Першы паўстанак (1925)/Адам Залес

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Адам Залес)
Адам Залес
Апавяданьне
Аўтар: Сымон Хурсік
1925 год
Вырвалася

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДАМ ЗАЛЕС

Станцыя.

Доўгі, зычны, раскацісты гудок. Цяжка засопшы, машына прытка падалася наперад.

Уздрыгнула чыгунка, загрукацелі вагоны і ўсё зьлілося ў адзін магутны глушачы грук. Апошні ахапак пары разарваўся над станцыяй, і я ўжо нясуся сярод зялёных палеткаў, сенажацяй і шэрых замшавелых балот, заросшых хілымі, сумуючымі расьлінамі.

Даль расступаецца.

На спатканьне ляціць невядомая рэчка. Прыгожа закручваюцца яе закруты, паміж шэразалёных абшараў. Цямнее… Але рэчка яшчэ гарыць блакітна-залатым адбіткам заходняга небасхілу. Яскрава бруяцца яе сіня-залатыя хвалі і ў захапленьні цалуюцца з халодным асеньнім паветрам. Праз хвіліну рэчка кідаецца ў вочы агнёвай паласой і зьнікае ў смутнай далі. Час-ад-часу яна яшчэ паблісквае з-за пагоркаў, бы даўно запамятаваная думка або вобраз, якія імкнуцца ўзьняцца над кругавідам чалавечай памяці… А там наперадзе ўстаюць новыя малюнкі, хварбы, прыгожасьці.

Доўга я стаяў каля разьбітага вакна вагона і ўглядаўся ў абшары незнаёмае мне мясцовасьці.

— Выбачайце, таварыш, — зьвярнуўся да мяне незнаёмы мне падарожнік, што ехаў са мною ў аднэй каморачцы.

— Калі ласка.

— Ці ня маеце вы, часам, запалкі? — курыць хочацца.

— Ёсьць, — адказаў я і прысеў насупроць яго.

— Вы далёка куды едзеце? — запытаўся ён, выпусьціўшы ўжо к столі цэлую хмару дыму.

Я здавольніў яго цікавасьць. (У каморцы вагона мы з іу былі толькі ўдваёх).

— Выбачайце, — бойка наступаў на мяне незнаёмец, — вы студэнт, будзеце ці так?

Я адказаў і стаў яго разглядаць.

Перада мною сядзеў аграмадзіна хлопец, гадоў дваццаці шасьці. Крыху згорбленая фігура яго гаварыла аб аго фізычнай сіле, але чыста вымытыя, незапрацованыя рукі і нямы, некалькі мэлянхолічны твар, сьведчылі аб тым, што гэта асоба ня зусім з простых. Буйныя рысы яго твару, мяккі выгляд шэрых вачэй і выдатная лысіна з адкінутымі назад белакурымі валасамі — рабілі ўражаньне нездавальненьня, патаемнай пакуты і хворага неспакою. Досыць паношаная, але акуратная і яшчэ цэлая чырвонаармейская вопратка дапаўнялі ўсё папярэдняе.

— А вы далёка куды накіроўваецеся? — запытаўся я ў яго ў сваю чаргу.

— Куды я еду цікавіцеся вы? — адказаў ён мне свім запытаньнем і сплюнуў у беленькую, з сінімі беражкамі, хустачку. — Гэта ўжо справа машыны, — цягнуў ён далей, — куды завязе, туды й заеду. Ха-ха-ха! — заліўся ён, пад канец, доўгім нэрвова-дрыжачым і сумна-калючым сьмехам.

— Гм… выбачайце мяне… Я вам надакучыў? — крыху супакоіўшыся ад сьмеху, зьвярнуўся ён зноў да мяне, ускінуўшы на мяне свой мяккі, поўны нейкае смутнае пачуцьцёвасьці погляд.

— Дармо. Можаце сябе свабодна трымаць, мне нават цікава, — адказаў я, сапраўды зацікаўлены сваім суседам.

— Значыць, маю гонар сабе назваць: Адам Арцёмавіч Залес.

— Надта прыемна, я рад.

Мой навязчывы сусед жвава ўсхапіўся з лавачкі, лоўка шчоўкнуў пяткамі, і зноў так сама-ж жвава сеў на папярэдняе месца.

— Я, гаварыў ужо далей ён, — раней вучыўся ў гімназіі, пры Керанскім быў юнкерам, а пры Савеце — ад‘ютантам батальёну; у дваццатым годзе, калі я яшчэ служыў у арміі, быў залічаны студэнтам фізмату…

— А цяпер? — запытаўся я.

— Вандраўнік, — чуць чутна адказаў Адам Арцёмавіч і зьвесіў галаву.

— Выбачайце, ці ня можна даведацца, з якой мэтай вы падарожнічаеце?

— Эт… проста бяз мэты… Сум… Жыцьця няма.

— Сум?.. Ад чаго ў вас сум?.. Вас мабыць жыцьцё, лепей, служба ў вайскох, змучыла. Вы многа праслужылі?

— Многа. Як пачаў служыць з часоў Кераншчыны, дык толькі ў гэту вясну (1923 г.) звольніўся. Яно, мо‘ й гэта зьяўляецца прычынаю майго неспакою, але чорт яго ведае! Кашмар… Прабаваў дома жыць — нічога, судзьба, бадай, такая. Гэта ня судзьба, а нейкая гадзюка чорная, што абвілася ўкруг сэрца і сьсе!.. Эх!.. Як дурна, бяссэнсна і бяссумленна ўсё на сьвеце робіцца!

— Дзе вы знашлі тую судзьбу? Хутчэй вы самі ў сваёй нядолі вінаваты.

— Не! Судзьба ёсьць, — толькі яна ня ўсім даецца ў рукі; і вось, я сам з такіх, каму яна не далася. Няпраўда… я сам яе ня ўзяў. Я не хачу яе… чорт з ёю!

— Бо дурань, — хтосьці буркнуў з другой каморачкі, але Адам Арцёмавіч не дачуў.

— Досыць незразумела вы разважаеце, — сказаў я, — як вас рузумець?

— Няма чаго не разумець: служыць у Чырвонай арміі дзеля кавалка хлеба, або каб насіць вопратку — ня варта. Прыехаў дадому — і тут я чужы. Адным словам, я ахвярован на галодную сьмерць.

— Памойму, сродкі для жыцьця можна знайсьці, трэба толькі працаваць.

— Разумею, добра я вас разумею! — расьсердзіўся Адам Арцёмавіч, — ведаю я вашу філёзофію! Лёгка сказаць: „працуйце“, але знайдзеце, выбераце сабе працу, знайдзеце ў ёй сэнс, разумееце вы гэта?

— Раз есьці хочацца, дык што тут да сэнсу?

