Перайсці да зместу

Маўглі (1934)/Каралеўскі анк

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Навала Джунгляў Каралеўскі анк
Апавяданне
Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг
1895 год
Арыгінальная назва: The King's Ankus
Рудыя сабакі
апавяданне з "Другой кнігі Джунгляў" (1895)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАРАЛЕЎСКІ АНК

Бачыш? Мор Паўлін трасецца і ў трывозе Бандар-Лог,
Чыль-Каршун лунае ўверсе на распушчаных крылах,
І мільгаюць цьмяна цені цераз Джунглі і праз лог...
Гэта Страх, Паляўнічок мой, гэта Страх!

Бачыш? На палянцы ходзіць ужо нейкі дзіўны цень.
Шэпт пачуўся. Вось галінка калыхнулася ў руках...
Ты чаго дрыжыш ад холаду ў гарачы летні дзень?
Гэта Страх, Паляўнічок мой, гэта Страх!

Месяц, стаўшы над гарою, серабрыць сівыя скалы.
Апусцілі хвасты зверы, ідзе з лесу прэлы пах,
За табою нечы подых і хрумсціць лісточак вялы...
Гэта Страх, Паляўнічок мой, гэта Страх!

На калена! За цяціву! Ды хутчэй пускай ты стрэлы!
Разам у здрадніцкую цемру накіруй кап'я размах.
Але рукі твае звіслі. Можа сэрца скамянела?..
Гэта Страх, Паляўнічок мой, гэта Страх!

А калі маланка з бурай валіць дрэва, як той колас,
І грамовыя раскаты на ўвесь свет наводзяць жах,
То мацней за гром і буру раздаецца нечы голас:
Гэта Страх, Паляўнічок мой, гэта Страх!

(Песня маленькага паляўніка.)

Чацвёра было іх на свеце і ёсць ненасытных спрадвеку:
Зяпа Шакала, валлё Каршуна, Малпава лапа і вока Чалавека.
(Прыказка Джунгляў.)


Каа, вялізны каменны пітон, змяняў сваю скуру, мусіць, двухсоты раз у сваім жыцці. Маўглі ніколі не забываў, што Каа выратаваў яму жыццё ў час паходу ў Халодныя Пячоры, і таму пайшоў цяпер вітаць яго з такім важным момантам яго жыцця.

У часе ліняння змеі бываюць у дрэнным настроі, пакуль новая скура не заблішчыць усімі колерамі. Каа ўжо не кпіў з Маўглі, а ставіўся да яго разам з усімі ляснымі жыхарамі, як да Уладара Джунгляў, і даваў яму ўсе весткі, якія толькі мог мець пітон яго памеру. А ўсё тое, чаго Каа не ведаў, напрыклад, пра жыццё пад зямлёй, пад каменнем, у кары, у пнях — усё гэта лёгка можна было б запісаць на адной самай маленькай лусачцы яго скуры.

У гэты вечар Маўглі сядзеў каля Каа і перабіраў яго стракатую парваную старую скуру. Каа лёгка абхінуў сваімі кольцамі голыя плечы Маўглі і хлопчык сядзеў нібы ў мяккім жывым крэсле.

— А твая скура прыгожая нават цяпер! — прамовіў Маўглі. — Мусіць дзіўна бачыць скуру з сваёй галавы каля сваіх ног?

— Ды ў мяне ж і ног няма! — сказаў Каа. — А калі гэта звычай усяго майго племя, то мне яно і не здаецца дзіўным. Няўжо ж табе не абрыдала твая старая каляная скура на целе?

— Калі я пачынаю гэта адчуваць, я іду купацца, Плоскагаловы. Але ўсё ж такі, калі вельмі горача, я часта шкадую, што не магу зняць скуры без болю і пабегаць без яе.

— А я і купаюся і скуру здымаю! Ну, а як табе падабаецца маё новае ўбранне?

Маўглі правёў рукой па яго вялізнай спіне ў клетачкі.

— У чарапахі скура цвярдзейшая, алё не такая прыгожая, — сказаў ён. — У жабы, маёй цёзкі, скура прыгажэй, але занадта мяккая. Твая ж скура найлепшая, нібы з пялёстак ліліі.

— Яе трэба абмыць. Новая скура не мае таго бляску ўсіх колераў, які набывае пасля першага купання. Хадзем купацца!

— Я панясу цябе, — сказаў са смехам Маўглі і пачаў падымаць сярэднюю, самую тоўстую частку цела. З такім жа поспехам ён мог бы паспрабаваць падняць поўметравую вадаправодную трубу. Каа нерухома ляжаў і соп ад задавальнення.

Потым пачалася іх звычайная вячэрняя гульня: хлопчык у бляску сваіх маладых сіл і пітон у бліскучай новай скуры выпрасталіся адзін супроць аднаго і пачалі дужацца. Вядома, каб толькі Каа захацеў, ён мог бы раздушыць тузін такіх Маўглі; але ён гуляў асцярожна, не ўжываючы і дзесятай долі сваёй моцы. Яшчэ раней, калі хлопчык падужэў настолькі, што мог вытрымаць тумакі, Каа навучыў яго гэтай гульні і яна значна ўзмацніла мускулы Маўглі. Часам Каа абкручваў Маўглі да самай шыі, і хлопчык стараўся вызваліць руку, каб ухапіць змяю за горла. Каа крыху паддаваўся, а хлопчык намагаўся ўшчапіць абодвума нагамі канец хваста, які трымаўся за камень ці пень. У такім стане яны круціліся нібы віхор, сярод якога мільгалі чорна-жоўтыя кольцы і смуглыя рукі і ногі.

