Перайсці да зместу

Маўглі (1934)/Паляванне Каа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Браты Маўглі Паляванне Каа
Апавяданне
Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг
1893 год
Арыгінальная назва: Kaa's Hunting
Як прыйшоў Страх

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЛЯВАННЕ КАА

Плямы — аздоба барса; гонар буйвала — рогі.
Будзь ахайны: у бліскучай футры ты больш страшны для ворага.
Калі бык цябе коле рагамі ці б'е нагой — алень, не скуголь: пра гэта мы ведаем шмат гадоў, не першы дзень.
Не ўціскай шчаняці чужога; будзь яму за брата роднага: і мізэрнае медзвянё мае за сабой маці.
— Хто лепшы за мяне? — выхваляецца юны воўк пасля першай здабычы. Памятай, што лес вялікі, а ты — нікчэмны, і маўчы.Выслоўі Балу.

Усё, пра што гаворыцца далей, адбылося яшчэ да таго, як Маўглі быў выключаны з Сіанійскай Воўчай Зграі. Гэта было ў тыя дні, калі Балу навучыў яго закону Джунгляў. Вялізны, паважны, стары буры мядзведзь захапляўся здольнасцю вучня. Ваўчаняты вывучаюць з Закону Джунгляў толькі тое, што тычыцца іх уласнай Зграі і Племя, і разыходзяцца, як толькі вывучаць паляўнічы верш:

"Ногі, якія ціха ступаюць; вочы, што бачаць у цемры; вушы, што чуюць лясны ветрык з глыбіні логава; вострыя белыя зубы — усё гэта адзнакі нашых братоў, апрача шакала Табакі і гіены, якіх мы ненавідзім".

Але Маўглі, як Чалавечаму Дзіцяці, давялося вывучаць куды больш. Часам Багіра, Чорная Пантэра, бадзяючыся па Джунглях, заходзіла паглядзець, як маецца яе ўлюбёны, і курныкала, прытуліўшыся да дрэва, пакуль Маўглі адказваў Балу дзённую лекцыю.

Хлопчык лазіў таксама добра, як і плаваў, а плаваў таксама дасканала, як бегаў. Настаўнік закону, Балу, пачаў навучаць яго ўжо Законам Вады і Лесу: як адрозніць трухлявы сук ад здаровага, як звяртацца з далікатнаю прамоваю да дзікіх пчол, калі здарыцца патрапіць на іхні вулей на вышыні пятнаццаці метраў над зямлёй; што сказаць Мангу, Упыру, калі прыдзецца патурбаваць яго на галіне ў дзённы час; як папераджаць Вадзяных Змеяў у сажалцы, што збіраешся скокнуць у ваду. Ніхто з жыхароў Джунгляў не любіць, каб яго турбавалі, і ўсе яны ў кожны момант гатовы кінуцца на таго, хто парушыць іх спакой.

Потым Маўглі вывучыў Паляўнічы Кліч Чужаземца, які трэба гучна паўтараць да таго моманту, пакуль не атрымаеш на яго адказу, — гэта ў тых выпадках, калі хто-небудзь з жыхароў Джунгляў палюе на чужой зямлі. У перакладзе яно азначае наступнае:

"Дазвольце мне тут папаляваць, бо я галодны", а на гэта звычайна бывае адказ:

"Палюй, каб падкарміцца, але не для забавы".

З усяго гэтага можна бачыць, як многа даводзілася Маўглі вучыць напамяць, і яму часам нехапала сілы паўтараць сотні разоў усё тое самае. Аднаго разу, калі Маўглі атрымаў па карку і ўцёк пакрыўджаны, Балу сказаў Багіры:

— Чалавечае Дзіцянё — дзіця Чалавека, і павінна ведаць усе законы Джунгляў!

— Але-ж глянь, які ён малы, — казала Чорная Пантэра, якая пэўна папсавала-б Маўглі, каб ён быў ёй даручаны. — Ці-ж можа яго галава змясціць усе твае даўгія прамовы?

— А ці ёсць тут, у Джунглях, што-небудзь такое малое, каб не рызыкавала жыццём? Не! Вось чаму я навучаю яго ўсім гэтым навукам, вось чаму я крыху пляскаю яго, калі ён забываецца.

— Крыху! Што ты разумееш у гэтым, старая жалезная лапа? — бурчэла Багіра. — У яго ўвесь твар змардаваны тваімі пяшчотамі. Пасаромся!

— Лепш, калі ён будзе падрапаны з галавы да ног мною, тым, хто яго любіць, чымся пацерпіць калі-небудзь ад свайго невуцтва! — сурова адказваў Балу. — Я цяпер навучаю яго Ўладарнаму Слову Джунгляў, якое абароніць яго ад птушак і змяінага роду, і ад усіх чатырохногіх паляўнікоў, апрача ўласнай Зграі. Цяпер ён можа патрабаваць абароны ўсюды ў Джунглях, калі будзе памятаць словы. Няўжо-ж за ўсё гэта не варта крыху тузануць?

— Яно так, але ты глядзі, не забі Чалавечага Дзіцяці. Ён табе не камень, каб вастрыць на ім свае тупыя кіпцюры! Але што такое гэтыя Ўладарныя Словы? Што да мяне, дык я маю больш ахвоты падаць дапамогу, як прасіць! — пры гэтым Багіра выпрастала лапу і паглядзела на свае чорныя, бліскучыя, як сталь, і выгнутыя кіпці. — Але ўсё-ж я хацела-б ведаць гэтыя словы.

— Я клікну Маўглі, і ён табе іх скажа, калі захоча. Ідзі сюды, Браток!

— У мяне галава гудзіць, нібы пчаліны вулей, — пачуўся над іх галавамі хмуры голас, і з дрэва слізгануў раззлаваны Маўглі. — Я спусціўся сюды дзеля Багіры, а не дзеля цябе, стары, тоўсты Балу.

— Гэта мне ўсёроўна, — прамовіў спакойна Балу, хоць сапраўды ён быў пакрыўджаны. — Ну, паўтары Багіры Ўладарныя Словы Джунгляў, што я навучыў цябе сёння.

— Для якога племя? — спытаў Маўглі, задаволены тым, што можа паказаць свае веды. — У Джунглях шмат гаворак. Я ведаю іх усе.

— Сёе-тое ты ведаеш, але далёка яшчэ не ўсё. Каб ты ведала, Багіра, якія яны ўсе няўдзячныя! Аніводнае ваўчанё яшчэ ні разу не прыйшло падзякаваць старому Балу за яго навуку! Ну, скажы мне слова Паляўнічых Пляменняў, вялікі вучоны!

— "Мы адной крыві, вы і я", — прамовіў Маўглі, надаўшы сваім словам мядзвежы акцэнт, характэрны для Паляўнічых Пляменняў.

— Добра. Ну, цяпер Птушынае.

Маўглі прамовіў тыя самыя словы, але з прысвістам Коршуна ў канцы сказу.

— Цяпер для Змяінага Племя, — дамагаўся Балу.

У адказ пачулася такое сіпенне, што і апісаць нельга. Потым Маўглі дрыгнуў нагой, запляскаў сам сабе ў далоні і ўскочыў Багіры на спіну; усеўся сабе там бокам і пачаў калашмаціць пяткамі па бліскучай футры ды яшчэ дражніць Балу рознымі смешнымі мінамі.

— Так, так! Гэта варта некалькіх драпінак, — з замілаванем казаў буры мядзведзь. — Калі-небудзь ты будзеш успамінаць мяне з падзякаю.

Потым ён звярнуўся да Багіры і расказаў ёй, як ён выпрасіў Патаемныя словы ў Хаці, Дзікага Слана, які ўсе гэтыя рэчы добра ведае, і як Хаці згадзіўся павесці Маўглі да сажалкі, каб вывучыць Змяінае Слова ад Вадзяной Змяі, бо Балу не ўмеў вымавіць яго; Маўглі цяпер досыць забяспечаны ад усялякіх выпадковасцей: у Джунглях цяпер ужо ні змяя, ні птушка, ні звер не пакрыўдзяць яго!..

