між тым усе пахі новыя і чароўныя, вусы драпежнікаў дрыжаць да самых каранёў, і зімовая поўсць адвальваецца ад іхніх бакоў кучмамі. Выпадае дожджык — усе дрэвы, кусты, бамбук, і мох і трава раптам прачынаюцца і пачынаюць расці так буйна, што, здаецца, шум росту магло-б пачуць чалавечае вуха. А пад гэтым шумам дзень у дзень чуецца глухое і глыбокае гудзенне. Гэта і ёсць Кліч Вясны.

Да гэтага года Маўглі заўсёды адчуваў асалоду ў часе надыходу вясны. Ён першы заўважваў Вока Вясны ў густой траве і першыя градкі вясновых хмарак, прыгажэйшыя за ўсё ў Джунглях. Голас яго можна было пачуць у кожным гушчары вільготных кветак, дзе ён або прымаў удзел у агульных спевах жаб, або дражніўся з маленькімі савамі, што віселі ўніз галавой і вухкалі ў светлыя ночы. Як і ўсё яго Племя, ён у гэтую пару бадзяўся ўсюды і бегаў дзеля забавы на трыццаць, сорак і пяцьдзесят міль за ноч, а раніцою вяртаўся, запыхаўшыся, але вясёлы, з пукамі якіх-небудзь незвычайных красак. Чацвёра не ішлі за ім у такія часы: яны спявалі з іншымі ваўкамі ў розных месцах. У жыхароў Джунгляў шмат работы ўвесну, і Маўглі чуў, як яны безупынна скавычуць, рохкаюць, пасвістваюць кожны на свой манер. Увесну ў іх нават інакшыя галасы, таму яны і называюць вясну Парою Новых Песень.

Але ў гэтую весну, як Маўглі казаў Багіры, ён адчуваў у сабе нешта новае "ў сярэдзіне". Як толькі на парастках бамбука з'явіліся рудыя плямінкі, ён пачаў чакаць змены пахаў. Раніцою Мор-Паўлін, у бірузовым, бронзавым і залатым убранні, абвясціў прыход вясны ўсяму туманнаму лесу. Маўглі таксама хацеў крыкнуць, але словы захраслі ў яго горле, і ён адчуў ва ўсім сваім целе, ад пальцаў ног да валос на галаве, нешта няёмкае, непрыемнае. Ён нават аглядзеў сябе з галавы да ног, ці няма дзе калючкі!

Мор абвясціў аб новых пахах, іншыя птушкі падхапілі кліч, і са скал Вайнгунгі пачуўся хрыпаты крык Багіры, падобны ні то на крык арла, ніто на іржанне каня. Уверсе на свежых галінах пачулася кігіканне і тузаніна Бандар-Логаў, а Маўглі стаяў, грудзі яго сціскаліся, і ён не мог узняць свайго голасу. На дрэвах смяяліся Бандар-Логі, а Мор распусціў свой пышны хвост, скакаў на ўзгорку і крычаў:

— Пахі змяніліся! Добрага Палявання, Братка! Дзе-ж твой адказ?

— Братка, Добрага Палявання! — засвісцеў каршун Чыль і, праляцеўшы каля самога носа Маўглі, спусціўся са сваёй жонкай на зямлю.

Лінуў лёгкі веснавы дожджык, — яго завуць "слановым дажджом". Ён прайшоў паласой у поўмілі шырынёй, пакінуў пасля сябе мокрае, бліскучае лісце і знік у раскатах грому і падвойнай вясёлцы. Веснавы шум трохі прыпыніўся, але хутка зноў закрычалі ўсе Джунглі — усе, апрача Маўглі.

— Я еў добрую страву, — казаў ён сам сабе, — піў добрую ваду. У мяне не гарыць і не шчыпіць у горле, як было тады, калі я пакаштаваў карэньчыка з сінімі плямінкамі, што параіла мне чарапаха Оо. Але на сэрцы ў мяне цяжка і я без жаднай прычыны няветлівы і з Багірай, і з маім Племем, і з іншымі жыхарамі Джунгляў. Мне чамусьці то холадна, то горача. Гу! Гу! Час пусціцца ў бег. Сёння ўначы я перабяруся праз горы і прабягуся да Балот Поўначы і назад. Я разбэсціўся на лёгкім паляванні. Са мной пойдуць Чацвёра, бо яны растаўсцелі, як белыя чарвякі.

Ён паклікаў ваўкоў, але ніводзін з Чатырох не адгукнуўся. Яны пайшлі далёка, спяваючы Песні Вясны, разам з іншымі ваўкамі зграі. У веснавую пару жыхары Джунгляў не глядзяць ні на дзень, ні на ноч. Маўглі гукнуў яшчэ раз, але ў адказ пачулася толькі насмешлівае "мяў" маленькай стракатай дрэўнай кошкі, якая бегала па суках, шукаючы птушыныя гнёзды. Маўглі аж затросся ад злосці і напалову выцягнуў свой нож. Потым нахмурыўся, задраў нос і з важным выглядам пайшоў па схілу гары. Але ніхто не глядзеў на яго, ніводная душа з яго племя не звярнулася да яго з запытаннем — усе былі надта занятыя сваімі справамі.

