Маўглі (1934)/Як прыйшоў Страх
← Паляванне Каа | Як прыйшоў Страх Апавяданне Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг 1895 год Арыгінальная назва: How Fear Came |
„Тыгр-Тыгр!“ → |
апавяданне з "Другой кнігі Джунгляў" (1895) |
Ад спёкі курчыцца зямля,
Павысахлі яры.
Шалёным гуртам па лясах
Бадзяюцца звяры.
І калі знойдзецца куток,
Вада дзе ‘шчэ блішчыць, —
З аленем тыгр, з быкамі воўк
Павінны разам піць.
Закон Джунгляў, пэўна самы даўнейшы ў свеце, прадугледзеў бадай усе выпадковасці, якія могуць здарыцца з насельніцтвам Джунгляў, і цяпер збор гэтых законаў настолькі дасканалы, наколькі могуць гэта зрабіць час і звычаі. Калі вы чыталі іншыя апавяданні пра Маўглі, то павінны памятаць, што ён правёў большую частку свайго жыцця ў Сіанійскай Воўчай Зграі, дзе навучаўся Закону ў бурага мядзведзя Балу. Балу-ж, калі хлопчыку абрыдалі бясконцыя загады, сказаў яму, што Закон падобны да гіганцкай Паўзучай Ліяны, — ён падае на спіну кожнаму, і ўхіліцца ад яго няма магчымасці.
— Калі пажывеш столькі, колькі я, Браток, дык убачыш, што ўсе Джунглі падначальваюцца прынамсі хоць аднаму Закону! І з'явішча будзе не вельмі прыемнае... — скончыў Балу.
Словы гэтыя ўвайшлі Маўглі ў адно вуха, а з другога вышлі. Але прыйшоў час, калі словы Балу спраўдзіліся, і Маўглі сваімі вачыма ўбачыў усе Джунглі пад уплывам аднаго Закону.
У гэты год зімовых дажджоў амаль не было, і іглак-Сагі, спаткаўшы Маўглі ў бамбукавым гушчары, паведаміў, што дзікае проса пачынае засыхаць. Усім вядома, што Сагі вельмі пераборлівы і ўжывае толькі самыя адборныя і спелыя плады. Маўглі засмяяўся і сказаў:
— А мне што да таго?
— Можа цяпер яшчэ нічога, — адказаў Сагі з непрыемным хрумсценнем сваіх калючак-іглаў. — А вось далей убачыш. А што, Браток, ці можна яшчэ даваць нырца ў глыбокай сажалцы, што каля Пчаліных Скал?
— Не. Дурная вада выходзіць, і я не хачу разбіць сабе галаву! — сказаў Маўглі, якому здавалася, што ён адзін ведае столькі, колькі пяцёра кожных іншых жыхароў Джунгляў.
— Шкада! Каб у тваёй галаве была хоць маленькая шчыліна, ты мог-бы набрацца крыху розуму... — і Сагі шпарка схіліў галаву, бо заўважыў, што Маўглі цэліцца таргануць яго за насавую шчаціну.
Маўглі перадаў Балу тое, што сказаў яму Сагі. Балу задумаўся і прамармытаў сам сабе:
— Каб я быў адзін, я зараз-жа перамяніў-бы месца палявання, пакуль іншыя не ўсхапіліся. Але... паляванне сярод чужакоў канчаецца калатнёй, а ў такіх справах могуць яшчэ пакрыўдзіць маё Чалавечае Дзіцянё. Пачакаем, паглядзім як мохва зацвіце...
Балу вельмі любіў плады дрэва "мохвы", але ў гэтую весну яно не расцвіло. Зеленаватыя, як алівы, васковыя кветкі былі забітыя спёкай, не паспеўшы распусціцца, і калі Балу страсануў дрэва, з яго зляцела ўсяго толькі некалькі смярдзючых пялёсткаў. Пякучая гарачыня паступова залязала ў самае сэрца Джунгляў. Джунглі пажоўклі, парудзелі і, нарэшце, пачарнелі. Зялёны параснік каля яроў ператварыўся ў дрот і пакурчаныя плеўкі мярцвячыны. Затульныя азёрцы ўвайшлі ў зямлю, і глеба на іх месцы ссохлася так, што кожны след на ёй запёкся і зрабіўся, нібы чыгунны. Сакавітыя раней ліяны падалі з дрэў і паміралі ля іх падножжа. Засохлыя бамбукі звонка стукаліся адзін аб адзін, калі налятаў вецер, а мох пачаў адлушчвацца ўжо ў самых гушчарах, так што, нарэшце, і там зямля агалілася і распалялася не горш, як на палях.
Птушкі і малпы накіраваліся на поўнач у пачатку года, бо яны прадчувалі бяду. Алені і дзікі забіра ліся на сялянскае поле і часам паміралі на вачах людзей, якія нават не мелі сілы забіць іх. Толькі адзін каршун Чыль жыў раскошна: трупаў яму было — колькі хочаш. Кожны дзень ён паведамляў жывёлам, якія не мелі моцы прабіцца на новыя месцы палявання, што сонца змярцвіла Джунглі на тры дні лёту ва ўсе бакі.
