Два каханьні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Два каханьні
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/verse/showCollection/4913#72343


У аднэй Марылі, маладой дзяўчыны,
Быў каханак Яська, вагнявы хлапчына.
Што ні вечар прыйдзе, што ні ночка стане,
А ў іх у садочку аб адным шаптаньне:
«Дадушы, — Марыля свайму Янку кажа, —
Хіба сьмерць бяз часу нас з табой разьвяжа».
«Не кажы няпраўды, — малайчына вучыць, —
Нас ні Бог, ні людзі і ні сьмерць разлучаць».
І сядзяць і шэпчуць да зары-сьвітаньня,
Былі вішні ў садзе сьведкі мілаваньня…
А настаў дзянёчак — да Марылі ў сваты
Прыляцеў панічык, шляхцючок багаты,
І дзявоча сэрца, — ах, слабое, знана! —
Перайшло ад Яся да другога пана.
Хіба ж Ясь заплакаў? Не з таго дзесятку!
Пакахаў другую, пакахаў Агатку.
І цяпер, як цемразь западзе над вёскай,
Ён сядзіць з Агаткай пад старой бярозкай;
Пралятаюць змрокі неўсьцярэжна хутка,
І ўся ноч здаецца, як адна мінутка!

А жыла ж Антоля, — мусіць, мела долю,
Ды згубіла долю ў шырокаму полю.
Мела двух прыгожых, мела двух каханкаў,
І адзін быў Янка, і другі быў Янка.
(Дзьве душы няродных ў адным целе жылі
І дзяўчыну кожна паасоб любілі.)
Адзін з шчырым сэрцам, а другі зь няверным
Надарылі дзеўку жалем непамерным.
Як адзін цалуе, ненагляду песьціць,
Дык другі мяркуе, як бы абясчэсьціць.
Як адзін ў садочку зь любай пахаджае,
То другі у прочкі ў думцы ад’язджае.
Як адзін бажыўся, абяцаў жаніцца,
То другі у лыжцы жычыў утапіцца.
І ў канцы-ся стала, чаму было стаці:
Прычытала маці над дачкой у хаце:
«Ах, мая дачушка! А мая ж рыбулька,
А мая ж ты птушка, а мая ж зязюлька!
А чаму ж ты, доню, губкі сашчаміла?
А чаму ж ты, дзеткі, вочанькі закрыла?
А чаму, дачухна, міла не ўсьміхнесься?
А чаму, красухна, мне не адгукнесься?
Што ж табе ня добра, што ж было ня міла?
Ці ж тваю галоўку не сама я мыла?
Ці ж тваю сарочку не сама я ткала?
Ці ж тваеі сьмерткі я, скажы, чакала?..»
Так было з Антоляй, што ня мела долі
Ці згубіла долю ў каласістым полі.
Як жа тыя злыдні? Хоць адзін шкадуе?
Э! адзін часамі, а другі ганьбуе.
Як былі ж абодва у ядыным целе,
Дык жаніўся Янка і згуляў вясельле.