— Так, — казаў сам сабе Маўглі. — А калі прыбяжыць Чырвоны Дхол з Дэкана, ці заскоча Чырво ная Кветка сярод бамбука, тады ўсе Джунглі з плачам кінуцца да Маўглі і пачнуць называць яго рознымі пачэснымі імёнамі. А цяпер, толькі таму, што зачырванелася Вока Вясны, што Мору ўзбрыло ў галаву пахвастацца сваімі голымі нагамі ў недарэчных скоках, — з гэтай прычыны Джунглі звар'яцелі, як той Табакі... Клянуся Быком, што выкупіў мяне. Уладар я Джунгляў, ці не? Маўчаць! Вы што тут робіце?

Пара маладых ваўкоў выбегла на палянку, каб пабіцца. Закон Джунгляў забараняе біцца ў такіх месцах, дзе бойку можа ўбачыць Зграя. Поўсць на іхніх шыях натапырылася, як дрот, і абодва прыселі, каб люта скокнуць адзін на аднаго.

Маўглі кінуўся да іх, ухапіў кожнага за карак і збіраўся быў кінуць іх вобземлю, як рабіў ён гэта ў часе паляўнічых гульняў. Але абодва скокнулі на яго і павалілі на зямлю. А потым, не сказаўшы ні слова, сашчапіліся між сабой і пакаціліся па зямлі ў заўзятай бойцы.

Маўглі ўскочыў на ногі, выскаліў зубы і выхапіў нож, каб забіць ваўкоў толькі за тое, што яны хочуць пабіцца, хоць паводле Закону кожны воўк мае права біцца. Ён пачаў скакаць вакол ваўкоў, рыхтуючы ўдар нажом, але раптам адчуў слабасць — і нож вываліўся з яго рук.

— Я, мабыць, з'еў атруты, — прамармытаў ён. — З таго часу, як я разагнаў Раду Чырвонай Кветкай, з таго часу як я забіў Шэр-Хана, нікому з ваўкоў не даводзілася паваліць мяне на зямлю. А гэтыя два зусім яшчэ маладыя паляўнікі! Мая сіла пакінула мяне, і я, відаць, памру... О, Маўглі, чаму ты не заб'еш іх абодвух?

Ваўкі біліся, пакуль адзін з іх не пачаў уцякаць. Маўглі застаўся адзін на зрытай і скрываўленай палянцы. Ён глядзеў то на свой нож, то на свае рукі і ногі, і нейкая незнаёмая яму туга залівала яго, як паводак залівае берагі.

У гэты вечар ён еў мала, каб не страціць лёгкасць у часе бегу, і ўвесь час заставаўся адзін — усе Джунглі або распявалі, або займаліся калатнёй. Ноч была белая, як яе называюць. Здавалася, што ўсе расліны за дзень падраслі, як за месяц. Галінка, якая ўчора яшчэ была пажоўклая, цяпер так і пырскнула сокам, калі Маўглі зламаў яе. Цёплы мох загусцеўся пад яго нагамі, трава ўжо не рэзала скуры, і ўсе гукі Джунгляў зліліся ў адзін гул — Новай Песні Вясны. Гэтыя гукі выходзілі адусюль, праціскаліся між дрэвам і ліянай, прасяваліся праз мільёны лісцяў.

І хоць сумны быў Маўглі, але ён таксама заспяваў — і ў нястрымным захапленні пусціўся бегчы. Гэта быў не бег, а нейкі палёт, бо Маўглі імчаўся па схіле ўзвышша, якое ішло праз пушчы Джунгляў да Паўночных Балот. Прудкая зямля заглушала тупат ног. Звычайны чалавек не раз спатыкнуўся-б і паваліўся ў змроку, але спрактыкаваныя ногі Маўглі няслі яго нібы над зямлёй. Калі па дарозе трапляўся спарахнелы пень ці затулены камень, Маўглі абмінаў яго не прыпыняючы бегу і нібы не заўважаючы іх. Калі яму надакучвала бегчы па зямлі, ён чапляўся за ліяну і, як малпа, узлятаў на верхавіну дрэва і адтуль выбіраў сабе шлях да паветраных тэрасах, а потым зноў спускаўся на зямлю.

Па дарозе трапляліся яму вузкія цясніны з мокрымі скаламі, дзе цяжка было дыхаць ад душнага паху начных кветак і ліян; цёмныя алеі, дзе святло месяца лажылася на зямлю роўнымі паласамі і квадратамі, нібы мазаічная падлога, гушчары маладога парасніку, які чапляўся за Маўглі нібы лапамі; і камяністыя ўзгоркі, дзе даводзілася пераскокваць з каменя на камень пад норамі спалоханых лісак. Здалёк пачулася шморганне іклаў дзіка, які вастрыў іх аб дрэва, а потым паказаўся і сам звер; ён скроб чырвоную кару, а з морды капала белая пена, і вочы гарэлі як вугаллі.

