Матчын дар (1929)/Роднаму краю/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1. Людзям 2. ⁂ Чаму з маленства, з ураджэнства
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
3. Начныя думкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чаму з маленства, з ураджэнства…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РОДНАМУ КРАЮ.

2.


∗     ∗

Чаму з маленства, з ураджэнства,
Ў жыцьцёвы май,
Ня ўмеў, як маці, шанаваці
Цябе, мой край?

То-ж я з тваёю ключавою,
Сьвятой вадой
Напіўся болю аб нядолі,
Бядзе людзкой.

То-ж ты, мой хмуры, даў мне пануры
І ціхі гнеў,
А днём падчасным, так пекным, ясным,
Надзею грэў.

Твае-ж курганы, лясы, паляны,
Дубкоў тых шум,
Палёў абшары, люд бедны, шары,
Мне далі дум.

А дум тых многа… Не, ня убога
Ты даў мне іх,
І ты-ж, як маці, наўчыў сьпяваці
Аб думах тых.

Я браў, ня бачыў і не аддзячыў
Табе нічым,
Бо счараваны, — цябе, ўкаханы,
Ня знаў саўсім.

Цяпер хоць знаю, дык што-ж параю
Ад позьніх скрух,
Ў чужой краіне паволі гіне
За целам — дух.

Вазьмі-ж хоць сьпевы, дум перапевы
Лясоў тваіх, —
З тваёі глебы, з тваёга неба
Узяў я іх.

Увагі[правіць]

2. Чаму з маленства

31 р. …„з тваёі глебы“ (зам. з тваёй) і „з тваёга неба“ (зам. твайго) ужыты аўтарам для рытму.