— Цяпер усе так разважаюць, але я, калі вы хочаце ведаць, — ня тое!.. Усе, уся і ўсё — глупства!

— Марсыянін! — хтосьці зноў звайстрыў за сьценкаю і заліўся насілу стрымліваемым сьмехам, але Адам Арцёмавіч, не на жарт разышоўшыся, зноў нічога не пачуў.

— Які сэнс мае чалавечае жыцьцё? Што за сэнс мае ўсялякае: ну хоць-бы рэлігійнае якое, або клясавае змаганьне? — што ёсьць моцы гарланіў Адам Арцёмавіч, — само жыцьцё ня мае ніякага сэнсу. Пасьля гэтага хіба варта працаваць, за маленькі кавалачак хлеба грызьціся, як зьвяр‘ё? Не! чалавек яшчэ занадта жывёліна!.. Хоць я памыляюся: гэта ў наш час людзі адракліся ад усялякіх законаў, парадку і сталі падобнымі да зьвяр‘я. — Шкада гэтых бедных людзей — усіх шкада!.. Хоць многія з іх дык толькі шыбельніцы й варты. Але такіх шкадаваць ня прыходзіцца, бо яны самі сябе шкадуюць; чорт з імі. Нехта, бадай разумны, сказаў, што ўлада псуе людзей, і гэта праўда, клянуся сваім гонарам, што ўсё гэта праўда! Зірнеце наўкол: без дысцыпліны — ні кроку. Эх, жалкія людзішкі!.. Крычыць, лямантуе за праўду, а сам, чуць дарваўся да чужога дабра, так і абажрэцца ім, сумленьне сваё за медны грош, за паперку нікчэмную прадасьць!.. Галіфэ, золата! Цьфу!..

— Ну, дык дайце-ж вы свой проэкт жыцьця!.. дзе тут, вы нават ад працы адмаўляецеся, а ад другіх патрабуеце? — Зусім праднамерана закрануў я Адама Арцёмавіча, — паглядзеце: усё грамядзянства змагаецца, працуе, а вы адзін насупроць усяго і ўсіх выступаеце. Хіба гэта ня, сьмех?

— Не палохайцеся: працаваць — я ня мала працаваў, а што я адзін — дык гэта мне ня мінус: ісьці за другімі ўласьціва чалавеку з грамады, так званаму тыпу, а ня індывідуўму. Не падумайце, што я ўжо такі ўпарты праціўнік ўсяму новаму, — звысока ўсьміхнуўся Адам Арцёмавіч, — не… Каб цяпер як-небудзь раптам зьявілася магчымасьць усім людзям жыць колектыўным парадкам, дык я першы пашоў бы да колектыву; але што гаварыць?..

Пасьля ўсёй яго прамовы, у мяне амаль што зусім. прапала ахвота чым-небудзь пярэчыць яму і я ўжо палажыўся толькі слухаць яго ды сачыць за ім.

— Ці ведаеце, — загаварыў далей Адам Арцёмавіч, — каб цяпер адразу загарэлася ўся зямля, дык я зрабіўся-б утрапёным ад радасьці.

— Вы, здаецца, і бяз гэтага ўтрапёны, вар‘ят!.. — ня стрымаўся я.

— Не, не! Вы даслухайце (чаго сярдзіцца?), вы ня ведаеце, што я хочу вам сказаць… Вы ведаеце, што было-б? — Адзін схапіўся за пагоны, другі — за кішэні з чырвонцамі, грамада рынулася-б рабаваць. Пацеха была-б якая, ха-ха-ха!..

— Таксама не да рэчы гаворыце, бо кожнаму было-б не да пагонаў, і не да чырвонцаў.

Адам Арцёмавіч пачырванеў і адвярнуўся ад мене.

— Але к чорту пра двуногіх, — зьмяніў ён тэму, — лепей пагляджу, як жыве прырода; што за пагода стаіць, якая ноч: там зусім інакшая справа.

Пры гэтых словах Адам Арцёмавіч, крыху паківаўшыся пагультайску на месцы, цяжка ўзьняўся і, нарэшце, высунуўся напалову на двор праз разьбітае вакно вагона.

— Маці-прырода! Сьвятая, прыгожая ноч! Толькі ты адна чыстая і прыгожая, і пакойная… Ты ўсіх роўна і кахаеш і караеш; як-жа цябе за гэта не кахаць, сьвятая ноч! гарланіў ён; скора аднак змоўк і аддаўся таму, што глядзеў у начное паветра.

Прашло з паўгадзіны. Адам Арцёмавіч усё яшчэ пазіраў у вакно. Хвілінамі ён цяжка ўздыхаў і штосьці марматаў сабе пад нос.

— Зірнеце, зірнеце вы! Што гэта за ноч! — зьвярнуўся ён раптам да мяне і вылез з вакна.

— Часта, надта часта, ў поўнач,
Калі сьцішыцца ўсё навакол,
У месяца сініх праменьнях
Я бачу яе… божа! божа мой!…

Прадэклямаваў ён, схапіўшыся рукамі за галаву. За сьценкаю, у другой каморачцы, у гэты час раздаўся самы кплівы, беспардонны рогат.

Адам Арцёмавіч бы абамлеў.

— З гэтага рагатаць?… З мяне?! — зароў ён, апамятаваўшыся, нечалавечым голасам, — рагатыя чэрці!

— Што вы, Адам Арцёмавіч? — зьвярнуўся я да яго, — яны, можа, зусім ня з вас рагочуць.

— Хоць праўда, — сказаў ён, махнуўшы рукою, ужо амаль што зусім спакойным голасам. Прысеў на лавачку, закурыў.

— Няўжо ён вар‘ят, — падумалася мне, — кепскі сусед, хаця крыху цікавы.

Хвілін некалькі прашло ў маўчаньні. Адам Арцёмавіч, схіліўшы набок галаву, аб чымсі марыў; у руках у яго ледзьве дымілася папяроса.

— Што гэта за верш вы дэклямавалі? — запытаўся я ў яго нарэшце.

— Ды так… свой уласны, —адказаў ён, усхамянуўшыся.

— Вы многа пішаце?

— Раней пісаў, цяпер — не: няма часу дый няма чаго… усё роўна… ня варта.

— Цікава, пра каго вы там, у вершы, упамінаеце?

— А?.. Гэта пра сваю быўшую, ці, можа, і пра цяперашнюю (цяперашнім сьветам чорт яго разьбярэ — ці баба быўшая, ці цяперашняя). Лоўкая бабка была. Эх, а што за чалавек яна была? Яна Ганяю звалася; сьвятая прыгожасьць і прастата. Ну, і крыху бабскай хітрасьці, але чорт з ёй! Сказаць, каб яна была ўжо занадта прыгожая, дык не. Я быў занадта малады і змучаны ўжо жыцьцём, а яна — хітрая, ну-с, і больш нічога такога.