Збоку пачуўся стук рагоў і сопат, і міма Маўглі прабеглі двое Самбгураў, якія люта біліся паміж сабой, апусціўшы скрываўленыя галовы. Ля ракі ён патрапіў на Джакалу-кракадзіла, які роў, як бык. А ў другім месцы Маўглі трапіў нагою ў клубок пераплеценых кобраў — Атрутнага Племя; але пакуль яны паспелі выпрастацца для нападу, ён быў ужо далёка, мільгануў на бліскучых каменнях і зноў схаваўся ў глыбіню Джунгляў.

Так бег Маўглі наперад, час ад часу выгукаючы кліч, ці спяваючы Песню. Пах кветак паказваў яму што ён набліжаецца да Балот, а Балоты гэтыя ляжалі вельмі далёка ад месца яго палявання.

Звычайны чалавек зараз-жа загруз-бы ў багне, але Маўглі спрытна паскакаў па купінках і вышаў на сярэдзіну балот, спудзіўшы чараду качак; ён усеўся на парослы мохам пень, які вытыркаўся з чорнай вады. Усё балота прачнулася, бо ўвесну ў Птушынага Племя вельмі чулы сон. А некаторыя нават не спяць, а цэлымі чарадамі рухаюцца над балотам усю ноч. Ніхто, вядома, не звярнуў увагі на Маўглі, які сядзеў сярод высокага чаротніку, напяваў песні без слоў ды шукаў стрэмкі ў загрубелых падэшвах ног.

Здавалася, яго дрэнны настрой застаўся там, у родных Джунглях, і ён пачаў быў гучную песню, але раптам адчуў, што журба зноў, і яшчэ больш, ахапляе яго. А тут яшчэ месяц схаваўся — і на гэты раз Маўглі ахапіў страх.

— І тут тое самае! — сказаў ён з прыкрасцю. — За мной гоніцца!

І ён нават азірнуўся, каб паглядзець ці не стаіць "Яно" за ім. Але нікога не было. На балотах таксама ішоў начны шум, але ні птушка, ні звер не звярталі ўвагі на Маўглі — і ён усё больш і больш адчуваў сябе адзінокім.

— Я пад'еў атруты! — прамармытаў ён з жахам. — Мусіць неяк наеўся, і вось цяпер зрабіўся слабым. Я, Маўглі, пабаяўся двух ваўкоў! Акела і нават Фао справіліся-б з імі, прагналі-б іх, а Маўглі пабаяўся! Гэта ёсць пэўная адзнака, што я з'еў атруты. Але што ім да таго, жыхарам Джунгляў? Яны пяюць, выюць, б'юцца і бегаюць гуртам пры святле месяца, а ў гэты час я — гай-май! — паміраю ў балотах ад атруты.

І яму зрабілася так шкада сябе, што ён ледзь не заплакаў.

— А потым, — казаў ёй далей, — яны знойдуць мяне ў чорнай вадзе. Не, я пайду лепш у свае ўласныя Джунглі і памру на Скале Рады! Багіра, якую я люблю, можа пасядзіць каля майго трупа, калі толькі не пабяжыць раўсці ў даліну; а потым Чыль з'есць мяне, як ён з'еў Акелу.

І гарачая слязіна капнула на калены Маўглі; ён нават адчуў нейкую своеасаблівую асалоду ў тым, што ён такі гаротны.

— Як каршун Чыль еў Акелу, — паўтарыў ён, — у ноч, калі я ратаваў Зграю ад Рудых Сабак...

Ён крыху памаўчаў, успамінаючы апошнія словы Адзінокага Ваўка.

— Перад смерцю Акела нагаварыў мне ўсялякіх недарэчнасцей. Мусіць таму, што перад смерцю думкі блытаюцца. Ён казаў... Але ўсё-ж я сын Джунгляў!

Ён усхваляваўся ад успамінаў пра бойку па мялізнах Вайнгунгі і крыкнуў апошнія словы так гучна, што буйваліца, што ляжала ў чаротніку, ускочыла на ногі і зараўла:

— Чалавек!?

— Уф! — прамовіў Міза, дзікі буйвал, які ляжаў у суседняй лужыне. — Гэта не Чалавек, гэта толькі Безвалосы Воўк Сіанійскай Зграі. У такія ночы ён бегае ўзад і ўперад.

— А я думала, што гэта Чалавек, — сказала буйваліца, апусціўшы галаву, і шчыплючы траву.

— Не, кажу я табе! О, Маўглі, можа пагражае якая небяспека? — замыкаў Міза.

— О, Маўглі, можа ёсць якая небяспека! — перадражніў яго Маўглі. — Аб гэтым толькі і думае Міза, — ці ёсць небяспека. Пра самога-ж Маўглі, які кідаецца па Джунглях уначы, вы зусім не думаеце.

