Перайсці да зместу

Маўглі (1934)/Навала Джунгляў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Тыгр-Тыгр!“ Навала Джунгляў
Апавяданне
Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг
1895 год
Арыгінальная назва: Letting In the Jungle
Каралеўскі анк
апавяданне з "Другой кнігі Джунгляў" (1895)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАВАЛА ДЖУНГЛЯЎ

Ля вашых ваколіц звяр'ё будзе выць,
Пад вашай страхою упыр будзе жыць,
Пад прыпечкам будзе змяя вартаваць,
А вашу жывёлу — ваўкі гадаваць.
Дружна ўзнімецца Джунгляў народ
І знішчыць ушчэнт ўвесь паганы ваш род.
А на засеяных вашых палетках
Вырастуць Джунгляў прыгожыя кветкі.
Песня-пагроза Маўглі сялянам.

Калі вы чыталі першыя апавяданні з кнігі Джунгляў, дык ведаеце, што Маўглі прымацаваў скуру Шэр-Хана да Скалы Рады і абвясціў ваўкам Сіанійскай Зграі, што ў далейшым ён будзе паляваць адзін. Чацвёра-ж дзяцей Бацькі і Маткі Ваўкоў заявілі, што яны жадаюць паляваць разам з Маўглі.

Але не так лёгка адразу змяніць звыклае жыццё, асабліва ў Джунглях. Пасля таго, як Зграя Ваўкоў паразыходзілася хто куды, Маўглі пайшоў у родную пячору і праспаў цэлыя суткі. Потым ён расказаў Бацьку Ваўку і Матцы Ваўчысе ўсё, што яны маглі зразумець пра яго прыгоды сярод людзей. А калі ён пакруціў ў руках свой нож, Ваўкі пераканаліся, што ён сапраўды сяму-таму навучыўся. Потым і Акела з Шэрым Братам павінны былі расказаць пра свой удзел у паляванні на Шэр-Хана. Балу з-пад гары прывалокся паслухаць расказы, а Багіра толькі чухалася ад задавальнення, слухаючы, як спрытна Маўглі вёў вайну з ворагам.

Сонца даўно ўжо ўзышло, але ніхто не думаў спаць. Маці-Ваўчыха час ад часу ўскідвала галаву і з асалодай сапла, калі ветрык даносіў да яе пах тыгравай скуры, што была разасланая на Скале Рады.

— Але без Акелы і Шэрага Брата, — скончыў Маўглі, — я нічога не зрабіў-бы. О, Маці, Маці, варта было-б табе паглядзець на сініх быкоў, як яны кідаліся ў яр, ці прарываліся ў ваколіцу, калі Чалавечая Зграя кідала ў мяне каменнямі!

— Я задаволена, што не бачыла апошняга, — панура адказала Маці Ваўчыха. — Я не прывыкла спакойна глядзець, як маіх дзяцей ганяюць узад і ўперад, нібы шакалаў якіх. Я-б адпомсціла Чалавечай Зграі, але пашкадавала-б жанчыну, якая карміла цябе малаком. Так, толькі яе адну я памілавала-б. — Годзе, годзе, Ракша! — прамовіў Бацька Воўк. — Наша Жабянё вярнулася, ды такім мудрым, што і ўласнаму бацьку не сорамна лізаць яму ногі. Што за бяда, калі ў яго на галаве застанецца адзін-другі шрам? А Чалавека ты не чапай!

Маўглі прытуліўся галавой да Маткі Ваўчыхі, самазадаволена ўсміхнуўся і абвясціў, што з свайго боку ён не мае аніякай ахвоты другі раз бачыць, чуць ці адчуваць пах Чалавека.

Але Акела, натапырыўшы вуха, сказаў:

— А што, калі людзі так не пакінуць цябе, Братка?

— Ды нас жа-ж пяцёра! — сказаў Шэры Брат, зірнуўшы на кампанію і ляснуўшы зубамі.

— Ды і мы не супроць такога палявання, — дадала Багіра, крутнуўшы хвастом і зірнуўшы на Балу. — Але чаму ты ўспомніў пра Чалавека акурат цяпер, Акела?

— Вось чаму, — адказаў Адзінокі Воўк. — Пасля таго як скуру гэтага жоўтага злодзея расклалі на Скале, я пабег па нашых слядах к вёсцы. Па дарозе я заварочваў у бакі, клаўся і ўсяляк стараўся заблытаць сляды на той выпадак, калі людзі надумаюцца праследваць нас. І вось, калі я ўжо заблытаў сляды так, што і самому цяжка было разабраць, — уверсе мільгануў Упыр-Манг і спыніўся над маёй галавой: "Слухай, — сказаў ён мне. — Вёска Чалавечай Зграі, выгнаўшы Чалавечае Дзіцянё, гудзе, як гняздо шаршанёў".

— Так, я кінуў туды добры каменьчык! — засмяяўся Маўглі, успомніўшы, як калісьці забаўляўся, кідаючы ў гнёзды шаршанёў плады дынявага дрэва папайі, а потым ратаваўся ад іх ў сажалцы.

— Я спытаўся Манга, а што такое ён там бачыў. Манг кажа, што Чырвоная Кветка расцвіла ў ваколіцы, а людзі сядзяць навакол са стрэльбамі. Але я ведаю вельмі добра, — і Акела скоса зірнуў на старыя шрамы, што былі на яго баках, — што людзі носяць з сабой стрэльбы не для забавы. Цяпер, Братка, Чалавек са стрэльбай шукае наш след, калі ўжо не знайшоў яго.

— Але навошта яму гэта? Людзі прагналі мяне — чаго ім яшчэ трэба? — гнеўна крыкнуў Маўглі.

— Ты — Чалавек, Братка, — сказаў Акела, — і не нам, вольным паляўнікам, тлумачыць табе, што робяць твае браты, ці навошта...

Акела ледзь паспеў адсунуць лапу, як бліскучае лязо глыбока ўтыкнулася ў зямлю: Маўглі кінуў нож так хутка, што чалавечае вока наўрад ці магло-б заўважыць гэты рух. Але Акела быў воўк. А вядома, што нават сабака, досыць далёкі сваяк свайго продка, дзікага ваўка, паспявае прачнуцца ад самага глыбокага сну і адскочыць прэч з дарогі, калі кола павозкі ледзь дакранецца да яго.

— У другі раз, — прамовіў Маўглі, спакойна ўсоўваючы нос у похву, — кажы пра Чалавечую Зграю і пра Маўглі паасобна, а не разам!

— Фррр... Гэта будзе крыху вастрэй за зуб! — заўважыў Акела, абнюхваючы след ад нажа. — Але ты папсаваў свае вочы, жывучы ў Чалавечай Зграі, Браток. Пакуль ты размахваўся, я паспеў-бы забіць аленя.

Раптам Багіра ўсхапілася на ногі, выцягнула шыю, порскнула і замерла на месцы. Шэры Брат таксама ўсхапіўся і пасунуўся крыху налева, каб схапіць вецер, што дзьмуў справа, а Акела дык нават праскакаў метраў з дваццаць насустрач ветру і там спыніўся, натапырыўшыся.

Маўглі з зайздрасцю глядзеў на іх. Нюх у яго быў вастрэйшы за ўсіх людзей, але такога нюху, які мелі жыхары Джунгляў, Маўглі ніяк не мог развіць у сабе, а за тры месяцы жыцця ў дымнай вёсцы ён яшчэ больш адстаў ад сваіх таварышоў.

— Чалавек! — рыкнуў Акела, прысеўшы на заднія лапы.

— Бульдэа! — дадаў Маўглі, — сядаючы на сваё месца. — Ён ідзе па нашых слядах. А вунь і сонейка зіхаціць на ягонай стрэльбе. Глядзіце!

Водблеск сонца на нязначную долю секунды затрымаўся на мядзянай клямцы старога мушкета, але ў Джунглях і гэтага бывае досыць, каб распазнаць рэчы.

— Я ведаў, што людзі прыйдуць па цябе! — прамовіў Акела. — Нездарма-ж я быў правадыром Зграі!

Чацвёра братоў Маўглі не сказалі ні слова, але папаўзлі з гары на жываце, цалкам хаваючыся ў шыпшынніку. — Куды ідзеце без загаду? — гукнуў Маўглі.