— Значыцца, баяцца няма каго! — з гонарам скончыў Балу, пагладжваючы лапай сваё вялізнае лахматае бруха.

— Апрача ўласнага племя, — прамармытала Багіра, а потым, ужо голасна, звярнулася да Маўглі. — Пашкадуй мае рэбры, Братка! Што за скокі на маёй спіне?

Тымчасам Маўглі яшчэ больш пачаў таўчы нагамі і нават скубсці ёй поўсць на плячах, каб звярнуць да сябе яе ўвагу. Ён крычаў ва ўсё горла:

— У мяне будзе ўласная зграя, і я буду вадзіць яе па дрэвах цэльныя дні!

— Гэта што за новая блазнота, малы свавольнік? — спыталася Багіра.

— Але, і буду кідаць гніллём у старога Балу, — казаў далей Маўглі. — Яны мне гэта абяцалі. Ай!

Вялізная лапа Балу сцягнула Маўглі са спіны Багіры, і хлопчык, сціснуты пярэднімі лапамі, убачыў над сабой гнеўны твар мядзведзя.

— Маўглі, — сказаў Балу, — ты гутарыў з Бандар-Логам — Малпавым Народам?

Маўглі зірнуў на Багіру, ці не злуе таксама і яна, і ўбачыў, што вочы пантэры жорстка свецяцца.

— Ты быў у Малпавага Племя — у шэрых малпаў — у народа без Закону, усяжэрных стварэнняў? Які сорам!

— Калі Балу пабіў мне галаву, — прамовіў Маўглі (усё яшчэ лежачы на спіне), — я ўцёк; шэрыя малпы спусціліся з дрэў і пашкадавалі мяне. І ніхто болей не ўспамінаў пра мяне...

— Жаль Малпавага Племя, — хрыпеў Балу, — гэта спакой горнага ручая! Гэта — холад летняга сонца! Ну, і што-ж далей, Чалавечае Дзіцянё?

— А потым... потым яны мне панадавалі арэхаў і многа надзвычайна смачных рэчаў, панеслі мяне на руках на верхавіны дрэў і сказалі, што я іхні брат па крыві, толькі хваста ў мяне няма, і што ў будучым я буду ў іх правадыром...

— У іх няма правадыра, — сказала Багіра. — Яны хлусяць. Яны заўсёды хлусяць!

— Яны былі са мной вельмі ласкавыя і сказалі, каб зноў прыйшоў. Чаму мяне не пускаюць да малпаў? Яны стаяць на двух нагах, як і я. Яны не б'юць мяне цвёрдымі кіпцямі! Яны ўвесь час гуляюць. Пусціце мяне ўверх! Злы Балу, адпусці мяне ўверх! Я зноў буду гуляць з імі!

— Слухай, Чалавечае Дзіцянё! — прамовіў Мядзведзь, і голас яго быў падобны да грому ў гарачую ноч. — Я навучыў цябе Закону Джунгляў, але без Народу Малпаў, якія жывуць на дрэвах. У іх няма Закону. Яны адшчапенцы. Яны не маюць сваёй мовы, а карыстаюцца накрадзенымі словамі, якія падслухоўваюць, седзячы на дрэвах і сочачы за намі. Іх шлях — не наш шлях. У іх няма правадыроў. У іх няма памяці. Яны балбочуць і выхваляюцца і выстаўляюць сябе за вялікі народ, які мае зрабіць у Джунглях вялікія справы; але варта толькі ўпасці арэху, каб яны пачалі рагатаць і зараз-жа забыліся на ўсё. Мы, жыхары Джунгляў, не маем з імі спраў. Мы не п'ем там, дзе п'юць малпы, мы не ходзім туды, куды яны ходзяць; мы не палюем там, дзе яны палююць; мы не паміраем там, дзе яны паміраюць. Ці чуў ты ад мяне хоць адно слова пра Бандар-Лог да гэтага часу?

— Не, — прашаптаў Маўглі, і ўвесь лес быў ахоплены цішаю, калі Балу скончыў.

— Народы Джунгляў выключылі іх з сваёй мовы і сваёй памяці. Іх вельмі многа, яны злыя, неахайныя, бессаромныя, і вельмі жадалі-б, калі толькі ў іх могуць быць пэўныя жаданні, — звярнуць на сябе ўвагу жыхароў Джунгляў. Але мы не заўважаем іх нават тады, калі яны кідаюць нам на галаву бруд і арэхі...

Не паспеў ён скончыць гэтыя словы, як з дрэў пасыпаў дождж арэхаў і галля; высока ў паветры, сярод тонкіх галін пачулася кірханне, скогат і сярдзітыя рухі.

— Малпаў Народ забаронены, — сказаў Балу, — забаронены жыхарамі Джунгляў. Памятай гэта!

— Забаронены, — дадала Багіра, — але я ўсё-ж такі думаю, што Балу павінён быў папярэдзіць цябе...

— Я... я? Але-ж ці магло мне прыйсці ў галаву, што ён будзе пэцкацца з такой брыдотай? Малпавае Племя! Цьфу!..

Новы дождж, пасыпаўся ім па галаву, і абодва зверы пайшлі, узяўшы з сабою Маўглі.

Балу сказаў пра малпаў шчырую праўду.

Яны жывуць на верхавінах дрэў, а як зверы вельмі рэдка глядзяць угару, то малпам не здараецца ўваходзіць у дачыненне з жыхарамі Джунгляў. Затое, калі ім даводзіцца знайсці хворага ваўка, ці раненага тыгра або мядзведзя, дык малпы мардуюць яго, кідаюць арэхамі і галлём ні то для забавы, ні то дзеля таго, каб звярнуць на сябе ўвагу. Потым яны ўздымаюць вый, пяюць бязглуздыя песні і запрашаюць жыхароў Джунгляў забрацца да іх на дрэвы і падужацца, або з-за глупства пачынаюць між сабой крывавыя бойкі і пакідаюць трупы малпаў у такіх месцах, каб жыхары Джунгляў маглі іх бачыць. Яны спрадвеку збіраюцца мець свайго правадыра, уласныя законы і звычаі, але ніколі гэтага не робяць, бо памяць іх нічога не можа ўтрымаць да наступнага дня; каб усцешыць сябе, яны выдумалі прыказку: "Пра што думае Бандар-Лог сёння, пра тое Джунглі падумаюць заўтра".

Аніводзін звер не можа дабрацца да іх і разам з тым ніводзін звер іх не заўважае. Вось чаму малпы былі ў захапленні, калі Маўглі гуляў з імі, а Балу злаваў на яго. Пра далейшае яны не думалі: Бандар-Лог ніколі нічога не думаюць. Але адна з іх натрапіла на выдатную, як ёй здавалася, думку, якую яна і падзяліла з сваімі таварышкамі, — гэта тое, што было-б вельмі карысна затрымаць у сябе Маўглі, бо, ён умее плесці з галля агарожы для абароны ад ветру: калі яго злавіць, дык можна прымусіць, каб ён і іх навунавучыў гэтаму. Маўглі, як сын дрывасека, атрымаў у спадчыну некаторыя яго навыкі і часта майстраваў з галля халупы, сам не ведаючы, адкуль у яго гэта бярэцца.

Малпы, пазіраючы за ім з дрэў, зацікавіліся гэтай дзівоснай гульнёй. Цяпер, — казалі яны, — у іх абавязкова будзе правадыр, і яны зробяцца самым разумным народзм у Джунглях, такім разумным, што ўсе іншыя іх заўважаць і будуць ім зайздросціць! Яны ціха сачылі па Джунглях за Балу, Багірай і Маўглі ўвесь час, пакуль не падышоў час поўдзённага сну і прысаромлены Маўглі не заснуў між пантэрай і мядзведзем, парашыўшы больш не мець аніякіх спраў з Малпавым Племем.

