Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Праявы роднага/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
69. Каму што 70. Варажба
Паэма
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
71. Канец Паўлючонка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Варожба (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




70.

ВАРАЖБА.

(Засьцянковая аповесьць).

Бліжыцца поўнач. У гэтай парэ
Сон пахаджае па панскім дварэ.
Сьпяць, паканчаўшы звычайную працу,
Чэлядзь ў пякарні, паны у палацу;
Толькі стары вартаўнічы Ігнацы
Ходзіць з клякоткай і піпкай сваёй:
Двор сьцеражэ ад людзіны ліхой.

Ходзіць стары і мурмоча пад нос:
— „Ну і пракляты-ж сягоньня мароз!
Новы кажух прабірае, пся вера,
Быццам кажух — не кажух, а папера.
Брэша, ня зломіць старога жаўнера,
Панна Эмілья, хай бог ëй аддасьць,
Вызваліць з гора, ня пусьціць прапасьць.

Цёнгля, як толькі пачнецца цямнець,
Зараз палынаўкі з кухні нясець,
Міла глядзіць і ласкава сьмяецца:
— Хочаце можа, Ігнацы, пагрэцца? —
Гэткі парадак ня ўсюды вядзецца!
Добрае сэрца! Павет абыйсьці,
Роўную паньне, бадай, каб знайсьці“…

Адвэнт на сходзе. Яшчэ да Каляд
Тыдзень астаўся адзін акурат.
Неба у зорках, і кожна з іх зьяе,
Месяц зялёны свой сьвет пасылае,
Лёгкі марозік за шчокі хапае,
Сьнег пад нагамі прыемна рыпіць, —
Ведае варту Ігнацы, — ня сьпіць.

Панна Эмілья тым часам сабе
Вечар праводзіць у нейкай журбе:
Нейкія брэдні плятуцца дзяўчыне —
Быццам яна не ў дварэ ахмістрыня,
Быццам яна ня жывець ў ахвіцыні,
Быццам яна няма ведама хто,
Хочацца сэрцу няведама што.

Ўспомніць мамульку, татульку, свой дом,
Ўспомніць сябе невялічкую ў ём,
Старшага брата і няньку-бабульку,
Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку,
Даўніх равесьніц… кароўку Рабульку…
Дзе яно ўсё? І ня вернеш тых дзён,
Зьнікла, як дым, расплылося, як сон!…

Страшна і ўспомніць далёкі той год
(Чорным яго называе народ), —
Пошасьць з касою па сьвеце хадзіла,
Панну Эмілью сіроткай зрабіла,
Родных, сямейку зямлёю пакрыла.
Доля, няйначай, — ў яе ўсё руцэ:
Ўзялі паны гадаваць пры дачцэ.

Ўстане, паходзіць і сядзе ізноў,
Б‘ець у галоўку гарачая кроў;
Нейкія ў сэрцы прарваліся шамы,
Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы…
Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы,.
Просіць: „Прачыстая, згінуць ня дай,
Гора адкінь, ад бяды захавай!“

Ручкі заломіць, і сьлёзы цякуць…
Новыя думкі ізноў набягуць,
Жыцьце у людзях сабе выкладае.
Цяжкае жыцьце! Хаця спагадае
Маткі заступніца, пані старая,
Пан — як-бы родны… Нявесела жыць!
Час у жалобе, у маркоце бяжыць.

Хочацца сэрцайку ласкі ня той, —
Хочацца спогадзі паньне другой…
Тэкля, Аршулька, Ганулька — малжонкі,
Шлюбныя носяць на пальцах пярсьцёнкі…
Моліцца панна да ўласнай патронкі:
„Панна сьвятая, ты неба ўмалі,
Вернага друга мне ў жыцьці пашлі!“

Потым ўсьміхнецца прыгожа… Каму?
Ведама, — пэўне, яму аднаму…
Рожы цьвітуць на бялюсенькім твары.
Што-ж тут за цуд і чые-ж гэта чары?
Праўду сказаць?… — Вінаваты гусары.
Ну, хоць ня ўсе, дык прынамсі адзін
Паньне прычынай маркотных гадзін.

Статны, прыгожы, — праўдзівы жаўнер;
Гляне — як сокал! Які-ж кавалер!
Майстар на жарты які, на хіхоты;
Як удаецца ў шабунькі, ў залёты,
Лёсткі пушчаць — навучыся ў яго ты!
Як ён часамі умее глядзець:
Ў танцы які! — не пазволе сядзець!

