Перайсці да зместу

Мая ліра (1924)/III/Песьня дзяўчаці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Русалка Песьня дзяўчаці
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня дзяўчаці (Сваяк).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ДЗЯЎЧАЦІ.

Там у зацішным таёмным бары,
Між соснаў зацені шуміць ручаінка;
У хвойным каб песьні пяяць гушчары,
Там часта прыходзіць прыгожа дзяўчынка.

Дзяўчо пяе песьні нядолі народу,
Забітага горам і крыўдай балючай:
У песьню ўлівае і міласьць і згоду,
І што набалела на мысьлі кіпучай.

А песьня дзяўчаці так сумна-жалосна,
Што бор на жальбу ўжо няраз задрыжэў,
Канюх страпянуўся, заплакала сосна,
Пугач гдзесь захлопаў і ўдаль паляцеў.

І водгалас ходзіць між лесу галінаў,
Як тое дзяўчо сваю песьню пяе,
А вецер — прыблуда ад гор і далінаў, —
Нясець на сьвет цэлы запевы яе.

Люблю я той бор, тую песьню дзяўчаці,
Люблю я лавіць таей песьні матывы,
А тое дзяўчо — ох, ніяк тут сказаці:
Хай гэта даскажа сам бор гутарлівы.