— Цікава, хто яна была такая па паходжаньні?

— Чорт яе ведае! Па профэсіі — артыстка. Працавала ў трупе нашага палка. Адно ёй дзякуй, што вывучыла мяне роднай мове, хаця гэта ў мяне больш для фасону: мае таварышы, што заграніцу паўцякалі, пафранцуску ломяць, а я што-ж — пабеларуску, мо‘ крыху мадней…

— Бачыце, мова — уласнасьць і пашана ўсяго народу, калі ласка ня глумецеся!

— Выбачайце, вы мяне не зразумелі. Я таксама, як і вы, сын селяніна…

— Бедная Ганя! — крыху памаўчаўшы, цягнуў далей Адам Арцёмавіч. — Не, не яна, а я бедны, вось як!

— Кіньце, вы — сапраўдны Ільля Мурамец, чаго тут нішчыцца?

— З надворнага боку, дык я мо‘ й Ільля Мурамец, але з нутранога — гніль (ох, пакомсамольску занадта!) не, ня гніль, бо я часта бываю і з нутранога боку праўдзівым Ільлёй Мурамцам!

— А што-ж вы цяпер неспакойны?

— Цяпер я хворы духам; са мною гэтак часта бывае; сум і расчараваньне ў жыцьці не даюць спакою. Хварэць я ўжо даўно пачаў. Бактэрыя мае хваробы зашылася ка мне ў душу яшчэ з таго часу, калі я падымаў руку на самога N. Вы ня сьмейцеся: маніць вам я ня лічу патрэбным, калі ўжо на тое пашло. Я думаю, што вы не скарыстаецеся маёю шчырасьцю, каб зрабіць потым мне што-небудзь няпрыемнае, а апрача таго мне ўсё роўна — ці цяпер сканаць, ці яшчэ гадоў дваццаць прамаяцца, бо для разумнага існаваньня я ўжо даўно сканаў.

Я пастараўся яго заспакоіць. Адам Арцёмавіч крыху перадыхнуў, падумаў, узварухнуўся, бы скідаючы з сябе цяжар які, і больш-менш роўным голасам пацягнуў далей:

— Прошласьць мая, ці ведаеце, мае вялікі зьмест. Яна цікавая, але бесталковая нейкая; я з яе і цяпер не магу вызнайсьці ніякіх вынікаў… ну, чорт з ёй! Я вам пачну спачатку. Я — сын селяніна Менскае губ. Мой дзядзька пры царскім ўрадзе быў афіцэрам. Васьмі гадкоў ён забраў мяне да сябе ў Петраград, каб „вывесьці ў людзі“, бо мой бацька быў занадта бедны нават для таго, каб карміць мяне добра. Вось я й жыў увесь час у свайго дзядзькі. Хадзіў у гімназію; у родную вёску прыяжджаў толькі ўлетку і то ня больш, як на тыдзень. У 1917 годзе я быў ужо ў 6-ай клясе. У школе я быў асяродкам агульнае ўвагі: пісаў вершы, наогул, я любіў заўсягды хапаць са скаварады першы блін. Адразу, пасьля Лютаўскага перавароту, я папаў у лёкаі да кадэтаў; пасьля іх кінуў і перашоў да правых эсэраў. У апошняй організацыі я затрымаўся надоўга. Дзядзька мой к таму часу гэройскі загінуў на Паўночна-Заходнім фронце… Сілы рэволюцыйнага руху разрасталіся бязьмерна. Усіх трывожыла будучына бацькаўшчыны і разам з тым захоплівала жаданьне рысавацца грамадзянскаю працаю (я кажу тут пра маіх бліжэйшых сяброў). Вуліца, як магнэс жалеза, цягнула нас усіх да сябе; навука адышла на задні плян. Усялякага роду сходкі, мітынгі былі захапілі мяне спачатку цалком; аднак мяне скора пачаў трывожыць чарвяк нездавальненьня: мне зажадалася выдатнай дзеяльнасьці, злучанай з рознымі інтрыгамі, з гэройствам. Да майго жаданьня хутка падышло адпаведнае здарэньне: наша організацыя на адным сакрэтным пасяджэньні вынесла пастанову забіць N, які к таму часу прыехаў быў з-заграніцы. Пацягнулі білецікі. Апошні дастаўся аднаму нікудышнаму дзяцюку, які, зразумела, заданьня ня здолеў выканаць: дні цераз чатыры прышоў назад з апушчанымі рукамі. Усе, як адзін узглянулі на мяне. Я толькі гэтага й чакаў. — Я іду, калі давяраеце! — коратка сказаў я і з гонарам прыпадняў галаву.

— Ідзі; каму-ж іначай? — з радасьцю згадзіліся сябры.

— Ну, дык вот: заўтра а 9 гадзіне ўвечары ў клюбе N, гэта на ўсякі выпадак, каб ведалі… Цэлае ночадзеньне я рыхтаваўся да выкананьня справы; адзін раз нават выстраліў у столь. Назаўтра, а палове дзевятай, я быў ўжо ў клюбе. Саля была бітком набіта фабрычнымі й матросамі, былі і штацкія, але мала. N гаварыў прамову. Яго, як мне паказалася, цёмна-шэрыя вочы палалі агнём. Грамада была ў захапленьні. Я асьцярожна прасунуўся наперад і стаў прыслухоўвацца да прамовы. Простыя, але моцныя, бы сталь, яго словы білі мяне нялітасна, мучылі, засаромлівалі і неўмаліма цягнулі да сябе, але неадступнае „трэба забіць“ не давала мне спакою і хвіліyамі кідала ў дрыжакі й жах. Да болю моцна пачала стукаць у віскох кроў. У ваччу момант ад моманту станавілася цёмна. — Да яго будзе крокаў 50, — разважаў я, стараючыся колькі небудзь супакоіцца, — як накірую рэвольвэр, рука можа задрыжэць, або хто-небудзь з прысутных схопіць за руку, тады матрасьня мяне на кавалачкі разьнясе… Досыць! наперад! — прыказаў я сам сабе і стаў праціскацца праз грамаду да прамоўцы. Па скуры, як мурашкі, пабег мароз, а на галаве ў мяне, як мне паказалася, усе да аднаго валасочка падняліся дыбам… Спачатку грамада быццам і паціснулася была наперад, але моманты цераз два мяне абаротнаю хваляю, як трэску вадою, адшыбнула назад. Некалькі сот вачэй зараз-жа пранізалі мяне навылет. Дабіцца нават гэтае маленькае мэты не прадстаўлялася ніякае магчымасьці. Бадзёрасьць мяне канчаткова пакінула. Я спыніўся ззаду з болем ува ўсім целе й душы. Пад канец мне зрабілася да немажлівасьці страшна. Неяк нехаця я азірнуўся назад. На мяне пранікліва глядзеў чорнавокі і чорнавалосы калматы мужчына гадоў пад сорак. Ён, здавалася, адгадаў усе мае намеры й цяпер сумысьля сачыў за мною. Далей, здавалася (а мо‘ й сапраўды так было), ён выбраў самае зручнае месца, каб можна было ў патрэбны момант адразу супыніць мой няпрытомны намер. Далей я ўжо ня меў сілы стаяць у салі й пастараўся выйсьці на сьвежае паветра/

— Падыхнуў прыемны, сьвежы ветрык. Мне стала лягчэй. Азірнуўся: мяне навылет пранізвала тая-ж самая пара чорных калючых вачэй.