— Як ён зычна крычыць! — сказала карова.

— Так крычаць усе, — з пагардай сказаў Міза, — хто, нарваўшы травы, не ведае, як яе есці.

— Нават за меншую дзёрзкасць, — прастагнаў Маўглі, — за меншае грубіянства не далей, як у мінулыя дажджы, я выгнаў Мізу з яго лужыны і павалок праз Балота на вяроўцы з травы!

Ён працягнуў было руку па сцябло чарота, але зараз-жа і апусціў яе. Міза жвакаў сабе сваю жвачку, высокая трава калыхалася ў тым месцы, дзе пасвілася буйваліца.

— Не хачу паміраць тут! — гнеўна сказаў Маўглі. — Міза, сваяк Джакалы і свінні, яшчэ высмяе мяне. Пойдзем за балота, паглядзім, што будзе. Ніколі яшчэ я не бегаў такога веснавога бегу — і горача, і холадна разам. Ну, уставай, Маўглі! Маўглі не мог устрымацца ад спакусы падкрасціся да Мізы і паласкатаць яго канцом ножа. Вялізны бык вырваўся з твані з грукатам гарматнага стрэлу. Маўглі аж пакаціўся ад смеху.

— Раскажы, Міза, як аднаго разу Безвалосы Воўк Сіанійскай Зграі выратаваў цябе, — казаў ён.

— Воўк? Ты? — зароў бык, тупаючы нагамі. — Усе Джунглі ведаюць, што ты быў пастухом хатняй жывёлы, такім самым падшыванцам, як і тыя, што бегаюць і поркаюцца ў пылу за палянай! Які паляўнік надумаўся-б падкрасціся змяёй і дзеля паскуднага шакалавага жарту асароміць мяне перад маёй каровай? Ідзі на цвёрдую зямлю і тады я... я пакажу табе!

Морда ў Мізы пакрылася пенай, у яго быў бадай што самы задзірысты характар у Джунглях.

Маўглі паглядзеў, як той соп і злаваў, і вочы яго зусім не змянялі свайго выразу. Нарэшце, калі шум крыху сцішыўся і можна было пачуць словы, Маўглі спытаўся:

— Якая Чалавечая Зграя жыве ў балотах, Міза? Гэта для мяне новыя Джунглі.

— Ідзі на Поўнач! — крыкнуў раз'яраны бык, бо Маўглі досыць значна кальнуў яго нажом. — Што гэта за жарты вясковага падпаска? Ідзі раскажы тым, у вёсцы, за балотам.

— Чалавечая Зграя не любіць лясных казак. Не думаю я таксама, Міза, што з-за нейкай там драпінкі на тваёй скуры нам варта было-б сварыцца. Але я пайду зірну на гэтую вёску. Ціха, я пайду. Не кожную ноч Уладар Джунгляў прыходзіць пасвіць цябе. Маўглі ступіў на зыбкі бераг балота, добра ведаючы, што Міза не адважыцца напасці на яго тут, а потым са смехам пабег прэч, уяўляючы сабе, як злуе буйвал.

— Не зусім яшчэ знікла мая сіла! — пацяшаў сябе Маўглі. — Можа атрута не дайшла да касцей. А вунь сядзіць. зорачка!

Ён закрыў твар рукою і паглядзеў праз пальцы.

— Клянуся Быком, што выкупіў мяне, гэта Чырвоная Кветка! Чырвоная Кветка, для якой я ляжаў перад тым, як з'явіўся першы раз у Сіанійскую Зграю. А цяпер я спыняю свой бег...

Балота канчалася шырокай раўнінай, на якой і мігацеў аганёк. Даўно ўжо Маўглі не цікавіўся справамі людзей, але ў гэтую ноч мільгаценне Чырвонай Кветкі зацікавіла яго, як новая гульня.

— Я пайду пагляджу, ці змянілася за гэты час Чалавечая Зграя. Маўглі пайшоў па мокрай роснай траве і апынуўся перад хатай, дзе гарэў агонь. Хата была на канцы вёскі. Некалькі сабак пачалі брахаць, але Маўглі завыў паваўчынаму, і яны спалохаліся і змоўклі.

— Хай будзе, што будзе! — прашаптаў ён, — і навошта прыйшоў я да лаговішчаў Чалавечай Зграі?

Ён дакрануўся рукой да рота, успомніўшы, як некалькі гадоў назад ударылі яго камнем людзі з другой Чалавечай Зграі.

Расчыніліся дзверы хаты, вышла жанчына і пачала ўглядацца ў цемру. У хаце пачуўся плач дзіцяці; жанчына азірнулася і сказала:

— Спі! Гэта шакал разбудзіў сабак. Зараз будзе дзень. Маўглі, седзячы ў траве, задрыжаў, як у трасцы. Ён добра ведаў гэты голас, але, каб упэўніцца, ціханька гукнуў:

— Месуа! О, Месуа! — і сам здзівіўся, што ўспомніў чалавечыя словы.