Праз сон ён адчуў нечыя рукі на сваіх руках і нагах — жорсткія, моцныя, маленькія рукі, — потым галлё засцёбала яго па твары, і ён пачуў унізе страшэнны лямант Балу, потым убачыў, як Багіра, выскаліўшы зубы, кінулася ўверх на дрэва. Бандар-Лог радасна завылі ад свайго поспеху, забраліся на самыя высокія галіны, куды Багіра не магла дабрацца, і адтуль крычалі:

— Яна нас заўважыла! Багіра заўважала нас! Усе Джунглі дзівяцца з нашай спрытнасці і хітрасці!

Потым яны пайшлі наўцёкі, а бег Малпавага Племя па дрэўным царстве — гэта такая рэч, якую і апісаць нельга. У іх там добрыя шляхі і сцежкі, спускі і пад'ёмы, пракладзеныя на вышыні ад пятнаццаці да дваццаці ці трыццаці метраў над зямлёй; калі трэба яны могуць вандраваць па іх нават уначы.

Дзве самых дужых малпы ўхапілі Маўглі пад пахі і пусціліся з ім па верхавінах дрэў, пераскокваючы па пяць метраў за адзін раз. Без цяжару яны маглі-б рухацца ў два разы хутчэй, але хлопчык затрымліваў іх сваёй вагой. У Маўглі закружылася галава, але ён усё такі адчуваў нейкую своеасаблівую асалоду ад гэтага шалёнага руху, хоць шпаркае мільганне зямлі, якая чарнелася недзе далёка ўнізе, наводзіла на яго жах, а ад страхатлівых штуршкоў і страсенняў у часе гіганцкіх паветраных пераскокаў у яго зубы ляскалі і сціскала духі.

Спадарожнікі Маўглі ўскоквалі з ім уверх на самыя тонкія галіны так, што яны ўжо пачыналі гнуцца і ламацца, і тады з кашлем і гіканнем кідаліся ў паветра да наступнага дрэва і хапаліся рукамі ці нагамі за ніжнія сукі. Часам яму адкрываліся заціхлыя зялёныя Джунглі на многа міль, як мора для чалавека, які ўзлез на мачту: потым галлё зноў пачынала сцёбаць яго па твары, і ён спускаўся з двума сваімі спадарожнікамі бадай што да зямлі. Так пераскокваючы, з трэскам, выем і гіканнем, усё племя Бандар-Лог неслася па дрэўных дарогах са сваім палоннікам Маўглі.

Спачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць. Потым пачаў злаваць, але, зразумеўшы, што змагацца няма сэнсу, пачаў разважаць. Першая думка была, якім чынам паведаміць пра сябе Багіру і Балу? Маўглі ведаў, што яны не здолеюць дагнаць малпаў і далёка застануцца ззаду. Сачыць за зямлёй таксама не было сэнсу, бо яе праз дрэвы не было відаць. Ён зірнуў угару і ўбачыў далёка ў сінім небе каршуна Чыля, які гойдаўся на сваіх крыллях і выглядаў, ці няма дзе ў Джунглях мярцвечыны. Чыль бачыў, што малпы нешта такое цягнуць і спусціўся ніжэй, каб паглядзець, ці не спажыўнае яно. Ён засвісцеў ад здзіўлення, калі ўбачыў, як Маўглі нясуць на верхавіну дрэва, і пачуў ад яго кліч: "Мы адной крыві, ты і я". Хвалі лісцяў і галля закрылі хлопчыка, але Чыль пераляцеў на суседняе дрэва, каб зірнуць на твар хлопчыка, калі той з'явіцца зноў.

— Заўваж мой след! — крычаў Маўглі. — Перадай Балу і Сіанійскай Зграі і Багіры з Скалы Ра-ад-ы!..

— Ад імя каго, Братка? — Чыль бачыў Маўглі ўпершыню, хоць, вядома, чуў пра яго.

— Ад Маўглі, Жабяняці. Яны завуць мяне Чалавечым Дзіцём! Заўваж мой след!!!

Апошнія словы Маўглі крыкнуў ужо ў паветры. Чыль пачуў, матнуў галавой, узняўся на такую вышыню, што здаваўся не больш за кропку і спыніўся ў паветры. Сваімі зіркімі вачыма ён сачыў адтуль за калыханнем дрэўных верхавін, па якіх імчаўся Маўглі са сваёй дружынай.

— Яны не пойдуць далёка! — сказаў сабе Чыль, усміхнуўшыся. — Бо яны ніколі не выконваюць таго, што задумалі. Бандар-Лог любяць усё новае. Але на гэты раз, калі зрок мой не хібіць, яны мала знойдуць для сябе цікавага, бо Балу не любіць жартаваць, ды і Багіра, паколькі мне вядома, б'е не адных толькі коз...

Ён гойдаўся на крыллях, падціснуўшы лапы, і чакаў, што будзе далей.

Тымчасам Балу і Багіра вар'явалі ад злосці і гора. Багіра лазіла па дрэвах так, як ніколі да гэтага часу; але тонкія галіны ламаліся пад яе цяжарам і яна саслізгалася ўніз з поўнымі кіпцямі кары.

— Чаму ты не папярэдзіў Дзіцяці? — рыкала яна на беднага Балу, які нязграбным трушком бег за малпамі. — І навошта было біць яго да поўсмерці, калі ты не папярэдзіў яго наконт самага важнага?

— Спяшайся! О, спяшайся! Можа... можа мы іх яшчэ дагонім! — казаў Балу, запыхаўшыся.

— Пры гэтай хуткасці нам не дагнаць і раненай каровы. Ну, настаўнік Джунгляў, які любіць лупцаваць шчанят, яшчэ адна міля такога шалёнага клыпання з боку на бок — і ты выцягнеш ногі! Сядай лепш і падумай! Складзем план. Цяпер ужо няма чаго кідацца. Калі мы падыдзем да іх блізка, яны могуць яго скінуць.

— Аррула! Гуу! Яны ўжо маглі скінуць яго, стаміўшыся цягацца з ім! Ці можна давяраць Бандар-Логу? Хай пасыпяцца трупы кажаноў на маю галаву! Дайце мне грызці чорныя косці! Ахутайце мяне хмарамі дзікіх пчол, хай яны заджгаюць мяне насмерць, і пахавайце мяне з гіенай, о я, няшчаснейшы з мядзведзяў! Арулала! Вагуа! О, Маўглі, Маўглі! Чаму я не перасцярог цябе ад Малпавага Племя, заместа таго, каб крышыць табе рэбры!.. Цяпер я, магчыма, выбіў з яго галавы дзённую лекцыю, і ён у Джунглях адзін, без Уладарных слоў!

Балу ахапіў свае вушы лапамі і з енкам пакаціўся на зямлю.

— Прынамсі мне ён верна паўтарыў усе Словы не так даўно, — нецярпліва перапыніла яго Багіра. — Балу, у цябе няма ні памяці, ні павагі да сябе! Што падумалі-б Джунглі, калі-б я, Чорная Пантэра, пачала качацца па зямлі, нібы Сагі-іглак, ды яшчэ скуголіць пры гэтым?

— Што мне да таго, як падумаюць жунглі? Можа ён ужо загінуў!

— Калі толькі яны не скінулі яго з дрэва дзеля пацехі ці не забілі так сабе, дык я зусім не баюся за Чалавечае Дзіцянё. Ён разумны і добра навучаны, ды апрача таго, у яго вочы, ад якіх дрыжаць усе Джунглі. Але ўся бяда ў тым, што ён у руках Бандар-Лога, а яны, жывучы на дрэвах, не баяцца нікога з нас...

Багіра задумліва лізала пярэднюю лапу.