— Ш... шш!.. Мы прыкоцім табе яго чэрап яшчэ да поўдня, — адказаў Шэры Брат.

— Назад! Назад і чакайце загаду! Чалавек не есць Чалавека! — закрычаў Маўглі.

— А хто гэта нядаўна абвясціў сябе ваўком?

— Хто запусціў у мяне нажом, калі я выказаў думку, што ён — Чалавек? — дадаў Акела.

Тымчасам чацвёра ваўчанят з неахвотай вараціліся вазад і прыселі на карачкі.

— Ці не хочаце вы, каб я даваў вам справаздачу ў сваіх учынках? — крыкнуў раз'юшаны Маўглі.

— Вось гэта Чалавек! Гэта гаворыць Чалавек! — прамармытала Багіра. — Якраз так казалі людзі каля клетак у Удэйпуры. Мы, жыхары Джунгляў, ведаем, што чалавек — разумнейшае стварэнне. А каб мы даверыліся свайму розуму — ён здаўся-б нам дурнейшым ад усіх. — Потым голасна пантэра абвясціла: — Чалавечае Дзіцянё мае рацыю. Людзі палююць зграямі. Калі заб'ем аднаго з іх, не ведаючы, што надумаліся рабіць іншыя — гэта будзе дрэннае паляванне. Давайце лепш разведаем, што думае рабіць гэты чалавек.

— Мы не пойдзем! — буркнуў Шэры Брат. — Палюй адзін, Братка. Сваю справу мы ведаем — чэрап ужо цяпер быў-бы ля тваіх ног...

Грудзі Маўглі закалыхаліся, вочы яго напоўніліся слязьмі. Ён паглядзеў на кожнага з сваіх прыяцеляў паасобку, ступіў наперад і стаў на адно калена.

— Значыцца, я не ведаю сваёй справы? — прамовіў ён. — Паглядзіце на мяне! Ваўкі неахвотна паднялі галовы і ўсё імкнуліся глядзець міма. Але Маўглі настойліва гукаў іх і пільна глядзеў ім у вочы. Нарэшце поўсць іх узнялася дыбам, і па ўсім целе пайшлі дрыжыкі.

— Ну? — прамовіў Маўглі. — Хто з нас пяцёрых правадыр?

— Ты нас вядзеш, Братка! — адказаў Шэры Брат і пачаў лізаць Маўглі ногі.

— Калі так, ідзіце за мной! — скамандваў Маўглі і чатыры Воўкі, апусціўшы хвасты, пакорна пайшлі за ім.

— Вось што знача пажыць у Чалавечай Зграі! — прамовіла Багіра, шкандыбачы ўслед. — Цяпер у Джунглях пануе не адзін толькі Закон Джунгляў, Балу.

Стары мядзведзь нічога не адказаў, але падумаў шмат аб чым.

Калі вы памятаеце, Маўглі пакінуў вёску з цяжкай ношай, са свежай скурай Шэр-Хана на плячах. Ад гэтага сляды Маўглі моцна ўціскаліся ў зямлю. А тут яшчэ Акела і Шэры Брат беглі за ім — і такім чынам сляды ад іх усіх засталіся вельмі выразнымі.

Цяпер Бульдэа дайшоў да таго месца, дзе Акела, як вам вядома, вярнуўся назад і заблытаў сляды. Тут Бульдэа сеў, закашляўся, пачаў бурчэць і азірацца, шукаючы следу, а тымчасам ён лёгка мог трапіць каменем у тых звяроў, якіх ён шукаў і якія цяпер назіралі яго. Няма звера, які так падкрадваецца, як воўк, калі ён не жадае, каб яго пачулі. Нават Маўглі пасоўваўся як цень, хоць ваўкі яго лічылі вельмі нязграбным.

Яны атачылі старога, як дэльфіны параход у моры, і разам з тым бясклопатна балбаталі паміж сабой, бо мова жывёл ідзе ў тых нізкіх тонах гамы, якія не ўспрымаюцца чалавечым вухам (а Манг-Упыр, птушкі, кажаны і казюлькі, наадварот, — размаўляюць у самых высокіх тонах, але зноў-жа за той мяжой, за якой чалавечае вуха не ўспрымае гукаў).

— Гэта нават будзе цікавей, як забіваць яго, — сказаў Шэры Брат, пазіраючы, як Бульдэа пнуўся знайсці след і злосна мармытаў. — Ён падобны да свінні, якая заблукалася ў Джунглях ля ракі. Але што ён гавора? Маўглі пераклаў:

— Ён кажа, што, мусіць, зграі ваўкоў скакалі вакол мяне. Ён кажа, што ніколі ў жыцці не бачыў такога следу! Ён кажа, што змарыўся ўжо.

— Ён паспее яшчэ і адпачыць, пакуль знойдзе след, насмешліва сказала Багіра. — Ну, а што цяпер робіць гэты заморак?

— Ні то есць, ні то выпускае дым з рота. Людзі часта робяць такую гульню, — адказаў Маўглі.

Звяры з цікавасцю паглядалі, як стары напхаў у люльку тытуну, запаліў і пачаў пыхкаць. Яны добра прыкмецілі пах тытуну, каб потым, калі трэба будзе, пазнаць Бульдэа хоць у самую цёмную ноч.

На сцежку вышла група вугольшчыкаў. Вядома, яны спыніліся, каб пагутарыць з Бульдэа, славутым паляўніком, якога ўсе ведалі прынамсі на дваццаць міль навакол. Паселі вакол яго, таксама запалілі люлькі.

Звяры пасунуліся бліжэй, каб лепш прыгледзецца да людзей. Бульдэа пачаў расказваць з пачатку да канца гісторыю пра Маўглі-перавертня, не шкадуючы выдумак. Ён расказаў, як ён забіў Шэр-Хана, як Маўглі перавярнуўся ў воўка і біўся з ім да самага вечара, а потым зноў перавярнуўся ў хлопчыка і зачараваў стрэльбу Бульдэа; куля абышла вакол Маўглі, у якога ён цаляў, і трапіла ў аднаго з буйвалаў Бульдэа. Расказаў, што вёска паслала яго, як самага смелага паляўнічага ў Сіанійскіх горах, забіць гэтага "сына д'ябла". "Сяляне схапілі Месуа і яе мужа — гэта, безумоўна, бацькі перавертня — заперлі іх у іхняй уласнай хаце і хутка будуць іх катаваць. Iх прымусяць прызнацца ў тым, што яны — чараўнікі, а потым іх спаляць на агні".

— Калі гэта будзе? — спыталіся вугольшчыкі, якім вельмі захацелася паглядзець на гэтае відовішча.

Бульдэа сказаў, што пакуль ён не вернецца, палоннікаў не будуць чапаць, бо вёска хоча, каб ён раней забіў хлопчыка з Джунгляў. Пасля таго яны скончаць з Месуа і яе мужам і падзеляць паміж сабой іхнюю зямлю і буйвалаў. А трэба сказаць, што ў іх адмысловыя буйвалы! Па думцы Бульдэа, забіваць чараўнікоў — святая справа. А людзі, якія даюць прытулак воўчым гадаванцам, — вядома, самыя небяспечныя чараўнікі!

— Ну, а калі пра гэта дазнаюцца ангельцы? — сказалі вугольшчыкі. —Ангельцы-ж нейкія недарэчныя людзі не дазваляюць самавольна забіваць чараўнікоў.

— Ну што-ж, — адказаў Бульдэа, — наш старшыня паведаміць, што Месуа і яе муж памерлі ад укусу змяі. Гэта загадзя абмеркавалі, а цяпер застаецца толькі забіць ваўчаня. Ці не сустракалі вы тут такога стварэння?

Вугольшчыкі зірнулі адзін на аднаго і падзякавалі свой лёс, што не давялося сустрэць страшыдла. Але яны былі ўпэўнены, што такі адважны мужчына, як Бульдэа, знойдзе і знішчыць яго.

