Маўглі (1934)/Браты Маўглі
Браты Маўглі Апавяданне Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг 1893 год Арыгінальная назва: Mowgli's Brothers |
Паляванне Каа → |
На крыллях Чыля ноч прыйшла, лятаюць кажаны.
Жывёлы ў хлеве—мы адны да ранішняй зары...
Удар кіпцёў і стук зубоў злілісь
ў крывавы стогн...
Увага! Добра будзе ўсім, шануе
хто закон.
Начная песня Джунгляў.
Надыходзіла сёмая гадзіна гарачага вечара на ўзвышшах Сіанійскіх, калі Бацька Воўк прачнуўся ад дзённага сну, пачухаўся, зяхнуў і выцягнуў адну за адной лапы, якія здрантвелі да кіпцюроў у соннай млявасці. Маці Ваўчыца ляжала, утыркнуўшыся вялізным шэрым носам у чацвёра сваіх шчанят, якія дурэлі на падлозе, а месяц ззяў праз шчыліну пячоры, дзе ўсе яны жылі.
— Огрр! — прабурчэў Бацька Воўк. — Час ужо ісці на паляванне.
І ён ужо хацеў быў кінуцца ўніз з узгорка, як раптам маленькая постаць з пушыстым хвастом загарадзіла ўваход і наверашчала:
— Хай будзе табе ўдача, о, Галоўны над ваўкамі! Шчасце і моцныя белыя зубы хай заўсёды будуць у тваіх шляхетных дзяцей, і хай не забываюцца яны на тых, хто галадуе на гэтым свеце!
Гэта быў шакал Табакі, падліза, а ваўкі індыйскіх лясоў глядзяць на Табакі з пагардай, бо ён заўсёды шнырае ўсюды, робіць паскудствы, разносіць плёткі і жарэ рыззё і кавалкі скуры, што знаходзіць на вясковых сметніках. Але яны-ж і баяцца Табакі, бо ён больш як хто ў джунглях, паддаецца шаленству; і тады ўжо ён не баіцца нікога, імчыцца па лесе і кусае ўсіх, хто толькі трапіцца на яго шляху. Нават тыгр бяжыць і хаваецца, калі шалее маленькі Табакі; шаленства жахлівей за ўсё ў свеце, што толькі можа пагражаць зверу. Мы, людзі, завем гэтую хваробу водабаязню, а зверы завуць яе "дэвані" — шаленства — і бягуць без аглядкі.
— Ну, ідзі, шукай, — пахмура прамовіў Бацька Воўк, — ды тут і няма спажыўнага.
— Для Ваўка няма, — адказаў Табакі — але для такой нікчэмнай асобы, як я, і сухая костка ўжо баль. Дый ці нам, Гідур-логу ("шакалавае племя") выбіраць і быць разборлівымі?
Ён шмыгнуў у глыбіню пячоры і знайшоў аленявую костку, на якой яшчэ засталося крыху мяса; ён прыціснуўся да яе і прагна пачаў грызці.
— Дзякую за сытны абед, — прамовіў ён, аблізваючы губы. — А, якія прыгожыя вашы шляхетныя дзеткі! Якія ў іх вялізныя вочы! А яны-ж яшчэ маладыя зусім. Але выбачайце, я забыўся, што дзеці цароў — дарослыя з першага-ж дня.
Табакі, як і кожны, добра ведаў, што няма нічога горшага як хваліць дзяцей у вочы, але яму прыемна было зрабіць прыкрасць Бацьку і Матцы ваўчанят.
Некаторы час Табакі сядзеў ціха, задаволены сваімі словамі, а потым зласліва сказаў:
— Шэр-Хан, Вялікі, мяняе месца палявання. У будучым месяцы ён будзе паляваць у тутэйшых горах, — так сказаў ён мне.
Шэр-Хан быў тыгр, які жыў ля ракі Вайнгунгі, за дваццаць міль.
— Не мае права! — гнеўна крыкнуў Бацька Воўк. — Паводле закону Джунгляў ён не мае права мяняць месца без належнага паведамлення. Ён распудзіць усю дзічыну на дзесяць міль навакол, а мне... мне трэба лавіць за двух у гэтыя дні.
— Нездарма ягоная матка назвала яго Ленгры ("кульгавы"), — спакойна заўважыла Маці Ваўчыха. — Ён ад дня нараджэння кульгае на адну нагу і вось чаму забівае толькі хатнюю жывёлу. Пасяленцы Вайнгунгі востраць на яго зубы — і вось ён ідзе сюды, каб і нашых суседзяў раззлаваць. Праз яго яны пачнуць паліць Джунглі. Яму што, — ён пойдзе сабе куды-небудзь далей, а нам з дзецьмі прыдзецца ўцяўцякаць адсюль, калі падпаляць траву. Дзякуй, дзякуй Шэр-Хану.
— А можа перадаць яму вашу падзяку? — спытаўся Табакі.
— Вон! — рыкнуў Бацька Воўк. — Вон! Ідзі паляваць да свайго дабрадзея. Досыць ты нарабіў зла для адной ночы.
— Я іду, — спакойна адказаў Табакі. — Вы пачуеце Шэр-Хана ўнізе, у гушчары. Я мог і не выконваць даручэння...
Бацька Воўк прыслухаўся, і з глыбіні даліны, што спускалася да маленькай рачулкі, да яго даляцеў рэў тыгра, сухі, злосны, працягла-вісклівы; выццё, якое сведчыла, што звер упусціў здабычу і што яму ўжо ўсёроўна, ці будуць ведаць пра гэта Джунглі, ці не.
— Дурань! — прамовіў Бацька Воўк. — Начную работу пачынаць з гэткага шуму! Ён, мусіць, думае, што нашы алені тое самае, што тлустыя бычкі Вайнгунгі.
— Тс! Цяпер ён палюе не на бычка і не на аленя, — перапыніла яго Маці Ваўчыха. — Гэта Чалавек!
Выццё ператварылася ў нейкае гудучае мурканне, якое, здавалася, выходзіла з усіх пунктаў ваколіцы. Гэта быў той гук, які прыводзіць у дзікі жах дрывасекаў і цыганаў, што начуюць пад адкрытым небам, і часам прымушае іх кідацца проста ў зубы тыгру.
— Чалавек! — сказаў Бацька Воўк, ашчэрыўшы ўсе свае белыя зубы. — Фуй! Лепш ужо есці жукоў і жаб, як нападаць на Чалавека, ды яшчэ на нашай зямлі.