— Ну, ну, ну! — казаў Каа, так спрытна ўдараючы галавой, што Маўглі ледзь паспяваў адхіляць удары. — Глядзі, вось я стукаю цябе тут, Братка, і тут, і вось тут, — а ты што стаіш, як пень! Во і зноў!

Гульня кожны раз канчалася добрым ударам, ад якога хлопчык ляцеў некалькі метраў. Маўглі аніяк не мог падпільнаваць і папярэдзіць гэты момант, а Каа казаў, што нават не варта і спрабаваць, бо нічога з гэтага не выйдзе.

— Добрага Палявання! — са смехам сказаў Каа, калі Маўглі куляўся ад апошняга ўдару.

Потым яны разам пайшлі да любімага месца купання мудрага змея. Гэта была глыбокая чорная сажалка, аточаная скаламі і цёмнымі дрэвамі. Як усе жыхары Джунгляў, Маўглі вельмі ціха кінуўся ў ваду: і даў нырца, потым таксама ціха вынырнуў і лёг на спіну; тады падлажыў рукі пад галаву і пачаў пазіраць, як месяц асвятляе скалы і адбіваецца ў вадзе; час ад часу ён прабаваў нагамі разбіць гэты адсвет у вадзе. Чатырохвугольная галава Каа, як брытва, разрэзала ваду, і лягла на плячо Маўглі. Так удвух моўчкі ляжалі яны ў халоднай вадзе.

— Ах, як хораша! — млява прамовіў, нарэшце, Маўглі. — Я памятаю, як Чалавечая Зграя ў гэты час лажылася на цвёрдыя кавалкі дрэва ў нейкай глінянай пастцы. Яны зачынялі ўсе прадухі, нацягвалі на галаву бруднае рыззё і спявалі праз нос паскудныя песні. Куды лепш у Джунглях!

Кобра хуценька слізганула пад каменне, напілася, пажадала ім Добрага Палявання і папаўзла прэч.

— С-с-с! — схамянуўся Каа, нібы ўспомніўшы нешта, — Значыцца, Джунглі даюць табе ўсё, чаго ты хочаш, Братка?

— Не ўсё, — са смехам адказаў Маўглі, — я б хацеў, напрыклад, кожны месяц забіваць новага магутнага Шэр-Хана. Цяпер я здолеў бы забіць яго ўласнымі рукамі, без дапамогі буйвалаў. Апрача таго я хацеў бы, каб сонца ззяла ў часе дажджоў, а ў часе летняй спякоты дажджы засланялі сонца. Потым, калі я бываю галодны, я хачу забіць казу, а як толькі заб'ю казу, дык мне шкода, што гэта не алень, а калі заб'ю аленя, дык ужо шкадую, што гэта не нільгай. Але гэтак, мусіць, з усімі намі бывае. — А іншых жаданняў у цябе няма? — дапытваўся Каа.

— Чаго ж мне яшчэ жадаць? Са мной Джунглі і ласка Джунгляў. Няўжо ж ёсць яшчэ што-небудзь больш прывабнае між Усходам і Заходам сонца?

— Кобра неяк казала... — пачаў Каа.

— Якая Кобра? Тая, што тут была і слова не сказала? Яна палявала.

— Я кажу пра другую.

— Навошта ты звязваешся з Атрутным Племем? Хай яны ідуць сваім шляхам. У пярэдніх зубах сваіх яны носяць Смерць, і гэта нядобра. Яны ж такія малыя! Але з якім жа ты Каптуром размаўляў?

Каа ціха калыхаўся ў вадзе з боку на бок, нібы карабель у моры.

— Тры ці чатыры месяцы назад, — пачаў ён, — я паляваў у Халодных Пячорах (ты, пэўна, памятаеш гэтае месца?). Стварэнне, на якое я паляваў, з крыкам пабегла каля басейна ў дом, які я калісьці разбурыў дзеля цябе, і схавалася пад зямлёй.

— Але-ж Племя Халодных Пячор не жыве ў норах! — перапыніў Маўглі, думаючы, што Каа гаворыць пра малпаў.

— Гэтае стварэнне там не жыло, а схавалася. Яно ўцякло ў нару, якая ішла далёка пад зямлёй. Я папоўз за ім, забіў і заснуў. Прачнуўшыся, я пасунуўся далей.

— Пад зямлёй?

— Але. Нарэшце я спаткаўся з Белым Каптуром (белая Кобра), які расказаў мне штосьці незразумелае і паказаў шмат рэчаў, якія я ніколі ў жыцці не бачыў. — Новую дзічыну? І добрае было паляванне? — жвава павярнуўся да яго Маўглі.

— Гэта была не дзічына, я б паламаў аб яе ўсе свае зубы. Але Белы Каптур расказаў мне, што Чалавек — а яго Каптур добра ведае — аддаў бы сваё жыццё, каб толькі зірнуць на гэтыя рэчы.

— Паглядзім, — сказаў Маўглі. — Здаецца, і я калісьці быў Чалавекам.

— Пачакай, пачакай! Мы з ім гутарылі пад зямлёй, і я казаў пра цябе, пра тое, што ты Чалавек. І сказаў мне Белы Каптур (ён стары, як самі Джунглі): — "Даўно я не бачыў Чалавека. Няхай ён прыйдзе і паглядзіць на гэтыя рэчы, за горшую з якіх гатова памерці шмат людзей".