Быў поўдзень і вугольшчыкам прыйшло ў галаву схадзіць у вёску і зірнуць на страшную вядзьмарку. Бульдэа абвясціў, што хоць ён мае даручэнне забіць перавертня, але не можа дапусціць, каб бяззбройныя людзі адны ішлі па Джунглях, дзе кожную хвіліну можа з'явіцца Воўк-Пераверацень. Бульдэа праводзіць іх, і калі з'явіцца сын чараўніка — ого! ён пакажа ім, як распраўляецца з чараўніком лепшы паляўнічы ў горах Сіанійскіх! Апрача таго, брамін даў яму амулет супроць гэтага стварэння.

— Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? Што ён гаворыць — безупынна пыталіся ваўкі, і Маўглі перакладваў ім словы Бульдэа, пакуль не дайшоў да апавядання пра вядзьмарку. Тут ён і сам не зразумеў, у чым справа, ён толькі сказаў ваўкам, што жанчыну і мужчыну, якія далі прытулак Маўглі, — засадзілі ў пастку.

— Ці-ж людзі ловяць людзей? — здзівіўся Шэры Брат.

— Так ён кажа. Я не зусім добра разумею яго словы. Яны ўсе звар'яцелі! Не разумею, якое дачыненне Месуа і яе муж маюць да мяне, каб садзіць іх у пастку, і да чаго ўся гэтая гутарка пра Чырвоную Кветку. Трэба даведацца, у чым справа! У кожным разе да прыходу Бульдэа яны нічога не зробяць Месуа і значыцца... — Маўглі задумаўся, барабанячы пальцамі па сваім нажы, а тымчасам Бульдэа і вугольшчыкі адзін за адным адважна рушыліся па сцежцы.

— Я бягу да Чалавечай Зграі! — прамовіў, нарэшце, Маўглі.

— А што рабіць з гэтымі? — спытаўся Шэры Брат, утаропіўшы квапныя вочы ў бурыя спіны вугольшчыкаў. — Напалохай іх сваім спевам! — сказаў з усмешкай Маўглі — Я не хачу, каб яны былі ў вёсцы да-цямна. Ці здолееце вы затрымаць іх?

Шэры Брат зняважліва вышчарыўся і сказаў:

— Мы іх прымусім кружыцца, як казу на вяроўцы!

— Вось гэта мне і трэба. Вы спойце ім песню, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі ў лесе. Няма патрэбы, каб песня гэта была пяшчотная... І ты, Багіра, ідзі з імі і дапамажы спяваць. Калі-ж прыйдзе ноч, сустракайце мяне ля вёскі; Шэры Брат ведае гэтае месца.

— Нялёгкая справа — пракладваць сляды Чалавечаму Дзіцяці! Калі-ж я спаць пайду? — зяхнула Багіра, але сама зацікавілася такой забавай. — Каб мне, ды спяваць голым людзям? Але-ж паспрабуем...

Пантэра схіліла галаву і выдала доўгі працяглы кліч: "Добрага Палявання!" Палуначны кліч, ды ўдзень, быў досыць жудасны. Ён загрымеў, узняўся, потым знізіўся і скончыўся сковытам.

Маўглі ўсміхнуўся. Ён убачыў, як вугольшчыкі збіліся ў гурт, а стрэльба Бульдэа захісталася, як бананавы ліст ад ветру.

Тады Шэры Брат выдаў кліч — я-ля-хі, я-ля-ха — які воўчая зграя выгукае, калі гоніцца за нільгаем, вялізнай сіняй каровай. Кліч, зда валася, выходзіў з усіх пунктаў Джунгляў, усё набліжаўся, набліжаўся і, нарэшце, абарваўся рэзкім выкрыкам. Далучыліся і астатнія тры ваўкі — і Маўглі гатоў быў паверыць, што вые ўся Зграя!

Увесь гэты канцэрт закончыўся дасканалай ранішняй песняй Джунгляў з усімі выкрунтасамі, на якія толькі здатны гарласты воўк.

Вось вольны пераклад гэтай песні — уявіце сабе, як павінна была яна гучэць сярод поўдзённай цішыні Джунгляў!

У поўдзённы час сярод раўнін

не заўважыш цень.

Цяпер-жа там пануе ноч,

а ў сэрцы — ясны дзень.

Для нас і ціша навакол —

адзін вясёлы звон.

Час добры будзе ў Джунглях тым,

шануе хто Закон!

Вось забялеўся небасхіл,

блішчыць расою луг. Вось свежы ветрык наляцеў,

заварушыў бамбук.

Паразыходзіўся туман —

і сонца шле прамень.

Хутчэй ў мярлогі, бо ідзе

Для Чалавека дзень!

Вось сонца ўзнялося ўгору

і сушыць мокры луг.

Валы запражаны ў ярмо

і цягнуць цяжкі плуг.

У лясных таемных гушчарох

ідзе салодкі сон.

Той добра ў Джунглях адпачне,

шануе хто Закон!

Уражанне ад спеву было надзвычайнае. Людзі кінуліся ратавацца на дрэвы, а Бульдэа замармытаў свае заклінанні ды замовы,

Пакуль людзі сядзелі на дрэвах, ваўкі паляглі і паснулі. Як і ўсе, каму даводзіцца жыць уласным розумам, звяры прывыклі да правільнага парадку жыцця. Ніводнае жывое стварэнне не можа добра працаваць, не паспаўшы.

Тымчасам Маўглі бег з хуткасцю дзевяці міль у гадзіну. Ён адчуваў, што месяц зняволення сярод людзей яшчэ не пазбавіў яго сілы. Адна толька думка была ў яго — вызваліць Месуа і яе мужа з пасткі, якая-б яна ні была; ён адчуваў варожасць і агіду да ўсялякіх пастак. А пасля таго ён парашыў паквітацца з усёй вёскай.

Находзіў змрок, калі ён вышаў на знаёмую яму пашу і ўбачыў дакавае дрэва, дзе чакаў яго Шэры Брат перад забойствам Шэр-Хана. Хоць і вельмі злаваў Маўглі на ўсё чалавечае племя, але, убачыўшы вясковыя стрэхі, ён адчуў, нібы нешта сціснула грудзі і заказытала ў горле. Ён заўважыў, што сёння сяляне вярнуліся з поля раней, як звычайна, і заместа таго, каб рыхтаваць сабе вячэру, сабраліся натоўпам пад грамадскім дрэвам, балакалі і крычалі.

— Людзі абавязкова павінны ставіць пасткі адзін аднаму, а то без гэтага яны ніяк не могуць супакоіцца, — сказаў сам сабе Маўглі. — Дзве ночы назад славілі Маўглі — хоць мне здаецца, што з той ночы мінула многа дажджоў! — сёння ўжо Месуа і яе мужа, а заўтра ці праз некалькі начэй зноў прыйдзе чарга Маўглі...

Маўглі прайшоў па-за хатамі, падкраўся да халупы Месуа і зірнуў у акно. На падлозе ляжала Месуа са звязанымі рукамі і нагамі. Рот яе быў заткнуты, яна цяжка дыхала і енчыла. Муж яе быў прывязаны да размалёванага ложку. Дзверы, якія выходзілі на вуліцу, былі шчыльна зачынены, і каля іх сядзела тры ці чатыры чалавекі.

Маўглі добра ведаў звычкі сялян. Ён разважаў, што пакуль яны ядуць, балбочуць ды кураць, яны нічога не будуць рабіць, але як толькі наядуцца, то будуць небяспечныя. Бульдэа не скора прыйдзе, і калі ваўкі добра выканалі сваю задачу, дык стары будзе мець новы запас цікавейшых баек.

Маўглі ўлез у акно. Ён схіліўся над мужчынай, разрэзаў рамні, выцягнуў затычкі з рота і пачаў шукаць у хаце малака. Месуа ад здзіўлення пэўна крыкнула-б, калі-б Маўглі не паспеў закрыць ёй рукою рот. Яна дрыжала ад страху і болю, бо ўсю раніцу яе білі і закідвалі каменнямі. Муж яе быў толькі ашаломлены і раз'юшаны. Ён сеў і пачаў ачышчаць сваю ўзлахмачаную бараду ад усякага смецця.

— Я ведала, я ведала, што ён вернецца! — сказала, нарэшце, Месуа. — Цяпер я ведаю, што ён мой сын!..

І яна прытуліла Маўглі да свайго сэрца. Да гэтага часу ён быў зусім спакойны, а цяпер чамусьці пачаў дрыжаць усім целам, і гэта вельмі дзівіла яго.