Закон Джунгляў, які нічога не вызначае без прычыны, забараняе зверу есці Чалавека, апрача тых выпадкаў, калі навучаюць дзяцей паляванню; але тады ён павінен паляваць не на ўчастку сваёй Зграі, ці Племя.
Сапраўдная-ж прычына гэтай забароны крыецца ў тым, што паляванне на Чалавека раней ці пазней выклікае паход белых людзей на сланах, са стрэльбамі, і некалькі соцень цёмнаскурых з барабанамі, ракетамі і факеламі.
Тады ўжо дастаецца ўсім жыхарам Джунгляў.
Тымчасам мурканне рабілася ўсё мацнейшым і, нарэшце, пачулася грамовае "гарр", калі тыгр робіць напад. Потым зноў скавытанне.
— Шэр-Хан прамінуўся, — заўважыла Маці Ваўчыха. — Што такое з ім?
Бацька Воўк прабег некалькі крокаў і пачуў дзікі рык і сопат тыгра, які ваўтузіўся ў зарасніку.
— Дурань трапіў у вогнішча дрывасека і абапёк сабе лапы, — рыкнуў Бацька Воўк. — З ім Табакі!
— Нехта ўзбіраецца на гару, — прамовіла Маці Ваўчыха, натапырыўшы вуха. — Рыхтуйся!
У гушчары крыху зашамацелі кусты. Бацька Воўк падагнуў ногі, сціснуўся і падрыхтаваўся скокнуць.
— Чалавек! — крыкнуў ён, ляснуўшы зубамі. — Чалавечае Дзіцянё! Глядзі!
Проста перад ім, трымаючыся за нізкарослую галінку, стаяла голенькае цёмнаскурае дзіця, якое толькі што пачынала хадзіць. Гэта было самое далікатнае, самае прыгожае стварэнне, якое калі-небудзь заглядвала ўначы ў воўчае логава. Яно глядзела ў твар Бацьку Воўку і ўсміхалася.
— Няўжо-ж гэта Чалавечае Дзіцянё? — спыталася Маці Ваўчыха. — Ніколі іх не бачыла. Нясі яго сюды!
Прывыкнуўшы цягаць сваіх уласных дзяцей, воўк можа, калі трэба, перанесці ў роце яйка, не расціснуўшы яго. І хаця сківіцы Бацькі Ваўка шчыльна сашчапіліся над спіной дзіцяці, але ён ніводным зубам не драпануў яму скуры, калі прынёс і паклаў яго сярод сваіх шчанят.
— Які маленькі! Ён зусім голы!.. І які смелы!.. — пяшчотна казала Маці Ваўчыха.
Дзіця пачало штурхаць ваўчанят, каб прыціснуцца бліжэй да цёплага бока ваўчыхі.
— Ага! ён смокча разам з нашымі дзецьмі! Дык вось якое гэтае Чалавечае Дзіцянё!
Ну, які воўк мог калі-небудзь пахвастацца, што ў яго сярод ваўчанят ляжыць Чалавечае Дзіцянё?..
— Мне даводзілася чуць нешта падобнае, але гэта было не ў маёй Зграі, і не ў мой час, — казаў Бацька Воўк. — Ён зусім безвалосы, і я мог-бы забіць яго, абы крыху дакрануўся нагой. Але глянь: ён пазірае проста на мяне — і ні трошкі не баіцца!
Святло месяца, што ззяла ў шчыліне пячоры, зацямнілася: вялізная квадратная галава і плечы Шэр-Хана загарадзіла ўваход. Табакі, хаваючыся за яго спіной, пішчэў:
— Уладар, Уладар! Ён увайшоў сюды!
— Шэр-Хан робіць нам гонар сваім наведваннем, — прамовіў Бацька Воўк, але ў вачах яго свяціўся гнеў. — Што трэба Шэр-Хану?
— Маю здабычу. Тут прайшло Чалавечае Дзіцянё, — сказаў Шэр-Хан. — Яго радня паўцякала. Аддайце яго мне!
Шэр-Хан ускочыў у вогнішча дрывасека, як ужо заўважыў Бацька Воўк; боль у абсмаленых нагах прыводзіў яго ў лютасць.
Але Бацька Воўк ведаў, што шчыліна пячоры занадта вузкая для тыгра і што ён не пралезе.
— Воўк — вольны народ! — сказаў Бацька Воўк. — Яны прымаюць загады ад Правадыра Зграі, а не ад якога-небудзь там паласатага скатабоя. Чалавечае Дзіцянё наша, і мы яго заб'ём, калі захочам.
— Захочаце ці не захочаце? Гэта што за гутарка? Клянуся быком, якога я забіў, што я доўга не буду чакаць тут, утыркнуўшы нос у ваша сабачае логава. Чакаць таго, што належыць мне па праву? Гэта я, Шэр-Хан, гавару з вамі!
Грамовы рык тыгра страсануў пячору. Маці Ваўчыха адштурхнула ад сябе ваўчанят і скокнула на перад; вочы яе гарэлі ў цемры, як два зялёныя ліхтары і ўтаропіліся ў палаючыя вочы Шэр-Хана.
— А гэта я, Ракша ("Д'ябал"), адказваю табе! Чалавечае Дзіцянё маё, — чуеш, Ленгры — маё і толькі маё! Яно не будзе забіта! Яно застанецца жывое, будзе бегаць і паляваць разам з усёю Зграяй. А нарэшце — сцеражыся ты, паляўнік на голых дзяцей, пажыральнік жаб і рыб! — ён будзе паляваць на цябе! А цяпер ідзі прэч, а то, клянуся Самбгурам, якога я забіла (я-ж не ем хатняй скаціны), ты пойдзеш да сваіх, смалены пёс Джунгляў, больш кульгавы, як з'явіўся на свет. Прэч адсюль!
Бацька Воўк здзіўлена пазіраў на яе.
Ён паспеў ужо забыцца на тыя часы, калі адваяваў Маці Ваўчыху ў жорсткай сутычцы з пяцьма іншымі ваўкамі, калі яна бегала ў Зграі, і яе толькі з далікатнасці не называлі ў вочы Д'яблам. Шэр-Хан мог-бы яшчэ падужацца з Бацькам Ваўком, але не ўстаяў-бы супроць Ваўчыхі, бо бачыў усе перавагі яе пазіцыі і ведаў, што яна будзе біцца на смерць. Таму ён з рыканнем адступіў ад пячоры і, крыху адышоўшы, крыкнуў:
— На сваім двары і сабака пан! Паглядзім, што скажа Зграя на такую абарону чалавечага дзіцяці. Дзіцянё — маё, і раней ці пазней яно трапіць мне на зубы, густахвостыя злодзеі!