— „Зразумеў“, — кальнула мяне думка, і я памаленьку паплёўся па вуліцы, каб зысьці з яго вачэй. На завулку мяне спаткаў хутка бегшы сябар нашае організацыі. Ён сказаў мне, што цэнтральны комітэт забіваць N не дазволіў, каб ня ўчыніць публічнага гвалту; прыказалі пакуль-што ўстрымацца.

— Мнераптам сталатак лёгка, быццам гара ў мяне з плеч звалілася, але… не на доўга: зноў у мяне ўзварухнуўся дзесьці пад сэрцам чарвяк і зассаў. — Гэткае здарэньне я прапусьціў — ужаліла мяне думка, — а такога мо‘ ўжо больш ніколі й ня прыдзецца мець? — Толькі трэба было-б спраўна выхваціць рэвольвэр, стрэліць раз, два; публіка ад неспадзяванага стрэлу спалохалася-б, замяшалася-б: тады можна было-б яшчэ разоў колькі стрэліць: зваліў-бы абавязкова! А пад канец адзін стрэл у напрамку дзьвярэй і… памінай чым звалі!..

— Але што-ж я? — мямля, нікудышка. — Няўжо я нікудышка? — зьдзівіўся і спытаўся чагосьці я — а што я скажу сябрам? Не! Як яны паглядзяць на мяне? А гэты сябар абавязкова скажа, што я ў клюбе ня быў, а разгульваў па вуліцы… будуць сьмяяцца, надкпіваць?..

— Што мне рабіць? — Трэба зрабіць!

— Я разьвітаўся з сябром і зноў павярнуў да клюбу. Не дашоў я да яго яшчэ крокаў за сто, як у мяне зноў пачало ўсё дрыжэць.

— Цяпер нічога ня выйдзе: N не заб‘ю, а толькі сябе загублю, — падумаў я пра сябе й зьвярнуў за перавулак на другую вуліцу…

— А недарэчныя думкі, тымчасам, як зданьні якія, цэлай грамадою лезьлі ў галаву адна цераз другую, спатыкаліся, абрываліся й зноў надакучліва лезьлі, прыставалі…

— Хацелася ад самога сябе ўцякаць, але ня было куды!..

— Ну, што я за чалавек? Нікудышка! Гэрой!.. Ха-ха-ха! — жаліла сэрца, труціла кроў.

— Цераз тыдзень я ўжо насіў пагоны з белай стужачкай наўкол. На душы паспакайнела, падчас нават весела станавілася, асабліва, калі вуха лавіла звон толькі што надзетых шпор, а вока — пералівы сонечных праменьняў у бліскучых дасканала вычышчаных гузіках.

— Людзкаваўся я нядоўга: скора мяне адправілі на позыцыю, дзе я ўсё і згубіў, а ўвосень бальшавікі чуць галавы не зьнялі замест пагонаў. Ня было куды дзецца, і я застаўся служыць у Чырвонай арміі (да бацькі ехаць не хацелася). Спачатку сумнавата было, але я хутка зрабіўся маленькім кручочкам і зажыў весялей.

— Зачапілі былі мяне крыху й новыя, комуністычныя ідэі, але яны мне ўсё-ж такі здавальненьня не далі; яны былі для мяне чужымі. Душу агарнуў нейкі нявыразны смутак і сум. Павалэндаўся я трохі, як блудны, дый зноў зьвязаўся з эсэрамі. У адным горадзе, дзе стаяла часьць, у якой я служыў, падрыхтоўвалася эсэраўскае паўстаньне супроць бальшавікоў. Я, зразумела, зараз-жа далучыўся да паўстанцаў. У час самага паўстаньня кіраўнікі нашы здрадзілі, і нам, простым сьмертным, угарэла. На супакаеньне прыехалі латышы. Пяцёх маіх сяброў на вуліцы папрыстрэльвалі (здацца не захацелі), мяне-ж захапілі на кватэры. Лямпы, крэслы, столікі, умывальнікі — усё раптам паляцела на маю галаву, а потым месяцы на чатыры ў вастрог мяне яшчэ запайкалі. Пасьля гэткага здарэньня я й эсэраў адцураўся і ўжо больш з імі ніколі ня меў нічога супольнага.

Апошнія словы Адам Арцёмавіч прагаварыў ледзьве чутна, абапёрся: падбародкам на далонь і замарыўся. Можа думкі аб бесталковай прошласьці агарнулі яго чорным роем, а мо‘ ў яго памяці, упаўшай зоркай, бліснуў цяпер мілы вобраз або гук, ды так і зьнік бясьсьледна, не ўразумела, і Адам Арцёмавіч у гэтую хвіліну напружваў усе сілы сваёй душы, каб прыпамятаць… — Невядома. Толькі доўга ён сядзеў нярухома, чуць пераводзячы дыханьне. Нарэшце пацёр рукою вочы, лоб, расчасаў пальцамі валасы й пачаў насьвістваць якуюсь мэлёдыю.

— Ну, а што-ж далей было з вамі? — напомніў я яму.

— Ня-бойцеся, я не забыўся… гэта я так… Ну, добра, — сказаў ён апошняе як-бы сам сабе й стаў апавядаць далей:

— „Жалезнае кальцо белагвардзейшчыны было ўжо разарвана, а таксама й найбольш небясьпечныя франты зьліквідаваны, калі полк, у якім я служыў, спыніўся ў адным маленькім гразьненькім гарадку.

— Як толькі спынілася пякельная праца барацьбы, як злодзей у цёмную ноч, на мяне напаў сум.