— Навошта гэтыя рамні, завошта цябе звязалі? — спытаўся ён праз некаторы час.

— Хочуць забіць мяне за тое, што яна прызнала цябе за сына — завошта-ж яшчэ? — груба сказаў мужчына. — Глядзі, я ўвесь у крыві!

Месуа маўчала, але Маўглі і на ёй ўбачыў кроў. Ён заскрыгатаў зубамі і спытаўся:

— Хто гэта зрабіў? Я адплачу.

— Гэта работа ўсёй вёскі. Я быў больш багаты, у мяне было вельмі многа скаціны — таму мы з ёй і чараўнікі... А мы далі табе прытулак!

— Я не разумею, хай раскажа Месуа.

— Я давала табе малака, Нату; няўжо-ж ты не памятаеш? — баязліва прамовіла Месуа. — Усе гэтыя здзекі за тое, што ты мой сын, якога схапіў тыгр, за тое, што я люблю цябе ад усяго сэрца. Яны кажуць, што я твая маці — маці д'ябла, і таму падлягаю смерці.

— А што такое д'ябал? — спытаўся Маўглі. — Смерць я ўжо бачыў.

Мужчына пахмура паглядзеў з-пад ілба, а Месуа засмяялася.

— Глядзі! — звярнулася яна да мужа. — Я-ж ведала, я-ж казала, што ён не чараўнік. Ён сын, ён мой сын!

— Сын ці чараўнік, а нам ад гэтага не лепей, — адказаў мужчына. — Мы ўсёроўна павінны загінуць!

— Вунь дарога праз Джунглі! — і Маўглі паказаў у акно. — Рукі і ногі вашы вольныя — ідзіце!

— Мы не ведаем Джунгляў так... так, як ты іх ведаеш, — пачала Месуа. — Не думаю, каб у мяне хапіла моцы доўга ісці...

— А людзі пагоняцца за намі і прывалакуць назад, — дадаў муж.

— Гм... — задумаўся Маўглі, скробаючы далонь кончыкам нажа. — Пакуль што я не хацеў-бы рабіць шкоды каму-небудзь з гэтай вёскі. Але не думаю, каб яны маглі затрымаць вас. Праз некаторы час ім прыдзецца думаць зусім аб іншым. Ага! — Маўглі падняў галаву і прыслухаўся да крыку і тупату, які чуўся на вуліцы. — Значыцца Бульдэа ўсё-ж такі вярнуўся!

— Яго паслалі сёння раніцою забіць цябе! — сказала Месуа.

— Ці ты сустрэў яго?

— Так, мы... я спаткаў яго. У яго ёсць пра што расказаць. А пакуль ён будзе расказваць, мы паспеем шмат чаго зрабіць. Але я хачу спачатку даведацца, што яны мяркуюць рабіць. Падумайце, куды вам ісці, а калі я вярнуся, скажаце.

Маўглі выскачыў праз акно, зноў пабег па-за хатамі і наблізіўся да натоўпу, які сабраўся вакол дрэва "піпул". Бульдэа ляжаў на зямлі, кашляў і войкаў, а людзі так і сыпалі запытанні. Валасы ў старога раскудлаціліся, рукі і ногі былі абадраныя ад лазання па дрэвах, але ён адчуваў важнасць свайго становішча і пачаў расказваць. Ён казаў пра "д'яблаў, якія спяваюць", пра "чараўніцтва" і калі падышоў ужо да самых падзей, то прыпыніўся і папрасіў вады.

— Ну, балбачы, балбачы! — сказаў сам сабе Маўглі. — Сапраўды, людзі — родныя браты Бандар-Лога. Цяпер ён захацеў памыць рот вадою; а то яму трэба пускаць дым; і толькі прарабіўшы ўсё гэта, ён пачне расказваць сваю аповесць. Ды і розум у гэтых людзей: яны і не думаюць пільнаваць Месуа, пакуль Бульдэа будзе частаваць іх сваёй балбатнёй. Але-ж, здаецца, і я раблюся такім самым нядбалым, як і яны.

Маўглі ўсхапіўся і пабег назад да вязняў. Калі ён нарыхтаваўся ўжо лезьці ў акно, то адчуў, што нехта дакрануўся да яго нагі.

— Маці! — здзівіўся ён, пазнаўшы яе шурпаты язык.

— Што ты тут робіш?

— Я пачула пяянне маіх дзяцей па лясах і пайшла да таго, каго я люблю больш за ўсіх. Жабянё, я хачу зірнуць на жанчыну, якая карміла цябе малаком, — сказала Маці Ваўчыха, мокрая ад расы.

— Яны яе звязалі і збіраюцца загубіць. Я разрэзаў яе путы, і яна пойдзе са сваім мужам у Джунглі. — Я буду праваджаць іх. Хоць я і старая, але яшчэ не бяззубая.

Маці Ваўчыха стала на заднія ногі і глянула праз акно ў цёмную хату. Праз хвіліну яна апусцілася і ціха прамовіла.

— Я першая карміла цябе малаком. Але праўду казала Багіра: Чалавек нарэшце ўсё-ж такі ідзе да Чалавека...

— Магчыма, — прамовіў Маўглі з выразным незадавальненнем, — але ў гэтую ноч я вельмі далёка ад гэтага следу. Пачакай тут, але глядзі, каб яна цябе не заўважыла!

— Мяне ты ніколі ні баяўся, Жабянё! — сказала Маці Ваўчыха і схавалася ў высокай траве.

— Ну! — весела сказаў Маўглі, улезшы ў хату. — Яны ўсе сабраліся вакол Бульдэа, які расказвае розныя байкі. Калі ён скончыць апавяданне, яны хочуць прыйсці сюды з Чырвонай... з агнём, каб спаліць вас абодвух. Што скажаш?

— Я гаварыла з мужам, — адказала Месуа. — Да Канхівары адсюль трыццаць міль, у Канхівары мы можам знайсці ангельцаў.

— А з якой яны Зграі? — пацікавіўся Маўглі.

— Не ведаю, яны белыя. Кажуць, яны кіруюць усёй краінай і не дазваляюць людзям паліць ці забіваць адзін аднаго без сведкаў. Калі мы дабярэмся туды за ноч, мы выратаваныя. Калі не, дык загінем.

— Можаце ісці спакойна: аніводзін чалавек не выйдзе сёння за ваколіцу. Але што ён робіць?

Муж Месуа прысеў на карачкі, і капаўся ў зямлі ў куту хаты. — Ён забірае грошы, — сказала Месуа. — Нічога іншага мы не можам узяць з сабой.

— А, гэта тая штука, што пераходзіць з рук у рукі і не награецца? Няўжо-ж яна патрэбная ў іншых месцах? — здзівіўся Маўглі.

Мужчына пахмура ўтаропіўся ў яго.

— Ён дурань, а не д'ябал! — прамармытаў ён. — За грошы я магу купіць каня! Мы надта змучаныя, каб ісці далёка пешшу, а вёска праз гадзіну пагоніцца за намі.

— Я кажу: яны не пагоняцца, калі я гэтага не захачу. Але пра каня ты дарэчы падумаў, бо Месуа знясіленая.

Мужчына ўстаў і завязаў свае рупіі ў пояс. Маўглі дапамог Месуа выбрацца праз акно, і халоднае начное паветра асвяжыла яе. Але Джунглі пры святле зорак здаваліся суровымі і страшнымі.

— Вы ведаеце след у Канхівару? — шапнуў Маўглі.

Яны кіўнулі галавой.

— Добра. Памятайце-ж, што вам не трэба баяцца і няма патрэбы надта спяшацца. Можа толькі паперадзе і ззаду ад вас пачуеце лёгкае пяянне...

— Няўжо-ж ты думаеш, што мы рызыкнулі-б пайсці ўначы ў Джунглі, калі-б нам не пагражаў касцёр? Лепш загінуць ад звера, як ад людзей! — сказаў муж Месуа, а Месуа толькі паглядзела на Маўглі і ўсміхнулася.

