Сонейка гасьне, цені валакуцца,
Снуюць па узбярэжжу вазёрным мрацы,
Русалкі прынадна здалёку сьмяюцца, —
Ну-й дзівы-ж бываюць у нас паначы.
А цёпла, а парна: пашоў-бы купацца,
Хоць страшна русалак, вадзяніц, і мокш…
Так цудна, так пекна: ці-ж можна стрымацца, —
Хто дзеўкі баіцца, куды-ж такі гож!
Нурком я кідаюсь у возера тоні,
Плыву па жвірочку, па жоўценькім дне,
А дух замірае… Ужо можа гоні.
Даволі!.. Нясі-ж ты вадзіца мяне!
Ах, легка ўздыхнуці… Раскрыйцеся вочы,
Нябескі Дажбожа! А гэта-ж хто там
Касу расплятае, стан мые дзявочы?..
Ці зданьне, ці што: не згадаю я сам.
Хоць з жахам у сэрцы плыву я ціхонька
Да зьявы вось беленькай-пекненькай той; Яна-ж, расчасаўшы касулі чарненькі,
Абмыла свой тварык крынічнай вадой…
Пусьцілася плыць ў маю, у старонку, —
Нурка ізноў даў я адразу на дно,
І думаў, што… пойдзе яна наўдагонку,
Затопіць мяне ў глыбіні ўсё адно.
На верх ізноў выплыў, бо духу ня стала…
О дзівы! Русалка блізенька пры мне:
Туды і сюды ўсё плывала-плывала,
Казаў-бы й ня бачыла быццам мяне.
Аж я адгукнуўся: „Русалачка-душка!
Паглянь жа хоць раз, калі ласка, сюды:
Ня будзь так пужлівай, вадзіцы дачушка,
З табою міленька паплыву хоць куды…“
Ня слухае!.. Дарма!.. На бераг сьпяшае,
Ах, што-ж там?.. Адзеньне яе!
Ей сорамна нешта, вось за куст уцякае,
Кашульку ў міг на сябе ўзьдзяе.
У хвілінку гатова, на мяне ледзь зірнула,
Неспакойна глянула са-двойчы кругом:
„Ты шалуцька хлапец!“, сьмяючыся ўсклікнула
І пашла пяючы „даліною—лугом…“
|