Перайсці да зместу

Матчын дар (1918)/Прыявы роднаго/Жэбрачка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Габруська Жэбрачка
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1918 год
Сын
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жабрачка (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жэбрачка.


Дайце кавалачак хлеба ей цьмянаго,
Дайце пуховаго, — дзе-ж ей узяць?
Што яна возьме з жыцця безталаннаго?
Дайце, што можыце даць!

Гора памела на сьвеці убогая!
Гляньце: згрыбела, згарбела у крук.
Доля занатта надалася строгая,
Выбіла шчасьце усе з рук.

Была дзяучынаю, была красуняю,
Была вагонь, ні глядзі, дзяцюкі!
Углянеш — і сэрцо праймецца, як куляю;
Мелі пацеху бацькі.

Час надышоў і была гаспадынею,
Быу гаспадар багатыр на сяле,
Была над мужам царыцай, княгіняю,
— Бог калі шчасьце пашле!

Была і маткаю, была шчасьліваю,
Двох аднагодкау Вялікі ей дау:
Сына малойца, дачку урадлівую,
— Скуль дзе і сват пад‘ежджау.

Мела Нупрэіха, мела бездольная!
Дзе-ж гэта дзелося, як уплыло?
Што-ж, сірацінка, быліца ты польная,
Што учынілось, было?

— «Ой мае дзетачкі, Бог мяне грэшную
Пэуне за бацькаускі грэх пакарау.
Крыуду учыніу да згон-веку няуцешную,
Чым надарыу, адабрау.

Неяк асеннай парою а поуначы
Хатку ніведама хто падпаліу.
Я прахапілась, ускрычэла а помачы:
— Людзі! ратуйце, хто жыу!

С крыку майго і сямейка збудзілася,
Ледзьве пасьпелі на двор уцячы.
Доня за рукі мае учапілася,
Просіць: «матуля, маучы!»

Мужа я у гэтым пажары пазбылася:
Кінууся у хату па скарб, — ратаваць, —
Столь падгарэла у той час, абвалілася…
— Бог захацеу пакараць!

Ох! Як пачне калі што руйнаваціся, —
Што, ні рабі ты, а будзе дарма.
Толькі зьнядужаеш, сілаю страцішся,
Скуткау жа добрых німа.

Сын у Сыбір, ці ішчэ за Сыбірамі,
Недзе пайшоу на жыцце зарабляць,
Разам з дачушкай пайшла я пад дзьверамі
На пагарэлых зьбіраць.

Дочка ад часу пажэжы праклятае
Чымсь захварэла, ніведама чым;
Сохла, бляднела, як зелейко сьцятае,
Покі ні умерла саусім.

З воласьці мела паперу пісаную:
Сына маскаль за нівошта забіу.
Нечым зграшыло дзіцятко рахманае,
Ціхі-ж, паважлівы быу…

От і жыву я на сьвеці зязюляю
Тэй сіратлівай, адна наусяды.
Сьмерць ніуздалечку, — свой век перамуляю,
Збудуся цяжкай нуды».

Змоукне, — і сьлезы па твару пакоцяцца, —
Хусткай схісьне іх і далей брыдзе.
Ціха ступае, усім целам калоціцца…
Ах! пашкадуйце у бядзе!

Дайце кавалачак хлеба ей цьмянаго,
Дайце пуховаго! Дзе-ж ей узяць?
Што яна возьме з жыцця безталаннаго?
Дайце, што можыце даць!

Дайце куточак, а дайце-ж ей, мілыя!
З ласкай у хату прыміце яе
Хай адпачне гаратніца пахілая,
Раны пагоіць свае.