Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VI. Вершаваная поэзія сучасных маладнякоўцаў VII. Мастацкая проза сучасных маладнякоўцаў
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
VIII. Драматычная творчасьць сучасных маладнякоўцаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VII. МАСТАЦКАЯ ПРОЗА СУЧАСНЫХ
МАЛАДНЯКОЎЦАЎ

За апошнія гады значна вырасла мастацкая проза Маладняка. Калі ў першы яго пэрыод на першым месцы стаяла вершаваная поэзія, дык цяпер гэта можна сказаць аб мастацкай прозе.

Прозаікаў-маладнякоўцаў таксама шмат, як і поэтаў, але спаміж іх ёсьць мацнейшыя аўтары, чым і спаміж поэтаў. І можна сказаць, што ў сучасным складзе Маладняка ёсьць мацнейшыя прозаікі, чым некаторыя прозаікі ў Узвышшы і Полымі.

Спаміж сучасных прозаікаў-маладнякоўцаў мала таварышоў, якія друкуюцца з самага пачатку існаваньня Маладняка. Усё гэта — пазьнейшы набор. І прычым асабліва плённым быў набор 1926 г.

Яшчэ да ўтварэньня Маладняка пачаў друкавацца Нікановіч (1922 г.); у Маладняку тав. Нікановіч з 1925 г.

З 1924г. друкуюцца, як апавядальнікі: Барашка, Хурсік, Ліманоўскі, Мазуркевіч.

З 1925г. друкуюцца ў мастацкай прозе: Гародня, Лявонны.

З 1926 г. — Каваль, Лынькоў, Мурашка, Траецкі, Сямашка, Ганна Базыленка. З гэтага-ж году спрабуюць свае сілы ў мастацкай прозе і поэты: Вечар, Відук, Гаўрук, Звонак.

З 1927 г. зьяўляюцца новыя іменьні, галоўным чынам, у філіяльных выданьнях Маладняка: Баранаў, Гараўскі, Мікуліч, Губарэвіч, Васілеўская, Шутко, Гушчар (Жыткевіч), Кавалёў і інш.

З 1928 г. ў „Вясьне“ друкуецца Хв. Явар. У тэй-жа „Вясьне“ пераходзіць на прозу Верас. Апрача таго, выключна на беларускую мову пераходзіць былы сябра расійскага літаратурнага аб‘яднаньня „Звенья“ Гольдбэрг і дае шэраг мастацкіх нарысаў і некалькі новэль (друк. у „Зьвязьдзе“).

Асабліва трэба падкрэсьліць, што шмат хто з пералічаных аўтараў прышоў у беларускую літаратуру праз селькорства, некаторыя-ж таварышы пачалі пісаць, служачы ў Чырвонай арміі, і цяпер яшчэ шмат хто з іх абмяжоўваецца кароценькімі мастацкімі нарысамі, абразкамі, невялічкімі апавяданьнямі. Але ёсьць спаміж сучасных маладнякоўцаў і такія аўтары, што ад чырвонаармейскіх корэспондэнцый дайшлі да аповесьцяй і романаў, як тав. Мурашка.

Романы пішуць: Ліманоўскі, Мурашка, Нікановіч; аповесьці і вялікія апавяданьні пішуць гэтыя-ж таварышы і Гародня, Відук, Лынькоў і інш. Некаторыя аўтары маюць ужо напісаныя, але яшчэ недрукаваныя аповесьці.

Галоўныя тэмы ў творчасьці маладнякоўцаў сучаснага складу — зарысоўкі грамадзянскае вайны, апісаньне польскае окупацыі і эпохі ваеннага комунізму, быт сучаснае вёскі.