Маці Ваўчыха, ледзь дыхаючы, кінулася вобземлю сярод сваіх дзяцей. Бацька Воўк паважна сказаў ёй:
— Шэр-Хан сказаў праўду. Дзіцянё трэба паказаць Зграі. Дасі яму прытулак, Маці?
— Даць прытулак?! — прамовіла яна. Ён прыйшоў уначы адзін, голы, галодны, але ён не баяўся. Глядзі, ён ужо адапхнуў аднаго з маіх дзяцей у бок. Гэты кульгавы мяснік забіў-бы яго і ўцёк на Вайнгунгу, а потым тутэйшыя пасяленцы разбурылі-б за гэта ўсе нашы прытулкі! Даць яму прытулак? Вядома, я прытулю яго. Ляжы ціха, Жабянё! О, Маўглі — бо Маўглі-Жабянё буду я называць цябе, — прыйдзе час, калі ты будзеш паляваць на Шэр-Хана, як Шэр-Хан паляваў на цябе.
— Але што скажа наша Зграя? — прамовіў Бацька Воўк. Закон Джунгляў вельмі выразна кажа, што кожны воўк, калі ажэніцца, можа выйсці з Зграі, да якой ён належыць. Але як толькі яго шчаняты падрастуць настолькі, каб трымацца на нагах, ён павінен прадставіць іх у Племянную Раду, якая збіраецца раз у месяц, на поўнік (поўны месяц на небе), каб усе ваўкі маглі-б азнаёміцца з дзіцём. Пасля агляду шчаняты могуць бегаць, дзе хочуць, а пакуль яны не заб'юць свайго першага аленя, ніякаму даросламу ваўку Зграі не даруецца, калі ён заб'е аднаго з іх. Забойца караецца смерцю на тым самым месцы, дзе яго знойдуць.
Бацька Воўк пачакаў, пакуль яго шчаняты пачалі бегаць, і ўноч Племянной Рады павёў іх усіх, Маўглі і Маці Ваўчыху, на Скалу Рады — камяністы ўзгорак, дзе магло размясціцца да сотні ваўкоў.
Акела, вялізны сівы Адзінокі Воўк, які кіраваў Зграяй сваёй дужасцю і розумам, ляжаў на скале, выцягнуўшыся на ўсю даўжыню. Ніжэй сядзела сорак ці больш ваўкоў усякага выгляду і росту, ад сівых ветэранаў, якія маглі адзін-на адзін справіцца з аленем, да маладых чорных трохгадавікоў, якія толькі думалі сабе, што могуць зрабіць тое самае. Адзінокі Воўк ужо з год кіраваў Зграяй. У маладосці ён два разы трапляў у воўчую пастку, а аднаго разу яго так пабілі, што кінулі, як мёртвага. Таму ён добра ведаў характар і звычкі людзей.
Ля скалы не чуваць было гутарак. Шчаняты куляліся і гулялі ў сярэдзіне кола, створанага іхнімі бацькамі. Час ад часу які-небудзь дарослы воўк павольна набліжаўся да шчаняці, уважліва аглядаў яго і ціха вяртаўся на сваё месца. Часам маці выштурхоўвала сваё дзіця на святло месяца, каб усе яго добра бачылі.
Акела-ж заклікаў з сваёй скалы:
— Вы ведаеце Закон — вам вядомы Закон. Добра глядзіце, о Ваўкі!.. І маткі трывожна паўтаралі:
— Глядзіце, добра глядзіце, о Ваўкі!...
Нарэшце (і ў гэты момант у Маткі Ваўчыхі поўсць на шыі стала дыбам) Бацька Воўк выпхнуў на сярэдзіну "Маўглі-Жабянё", як яго называлі. Той усеўся сабе на зямлі і, смяючыся, пачаў гуляць з каменьчыкамі, што блішчэлі ў праменнях месяца.
Акела не падымаў галавы і аднастайна выкрыкваў:
— Добра глядзіце!
Глухі рык пачуўся па-за скаламі — гэта быў голас Шэр-Хана:
— Дзіцянё — маё! Аддайце яго мне! Навошта патрэбна Вольнаму Племю Чалавечае Дзіцянё?
Акела не звярнуў на гэта ўвагі і толькі сказаў:
— Глядзіце добра, о Ваўкі! Якая справа Вольнаму Племю да чыіхсь там загадаў, апрача вольнага Племя? Добра глядзіце! Пачулася шматгалосае рыканне, і малады чатырохгадовы воўк кінуў Акелу пытанне Шэр-Хана:
— Якая патрэба Вольнаму Племю ў чалавечым дзіцяці?
Паводле Закону Джунгляў, калі ўзнікнуць спрэчкі, ці прыняць шчаня ў Зграю, за яго павінна быць падана прынамсі два галасы членаў Зграі, але толькі не бацькоў.
— Хто кажа за Дзіцянё? — спытаўся Акела. — З Вольнага Племя хто кажа?
Адказу не было, і Маці Ваўчыха падрыхтавалася да апошняй (яна гэта ведала) сваёй бойкі, калі-б справа да гэтага дайшла.
Тады выступіў стары Балу, санлівы руды мядзведзь, адзіны чужы звер, які быў дапушчаны ў Племянную Раду. Ён навучаў ваўчанят Закону Джунгляў і ўсюды бадзяўся, бо жывіўся толькі арэхамі, карэннямі і мёдам. Балу стаў на заднія лапы і зарыкаў:
— Чалавечае Дзіцянё! Чалавечае Дзіцянё! Я стану за Чалавечае Дзіцянё! Ён не зробіць нам шкоды. Я не ўмею красамоўна казаць, але кажу праўду! Хай ён бегае ў Зграі і ўвойдзе ў яе разам з іншымі. Я сам бяруся яго выхоўваць.
— Нам патрэбен яшчэ адзін голас, — прамовіў Акела, — Гаварыў Балу, а ён настаўнік нашай моладзі. Хто апрача Балу?