Маўглі да гэтага часу не ведаў, што такое сапраўдны голад. Ён цяпер жывіўся трохгадовым мёдам, які выскробваў з закінутых каменных вулляў — мёд быў чорны і пыльны, Маўглі выкалупваў з-пад кары дрэў чарвякоў, разбурваў асіныя гнёзды і з'ядаў моладзь.
Уся дзічына ў Діжунглях ператварылася ў скуру ды косці. Здаралася, што Багіра забівала здабычу па тры разы за ноч і ўсё-ж такі не магла наесціся. Але горш за ўсё была смага. Жыхары Джунгляў п'юць хоць і рэдка, але многа.
Спякота высмактала ўсю вільгаць і, нарэшце, галоўная рэчышча Вайнгунгі засталося адзіным месцам, дзе бруілася крыху вады сярод мёртвых берагоў. І калі Дзікі Слон Хаці, які жыве па сто гадоў і больш, убачыў сярод патоку вузкую сінюю палоску каменняў, ён зразумеў, што перад ім — Скала Згоды. Тады ён падняў хобат і абвясціў "Вадзяное Перамір'е", як гэта зрабіў яго бацька за поўстагоддзе назад. Але дзікія свінні і буйвалы хрыпатымі галасамі падхапілі гэты кліч, а каршун Чыль паляцеў шырокімі кругамі над Джунглямі, высвістваючы і выкрыкваючы той-жа кліч.
Паводле законаў Джунгляў падлягае смерці кожны, хто забівае ля вадапою пасля таго, як абвешчана Вадзяное Перамір'е. Гэта таму, што піццё важней за яду. Калі дзічыны мала, кожны жыхар Джунгляў сяк-так абыдзецца. Іншая рэч — вада. І калі яна ёсць толькі ў адным месцы, то ў часе вадапою паляванне ў Джунглях спыняецца. Усе жыхары Джунгляў стомленыя, галодныя — тыгры, мядзведзі, алені, буйвалы, свінні — ішлі да перасохлай ракі, адным гуртам пілі цвілую ваду і стаялі над ёй настолькі знясіленыя, што не маглі ісці далей.
Алені і свінні бадзяліся па лесе цэлымі днямі і нічога не знаходзілі, апрача сухой травы і завялых лісцяў. Буйвалы не знаходзілі ні лужын, дзе яны так любілі прахалоджвацца, ні зялёнай травы. Змеі выпаўзалі з Джунгляў і накіроўваліся да ракі, спадзяючыся хоць тут злавіць якую-небудзь жабу. Яны абвіналіся вакол мокрых каменняў і нават не спрабавалі ўцякаць, калі якая-небудзь свіння непакоіла іх. Рачныя чарапахі даўно ўжо былі знішчаныя Багірай, самай спрытнай сярод паляўнічых, а рыбы зарыліся глыбока ў шчарбатую твань. Толькі Скала Згоды цягнулася доўгай змяёй, і маленькія цурочкі нават сінелі на яе гарачых баках.
Сюды кожную ноч прыходзіў і Маўглі, шукаючы прахалоды і кампаніі. Нават самыя галодныя з ворагаў хлопчыка наўрад ці думалі цяпер аб ім. Дзякуючы сваёй голай скуры, ён здаваўся яшчэ больш мізэрным і схудалым, як яго таварышы. Сонца выпаліла яго валасы, і яны зрабіліся светлыя, як лён, рэбры выпіраліся, бы дубцы з кошыка. Але вочы пад навіслым чубам былі спакойныя і халодныя, бо Багіра, яго нязменная дарадчыца ў гэты цяжкі час, навучыла яго рухацца ціха, паляваць, не спяшаючыся, і ніколі, ані ў якім выпадку не траціць цярплівасці.
— Дрэнная пара прыйшла! — казала Чорная Пантэра ў гарачы вечар, які дыхаў, бы распаленая печка. — Але гэта не бяда, калі мы выжывем. А што, бруха ў цябе пустое, Чалавечае Дзіцянё?
— Бруха не пустое, але мне нядобра. Як ты думаеш, Багіра, ці зусім пазабыліся на нас дажджы і ўжо ніколі не вернуцца?
— Я гэтага не думаю; мы яшчэ ўбачым як расцвіце мохва, убачым маладых алянят, тлустых ад маладой травы. Пойдзем да Скалы Згоды і паслухаем навіны. Сядай мне на спіну, Браток.
— Не такі цяпер час, каб цягаць цяжар; я яшчэ трымаюся на нагах, але... наўрад ці мы з табой падобныя да тлустых бычкоў.
Багіра аглядзела свае шалудзівыя запыленыя бакі і прашаптала:
— Учора я забіла прывязанага бычка. Я так нізка апусцілася, што не адважылася-б скокнуць, калі-б ён быў адвязаны. Воў!..
Маўглі засмяяўся:
— Так, добрымі мы зрабіліся паляўнікамі! Я так асмялеўся, што еў чарвякоў!