— І дурны-ж я! Тлусты, буры, карняжэры дурань! — крыкнуў Балу, раптам выпрастаўшыся. — Праўду сказаў Хаці, Дзікі Слон: на кожнага свой страх. Яны, гэтыя Бандар-Лог, баяцца Каа, Каменнага Змея. Ён лазіць не горш ад іх. Ён крадзе ўначы маладых малпянят. Толькі ад аднаго імя яго, сказанага шэптам, халадаюць іх паганыя хвасты. Пойдзем да Каа!

— Што ён зробіць для нас? Ён не нашага племя; без ног, і з такімі д'ябальскімі вачыма, — прамовіла Багіра.

— Ён вельмі стары і вельмі хітры. Апроч таго, ён заўсёды галодны, — з надзеяй казаў Балу, — Наабяцай яму гару коз!

— Пасля сытнага абеда ён спіць цэльны месяц. Можа ён цяпер спіць, а калі прачнецца, дык можа захоча спачатку папаляваць на сваіх коз?

Багіра мала ведала Каа і таму ставілася да яго недаверліва.

— У такім разе мы ўдвух пастараемся ўгаварыць яго!

Тут Балу пашморгаўся аблезлым бурым плячом аб пантэру, і яны адправіліся шукаць Каа, Каменнага Пітона.

Яны знайшлі яго на выступе скалы, дзе ён ляжаў на сонцапёку. Ён пазіраў на сваю новую, адмысловую скуру, якую ён змяніў за апошнія дзесяць дзён, хаваючыся ад чужога вока. Выцягнуўшы вялізную кірпатую морду па зямлі, ён скруціў дзевяць метраў свайго цела ў фантастычныя вузлы і петлі і аблізваў губы, смакуючы будучы абед.

— Ён не еў! — радасна сказаў Балу, убачыўшы прыгожую жоўта-бурую скуру. — Сцеражыся, Багіра! Ён заўсёды слепаваты пасля ліняння і кожны момант гатоў кінуцца.

Каа быў не атрутная змяя — ён нават зневажаў атрутных змей, лічачы іх баязлівымі, — затое быў надзвычайна дужы, і калі ўжо ён абвінаў каго-небудзь сваімі страшэннымі кольцамі, дык можна было развітацца з усімі надзеямі на вызваленне.

— Добрага Палявання! — крыкнуў Балу, прысядаючы на заднія лапы.

Як усе змеі яго пароды, Каа быў крыху глухі і не адразу пачуў прывітанне. Ён падціснуўся на кожны выпадак і схіліў галаву.

— Добрага Палявання нам усім, — адказаў ён нарэшце.

— Ого, Балу, якім чынам ты тут? Добрага палявання, Багіра! Прынамсі адзін з нас пэўна хоча есці. Ці няма чаго цікавага наконт дзічыны? Якую-небудзь гэткую лань ці маладога аленя? У сярэдзіне ў мяне пуста, як у перасохлай студні.

— Мы палюем, — нядбала адказаў Балу.

Ён ведаў, што Каа не варта падганяць. Ён занадта вялікі.

— Дазвольце і мне пайсці з вамі — сказаў Каа. — Для вас абодвух усёроўна, ці зробіце які лішні ўдар, ці не, а я... а мне даводзіцца чакаць цэльныя дні на лясной сцежцы і поўзаць бадай да паўночы, спадзяючыся, ды і то няпэўна, злавіць якое-небудзь малпянё. Цьфу! Дрэвы цяпер ужо не тыя, што былі ў часы майго юнацтва. Засталося толькі сухое спарахнелае галлё, якое не вытрымлівае цела.

— Можа і вага тут сёе-тое значыць, — заўважыў Балу.

— Яно так, я ўжо досыць доўгі, — з гонарам сказаў Каа, — але ўсё-ж такі ва ўсім вінаваты гэты малады лес. Я ледзь было не зваліўся на апошнім паляванні, ды паспеў моцна абкруціцца вакол дрэва. Але шум разбудзіў Бандар-Лог, і яны вылаялі мяне самымі паскуднымі словамі...

— Бязногім жоўтым земляным чарвяком, — прамармытала Багіра, нібы прыпамінаючы гэтыя словы.

— Сссс!.. Ці яны мяне і гэтак называлі? — схамянуўся Каа.

— Нешта такое яны нам крычалі ў часе апошняга маладзіку, але мы не звярнулі ўвагі. Ад іх пачуеш, што хочаш: нібы ты страціў усе зубы і не адважадважваешся паляваць нават на казу, бо ты (сапраўды яны не маюць сораму, гэтыя Бандар-Лог!), ты, бачце, баішся казіных рагоў, — мякка казала Багіра.

Змяя, асабліва такі асцярожны стары пітон, як Каа, рэдка выяўляюць свой гнеў. Але на гэты раз Балу і Багіра маглі бачыць, як дрыжалі і надзьмуваліся вялізныя глытальныя мышцы па абодвух баках глоткі Каа.

— Бандар-Лог змянілі месца свайго жыцця, — спакойна прамовіў ён. - Калі я выпаўз сёння на сонца, я чуў іхняе гіканне на дрэвах.

— Мы цяпер гонімся за Бандар-Логам... — пачаў быў Балу, але словы застралі ў яго горле: за ўсё яго жыццё гэта быў першы выпадак, калі жыхар Джунгляў прызнаваўся, што цікавіцца малпамі.

— І мусіць незадарма два мужныя паляўнічыя — пэўна правадыры ў сябе ў Джунглях — пагналіся па слядах Бандар-Лога? — абыякім тонам сказаў Каа, хоць самому аж карцела ад цікавасці.

— Сапраўды, — пачаў Балу, — я не болей, як стары і часова вельмі дурны Настаўнік Закону ў Сіанійскіх Ваўчанят, а Багіра...

— Не больш, як Багіра, — рэзка сказала Чорная Пантэра і з ляскам стукнула сківіцамі, яна не любіла зневажацца.

— Справа вось у чым, Каа. Гэтыя злодзеі і падбіральнікі пальмавых лісцяў скралі наша Чалавечае Дзіцянё, пра якое ты, мабыць, чуў.

— Я чуў сёе-тое ад Сагі (ён надта задаецца сваімі калючкамі), нібы Чалавек быў прыняты ў Воўчую Зграю, але я не даваў гэтаму веры. Сагі паўнютка напакованы гісторыямі, якія ён выслухвае толькі напалову і да таго яшчэ вельмі кепска пераказвае.

— Але гэта праўда. Гэта такое Чалавечае Дзіцянё, якіх яшчэ не было ў свеце! — сказаў Балу. — Найлепшы, найразумнейшы і найсмялейшы з Чалавечых Дзіцянят — мой вучань, які ўславіць імя Балу па ўсіх Джунглях. Апрача таго, я... мы любім яго, Каа!

— Тс! тс! — сказаў Каа, ківаючы галавой. — І я ведаў, што такое любоў. Я мог-бы вам парасказаць.

— Гэта будзе добра ў ясную ноч, калі мы ўсе будзем сытыя, каб належным чынам хваліць цябе, — як хутчэй прамовіла Багіра. — Наш хлопчык у руках Бандар-Лога, а мы ведаем, што ва ўсіх Джунглях яны баяцца толькі Каа.

— Яны баяцца мяне аднаго. І маюць прычыны, — сказаў Каа. — Балбатлівыя, дурныя і фанабэрыстыя, — фанабэрыстыя дурныя і балбатлівыя гэтыя малпы. Але Чалавеку ў іх руках добра не будзе. Ім надакучыць падбіраць арэхі і яны іх кідаюць. Яны поўдня носяцца з якім-небудзь дубцом, мяркуючы нарабіць з ім вялікіх спраў, а потым ламаюць яго напалам. Хлопчыку нельга пазайздросціць. Яны мяне лаялі жоўтай рыбай, ці так?

— Чарвяком, чарвяком, земляным чарвяком, — сказала Багіра — ды яшчэ і іншымі словамі, але сорам не дазваляе мне іх выказаць.