— Я кажу, — працягваў Маўглі такім тонам, якім калісьці Балу соты раз паўтараў Закон Джунгляў няўважліваму шчаняці, — я кажу, што ніводзін зуб у Джунглях не нарыхтуецца супроць вас; ніводная нага ў Джунглях не падымецца на вас. Ні чалавек, ні звер не затрымаюць вас, пакуль вы не ўбачыце Канхівары. За вамі будзе нагляд! Маўглі шпарка павярнуўся да Месуа і дадаў:

— Ён не дае мне веры. Але-ж ты верыш?

— О, веру, сын мой! Ці ты чалавек, ці дух або воўк з Джунгляў — я веру!

— Ён перапалохаецца, калі пачуе пяянне маіх братоў, але ты зразумееш. Ідзі-ж і не спяшайся, бо ў гэтым няма ніякай патрэбы. Ваколіца моцна зачынена!

Месуа з плачам павалілася к нагам Маўглі, але ён спрытна падняў яе і зноў затросся ўсім целам. Яна ахапіла яго шыю і называла самымі ласкавымі словамі, якія толькі магла прыдумаць.

А муж яе з зайздрасцю глядзеў на палі і казаў:

— Калі мы дабярэмся да Канхівары, я распачну такі працэс супроць браміна, старога Бульдэа і іншых, што зруйную ўсю вёску ўшчэнт. З гакам заплоцяць яны мне за мае палі і галодных буйвалаў. Я дайду правасуддзя!

Маўглі засмяяўся:

— Не ведаю, што такое правасуддзе. Але прыйдзі сюды ў наступны дажджлівы сезон — і ўбачыш, што застанецца. Яны накіраваліся ў Джунглі. Маці Ваўчыха выскачыла з сваёй засады.

— Ідзі за імі, — сказаў Маўглі, — глядзі, каб усе Джунглі ведалі, што гэтых двух чапаць нельга. Гукні Багіру.

Даўгі, працяглы вый узняўся і ўпаў. Маўглі бачыў, як муж Месуі ірвануўся, каб бегчы назад у сваю хату.

— Ідзіце наперад! — весела крыкнуў Маўглі. — Я-ж казаў вам, што вы пачуеце пяянне. Яно будзе праваджаць вас да Канхівары. Гэтае пяянне — Ласка Джуягляў.

Месуа ўгаварыла мужа ісці наперад. Калі цемра праглынула іх і Маці Ваўчыху, каля ног Маўглі нібы з-пад зямлі з'явілася Багіра. Яна дрыжэла ад захаплення, якое адчуваюць звяры ўначы.

— Мне сорамна тваіх Братоў! — муркнула яна.

— Ці-ж яны дрэнна спявалі для Бульдэа? — спытаўся Маўглі.

— Вельмі добра! Надта добра! Але яны прымусілі і мяне забыцца на мой гонар. Клянуся Зломаным Замком, што вызваліў мяне, я спявала на ўсе Джунглі, нібы самец перад самкай увесну. Ці чуў ты нас?

— У мяне была другая дзічына. Спытайся Бульдэа ці спадабалася яму ваша песня. Але дзе-ж Чацвёра? Я хачу, каб ніхто з Чалавечай Зграі не вышаў за ваколіцу ў гэтую ноч. — Навошта табе Чацвёра? — скавала Багіра, пераступаючы нагамі, пабліскваючы вачыма і муркаючы гучней, як звычайна. — Я прытрымаю іх, Браток. Ці не будзе, нарэшце, бойкі? Гэтае пяянне і выгляд людзей, што караскаліся на дрэвы, надта скалапнулі мяне. Хто такі Чалавек, каб нам клапаціцца аб ім, аб гэтым голым, бурым, бяззубым стварэнні, што калупаецца ў зямлі? Я ішла за ім увесь дзень, нават у поўдзень пры яркім сонечным святле. Я гнала яго, як ваўкі гоняць аленя. Я — Багіра, Багіра, Багіра! Я гуляла з гэтымі людзьмі, як гуляю з сваім ценем. Глядзі!

Вялізная пантэра падскочыла, нібы малое кацянё, перакінулася ў паветры з магутнымі ўзмахамі лап, потым ціха апусцілася на зямлю і зноў заскакала і забуркала, нібы пара ў катле:

— Я Багіра, я ў Джунглях — цяпер ноч, і ўся мая моц са мною. Хто стрымае мой удар? Чалавечае Дзіцянё, адным ударам маёй лапы я магу сплюшчыць тваю галаву, як жабу ў летні дзень!

— Ну, што-ж, бі — сказаў Маўглі на чалавечай мове.

Пачуўшы чалавечыя словы, Багіра спынілася, адкінулася назад на задніх лапах і задрыжала, трымаючы сваю галаву супроць твара Маўглі. Маўглі-ж пільна глядзеў у яе зялёныя вочы, як раней глядзеў у вочы мяцежных ваўчанят.

І вось у зялёных вачах запаліўся чырвоны агоньчык, падобны да святла маяка, які знаходзіцца за дваццаць міль. Нарэшце вочы апусціліся, а з імі і вялізная галава, усё ніжэй, ніжэй — і шурпаты чырвоны язык дакрануўся да нагі Маўглі. — Сястра, сястра, сястра! — прашаптаў хлопчык і пяшчотна пачаў гладзіць спіну і шыю пантэры. — Супакойся, супакойся; у гэтым вінаватая ноч, гэта не твая віна.

— Гэтыя начныя пахі! — уздыхнула Багіра. — Гэтае паветра крычыць, моцна крычыць ува мне. Але скуль ты гэта ведаеш?

Вядома, паветра вакол вёскі насычана ўсялякімі пахамі і гэтыя пахі ап'яняюць дзікага звера, як чалавека зелле. Яшчэ некалькі часу Маўглі супакойваў пантэру, і нарэшце яна лягла перад ім, як кацянё, падкурчыўшы пад сябе ногі і прыплюшчыўшы вочы.

— Ты нібы ад Джунгляў і не ад Джунгляў, — прамовіла яна. — А я толькі чорная пантэра. Але я люблю цябе, Братка.

— Доўга-ж яны размаўляюць пад дакавым дрэвам! — сказаў Маўглі. — Бульдэа, мусіць, расказаў шмат казак. Цяпер яны прыйдуць сюды, каб выцягнуць з пасткі жанчыну з яе мужам і кінуць іх у Чырвоную Кветку. А пастку знойдуць пустую, ха-ха!

— Ну, слухай, — сказала Багіра, — хваляванне ў маёй крыві скончылася. Хай яны знойдуць у хаце мяне! Наўрад ці хто з іх выйдзе з дому пасля таго, як убачыць мяне! Мне не ўпершыню быць у клетцы; не думаю, каб яны адважыліся вязаць мяне вяроўкамі.

— Але-ж сцеражыся! — весела сказаў Маўглі, калі пантэра слізганула ў халупу. — Фу! — зачмыхала Багіра. — Тут усё напоўнена Чалавекам! А вунь і ложак, акурат такі, на якім я ляжала ў каралеўскіх клетках у Удэйпуры, — і Маўглі пачуў, як ложак зарыпаў пад цяжарам вялізнага звера. — Клянуся Зломаным Замком, што вызваліў мяне, ім здаецца, што яны злавілі буйную дзічыну! Пасядзі каля мяне, Братка, мы разам павітаем іх добрым паляваннем.

— Не, у мяне другая справа. Чалавечая Зграя не павінна ведаць, што я прымаю ўдзел у гэтых падзеях. Палюй сама, я не хачу бачыць іх.

— Хай так, — згадзілася Багіра. — А вось і яны ідуць.

Паседжанне пад піпулавым дрэвам рабілася ўсё больш шумным, галасы былі ўжо чутны на другім канцы вёскі. Сход скончыўся дзікім выццём, і ўвесь натоўп мужчын і жанчын кінуўся бегчы па вуліцы, размахваючы кіямі, сярпамі, бамбукамі, нажамі. Бульдэа і брамін былі наперадзе, а натоўп не адставаў ад іх і крычаў:

— Давайце чараўніка і вядзьмарку! Паглядзім, як прымусіць іх прызнацца гарачае жалеза. Паліце ха лупу, мы ім пакажам, як даваць прытулак перавертням! Не, пабіць іх спачатку трэба! Факелаў, больш факелаў! Бульдэа, напалі канец стрэльбы!