Сюжэты з грамадзянскае вайны далі: Ліманоўскі (аповесьці „Адшуканы скарб“, „Дзьве пуціны“ і роман „Над абрывам“), Лынькоў („Чыгунныя песьні“, „Крот“, „Над Бугам“, „Гой“), Нікановіч (зборнік „Золак“ і інш.), Галавач („Дзьве сьцежкі“ і інш.), Барашка „Ліпнёвыя дні“, „Дэзэртыр“, „Дар за дар“), Мазуркевіч („Бранявік“, „Зьдзекі“), Відук („Таіса“, „Бура ў затоках“), Лявонны, Сямашка і інш. Апісваецца, галоўным чынам, вайна з палякамі і польская скупацыя. Чырвоную армію ў паходах апісвае Лынькоў („Над Бугам“) і інш. аўтары. Лынькоў закрануў і вайну з чэхаславакамі ў Сібіры („Чыгунныя песьні“). Змаганьне з бандамі Булак-Балаховіча закрануў Лынькоў у аповесьці „Гой“. Лявонны ў абразку „Выпадак“ закрануў змаганьне на Украіне, з махноўшчынаю.

Вельмі часта апісваюць маладнякоўцы жыцьцё пад польскай окупацыяй у часе вайны 1919—20 г.г. Гэтае жыцьцё малюецца і ў паказаных творах з грамадзянскае вайны; апрача таго, можна вылучыць творы: Мурашкі („Каваль Максім“ і інш.), Нікановіча („Вы… зьвяры…“ і інш.), Сямашкі („Пад панскай няволяй“) і інш.

Змаганьне беларускіх паўстанцаў з белапалякамі малююць: Каваль („Восень“), Нікановіч („Адплаціў“, „У хвалях жыцьця“) і інш.

Сялянскія паўстаньні, політычны бандытызм, справы коятрабанды, політычнае шпягоўства знайшлі свой адбітак у шэрагу маладнякоўскіх твораў, як „Дзьве пуціны“ Ліманоўскага, „Дзьве сьцежкі“ Галавача, „Прыгранічны манастыр“ Мурашкі, „Беня-балагол“ Лынькова і г. д.

Эпоху ваеннага комунізму малюе Ліманоўскі ў романе „Над абрывам“.

Быт сучаснае вёскі яскрава малюе Каваль (апавяданьне „Сяльчане“ і інш. творы). У тым-жа тоне спрабуе апісваць вёску і Нікановіч („Крык працы“). З клясавага змаганьня ў сучаснай вёсцы знайшлі сваё адлюстраваньне ў творчасьці маладнякоўцаў забойствы кулакамі селькораў (Мурашка — „Стрэл начны ў лесе“), забойствы кулакамі-самагоншчыкамі міліцыянэраў (Лявонны — „У сьпевах замеці“), забойствы кулакамі людзей, якія рабілі рэволюцыю (Лявонны — „На вятры“). і да т. п. Забойствы або бойкі на грунце абрэзкі зямлі ў шляхты і наогул заможнікаў апісвае Нікановіч („На начлезе“), Баранаў („На вясельлі“) і інш. аўтары, Трэба зазначыць, што абмалёўка кулакоў часьцей бывае даволі павярхоўная, бяз вытрыманага псыхолёгічвага аналізу. Але той-жа малады прозаік Баранаў спрабуе ўжо даваць крыху глыбейшы аналіз псыхолёгіі кулака („Боты“, „Лявон Чэмер“ і інш.).

Зямляўпарадкаваньне даволі часта закранаецца ў маладнякоўскіх апавяданьнях (Галавач — „Рубанаўскі вузел“ і іншыя творы гэтага і іншых аўтараў). Апісваючы сучасную вёску, маладнякоўцы-прозаікі, зазвычай, агітуюць за колектывізацыю (Нікановіч — „К прасьцягам новага“), за мэліорацыю Васілеўская — з абразкоў „Будуем“ — другі абразок „Багна“), хоць з мастацкага боку тут значна слабейшыя рэчы), чым нават мэліорацыйная поэма ФамінаБалота“,

Апісваючы сучасную вёску, маладнякоўцы-прозаікі даволі глыбока закранаюць яе быт і востра апісваюць усе рэшткі яе старога жыцьця. Някультурнасьць вёскі яскрава выступае ў творах Каваля („На вуліцы“ і інш). Бічуюць самагон Нікановіч („Так часта бывае“), Баранаў („У маладзікову нядзелю“) і інш. аўтары. Баранаў наогул часта малюе і тое адмоўнае, што яшчэ ня зжыта савецкаю вёскаю („Каля Гіляровае студні“, „Раніцаю“ і інш.). У гэтым-жа кірунку з натуры сьпісвае сучасную вясковую моладзь Ганна Базыленка (урывак з аповесьці „Гулянка“).