— Прабаваў я ў політыку пускацца, дык дзе-ж? — Ні дна, ні пакрышкі ў ёй не знайсьці! Пасьля гэтага я ўхапіўся за эвангэльле. Доўга я з ім вазіўся, як чорт з грэшнаю душою, пакуль ня ўзяў мяне на цыгундар ваенком палка. Ох, доўга я вазіўся! Потым кінуў, бо й малітва была нічым перад сумам. У душы ўтварылася нейкая бяздонная, бязьмежная пустэча, якая з кожным днём усё павялічвалася; я не знаходзіў сабе нідзе месца, ні спакою і вар‘яцўіся. Ва ўсім палку толькі й гаворак было, што датычала маіх а вытварак.

— Другі раз, бывала, прыдзе на якую гадзіну прасьвятленьне ў маю змучаную душу, але яно толькі яшчэ больш прыносіла мне мучэньняў. Пасьля такіх прасьвятлёных хвілін я яшчэ з большаю запальчывасьцю вар‘яцеўся.

— Хто я такі? — заўсягды мучыла мяне пытаньне.

— Змагацца? але за кого? Можа на сьвеце існуе асобная вышэйшая праўда, зусім непадобная да чалавечай праўды, дык дзеля чаго-ж тады змагацца за гэту маленькую чалавечую праўду? А гэта вышэйшая, найчысьцейшая праўда павінна быць, бо чаго-ж тады варта было-б усё жыцьцё наогул?

— Яно ня варта тады было-б чалавечай крыві, яго мучэньняў, — адказаў ён сам сабе і раптам зьвярнуўся да мяне: — Ну, як вы думаеце, гэта хіба нікчэмныя пытаньні?..

Я не адказаў нічога.

— Ну, вы як сабе хочаце думайце, — разважаў далей Адам Арцёмавіч, — а я не магу згадзіцца з тым, што жыцьцё толькі матэрыя і рух, нешта такое маленькае й просьценькае, што можна будзе ў канцы-канцоў выразіць у некалькіх формулах — ўсё гэта глупства!

Адам Арцёмавіч не на жарт распрамоўнічаўся. Доўгія валасы яго ўжо даўно трасьліся над яго вачыма. Шапка заліхвацкі зьехала на патыліцу. Але ён ні на што не зварочваў увагі і з запалам выказваўся, ганаруючыся сваімі філёзофскімі думкамі.

— Пасьля, калі я адцураўся эвангэльля, я пачаў верыць у лёс-долю, — працягваў Адам Арцёмавіч.

— Помню, апанаваў быў мяне нешта адзін раз сум, проста ня вытрываць! Дай вазьму, думаю, спрабую сваю судзьбу. Выпіў узяў я бутэльку самагонкі, зарадзіў рэвольвэр трыма патронамі, але так, што паміж двума суседнімі патронамі заставалася яшчэ месца для трэцяга, потым раскруціў барабан і… шчоўк!

— Рэвольвэр быў накірован мне проста ў лоб, але здарылася так, што пад баёк не папаў патрон, і я, падзякаваўшы судзьбу за паратунак, стаў жыць далей.

— Мяне беражэ судзьба!.. — было маёю першаю думкаю, калі я аправіўся ад перапалоху, — значыць, трэба жыць, мо‘ мне яшчэ прадстаіць вялікая будучына, што цяпер у рэволюцыйныя часы зусім мажліва! Пажыву — убачу!

— Пасьля гэтага перапалоху мяне ўсяго ахапіла бадзёрасьцьі жыцьцярадаснасьць. Прашло часу з тыдзень. Сум ня прымусіў на сябе доўга чакаць. Зразумела, што гэтае бязгрунтоўнае й штучнае бадзёрасьці на доўга хапіць не магло, і я зьвесіў нос.

— Бог, рэлігія, сэнс жыцьця — усе гэтыя балючыя неадказныя пытаньні накінуліся на мяне з усіх бакоў. Я, як ранены зьвер, як вар‘ят, утрапёна-дзіка кідаўся з боку ў бок, шукаючы выхаду, рваў на сабе валасы, падчас плакаў і маліўся богу, а падчас праклінаў яго і ўсё што ёсьць на сьвеце. Нішто не памагала! Пад канец я ўжо зьбіраўся зарадзіць рэвольвэр ня трыма, а ўсімі сям‘ю патронамі.

— Вось, якраз у гэты самы час я й застанавіў сваю ўвагу на Гані… О-ох, каханьне!.. Атрута!.. А ўкахаўся я ў яе па самыя вушы. Мне к таму часу споўнілася ўжо дваццаць чатыры гады, а ўсур‘ёз я яшчэ нікога не кахаў (у галадоўку ня вельмі ўкахаешся)…

— Ня ведаю… Як стану я цяпер разважаць аб тым, як я ў яе ўкахаўся, дык мне здаецца, што сапраўднага, чыстага, сьвятога ў маім каханьні ня было нічога, а што я проста ўхапіўся за яе, як той, хто топіцца, за брытву… хаця не… бо ўжо колькі-ж прашло часу, а я яе не забываю, усё кахаю… так…

— Хлопец я быў сарамлівы, насілу пазнаёміўся з ёю, а гаварыць дык зусім ня мог. Падыйду, бывала, да яе, скажу словы са два, а тут голас у мяне задрыжыць, здаецца, усе на мяне так і пазіраюць і… фарфал!.. А яна, гадзюка, толькі вяртне хвастом, ды засьмяецца!

— Стаю я, бывала, у куточку ды пазіраю на яе, а сэрца ў мяне на частачкі рвецца, усё, здаецца, аддаў-бы за яе. „А нашто яна мне?“ — мільгатне бывае другі раз у мяне думка: — жаніцца на ёй няма ніякага сэнсу, бо што з яе можа быць за жонка — сёньня яна са мной, а заўтра з другім?

— Думаю я так, а мяне яшчэ горш разьбірае, жаль агортвае незразумелы. Мне здаецца, што яна стаіць на апошняй ступеньцы да распустый блуду, трэба выратаваць яе, дапамагчы ёй, але чым-жа я магу ёй дапамагчы, яшчэ возьме ды ў вочы плюне… божа, божа!.. Перадаць гэта адчаяньне на словах немагчыма… Такая мая ўжо доля!

— Многа я памучыўся, асабліва, калі прыкмячаў, што за ёй прыстрэльваюць вёрткія хлопцы… На маё няшчасьце адлегласьць паміж намі з кожным днём павялічвалася. Я гэта скеміў. Трэба было сваечасова выпраўляць пахібы. Падышло зручнае здарэньне. Я зусім выпадкова дазнаўся ад сваіх сяброў, што Ганя ведае беларускую мову і мае беларускія кнігі. Я і ўхапіўся за гэтую штуку.