— Хто гэта? — спыталася яна дрыжачым голасам.

— Ці ты забылася? — сказаў Маўглі.

— Калі гэта ты, скажы, якім імем я цябе называла.

Яна прычыніла дзверы і прыціснула рукі да сваіх грудзей.

— Нату! Оге Нату! — назваў Маўглі імя, якое дала яму Месуа, калі ён першы раз з'явіўся ў Чалавечую Зграю.

— Ідзі-ж сюды, сын мой! — крыкнула Месуа.

Маўглі ўвайшоў і паглядзеў на Месуа, на тую жанчыну, якая была такая ласкавая да яго і якую ён выратаваў ад Чалавечай Зграі многа гадоў назад. Яна пастарэла, валасы яе пасівелі, але вочы і голас не змяніліся. Яна забылася, што даўно ўжо не бачыла Маўглі, і ёй здавалася што ён такі самы, якім яна бачыла яго ў апошні раз. Калі-ж яна ўбачыла яго, такога вялікага і непадобнага да ранейшага, то нават схілілася да яго ног.

— Сын мой!.. Але не, гэта не сын мой. Гэта лясны бог! Агай!

У чырвоным святле газнічкі, высокі, складны, прыгожы, з чорнымі валасамі па плячах, з бліскучым нажом на шыі і белым жасмінавым вянком на галаве і голы — Маўглі сапраўды нагадваў бога з лясной легенды.

Дзіця ў пасцелі ўскочыла і закрычала ад страху. Месуа пачала супакойваць яго, а Маўглі моўчкі стаяў і разглядаў збан з вадой і гаршкі, скрынкі са збожжам і іншыя рэчы чалавечага жылля, якія ён так добра памятаў.

— Ты што хочаш, есці ці піць? — спытала Месуа. — Тут усё тваё. Ты-ж нам выратаваў жыццё. Але-ж ці той ты, каго я называла Нату, — ці ты здань Джунгляў?

— Я Нату, — адказаў Маўглі. — Я ўбачыў гэты агонь і пайшоў сюды. Я не ведаў, што ты тут.

— Пасля таго, як мы прыйшлі ў Канхівару, муж пайшоў да ангельцаў, і яны забаранілі паліць нас. Ты памятаеш гэта?

— Вядома памятаю.

— Тады мы вярвуліся назад, на свае старое месца. Але вёска знікла, і мы нічога не маглі знайсці там.

— Так, я гэта ведаю, — сказаў Маўглі — вочы яго бліснулі.

— Пасля таго муж мой наняўся тут работнікам, працаваў добра, і мы набылі кавалачак зямлі. Цяпер мы жывем бядней, як тады, але нам многа не трэба. — А дзе чалавек, які капаў зямлю і які так баяўся ў тую ноч?

— Ён памёр год назад.

— А гэта хто? — і Маўглі паказаў на дзіця.

— Гэта сын мой, які нарадзіўся два гады назад. Калі ты бог, падаруй яму ласку Джунгляў, каб не было яму небяспекі сярод твайго... твайго народу, як у тую ноч.

Яна падняла дзіця і яно, забыўшыся на свой страх, пацягнулася да нажа, што вісеў на грудзях у Маўглі. Маўглі далікатна адсунуў яго ручку.

— Калі ты Нату, якога панёс тыгр, то гэта твой малодшы брат. Пацалуй яго, як старэйшы брат.

— Гай! Май! Я нічога не ведаю. Я яму не брат. О, маці, маці, як цяжка мне на сэрцы!

Ён задрыжаў і пасадзіў дзіця. Месуа завіхалася каля гаршкоў і казала:

— Гэта таму, што ты бег па балотах усю ноч. Ты, мусіць, схапіў трасцу. Я раскладу агонь і напаю цябе цёплым малаком. Здымі свой жасмінавы вянок, бо пах яго занадта моцны для кожнага маленькага памяшкання.

Маўглі сеў і закрыў твар рукамі. Галава яго кружылася, нейкія дрыжыкі прабягалі па целе і было млосна, нібы ён сапраўды з'еў атруты. Ён прагна піў гарачае малако, а Месуа глядзела на яго, час ад часу пляскала па плячы і ўсё яшчэ не магла вырашыць, ці сапраўды гэта яе сын Нату, ці нейкі таемны жыхар лясоў, або дух які. Але радасна было ёй бачыць яго.

— Сын, — прамовіла яна, нарэшце, з нейкім гонарам, — ці казаў табе хто-небудзь, што ты прыгажэй ад усіх?

— А? — спытаўся Маўглі, не разумеючы ў чым справа. Месуа ціха і радасна засмяялася. Яна была задаволеная і тым, што ён зірнуў на яе.

— Значыцца, я першая? Гэта добра. Хоць рэдка здараецца, каб маці казала сыну такія словы. Ты вёльмі прыгожы! Я ніколі яшчэ не бачыла такога мужчыны.

