Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Уладзімер Хадыка
← Сяргей Фамін | Уладзімер Хадыка Манаграфія Аўтар: Максім Гарэцкі 1928 год |
Сымон Хурсік → |
Уладзімер Хадыка. Нарадзіўся 21 сьнежня (ст. ст.) 1904 г. ў сяле Цітва, на Чэрвеншчыне, 7 вёрст ад ст. Рудзенск Заходняе чыгункі. Сын беднага селяніна. Настаўнік. Працуе ў Менску.
Піша выключна вершы. Першы раз друкаваўся ў 1926 г.- адразу выпусьціў зборнік вершаў („Суніцы“). Мотывы ў зборніку „Суніцы“:
1. Радасьць, што прышло новае жыцьцё („Суніцы“ і інш. вершы). Соцыяльна-рэволюцыйныя мотывы („Раніца“) і ўспаміны аб грамадзянскай вайне („Ліпень“). Мотывы соцыялістычнага будаўніцтва, асабліва ў вёсцы, хоць тут больш фразэолёгіі, чым рэальных фактаў, але ёсьць, напрыклад, паказаньне на антырэлігійнае змаганьне і інш. („Агні“, „Бурлячае“, , „Хлопцы, дуй!“).
2. Любоў да Беларусі, яе прыроды і г. д., у духу нашаніўства, але з падменаю „Роднай Беларусі“ Савецкай Беларусьсю, „соцыялістычнаю бацькаўшчынаю“.
Бываюць наіўныя для сучаснае поэзіі разважаньні:
І цяпер мне ня верыцца ў моц гаманін, |
3. індывідуальныя перажываньні, часам тужлівыя, зьвязаныя з апісаньнем прыроды, сялянскага жыцьця, сялянскае працы, нават з сялянскім падыходам да цыкляў году („Вясна“, „Жнівень“, „Восень“, „Ой, восень!“, „Скрыпіць туга“).
З боку формы на зборніку „Суніцы“ адчуваецца моцны ўплыў імажынізму.
Але даволі часта выкручаная вобразнасьць і фразэолёгія замяняе глыбіню пачуцьця. Напрыклад:
Каляіны плятуцца за возам, |
Або:
Жыцьцём п‘яная думак каса |
Часам трапляюцца і такія вобразы:
Як-бы сон дзіўны — сьніш — водзіш зрэнкамі воч |
Заўважаецца імкненьне даць багацейшую строфіку, што аўтару часта і ўдаецца. Але рытмы даволі цяжкія. У справе рыфмы — імкненьне да сугучнасьцяй, часам удалае. Мілагучнасьць псуецца дрэнным ужываньнем гукаў і, у („шоўкам узялася“, „голаў ў плечы“).
Мова — народная, часам няправільнасьці граматычныя („плынь дзянны“ і інш.).
Лепшыя месцы ў зборніку — у вершах, напісаных пад уплывам імажынізму, але з большаю самастойнасьцю, і ў вершах з лягчэйшым рытмам („Вясна“, „Ліпень“, „Скрыпіць туга“ і інш.).
Пазьнейшыя вершы ў Хадыкі вызначаюцца сваеасаблівай імпрэсыяй („Снапок аўса“ і інш.), пэўнай настраёвасьцю і адшліфаванаю формаю. Яго пазьнейшыя вершы часам набліжаюць яго да Моркаўкі.