— Пэўна, гэта новая дзічына. І Атрутнае Племя не хоча нам казаць пра яе. Негасцінны яны народ!

— Гэта не дзічына, гэта... гэта... Я не магу растлумачыць, што гэта такое!

— Пойдзем туды! Я не бачыў Белых Каптуроў, ды і хацеў бы паглядзець на ўсе гэтыя рэчы. Што, яны забілі іх?

— Яны ўсе і былі мёртвыя. Ён называе сябе вартаўніком гэтых рэчаў.

— Ага, гэта нібы воўк, які рыкае над мясам, што прынёс у сваё логава. Хадзем!

Маўглі выскачыў на бераг, пакачаўся ў траве, каб выцерціся, і абодва прыяцелі накіраваліся да Халодных Пячор. Цяпер Маўглі ўжо не баяўся Малпавага Племя, затое Бандар-Лог дрыжалі ад аднаго імя Маўглі. Ды ў гэтую ноч іх не было ў Халодных Пячорах: яны паразыходзіліся па ўсіх Джунглях, а ў зруйнаваным горадзе было ціха і пустынна.

Каа дабраўся да царскага павільёна, адшукаў сярод смецця напалову разбураныя сходкі і папоўз уніз па ступенях. Маўглі выгукнуў змяіны кліч "Мы адной крыві з вамі!" і палез за змеем ракам. Яны паўзлі досыць доўга, не раз заварочвалі ў бакі і, нарэшце, дабраліся да месца, дзе корань дрэва расшчапіў сцяну. Яны пралезлі праз шчыліну і апынуліся ў вялікім падзямеллі. Круглы купал над ім таксама быў пашчэплены карэннямі дрэў, і праз шчыліны крыху праходзіла святла.

— Добрае логава! — сказаў Маўглі, устаўшы на ногі. — Толькі далекавата, каб хадзіць сюды кожны дзень. Але штосьці я нічога не бачу.

— А ці-ж я нічога? — пачуўся голас з глыбіні падзямелля.

Нешта белае заварушылася ў змроку, і перад Маўглі з'явілася велізарнейшая Кобра, якіх ён ніколі і не бачыў. Яна мела метры са тры даўжыні і зрабілася белай таму, што заўсёды жыла ў цемры. Скура яе зрабілася падобнай да слановай косці і нават акулярныя знакі на распушчаным каптуры былі бледна-жоўтыя. Вочы змяі чырванелі, як рубіны.

— Добрага Палявання! — далікатна прывітаўся Маўглі.

— Што чуваць ў горадзе? — спыталася Белая Кобра заместа адказу. — У горадзе Цара Дваццаці Цароў, з вялізнымі сценамі навакол, у горадзе, які мае сто сланоў, дваццаць тысяч коней і безліч скаціны? Я тут аглохла і даўно ўжо не чую ваенных барабанаў. — Над нашай галавою — Джунглі, — адказаў Маўглі, — а з сланоў я ведаю толькі Хаці і яго трох сыноў. Багіра перадушыла ўсіх коней у вёсцы... А што такое "цар"?

— Я ж казаў табе, — ласкава звярнуўся Каа да Кобры, — я ж казаў чатыры месяцы назад, што горада твайго няма.

— Горад, вялізны горад, брамы якога ахоўваюцца вежамі — ніколі не можа знікнуць! Яго пабудавалі яшчэ да таго, як бацька майго бацькі вылупіўся з яйка, і ён будзе існаваць, пакуль сыны маіх сыноў пабялеюць таксама, як я. Самандхі сын Чандрабінджы, сын Віенджы, сын Егасуры пабудаваў яго ў часе Бапа-Равал. А вы — чыя скаціна?

— Мы згубілі след, — звярнуўся Маўглі да Каа. — Я не разумею, што ён кажа.

— І я таксама. Ён вельмі стары. Дзед Кобр, тут толькі Джунглі, якія існавалі спрадвеку!

— Але хто ж ён, — сказала Белая Кобра, — які стаіць перада мной і не баіцца мяне, які не ведае імя цара і гаворыць чалавечым языком? Хто ён, з нажом і змяінай мовай?

— Мяне завуць Маўглі. Я з Джунгляў. Ваўкі маё Племя, а Каа — мой брат. Дзед Кобр, хто ты такі?

— Я — вартаўнік царскай скарбніцы. Курун-раджа пабудаваў гэтае скляпенне нада мной у тыя часы, калі скура мая была цёмная, каб я караў смерцю ўсіх, хто прыйдзе сюды красці. Яны апусцілі сюды багацці, і я чуў спевы брамінаў, уладароў маіх.

— Гм!.. — прамармытаў Маўглі. — Я ўжо меў справу з адным брамінам у Чалавечай Зграі і ведаю, у чым справа: абавязкова здарыцца якая-небудзь бяда!

— За час маёй варты камень падымалі пяць разоў, але толькі для таго, каб кінуць яшчэ багаццяў, і ніводнага разу для таго, каб узяць. На свеце няма іншых падобных багаццяў, тут багацці сотні цароў, Але апоіцні раз камень падымалі даўно, вельмі даўно, і я думаю, што горад мой забыўся на мяне.

— Горада няма! Зірні, вунь корані вялізных дрэў, якія крышаць камні. Людзі і дрэвы не растуць разам! — запэўняў Каа.