— Мы іх навучым добра выказвацца пра свайго гаспадара ааа-ссс! Мы ўмацуем іх слабую памяць. Але куды-ж яны накіраваліся з Дзіцянём?

— Адны Джунглі гэта ведаюць. Я думаю, на захад, — сказала Багіра. — Мы думалі, што табе гэта вядома, Каа.

— Мне? Якім чынам? Я хапаю іх, калі яны трапляюцца мне на дарозе, але я не палюю на Бандар-Лог, як не палюю на жаб ці на зялёную цвіль у сажалках.

— Угару, угару! Угару, угару! Гілё! Ілё! Ілё, глядзі ўгару, Балу, з Сіанійскай Воўчай Зграі!

Балу зірнуў угару, каб даведацца, адкуль даносіцца голас, і ўбачыў каршуна Чыля, які спускаўся ўніз. Ускраек яго крылляў зіхацеў ад сонечных праменняў. Яму быў ужо час ісці спаць, але ён гойсаў па ўсіх Джунглях, шукаючы мядзведзя, якога ён не мог убачыць праз густое лісце.

— У чым справа? — спытаўся Балу.

— Я бачыў Маўглі сярод Бандар-Лога. Ён даручыў мне перадаць вам. Я сачыў. Бандар-Лог узялі яго за раку ў Горад Малпаў — ў Халодныя Пячоры. Яны прабудуць там ноч, ці дзесяць начэй, ці гадзіну. Я загадаў кажанам сачыць за імі з надыходам цямна. Вось і ўсе даручэнні. Добрага Палявання ўсім вам унізе!

— Поўнае валлё і глыбокі сон табе, Чыль! — крыкнула Багіра. — Я ўспомню пра цябе ў першае-ж паляванне, і для цябе аднаго адлажу цэлую галаву — о, лепшы з каршуноў!

— Глупства! Дробязь! Хлопчык сказаў Уладарнае Слова. Я не мог зрабіць менш! — і Чыль кругамі паляцеў на сваё седала.

— А ён не забыўся, як карыстацца мовай! — з гордай усмешкай мовіў Балу. — Падумай толькі: хлопец успомніў Уладарнае Слова для птушак у той момант, калі яго валаклі па дрэвах!

— Мабыць моцна іх у яго загналі! — заўважыла Багіра. — Але і я ганаруся ім. А цяпер мы павінны ісці к Халодным Пячорам.

Усе яны ведалі, дзе знаходзіцца гэтае месца, але мала хто з жыхароў Джунгляў туды наведваўся. Халодныя Пячоры станавілі сабою стары запушчаны горад, які загубіўся і пахаваўся ў Джунглях, а зверы не карыстаюцца такімі мясцінамі, якімі хоць раз карыстаўся чалавек. Толькі дзік туды заглядвае, але паляўнічыя пляменні ніколі. Апрача таго, тут жылі малпы, паколькі яны наогул могуць жыць на адным месцы, таму ніводзін звер, які больш-менш сябе паважае, не набліжаўся да гэтага месца, за выключэннем тых выпадкаў, калі ў часе засухі ў напалову разбураных водазборах і цыстэрнах можна было крыху знайсці вады.

— Палова ночы хады ва ўвесь дух, — абвясціла Багіра, а Балу задумаўся аб нечым вельмі сур'ёзным.

— Я пабягу так шпарка, як толькі буду магчы, — з трывогай прамовіў ён.

— Мы не будзем цябе чакаць. Бяжы за намі, Балу. Мы з Каа павінны імчацца з усіх ног.

— З нагамі, ці без іх, я не адстану ад цябе, чатырохногага, — сказаў Каа.

Балу напружыў усю сваю моц, каб не адстаць, але хутка засопся і прысеў адпачыць. Спадарожнікі дамовіліся, што ён прыйдзе пазней, і пакінулі яго. Багіра шпарка скакала наперад. Каа моўчкі поўз побач. І як ні старалася Багіра паддаць ходу, — вялізны Каменны Пітон трымаўся разам з ёю. Калі яны падбеглі да горнага ручая, Багіра проста пераскочыла праз яго і выперадзіла Каа, пакуль той плыў, высунуўшы галаву на поўметра над вадой. Але на роўным месцы Каа зноў дагнаў яе.

— Клянуся Зломаным Замком, што вызваліў мяне, — крыкнула Багіра, калі сцямнелася, — ты хадок не з апошніх!

— Я галодны, — адказаў Каа. — Апрача таго, яны вылаялі мяне стракатай жабай.

— Чарвяком, земляным чарвяком, ды яшчэ жоўтым!

— Усёроўна. А ну, наддай!

І Каа нібы наліўся па зямлі струменем, выбіраючы карацейшы шлях.

Тымчасам малпам, якія размясціліся ў Халодных Пячорах, і ў галаву не прыходзілі прыяцелі Маўглі. Яны прывалаклі хлопчыка ў закінуты горад і пачалі святкаваць свой поспех.

Маўглі да гэтага часу ні разу не бачыў індыйскага горада, і хоць гэта былі толькі руіны, яны здаліся яму незвычайна прыгожымі і раскошнымі. Горад быў пабудаваны на ўзгорку нейкім царом з давен-даўно. Яшчэ можна было разгледзець каменны брук, які вёў да разбуранай брамы, дзе віселі на іржавых завесах спарахнелыя рэшткі дошак. Дрэвы раслі на сценах і з сцен; дзікія паўзучыя расліны жмутамі звешваліся праз вокны насценных вышак.

На ўзгорку стаяў вялізны палац без даха. Мармуровы двор і фантан патрэскаліся, пакрыліся чырвонай і зялёнай цвіллю, а каменні ад пабудоў, дзе жылі царскія сланы, былі параскіданы па траве і між маладых дрэў. З палаца відаць былі бясконцыя рады дамоў без дахаў, што надавала ім выгляд пустых пчаліных сотаў з чорнымі ячэйкамі. На скрыжаванні чатырох дарог ляжала груда камення, якое калісьці складала ідала. На рагу вуліц былі яры і яміны, якія былі гарадскімі студнямі. Выпестраныя купалы храмаў параслі дзікімі смоквамі.

Малпы называлі гэтае месца сваім горадам і імкнуліся зневажаць жыхароў Джунгляў за тое, што яны жывуць у лесе. Але малпы і самі не ведалі, дзеля чаго пабудаваны гэтыя дамы і як імі карыстацца. Яны садзіліся гуртом у зале пасяджэнняў царскай рады, чухаліся, лавілі блох і ўяўлялі сябе людзьмі! Або бегалі ў зруйнаваныя дамы, збіралі кавалкі цэглы і складвалі іх у кут, а потым забываліся, куды яны дзелі іх, і пачыналі гармідар, тузаніну, а пасля гэтага разбягаліся па тэрасах царскага саду і пачыналі трэсці ружовыя і апельсінавыя дрэвы, каб толькі паглядзець, як будуць сыпацца кветкі і плады.

Яны даследвалі ўсе калідоры і скляпы ў палацу і сотні цёмных пакойчыкаў, але ніколі не памяталі, што яны бачылі, а што не. Так яны блукаліся па адным, ці па два, ці натоўпам, апавядаючы адзін аднаму пра свае нібы чалавечыя ўчынкі. Яны пілі з водазбораў і каламуцілі ваду, а потым біліся з-за яе, збіраліся вялізным натоўпам і крычалі:

— Няма ў Джунглях такога мудрага, добрага, спрытнага, дужага, прыгожага і дасканалага народу, як Бандар-Лог!

Потым пачыналася тое самае, пакуль горад не абрыдае ім, і тады яны вярталіся на свае дрэвы, спадзяючыся, што ўсё-ж такі Джунглі іх заўважаць.