І прыяцелі павалакліся разам да берагу ракі.
— Гэтая вада не доўга пражыве, — сказаў Балу, далучыўшыся да іх. — Гляньце, вунь сляды, падобныя да шляхоў людзей.
На гладкай раўніне далёкага берагу двухметравая трава памёрла і засохла, стоячы як мумія. Сярод гэтай травы былі працярэблены глыбокія пыльныя сцежкі, якія нават у такі ранні час кішэлі жывёламі, што спяшаліся да вады. Алені і лані ад пылу моцна чмыхалі.
У звіліне ракі знаходзілася Скала Згоды, знак Вадзянога Перамір'я, стаяў са сваімі сынамі Дзікі Слон Хаці. Вялізны і шэры ў месячным ззянні, ён бесперапынна хістаўся з боку ў бок. Ніжэй стаяў авангард аленнега статка, яшчэ ніжэй на беразе ракі — свінні і дзікія буйвалы. А па процілеглым беразе, дзе дрэвы спускаліся да самай ракі, было вызначана месца для мясажэрных — тыграў, ваўкоў, пантэр, мядзведзяў і іншых.
— Мы сапраўды жывем цяпер пад адным Законам! — прамовіла Багіра, увайшоўшы ў ваду і зірнуўшы на лінію рогаў і бліскучых вачэй у тым месцы, дзе штурхаліся алені і дзікія свінні. — Добрага Палявання вам, мае адзінакроўныя! — сказала яна, расцягнуўшыся ў вадзе на адным баку, а потым дадала праз зубы: — Каб не гэты Закон, тут сапраўды было-б добрае паляванне.
Чулыя вушы аленяў злавілі апошнія словы і палахлівы гоман пайшоў па радах траваедных:
— Перамір'е! Не забывайся на Перамір'е!
— Ціха! Ціха! — крыкнуў Хаці, Дзікі Слон. — Цяпер Перамір'е, Багіра, і не час гаварыць пра паляванне.
— Ці-ж мне не ведаць гэтага? — адказала Багіра, бліснуўшы жоўтымі вачыма. Я ператварылася ў паядальніка чарапах, у паляўніка на жаб. Нгайя!.. Ці не пачаць мне грызці галлё?
— Ах, як гэта было-б добра!.. — наіўна прамовіла маладое алянё, што нарадзілася ў гэтую весну.
Хоць і вельмі сумныя былі жыхары Джунгляў, але нават Хаці не мог устрымацца ад смеху. А Маўглі, які ляжаў у цёплай вадзе, абапершыся ў дно локцямі, гучна зарагатаў і закалаціў па вадзе нагамі.
— Добра сказана, малы! — муркнула Багіра. — Калі Перамір'е скончыцца, гэта будзе залічана на тваю карысць...
І яна пільна прыгледзелася да аляняці, каб пазнаць яго пазней у выпадку сустрэчы.
Патроху завязалася гутарка па ўсёй лініі. Свінні штурхаліся і рохкалі, просячы паціснуцца; буйвалы порскалі і перагаворваліся праз мялізны, а алені расказвалі сумную аповесць пра цяжкія пошукі спажывы. Часам яны кідалі пытанне праз раку да мясажэраў, але нічога добрага ў адказ не чулі. Пякучы вецер з выем налятаў і губляўся сярод скал і сухога галля, пакідаючы на вадзе трэскі і пыл.
— Нават людзі і тыя паміраюць каля сваіх плугоў! — абвясціў малады Самбгур (казуля). — У гэтую ноч я трох такіх напаткаў. Яны ляжалі нерухомыя, а з імі іхнія буйвалы. Яшчэ крыху — і з намі будзе тое самае...
— Рака яшчэ больш апусцілася ад учорашняй ночы, — прамовіў Балу. — О, Хаці, ці бачыў ты калі-небудзь падобную засуху?
— Яна міне. Усё міне, — адказаў Хаці, паліваючы свае бакі і спіну.
— Але з намі ёсць такі, які доўга не вытрымае! — казаў Балу, зірнуўшы на хлопчыка, якога так любіў.
— Гэта я? — з абурэннем спытаўся Маўглі і сеў у вадзе... — Праўда, у мяне няма футры, каб схаваць косці, але... Каб з цябе сцягнуць скуру, Балу...
Хаці аж скрывіўся, а Балу сурова сказаў:
— Чалавечае Дзіцянё! Як можаш ты так казаць пра настаўніка Закону? Ніхто яшчэ не бачыў мяне без скуры!
— Я не хацеў пакрыўдзіць цябе, Балу. Я хацеў толькі сказаць, што ты нібы какос у шалупінні, а я той самы какос без шалупіння. І вось, каб тваё бурае шалупінне...
Маўглі сядзеў, падкурчыўшы ногі і падняўшы ўгару палец, як гэта ён звычайна рабіў, а ў гэты момант Багіра працягнула сваю мяккую лапу і занурыла яго ў ваду.