Чорны цень лёг сярод кола. Гэта была Багіра, горная пантэра — чорная, як чарніла, з уласцівымі пантэры адценнямі, бліскучымі, як муаравая тканіна. Усе ведалі Багіру і ніхто не адважыўся станавіцца ёй поперак дарогі, бо яна была хітрая, як Табакі, смелая, як дзікі буйвал, і нястрымная, як паранены слон. Але голас яе быў салодкі, як дзікі мёд, што капае з дрэва, а поўсць мякчэй за пух.
— О, Акела, і вы, Вольнае племя! — закурныкала яна. — Я не маю права ўдзельнічаць у вашым сходзе. Але Закон Джунгляў кажа, што калі ўзнікне сумненне аб новым дзіцяці, — калі справа ідзе не аб забойстве, — то жыццё гэтага дзіцяці можа быць куплена за пэўную плату. А Закон не вызначае, хто можа і хто не можа прапанаваць гэтую плату. Ці праўду я кажу?
— Правільна! Верна! — падхапілі маладыя ваўкі, якія заўжды адчуваюць голад. — Слухайце Багіру. Дзіцянё можа быць куплена за плату. Такі Закон!
— Не маю права гаварыць тут, прашу вашага дазволу.
— Кажы! — гаркнула дваццаць галасоў.
— Забіваць голае дзіцянё — ганебна. Апрача таго можа здацца, што ён будзе карысны для вас, калі вырасце. Балу казаў на яго карысць. Да слоў Балу я дадам быка, і вельмі тлустага, толькі што забітага за поўмілі адсюль, — калі толькі вы прыміце Чалавечае Дзіцянё ў Зграю паводле Закону. Ці-ж гэта цяжка?
Дзесяткі галасоў ускрыкнулі:
— Ніякай бяды няма! Усёроўна ён памрэ ад зімовых дажджоў. Сонца спаліць яго. Якую шкоду можа нам зрабіць голая жаба? Хай сабе бегае ў Зграі! Дзе бык, Багіра? Хай яго прымуць...
Усіх заглушыла выццё Акелы:
— Глядзіце-ж, добра глядзіце, о Ваўкі!
Маўглі так захапіўся сваімі каменьчыкамі, што нават не заўважыў, як ваўкі па чарзе падыходзілі і разглядалі яго. Нарэшце ўсе яны спусціліся з узгорка і падышлі да мёртвага быка.
Засталіся толькі Акела, Багіра, Балу і "бацькі" Маўглі. А Шэр-Хан рыкаў у цемры ад злосці, што яму не аддалі Маўглі.
— Раві сабе, — прамармытала Багіра ў вусы — прыйдзе час, калі гэтае голае стварэнне прымусіць цябе раўсці на іншы манер, ці-ж я не ведаю людзей?
— Зроблена добрая справа, — прамовіў Акела. — Людзі і дзеці іхнія вельмі разумныя. Прыйдзе час, калі ён будзе нам у дапамогу!
— Сапраўды ў дапамогу ў цяжкі час; бо ніхто не можа спадзявацца, што ён будзе да смерці кіраваць Зграяй, — сказала Багіра.
Акела не адказаў. Ён думаў пра той час, які прыходзіць для кожнага правадыра Зграі, калі сілы яго вычэрпваюцца, калі ён усё болей слабее, пакуль, нарэшце, яго забіваюць ваўкі і прызначаюць новага правадыра, які ў свой чарод гіне таксама...
— Бярыце яго, — звярнуўся ён да Бацькі Ваўка, — і выхавай так, як належыць сыну Вольнага Племя.
Такім чынам Маўглі быў прыняты ў Сіанійскую Зграю ваўкоў коштам быка Багіры і добрага слова Балу.
________________________________________________
А цяпер хай чытач прапусціць дзесяць-адзінаццаць гадоў і ўявіць сабе тое дзіўнае жыццё, якое Маўглі вёў сярод ваўкоў. Каб мы захацелі апісаць гэтае жыццё, нам прышлося-б запоўніць шмат тамоў.
Ён гадаваўся разам з ваўчанятамі, хаця яны, вядома, паспелі зрабіцца дарослымі ваўкамі яшчэ ў той час, калі ён быў зусім малым дзіцём. Бацька Воўк навучаў яго сваёй справе і тлумачыў яму сэнс кожнай рэчы ў Джунглях, — пакуль шолах кожнай галінкі, кожны подых цёплага начнога паветра, нотка савы наверсе, след ад кіпця кажана, што зачапіўся для адпачынку за дрэва, і кожны плёск рыбкі ў возеры не зрабіліся яму таксама зразумелымі, як канторская работа дзелавому чалавеку.
У тыя хвіліны, калі ён не вучыўся, ён грэўся на сонейку, спаў, еў і зноў ішоў драмаць. Калі яму рабілася горача, ці здаралася запэцкацца, ён плюхаўся ў лясных азёрах. А калі яму хацелася мёду (Балу давёў яму, што мёд і арэхі таксама прыемныя на смак, як і сырое мяса), ён узбіраўся на дрэва, як навучыла яго Багіра. Багіра асцягнецца, бывала, на суку і кліча:
— Хадзі сюды, Браток!
Спачатку Маўглі лазіў нібы ціхаход, але хутка пачаў лётаць між галін бадай таксама, як шэрыя малпы.
Ён прымаў удзел у паседжаннях на Скале Рады, калі збіралася Зграя. Тут ён зрабіў адкрыццё, што варта яму пільна паглядзець у вочы якому хочаш ваўку, як той зараз-жа апускаў іх; для пацехі ён часта рабіў гэтую штуку.
Здаралася, ён вымаў доўгія стрэмкі з лап сваіх сяброў, бо ваўкі часта церпяць ад розных калючак. Па начах ён любіў спускацца з ўзвышша на засеяныя палі і з цікавасцю назіраў сялян у іхніх халупах. Але ён не давяраў людзям: Багіра паказала яму квадратную скрынку, так дасціпна схаваную ў Джунглях, што ён ледзь не трапіў у яе, і сказала яму, што гэта пастка.
Больш за ўсё ён любіў хадзіць з Багірай у цёмную цёмную пушчу лесу і спаць там увесь душны дзень, а ўначы наглядаць, як Багіра палюе. Згаладалая Багіра забівала направа і налева; тое самае рабіў і Маўглі, але было адно выключэнне: калі ён падрос настолькі, што больш мог разумець, Багіра сказала яму, што ён ніколі не павінен чапаць скаціны, бо сам быў прыняты ў Зграю за кошт жыцця быка.