Твораў з просьценькай агітацыяй за ліквідацыю няпісьменнасьці ці за тое, каб не ганялі быдла на мокрую сенажаць, як у Ал. Вясковага (Пальчэўскага) і інш. аўтараў, зьяўляецца ўсё менш. Нават такое коўзкае пытаньне, як антырэлігійнае змаганьне на вёсцы, і то ўдалося Галавачу ў апавяданьні „Яўленая“ зачапіць без шаблённае агітацыі, хоць і ён усё-ж ня ўтрымаўся, каб не павесіць папа на званічнай вяроўцы каля царквы. Нават Нікановіч у сваіх апошніх творах ужо пачынае кідаць прымітыўную агітацыю.

Малююць маладнякоўцы перадавых людзей сучаснае вёскі (Каваль —„Ноч“), людзей, якія рабілі вайну і рэволюдыю і цяпер перайшлі на мірнае жыцьцё ў вёсцы (Хурсік — „Зьмітрок“)

Вельмі часта тэмаю маладнякоўскіх апавяданьняў бывае вызваленьне жанчыны, галоўным чынам, жанчыны-сялянкі. На гэтую тэму пісалі: Барашка („Сельсаветчыца Параска“ — вясковая жанчына, „Лайдачка“ — вясковая комсамолка), Хурсік („Вырвалася“), Пальчэўскі („Наста“ і інш.), Каваль („Наўздагон за доляю“) і інш. аўтары. Наогул жыцьцё жанчыны даволі часта бывае маладнякоўскаю тэмаю. Шутко апісвае долю вясковае дзяўчынкі (з „Малюнкаў на палітры“ — першы малюнак — „За няньку“) і жыцьцё дзяўчат-студэнтак (другі малюнак — „Праз хмаркі“). Галавач паказвае шлях вясковае дзяўчыны з беднае хаты на рабфак і яе вучобу і бытаваньне на рабфаку („Дасужая“). Лявонны спрабаваў выявіць псыхолёгію моцнае жанчыны — жонкі бандыта („Выпадак“). Долю батрачкі ці беднае дзяўчыны наогул, ашуканае і пакрыўджанае, справу з алімэнтамі і г. д. апісвалі Галавач („Загубленае жыцьцё“), Звонак, пад псэўдонімам П. Алесін („Сьцежкі крывыя“), Губарэвіч („У вечар маўклівы“). Зазвычай сюжэты аб вызваленьні жанчыны маюць даволі аднастайную разьвязку, — студэнт, ці комсамолец, ці брат-чырвонаармеец вядуць жанчыну ў новае жыцьцё. Найлепш з псыхолёгічнага боку малюе жанчыну Відук („Таіса“, „Спатканьне“, „Бура ў затоках“, хоць у апошняй рэчы і ён у значнай меры зьбіўся на шаблён).

Настаўніцкае жыцьцё на вёсцы закрануў Барашка ў апавяданьні „Проблема“, а часткова і іншыя аўтары.

Быт беларускага мястэчка часта апісвае Лынькоў („Гома“, „Гой“, „Беня-балагол“ і інш.) Мастацкі абразок з жыцьця беднага местачковага яўрэя даў Мурашка („Шлёмка пернічак“). Ёсьць сюжэты з яўрэйскага жыцьця і ў іншых аўтараў (Лявонны — „Пад млынны скрып“).