— Чым больш, тым горш! — сказала Чорная Пантэра, калі Маўглі, пырскаючы, падняўся з вады. — То з Балу трэба садраць скуру, то ён у цябе какосавы арэх. Глядзі, каб ён не зрабіў з табой тое самае, што робяць з арэхамі.
— А што? — спытаўся Маўглі, на момант забыўшыся на асцярожнасць.
— Каб ён не разбіў табе галаву! — спакойна прамовіла Багіра і занурыла Маўглі другі раз.
— Нядобра здзеквацца з настаўніка! —дадаў Мядзведзь, калі хлопчыка занурылі трэці раз.
— Нядобра? А чаго-ж вы чакалі? Гэты малы бегае ўсюды і здзекуецца з усіх тых, хто быў калісьці добрым паляўніком. І нават лепшых з нас дзеля забавы цягае за вусы!..
Гэта гаварыў Шэр-Хан, Кульгавы тыгр, які прыкандыбаў да вады. Ён з задавальненнем пазіраў, якое ўражанне зрабіла яго з'яўленне на аленяў, што былі на процілеглым беразе. Потым апусціў сваю квадратную лахматную галаву да вады і пачаў піць і буркаць:
— Джунглі зрабіліся цяпер пляцоўкай для гульняў голых дзяцей. Паглядзі на мяне, Чалавечае Дзіцянё.
Маўглі пранікліва паглядзеў на яго, і праз хвіліну Шэр-Хан адвёў вочы.
— Чалавечае Дзіцянё! Чалавечае Дзіцянё! — зарыкаў Шэр-Хан.
— Ён не Чалавек і не Дзіцянё, бо іначай ён павінен быў спалохацца. Чаго добрага, у наступны раз мне прыдзецца прасіць у яго дазволу напіцца. Агр!..
— І гэта можа здарыцца! — прамовіла Багіра, пільна гледзячы яму ў вочы. — І гэта можа здарыцца... Фі, Шэр-Хан, гэта што яшчэ за ганьба такая?
Кульгавы Тыгр апусціў у ваду падбародак і шчокі і па вадзе паплылі чырвоныя палосы.
— Чалавек! — спакойна адказаў Шэр-Хан. — Я забіў яго з гадзіну назад...
І ён буркнуў і піў сабе далей, не звяртаючы ні на каго ўвагі. Але звяры захваляваліся, загулі, і нарэшце, пачуліся крыкі:
— Чалавек! Чалавек! Ён забіў Чалавека!
І ўсе паглядзелі на Хаці, Дзікага Слана.
Але той, здавалася, і не чуў. Хаці ніколі не выяўляе сябе, пакуль не прыйдзе час — вось чаму ён так доўга жыве.
— Ці-ж цяпер час забіваць Чалавека? Ці не было іншай дзічыны? — з пагардай сказала Багіра, выходзячы з бруднай вады і атрахаючы свае лапы.
— Я забіў па выбару, а не для ежы.
Зноў пачуўся спалоханы гоман, і зіркія бялясыя вочкі Хаці ўтаропіліся ў Шэр-Хана.
— Так, па выбару! — дзёрзка паўтарыў Шэр-Хан. — А цяпер я прыйшоў напіцца і пачысціцца. Ці можа хто забараніць мне гэта?
Спіна Багіры выгнулася, як бамбук ад моцнага ветру, але Хаці падняў свой хобат і спакойна пераспытаў:
— Ты забіў па выбару? (А калі Хаці пытаецца, лепш адказваць.)
— Так, гэта было маё права і мая ноч. Ты-ж ведаеш, а Хаці! — голас Шэр-Хана адразу зрабіўся ліслівым.
— Але, я ведаю, — адказаў Хаці і пасля некаторага маўчання сказаў: — Ты напіўся?
— На сёння напіўся.
— У такім разе ідзі. Рака для таго, каб з яе піць, а не для таго, каб паганіць яе. Толькі Кульгавы Тыгр можа задавацца сваім правам у той час, калі мы ўсе пакутуем — і Чалавек і Джунглі. Чысты ці нячысты, але зараз-жа ідзі ў свае логава, Шэр-Хан! Тут табе не месца!
Апошнія словы прагрымелі, як срэбная труба, і тры сыны Хаці выступілі наперад. Але ў гэтым і патрэбы не было: Шэр-Хан хуценька шмыгнуў прэч, не спрабуючы супярэчыць, бо ведаў, што Хаці, нарэшце, усё-ж такі Ўладар Джунгляў.
— Пра якое такое права казаў Шэр-Хан? — прашаптаў Маўглі на вуха Багіры. — Забіваць Чалавека заўсёды ганебна, так кажа Закон, а Хаці гаворыць...
— Спытайся яго сам, я не ведаю, Браток. Ці маю я права, ці не, але, каб Хаці не сказаў свайго слова, я-бы правучыла гэтага кульгавага мясніка. Прыходзіць да Скалы Згоды зараз-жа пасля забойства Чалавека, ды яшчэ выхваляецца гэтым — так можа зрабіць толькі шакал! Ён яшчэ і ваду запаскудзіў!..