— Іду да яе прасіць кніжок. Зразумела, мне больш хацелася пабачыць яе, чымся якіх-бы там ні было кніжок. Зараз-ка дае. Хочацца пагаварыць з ёй, да неяк ня ўмею пачаць і ня ведаю аб чым гаварыць з ёй. Скоранька падзякваў за кніжкі ды дадому… Чытаў з захапленьнем. Асабліва спадабаліся мне творы К. Буйло. З гэтымі кніжкамі я й спаць лажыўся… Прашло з месяц. Сустракае мяне Ганя на вуліцы ды кажа:

— Будзьце ласкавы, тав. Залес, прынясеце мне заўтра к дзесяці раніцы мае кніжкі.

— Добра, добра, — загарачыўся Я, — але я яшчэ адной ня скончыў чытаць, мо‘ ў мяне яшчэ няхай крышку пабудуць?

— Усё роўна. Прынясеце!

— Прасіцца я больш ня стаў, узяў ды аднёс ёй яе чортавы кніжкі. Што-ж вы думаеце? Узяла з рук у мяне свае кніжкі і кпліва, кпліва зарагатала… Я ня ведаю, што са мною тады рабілася. Ну, але чорт з ім… Чаго на сьвеце толькі ня бывае. Ня ўсьпеў накінуцца на мяне толкам сум, як я на трэці дзень пасьля ўсяго гэтага быў ранен у левую руку (на бандытаў хадзілі).

— З часьці папаў у лязарэт, а адтуль дамоў. Толькі месяцы цераз два я зноў вярнуўся да свайго палка. Чырвонаармейцы мяне спаткалі з нядобраю весткаю. Прыехаўшы нядаўна ў полк новы ваянком аказаўся яе, Ганіным, старым знаёмым, і паміж імі завязалась супраўднае каханьне. У той-жа самы дзень, як я прыехаў у полк, я спаткаў яе з ім на вуліцы. Яны йшлі пад ручку.

— Я застанавіўся пасярод вуліцы і заламаў рукі, ня зводзячы з яе вачэй; а яна нават не паглядзела на мяне.

— Назаўтра раніцою я зноў спаткаў іх на гуляньні. Мной заўладаў сум, і я пацягнуўся на ўвесь дзень у лес, каб ня бачыць апрацівеўшых мне людзей. Цягаючыся, як вар‘ят, па лесе, пад вечар я спаткаў у беразе Ганю. Яна была адна. Хістаючыся ад слабасьці і перапалоху, я падышоў да яе.

— Ну што, кажу, Ганя, ужо ўсё скончана?

— Што скончана?

— Да гэта… паміж намі?

— Што?

— Я наконт. каханьня?.. — сказаў я, чуць выгаварыўшы.

— Паміж намі нічога й не пачыналася.

— Што вы гаворыце?! Божа мой! Чаму-ж вы не далі адказу на мой ліст?

— Ня было — чаго, сьмех. адзін.

— Вам сьмех?.. Што вы зрабілі са мной?

— Яна крыху пачырванела і моўчкі адвярнулася ад мяне. Па твары ў яе забегалі цені. Бровы насупіліся.

— Ганя! — пачаў я зноў, — калі ў вас ёсьць хоць кропля сумленьня, дык вы ня будзеце мяне мучыць, а скажаце!

— Што?

— Вы мяне кахаеце, ці не?

— Не, — спакойна й горда адказала яна. Усьміхнулася.

— Усяго добрага, — сказаў я і, як падстрэлены, кінуўся ад яе наўцечкі ў лес.

— У маіх жылах, здавалася, цякла ўжо ня кроў, а атрута. У душы ўзьнялася цэлая бура, суму й гору была дадзена поўная воля, а між тым лес, поле жылі поўным шчасьлівым жыцьцём.

— Блакітна-яснае паветра гарэла, іскрылася агнёва-залатымі праменьнямі маладога вясеньняга сонца. На тысячу тонаў заліваліся-пяялі птушкі.

— Я адкінуты!.. Я адзін на ўсім белым сьвеце!.. Зноў прыдзе страшны, чорны смутак! — зьвінелі ў вушшу думкі. Закрыты ад цікуючага чалавечага вока лясным гушчаром, я кінуўся на землю і наўзрыд заплакаў… доўга плакаў.

— Мне гэтага не перажыць, — думаў я, ужо крыху аправіўшыся ад плачу, — застрэлю яе, застрэлю яго і потым сябе… на гэтым і быць!

— Вярнуўшыся ў горад, я выпіў бутэльку самагонкі, прыгатаваў рэвольвэр і пашоў у засаду. Месца для засады я абабраў у кустох на балоце, прымыкаўшым да яшчэ не заселенай вуліцы, дзе жыла Ганя.

— Была ціхая, раскошная вясеньняя ноч. Маўклівыя далі зацягнула смугаю. Крывавы захад чуць чырваніўся, дагараў. Удалі, на кругавідзе, цямнела стужка лясоў, гняздо бандытаў. Моцна спала прырода ў сініх праменьнях месяца; чуць чутна толькі шапталася маладое лісьцё, аб чымсь гутарылі вяршынамі хвойкі, усьміхаліся прыгожыя какетлівыя бярозкі. Паветра чуць калыхалася і абвявала ўсё наўкол пахамі нядаўна расьцьвіўшых кветак, п‘яніла і кружыла галаву. Я лёг за кустом, кроках у 25 ад дарогі і глыбока задумаўся.

— Сёньня ўсё скончыцца, — думалася мне, ня буду я больш паскудзіць сьвету. Ня маю магчымасьці я жыць, хай і яны ня жывуць!.. Пастраляю, як сабак.

— А мо‘ яна й не вінавата? — разважаў далей я сам з сабою, — мо‘ яна верыць у тую ідэю, за якую пашла змагацца (яна была комуністка), — дык ня можа-ж яна аддаць сваё жыцьцё за маё, аддаць самую сябе дзеля таго, каб выратаваць мяне, нікудышку. Так… але чаму-ж яна кпінку зрабіла нада мною?.. Дый якую карысьць можа баба прынесьці грамадзянству: хіба тую, што крыху парамансуе з ваянкомам, дый, наогул, баба — кепскае стварэньне; цераз яе больш загібла людзей, разьліта крыві і сьлёз, чымся ва ўсе разам узятыя войны… А Ганю застрэліць трэба… Калі не застрэлю, дык недзе яна сваім шчасьцем атруціць мне апошнюю хваліну майго жыцьця, бо, страляючыся калі-небудзь, я ўспомню пра яе, успомню, што яна шчасьліва з другім, успомню, што яна з мяне пакпіла! Не, брат!.. Капут, Ганя!.. Ха-ха-ха!..

Адам Арцёмавіч апавядаў упаўне артыстычна: гаварыў сцэнічна, інтоніравана, рабіў адпаведныя рухі, хваляваўся… здавалася, што ўсё сваё прошлае ён зноў перажываў па парадку і ў поўнай меры.