— Два ці тры разы людзі забіраліся сюды, — гнеўна адказала Кобра, — але яны маўчалі, пакуль я не дакраналася да іх у цемры, і тады яны ўсе толькі ўскрыквалі. А вы, Змей і Чалавек, прыходзіце сюды з хлуснёй на вуснах і хочаце ўпэўніць мяне, што майго горада няма і варце маёй прыйшоў канец! Людзі мала змяняюцца праз гады, а я не змяняюся ніколі. Пакуль не падымуць камня і не прыдуць браміны з песнямі, і не напояць мяне цёплым малаком, і не выпусцяць мяне ў свет, — я, я, і ніхто іншы! — буду вартаўніком царскіх багаццяў. Горад загінуў, кажаце вы? У такім разе паспрабуйце ўзяць, што вам спадабаецца. Чалавек са змяінай мовай, калі ты здолееш жывым выйсці адсюль тым шляхам, якім прайшоў, — тады цары будуць служыць табе!

— Зноў згубіўся след! — спакойна прамовіў Маўглі.

— Няўжо сюды мог забрацца шакал і пакусаць Вялікага Белага Каптура? Ён пэўна звар'яцеў. Дзед Кобр, я не бачу тут нічога такога, што можна было б узяць! — Клянуся багамі Сонца і Месяца, хлопчык зусім ашалеў, — прашаптала Кобра. — Ну, пакуль ты назаўсёды закрыеш вочы, я зраблю табе ласку. Глядзі ж і ўбачыш тое, чаго не бачыў аніводзін чалавек!

— Дрэнна бывае ў Джунглях тым, хто адважваецца "рабіць ласку" Маўглі, — прамармытаў Маўглі. — Але, відаць, цемра збівае з панталыку. Ну, добра! Калі табе так хочацца, я пагляджу.

Прыплюшчыўшы вочы, Маўглі пачаў аглядаць склеп, і, нарэшце, падняў жменю нейкіх бліскучых штучак.

— Ого! — сказаў ён. — Гэта нібы тыя цацкі, з якімі гуляюць у Чалавечай Зграі! Толькі там рудыя, а тут жоўтыя.

Ён кінуў залатыя манеты і пайшоў далей. Падлога на метр вышыні была засыпана залатымі і срэбнымі манетамі, якія проста высыпаліся з мяшкоў на зямлю. За доўгія гады метал асеў і сціснуўся, нібы пясок у часе адліву. І як абломкі карабля на пяску, тут вытыркаліся палаткі для сланоў, абабітыя тоўстым золатам і ўпрыгожаныя карбункуламі і бірузой. Тут былі і паланкіны для царскіх жонак, аздобленыя срэбрам і эмаллю, залатыя падсвечнікі, абвешаныя смарагдамі, якія калыхаліся і звінелі; срэбныя статуі багоў з дарагімі каменнямі заместа вачэй; сталёвыя панцыры з залатой насечкай і дробнымі пачарнелымі перламі; лакіраваныя шчыты з чарапахі і насарогавай скуры, акаваныя чырвоным золатам і аблямованыя смарагдамі; шлемы з чырвонымі, як кроў, рубінамі; цэлыя кучы ўтыканых брыльянтамі мячоў, кінжалаў, паляўнічых нажоў; залатыя каўшы, царкоўныя чашы і алтары; кубкі і бранзалеты з нефрыта; пукатыя залатыя збаны; пярсцёнкі для носа і для рук, павязкі для галавы, грэбні, паясы і безліч усялякіх дарагіх цацак. Ад струхлелых драўляных куфраў засталіся толькі жалезныя рэбры, праз якія высыпаліся неапрацаваныя шафіры, апалы, тапазы, рубіны, дыяманты, смарагды, гранаты.

Белая Кобра казала праўду. Ніякімі грашыма нельга было ацаніць усе гэтыя багацці, якія на працягу стагоддзяў сабіраліся войнамі, грабежніцтвам, гандлем і эксплуатацыяй. Адных толькі манет было дзвесце-трыста тон, не кажучы ўжо пра дарагія камяні і іншыя рэчы.

Індускія князькі, нават самыя бедныя, і да гэтага часу маюць звычай збіраць і захоўваць золата, срэбра і дарагія каменні. Часам хто-небудзь з іх, больш "цывілізаваны", пасылае сорак ці пяцьдзесят вазоў срэбра для абмену на валюту, але большасць свайго скарбу хавае ў натуры.

Маўглі, вядома, не разумеў значэння гэтых рэчаў. Зацікавілі былі яго нажы, але яны здаліся яму горшымі за яго ўласны, і ён кінуў іх.

Нарэшце ён знайшоў цікавы прадмет, які ляжаў спераду ў слановай палатцы-сядле. Гэта быў так званы "анк", які ўжываецца для кіравання і паганяння сланоў. Ён быў больш за поўметра даўжынёю і па сваёй форме зусім падобны да нашага багра. На канцы яго яскравіўся круглы рубін, далей на трэцюю частку даўжыні анк быў асыпаны бірузой, потым быў нефрытавы абадок са смарагдавымі лісточкамі і рубінавымі кветкамі. Далей ішоў стрыжань з чыстай слановай касці, а востры сталёвы канец быў аздоблен залатым малюнкам палявання на сланоў. Гэтымі малюнкамі і зацікавіўся Маўглі, бо яны мелі дачыненне да яго прыяцеля Хаці.

Белая Кобра ўвесь час сачыла за ім.

— Ну, што? — пыталася яна. — Няўжо ж не варта памерці, каб убачыць усё гэта? Ці не вялікую ласку зрабіла я табе?

