Перайсці да зместу

Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Сымон Хурсік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уладзімер Хадыка Сымон Хурсік
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
X. Маладнякоўцы-крытыкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сымон Хурсік. Нарадзіўся 31 студзеня (ст. ст.) 1902 г. ў в. Снусьцік, Пухавіцкага раёну, Менскае акругі. Бацькі — сяляне. Аб сваім маленстве Хурсік кажа:

„З малых дзён спазнаўся з гораччу цёмнага, няпрыветнага жыцьця. Калі я цяпер аглядаюся на сваё дзяцінства — яно мне прадстаўляецца халодным, суровым і нават вусьцішным…

„Добра памятаю паасобныя сцэны вобыскаў і арыштаў сялян — маіх сваякоў і бацькі ў 1905 г. Майму стрэньняму брату такі прышлося і загінуць у выгнаньні…“

У 1925 г. Хурсік скончыў беларускі пэдагогічны тэхнікум у Менску. Цяпер — студэнт Беларуск. дзярж. унівэрсытэту.

Друкуецца з 1924 г. У 1925 г. вышла першая яго кніжка: „Першы паўстанак“.

Герой зьмешчанага ў гэтым зборніку апавяданьня „Адам Залес“ — сын селяніна, але жыў пры дзядзьку ў горадзе, вучыўся ў гімназіі і зрабіўся панам, змагаўся супроць рабочых і сялян. Потым ён пераходзіць да бальшавікоў, але тут ён ужо чужы, „лішні чалавек“. Нават бацька глядзіць на яго, як на „лішняга чалавека“, і адпраўляе ад сябе, з вёскі ў горад. Так і цягаецца Залес, жыве, як „гніль“.

У першым зборніку віцебскае філіі Маладняка „Наддзьвіньне“ (1926 г.) зьмешчана даўгое апавяданьньне Хурсіка „Францішак Скарына“. Яно вызначаецца ўжо тым, што гістарычнае, бо гістарычных твораў у беларускай літаратуры вельмі мала. Апісваецца тут 1530 год у Вільні. Сюжэт у ім вельмі цікавы, тэмы выразныя, гістарычны фон даволі вытрыманы. Недахопы: грубы натуралізм і вульгарнасьць некаторых месцаў, залішняя шаржыроўка ў апісаньні жыцьця манахаў і некаторая, ня зусім мастацкая, тэндэнцыйнасьць у аўтарскім падыходзе наогул.

У апавяданьні „Барвяныя бляскі“ („Маладняк“, № 10, 1927 г.) Хурсік дае малюнак рэволюцыі на вёсцы, як паны думалі застацца на Беларусі, прыводзячы на абарону польскіх легіянэраў, і як сяляне разьбівалі панскія двары. Абразок моцны, але часам ёсьць лішні натуралізм. Добра змалёваны тыпы паноў. Добрыя кароткія апісаньні прыроды.

Далей асабліва трэба адзначыць апавяданьне „Зьмітрок“ („Маладняк“, № 1, 1928 г.). Зьмітрок апавядае аўтару аб сваім жыцьці. Як ён вёў польскага афіцэра, як той хацеў уцячы, як ён пабіў яго. Сваркі з бацькам — яскравае месца на соцыяльна-бытавыя тэмы. Псыхолёгічны момант — няўдалае каханьне. Настулю аддаюць за нейкага алімэншчыка, яна ідзе, Зьмітрок у роспачы страляў па ёй. Ён цяпер працуе на млыне. Чырвоная армія была яму роднаю сям‘ёю. Аўтар дае тут і прыгожыя апісаньні прыроды, але яны лішнія і задоўгія ў пачатку апавяданьня.

У гэтым апавяданьні — сакавітая народная вобразнасьць і мова. Дасканалыя параўнаньні і прыказкі. Мастацкі дыялёг, у якім нічога лішняга і кожнае слова падмацоўвае ўражаньне. Веданьне народнага жыцьця вельмі добрае. Калі бацька сарваў са сьценкі Зьмітраковага правадыра і Зьмітрок за гэга бразнуў на падлогу абраз з бацькавым богам, дык аўтар ведае і маляўніча паказвае, што „па падлозе, хто куды, у розныя бакі, прусы кінуліся наўцёкі“.

Шмат тут і псыхолёгізму. Зьмітраковы перажываньні перадаюцца вельмі тонка.

У гэтым апавяданьні Хурсік выявіў сябе значным майстрам малюнкаў з яскравымі, сьвежымі і моцна пакладзенымі фарбамі,

У тым-жа тоне і стылі напісаны апавяданьні Янка з Палесься“, „Пільнікі“ і інш. Па натуральнасьці, цікавасьці і жывасьці апавяданьня Сымон Хурсік у маладнякоўскай прозе займае першае месца.

Творчасьць яго — вельмі блізкая рабоча-сялянскім беларускім масам.