Ручку як сьцісьне, на вуха шапне
Слоўца такое, што й сэрца замрэ!
Шкода, нядоўга яны пастаялі…
Толькі тры дні усяго балявалі
Гэтта, ў дварэ, і паехалі далей.
Рушылі ў Вязьму, а стуль пад Маскву.
Чуець паненка, маўляў на яву,

Як прад ад‘ездам ён цяжка ўздыхаў;
Помніць — навекі аб ёй прысягаў;
Як ад‘яжджаючы, бачыць, скланіўся…
Праўда-ж? Ці помніць? Ці, можа, забыўся?
Любіць? Ня любіць?… Ў другую ўлюбіўся?
Можа ўдаваў закаханьне на жарт?
Трэба аб гэтым спытацца у карт!

Праўда, што адвэнт, і грэх варажба,
Што-ж — калі гоніць ў сухоты журба!
Бог міласэрны няхай выбачае…
Панна Эмілья ў красэлка сядае,
Талью картуе, шэсьць карт выкладае,
Сёмая карта кладзецца пад ніз:
Хітры пасьянс пачынае — „маркіз“.

„Любіць, ня любіць? Любіў? ня любіў?…
Верным астаўся?… Ці верным ня быў?“
Шэпча паненка. Пасьянс збунтаваўся…
„Дзе-ж той чырвовы кароль падзяваўся?
Мусіць ня любіць!… не, гэты ня ўдаўся!.
Іншы спрабую цяпер разлажыць“…
Час памаленьку бяжыць ды бяжыць.

Поўнач прайшла. У дварэ пятухі
Раз прапяялі з-пад цёплай страхі.
Крайчыкам месяц з-за туч выглядае.
Панна Эмілья варожб ня кідае,
Новы, хітрэйшы пасьянс раскладае:
„Любіць, ня любіць, любіў, ашукаў,
Верным астаўся, ці ім ня бываў?“

Рыпнулі дзьверы… І вось на парог…
Панначка зірк! — Гэта-ж ён, далібог!
Палец да губ прылажыў, усьміхнуўся,
Дзьверы прымкнуў за сабой, азірнуўся.
— Панна чакала, каб я дый вярнуўся? —
Ціха на пальчыках к ёй падыйшоў.
Дзеўча адразу ня знойдзе і слоў.

Потым зьдзіўленьне крыху адыйшло.
„Скуль пан узяўся і што прывяло?“
Гэтак пытае. Урода асанны.
Сам, як ягнятка, ласкавы, рахманы.
— Жыць не магу без каханае панны!
Мусіць нідзе не спаткаю такой…
Дай ты мне шчасьце, вярні мой спакой! —

Рукі злажыў і на коленкі стаў,
К ножкам дзяўчаці галоўкай упаў.
Панна Эмілья, смуціўшыся гэтым,
Хоча устаць, адхіснуцца, а дзе там!
Ён ня пушчае і моліць ўсім сьветам:
— Будзь гаспадыняй, царыцай маёй,
Сэрца зьлячы мне, душу заспакой! —

Што тут рабіць? Гэта-ж могуць пачуць.
Потым у вочы усе засьмяюць:
„Панна у ночы гасьцей прынімае!“
Ручкай гусара з кален падымае;
Просіць устаць, ня крычаць, сунімае,
Садзіць у крэсла, прыносіць вады…
„Ціха, мой пане, наробіш бяды!

Людзі пачуюць, — нічога табе:
Сеў дый паехаў, і сам па сабе.
Я-ж і на заўтра тут мушу астацца;
Будзе ад сораму недзе схавацца,
Людзі пачнуць як навокал сьмяяцца:
„Ў панны Эміліі ёсьць кавалер“.
— Хай не сьмяюцца! Бо плакаць, павер,

Будуць, паненка, яны над сабой,
Покуль гуляю яшчэ з галавой,
Покуль ня судзіць мне доля прапасьці.
Хіба сама ты захочаш напасьці,
Думкі ня споўніш маёі аб шчасьці.
Ведай: прыехаў забраць я цябе,
Ў разе-ж нязгоды — застрэліць сябе.

Бачыш, кладу я на стол пісталет:
Коркі падняты, набоі, як сьлед.
Добрая гэта турэцкая штука!
Дзед адабраў на вайне ў мамлюка;
Можа сягоньня прыдасца на ўнука.
Воля твая: рассудзі, выбірай,
Шчасьцем дары ці на сьмерць пакарай.

„Пан не даеш мне з чаго выбіраць,
Я не хачу ні судзіць, ні караць!
Як-жа так раптам… ці-ж можна, скажэце?
То-ж ня гульня, а мы з панам ня дзеці, —
Трэба падумаць яшчэ, паглядзеці“…
Панна Эмілія, мне не пярэч!
Хіба ня любіш?… — „Ня панская рэч!