— Усе Джунглі твае, — казала Багіра — і ты можаш забіваць усё, што здолееш; але дзеля быка, за якога цябе выкупілі, ты ніколі не павінен ні забіваць, ні есці скаціны, ні маладой, ні старой. Такі Закон Джунгляў.
І Маўглі прыняў да ведама і слухаўся яго.
Ён рос і рос, рабіўся ўсё мацнейшы і дужэйшы, чаго і трэба было чакаць ад хлопчыка, які жыве на свежым паветры і не ведае шкодных ўмоў хатняга жыцця.
Маці Ваўчыха раз ці два казала яму, што Шэр-Хану нельга давяраць і што раней ці пазней Маўглі павінен будзе забіць Шэр-Хана.
Ваўчанё памятала-б гэтую параду ў кожны момант свайго жыцця, але Маўглі забыўся: ён-жа-ж быў не болей як хлопчык, хоць і назваў-бы сябе ваўком, каб умеў гаварыць на чалавечай мове.
Шэр-Хан часта пераходзіў яму дарогу ў Джунглях. Карыстаючыся тым, што Акела старэецца і слабее, Кульгавы Тыгр пасябраваўся з маладымі ваўкамі Зграі, якія бегалі за ім і падбіралі яго недаедкі. Акела ніколі не дазволіў-бы гэтага, каб яго ўлада крыху не аслабла.
Шэр-Хан ліслівіў перад імі і дзівіўся як гэта такія дасканалыя маладыя паляўнікі церпяць панаванне ледзь жывога ваўка і Чалавечага Дзіця.
— Мне сказалі, што на Радзе вы не адважваецеся зірнуць яму ў вочы.
І маладыя ваўкі злосна рыкалі і натапырваліся.
Багіра, якая ўсё чула і бачыла, аднаго разу сказала Маўглі, што Шэр-Хан заб'е яго калі-небудзь. Але Маўглі засмяяўся і сказаў:
— За мяне ты, за мяне Зграя; ды і Балу, хоць і ляны, але здолее раз-другі за мяне гыркнуць. Чаго-ж мне баяцца?
У другі раз, калі яны былі ў пушчы і Маўглі ляжаў, паклаўшы галаву на дасканалую машастовую скуру Багіры, яна звярнулася да хлопчыка:
— Братка, колькі разоў я казала табе, што Шэр-Хан твой вораг?
— Столькі разоў, колькі на гэтай пальме арэхаў, — адказаў Маўглі, які не ўмеў лічыць. — Але што з таго? Я спаць хачу, Багіра, а ў Шэр-Хана толькі і ёсць, што даўгі хвост ды зычны голас — нібы Мор (пава).
— Але цяпер не час спаць. Балу ведае пра гэта, я ведаю гэта, Зграя ведае і нават дурныя лані ведаюць. Ды і Табакі казаў табе пра тое самае.
— Го! Го! — прамовіў Маўглі. — Табакі прыйшоў да мяне нядаўна і пачаў грубіяніць: нібы я — голас Чалавечае Дзіцянё і мне не падыходзіць капаць земляныя арэхі. Але я ўхапіў Табакі за хвост і разы са два стукнуў яго аб пальму, как навучыць далікатнасці.
— І зрабіў падурному: хоць Табакі паскуднік, але ён мог паведаміць табе сёе-тое, што блізка тычыцца цябе. Адчыні вочы, Братка! Шэр-Хан не адважыцца забіць цябе ў Джунглях. Але памятай, што Акела вельмі стары; хутка прыйдзе дзень, калі ён не здолее забіць свайго аленя, і тады ён ужо не будзе правадыром. Шмат хто з ваўкоў, што аглядалі цябе калісьці на Скале, таксама састарыліся. Маладыя-ж ваўкі вераць ува ўсё тое, што ім гаворыць Шэр-Хан — што Чалавечаму Дзіцяці няма месца ў Зграі. Яшчэ крыху — і ты ўжо дарослы Чалавек.
— А што такое Чалавек, калі яму нельга бегаць разам са сваімі братамі? — адказаў Маўглі. — Я нарадзіўся ў Джунглях. Я выконваў Законы Джунгляў, і сярод нашых ваўкоў не знойдзецца аніводнага, якому я не вымаў-бы стрэмак з лап. Ужо-ж вядома, яны мае браты.
Багіра выцягнулася на ўсю даўжыню і прыплюшчыла вочы.
— Братка, — прамовіла яна, — памацай мой падбародак!
Маўглі працягнуў сваю моцную смуглую руку і акурат пад шаўкавістым падбародкам Багіры, дзе магутныя круглыя мускулы хаваліся пад глянцавай поўсцю, намацаў невялікую плеш.
— Ніхто ў Джунглях не ведае, што я, Багіра, нашу гэты знак — след ашыйніка. А я-ж, Браток, наранарадзілася сярод людзей, і ў людзей памёрла мая маці, у клетках каралеўскага палаца ў Удэйпуры. Вось чаму я выкупіла цябе на Радзе, калі ты быў малюсенькім дзіцём. Так, і я нарадзілася сярод людзей! Я пасля нараджэння не бачыла Джунгляў. Мяне кармілі за кратамі, з жалезнай патэльні, пакуль аднаго разу я не адчула, што я Багіра — Пантэра, а не цацка для людзей. Я зламала дурны замок адным ударам лапы і ўцякла! Я ведаю ўсе звычкі людзей, і ў Джунглях лічуся страшней за Шэр-Хана. Ці не так?
— Так, — сказаў Маўглі, — усе Джунглі баяцца Багіры, усе, апрача Маўглі.
— О, ты — Чалавечае Дзіцянё, — ласкава прамовіла Чорная Пантэра, — і як я вярнулася ў свае Джунглі, таксама і ты павінен, нарэшце, пайсці назад, да людзей, да людзей, якія даводзяцца табе братамі. Калі толькі цябе не заб'юць на Радзе...
— Але чаму... завошта хто-небудзь захоча мяне забіваць? — спытаўся Маўглі.
— Зірні на мяне, — сказала Багіра, і Маўглі пільна паглядзеў ёй у вочы. Праз поўхвіліны вялізная пантэра адвярнула галаву.
— Вось чаму, — прамовіла яна, грабаючы лапам лісце. — Нават я не магу зірнуць табе ў вочы. А я-ж нарадзілася сярод людзей і люблю цябе, Братка! Іншыя ненавідзяць табе за тое, што вочы іх не адважваюцца зустрэцца з тваімі; за тое, што ты мудры; за тое, што ты вынімаў стрэмкі з іхніх лап, за тое, што ты — Чалавек!