Маўглі азірнуўся і пачаў разглядаць сябе з усіх бакоў. Месуа засмяялася так гучна, што і Маўглі зарагатаў, не разумеючы ў чым справа. А дзіця бегала каля іх і таксама смяялася.

— Не, ты не павінен смяяцца з свайго брата! — сказала Месуа, злавіўшы дзіця і прыціскаючы яго ла грудзей. — Калі ты будзеш хоць на палову такі прыгожы, як ён, мы ажэнім цябе з малодшай дачкой Раджы, і ты будзеш ездзіць на вялікіх сланах. Маўглі наўрад ці разумеў трэцюю частку слоў з гэтай гутаркі. Ён прабег шэсцьдзесят кілометраў і цяпер, пасля гарачага малака, адчуваў сябе зусім млявым. Ён скруціўся на лаве і праз хвіліну моцна заснуў. Месуа адкінула з твара яго валасы і пакрыла яго плашчом.

Ён праспаў усю ноч і ўвесь наступны дзень, бо інстынктам адчуваў, што тут няма яму ніякай небяспекі. Прачнуўшыся, ён так скокнуў, што затрэслася ўся хата. Яму прыснілася пастка, і цяпер, ухапіўшы нож, ён азіраўся соннымі вачыма, каб уступіць у бойку з ворагам.

Месуа смяялася. Яна паставіла перад ім вячэру — грубыя перапечкі, спечаныя на дымным агні і трошкі рысу і кіслых пладоў тамарыска. Для яго гэта быў толькі падвячорак перад вячэрнім паляваннем.

Пах балотнай травы выклікаў у ім і голад і непакой. Ён хацеў скончыць свой веснавы бег, але дзіця настойліва хацела сядзець у яго на руках, а Месуа дамагалася прычасаць яго чорна-сінія валасы. Яна напявала розныя дзіцячыя песенькі і то называла Маўглі сваім сынам, то прасіла падараваць дзіцяці крыху лясной сілы.

Раптам Маўглі пачуў за дзвярыма добра знаёмы яму гук, а Месуа скамянела ад жаху. Праз дзверы прасунулася велізарная воўчая лапа і пачулася выццё Шэрага Брата. У гэтым выцці чулася і трывога за Маўглі, і радасць, і каянне.

— Выйдзі і пачакай! Ты не прыйшоў тады, калі я клікаў цябе! — сказаў Маўглі на лясной мове, не павярнуўшы галавы, і шэрая лапа зараз-жа знікла. — Не прыводзь… не прыводзь сюды тваіх… тваіх слуг! — ускрыкнула Месуа. — Я… мы заўсёды жылі ў згодзе з Джунглямі.

— Згода і застаецца, — сказаў Маўглі, устаўшы. — Успомні ноч, калі вы ішлі ў Канхівар. І спераду і ззаду былі дзесяткі такога народу, і яны ахоўвалі вас. Ну, я іду, маці!

Месуа пакорна адсунулася ў бок. Яна цяпер ужо думала, што гэта сапраўды лясны бог. Але як толькі ён дакрануўся рукою да дзвярэй, матчына сэрца не вытрымала: яна ахапіла рукамі шыю Маўглі і зашаптала:

— Вярніся! Сын ты, ці не сын — вярніся, бо я люблю цябе. Глядзі, ён таксама шкадуе!

Дзіця заплакала, убачыўшы, што чалавек з бліскучым нажом выходзіць.

— Вяртайся-ж, — паўтарала Месуа. — І дзень і ноч гэтыя дзверы будуць заўсёды адчыненыя для цябе.

Нешта падступіла к горлу Маўглі, і ён з намаганнем прамовіў:

— Я прыду абавязкова!

Калі ён вышаў за дзверы, Шэры Брат кінуўся да яго лашчыцца. Але Маўглі адпхнуў яго і сказаў:

— Я маю супроць цябе маленькі кліч, Шэры Брат. Чаму вы не прыйшлі да мяне ўсе Чацвёра, калі я клікаў вас так даўно?

— Даўно? Да гэта-ж было ў мінулую ноч! Я… мы спявалі ў Джунглях, бо прыйшла пара Новых Песен. Ці ты не памятаеш?

— Так, так. — І як толькі песні праспявалі, горача казаў Шэры Брат. — Я пакінуў усіх і пабег па твайму следу. Але-ж ты, Братка, што нарабіў: ты еў і спаў з Чалавечай Зграяй!

— Калі-б вы прыйшлі, калі я вас клікаў, то гэтага ніколі не здарылася-б, — сказаў Маўглі, паскорыўшы крокі.

— А што цяпер будзе? — спытаўся Шэры Брат.