Маўглі счакаў крыху, набраўся духу (бо ніхто не адважваецца звяртацца да Хаці непасрэдна) і крыкнуў:
— У чым права Шэр-Хана, а Хаці?
Словы яго знайшлі водгук па абодвух берагах, бо ўсе жыхары Джунгляў вельмі цікаўлівыя, а цяпер перад імі было нешта такое, чаго не разумеў, відаць, ніхто, апрача Балу, які меў вельмі задумлівы выгляд у гэтую хвіліну.
— Гэта старадаўняя аповесць, — адказаў Хаці, гісторыя, даўнейшая за самі Джунглі. Сціхніце вы там, па берагах, і я паведаю яе вам.
Хвіліну-другую сярод свіней і буйвалаў ішла штурханіна і спрэчкі, але хутка ўсё сцішылася, і важакі гуртоў адзін за адным крыкнулі:
— Мы чакаем, о Хаці!
Хаці выступіў наперад, увайшоў у ваду да каленаў і спыніўся ля Скалы Згоды. Схудалы, зморшчаны, з жоўтымі клыкамі, ён усё яшчэ здаваўся тым, каго Джунглі прызвычаіліся лічыць Уладаром.
— Вы ведаеце, дзеці мае, што больш за ўсіх вы баіцеся Чалавека. (Тут пачуўся агульны згаджальны гул.)
— А байка-ж тычыцца цябе, Браток! — звярнулася Багіра да Маўглі.
— Мяне? Я-ж з ліку Зграі, я паляўнік Вольнага Племя! — адказаў Маўглі. — Што мне да Чалавека?
— Але вы не ведаеце, чаму вы баіцеся Чалавека, — казаў далей Хаці. — А вось чаму: у пачатку існавання Джунгляў — ніхто не ведае, калі гэта было — мы ўсе хадзілі разам, не баючыся адзін аднаго. У тыя дні не было засухі, лісце, кветкі і плады раслі на дрэвах адначасова, і мы жывіліся толькі лісцем і кветкамі, травой, пладамі і карой.
— Я вельмі рада, што не нарадзілася ў тыя часы, — заўважыла Багіра. — Кара прыгодна толькі для таго, каб аб яе вастрыць кіпці.
— А ўладаром Джунгляў быў Тха, Першы з Сланоў. Ён выцягнуў Джунглі з вады сваім хобатам, і там, дзе ён правёў барозны ў зямлі сваімі клыкамі — пацяклі рэкі, а там, дзе ён тупаў нагамі — стварыліся сажалкі. Калі ён трубіў у свой хобат — вось гэтак! — дык дрэвы падалі. Вось якім чынам Тха ствараў Джунглі, так і мне расказвалі.
— А казка не схудала ад перадачы, — шапнула Багіра, а Маўглі хіхікнуў у кулак.
"У тыя дні не было ні збожжа, ні дыняў, ні перцу, ні цукровага трысця. Не было тады і маленькіх хат, якія вам усім вядомыя. Народы Джунгляў нічога не ведалі пра Чалавека і жылі ў Джунглях, як адно племя. Але вось яны пачалі сварыцца з-за харчу, хоць кармоў хапала на ўсіх. Яны заленаваліся, кожны хацеў есці на тым месцы, дзе ён ляжаў, накшталт таго, як часам і мы гэта робім, калі вясна бывае дажджыстая. Дык вось, Тха, Першы з Сланоў, старанна ствараў новыя Джунглі і адводзіў рэкі ў іхнія рэчышчы. Ён не мог адначасова быць усюды, таму паставіў Першага з Тыграў уладаром і суддзёй над Джунглямі. Усе жыхары Джунгляў павінны былі звяртацца да яго з сваімі спрэчкамі. У тыя дні Першы з Тыграў жывіўся пладамі і травой разам з усімі іншымі. На яго скуры не было яшчэ ніводнай палоскі, ніводнай пляміны. Жыхары Джунгляў прыходзілі да яго без страху, і слова яго было законам для ўсіх Джунгляў. Не забывайцеся, што мы тады складалі адзін народ. Але вось у адну ноч адбылася сварка паміж двума аленямі, — звычайная сварка на пашы, якую вы вырашаеце, пастукаўшыся рагамі і пярэднімі нагамі, — і кажуць, што калі адзін з іх стаў перад Першым з Тыграў, які ляжаў сярод кветак, то неяк штурхануў яго сваім рогам. Першы з Тыграў забыўся, што ён уладар і суддзя Джунгляў, кінуўся на аленя і зламаў яму шыю. Да гэтай начы ніхто з нас не паміраў. Першы з Тыграў ашалеў ад паху крыві і ўцёк у Балоты Поўначы, а мы, застаўшыся без суддзі, пачалі біцца паміж сабою. Тха пачуў гэты шум, вярнуўся, даведаўся ў чым справа і аддаў загад дрэвам і ліянам Джунгляў, каб яны адзначалі забойцу аленя. І сказаў тады Тха: "Хто-ж цяпер будзе Ўладаром над Джунглямі?" У адказ на гэтыя словы выскачыла Малпа, якая жыве на дрэвах: "Я цяпер буду Уладаром Джунгляў!" Засмяяўся Тха і сказаў: "Хай будзе так!" і пайшоў разгневаны.