Горад апісваюць маладнякоўцы ня вельмі часта. Тут можна назваць аповесьці Ліманоўскага, некаторыя апавяданьні Галавача, Баранава і інш. Найчасьцей яны толькі з большага закранаюць гарадзкое жыцьцё ў творах, у якіх галоўнае месца займае вёска. Таксама рэдка апісваюць яны і фабрыку, жыцьцё рабочых. Тут можна назваць такія абразкі, як „Прузына-ленінка“ Барашкі, „Горад і вёска“ Гушчара (Жыткевіча), з абразкоў Васілеўскай „Будуем“ — першы абразок „Гулы“ і другі абразок „Горад“ і інш.

Жыцьцё на чыгунцы закранаў Лынькоў. Некалькі яскравых апавяданьняў-абразкоў з жыцьця чыгуначнікаў даў Хв. Явар (друк. у „Вясьне“).

Унутраную эміграцыю апісаў Мурашка ў аповесьці „У іхным доме“. Ён-жа намаляваў шлях, якім іншы раз ідзе да разлажэньня слабы савецкі працаўнік („Бросьня вясковая]“). Тып прымазаніка ў партыі, „былога чалавека“ намаляваў і Галавач у апавяд. „Абмыліліся“. Тып „лішняга чалавека“ даў Хурсік у апавяданьні „Адам Залес“.

Сюжэтаў з жыцьця эміграцыі зусім няма. Нешта нейкае хацеў сказаць Траецкі аб жыцьці балахоўцаў, якія цяпер працуюць наймітамі ў ангельскае і польскае буржуазіі, высякаючы Белавескую пушчу („Бор высякалі“).

Жудасныя абразкі з жыцьця ў Заходняй Беларусі даў Гародня ў аповесьці „На крэсах“.

Блізу нічога няма ў маладнякоўскай прозе аб уцякацтве ў часе вайны. Схэматычна закрануў гэтыя часы Барашка ў настраёвым і вельмі прыгожа напісаным нарысе „Брат, родны мой брат!..

Часы імпэрыялістычнае вайны апісваў Гародня („Варта на Рэйне“). Ён-жа даў абразок з жыцьця на імпэрыялістычным фронце („У паплавох“). З большага закраналі імпэрыялістычную вайну Ліманоўскі („Дзьве пупіны“), Галавач („Дзьве сьцежкі) і інш. аўтары.

Быт дарэволюцыйнае, галоўным чынам, перадрэволюцыйнае вёскі апісваў Каваль („На загонах“), Відук („Зарубчык“), Галавач і інш.

Эпоху 1905 г. маляваў у мастацкіх нарысах і абразкох Барашка („Пяты год“, „Бяда“). Адзін ён з усіх маладнякоўцаў узяў рэволюцыйны сюжэт із далёкага мінулага („Гіерогліфы Яэля“). Кастрычнік 1917 г. блізу яшчэ не апісаны ў маладнякоўскай прозе. З большага пра 1917 г. пісаў Ліманоўскі („Дзьве пуціны“).

З гістарычнага жыцьця ў маладнякоўскай прозе ёсьць толькі адно апавяданьне, гэта — „Францішак Скарына“ Хурсіка.

Пытаньні нацыянальнае беларускае культуры чамусьці вельмі рэдкая тэма ў творчасьці маладнякоўцаў. Аб беларусізацыі ёсьць сёе-тое толькі ў „Віраплыні“ Мазуркевіча.

Ёсьць яшчэ ў маладнякоўцаў апавяданьні з дзіцячага жыцьця (у Барашкі, Баранава).

Ёсьць апрацаваньне народных легенд, казак і песень (у Барашкі і Каваля).

Шырока распрацаваных сюжэтаў у сучасных маладнякоўцаў яшчэ ня шмат, але апошнім часам зьяўляецца іх усё болей і болей. Лепш распрацаваны сюжэты ў Ліманоўскага, Мурашкі, часткова ў Галавача. Фабула таксама зазвычай не асабліва багатая, але ўзятая ў моцных момантах. Шмат схэматызму. Дзеяньне найчасьцей зьвязана з паступовым апісваньнем жыцьця аднэй асобы, хоць апошнім часам зьяўляюцца шырокія палотны, у якіх гэтага ўжо няма. Замест мастацкіх тыпізацый часта даецца сьпісваньне з натуры, але натура зазвычай бывае вельмі тыповая. Шмат пры гэтым аўтобіографічнасьці.