— Не разумею, — адказаў Маўглі. — Усе гэтыя рэчы цвёрдыя, халодныя і іх нельга есці. Але вось гэтую штуку — і ён падняў анк — я хачу ўзяць з сабой і паглядзець на яе пры сонцы. Ты кажаш, што ўсё гэта належыць табе. Ці не аддасі ты мне яе? А я затое прынясу табе жаб.

Белая Кобра аж дрыжала ад злоснай радасці.

— Вядома аддам! — сказала яна. — Усё, што тут ёсць, я табе аддаю, пакуль ты не захочаш выйсці:

— Але я зараз іду! Тут цёмна і холадна, і я хачу ўзяць гэтую востраканечную штуку з сабой у Джунглі.

— Зірні сабе пад ногі. Што ты там бачыш?

Маўглі падняў нешта белае і гладкае.

— Гэта косць ад чалавечага чэрапа — спакойна прамовіў ён. — А во і яшчэ дзве!

— Яны прыходзілі сюды па скарб шмат гадоў назад. Я пагутарыла з імі ў цемры — і яны супакоіліся...

— Ды мне зусім і не патрэбны гэты так званы скарб! Аддасі мне анк — дык будзе Добрае Паляванне, а не — усё роўна будзе Добрае Паляванне. Я не б'юся з Атрутным Племем ды яшчэ ведаю Уладарнае Слова твайго племя.

— Тут толькі адно Ўладарнае Слова — маё!

Каа кінуўся наперад, і вочы яго заблішчэлі.

— Хто прасіў мяне прывесці Чалавека? — спытаў ён.

— Ну, я! — адказала Кобра. — Я даўно не бачыла Чалавека, а гэты Чалавек гаворыць нашай мовай.

— Але ў нас не было гутаркі пра забойства! Як я пакажу вочы ў Джунглі, калі пакіну яго тут на смерць?

— Я яшчэ нічога не кажу пра забойства. А калі ты хочаш ісці, дык вось табе дзіра ў сцяне. Але ты будзь цішэй, тлусты забойца Малпаў! Варта мне толькі крыху дакрануцца да тваёй шыі, — і Джунглі больш цябе не ўбачаць. Ніводзін Чалавек, што прыходзіў сюды, не выйшаў яшчэ адсюль жывым. Я — вартаўнік багаццяў царскага горада!

— Але кажуць жа табе, белы чарвяк цемры, што цяпер няма ні цара, ні горада! Над намі толькі Джунглі, Чуеш? — крычаў Каа.

— Затое застаецца скарб. Ну, ды мы ўсё гэта самі ўлагодзім! Пачакай крыху, Каа, і пацешся, як хлопчык бегае. Тут досыць месца для добрай гульні. Пабегай узад і ўперад, хлопчык, і пагуляй!

Маўглі ціха палажыў сваю руку на галаву Каа. — Да гэтага часу гэтае белае стварэнне мела справу толькі з людзьмі Чалавечай Зграі, мяне яно не ведае, — прашаптаў ён. — Ей захацелася палявання — я ёй пакажу яго!

Маўглі трымаў анк вострым канцом уніз. Адзін міг — і шыя змяі, каля каптура, была прышпілена да зямлі. Каа націснуўся на яе і затрымаў рухі рэшты цела. Толькі галава Кобры люта кідалася направа і налева, ды вочы гарэлі чырвоным агнём.

— Забівай! — сказаў Каа, калі рука Маўглі дакранулася да нажа.

— Не, — адказаў Маўглі, — я забіваю толькі для спажывы. Глянь, Каа! Ён схапіў змяю за галаву, расчыніў рот нажом і паказаў на верхняй сківіцы страшныя атрутныя зубы. Чорныя і зморшчаныя, яны глыбока сядзелі ў дзясне. Белая Кобра "перажыла" сваю атруту, як гэта здараецца са змеямі.

— Туу!.. высах! — сказаў Маўглі. — Пусці яе, Каа. І ён выцягнуў анк з цела Кобры.

— Для царскага скарбу патрэбен новы вартаўнік, — пахмура сказаў Маўглі. — А цяпер пабегай узад і ўперад і пагуляй!

— Мне сорамна, забі мяне! — прасіла Белая Кобра. — І без таго тут надта многа гаворыцца пра забойства. Хадзі адсюль. А гэтую востраканечную штуку я бяру з сабой, бо я біўся і перамог цябе, Каптур!

— Глядзі, каб гэтая штука не забіла цябе пад канец. Гэта — Смерць. Памятай, гэта Смерць! Гэтая штука можа загубіць усіх жыхароў майго горада. Нядоўга будзеш ты ўладаць ёю, Чалавек Джунгляў, таксама як і той, хто адбярэ яе ад цябе. Людзі будуць забіваць, забіваць, забіваць адзін аднаго праз гэтую штуку! Мая сіла высахла, але анк зробіць маю справу. Гэта — Смерць! Смерць!

Маўглі вылез праз дзіру ў сцяне і, азірнуўшыся, убачыў як Белая Кобра люта кусае сваімі няшкоднымі зубамі дурныя морды залатых ідалаў і сіпіць: "Гэта Смерць!.."

Яны з палягчэннем уздыхнулі, выбраўшыся з падзямелля. У Джунглях Маўглі пачаў разглядаць пры святле бліскучы анк і захапляўся ім, як дзіўнай невядомай краскай.