Маўглі хацеў быў адказаць, але на сцежцы паказалася дзяўчына ў белым адзенні. Шэры Брат зараз-жа знік, а Маўглі ціха адступіў і схаваўся ў маісе. Дзяўчына так блізка прайшла каля яго, што ён мог-бы дакрануцца да яе рукамі. Ён мільгануў перад ёй і зараз-жа схаваўся за каласамі. Дзяўчына ўскрыкнула, думаючы, што гэта нейкі дух і хуценька пайшла наперад. Тады Маўглі рассунуў сцяблы рукамі і доўга глядзеў ёй услед, пакуль яна не знікла з вачэй.

— Што-ж ты думаеш цяпер рабіць? — зноў спытаўся воўк, падбегшы.

- Не ведаю, — адказаў Маўглі і ўздыхнуў. — Але чаму-ж вы не прыйшлі, калі я клікаў вас?

— Мы заўсёды ідзем з табой, — прамармытаў Шэры Брат і пачаў лізаць яму ногі. Мы ідзем заўсёды, толькі... толькі не ў час Новых Песень.

— І пойдзеце за мной у Чалавечую Зграю? — прашаптаў Маўглі.

— Ці не пайшоў я з табою ў тую ноч, калі наша Зграя выгнала цябе? Хто разбудзіў цябе, калі ты спаў у полі?

— Так. Ну, а калі прышлося-б яшчэ? — Ці не прыйшоў я за табой у гэтую ноч?

— Ну, а калі яшчэ прыдзецца, і яшчэ, і яшчэ, Шэры Брат?

Шэры Брат памаўчаў, а потым прамармытаў:

— Праўду сказала Чорная Пантэра.

— Што яна сказала?

— Чалавек ідзе да Чалавека, нарэшце. Яшчэ маці, Ракша, казала...

— Тое самае казаў і Акела ў час бойкі з Дхоламі, — прамармытаў Маўглі.

— Тое самае казаў і Каа, а ён мудрэйшы за нас усіх.

— А што, скажаш ты, Шэры Брат?

— Яны раз прагналі цябе, лаялі і разбілі каменем табе рот. Яны паслалі Бульдэа, каб ён забіў цябе. Яны хацелі цябе кінуць у Чырвоную Кветку. Ты сам казаў, што яны — злая, дурная Зграя. Ты, а не я, ператварыў іхнюю вёску ў Джунглі. Ты, а не я, склаў супроць Чалавечай Зграі песню, больш жорсткую, як наша песня супроць Рудых Сабак.

— Я пытаюся, што ты скажаш?

Некаторы час Шэры Брат бег побач моўчкі, а потым сказаў з націскам.

— Чалавечае дзіцянё, Уладар Джунгляў, сын Ракшы і мой брат па логаву! Хоць я і забыўся на кароткі час увесну, але твае слова — маё слова, тваё логава — маё логава, твой след — мой след, твая зда быча — мая здабыча і твой смяротны бой — мой смяротны бой. Я кажу за ўсіх Трох! Калі-ж ты скажаш гэта Джунглям?

— Так. Чакаць няма чаго. Ідзі наперад, склікай усіх на Скалу Рады, і я раскажу ім усё... Толькі можа яны не прыйдуць? Пэўна яны забыліся на мяне ў часе Новых Песень.

— А ты сам нічога не забываеш? — агрызнуўся Шэры Брат і паімчаўся наперад.

Каб гэта быў іншы час, усе Джунглі прыбеглі-б да Скалы Рады, а цяпер звяры сапраўды былі занятыя паляваннем, бойкамі і пяяннем. Шэры Брат бегаў усюды і крычаў:

— Уладар Джунгляў ідзе назад да Чалавека! Ідзіце на Скалу Рады!

А шчаслівы народ толькі адказаў:

— Ён вернецца ў летнюю спякоту! Дажджы загоняць яго ў логава! Пабегай і паспявай з намі, Шэры Брат!

— Але-ж Уладар Джунгляў ідзе назад да Чалавека! — настойваў Шэры Брат.

— Аоуа! Ці пара Новых Песень зробіцца ад гэтага горшай? — адказвалі яму.

І калі Маўглі з сумам узышоў на даўно вядомую яму Скалу Рады, на тую скалу, дзе калісьці прымалі яго ў Зграю, ён знайшоў там толькі чатырох братоў, амаль сляпога ад старасці Балу ды вялізнага халоднага Каа, які абкруціўся вакол каменя, на якім калісьці ляжаў Акела.

— Значыцца, твой след канчаецца тут, Чалавечак? — прамовіў Каа, калі Маўглі кінуўся на зямлю тварам на рукі. — Клікні твой кліч: мы адной крыві ты і я — Чалавек і Змяя.

— Чаму мяне не разадралі тады Рудыя Сабакі? — прастагнаў Маўглі. Сіла мая адышла ад мяне, але гэта не атрута. І ўдзень і ўноч я чую падвойныя крокі па маім сляду. Павярну галаву — і мне здаецца, нібы нехта хаваецца ад мяне. Пабягу да дрэва паглядзець — там нікога няма. Я крычу — ніхто не адгукаецца, а мне здаецца, што ён чуе і хавае адказ... Я кладуся спаць і сон не супакойвае мяне. Я бягу веснавым бегам — і таксама не ўспакойваюся. Я купаюся і не адчуваю прахалоды. Чырвоная Кветка ў маёй крыві! Косці мае, як вада. Я не ведаю, што са мной робіцца.