Яшчэ шмат у мастацкай прозе маладнякоўцаў агітацыйнасьці, разважаньняў з голай тэндэнцыяй. І зноў-жа ў апошніх творах тых-жа аўтараў тэндэнцыя ўсё больш захоўваецца пад мастацкай формай.

Сюжэты зазвычай будуюцца на змаганьні рэволюцыі і контррэволюцыі, беднасьці і багацьця, змаганьні новага з старым, колізіях між каханьнем і здрадаю, рэволюцыйным абавязкам і асабістым шчасьцем і да т. п.

Часам апавяданьні ўкладаюцца аўтарам ў чые-небудзь вусны: (Хурсік — „Адам Залес“, „Зьмітрок“, Галавач — „Яўленая“, Відук — „Зарубчык“, Лявонны-- „Выпадак“. Пад млынны скрып“ і інш.). Пры гэтым мова асобы, у чые вусны апавяданьне ўкладзена, бывае даволі вытрыманая, хоць у некаторых аўтараў яна ўсё-ж зьбіваецца на мову самога аўтара. Асабліва памастацку гаворыць Зьмітрок у Хурсіка.

У стылі пераважае рэалістычная плынь (Ліманоўскі, Галавач, Хурсік, Явар, Баранаў і інш.), але яшчэ даволі моцна трымаецца і плынь романтычныя (Лынькоў, Мурашка, Нікановіч, Лявонны і інш.). Трэба адзначыць, што ў маладнякоўцаў-рэалістых вельмі шмат романтызму. Маладнякоўцы, залічаныя тут да романтычнае плыні, даюць шмат чыстага рэалізму. Але апошнім часам усё больш выяўляецца якраз плынь рэалістычная, асабліва з пераходам ад тэм з грамадзянскае вайны да тэм з сучаснага соцыялістычнага будаўніцтва.

Каваль даў асаблівы стыль: рэалістычна-романтычны з вялікім уплывам народнае творчасьці.

Гародня даў фэльетонна-футурыстычны стыль („На крэсах“, „Варта на Рэйне“), хоць у апавяданьні „У паплавох“ ужо далёка адышоў у бок звычайнага рэалістычнага стылю з налётам некаторае романтычнасьці. Гародняўскага стылю часткова трымаўся і Відук („Бура ў затоках“). Апошнім часам і ён адыходзіць у бок звычайнага рэалізму.

У некаторых маладнякоўскіх творах, асабліва з часоў грамадзянскае вайны, заўважаецца значны ўхіл у бок прыгодніцтва. У Ліманоўскага гэты ўхіл цяпер блізу ўжо не прыкмячаецца. Асабліва характарным і памысным прыгодніцкі ўхіл ёсьць у Мурашкі („Прыгранічны манастыр“ і інш.). Ёсьць прыгодніцтва крыху ў Нікановіча (ня зусім вытрыманае), у Вечара (яшчэ не аформленае) і ў іншых аўтараў.

У некаторых творах паасобных маладнякоўцаў часам шмат патосу і стылізацыі мовы, з пэўным ушчэрбам для праўдзівае мастацкасьці (Лынькоў, Нікановіч, Мурашка, часткова Гародня, Відук, Барашка).

Новы ў маладнякоўскай прозе жанр — „сатырыстычную новэлю“ — даў Гаўрук у мастацкім апавяданьні з жыцьця гарадзкога мяшчанства „У маткі за пазухай“.

Плынь асаблівага романтычнага псыхолёгізму ўнёс быў у маладнякоўскую прозу Траецкі („Працерабіў шлях“, „Апошні дзень“, „Туманныя ночы“), але чамусьці апошнім часам яго апавяданьні ў друку не зьяўляюцца. Шмат псыхолёгізму ў апавяданьнях Відука: („Таіса“, „Спатканьне“). Умее даць псыхолёгічны аналіз Каваль („Дзед Піліп“ і інш.).