— Калі застрэлю, — гаварыў далей Адам Арцёмавіч пасьля невялічкага перапынку, — дык не адзін скажа: „Вось хіба, дзе гэрой, Гэрастрат утрапёны!“… Але хоць-бы раз пацалаваць яе, зірнуць блізка, блізка ёй у яе бліскучыя блакітна-васільковыя вочы… Толькі тагды ня здолею застрэліць, бо бязьмерна захочацца жыць!.. Хіба застрэліўшы пацалаваць? — не, гэта будзе дзікі гвалт!.. Лепей зусім не разважаць! Шкада толькі свайго жыцьця: гіне задарма.

— Кроў стукала ў мяне ў віскох, а па скуры хвіліна ад хвіліны прабягаў мароз. Я дрыжэў усімі суставамі. Хвілінамі хацелася кінуць усё к чорту і ўцякаць, але я ведаў, што пасьля справы ні завошта ня выканаю. Доўгае чаканьне надакучала мне. Каб скараціць як-небудзь час і крыху забыцца, я задумаў зрабіць рэпэтыцыю забойства. Схаваўся за куст, накіраваў рэвольвэр к дарозе і стаў прыцэльвацца. У гэты самы мамант кроках у 50 ад мяне паказалася на вуліцы белая жаночая фігура.

— Яна — мільгатнулася ў мяне ў мазгох — адна?… страляць ці не? Яна такая задумёная мо‘ думае аба мне?… грэх!…

— Як-бы знарок, я ўдаўся ў разважаньні, каб як-небудзь абыйсьці сябе і самому ня прыкмеціць самаабману… Рукі ў мяне дрыжэлі, а сэрца палала агнём, хацелася выйсьці на дарогу і схіліць сваю галову к яе нагам… але яна зарагатала-б з мяне… Я застаўся сядзець. Яна ціха прайшла, ня прыкмеціўшы мяне, і схавалася ў змроку марлівай ночы. „Прасьці, думаю, божа, мне за мае ўтрапёныя думкі“… — А што такое бог? — порацца ў галаву другая думка. — Дый калі ёсьць ён, так чаму-ж на сьвеце столькі няпраўды?.. Эх, жыцьцё!.. А што такое жыцьцё? — Сон! Сумны, кашмарны сон!.. Калі гэтыя пытаньні вырашацца і кім?… Чалавек — цар прыроды!… жалкія… Ня цар, раб!..

— Я вярнуўся дадому і больш ужо ня зьбіраўся мсьціць. На памяць толькі захаваў адзін патрон, хай будзе…

Адам Арцёмавіч крыху папароўся за пазухай і, на самым дзеле, дастаў і паказаў мне патрон з нагана. Ён быў закручаны ў якуюсь нібы запіску і кавалак газэціны:

— Гэта памятка да магілы… Праз тыдзень я ўжо ехаў дамоў… Эх, жыцьцё, жыцьцё!

Адам Арцёмавіч закрыў рукамі твар і сьцішыўся.

— Вечны бяздомны вандраўнік, — сказаў ён пад канец, як-бы праз сон: — вечна галодны, абарваны, пакрыўджаны, нікім ня прытулены, ня прыгорнуты.

— Выбачайце, — зьвярнуўся ён раптам да мяне, — ці няма ў вас, часам, чаго перакусіць?.. есьці хочацца…

Я даў.

На некаторы час ён цалком аддаўся ядзе. Рот яго так пільна працаваў, што хвілінамі станавілася страшна за яго язык і горла. Хутка ад яды не засталося й пылінкі. Пасьля к столі зноў узьнялася цэлая хмара махорачнага дыму.

— Вы цяпер, значыць, дома гаспадаркай займаецеся? — запытаўся я ў яго.

— Не…

— А як-жа?

— Нічым… Працаваць не магу… жыцьцё давіць. Бачыце, справа вось у чым: гаспадаркай я ніколі не займаўся, да фізычнай працы ня прывык (рэч нялёгкая), а хаця-б і здолеў працаваць, — дык у вёсцы ўсё роўна ня ўжыў-бы: працуй, як чорны вол, а ўвесяленьняў ніякіх няма, дый публіка неачэсаная: лысым валом там больш цікавяцца, чымся Гётэ, або Шэксьпірам.

— З арміі я прыехаў дадому ў самы росквіт вясны… Прыгожасьць, брат, якая!.. Лясы апрануліся ў маладое зялёнае лісьце. Ад ранку да цямна птушкі расьпяваюць, купаючыся ў блакітна-зьзяючым паветры. На душы спачатку было паспакайнела, але скора мяне зноў сум агарнуў. У душы ўваскрос вобраз Гані (я быў забыўся крыху на яе).

— Большую частку часу я шляўся то па лесе, то па полі — дамоў прыходзіў толькі, каб пад‘есьці; здаралася так, што я цэлыя ночы праводзіў у бязмэтным шляньні, дзе папала. Прыду, бывала, раніцою дамоў: бацька з меншым маім братам капаюцца ў гнаі, працуюць, а я стаю збоку, разгаварваю з імі, спрачаюся, часам, грымлю іх за някультурнасьць, ня то — аб Гані мару.

— Шкада мне цябе, пане Адаме, — кажа нешта адзін раз мне бацька, — прапаў ты ні за што…

— Чаго прапаў? — пытаюся я ў бацькі.

— А таго ты прапаў, што не ўлажыў я ў цябе свайго духу; адарваўся ты ад неба і зямлі не дастаў.

— Прычым тут ваш дух, — абразіўся я, — ваш дух някультурны, дзікі!

— А твой культурны?.. Ну скажы-ж, ад чаго вясною гром грыміць?

— Электрычнасьць, хмары, цяплыня… вам гэта трудна зразумець! — адказваю я.

— Дурань… Лікстрычнасьць выдумаў!.. Гром увесну грыміць, каб лес распушчаўся, каб пашло ўсё жыць на зямлі… вось для чаго.

— Эт, глупства, — кажу я.

— Ня глупства; а жыцьцё само разумней за ўсе вашыя культуры. Ты мне на дзеле давядзі, тагды я табе паверу, а то — што ты мне гаворыш?! Сам нічога ня ўмееш рабіць, а прышоў бацьку вучыць. Языкі вам паадсякаць трэба!..

— Вы зноў ужо сваё!..

— Я думаў, што дзядзька цябе „выведзе ў людзі“, а таго й ня прыкмеціў, што і ад дзядзькі твайго сіверам пахла. Бярыся, брат, за працу, вось дык тады ты пазнаеш і калітуру і сум твой прападзе; як вол зьліжа… Толькі шчыра вазьміся!.. Заўтра пойдзем касіць; ты рыхтуйся: ляпей ляж высьпіся, а ў лес не валачыся.

