Дзядзька Тодар, два Пранцішкі,
Сват Гілерык, кум Тамаш
Раз ў мястэчку Зацьвілішкі
Насьмяшылі ўвесь кірмаш.
Што было прадаць — прадалі,
Кум Тамаш зьмяняў каня,
Покі ўсё панакуплялі,
Зірк — ай-ей: каля поўдня!
— „Праўда, справіліся ёмка,
Але-ж, хай ты… во, абед…
— „Ну, дык што! Хадзем ў карчомку!“
На суседзяў так сусед.
Узялі кварту. На закуску
Пару ўзялі тараноў.
Што-ж ім кварта? На затруску!
Ўзялі квартачку ізноў…
Больш пілі дзядзькі, чым елі:
Квас, гарэлку, піва, мёд.
Быццам чмелі загудзелі,
Як і ўвесь ля іх народ.
Хоць там словы ледзьве вяжуць, —
Тэй бяды! А што-ж маўчаць?
Той што-сь скажа, той заўважыць,
Кіне чарку наліваць.
Так ад цэнаў, бульбы, меры,
Што на рынку хвальш дае,
Зачапілі справы веры
Дый… шчапілісь за яе!
Гэтта слоў ім не хапіла,
Знана вёска: словаў брак!
Потым, слова — хіба-ж сіла?
Хіба-ж зробіць, як кулак?
От і пляснуў Тодар ў вуха
Па-суседзку Тамашу,
І паўстала завіруха
У карчме на кірмашу.
Кум Гілерык, сват, Пранцішкі,
Тодар зьвіліся ў клубок…
Ўсё мястэчка зацьвілішкі
Раптам зьбеглася ў шынок…
Праз гадзіну дзед Ігнацы
Ўсіх бусайлаў тых мірыў:
— „Ці-ж ня сорам гэтак, братцы?“
Дзед паважна гаварыў:
„Ну, на ліха вам сварыцца?
З розных вераў вы — адны
Дзеці гэтае зямліцы,
Краю гэтага сыны.
Вера з жыцьцем усім даецца,
Хто іх даў, — яму іх знаць!
Дурань той, хто спадзяецца
Веры сілай паяднаць.
Мы і так, браткі, зьнявагі
Досыць мелі ад чужых,
Каб спрачацца без развагі.
Ці ня цешым толькі іх?
Глузу хіба-ж вы ня мелі?
Біў чужы вас лёгка сьмех?
Эх, вы, шэршні! Эх, вы, чмелі!
Ну, ня сорам вам?.. Ня грэх?“…
|