Каля дзвярэй затрымаліся, бо яны былі моцна закалочаны. Тады натоўп выламаў дзверы і з факеламі рынуўся ў хату.

А там, выцягнуўшыся на ўсю даўжыню, на пасцелі ляжала Багіра — чорная, як магіла і страшная, як дэман...

На момант ўсе скамянелі, а потым пярэднія шарахнуліся назад да парога. У гэтую самую мінуту Багіра падняла галаву і зяхнула — зяхнула абдумана, старанна, дзёрзка, як пазяхала, калі хацела абразіць роўнага сабе. Махровыя губы падымаліся і апускаліся, чырвоны язык выгінаўся, ніжняя сківіца ўсё больш апускалася, расчыняючы палаючую глотку, велізарныя іклы агаліліся да самых дзяснаў — і сашчаміліся са звонам і бразгам, нібы замкнуўся куфар са сталёвым замком.

Праз хвіліну ўсё навакол апусцела. Багіра выскачыла праз акно і кінулася да ног Маўглі, а сяляне з выем і крыкамі несліся па вуліцы і кружыліся ў паніцы, спяшаючыся дабрацца да сваіх хат.

— Яны не варухнуцца да раніцы, — спакойна прамовіла Багіра. — Што далей?

Здавалася, вёску ахапіў моцны сон. Але прыслухаўшыся, Багіра і Маўглі пачулі грукат цяжкіх скрыняў са збожжам, якія сяляне валаклі па глінянай падлозе, каб загарадзіць дзверы. Багіра сказала праўду: вёска пэўна не варухнецца да дня.

Але Маўглі чамусьці пахмурыўся, сеў на зямлю і задумаўся. — Можа я што-небудзь такое зрабіла? — лісліва сказала Багіра. — Нічога, апрача добрага. Цяпер вартуй іх да святла, а я пасплю.

Маўглі пабег у лес, кінуўся на зямлю і праспаў увесь наступны дзень і ноч.

Калі ён прачнуўся, то ўбачыў каля сябе Багіру, а побач толькі што забітага аленя. Багіра з цікавасцю паглядала, як Маўглі арудваў нажом, разбіраючы тушу. Ён пад'еў, напіўся і зноў задумаўся, падпёршы рукамі падбародак.

— Чалавек і твая жанчына шчасліва дайшлі да Канхівары — паведаміла Багіра. — Твая Маці перадала прывітанне праз Чыля. Яшчэ да сярэдзіны ночы яны знайшлі каня і хутка даехалі. Што, добра?

— Добра, — адказаў Маўглі.

— А твая Чалавечая Зграя, што засталася ў вёсцы, не паварушылася, пакуль сонца не паднялася высока. Яны вышлі, каб пад'есці, а потым зноў схаваліся ў свае логавы.

— Ці не заўважылі часам яны цябе?

— Магчыма. Я на світанні качалася ў пяску ля ваколіцы, а можа, і ціханька спявала. Ну, Братка, цяперака нам тут няма чаго рабіць. Пойдзем паляваць са мной і Балу. Ён знайшоў новыя вуллі, якія хоча паказаць табе. І ўсе мы паранейшаму сумуем па табе. Не глядзі так на мяне, а то нават мяне бярэ жудасць... Чалавека і жанчыну цяпер ужо не кінуць у Чырвоную Кветку, і ў Джунглях усё добра, — ці не так? Забудземся на Чалавечую Эграю.

— Я забудуся... праз некаторы час. Ці не ведаеш, дзе пасвіцца Хаці сёння ўначы? — Дзе яму захочацца. Хто можа адказаць за Маўклівага? Але навошта ты пытаешся? Ці можа Хаці зрабіць што-небудзь такое, чаго не маглі-б зрабіць мы?

— Загадай яму і ягоным тром сынам, каб яны прыйшлі сюды да мяне.

— Ну, Браток, гэта ўжо занадта! Ці можна звяртацца да Хаці, Уладара Джунгаяў, з такімі загадамі? Ён жа-ж да таго часу, пакуль Чалавечая Зграя не змяніла выраз твайго твара, вучыў цябе Ўладарнаму Слову Джунгляў.

— Гэта ўсёроўна. Цяпер я ведаю Ўладарнае Слова і на яго. Скажы, каб ён з'явіўся да Маўглі-Жабяняці, а калі ён не паслухаецца адразу, загадай з'явіцца ў імя Разгрому Палёў Бхуртпора.

— Разгрому Палёў Бхуртпора! — паўтарыла Багіра некалькі разоў, каб не забыцца. — Я іду. Хаці самае большае можа раззлавацца, але я гатова аддаць нават цэлы месяц палявання, каб толькі пачуць Уладарнае Слова, якое можа прымусіць Маўклівага.

Яна пайшла, а Маўглі раз'юшана пачаў калоць зямлю сваім нажом.

Маўглі за ўсё сваё жыццё не бачыў чалавечай крыві да таго часу, пакуль заўважыў — лепш сказаць, пачуў носам — кроў Месуі. Месуа была вельмі ласкавая да яго, і ён яе любіў таксама моцна, як моцна ненавідзіў іншых людзей. Але хоць і вельмі ненавідзеў ён іх, іхнюю мову, іхнюю жорсткасць і трусасць, але ні завошта не адважыўся-б забіць чалавека і другі раз пачуць страшны пах чалавечай крыві.

І ў Маўглі з'явіўся больш просты і не менш суровы план. Ён усміхнуўся, калі ўспомніў, што на гэтую думку навяла яго адна з бязглуздзіц, якія плёў па вечарах стары Бульдэа пад піпулавым дрэвам.

— Так, сапраўды гэта было Ўладарнае Слова! — пачуўся над яго вухам шэпт Багіры. — Яны пасвіліся каля ракі і паслухаліся мяне, нібы якія-небудзь бычкі. Глядзі, вось яны ідуць!

Хаці і яго тры сыны ішлі, як заўсёды, моўчкі. Рачная твань яшчэ не абсохла на іх баках, і Хаці задуменна жаваў зялёнае сцябло, якое зачапіў па дарозе біўнямі. Але кожная зморшчка на яго вялізным целе сведчыла Багіры, якая добра разбіралася ў гэтых справах, што цяпер ужо не Ўладар Джунгляў ідзе да Чалавечага Дзіцяці, а пакорнае стварэнне ідзе да магутнага ўладара. Тры сыны Хаці клыпалі побач са сваім бацькам.

Маўглі толькі крыху падняў галаву, калі Хаці вітаў яго клічам: "Добрага Палявання!" Слон вымушаны быў доўга стаяць і хістацца з боку на бок, пакуль Маўглі пачаў гаварыць. Ды і то ён звярнуўся не да сланоў, а да Багіры.

— Я раскажу казку, якую чуў ад паляўніка, на якога вы ўчора палявалі, — пачаў Маўглі. — Яна тычыцца старога і разумнага слана, які трапіў у яму, дзе быў убіты кол. Кол разадраў яму бок ад нагі да пляча, пазней на гэтым месцы застаўся белы шрам.

Маўглі працягнуў руку. Хаці павярнуўся, і месяц асвятліў доўгі белы шрам на яго шэрым баку, нібы высмалены напаленай пугай.

— Людзі з'явіліся вызваляць слана з пасткі, — казаў далей Маўглі. — Яны звязалі яго і выцягнулі з ямы. Але слон быў вельмі дужы. Ён парваў свае ка наты і ўцёк лячыць рану. Пасля таго раз'юшаны слон уначы вярнуўся на палі гэтых паляўнікоў. Здаецца, у яго былі тры сыны. Усё гэта адбылося шмат дажджоў назад і вельмі далёка адсюль — сярод палёў Бхуртпора. Што сталася з гэтымі палямі да наступнага жніва, Хаці?

— Ураджай зняў я і мае тры сыны, — прамовіў Хаці.

— А хто араў пасля жніва? — сказаў Маўглі...

— Ніхто не араў, — адказаў Хаці.

— А што сталася з людзьмі, якія жывіліся пасевамі? — спытаўся Маўглі.

— Яны пайшлі адтуль.

— А з халупамі, дзе людзі спалі? — пытаўся далей Маўглі.

— Мы разбурылі іх. — А яшчэ што было? — дапытваўся Маўглі.