"Дзеці, вы ведаеце Шэрую Малпу. Яна была тады такой самай, што і цяпер. Спачатку яна скрывіла разумную міну, але ўжо праз хвіліну пачала чухацца, скакаць уверх і ўніз па дрэвах. І калі Тха вярнуўся, ён убачыў, што Шэрая Малпа вісіць уніз галавой на суку і строіць кпіны з народу, а тыя адказваюць ёй таксама. І не сталася Закону ў Джунглях — адна балбатня і бязглуздыя словы.
"Тады Тха склікаў нас усіх і сказаў: "Першы з нашых ўладароў прынёс у Джунглі Смерць, а другі — Сорам. Прыйшоў час даць нам Закон, якога вы не парушалі-б. Цяпер вы пазнаеце Страх. І калі вы знойдзеце яго, вы зразумееце, што ён ваш Уладар, а рэшта прыйдзе сама сабой. "Што такое Страх?" — спыталіся мы. Тха адказаў: "Шукайце, пакуль не знойдзеце! І вось мы пайшлі па Джунглях шукаць Страх, а буйвалы...
— Брр! — прамовіў Міза, важак буйвалаў з сваёй мялізны. — "Так, Міза, гэта былі буйвалы. Яны прынеслі вестку, што ў пячоры ў Джунглях сядзіць Страх, што на ім няма валос і што ён ходзіць на задніх лапах. Мы пайшлі за буйваламі, падышлі да гэтай пячоры і каля ўваходу ў яе ўбачылі Страх, ён быў безвалосы і стаяў на задніх лапах. Убачыўшы нас, ён закрычаў, і ад яго голасу мы адчулі жах. Мы пабеглі прэч, топчучы адзін аднаго, бо мы адчувалі страх. У гэтую ноч — казалі мне — мы ўжо не ляжалі разам, як было раней, а кожнае племя трымалася паасобку, — свінні са свіннямі, алені з аленямі, ды і то рог да рога, капыта да капыта. І так ляжалі мы ў Джунглях, трасучыся...
"Але Першага з Тыграў не было з намі. Ён усё яшчэ хаваўся ў Балотах Поўначы. Пачуўшы пра тое, што ў нас робіцца, ён сказаў: "Я пайду да гэтага Страху і зламаю яму карак!" Усю ноч бег ён к пячоры, але дрэвы і ліяны, памятаючы загад Тха, апускалі галіны і ставілі знакі на яго бакі, спіну, лоб, шчокі. Дзе яны дакраналіся, там заставаліся плямы і палосы на яго жоўтай скуры. Гэтыя палосы яго дзеці носяць і да сёнешняга дня. Калі ён прыбег у пячору, Страх, Безвалосы, падняў руку і назваў яго — "Паласаты, які прыходзіць уначы". Першы з Тыграў з жахам адступіў і, выючы, пабег назад у Балота".
Маўглі, седзячы ў вадзе па самы падбародак, ціханька хіхікаў.
"Ён так моцна скавытаў, што яго пачуў Тха і спытаўся: "У чым справа?" І Першы з Тыграў, задраўшы сваю галаву к маладому небу, якое цяпер такое старое, сказаў: "Аддай мне маю моц, Тха! Мне сорамна перад усімі Джунглямі, бо я ўцёк ад Безвалосага, і ён нават аблаяў мяне". "Чаму?" — спытаў Тха. "Таму, што я запэцканы балотнай тванню", адказаў Першы з Тыграў. "Ну дык паплавай ды пакачайся па мокрай траве, і калі гэта гразь, дык яна пэўна змыецца", — параіў Тха. І Першы з Тыграў пачаў плаваць, качацца, і качаўся да таго, што аж Джунглі закружыліся перад яго вачыма. Але ніводная палоска, ніводная плямінка на яго скуры не змянілася, а Тха глядзеў на яго ды смяяўся. І сказаў Першы з Тыграў: "Што я зрабіў? Завошта на мяне такая бяда?" Тха адказаў: "Ты забіў аленя, пусціў Смерць у Джунглі, а са Смерцю прыйшоў Страх — жыхары Джунгляў баяцца адзін аднаго, а ты баішся Безвалосага".