— Гэта будзе яскравей за вочы Багіры! — задаволена казаў ён, прыглядаючыся да рубіна. — Я пакажу ёй гэтую штуку. Але што меў на ўвазе Каптур, калі казаў пра смерць? У гэтых Халодных Пячорах і ўверсе і ўнізе, усюды чакае бяда.

— Не ведаю. Але шкадую, што ён не паспытаў твайго нажа. Можа папалюем сёння разам? — прапанаваў Каа.

— Не. Трэба паказаць гэтую штуку Багіры. Добрага Палявання!

Маўглі пабег прэч, размахваючы вялізным анкам і час ад часу спыняючыся, каб пацешыцца з яго. Нарэшце ён прыйшоў да Багіры, якая адпачывала каля вадапою пасля цяжкага палявання. Маўглі расказаў пантэры пра ўсе свае прыгоды з пачатку да канца. Багіра слухала і час ад часу абнюхвала анк. Калі Маўглі дайшоў да апошніх слоў Кобры, Багіра замуркала ў знак згоды.

— Значыцца, Белы Каптур сказаў праўду? — здзівіўся Маўглі.

— Я нарадзілася ў царскіх клетках у Удэйпуры, і здаецца, ведаю людзей. Шмат хто з іх гатоў зрабіць тры забойствы за ноч дзеля такога чырвонага камня.

— Але ад камня гэтая штука робіцца толькі цяжэйшай. Мой бліскучы ножык куды лёпшы. А вось глядзі: чырвоны камень нават есці нельга. Завошта тут забіваць?

— Ідзі выспіся, Маўглі. Ты жыў сярод людзей і ўсё ж такі...

— Успомніў ужо! Людзі забіваюць не таму, што палююць. Яны забіваюць дзеля пацехі і таму, што ім няма чаго рабіць. Для чаго ж зроблена гэтая востраканечная штука?

Багіра крыха расплюшчыла вочы — ёй вельмі хацелася спаць — і хітра падміргнула.

— Людзі зрабілі гэтую штуку для таго, каб утыркаць яе ў галаву сыноў Хаці, каб лілася кроў. Я гэта бачыла на вуліцах Ідэйпура перад нашымі клеткамі. Гэтая штука пакаштавала крыві вельмі многіх Хаці.

— Навошта яны ўтыркаюць яе ў галовы сланоў?

— Каб навучыць іх Чалавечаму Закону. Не маючы ні кіпцюроў, ні зубоў, людзі майструюць гэтыя штукі, ды робяць яшчэ і горшыя справы. — Заўсёды кроў, калі наблізішся нават да рэчаў, зробленых чалавекам! — з агідай сказаў Маўглі, ды і цяжкі анк ужо абрыдаў яму. — Каб я ведаў, ніколі не ўзяў бы гэтай штукі. Тады я бачыў кроў Месуі на рэмнях, а цяпер бачу кроў Хаці. Я больш не хачу да яе дакранацца. Глядзі!

Анк, бліскаючы як агонь, паляцеў і ўпіўся ў зямлю між дрэў.

— Цяпер мае рукі ачысціліся ад смерці, — сказаў Маўглі, пераціраючы рукі свежай вільготнай зямлёй. Але яна — старое, белае, бяззубае стварэнне.

— Белае ці шэрае, смерць ці жыццё, а я іду спаць, Братка. Я не магу паляваць усю ноч, а потым скавытаць увесь дзень, як робяць іншыя.

Багіра пайшла ў сваё паляўнічае логава, мілі на дзве ў бок, а Маўглі ўскараскаўся на дрэва, звязаў тры ці чатыры ліяны і праз момант ужо спаў, калыхаючыся ў гамаку на вышыні пятнаццаці метраў. Хоць ён і не адчуваў агіды да дзённага святла, як яго сябры, але разам з імі стараўся як мага менш заставацца на сонцы.

Гоманка ўсялякіх жыхароў на дрэвах разбудзіла яго пад вечар. Яму сніліся прыгожыя каменьчыкі, што ён бачыў у пячоры.

— Зірну прынамсі яшчэ раз на гэтую штуку, — прамармытаў ён і спрытна спусціўся па ліянах на зямлю.

Багіра была ўжо пад дрэвам. Маўглі чуў, як яна сапла ў змроку.

— Дзе востраканечная штука? — крыкнуў Маўглі.

— Яе забраў Чалавек. Во яго след. — Паглядзім, ці праўду сказаў Каптур. Калі востраканечная штука — смерць, дык гэты чалавек памрэ. Пойдзем за ім!

— Падмацуйся спачатку, — параіла Багіра. — На пусты жывот вока дрэнна бачыць. Людзі — целяпні. У Джунглях вільготна, і сляды добра адбіліся.

Яны злавілі першую, якая трапілася, дзічыну, але толькі праз тры гадзіны адчулі сябе сытымі як мае быць, напіліся і пайшлі, схіліўшыся, па следу. Жыхары Джунгляў ведаюць, што абедаць са спешкай нядобра.

— Няўжо-ж ты думаеш, што востраканечная штука павернецца ў руцэ чалавека і заб'е яго? — пытаўся Маўглі.

— Гэта мы ўбачым, — сказала Багіра, не падымаючы галавы. — След — аднаногі (яна хацела сказаць, што гэта след аднаго чалавека), і ад цяжару той штукі пяткі яго глыбока ўціснуліся ў зямлю.

— Так, гэта ясна, як летняя маланка, — сказаў Маўглі, і яны хутка пабеглі па плямах месяцавага святла, не спускаючы вачэй са слядоў ад пары голых ног.

