Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Праявы роднага/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
68. Спрэчка 69. Каму што
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
70. Варажба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каму што (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




69.

КАМУ ШТО.

(Жарт).

У самы жар, у летні час,
Ужо у поўдзень, па абедзе,
Назаўтра ў горад, на кірмаш,
Народу цьма ідзець і едзе.

Ну, ехаць добра, хоць пячэ,
Але-ж ісьці — дык во дзе мука!
А як з паклажаю яшчэ,
Дык то найгоршая дакука.

Хаця каб крышку адпачыць, —
Ідзеш, ідзеш, ды трэба сесьці,
Бо пуд ці пару валачыць —
То не пярынку ў жмені несьці.

Калі-ж карчма, — ну, тутка стой!
Тут можна выпіць і паесьці,
А за работай мілай той
З знаёмым гутарку завесьці.

Зыйшліся гэтак ў карчме раз
Наш беларус, цыган, хахол,
І неяк трапіла на час,
Што за адзін прыселі стол.

Адзін узяў сабе мядку,
Другі — гарчыну, той — поўпляшкі;
Пакуль сядзелі ў халадку,
Зьвялі знаёмства, — то-ж ня цяжка.

Цыган да гораду сьпяшыў, —
Каня ён добра знаў ўсе вады,
Купляў, мяняўся — не грашыў,
Купцам на коні даваў рады.

Хахол Маўчба ішоў з работ, —
Заробак добры меў, багаты;
Шукаў сябра, каб без клапот
Даехаць з ім да роднай хаты.

У горад брыў цялё прадаць
Наш Янка Цьвік, празваньнем Дыба;
Падатак мусіў ён аддаць,
А так — цялё самому трэба.

Адно вось так, другое не, —
Сядзяць і зюкаюць паціху,
Ажно глядзі ты, вохці мне!
Зайшлі у спрэчку, клічуць ліха.

Каб іх на царства узьвялі, —
Аб гэтым здумалі спрачацца! —
Дык што рабіць-бы пачалі,
Якою працаю займацца,

„Вось я, здаецца, добра-б жыў,
Гульнуў-бы я тады бясьпечна,
З сваім народам-бы дружыў,
Кулеш ўсё еў-бы ды яечні“.

Так кажа Янка першы наш.
„Ну, дзе твой розум, белавусы?“ —
Крычыць Маўчба. — „Саўсім няма-ш
Між вас разумных, беларусы!

От, я іначай бы зрабіў:
у садку пад вішняю ляжаў-бы,
Увесь урад пры мне-б тут быў,
А я-бы правіў ды сьпяваў-бы.

А есьці — еў-бы з салам хлеб,
Крышыў галушкі бы зубамі,
І сала з салам і яшчэ-б
Я сала так-бы еў часамі.

„Каб вас пярун! — крычыць цыган:
Абодва варты вы нямнога,
Вунь, той аббіты ўвесь саган
Хоць грошык варт, а вы — нічога!

Каб я папаў у каралі,
Дык мне ўсё гэта было-б мала.
З казны-б украў я тры рублі,
Украў каня — і… махні драла!“