І сказаў Першы з Тыграў: "Яны не будуць баяцца мяне, ведаю здаўна". "Ідзі і глядзі!" — адказаў Тха. І Першы з Тыграў бегаў па лесе, клікаў аленяў, свіней, Самбгураў і Іглака, і ўсіх жыхароў Джунгляў, але ўсе ўцякалі ад таго, хто быў іхнім суддзёй, усе баяліся яго. Вярнуўся Першы з Тыграў; гордасць яго была зняважаная, ён біўся галавой вобземлю, ірваў на сабе валасы і крычаў: "Успомні, што я калісьці быў Уладаром Джунгляў. Не забудзься на мяне, о Тха! Хай мае дзеці ведаюць, што калісьці я не ведаў Сораму і Страху". І сказаў Тха: "Я зраблю гэта, бо мы разам з табой бачылі, як ствараліся Джунглі. Адна ноч у годзе будзе такой, якая была ў дзень забойства аленя, для цябе і для тваіх дзяцей. У гэтую адзіную ноч, калі ты сустрэнеш Безвалосага (а імя яму — Чалавек), ты не будзеш яго баяцца, а ён будзе баяцца цябе, нібы ты Суддзя і Ўладар Джунгляў. Будзь літасны да яго ў гэтую ноч страху, бо ты сам пазнаў, што такое Страх!"
"І адказаў Першы з Тыграў: "Я задаволены!" Але калі ён зірнуў на свае чорныя палосы і ўспомніў абразлівае прозвішча, якое яму даў Безвалосы, то злосць зноў вярнулася да яго. Цэлы год хаваўся ён у Балотах, і ў адну ноч, калі Нябесны Шакал (вячэрняя зорка) узняўся над Джунглямі, ён адчуў, што прыйшла яго ноч, і адправіўся к пячоры Безвалосага. І адбылося так, як абяцаў Тха: той упаў перад ім ніц, і Першы з Тыграў зламаў яму хрыбет. Ён думаў, што Безвалосы адзін у Джунглях, і што Страх забіты. Але вось ад поўначы пачуліся крокі Тха, і раздаўся голас Першага з Сланоў — вось такі самы, як цяпер..." (у гэты момант у горах прагрымёў гром, але ён не прынёс дажджу, а толькі сухі бляск маланкі, Хаці тымчасам казаў далей):
"Вось гэты голас пачуў ён. І сказаў Тха: "Дык вось якая твая літасць?" Але Першы з Тыграў, аблізваючы губы, прамовіў: "Якая бяда? Я-ж забіў Страх". І сказаў яму Тха: "О, сляпы вар'ят! Ты развязаў ногі Смерці, і цяпер яна будзе хадзіць па тваіх слядах, пакуль ты не памрэш. Ты навучыў Чалавека забіваць. Ніколі больш народ Джунгляў не пойдзе да цябе, толькі Страх будзе хадзіць за табой. Зямля будзе правальвацца пад тваімі нагамі, ліяны будуць абвінацца вакол тваёй шыі, дрэвы будуць вышэй, каб ты не мог даскачыць да галін — і нарэшце, Безвалосы здыме тваю скуру, каб загарнуць у яе сваіх дзяцей у часе халадоў. Ты не быў да яго літасны, і ён не будзе да цябе літасны". — "Абяцанне Тха ёсць абяцанне Тха; не адбярэ-ж ён ад мяне маёй ночы?" — дзёрзка сказаў Першы з Тыграў. І адказаў Тха: "Ноч, як я казаў, застаецца тваёй, але цяпер за яе трэба заплаціць. Ты навучыў Чалавека забіваць, а ён — здольны вучань". — "Вось ён пад маёй нагой, і хрыбет яго зламаны!" — адказаў Першы з Тыграў. — Абвясці Джунглям, што я забіў Страх! Але Тха засмяяўся і сказаў: "Ты забіў толькі аднаго з іх. Але ты лепш сам раскажы, бо ноч твая ўжо скончылася!"
Надышоў дзень, і каля ўваходу ў пячору паказаўся другі Безвалосы. Ён убачыў мерцвяка на сценцы і Першага з Тыграў над ім, узяў завостраную палку...
— Ён кінуў у яго палку, якая рэжа! — крыкнуў сагі, стукаючы сваімі ігламі.
Лясны народ, гонды, лічаць мяса іглака вельмі смачным. Дзякуючы гэтаму іглакі добра ведаюць вострыя нажы, якія гонды кідаюць так ёмка, што яны лятуць, як маланка, і акурат трапляюць у іглака.
"Не, гэта вострая палка была такая, якую яны кладуць цяпер каля пастак, — сказаў Хаці. — Чалавек кінуў, і яна глыбока засела ў целе Першага Тыгра. Першы з Тыграў з выем пабег прэч і качаўся па Джунглях, пакуль не вырваў палку. Усе Джунглі даведаліся, што Безвалосы ўмее біць здалёк, і пачалі яго баяцца яшчэ больш. Вось як Першы з Тыграў навучыў Безвалосага забіваць наша племя! Чалавек робіць пасткі, рые ямы, кідае вострыя палкі і нешта пякучае, што вылятае з белага дыму (Хаці думаў пра стрэльбу), ён-жа прыносіць Чырвоную Кветку і выганяе ўсіх з Джунгляў. Але адну ноч у год Безвалосы баіцца Тыгра, як абяцаў Тха, і тыгр забівае яго, дзе знойдзе. А ўвесь астатні час Страх вольна ходзіць па Джунглях і ў ноч”.
— Толькі адну ноч баіцца Чалавек тыгра? — пераспытаў Маўглі.