— Цяпер ён шпарка бяжыць, — заўважыў Маўглі. — Канцы ног рассунуліся ў бакі. Але чаму след тут заварочваецца?

— Пачакай! — сказала Багіра і зрабіла велізарны, адмысловы скачок (калі след робіцца невыразным, яго трэба пераскочыць, каб не заблытаць сваімі ўласнымі слядамі).

Там яна павярнулася да Маўглі і крыкнула: — Тут ідзе насустрач другі след! У гэтага следу нага маленькая і пальцы павернуты ў сярэдзіну.

Маўглі падбег і прыгледзеўся.

— Гэта нага паляўніка-гонда, — сказаў ён. — Глядзі! Вось ён валачыў свой лук па траве... Дык вось чаму першы след так раптоўна звярнуўся ў бок: Вялікі хаваўся ад Малога.

— Верна, — згадзілася Багіра. — Ну, а цяпер, каб не блытаць слядоў, кожны з нас хай возьме асобны след. Я буду Вялікая Нага, а ты — Малая Нага.

Багіра кінулася па першаму следу, а Маўглі схіліўся над следам малога ляснога дзікуна.

— Такім чынам, — казала Багіра, ідучы па следу крок за крокам, — я, Вялікая Нага, тут заварочваю ў бок. Цяпер я хаваюся за камень і ціха стаю, баючыся крануць нагой. Крыкні свой след, Братка! — А я — Малая Нага, падыходжу да камня, — адказаў Маўглі. — Цяпер я саджуся ля камня, апіраючыся на правую руку і кладу свой лук паміж ног. Я чакаю доўга, бо тут мая нага глыбока ўціснулася...

- І я таксама... — казала Багіра, хаваючыся за камнем. — Я чакаю, абапершыся канцом востраканечнай штукі аб камень. Яна саслізнулася — во на камні шрам. — Раскажы свой след, Братка!

— Тут абламалася некалькі галінак і вялікі сук, — мармытаў Маўглі. — Што ж мне цяпер сказаць? А, разумею! Я, Малая Нага, іду прэч смела, з шумам і тупатам, так што Вялікая Нага чуе мяне...

І Маўглі крок за крокам пачаў аддаляцца ад камня, пакуль не дайшоў да невялікага водаспада. Адсюль ён крыкнуў Багіры:

— Я адыходжу далёка... туды, дзе шум вады заглушае мой шум... і тут чакаю. А які ў цябе след, Вялікая Нага?

Пантэра кідалася ва ўсе бакі, шукаючы следу Вялікай Нагі ад скалы, і, нарэшце, крыкнула:

— Я высоўваюся з-за камня на каленах, і валаку востраканечную штуку. Не заўважыўшы нікога, я пачынаю бегчы. Я, Вялікая Нага, бягу шпарка. След выразны. Няхай кожны з нас бяжыць па свайму следу. Я пабегла!

Кожны з іх кінуўся па сваіх слядах, і на некаторы час у Джунглях зрабілася ціха.

— Дзе ты, Малая Нага? — крыкнула Багіра.

Голас Маўглі пачуўся за пяцьдзесят крокаў.

— Ага! — прамармытала Багіра. — Цяпер сляды бягуць побач і паступова збліжаюцца... Так яны прабеглі яшчэ з поўмілі, і нарэшце, Маўглі, галава якога была вышэй ад зямлі, як галава Багіры — першы ўбачыў збліжэнне.

— Яны сустрэліся! Добрага Палявання! Вось тут Малая Нага абаперся каленам на камень, а вунь ляжыць Вялікая Нага!

За дзесяць крокаў, на крушні дробных каменняў, ляжала цела мясцовага селяніна. Тонкая, з пер'ем, гондаўская страла прабіла яму грудзі наскрозь.

— Як бачыш, Кобра не такое ўжо зышоўшае з розуму стварэнне, як ты думаў, Братка! — усміхнулася Багіра. — Прынамсі адна смерць ужо ёсць.

— Пойдзем далей. Але дзе ж слановы крывасмок — Чырвоная Калючка?

— Мусіць, у Маленькай Нагі. Цяпер зноў след пайшоў аднаногі.

След лёгкага чалавека, які бег са значным Цяжарам на левым плячы, ішоў па сухой траве і для пільнага вока нашых следапытаў быў такім выразным, нібы яго выпалілі гарачым жалезам.

Абодва маўчалі, пакуль след не прывёў іх да пагаслага вогнішча ў лагчыне.

— Зноў! — крыкнула Багіра, спыніўшыся на месцы, як скамянелая.

Зморшчанае цела маленькага гонда ляжала, утыркнуўшыся ў попел. Багіра пытліва паглядзела на Маўглі. — Гэта зроблена бамбукавым кіем, — прамовіў Маўглі, зірнуўшы на мёртвае цела. — Я сам ужываў яго, калі пасвіў буйвалаў Чалавечай Зграі. Дзед Кобр, як я цяпер шкадую, што здзекваўся з цябе! Дзед Кобр, відаць, добра ведае гэтую пароду. Ды і я павінен быў бы лепш ведаць яе. Але ж ці не казаў я, што людзі забіваюць дзеля пацехі?

— Так, яны зрабілі забойства дзеля чырвоных і сініх каменьчыкаў, — адказала Багіра. — Я ж ведаю, я жыла ў каралеўскіх клетках у Удэйпуры.