— Джунглі занялі столькі месца, колькі я магу прайсці за дзве ночы з усхода на захад і за тры ночы з поўначы на поўдзень. Мы напусцілі Джунглі на пяць вёсак. І цяпер у гэтых вёсках, на гэтых землях, палетках і пашах няма аніводнага чалавека, які жыў-бы з іх. Вось які разгром Бхуртпорскіх палёў зрабіў я з маімі трыма сынамі! Але скажы мне, Чалавечае Дзіцянё, адкуль ты ведаеш гэта? — спытаўся Хаці ў сваю чаргу.

— Мне сказаў аб гэтым Чалавек. І цяпер я бачу, што нават Бульдэа часам кажа праўду. Гэта было добра зроблена, о Хаці з белым шрамам! Але ў другі раз гэта будзе зроблена яшчэ лепш, бо цяпер вамі будзе кіраваць Чалавек.

Ты-ж ведаеш вёску Чалавечай Зграі, якая выгнала мяне? Гэта ляныя, бязмозглыя, жорсткія людзі. Яны заўсёды забаўляюцца сваім роптам і забіваюць слабейшых — не для ежы, а дзеля пацехі. Нажэршыся, яны пачынаюць кідаць людзей сваёй-жа пароды ў Чырвоную Кветку. Я досыць наглядзеўся на іх. Не патрэбна ім жыць тут, я іх ненавіжу!

— Ну, што-ж, забі іх! — сказаў малодшы сын Хаці. Падхапіўшы пучок, ён пасцёбаў ім пярэднія ногі і кінуў прэч, а чырвоныя вочкі яго хітравата азіраліся па баках.

— Навошта мне белыя косці? — са злосцю крыкнуў Маўглі, — ці я воўчае шчаня, каб гуляць на сонцы з акрываўленай галавой? Я забіў Шэр-Хана, і скура яго гніе на Скале Рады, але... я не ведаю, куды дзеўся сам Шэр-Хан, і мне чагосьці нехапае. А цяпер я вазьмуся за тое, што сам магу бачыць і кратаць. Павядзі Джунглі на гэтую вёску, о Хаці!

Багіра ўздрыганулася і прысела. Яна магла-б, калі трэба, шпарка прабегчы па вясковай вуліцы, збіва ючы людзей направа і налева, альбо забіць пад вечар чалавека за плугам, але такі намер — свядома сцерці з зямлі цэлую вёску — спалохаў нават яе. Цяпер яна зразумела, дзеля чаго Маўглі пасылаў па Хаці. Толькі стары спрактыкаваны слон мог задумаць і правесці такую вайну.

— Хай яны ўцякаюць, як уцяклі людзі з палёў Бхуртпора, пакуль у барознах не застоіцца вада і шум іхніх верацён не зменіцца з шумам дажджу сярод дрэў, пакуль Багіра і я не знойдзем сабе логава ў доме браміна і алені не зробяць вадапою ў сажалцы за храмам. Напусці Джунглі, о Хаці!

— Але... але-ж мы не сварыліся з імі. Толькі ў часе лютай злосці мы можам напасці на месцы, дзе спяць людзі, — з сумненнем казаў Хаці, хістаючыся з боку на бок.

— Ці-ж вы адны жывіцеся травой у Джунглях? Гані сваіх сваякаў. Няхай займуцца гэтай справай алені, вяпры, нільгаі. Вы самі і не паказвайцеся, пакуль палі не аголяцца. Нацкуй Джунглі, Хаці.

— А забойства не будзе? Мае біўні былі чырвоныя ад крыві пры разгроме Бхуртпорскіх палёў і я не хацеў-бы яшчэ раз пачуць гэты пах...

— І я гэтага не хачу. Я не хачу, каб іхнія косці ляжалі на нашай чыстай зямлі. Хай яны шукаюць сабе новае логава. Яны не павінны заставацца тут. Я бачыў і чуў нюхам кроў жанчыны, якая карміла мяне, жанчыны, якую хацелі забіць праз мяне. Толькі пах свежай травы каля іх парогаў заглушыць для мяне гэты пах. Ён пячэ мне рот. Напусці Джунглі, Хаці!

— Ах! — прамовіў Хаці. — Таксама шрам на скуры смаліў мяне, калі я руйнаваў іхнія вёскі. Цяпер я разумею. Твая вайна — наша вайна. Мы нашлем Джунглі.

І сланы зніклі. Маўглі аж дрыжаў ад злосці і нянавісці да людзей. Багіра з жахам глядзела на яго.

— Клянуся Зламаным Замком, што вызваліў мяне, — прамовіла, нарэшце, чорная пантэра, — няўжо-ж ты тое самае голае стварэнне, за якое я спрачалася ў Зграі ў тыя дні, калі ўсё было маладое? Уладар Джунгляў, не забудзься на мяне ў той час, калі знікне мая сіла! Абарані Балу і ўсіх нас, бо ўсе мы шчаняты перад табой. Мы як тое сухое галлё пад нагою. Мы — казулі, што адбіліся ад маткі.

Параўнанне грознай пантэры з дзіцём лані рассмяшыла Маўглі; ён зарагатаў, закірхаўся, усхліпнуў, зноў засмяяўся, і нарэшце, каб супакоіцца, кінуўся ў сажалку. Доўга ён плаваў і ныраў пры святле месяца, як жабянё, цёзка яго.

А Хаці і яго тры сыны ўжо разышліся на ўсе чатыры бакі свету і ціха ішлі па далінах і пушчах. Два дні без перапынку, прынамсі міль шэсцьдзесят, прайшлі яны па Джунглях. І кожны іх крок, кожны рух хобата зараз-жа заўважваўся і даваў тэму для гутарак Мангу і Чылю, Малпаваму Племю і ўсім птушкам. Потым яны пачалі пасвіцца і спакойна пасвіліся з тыдзень. Хаці і яго сыны падобныя да Каа, Каменнага Пітона — яны таксама не любяць спяшацца без патрэбы. У канцы гэтага перыяду невядома адкуль пайшлі па Джўнглях чуткі, што ў такой і такой даліне корм і вада надта добрыя. Свінні, якія, як вядома, гатовы ісці хоць на край свету, абы добра пад'есці, — першыя рушылі цэлымі атрадамі, штурхаючыся і сварачыся. За імі пайшлі алені, разам з імі тоўстыя нільгаі, а за нільгаямі пацягнуліся з балот дзікія буйвалы. Ішлі яны весела, пасвіліся, гулялі, пілі ваду і зноў пасвіліся. Але досыць было самага нязначнага здарэння — і яны палохаліся і кідаліся назад.

Але як толькі пачыналася трывога, абавязкова аднекуль з'яўляўся хто-небудзь такі, хто іх супакойваў. Ці іглак Сагі з весткамі, што "зусім недалёка адсюль ёсць добрая паша"; ці Манг-Упыр з вясёлым крыкам апускаўся на палянку, каб паказаць, што на ёй нічога небяспечнага няма; або Балу з поўным ротам карэнняў спакойна праходзіў каля спуджаных жывёл і рознымі прыказкамі ды жартамі накіроўваў іх на правільны шлях. Некаторыя жывёлы не адважваліся ісці далей і ўцякалі, але галоўная маса ўсё-ж такі рухаліся наперад. Драпежныя-ж зверы за гэты час сярод іх не паказваліся.

Дзён праз дзесяць становішча было такое: алені, кабаны пасвіліся колам, якое мела восем ці дзесяць міль па радыусу, а мясажэрныя звяры трымаліся вакол іх.

У цэнтры гэтага кола была вёска, а вакол вёскі даспявала збожжа, сядзелі людзі на так званых "мачанах" — плеценых з галля буданчыках, пастаўленых на чатыры высокія слупы. Тубыльцы будуюць іх, каб вартаваць збожжа ад птушак і іншых злодзеяў, што квапяцца на хлеб. Цяпер ужо аленяў ды нільгаяў ніхто не ўгаварваў: на іх націскалі драпежныя звяры і паступова прымушалі пасоўвацца бліжэй да сярэдзіны.