Маўглі, выхаваны паводле Закону Джунгляў, не любіў і не разумеў такога жыцця. Малпы прыцягнулі яго ў Халодныя Пячоры пад вечар і, заместа таго, каб легчы спаць, як гэта зрабіў-бы кожны пасля вялікага падарожжа, — яны ўзяліся за рукі і пусціліся ў скокі, спяваючы свае дурныя песні. Адна з малпаў сказала прамову, у якой даводзіла, што палон Маўглі адзначыў новую эру ў гісторыі Бандар-Лога, бо Маўглі пакажа ім, як плесці чаротнік і галлё для аховы ад дажджу.

Маўглі ўзяў некалькі паўзучых сцяблоў і пачаў іх пераплятаць, малпы пачалі былі пераймаць, але ўжо праз некалькі хвілін страцілі цікавасць да працы і пачалі торгаць адзін аднаго за хвост, або з кашлем скакаць ракам.

— Я хачу есці! — сказаў Маўглі. — Я чужаземец у гэтай частцы Джунгляў. Прынясіце мне ежы або дазвольце мне тут папаляваць.

Дваццаць ці трыццаць малпаў кінуліся прынесці яму арэхаў і дзікіх пладоў, але па дарозе яны пабіліся, і ад пладоў нічога не засталося. Маўглі, смутны і злы ад голаду, сумна бадзяўся па пустынным горадзе і час ад часу выдаваў Кліч Палюючага Чужаземца. Але адказу не было, і Маўглі зразумеў, што трапіў у вельмі дрэннае месца.

"Усё, што Балу мне казаў пра Бандар-Лог, — разважаў ён, — шчырая праўда. У іх няма ні Закону, ні Клічу паляўнічых, ні правадыроў, — нічога, апрача дурных слоў і зладзейскіх рук. Калі я тут памру ад голаду, ці буду забіты, дык па сваёй уласнай віне. Але трэба як-небудзь вярнуцца ў родныя Джунглі. Балу, пэўна, паб'е мяне, але гэта ўсё-ж лепш, як ганяцца за ружовымі пялёсткамі разам з Бандар-Логам".

Тут наляцелі на яго малпы і пацягнулі назад з папрокамі, што ён не цэніць свайго шчасця, а для таго, каб ён яго ацаніў — шчыпалі яго. Ён сцяў зубы і моўчкі пайшоў з натоўпам крыклівых малпаў на тэрасу, што ўзвышалася над басейнам з чырвонага камня. Пасярэдзіне тэрасы стаяў разбураны павільён з белага мармура, пабудаваны для адпачынку царыц, якія ўжо сотні гадоў адпачывалі ў зямлі. Купалападобны дах абваліўся і засыпаў падземны ход з палаца, якім карысталіся царскія жоны. Сцены складзены былі з дзірчастых мурмуравых плітак малочна-белага колеру, на якім яскравіліся мазаіка з агатаў, яшмы, сярдолікаў і іншых самацветных каменняў. Калі з-за ўзгорка выходзіў месяц, дык святло яго праходзіла праз дзірчастыя сцены і кідала на зямлю цені, як чорныя аксамітныя мярэжкі.

Хоць Маўглі быў вельмі змораны і галодны, хоць яму хацелася спаць, але ён не мог устрымацца ад смеху, калі Бандар-Лог пачалі па дваццаць разоў расказваць яму, якія яны мудрыя, дужыя, шляхетныя, і які ён дурны, што захацеў пайсці ад іх.

— Мы вялікія! Мы вольныя! Мы дзівосныя! Мы самы дзіўны народ ва ўсіх Джунглях! Усе мы так гаворым, значыцца яно праўда! — гарланілі яны. — Ты нас слухаеш упершыню і можаш перадаць нашы словы жыхарам Джунгляў, каб яны нас потым заўважалі, таму мы ахвотна ўсё раскажам табе пра нашы адмысловыя асобы.

Маўглі не супярэчыў, і малпы сотнямі і тысячамі сабраліся на тэрасу слухаць сваіх прамоўцаў, якія выхвалялі Бандар-Лог, і калі прамоўца прыпыняўся, яны крычалі разам:

— Гэта так, усе мы сцвярджаем гэта!

Маўглі таксама ківаў галавою, лыпаў вачыма і казаў "так", калі да яго звярталіся з пытаннем. Але галава яго кружылася ад усяго гэтага гармідару.

"Мусіць, шакал Табакі пакусаў усю гэту араву, — думаў ён, — і цяпер яны пашалелі. Вядома, гэта дэвані, шаленства. Няўжо-ж яны ніколі не спяць? Вось хмара збіраецца затуліць месяц. Каб яна была досыць вялікая, я паспрабаваў-бы ўцячы ўпоцемку. Але-ж як я змарыўся!"

За гэтай самай хмарай пільна сачылі і двое прыяцеляў, якія прытуліліся ў разваленым рове ля гарадской сцяны. Багіра і Каа ведалі, якія небяспечныя бываюць малпы, калі іх вельмі многа, і таму не хацелі рызыкаваць. Малпы ніколі не выступаюць менш як сотняй супроць аднаго, і мала хто ў Джунглях ідзе на такую рызыку.

— Я адпраўлюся да заходняй сцяны, —прашаптаў Каа, — і спушчуся па нахілу. На мяне яны не кінуцца, хоць-бы іх там былі сотні, але...

— Я ведаю, — сказала Багіра. — Хутчэй-бы гэты Балу прыходзіў!.. Але мы павінны зрабіць, што можам. Калі гэтая хмара затуліць месяц, я пушчуся на тэрасу. Яны там, відаць, радзяцца наконт хлопчыка.

— Добрага Палявання, — панура прамовіў Каа і папоўз да заходняй сцяны.

На бяду, яна выдалася найбольш разбуранай, і вялізны змей шмат патраціў часу, шукаючы дарогі. Хмара закрыла месяц і Маўглі пачуў на тэрасе лёг кія крокі Багіры. Чорная Пантэра ўзбегла па скату без ніякага шуму і цяпер біла (яна не любіла траціць час на ўкусы) направа і налева малпаў, якія сядзелі вакол Маўглі ў пяцьдзесят ці шэсцьдзесят радоў. Пачуліся гнеўныя і жахлівыя крыкі, і ў той час, калі Багіра таптала малпаў, пачуўся голас адной з іх:

— Тут толькі адзін! Біце яго! Біце!

Шчыльная маса малпаў, якія кусаліся, драпаліся і штурхаліся ва ўсе бакі, злучыліся вакол Багіры. Пяць ці шэсць малпаў падхапілі Маўглі, павалаклі яго па сцяне павільёна і ўвапхнулі ў шчыліну купала. Хлопчык, які быў-бы выхаваны сярод людзей, моцна разбіўся-бы, зваліўшыся з вышыні шасці–сямі метраў, але Маўглі зваліўся так, як вучыла яго Багіра, і лёгка дакрануўся да зямлі нагамі.

— Заставайся тут, — крыкнулі малпы, — пакуль мы не заб'ем тваіх прыяцеляў, а потым мы будзем гуляць з табой, калі толькі Атрутнае Племя пакіне цябе ў жывых.

— Мы з вамі адной крыві, вы і я! — сказаў Маўглі, спрытна выдаўшы Змяіны Кліч. Ён чуў шолах і сіпенне, якія даносіліся з кучы смецця, дзе ён стаяў, і для большай бяспекі другі раз падаў кліч.

— Хай так! Апускайце ўсе галовы ўніз! — пачуліся ціхія галасы (у Індыі кожная руіна раней ці пазней робіцца жыллём для змей, і стары павільён быў заселены кобрамі). — Стой ціха, Братка, бо твае ногі могуць нарабіць нам бяды.

Маўглі стаяў, як мага цішэй, гледзячы скрозь празрыстыя сцены і прыслухоўваючыся да лютай бойкі, якая адбывалася вакол пантэры — да выцця, скогату, порскання і глыбокага хрыпатага кашлю Багіры, якая круцілася і захлёбвалася ў шчыльнай масе сваіх ворагаў. Упершыню са дня нараджэння Багіра так люта білася.

