Што, дзяўчаткі, парабочкі,
Казку вам сказаці?
Ну, якую-ж проці ночкі
Лепі нагадаці?..
Добра!.. Слухайце уважна,
Не перабіваці!
Сядзьце чынам і паважна,
Кіньце блазнаваці!
— За ваконцам вецер сьвішча,
Як ваўчына вые.
Ведзьмы справілі ігрышча,
Ведзьмы маладыя.
Ў хаце цёмна, ціха, смутна,
Цяжка а тужліва;
Уздыхае хтось пакутна,
Неяк сіратліва.
Ўдовай бабкі сын прыгожы
Сеў каля ваконца,
Чымсь-ці хворы, спаць ня можа,
Выглядае сонца.
Ведзьмы скачуць і гуляюць,
Зірк ў вакно: хлапчына!
У ваконца барабанюць:
„Выйдзі, малайчына!“
Выйшаў. Чуе, нехта плача,
Ціха нехта кліча:
„Сюды, сэрца! Гэй, бурлача,
Пакажы аблічча!“
Йдзець. На прызьбе каля хаты
Бачыць: маладзіца,
Пекнай уроды, строй багаты,
Ясны, аж мігціцца.
Стаў і словам не азьвецца,
Моцна задзіўлёны;
А яна — дык проста рвецца:
„Мілы! улюблёны!
Сядзь-жа поруч, ня цурайся,
Ды любі мяне ты.
Ты-ж наблутаў, ня сьпірайся,
На мяне цянеты“.
Сеў хлапец несамавіты,
З ведзьмаю абняўся;
Вецер, злосна прагавіты,
Роў і ня спыняўся.
Рукі белы аплятаюць
Ўюцца каля шыі;
Кроў прыціскі калатаюць…
Вецер сьвішча, вые.
Потым палкім пацалункам
ў вусны упілася…
Сэрца смокча… і з рабункам
Ў віхры паняслася.
А дзяціна так ля дому
І сядзець застаўся…
Ведзьмы вобраз маладому
Доўга ўспамінаўся.
Як успомніць — сэрца рвецца
Проста у скумацьце,
Да нічога ня прыткнецца,
Ўсё сядзіць у хаце.
І канец. А ведзьма? Можа
Да другога ходзіць,
Маладая ды прыгожа,
Жарцікі разводзіць.
|