— Я гэтага не ведаю, — панура прамовіў Маўглі, пахмурыўшы свае густыя чорныя брыві.
— Што гавора Закон Джунгляў? Спачатку бі, а потым падавай голас! Па адной тваёй бясклопатнасці яны бачаць, што ты — Чалавек. Будзь разважны. Сэрца гаворыць мне, што як толькі Акела прамінецца на паляванні — а з кожным разам яму ўсё цяжэй даецца алень, — Зграя паўстане супроць яго і супроць цябе. Яны збяруць Раду Джунгляў на скале, а потым... потым... Надумалася! — крыкнула Багіра, ускочыўшы з месца. — Ідзі хутчэй у даліну, да чалавечага жылля і дастань трохі Чырвонай Кветкі, якую яны вырошчваюць. Калі прыйдзе час, у цябе будзе сябра дужэйшы нават за мяне ці Балу, ці тых з Зграі, якія да цябе прыхільныя. Здабудзь Чырвоную Кветку! Чырвонай Кветкай Багіра называла агонь, бо ніводнае стварэнне ў Джунглях не назаве агонь яго сапраўдным імем. Кожны звер адчувае перад ім смяротны жах і апісвае яго розным манерам, але не адважваецца назваць яго правільна.
— Чырвоную Кветку! — сказаў Маўглі. — Яна расце ў змроку каля хат. Я здабуду яе.
— Вось гэта словы Чалавечага Дзіцяці! — з гонарам прамовіла Багіра. — Памятай, яна расце ў гаршках. Хутчэй прынясі Кветку і трымай яе пакуль спатрэбіцца.
— Добра. Я іду. Але ці ўпэўнена ты, о мая Багіра, — і Маўглі абняў рукою пышную шыю і пільна паглядзеў у вялізныя вочы пантэры, — ці ўпэўнена ты, што ўсе гэты штукі Шэр-Хана?
— Клянуся Зломаным Замком, што вызваліў мяне, я ў гэтым упэўнена, Братка!
— Тады я клянуся Быком, за які мяне выкупілі, што адплачу Шэр-Хану поўнасцю, а можа і з дадаткам! — сказаў Маўглі, скокнуў і знік з вачэй Багіры.
— Вось гэта Чалавек! Гэта ўжо зусім Чалавек! — сказала сама сабе Багіра, кладучыся на зямлю. — О, Шэр-Хан, не было для цябе больш няшчаснага палявання, як паляванне на Жабяня дзесяць гадоў назад.
Маўглі далёка ўжо паглыбіўся ў лес. Ён бег хутка і сэрца яго палала ў грудзях. Калі падняўся туман, Маўглі быў каля сваёй пячоры і, засопшыся, глядзеў уніз, у даліну. Сям'і не было дома, толькі Маці Ваўчыха ляжала ў глыбіні пячоры. Па дыханню Маўглі яна здагадалася, што нешта хвалюе яе Жабянё.
— Што з табой, Сынок? — спыталася яна.
— Усё балбатня Шэр-Хана, — адказаў ён. — Сёння я палюю на вораных палях!
І ён пусціўся праз кусты ўніз да крыніцы, якая гурчэла ў глыбіні даліны. Тут ён спыніўся: ён пачуў паляўнічае выццё Зграі, якая гналася за аленем. Потым пачуліся злосныя завыванні маладых ваўкоў:
— Акела! Акела! Хай Адзінокі Воўк пакажа сваю моц! Месца правадыру Зграі! Скакай, Акела!
Адзінокі Воўк мабыць скокнуў і прамінуўся, бо Маўглі пачуў лязг зубоў і сковыт: алень ударыў яго заднімі нагамі.
Далейшага Маўглі ўжо не чакаў і кінуўся наперад. Завыванні паступова сцішыліся ззаду, калі ён бег на палі, дзе жылі сяляне.
— Багіра казала праўду, — засопшыся шаптаў ён, хаваючыся ў кучу сена пад акном адной хаты. — Заўтра наш дзень з Акелай.
Ён прыціснуўся да акна і ўтаропіў вочы ў полымя, што блішчэла на комінку. Ён бачыў, як гаспадыня ўставала ўначы і карміла агонь трэскамі, а калі надышла раніца і туманы пабялелі і пахаладнелі, ён убачыў, як малы хлопчык узяў аплецены гаршок, паклаў туды гарачага, чырвонага вугалю, сунуў пад сваю коўдру і пайшоў у хлеў задаваць корм каровам.
— І гэта ўсё? — падумаў Маўглі. — Калі дзіця можа гэта зрабіць, дык мне няма чаго баяцца!
З гэтымі словамі Маўглі выбег яму насустрач, выхапіў з рук гаршок і знік у тумане, не звяртаючы ўвагі на крык перапалоханага хлопчыка.
— Яны вельмі падобны да мяне, — думаў Маўглі, дзьмухаючы ў гаршок, як гэта рабіла на яго вачах жанчына. — Гэтая штука памрэ, калі я ёй не дам пад'есці.
І ён кідаў галлё і сухую кару на чырвоныя вуголлі. На поўдарозе ён сустрэў Багіру. Адмысловая скура яе блішчэла ранішняй расой, бы самацветнымі каменнямі.
— Акела прамінуўся, — паведаміла Пантэра. — Яны забілі-б яго ў гэтую ноч, але ім не хапае цябе. Цябе шукалі на ўзвышшы.
— Я быў на палях. Я гатоў! Глядзі! — і Маўглі паказаў гаршок з агнём.
— Вельмі добра! Я бачыла, як людзі ўтыркалі ў гэтую грудку сухі дубец, і на канцы яго распускалася Чырвоная Кветка. Няўжо-ж табе не боязна?
— Не. Чаго мне баяцца? Я цяпер пачынаю ўспамінаць, — калі толькі гэта не сон, што да таго часу, як я зрабіўся Ваўком, я ляжаў каля Чырвонай Кветкі, і мне было цёпла і прыемна...
Увесь гэты дзень Маўглі сядзеў у пячоры, даглядаў свой агонь і саваў туды сухое галлё, каб пераканацца, ці загарыцца яно на канцы. Разам з тым ён асобна падрыхтаваў сабе добрую сухую галіну.
Пад вечар з'явіўся ў пячору Табакі і груба перадаў яму, што яго выклікаюць на Скалу Рады. У адказ Маўглі так зарагатаў, што Табакі кінууўся наўцёкі, Пасля гэтага Маўглі, усміхаючыся, пайшоў на Раду.