Пану да гэтага дзела няма,
Ведаю думкі свае я сама.
Можа-б любіла, каб гэтак ня ягліў,
Так ня пужаў і з адказам ня нагліў,
Быў да паненак ня гэтак павадліў,
Можа-б тагды і пайшла… А цяпер?!“ —
Панна збляднела, маўляў-бы папер;

Хоча сказаць і баіцца сказаць,
Вочкі спусьціла, павекі дрыжаць…
Той-жа гусар, як смала, прычапіўся,
Ручку цалуе і з крэсла ўсхапіўся,
Зноў на каленях у ног апыніўся.
— Слонейка, — просіць, — кажы, не чакай:
ў пекла мне судзіш ці разам у рай?

Любіш — ня любіш, шкадуеш ці не, —
Дай-жа спакою, ня мучай мяне! —
Сэрца паненскае, ведама, з воску,
Возьмем мы места ці зьвернемся ў вёску:
Толькі-б агоньчык — і зараз-жа сьлёзку,
Ясную сьлёзку на вочка пашле.
Хоча, ня хоча ды й скажа: „але“.

Гэтак і з паннай Эмільяй было.
Нешта ад сэрца к грудзям падыйшло,
Потым у горле клубком перасела,
Быццам-бы выскачыць сэрца хацела
З вочак сьлязінка скацілась нясьмела,
Сьледам другія сьпяшаюць ісьці…

— „Люблю, — кажа панна: — люблю… адпусьці!“
Ўскочыў, падскочыў гусар малады
Так, як-бы чорт ад сьвянцонай вады.
Рады, сьмяецца і ручкі цалуе,
Пусьціць, абніме, ізноў прымілуе,
Ну, не раўнуючы, мора хвалюе!
Нават апомніцца ёй не дае,
Рупіць зьбірацца, капоцік ўзьдзяе.

Гасіць лаёўку, вядзець на парог,
Клямку шукае… Ды бог засьцярог:
Панна зірнула каханку у вочы, —
Так, як вугольлі, гараць сярод ночы…
Верыць — баіцца, ня верыць — ня хоча.
— „Хто тут?“ — пытае. Ён цягне, маўчыць…
Панна ў трывозе тады як ўскрычыць:

— „Маці прачыстая! у помач прыдзі!
Згінь ты, шатане, — мара, прападзі!
Згінь, прападзі ты, нячыстая сіла!“ —
Правай рукою яго ахрысьціла.
Чуе: рука, што трымала, пусьціла.
Прывід той страшны прапаў у цемнаце:
— Кінь варажыць ў адвэнтовым пасьце! —

Голас чужы з-за дзьвярэй прагрымеў.
Панна… прачнулась. Ліхтар абгарэў,
Мусіць даўно дагарэла лаёўка,
Смрод у сьвятліцы… балела галоўка.
Ціха праз сені прайшла пакаёўка:
Стары гадзіньнік паказвае пяць…
— „Ах, як заспалася!.. Трэба-ж так спаць!“

Увагі

[правіць]

70. Варажба.

13 р. „Эмільля“ — пакінуты правапіс выданьня 1918-га году.

52 р. …прарваліся шамы“. У выданьні 1918-га году стаяла „тамы“. Выпраўлена на падставе аўтографу (XV, 2. 36/49).

61-62 р.р. Пунктуацыя выд. 1918-га году зьменена паводле аўтографу.

у выд. 1918 г.:

Матка заступніца — пані старая,
Пан, як-бы родны, — нявесела жыць!

93 р. …„аб ëй прысягаў“ ужыта поэтам у сэнсе „прысягаў“ (кляўся) ёй“

129 р. „урода“ А. Г. ужывае ў мужчынскім родзе.

143 р. „Панна у ночы гасьцей прынімае“. У выданьні 1918-га году было: „Панна у ночы госьцяў прымае“. Папраўка ўнесена для захаваньня рытмікі на падставе аўтографу (XV. 2. 36/49).

153 р. „Эміліі“ зам. „Эмілі“ выд. 1918-га г. на падставе аўтографу.

159 p. …„маёі“. У выд. 1918-га г. „маеі“. Выпраўлена на падставе аўтографу (XV, 2, 36/49).

203 р. — „Люблю — кажа панна: — люблю… адпусьці!“ У пачатку радку поэтам ужыты залішні склад, дзякуючы чаму парушыўся рытм.