— Я быў надзвычайна рад гэтай прапанове. Назаўтрае чуць сьвет я ўзяўся за працу.

— Ну і што-ж? як?

— Дзе там, — адказаў Адам Арцёмавіч, махнуўшы рукою, не прашло і поўгадзіны, як у мяне разбалелася ўсё цела; на руках паселі мазалі, і я, урэшце, так стаміўся, што й ня ўбачыў, калі я так хапіў касою па карчы, што яна толькі вякнула і разламалася на некалькі кавалкаў.

— Бацька раззлаваўся не на жарт.

— Ну, што: добрая твая калітурнасьць?— запытаўся ён у мяне, увесь усхвалёваны і дрыжачы, зьбіраючы па зямлі кавалачкі ад зломанай касы, — ці ведаеш ты, гадзюка, колькі цяпер каса каштуе?.. а?!

— Разабраў мяне нейкі дурны сьмех, я на ўсю моц разрагатаўся. Бацька схапіў у рукі касьсё і кінуўся ка мне. Я наўцекі… Дзе-ж яму дагнаць мяне.

— Пасьля гэтага за сельскую працу я ўжо й ня думаў брацца. Як цёмная ночка, ахапіў мяне сум: ну, чорт з ім!

— Тыдні два таму назад бацька мой зноў зьвярнуўся да мяне з прапановай: „Едзь ты, кажа, чалавеча, у горад ды найдзі там сабе месца ў якой-небудзь установе: ты нам, бач, ня помач; ды ты тутака адзін. Едзь! Грошай на дарогу я табе ўжо дам“.

— Я сабраўся і паехаў у Слуцак да аднаго з маіх сяброў па палку. Месца сабе там я й ня зьбіраўся шукаць.

— Чаму?

— Усё роўна ня варта. Больш як на тыдзень у мяне ня хопіць энэргіі працаваць.

— Як-жа вы будзеце далей існаваць? — зьдзівіўся я.

— Птушкі нябесныя ня сеюць й ня жнуць, а ляпей нашага жывуць.

— Кіньце. І птушкі працуюць!

— Эт! За апошнія грошы заяжджаю ў Барысаў; адтуль пішу бацьку ліст, што еду ў Маскву займаць важную пасаду (гэта каб не сумаваў стары), а сам пешадралам махну аж у Сібір (там у мяне колега ёсьць). Месяцаў восем, бадай, прыдзецца йсьці… Яшчэ хоць з разок прайдуся па знаёмых сьцежках, а там?.. ну ды што там, — напляваць! У Расіі так: зайдзі к мужыку, перахрысьціся разоў дзесяць — накормяць, напояць, сагрэюць і на дарогу яшчэ дадуць.

— Гэтак было, ў часы грамадзянскае вайны, а цяпер мо‘ й ня так? — перабіў я яго.

— Сродкі да жыцьця — чапуха: можна зарабіць. Па дарозе зайду ў горад N, можа Ганьку спаткаю. Хочацца яшчэ хоць з разок пабачыць яе, хоць яна мо‘ ўжо замуж вышла, але ўсё роўна, хай будзе шчасьліва. А можа быць судзьба беражэ яе для мяне?.. Усё можа быць. Схаджу на Матушку-Волгу, а там за Урал і за Байкал — усё роўна хоць куды, абы далёка, абы можна было разьнесьці па сьвету сум. Я думаю — так? — зьвярнуўся ён урэшце да мяне, шукаючы ўва мне спагады.

Гэта ваша асабовая справа, але памойму лепей было-б узяцца за разумную справу, узяцца наогул за працу.

— А які ёсьць сэнс працаваць? Ты працуй, а за табою ўсьлед усё руйнуюць; вы прагледзьце ўсю гісторыю чалавечага існаваньня: адна частка людзей увесь час толькі працуе, толькі творыць, а другая бязупынку руйнуе. І што больш чалавек становіцца культурным, то ўсё большым ён становіцца зьверам, усё з большаю стараннасьцю ён руйнуе здабыткі бацькоў і дзядоў, і з большым закальцам і злосьцю накідваецца на сябе падобных… Не… працаваць ня варта.

— Эх, прапаў я мальчышка! — гукнуў Адам Арцёмавіч пасьля невялічкае перадышкі. — Мае сябры ў тысячу раз большыя контррэволюцыянэры, чым я, папрымошчваліся і служаць. Але я ім не зайздрошчу! Падлізвацца толькі ім па плячу! А я — сканаю з голаду, а прасіцца дый яшчэ гнуцца — не пайду! Яны інакшыя людзі: хоць у патрэбнасьці сваіх жыватоў вераць, а я дык і ў гэта ня веру…

Зычны гудок устрасануў паветра. Я падышоў да вакна. Туманна-сінія праменьні месяца затапілі, залілі нямыя абшары. Смуглыя далі маўчалі і хмурыліся. Як з-пад зямлі, перад вачыма ўставалі пералескі, палеткі, сьцішна панурыя вёскі, высокія амярцьвеўшыя таполі. З поўначы падуў востры, наскрозь пранізуючы сівер. Я сеў зноў на лавачку і закурыў.

Адам Арцёмавіч ляжаў насупроць мяне, закрыўшы рукамі твар. Па ўсім было відаць, што ён змагаўся з сьлязьмі.

Мільёнам агнёвых вачэй глянуў з далі Менск. Падарожнікі ў вагоне заварушыліся.

— Ну што вы можаце сказаць пра мяне, праслухаўшы ўсё, што я вам расказаў? — запытаўся ў мяне кволым голасам Адам Арцёмавіч, — хто я такі?

— Гніль! — раздаўся зьверху задорны юнацкі голас, — ты быўшы чалавек, зданьнё пятнаццатага сталецьця!

— Шчанё!.. З табою я не разгаварваю. Ці-ж табе зразумець усё тое, аб чым я гавару?

— Ня лічу патрэбным капашыцца ў такім хламе, у якім ты, як муха ў смале, капошышся, а падругое, ня лайся!

— Знаю вас! Малако на губах неабсохла, а па вуліцы прайсьці за вамі нельга… У вас усё на формулах; глядзіш — ні села, ні пала… і бога няма!.. Філёзофы!

— Так — мы філёзофы, бязбожнікі, але мы ня хнычам, ня плачам, а сьмела йдзем наперад, а вы? — вы проста, як вы самі казалі, нікудышнікі, трусы, сьветабаязьнікі! Зданьнікашмарныя!..

Цягнік падкаціў да станцыі і спыніўся. Падарожнікі паціснуліся к выхаду.

Адам Арцёмавіч моўчкі са мною разьвітаўся і вышаў.

— Чурбан дурны! — крыкнуў зьверху той-жа самы задорны юнацкі голас.