Акела, Адзінокі Воўк, ляжаў каля сваёй скалы ў знак таго, што пасада правадыра Зграі вольная, а Шэр-Хан з дружынай ваўкоў, сваіх прыяцеляў, што жывіліся яго недаедкамі, прагульваўся ўзад-уперад, слухаючы бессаромную хвалу. Багіра ляжала, прытуліўшыся да Маўглі, які трымаў гаршок з агнём паміж каленаў.
Калі ўсе сабраліся, Шэр-Хан пачаў гаварыць першы. Гэта была дзёрзкасць, на якую ён не адважваўся-б, калі-б Акела быў малады і дужы.
— Ён не мае права — шаптала Багіра. — Скажы гэта. Ён сабачы сын. Ён пабаіцца.
Маўглі ўскочыў на ногі.
— Вольнае Племя! — крычаў ён. — Няўжо Шэр-Хан кіруе Зграяй? Якая справа тыгру да нашага правадыра?
— Убачыўшы, што пасада вольная і маючы запрашэнне гаварыць... — пачаў Шэр-Хан.
— Хто запрашаў? — казаў далей Маўглі, — Ці-ж мы ўсе шакалы, каб шукаць ласкі ў гэтага скатабоя? Кіраўніцтва Зграяй належыць самой Зграі.
Пачулася скавытанне:
— Маўчы ты, чалавечае шчанё!
— Хай ён гаворыць. Ён выконваў наш закон!
І нарэшце старэйшыя ў Зграі загрымелі:
— Хай Мёртвы Воўк гаворыць!
Калі правадыр Зграі прамінецца на паляванні, дык яго называюць Мёртвым Ваўком увесь час, пакуль ён жыве (а гэта цягнецца нядоўга).
Акела ледзь падняў сваю старую галаву:
— Вольнае Племя і вы Шэр-Ханавы шакалы! На працягу дваццаці гадоў вадзіў я вас на паляванне і з палявання, і за ўвесь гэты час ніводзін з вас не быў злоўлены ці пакалечаны. Цяпер я прамінуўся. Вы ведаеце, што мяне пусцілі на незагнанага аленя, каб выявіць маю слабасць. Гэта было хітра надумана! Цяпер вы маеце права забіць мяне тут, на Скале Рады. Я пытаюся, хто возьмецца спыніць жыццё Адзінокага Ваўка? Бо, паводле Закочу Джунгляў, я маю права патрабаваць, каб вы падыходзілі па адным!
Доўга цягнулася маўчанне, бо ніводзін воўк не хацеў біцца з Акелам насмерць.
Нарэшце Шэр-Хан зароў:
— Ба! Навошта вам гэты бяззубы дурань? Ён асуджаны на смерць. А вось Чалавечае Дзіцянё надта зажылося на свеце! Вольнае Племя, ён быў маёй здабычай з самага пачатку, аддайце яго мне. Мне абрыдла гэтая чалавекавоўчая недарэчнасць. Ён баламуціць Джунглі вось ужо дзесяць гадоў! Аддайце мне чалавечага вырадка, а то я заўсёды буду тут паляваць і не пакіну вам ані косткі. Ён — Чалавек, дзіця Чалавека, і я ненавіжу яго ад шчырага сэрца!
Тут завыла бадай уся зграя:
— Чалавек! Чалавек! Навошта сярод нас Чалавек? Хай ён ідзе да сваіх!
— Каб нацкаваць на нас сялян? — загрымеў Шэр-Хан. — Не, лепш аддайце яго мне! Ён — Чалавек, і ніхто з нас не адважваецца глядзець яму ў вочы!
Акела зноў падняў галаву і прамовіў:
— Ён еў з намі. Ён спаў разам з намі. Ён ганяў дзічыну для нас. Ён не парушыў ні слова з Закону Джунгляў.
— А я заплаціла за яго быка, калі вы яго прымалі. Цана быку грош, але слова Багіры такая дробязь, за якую, мажліва, яна гатова біцца, — дадала Багіра пяшчотным голасам.
— Бык, які проданы дзесяць гадоў назад! — мармытала Зграя.
— Што-ж нам да дзесяцігадовых касцей?
— Або да клятвы? — сказала Багіра, ашчэрыўшы свае белыя зубы. — Нездарма вы называецеся Вольным Племем!..
— Не можа чалавечае шчанё бегаць з Племем Джунгляў, — завыў Шэр-Хан. — Аддайце яго мне!
— Ён наш брат па ўсім, апрача крыві — супярэчыў Акела, — а вы хочаце забіць яго. Праўду вы казалі, я надта зажыўся на свеце. Адны з вас ядуць скаціну, а пра другіх я чуў, што яны, падбухтораныя Шэр-Ханам, ідуць у цёмныя ночы красці дзяцей з парогаў сялян. З гэтага я бачу, што вы трусы, і з трусамі цяпер гавару. Праўда, я павінен памерці і маё жыццё нічога не варта, а то я прапанаваў-бы яго ў абмен на Чалавечае Дзіцянё. Але гонарам Зграі — дробязь, на якую вы забыліся, бегаючы без правадыра! — я клянуся, што калі вы адпусціце Чалавека да сваіх, то я не выскалю супроць вас аніводнага зуба, калі прыйдзе час маёй смерці. Я памру без бою! Гэта выратуе для зграі прынамсі тры жыцця. Большага даць я не магу. Такім чынам, калі хочаце, я выратую вас і ад ганебнага забойства брата, які не мае віны, брата, якога прапанавалі ў Зграю і купілі паводле Закону Джунгляў...
— Ён — Чалавек, Чалавек, Чалавек! — рыкала Зграя; і большая частка ваўкоў пачала збірацца вакол Шэр-Хана, які пляскаў сябе хвастом па баках.
— Цяпер справа ў тваіх руках, — прамовіла Багіра, звяртаючыся да Маўглі. — Мы нічога больш не можам зрабіць... толькі біцца...
Маўглі выпрастаўся ва ўвесь рост, трымаючы гаршок з агнём у руках. Потым ён пацягнуўся і зяхнуў проста ў твар Радзе. Але ён адчуваў вялікую злосць і гора, калі ўбачыў, як ваўкі ненавідзілі яго, хоць па сваёй воўчай манеры і не выказвалі гэтага.
