Перайсці да зместу

Матчын дар (1929)/Праявы роднага/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
60. Мяцеліца 61. Два каханьні
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
62. Казка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Два каханьні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




61.

ДВА КАХАНЬНІ.

У аднэй Марылі, маладой дзяўчыны,
Быў каханак Яська, вагнявы хлапчына.
Што ні вечар прыйдзе, што ні ночка стане,
А ў іх у садочку аб адным шаптаньне:
„Да душы, — Марыля свайму Яську кажа,
Хіба сьмерць бяз часу нас з табой разьвяжа“.
— „Не кажы няпраўды, — малайчына вучыць, —
Нас ні бог, ні людзі і ні сьмерць разлучыць“.
І сядзяць і шэпчуць да зары-сьвітаньня;
Былі вішні ў садзе сьведкі мілаваньня…
А настаў дзянёчак — да Марылі ў сваты
Прыляцеў панічык, шляхцючок багаты;
І дзявочча сэрца — ах, слабое, знана! —
Перайшло ад Яся да другога пана.
Хіба-ж Ясь заплакаў? — Не з таго дзесятку!
Пакахаў другую, пакахаў Агатку.
І цяпер, як цемязь западзе над вёскай,
Ён сядзіць з Агаткай пад старой бярозкай;
Пралятаюць змрокі неўсьцярэжна хутка,
І ўся ноч здаецца, як адна мінутка.

А жыла-ж Антоля, — мусіць мела долю,
Ды згубіла долю ў шырокаму полю.
Мела двух прыгожых, мела двух каханкаў,
І адзін быў Янка, і другі быў Янка.
(Дзьве душы няродных ў адным целе жылі,
І дзяўчыну кожан паасоб любілі).
Адзін з шчырым сэрцам, а другі з няверным,
Надарылі дзеўку жалем непамерным.
Як адзін цалуе, ненагляду песьціць,
Дык другі мяркуе, як-бы абясчэсьціць.
Як адзін ў садочку з любай пахаджае,
То другі у прочкі ў думцы ад‘яжджае.
Як адзін бажыўся, абяцаў жаніцца,
То другі у лыжцы жычыў утапіцца.
І ў канцы ся стала, чаму была стаці:
Прычытала маці над дачкой у хаці:
„Ах, мая дачушка! А мая-ж рыбулька,
А мая-ж ты птушка, а мая-ж зязюлька!
А чаму-ж ты, доню, губкі сашчаміла,
А чаму-ж ты, дзеткі, вочанькі закрыла?
А чаму, дачухна, міла ня ўсьміхнешся?
А чаму, красухна, мне не адгукнешся?
Што-ж табе ня добра, што-ж было ня міла?
Ці-ж тваю галоўку не сама я мыла?
Ці-ж тваю сарочку не сама я ткала?
Ці-ж тваёі сьмерткі я, скажы, чакала?“…
Так было з Антоляй, што ня мела долі,
Ці згубіла долю ў каласістым полі.
Як-жа тыя злыдні? Хоць адзін шкадуе?
Э! адзін часамі, а другі ганьбуе.
Як былі-ж абодва у ядыным целе,
Дык жаніўся Янка і згуляў вясельле.

Увагі

[правіць]

61. Два каханьні.

35 р. „І ў канцы ся стала, чаму была стаці“… нязвычайная для дзеяслоўная форма сучаснай беларускай мовы („ся стала“).

48 р. …„у каласістым полі“. У выданьні 1918-га году „каласістум полю“, у аўтографе (XV, 2, 35/48) — „каласістум полі“.