Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/На чужыне/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
13. Песьня 14. У выгнаньні
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
15. Вясельле
Іншыя публікацыі гэтага твора: У выгнаньні (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ЧУЖЫНЕ.

14.

У ВЫГНАНЬНІ.

Край чужы — за веру кара, —
Сьнег, мароз ды горы.
Белы сьвет, як чорна хмара,
Заступілі горы.

Край чужы… І ты чужынец,
Ўсім ня свой здаешся:
Ходзіш скрозь, як той адзінец
Старакосны ў лесе.

Ходзіш ты, ніякай мэты, —
Так, — абы цягацца,
Знаць сабе: жывеш яшчэ ты…
Для чаго-ж, спытацца?

Хто цябе спагадным сэрцам
Да сябе прытуле?
Хіба з стрэльбы чужаверца
Чужаніца-куля.

Хто цябе спаткае міла,
Ў дом папросіць гожа?
Хіба дол, адно — магіла
Разгарнуцца можа.

Што з таго — часамі сьніцца
Край, ў якім радзіўся?
Толькі мусяць сьлёзы ліцца, —
Лепі-б і ня сьніўся!

Увагі

[правіць]

14. У выгнаньні.

5-6 pp. „І ты чужынец, ўсім ня свой здаешся“. У выданьні 1918-га году стаяла „І ты чужынец усім, ня свой здаешся“… Коска перастаўлена ў адпаведнасьці з сэнсам і сынтаксычнай пабудовай сказу.

7 р. …„адзінец“ — стары самец, які ходзіць асобна па лесе.