"Тут павінен быць Балу, Багіра не прыйшла б адна", — думаў Маўглі; потым крыкнуў. — Да водазбора, Багіра! Каціся і давай нырца! Хутчэй у ваду!

Багіра пачула яго, і гэты крык, які сведчыў, што Маўглі жывы, паддаў ёй бадзёрасці. З вялікім намаганнем, па кроку пракладвала яна сабе шлях да вады.

Раптам з разбуранай сцяны з боку Джунгляў пачуўся громавы ваенны кліч Балу. Стары мядзведзь стараўся з усёй моцы, але не мог прыйсці раней.

— Багіра! — крычаў ён. — Я тут! Я лезу! Я спяшаюся! Агувора! Каменні слізгаюцца пад маімі нагамі. Пачакайце, о паскуднейшыя Бандар-Лог!

Ён, засопшыся, узлез на тэрасу і з галавой рынуўся ў натоўп малпаў, але зараз-жа ўстаў на заднія лапы, захапіў у абдымкі як мага больш ворагаў і пачаў калашмаціць іх з шумам, падобным да пляскання параходнага кола па вадзе. Плёск вады паказаў Маўглі, што Багіра прабілася, нарэшце, да басейна, куды малпы не маглі за ёй сунуцца. У вадзе пантэра магла перадыхнуць, пакуль малпы па тры адна на адной абляпілі чырвоныя ступенькі басейна і таўкліся ў бяссільнай злосці, рыхтуючыся кінуцца на ворага з усіх бакоў, як толькі той вылезе на дапамогу Балу.

Тады Багіра задрала галаву і ў роспачы выгукнула Змяіны Кліч аб дапамозе:

— Мы адной крыві, вы і я!

Яна падумала, што Каа ўцёк у апошнюю хвіліну. Нават Балу, бадай што задушаны малпамі на беразе тэрасы, не мог устрымацца ад ўсмешкі, пачуўшы жаласную просьбу Чорнай Пантэры аб дапамозе.

Каа толькі што перабраўся праз заходнюю сцяну і ірвануўся на зямлю з такой сілай, што сапхнуў у яміну вышку са сцяны. Ён не хацеў траціць ні адной з выгод свайго становішча, раз-другі скруціўся і раскруціўся, каб пераканацца, што кожны сантысантыметр яго даўжэннага цела знаходзіцца ў баявой гатоўнасці.

Тымчасам бітва ішла сваім чэрадам. Балу заўзята біўся з шматлікім ворагам. Малпы скуголілі вакол Багіры, а Манг, Упыр, лётаў узад і ўперад і разносіў па Джунглях весткі пра вялікі бой. Вось затрубіў Хаці, Дзікі Слон, і з усіх бакоў здалёк, па дрэўных сцежках пачалі збірацца натоўпы малпаў на дапамогу таварышам у Халодныя Пячоры. Шум бітвы разбудзіў нават дзённых птушак на многа міль навакол.

Тады Каа выпрастаўся і з запалам рынуўся наперад. Баявую сілу пітона складае ўдар галавой, падмацаваны вагой і дужасцю ўсяго цела. Уявіць сябе піку, ці таран, ці молат вагою ў поўтоны, які кіруецца халодным, спакойным розумам, што знаходзіцца ў ручцы — і вы будзеце мець некаторае разуменне, што такое Каа ў часе барацьбы. Пітон у паўтара-два метры даўжынёю можа забіць чалавека, калі трапіць проста ў грудзі, а Каа, як вядома, меў дзевяць метраў. Першым маўклівым, ціхім удавам ён урэзаўся ў натоўп вакол Балу, а другога ўжо і не трэба было. Малпы разбегліся з крыкамі:

— Каа! Гэта Каа! Бяжыце! Уцякайце!

Цэлыя пакаленні малпаў выхоўваліся ў паслухмянасці расказамі старэйшых пра страшнага Каа, начнога злодзея, які слізгае па суках так ціха, бы мох расце, і крадзе самых дужых малпаў; пра старога Каа, які так дасціпна прымае выгляд сухой галіны ці трухлявага камля, што самыя сталыя малпы даваліся ў зман і заўважалі сваю памылку толькі тады, калі гэты камель ужо абкручваўся вакол іх. Усе жахі Джунгляў злучаліся ў Каа, бо ніводная з малпаў не ведала канца-краю яго моцы, ніводная не адважвалася зірнуць яму проста ў вочы, ніводная не вырывалася жывою з яго абдымкаў. Таму яны беглі з крыкамі жаху на сцены і дахі дамоў, а Балу ўздыхваў з палягчэннем. Поўсць яго была куды гусцейшая, як у Багіры, але і ён значна пацярпеў у сутычцы.

У гэты момант Каа першы раз за ўвесь гэты час расчыніў свае вусны і выпусціў толькі адно доўгае сіпучае слова, і тады самыя далёкія малпы, якія спяшаліся на абарону Халодных Пячор, скамянелі на месцы і ледзь не зваліліся з галін, пагнутых ад іх цяжару. Малпы, што размясціліся па сценах і пустых дамах, сцішыліся, і ў гэтай цішы Маўглі чуў як Багіра вылезла з басейна і страсала з сябе ваду. Потым крыкі зноў пачаліся. Малпы лезлі ўсё вышэй на сцены, ахапіўшы шыі вялізных каменных ідалаў, яны дзіка верашчалі, ці пераскоквалі па сценных зубцах. А Маўглі, які скакаў ад радасці ў павільёне, прыціснуўся тварам да дзірчастай сцяны і завыў па-савінаму ў знак насмешкі і пагарды.

— Выцягні хлопчыка з гэтай пасткі, бо ў мяне ўжо сілы няма, — прамовіла Багіра. — Забярэм Чалавечае Дзіцянё і пойдзем. А то яны могуць зноў напасці.

— Яны не варухнуцца з месца, пакуль я ім не загадаю. С-с-с-стойце! — прасіпеў Каа, і зноў усё сцішылася.

— Я не мог прыйсці раней, але мне здалося, нібы я чуў твой кліч, — дадаў ён звярнуўшыся да Багіры.

— Мо... можа я і крычала што-небудзь у часе бойкі, — адказала Багіра. — Ці не ранены ты, Балу?

— Я не ўпэўнены ў тым, што яны не выкраілі з мяне сотню мядзведжанят, — сказаў Балу, атрахаючы лапы адну за адной. — Ваў! Я ўвесь змардаваны. Каа! Ты выратаваў нам з Багірай жыццё, я думаю...

— Глупства. Дзе чалавечак?

— Тут, у пастцы. Я не магу вылезці! — крычаў Маўглі з павільёна.

— Убярыце яго! Ён скача, як Мор, пава. Ён парасціскае нашых дзяцей! — запрасіліся кобры.

— Ага!! — усміхнуўся Каа. — У яго ўсюды прыяцелі, у гэтага чалавечка! Адыдзі, адыйдзі, Дзіцянё, а вы схавайцеся, Атрутнае Племя. Я ламаю сцяну.

Каа ўважліва абследваў сцяну і знайшоў у мармуры шчарбіну, якая паказвала слабае месца. Спачатку ён некалькі разоў лёгка стукнуў галавой, каб нарыхтавацца, а потым падняў два метры свайго цела і разоў з дзесяць грукнуў у сцяну сваім носам, як таранам. Сцяна трэснула і павалілася, узняўшы хмары пылу і смецця, а Маўглі скокнуў у праход, падбег да Балу і Багіры і абняў рукамі іх вялізныя шыі.

— Ці не пабіўся ты? — казаў Балу, пяшчотна абдымаючы яго.

— Я змучыўся, згаладаўся і значна падрапаны. Але-ж як яны вас апрацавалі, Браткі. Вы зыходзіце крывёю.

— Ды і яны не менш, — сказала Багіра, аблізваючы губы і пазіраючы на трупы малпаў, параскіданыя на тэрасе і вакол басейна.

— Гэта нішто, гэта глупства, абы толькі ты быў не пашкоджаны, о Жабянё, гонар мой! — павізгваў Балу.