— Навошта словы? — прамовіў Балу, ледзь паварочваючы галаву да Маўглі. — Акела ля ракі сказаў, што Маўглі прагоніць Маўглі назад да Чалавечай Зграі. Я казаў тое самае, але хто цяпер слухае Балу? Багіра? Але дзе-ж Багіра ў гэтую ноч? Яна таксама ведае. Гэта — Закон!

— Яшчэ калі мы сустрэліся ля Халодных Пячор я ведаў гэта, — сказаў Каа. — Чалавек нарэшце ідзе да Чалавека, хоць-бы Джунглі яго і не праганялі.

Чацвёра збянтэжана пазіралі адзін на аднаго і на Маўглі.

— Значыцца, Джунглі не праганяюць мяне? — прашаптаў Маўглі.

Шэры Брат і Трое люта завылі:

— Пакуль мы жывыя, ніхто не адважыцца!..

Але Балу перапыніў іх:

— Я навучыў цябе Закону і я павінен цяпер казаць табе. Хоць я не бачу перад сабою скал, затое я бачу далечыню. О, Жабянё, ідзі сваім следам! Ідзі ў логава да сваёй Зграі, да сваіх братоў па крыві. І калі спатрэбіцца табе нага, ці зуб, ці вока або лятучае слова, то памятай, Уладар Джунгляў, шго Джунглі — твае!

— Сярэднія Джунглі таксама твае, — дадаў Каа. — А ў ім жыве неслабы народ.

— Гай! Май! Браты мае! — крыкнуў Маўглі з плачам. — Я не ведаю, што са мной. Я не хачу ісці, але нейкая сіла цягне мяне за ногі. Як мне разлучыцца з гэтымі нагамі?

— Не бядуй, Братка! — сказаў Балу. — Няма нічога ганебнага ў тваім новым паляванні. Калі мы з'ядаем мёд, мы пакідаем пусты сот. — Скінуўшы скуру, мы не ўлазім у яе зноў, — дадаў Каа. — Гэта — Закон.

— Слухай, любы мой! — зноў пачаў Балу. — Няма такога слова, якое магло-б утрымаць цябе. Хто можа пытацца Ўладара Джунгляў? Я бачыў цябе, калі ты з'явіўся сюды першы раз і гуляў вунь там з белымі каменьчыкамі. І Багіра, што выкупіла цябе за быка, таксама бачыла цябе. З усіх, што тады былі, засталіся толькі мы двое. Ракша, маці твая, памерла разам з бацькам. Старая воўчая зграя даўно павымірала. Ты ведаеш куды дзеўся Шэр-Хан. А Акела загінуў сярод Дхолаў, ад якіх загінула-б і другая Сіанійская Зграя, каб не твая мудрасць і сіла. Засталіся толькі старыя косці. Не Чалавечае Дзіцянё пакідае Зграю сваю, а Ўладар Джунгляў змяняе свой след. Хто можа пытацца Чалавека пра яго шлях?

— Але Багіра, і Бык, што выкупіў мяне? — казаў Маўглі.

— Я не хачу...

Словы яго перапыніў гучны трэск і рэў у пушчы. І адтуль выскачыла Багіра, лёгкая, дужая і страшная, як заўсёды.

— Вось чаму я не з'яўлялася, — сказала яна і паказала скрываўленую лапу. — Гэта было доўгае паляванне, але цяпер ён ляжыць мёртвы ў кустах, двухгадовы бык, які вызваляе цябе, Братка! Усе даўгі выплачаны. А што да ўсяго іншага, дык маё слова аднолькавае са словамі Балы.

І яна пачала лізаць ногі Маўглі, Потым паскакала прэч, крыкнуўшы:

— Памятай, што Багіра любіла цябе!

Спусціўшыся з узгорка, яна прыпынілася і зноў крыкнула:

— Добрага Палявання табе на новым сляду, Уладар Джунгляў! Памятай, што Багіра любіла цябе!

— Ты чуў? — спытаўся Балу. — Больш няма чаго казаць. Цяпер ідзі. Але перш падыдзі да мяне, о мае мудрае Жабянё!

— Так, цяжка скідваць скуру! — уздыхнуў Каа, пакуль Маўглі са слязьмі абнімаў сляпога мядзведзя і прыціснуўся да яго грудзей, а стары Балу імкнуўся лізнуць яму ногі.

Шэры Брат панюхаў перадранішні ветрык і сказаў:

— Зоркі пабялелі. Дзе будзе наша логава сёння? Бо з гэтага часу мы ідзем па новых слядах...

.......................................

Гэта апошняе з апавяданняў пра Маўглі.