Мова ў маладнякоўцаў зазвычай — вельмі народная мова. Але ў некаторых з іх трапляецца шмат расіянізмаў, без якіх, тымчасам, лёгка абыйсьціся, карыстаючыся народнай беларускай мовай. Расіянізмы гэтыя асабліва шкодзяць сынтаксычнай пабудове сказу ў маладнякоўскіх аўтараў. Частая зьява — не ўласьцівае народнай беларускай мове і рэдкае ў літаратурнай мове — ужываньне маладнякоўцамі дзеяпрыметнікаў, роднага склону для паказанвьня прыналежнасьці (шапка бацькі, замест бацькава шапка) „іх“ на месцы „іхных“ і да т. п. Шмат расіянізмаў і ў слоўніку. Але ўсё гэта стасуецца толькі да паасобных аўтараў, якія мала яшчэ зважаюць на культуру мовы, так патрэбную для мастацкай творчасьці, асабліва ў беларускіх умовах.

З асобных прозаікаў-маладнякоўцаў асабліва трэба адзначыць Каваля. У яго вельмі мастацкі стыль. На фоне ўсяе сучаснае беларускае мастацкае прозы за апошні час даволі яскравымі зьявамі былі выступленьні двух маладых аўтараў — гэта якраз маладнякоўца Каваля і узвышшаўца Лукаша Калюгі. Пэўнымі хібамі ў творчасьці Каваля трэба лічыць, тымчасам, слабую сюжэтную пабудову, некаторую аднастайнасьць тэматыкі і яшча ня зусім змыты сялянскі прымітывізм.

Ліманоўскі вызначаецца тым, што дае шырокія палотны — аповесьць, роман. З мастацкага боку ён робіцца ўсё лепшым майстрам.

Лынькоў яшчэ ня зусім вызваліўся з-пад некаторых уплываў (магчыма — уплываў Зарэцкага).

Мурашка, як і Ліманоўскі, дае ўжо вялікія палотны. Памысна карыстаючыся элемэнтам прыгодніцтва, ён заўсёды дае цікавы сюжэт і характэрную фабулу.

Хурсіка дагэтуль недаацэньвалі. А тымчасам ён даволі моцны мастак слова, умее ўлавіць у жыцьці сутнае для свайго часу і эпохі, дае вельмі яскравыя портрэты і самую сакавітую мову. Шкодзіць яму часам ухіл у грубы натуралізм.

Патос, стылізаваныя ўстаўкі, пагоня за эфэктамі, няпраўдападобнасьць, часам грубаваты натуралізм у мове — шкодзяць і Нікановічу. Яго апавяданьні нібы разьлічаны на прымітыўнага чытача. Але аўтарская шчырасьць, адданасьць справе, любоў да прыгожага вобразу і слова, захапленьне сваёю тэмаю і непадкупнае ідэалізаваньне сваіх герояў аслабляюць недахопы ў творчасьці Нікановіча і робяць іх дадатнаю зьяваю ў сучасным стане маладнякоўскае прозы.

З іншых аўтараў асабліва вызначаюцца сваёю самабытнаю мастацкасьцю Гародня і Відук, але можна думаць, што яны яшчэ не знайшлі ўласьцівых сабе і памысных у беларускай літаратуры жанраў. Гародня даў і асаблівую, рэдкую ў беларускай літаратуры тэматыку, апісаньне замежнага для Беларусі жыцьця. І ён, і Відук — моцныя мастакі слова, і ад іх, калі яны зусім аформяцца, шмат чаго можна чакаць.

З мастакоў мастацкага нарысу вызначаюцца Барашка і Гольдбэрг.

З маладых прозаікаў вызначаюцца, як мастакі-стылістыя, Гараўскі і Мікуліч.

Добра піша ў рэалістычным стылю Хв. Явар.

Умее даць моцны абразок Лявонны, хоць часам спушчаецца да поўнага прымітывізму.