— Аб гэтым гутарка наперадзе, — прамовіла Багіра сухім тонам, які зусім не спадабаўся Маўглі. — Але тут Каа, які даў нам гэтую перамогу, а табе, Маўглі, выратаваў жыццё. Падзякуй яму паводле нашых звычаяў, Маўглі.

Маўглі звярнуўся і ўбачыў над самай сваёй галавой зыбастую галаву вялізнага пітона.

— Дык гэта Дзіцянё? — прамовіў Каа. — У яго вельмі далікатная скура, і ён не вельмі адрозніваецца ад Бандар-Лога. Сцеражыся, Чалавек, каб я калі-небудзь у змроку, змяняючы скуру, не прыняў цябе за малпу.

— Мы адной крыві, ты і я, — адказаў Маўглі. — У гэтую ноч ты выратаваў мне жыццё. Ад гэтага часу мая здабыча будзе тваёй здабычай, калі ты будзеш галодны, о Каа!

— Дзякую, Браток, — адказаў Каа, і вочы ў яго заблішчэлі. — А што можа забіць такі адважны паляўнік? Прашу дазволу праваджаць цябе, калі ты пойдзеш на паляванне.

— Я нічога не забіваю, бо я надта малы, але ганю коз да тых, каму яны патрэбныя. Калі згаладаешся, прыходзь да мяне і ўбачыш, ці праўду я кажу. Тут у мяне сёе-тое ёсць (ён працягнуў свае рукі), і калі ты калі-небудзь трапіш у пастку, дык я здолею заплаціць доўг, які з гэтага часу я вінен табе, Багіры і Балу. Добрага Палявання вам усім, мае валадары!

— Добра сказана, — прамармытаў Балу, бо Маўглі падзякаваў свайму збаўцу па ўсіх правілах мастацтва. Пітон патрымаў некаторы час сваю галаву на плячы Маўглі.

— Адважнае сэрца і салодкія словы, — сказаў ён. — Яны далёка павядуць цябе ў Джунглях! А цяпер ідзі паспі да заходу месяца, бо не належыць табе глядзець на тое, што адбудзецца тут...

Месяц схаваўся за ўзгоркам. Шэрагі малпаў сядзелі на сценах і зубцах і трэсліся ад страху. Балу спусціўся да вады, каб напіцца, а Багіра пачала ўпарадкаваць сваю поўсць. Раптам Каа слізгануў на сярэдзіну тэрасы і ляснуў сваімі сківіцамі так, што ўсе малпы ўтаропілі на яго свае вочы.

— Месяц заходзіць, — сказаў ён. — Ці досыць святло? Ці відаць вам?

Ад сцен пачуўся ціхі стогн, нібы шолах ад ветру ў верхавінах дрэў:

— Нам відаць, о Каа!

— Добра. Цяпер пачынаецца танец — Танец Голаду Каа. Сядзіце ціха і глядзіце!

Ён тры разы абышоў навакол, матаючы галавой направа і налева. Потым пачаў вырабляць петлі і васьмёркі сваім целам, мяккія зыбастыя трохвугольнікі, якія пераходзілі ў чатырох-пяцівугольнікі; то ён звінаўся ў кальчаты вал, то развінаўся ў ламаную лінію, безупынна, не спяшаючыся, і ўвесь час не спыняўся яго глухі, аднастайны зык. Цемень насоўвалася і, нарэшце, схавала яго рухавыя кольцы, толькі шолах лускі чуўся з цемры.

Балу і Багіра стаялі, як скамянелыя, у горле іх булькатала, шыі натапырыліся. Маўглі здзіўлена пазіраў на гэтае з'явішча.

— Бандар-Лог! — пачуўся, нарэшце, галос Каа. — Ці можаце вы варухнуць рукой ці нагой без майго загаду? Адказвайце!

— Без твайго загаду мы не можам варухнуць ні рукой, ні нагой, о Каа!

— Добра! Станьце ўсе на крок бліжэй да мяне!

Шэрагі малпаў бездапаможна хіснуліся наперад, і Балу з Багірай таксама ступілі наперад здрантвелымі нагамі.

— Бліжэй! — сіпеў Каа, і ўсе пасунуліся бліжэй.

Маўглі ўхапіўся рукамі за Балу і Багіру, каб адцягнуць іх прэч, і абодва вялізныя звяры ўздрыгануліся, нібы прачнуўшыся ад сну.

— Трымай сваю руку на маім плячы, — прашап прашаптала Багіра. — Трымай яе там, а то я зноў пасунуся туды, да Каа. А-ах!

— Але стары Каа ўсяго толькі кружыцца ў пылу, — сказаў Маўглі. — Хадзем!

Усе тры кінуліся да пралому ў сцяне і выскачылі ў Джунглі.

— Уф! — ускрыкнуў Балу, апынуўшыся зноў пад ціхімі дрэвамі. — Ніколі не буду больш звязвацца з Каа!

І ён нават моцна страсануўся.

— Ён ведае больш за нас, — дрыжучы, сказала Багіра. — Каб я засталася яшчэ крыху, дык і я трапіла-б яму ў глотку.

— Шмат хто трапіць туды, перш чым месяц зноў узыйдзе, — мовіў Балу. — Удалае будзе ў яго паляванне, на свой манер.

— Але што гэта значыць? — спытаўся Маўглі, які зусім не ведаў пра здольнасць пітона зачароўваць жывёл. — Я бачыў толькі, як ён вырабляў дзівацкія выкрунтасы і больш нічога. Толькі вось нос сабе ён здорава разбіў. Ну, Ну!

— Маўглі! — строга сказала Багіра. — Нос у яго разбіты, дзякуючы табе, таксама як мае вушы, бакі і лапы, як шыя і плечы Балу пакрамсаныя праз цябе-ж. Ні Балу, ні Багіра на працягу шмат дзён не будуць цяпер здольныя паляваць з асалодай.

— Дарма! — сказаў Балу. — Затое Дзіцянё зноў з намі.

— Яно так, але ён дастаўся нам цаною таго часу, які мы маглі патраціць на ўдалае паляванне, цаною ран, валос — у мяне выскубана палова спіны — а галоўнае, цаною гонару. Бо памятай, Маўглі: я, Чорная Пантэра, вымушана была прасіць дапамогі ў Каа, і мы з Балу былі зачарованыя Танцам Голаду, як малыя птушаняты. Вось што, Дзіцянё, вышла з тваіх гульняў з гэтымі Бандар-Лог!

— Праўда, гэта праўда, — з сумам сказаў Маўглі. — Я злое дзіцянё і вельмі шкадую аб гэтым.

— Гм! Што кажа Закон Джунгляў, Балу?

Балу не хацеў рабіць хлопчыку новыя непрыемнасці, але ён не адважваўся жартаваць з Законам і таму прамармытаў:

— "Раскаянне не касуе кары". Але памятай, Багіра, што ён яшчэ зусім малы!

— Я гэта памятаю, але-ж ён насваволіў і павінен атрымаць узбучку. Маўглі, ці маеш ты што супроць гэтага?

— Нічога. Я правініўся. Ты і Балу параненыя праз мяне. Гэта будзе справядліва.

Багіра адпусціла яму з дзесятак пяшчотных, на яе думку, пляскачоў (яны, мусіць, нават не разбудзілі-б каго-небудзь з яе ўласных дзяцей), але для сямігадовага хлапчука гэтыя ласкавыя плескачы былі такой жорсткай лупцоўкай, лепш за якую і жадаць нельга было. Па сканчэнні экзекуцыі Маўглі чхнуў і ўстаў на ногі, не прамовіўшы аніводнага слова.

— А цяпер, — сказала Багіра, — скакай мне на спіну, Братка, і мы адправімся дадому.

Маўглі прытуліўся да спіны Багіры і заснуў так моцна, што не чуў, як апынуўся ў роднай пячоры, куды яго паклалі дабрадзеі.