Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Роднаму краю/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
12. ⁂ Усе з аднэй мы выйшлі нівы 13. Песьня
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
14. У выгнаньні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня (На чужой староначцы…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




13.

ПЕСЬНЯ.

На чужой староначцы
Заняпаў душой, —
І згубіў здаровейка
І згубіў спакой.
Не глядзелі-б вочанькі
На нялюбы сьвет,
Маладое радасьці
Прападае сьлед.

На чужой староначцы
Ня цьвітуць сады,
Не сьпяваюць птушачкі,
Не лятуць сюды.
І чужое лецейка
Для мяне — зіма,
І чужога соўнейка
Для мяне няма.

На чужой староначцы
Ня шумяць лясы,
І няма прыгожасьці
Ў палявой красы.
Замірае душачка
На чужой зямлі,
А дамоў вярнуціся
Не ў маёй валі.

Дзе-ж вы, ніўкі родныя,
І дубовы шум?
Засьпявайце голасна,
Каб пазнаў, пачуў.
Ўскаланіце песьняю
Векавечных сноў,
Ўскаланіце душачку,
Ўскаланіце кроў.

Увагі

[правіць]

13. Песьня.

24 р. „Не ў маёй валі́“ зам. „Не ў маёй во́лі“ ўжыта поэтам для рытму і рыфмы (з словам „зямлі“ — 22 р.).