Маладняк за пяць гадоў (1928)/VI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
V. Соцыяльны склад сучаснага Маладняка VI. Вершаваная поэзія сучасных маладнякоўцаў
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
VII. Мастацкая проза сучасных маладнякоўцаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




X. МАЛАДНЯКОЎЦЫ-КРЫТЫКІ

Беларуская крытыка і гісторыя літаратуры былі да апошняга часу шчыльна зьвязаны. Тлумачыцца гэтая „навуковая адсталасьць“ тым, што да разьвіцьця беларускае навукі ў Савецкай Беларусі беларуская гісторыя літаратуры і беларуская крытыка былі ў зачаткавым стане. Шмат якія творы беларускіх пісьменьнікаў засталіся ў свой час бяз крытычнага дасьледваньня і нават без хоць якога-небудзь разгляду — і пяпер гісторыку беларускае літаратуры прыходзілася адначасна быць і крытыкам у тым сэнсе, што яму трэба было першаму гаварыць аб тых ці іншых вартасьцях і недахопах твору з формальна-мастацкага боку. У сучасны момант гэтая праца болей-меней прароблена ў адносінах да твораў ранейшых пэрыодаў і, апрача таго, кожны новы твор знаходзіць цяпер сваю ацэнку на старонках беларускіх часопісяй і газэт.

Аднак-жа і цяпер беларуская крытыка знаходзіцца ў самым убогім стане дзеля шмат якіх прычын. Папершае, спаміж старэйшага пакаленьня беларускіх комуністых няма ніводнага прызнанага і аўторытэтнага крытыка ў беларускай літаратуры. Што да моладзі, дык ёй яшчэ не хапае на выконваньне ролі крытыкаў належнае веды і наогул навуковае і мастацкае падрыхтоўкі. Часта ролю крытыкаў бралі на сябе ў адносінах да сваіх таварышоў самі-ж поэты і пісьменьнікі. Галоўны недахоп сучаснае беларускае крытыкі ў тым, што яна, даволі добра разьбіраючыся ў ідэолёгічных якасьцях твору, ня можа даць належнага разгляду з формальна мастацкага боку, што было-б у сучасны момант асабліва карысна і пісьменьніку, і чытачу. Другі недахоп — поўная неналаджанасьць крытычных аддзелаў у сучасных беларускіх часопісях і газэтах. Часта бывае, што малады аўтар ня бачыць крытыкі на свае творы, пішучы год, два і тры. Часта бывае, што які-небудзь твор выклікае шмат рэцэнзій, але ўсе яны толькі пераказваюць яго зьмест і ставяць пытаньне аб яго ідэолёгіі, зусім не закранаючы яго з формальна-мастацкага боку. Крытыка мае выпадковы і аднабокі характар, пераходзячы іншы раз у гурткавыя і групавыя спрэчкі і асабістыя нападкі.

Маладняку асабліва не шанцавала на крытыку. Крытыкі-немаладнякоўцы мала пісалі аб маладнякоўскай творчасьці часам дзеля самых недарэчных прычын, якія тымчасам у беларускіх умовах былі няўхільнай рэчаіснасьцю. Часам усё, што не падабалася маладому аўтару і немаладнякоўскай крытыцы, магло быць залічана — як няпрыхільныя адносіны да Маладняка. Разам з тым, сам Маладняк ня высунуў з сваіх шэрагаў у першы пэрыод існаваньня ніводнага чыстага крытыка, апрача Бабарэкі, дый той пачынаў як пісьменьнік-апавядальнік і толькі пазьней перайшоў на становішчы маладнякоўскага крытыка і тэорэтыка літаратуры. Найлепшы формальна-мастацкі крытычны разгляд мог даць Дубоўка і ён, поэта, зрабіў сёе-тое ў адносінах да творчасьці Маладняка.

У сучасны момант у шэрагах Маладняка ёсьць сябры, якія ўзыходзяць выключна на шлях крытыкі (Аляхновіч, Баркоўскі, Шалай), і ёсьць некалькі сяброў, што пішуць крытычныя артыкулы і рэцэнзіі паміж пісаньня літаратурных твораў (Барашка, Гародня, Гаўрук, Прыбыткоўскі і інш.).

Ня можа быць яшчэ і гутаркі аб якіх-небудзь асобных мэтодах і прыёмах. Усе стараюцца даць марксыцкі разгляд твораў, але рэдка могуць даць яго ў вытрыманым выглядзе. Зазвычай крытыка мае публіцыстычны ўхіл. Вывады, нават і пасьля больш-менш правільнага марксыцкага аналізу, часта бываюць, аднак-жа, няправільныя, дзеля малой падрыхтоўкі ў тэорыі літаратурнага мастацтва і невялікай практыкі ў ацэнцы формальна-мастацкіх асаблівасьцяй.

Спаміж крытыкаў у сучасным складзе Маладняка найперш трэба адзначыць т. Аляхновіча. Тав. Аляхновіч канчае Беларускі дзярж. унівэрс. Ён добра валадае навуковым мэтодам, мае марксыцкі сьветагляд і ўжо даў некалькі артыкулаў і рэцэнзій аб творчасьці маладнякоўцаў.

З практычнага боку шмат зрабіў для Маладняка крытык-маладняковец С. Баркоўскі. Ён даў цэлы шэраг рэдэнзій на маладнякоўскія зборнікі, альманахі і асобныя творы. Тав. Баркоўскі (псэўдонім С. Кажаны) нарадзіўся 28-га сакавіка (ст.ст.) 1905 г. ў Слуцку. Скончыў пэдагогічны факультэт Беларуск. дзярж. увівэрс. Апрача крытычных рэцэнзій, напісаў некалькі артыкулаў („Ленін у беларускай поэзіі“ і інш.), займаецца гісторыяй, этнографіяй, краязнаўчай працай (што, на жаль, адхіляе яго ад крытычнае працы).

Макар Шалай напісаў каштоўны артыкул „Поэты і пісьменьнікі Полаччыны“ („Росквіт“, № 2, 1928 г.), хоць яго вывады ў адносінах да некаторых аўтараў ня зусім правільныя. Апрача таго, ён піша рэцэнзіі. Нарадзіўся тав. Шалай 17 лютага (ст. ст.) 1906 г. ў в. Цельцы, 22 в. ад ст. Расоны, на Полаччыне, у сялянскай сям‘і. Скончыў партыйную школу ў Віцебску, цяпер — студэнт Беларуск. дзярж. унівэрс. У Шалая добра выяўлены марксыцкі падыход у крытыцы.