— Эй вы, слухайце! — крыкнуў ён. — Цяпер ужо няма чаго брахаць, як сабакі! Вы сёння столькі разоў казалі мне, што я — Чалавек (а я пэўна застаўся-б з вамі ваўком да канца маіх дзён!), што я мушу прызнаць правільнасць вашых слоў. Таму я ўжо не называю вас сваімі братамі, а "саг" (сабакі), як належыць Чалавеку! Пра тое, што вы зробіце і чаго не зробіце — не вам казаць. Гэта тычыцца мяне. А каб вы лепш зразумелі, у чым справа, я, Чалавек, прынёс сюды трохі Чырвонай Кветкі, якой вы так баіцёся.
Ён кінуў гаршок з агнём на зямлю, гарачыя вугалі запалілі сухі мох яркім полымем, і ўся Рада з жахам адскочыла назад перад языкамі полымя, якія заскакалі па зямлі.
Тады Маўглі сунуў нарыхтаваную галіну ў агонь; яна загарэлася, затрашчала, і ён пачаў круціць ёю над сваёй галавой сярод перапалоханых ваўкоў, якія аж прыціснуліся да зямлі ад страху.
— Ты тут гаспадар, — ціха прамовіла Багіра. — Выратуй Акелу ад смерці! Ён заўсёды быў табе прыяцелем.
Акела, люты стары воўк, які ніколі ў жыцці не прасіў літасці, цяпер пакорліва глядзеў на Маўглі. Хлопчык стаяў ва ўвесь рост, голы з раскіданымі па плячах валасамі і асветлены агнём, які адбіваў на ім рухавыя, дрыжачыя цені.
— Добра! — прамовіў Маўглі, грозна пазіраючы навакол. — Я бачу, што вы сабакі. Я іду ад вас да свайго племя — калі гэта маё племя. Джунглі закрыты для мяне, я павінен забыцца на вас. Але я буду міласэрней за вас. Я быў вашым братам ва ўсім, апрача крыві, і абяцаю, што калі буду Чалавекам сярод людзей, дык не здраджу вам перад людзьмі, як вы здрадзілі мне. — Ён штурхануў нагой вуголлі, і іскры паляцелі ва ўсе бакі. Паміж нас, членаў Зграі, тут не будзе грызні. Але перш як пайсці адсюль, я павінен заплаціць доўг.
Ён ступіў наперад, туды, дзе сядзеў Шэр-Хан, тупа міргаючы і ўтаропіўшыся ў полымя, і ўхапіў яго за кучму валос на падбародку. Багіра на кожны выпадак пайшла за ім.
— Устань, сабака! — крыкнуў Маўглі. — Устань,калі гаворыць Чалавек, а то я абсмалю тваю скуру!
Вушы Шэр-Хана шчыльна прыціснуліся да галавы і ён сплюшчыў вочы, бо палаючая галіна была ўжо вельмі блізка.
— Гэты скатабой выхваляўся, што заб'е мяне на Радзе, калі не ўдалося забіць, як я быў малы! А во як мы, людзі, абыходзімся, з такімі сабакамі. Варухні толькі вусамі, Ленгры, і я прасаджу тваю глотку Чырвонай Кветкай!
І ён пачаў біць Шэр-Хана галінай па галаве, а тыгр скуголіў і енчыў ад смяротнага жаху.
— Цьфу! Смаленая кошка Джунгляў, ідзі цяпер. Але памятай: калі наступны раз я вярнуся на Скалу Рады, як належыць Чалавеку, дык прыду не іначай, як са скурай Шэр-Хана на галаве! А наконт іншага ведайце, што Акела можа жыць, як сабе хоча. Вы не заб'еце яго, бо я так хачу! І, нарэшце, я думаю, што вам няма чаго тут сядзець, высунуўшы язык, нібы вы нешта прыстойнае, а не сабакі, якіх я праганяю — вось гэтак! Прэч адсюль!
Полымя люта палала на канцы галіны, Маўглі махаў ёю направа і налева, і ваўкі, скавытаючы, уцякалі ад іскраў, якія смалілі ім поўсць.
Нарэшце засталіся толькі Акела, Багіра і з дзесятак ваўкоў, якія былі на баку Маўглі.
Тады Маўглі адчуў, што ў сярэдзіне яго нешта пачало сціскаць, як ніколі раней не сціскала, дыхаць стала цяжка... Ён пачаў плакаць, і слёзы каціліся па яго твары.
— Што гэта? Што гэта такое? — казаў ён. — Я не хачу пакідаць Джунгляў, і не ведаю, што гэта такое. Багіра, ці не паміраю я?
— Не, Братка. Гэта толькі слёзы, якія бываюць у людзей.
Цяпер я бачу, што ты — Чалавек, і ўжо не дзіця. З гэтага часу Джунглі сапраўды закрыты для цябе. Хай яны капаюць, Маўглі. Гэта толькі слёзы.
Маўглі сядзеў і плакаў, нібы сэрца яго разрывалася на часткі. Ён жа-ж ніколі не плакаў за ўсё сваё папярэдняе жыццё.
— Ну, — прамовіў ён, — я іду да людзей. Але спачатку я павінен развітацца з маёй маткай.
І ён пайшоў у пячору, дзе яна жыла з Бацькам Ваўком, і плакаў на яе лахматых грудзях, а чацвёра ваўчанят пры гэтым скавыталі.
— Вы на мяне забудзецеся? — сказаў Маўглі.
— Ніколі, пакуль будзем у стане абнюхаць сляды, — адказалі ваўчаняты. — Калі будзеш Чалавекам, прыходзь да ўзгорка, і мы будзем з табой гутарыць. Па начах мы будзем прыходзіць на палеткі і гуляць з табой.
— Прыходзь хутчэй! — прасіўся Бацька Воўк. — О, мудрае Жабянё, вяртайся хутчэй, бо мы ўжо старыя, твая маці і я!
— Прыходзь хутчэй, мой голы сыночак, — дадала Маці Ваўчыха. — Ведай чалавечае стварэнне, што я люблю цябе нават больш, як сваіх шчанят!
— Прыду абавязкова, — адказаў Маўглі, — прыду дзеля таго, каб палажыць скуру Шэр-Хана на Скалу Рады. Не забывайце мяне! Перадайце і тым, у Джунглі, каб яны мяне не забывалі!..
Пачыналася зара, калі Маўглі адзін спускаўся з узгорка, насустрач таемным стварэнням, якія называюцца людзьмі...