— Раз, два, тры, чатыры сляды! — казаў Маўглі, схіліўшыся над попелам. — Чатыры сляды людзей з падкаванымі нагамі. У абутку яны ходзяць не так шпарка, як гонды. Але што дрэннае зрабіў ім маленькі лясны жыхар? Глядзі, яны гутарылі ўпяцёх перад тым, як забіць яго. Багіра, пойдзем назад! У мяне баліць сэрца. Яно скоча ўва мне, нібы гняздо івалгі на канцы галінкі.

— Кепскі ж з цябе паляўнік, калі кідаеш дзічыну на палове дарогі! Хадзем! Гэтыя восем падкованых недалёка адышліся.

Цэлую гадзіну яны не сказалі аніводнага слова, ідучы па следу чатырох чалавек у абутку. Быў поўдзень. Сонца пякло.

— Я чую дым! — сказала Багіра.

— Людзі больш здольныя есці, як бегчы, — адказаў Маўглі, шныраючы сярод калючых кустоў.

Раптам Багіра, якая бегла крыху наперадзе, крыкнула:

— А во Чалавек, якому болей ужо не прыдзецца ні есці, ні бегчы!

Цела ў стракатым убранні ляжала пад кустом, а вакол была рассыпаная мука. — Гэта зноў зроблена бамбуком, — сказаў Маўглі. — Глядзі, вунь гэты белы пыл ядуць людзі. Яны адабралі ежу ў таго чалавека, які нёс яе, а яго самога аддалі на здабычу Каршуну-Чылю.

— Гэта ўжо трэці! — сказала Багіра.

— Абавязкова занясу Дзеду Кобру тлустых жаб і накармлю яго! — мармытаў сам сабе Маўглі. — Слановы крывасмок — сама Смерць! Але я ўсё яшчэ не разумею, у чым справа...

— Ідзем далей! — сказала Багіра.

Не прайшлі яны і поўмілі, як пачулі гругана Ко, які спяваў хаўтурную песню на верхавіне тамарыска, пад якім ляжалі тры трупы. Ад вогнішча яшчэ ішоў дымок; над ім на жалезнай блясе ляжаў абгарэлы кавалак цеста. А побач яскравіўся на сонцы бірузова-рубінавы анк.

— Спрытна працуе гэтая штука! — прамовіла Багіра. — Але ўсё скончылася. Толькі не разумею, як памерлі гэтыя. На іх няма ніякага знаку. Кожны жыхар Джунгляў не горш ад доктара ведае атрутныя расліны і ягады. Маўглі панюхаў дым, узяў у рот кавалак абгарэлага цеста і зараз жа выплюнуў.

— Яблык Смерці! — крыкнуў ён. — Чалавек, што забіў гонда, падрыхтаваў атруту для гэтых трох, а яны забілі яго самога.

— А што будзе цяпер? — сказала Пантэра. — Няўжо-ж і нам з табой прыдзецца забіць адзін аднаго праз гэтага чырвонавокага забойцу?

— Няўжо-ж ён можа гаварыць? Няўжо-ж я пакрыўдзіў яго, калі кінуў прэч? — прашаптаў Маўглі. — Але паміж нас нічога такога не будзе, бо нам не патрэбна тое, чаго жадаюць людзі. Але ж калі пакінуць гэтую штуку тут, яна будзе забіваць людзей аднаго за адным без перапынку, — вось як арэхі сыпяцца ў буру. Я не люблю людзей, але ў мяне зусім няма жадання, каб яны паміралі па шасцёра за ноч.

— А што нам да таго? Яны ж толькі людзі. Яны забівалі адзін аднаго і адчувалі сябе вельмі добра, — сказала Багіра. — А той малы лясны жыхар добра паляваў!

— Шчаняты яны і больш нічога! А шчанё гатоў утапіцца, каб укусіць свой цень у вадзе, — разважаў Маўглі. — Але ж ва ўсім гэтым вінаваты я. Ніколі цяпер не буду прыносіць у Джунглі чужых рэчаў, хоць бы яны былі прыгажэйшыя за кветкі. А гэта, — і Маўглі асцярожна ўзяў анк, — пойдзе назад да Дзеда Кобра. Але спачатку паспім, толькі не тут. Ды трэба яшчэ закапаць гэтую штуку, а то яна ўцячэ і заб'е яшчэ шасцёра. Выкапай яму пад гэтым дрэвам!

— Але ж я кажу табе, Братка, што гэта не крывасмок вінаваты, — бурчэла Багіра, прымаючыся за працу. — Уся справа ў людзях!

— Усёроўна! — адказаў Маўглі. — Капай яму глыбей. Калі мы выспімся, я аднясу гэтую штуку назад.

Праз дзве ночы, калі Белая Кобра, пакрыўджаная, абрабаваная і адзінокая, сумавала ў цёмным склепе, з дзіры ў сцяне выляцеў бірузовы анк і бразнуўся на груды залатых манет.

— Дзед Кобр! — пачуўся па-за сцяной голас Маўглі: — Знайдзі сабе маладога і дужага памочніка з твайго племя. Няхай ён паможа табе сцерагчы царскі скарб, каб ніводзін чалавек не выйшаў адсюль жывым. — Ага! Значыцца, гэтая штука вярнулася! Я ж казала, што гэта Смерць! Але якім чынам ты выратаваўся? — спыталася Старая Кобра, з замілаваннем абвінаючыся вакол халоднага анка.

— Клянуся Быком, што выкупіў мяне, я не ведаю... Гэтая штука зрабіла шэсць забойстваў за адну ноч! Больш не выпускай яе адсюль...