У цёмную ноч Хаці і яго тры сыны вышлі з Джунгляў, штурханулі хабатамі слупы мачаноў, і тыя зваліліся, як зломаная кветка. Людзі, што зваліліся разам з мачанамі, пачулі над сабой грознае рохканне сланоў. Спуджаныя ззаду алені кінуліся на вясковыя нівы, за імі рушылі свінні; што не паспелі патаптаць алені, тое папсавалі свінні. Час ад часу ваўкі рабілі трывогу сярод жывёл, і тыя пачыналі мітусіцца, кідацца ва ўсе бакі, і руйнавалі не толькі пасевы, але нават і абвадняльныя каналы.

Пад раніцу мясажэрныя звяры рассунуліся і далі жывёлам вольны праход на поўдзень. Але некаторым аленям так спадабалася паша, што яны схаваліся на дзень, каб пабаляваць яшчэ і ў наступную ноч.

Справа была зроблена. Раніцою, вышаўшы на поле, сяляне ўбачылі, што ўраджай загінуў і што ім пагражае галодная смерць. Калі выгналі на пашу буйвалаў, дык яны не знайшлі там ніякай спажывы. Тады буйвалы разбрыліся па Джунглях і далучыліся да сваіх дзікіх сваякоў. А пад вечар у вёсцы, у хлявах, знайшлі чатыры задушаныя коні. Адзін з іх нават быў выцягнуты на вуліцу. Толькі Багіра магла гэта зрабіць, толькі Багіра магла дзёрзка кінуць адзін з трупаў па самай сярэдзіне вуліцы!

Сяляне не адважыліся ў гэтую ноч выходзіць у поле і раскладваць там агонь, і Хаці з сваімі трыма сынамі зноў з'явіўся, каб скончыць сваю справу. А дзе арудуе Хаці, там дабра не будзе!

Няшчасныя сяляне думалі як-небудзь пратрымацца да наступных дажджоў тымі запасамі хлеба, якія ў іх былі, а потым падзарабіць ці пазычыць. Мясцовы гандляр ужо вылічваў, колькі можа зарабіць на тых запасах збожжа, што ён скупіў, а ў гэты час біўні Хаці падчапілі яго мазанку, разбурылі плецены з лазы і аблеплены кароўім гноем засек і ўвесь хлеб быў знішчаны.

Калі выявілася гэтая апошняя бяда, усю падзею ўсклалі на браміна. Але дарма ён маліўся сваім багам — яны не далі ніякай рады,

— Не нашы багі караюць нас, — сказаў ён тады. — Мусіць, мы неяк абразілі якога-небудзь бога Джунгляў і Джунглі пайшлі на чалавека.

Тады пастанавілі звярнуцца да старшыні племя гондаў, спаконвечных гаспадароў гэтай зямлі. Гэта былі маленькія, хітрыя і чорныя, як вугаль, людзі, якія бадзяліся па Джунглях і займаліся паляваннем.

Калі гонд прыйшоў у вёску, яго пачаставалі, чым толькі маглі, і прасілі дапамагчы ў бядзе. Гонд стаў на адну нагу, узяў у руку лук, а тры атручаныя стралы ўтыркнуў сабе ў чуб. У такім стане ён пастаяў, паглядзеў ні то спалохана ні то з пагардай на сялян і іхнія знішчаныя палі, але нічога не сказаў, Потым падняў з зямлі "карэлу" — лазіну, якая дае горкія тыквы, і завязаў ёю дзверы храма перад лупатым чырвоным ідалам. Пасля гэтага працягнуў руку ў бок Канхівары і пайшоў у свае Джунглі.

Ён лічыў, што калі выступілі Джунглі, дык наўрад ці хто можа спыніць іх, апрача белых людзей, што жывуць у Канхівары. Сяляне зразумелі, што нічога добрага ім нельга чакаць. Дзікай тыквай зарасце тое месца, дзе яны пакланяюцца свайму богу, а ім самім нічога не застаецца, як хутчэй уцякаць.

Але не так лёгка зняцца ўсёй вёскай з наседжанага месца. Людзі заставаліся ў ёй, пакуль хапала летніх кармоў, потым спрабавалі збіраць арэхі ў Джунглях, але ўсюды іх пільнавалі палаючыя вочы звяроў. Яны з'яўляліся перад людзьмі нават у поўдзень, і калі перапуджаныя сяляне хаваліся за свае сцены, то праз пяць хвілін на бліжэйшых дрэвах бачылі сляды кіпцюроў і садраную кару.

Чым больш людзі сядзелі ў сваёй вёсцы, тым смялей рабіліся дзікія звяры і без перашкод збіраліся на пашы каля Вайнгунгі. Сяляне не адважваліся правіць і вамазваць сцены апусцелых хлявоў, што стаялі бліжэй да Джунгляў. Дзікія свінні ламалі і тапталі іх, ліяны з вузлаватымі карэннямі цягнуліся ўслед і замацоўваліся на адваяванай зямлі, а пасля ліян разрасталася розная дзікая трава.

Першымі паўцякалі нежанатыя і далёка разнеслі весткі, што іхняя вёска прызначана на гібель. "Хто можа стаць, — казалі яны, — супроць Джунгляў і іх багоў, калі нават сама святая Кобра пакінула вёску?" Асуджаная вёска паступова траціла сувязь з усімі суседзямі і сцежкі ад яе пазарасталі травою. Людзі чулі, як трубіць па начах Хаці і яго сыны, але гэта бадай не трывожыла іх, бо ім ужо няма чаго было траціць. Увесь хлеб іх загінуў, а палі пачалі ператварацца ў Джунглі. Заставалася толькі ісці ў Канхівару і прасіць ласкі ў ангельцаў.

Але па ўласцівай ім нядбайнасці яны ўсё чакалі дзень за днём і дачакаліся, нарэшце, дажджоў. Струмені вады паліліся праз дзіравыя стрэхі, ваколіцы заліла вадой, і пасля летняй спякоты забуяла трава на палях. Тады толькі яны — мужчыны, жанчыны і дзеці — вышлі раніцою пад заліўным дажджом і прыпыніліся ля ваколіцы, каб апошні раз зірнуць на свае сялібы.

І калі апошняя сям’я са сваімі манаткамі вышла з вёскі, ззаду пачуўся трэск, грукат, паляцелі бярвенні і чаротавыя стрэхі. На момант мільгануў у паветры чорны, падобны да змяі, хобат з пучком гнілога чароту. Ён знік, пачуўся новы трэск, а потым рэў.

Гэта зароў Хаці. Ён зрываў з дамоў дахі, як мы зрываем вадзяныя ліліі, і адно з бярвенняў моцна стукнула яго. Гэта зусім раз’юшыла Хаці і павялічыла яго сілы. А ніхто не можа нарабіць столькі бяды, як раз’юшаны дзікі слон. Ён штурхануў нагамі гліняную сцяну, тая раскрышылася ў пыл і зараз-жа ператварылася ад дажджу ў жоўтае балота. Потым ён пачаў круціцца па вузкіх вуліцах, разбураючы хаты направа і налева, крышучы пад нагамі сцены, дзверы, стрэхі. Ад яго не адставалі тры яго сыны і руйнавалі ўсё таксама, як калісьці на палях Бхуртпора.

— Джунглі хутка праглынуць гэтыя шалупайкі, — пачуўся спакойны голас сярод гэтага грукату. — Цяпер трэба разбурыць сцяну, што ідзе вакол вёскі, Хаці.

І Маўглі, мокры ад дажджу, саскочыў са сцяны, якая ўжо асела, як змораны буйвал.

— Усё будзе ў свой час, — запыхаўшыся адказаў Хаці. — А ў Бхуртпоры мае біўні купаліся ў крыві! А ну, дзеткі, да сцяны! Галавой, разам — ну!

Да гэтага часу праз сцяну сяляне не маглі бачыць усяго таго, што рабілася ў вёсцы. І вось цяпер сцяна выпуклілася, развалілася — і яны з жахам убачылі раз'юшаныя, запэцканыя глінай галовы руйнавальнікаў. Страціўшы ўсё, што яны мелі, сяляне кінуліся бегчы па даліне, а вёска сярод рэву і грукату знікала з іх вачэй.

Праз месяц на яе месцы ўздымаўся няроўны ўзгорак, пакрыты маладой зялёнай травой. А пад канец дажджоў Джунглі ўжо аўладалі тым месцам, дзе ўсяго толькі поўгода назад хадзіў плуг...