— Толькі адну ноч, — адказаў Хаці.
— Але-ж, мы ўсе ведаем, што Шэр-Хан забівае Чалавека два і тры разы ў месяц!
— Гэта так. Але тады ён кідаецца ззаду і нават адварочвае галаву, каб не глядзець, бо адчувае Страх. Каб Чалавек зірнуў на яго ў гэты момант, — ён-бы ўцёк. А ў гэтую ноч ён ходзіць вольна па сялібах, сярод хат, нават прасоўвае галаву ў дзверы, — а людзі падаюць перад ім ніц, і ён забівае толькі аднаго Чалавека ў гэтую адзіную ноч.
— Цяпер я разумею, чаму Шэр-Хан папрасіў, каб я паглядзеў на яго! — прамармытаў Маўглі, плёхаючыся ў вадзе. — Ён думаў, ці не ўпаду і я перад ім ніц у гэтую ноч? Але-ж я не Чалавек, я сын Вольнага Племя.
— Не ведае да таго часу, пакуль Нябесны Шакал не ўстане ў вячэрнім тумане. Часам гэта прыпадае на сухое лета, часам на перыяд дажджоў, гэтая адзіная ноч Тыгра. Калі-б не Першы з Тыграў, гэтага ніколі-б не здарылася і ніхто з нас не ведаў-бы Страху.
Алені са шкадаваннем чмыхнулі. Багіра злосна ўсміхнулася.
— А людзі ведаюць гэтую... казку? — спыталася яна.
— Ніхто не ведае, апрача тыгра ды нас, сланоў, патомкаў Тха. А цяпер і вы ведаеце. А я скончыў — і Хаці апусціў хобат у ваду ў знак таго, што не жадае больш гаварыць.
— А чаму-ж тыгр не еў, як і раней, траву і лісце з дрэў? — спытаўся Маўглі, звярнуўшыся да Балу. — Ён-жа толькі забіў аленя, але не еў яго. Чаму-ж ён пачаў есці мяса?
— Ён раззлаваўся на дрэвы і ліяны за тое, што яны адзначылі яго і зрабілі паласатым, — адказаў Балу. Вось чаму ён і кінуў есці іх. А каб адпомсціць ім, ён пачаў есці тых жывёл, якія ядуць траву.
Каб даць некаторае разуменне аб рознастайных Законах Джунгляў, мы падаем тут тую частку іх, якая была абавязковай для ваўкоў. Балу чытаў іх нараспеў, сплюшчыўшы вочы і хістаючыся з боку ў бок. Наогул Законаў Джунгляў вельмі многа — мы падаем толькі тыя, што прасцей.
Законы Джунгляў вечныя, нязменныя, як неба.
Шчаслівы той Воўк, які выконвае Закон! Гора таму, хто яго парушае!
Закон абвінае ўсё жыццё Джунгляў, як ліяна абвінае дрэва.
Зграя магутная, калі ўсе Ваўкі дружныя; кожны Воўк магутны, калі Зграя дружная.
Штодзень купай сваё цела, ваду пі не з самага дна.
Памятай, што ноч — для палявання, а дзень — для сну.
Не чакай чужой здабычы, здабывай сабе сам.
Не прыстала Ваўку карыстацца рэшткамі ад Тыграва стала; хай жывіцца гэтым застольнік яго — Шакал.
Не турбуй Уладара Джунгляў — Хаці, не чапай ні Тыгра, ні Мядзведзя, ні Пантэры, ні Дзіка.
Калі Зграя сустрэнецца са Зграяй на вузенькай сцежцы, стой спакойна і чакай, пакуль важакі дагаворацца.
Не сварыся з Ваўкамі Зграі, а калі гэта здарыцца, прынамсі рабі так, каб ніхто з чужых гэтага не бачыў.
Чым менш грызні, тым мацней Зграя.
І жыццё ў сваім уласным логаве залежыць ад Рады.
Калі палюеш а поўдні, не будзі лес крыкамі.
Не распуджвай ланей без патрэбы: можа брат твой сочыць за імі ў гэты час.
Забівай для сваёй патрэбы, і для матак, і для шчанят, але ніколі не забівай для забавы.
Не забівай Чалавека!
Калі адбярэш здабычу ад слабейшага, пакідай яму скуру і чэрап.
Здабыча Зграі — для Зграі; ты можаш пад'есці разам з усімі, але смерць будзе таму, хто хоць крыху возьме з сабой.
Здабыча Ваўка — для Ваўка; без дазволу яго ты не можаш і дакрануцца да яе.
Ніхто не мае права адмовіць аднагадоваму шчаняці ў спажыве.
Усе члены Сям'і звыш года павінны аддаваць Матцы чацвертую частку здабычы.
Бацька — гаспадар Пячоры; ён можа не слухацца Зграі, а падначальвацца толькі Радзе.
Усё, што Закон не прадбачыў, вырашае Правадыр Зграі.
Памятай, што пачатак, і канец, і корань усіх Законаў — гэта Паслухмянасць.