Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/VIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VII. Мастацкая проза сучасных маладнякоўцаў VIII. Драматычная творчасьць сучасных маладнякоўцаў
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
IX. Біографічна-крытычны слоўнік сучасных выдатных і тыповых маладнякоўцаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VIII. ДРАМАТЫЧНАЯ ТВОРЧАСЬЦЬ СУЧАСНЫХ
МАЛАДНЯКОЎЦАЎ

Самае слабое месца ў творчасьці Маладняка, як і ва ўсёй сучаснай беларускай літаратуры, — драматычная творчасьць.

Спаміж усіх сучасных маладнякоўцаў ёсьць толькі адзін чысты драматург — Гарбацэвіч, аўтар вядомае цяпер у БССР драматычнае п‘есы „Чырвоныя кветкі Беларусі“. На жаль, ён чамусьці вельмі мала друкуецца. У зборніку Магілеўскае філіі Маладняка — „Дняпроўскія ўсплёскі“ (1927 г.) надрукавана яго п‘еса на 5 кароткіх дзеяў „Пад вішнёвымі садкамі“. Тут — вёска, бедная дзяўчына — заможны хлопец, каханьне, здрада, помста. Шмат абрадаў і песенных уставак, прычым песьні ёсьць вельмі характэрныя, народныя, нідзе ў этнографічных зборніках ня зьмешчаныя. Шмат руху і характэрных дыялёгаў. Мова вобразная, народная, хоць у некаторых выпадках ня зусім панароднаму вытрыманая, часам таксама залішне грубаватая. Шмат прыказак. Часам дзеючыя асобы гавораць сымболічна, пакніжнаму — поэтычна, як у „Раскіданым гнязьдзеКупалы. Шмат рэдкіх слоў. П‘еса фольклёрная і музычная. З яе можна зрабіць прыгожую інсцэнізацыю беларускага вясельнага абраду, прычым сюжэт і распрацоўка п‘есы зробяць яе вельмі сучаснаю, а ня толькі этнографічнаю. Адно — канец залішне жорсткі.

У зборніку Віцебскае філіі „Сьвітаньне“ (1927 г.) зьмешчана п‘еса на чатыры кароткія дзеі маладой аўтаркі Ганны Базыленкі „Чырвоная касынка“. Тут — вельмі пашыраны сюжэт у маладнякоўскай беларускай літаратуры: вызваленьне вясковае дзяўчыны праз комсамол. Сюжэт нагадвае ўрывак з аповесьці „Гулянка“ тэй-жа аўтаркі.

У апошняй дзеі Ганна і Алесь ужо вядуць разам актыўную працу, жывуць у горадзе, і Ганна забірае з сабою і свайго малога брата, піонэра Пятруся.

Быт вёскі абмалёваны вельмі праўдзівымі і яскравымі фарбамі, хоць часам прабіваецца ня зусім схаваная мастацкасьцю тэндэнцыйнасьць. Мова народная, даволі сакавітая, толькі шкодзяць расіянізмы і некаторая вульгарызаванасьць. Ганна і Алесь гавораць дужа пакніжнаму. Хочацца мець надзею, што Ганна Базыленка падгоніць запушчаныя ў маладнякоўскай творчасьці гоні драматургіі. „Чырвоную касынку“ можна ставіць на нашай вясковай сцэне.

Драматычны этуд на 4 кароткія малюнкі „Комсамолка ГаляЯ. Цікавага (Язэпа Мазуркевіча), зьмешчаны ў першым зборніку Віцебскае філіі „Пачатак“ (1926 г.), малюе польскую окупацыю: 1920 г. „На берагох рэчкі Бярозы“. Тут чатыры кароткіх драматычных малюнкі, але чаго там толькі няма! Малюнак першы: каханьне комсамолкі, Галі, дачкі заможных людзей, да падпольніка Лёнькі. Бацькі прымушаюць яе ледзь ня гвалтам выйсьці замуж за польскага пана Палхоўскага, Брат Галі — комуністы — стараецца пераканаць бацькоў і польскіх жандараў, што яны — сыны працоўнага народу, і потым разам з сястрой забівае гэтых жандараў. Потым ідзе малюнак, як вясковыя дзяўчаты забіраюць у палон колькі легіянэраў. Малюнак трэці: Галя, Паўлік (брат яе) і Лёнька працуюць разам і выкрываюць шпега Палхоўскага. Малюнак чацьверты: сьмерць Галі ў бойцы з палякамі,

Напісаны гэты этуд вельмі прымітыўна.

Нарэшце, у „Аршанскім Маладняку“, № 7 за 1928 г., зьмешчана п‘еса на адну дзею Язэпа Віра (Гарасімовіча) „Панскае права“. Аўтар малюе жыцьцё ў Заходняй Беларусі.

Гэтая рэч напісана лепей, чым „Комсамолка Галя“, і яе можна ставіць на вясковай сцэне, зрабіўшы некаторыя выпраўленьні.

Пан—князь з аканомам зьдзекуюцца над людзьмі; пан б‘е старога дзеда; часова перамагаюць сяляне; князь спалохаўся, уцякае, бабы яго заплявалі. Потым напад поліцыянтаў.

Гавораць дзеючыя асобы, асабліва рабочы — Ясь, вельмі кніжна і суха. Недарэчнасьць: хіба дзед, які адбываў ужо прыгон, можа хадзіць у поле пасьвіць быдла? Потым, калі пан ужо на полі нарабіў вархалу, дзед апавядае пастушком розныя старыя былі.