Маладая Беларусь (альманах)/3/Наш шлях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наш шлях
Публіцыстыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1913 год
З лісту п. проф.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Наш шлях.


К свабодзе, роўнасьці і знаньню мы працярабім сабе сьлед, і будзе ўнукаў панаваньне там, дзе сягоньня плачэ дзед.Янка Купала.

Жывы народ — той, каторы можэ тварыць. Творчэская сіла — гэта ўсё роўна, як той клёк, што зерняці дае сілу выгнаць з зямлі расьліну — дрэва, каторое будзе далей радзіць такіе-ж зерняты і новую красу даваць зямлі.

Усё, што ўзбагачывае нашае жыцьцё, што паддзержывае і развівае яго, карысна і добра для ўсяго чэлавечэства. Гэтак і творчэская сіла, як фундамэнт жыцьця, ёсць найвялікшае багацьце чэлавечэства і асобных народаў, ёсць цэннасьць, аб каторай ніякай споркі быць ня можэ.

Марнаваньне творчэскіх сіл — наш найвялікшы грэх. Гэта — дабравольнае самагубства. Што не пашло на тварэньне новаго багацьця, тое прапала на векі, бытцым пушчэна на вецер. Тым болей шкодна і дрэнна тая работа, каторая зводзіць людзей і народы з іх простай дарогі і на мейсца культурнай працы ставіць змаганьне між імі дзеля панаваньня над слабейшым, дзеля зніштажэньня таго, што стварыла чужая культура.

Без змаганьня, без вайны, за праўду, за вызваленьне ад уціску і крыўды — абыйціся нельга. Але само змаганьне, даючы волю, ешчэ ня творыць нічога, а забірае страшэнне многа, сіл і энэргіі.

Не шкада сіл нашых, калі мы аддаём іх на тое, што ўзбагачывае нашу душу, павялічывае моц народу. Калі-ж яны ідуць адно толькі на развіцьце ў нас благога — ненавісьці, злосьці, завісьці і т. п., калі атдаюцца на змаганьне з другімі націямі, станамі, ці клясамі не дзеля вызваленьня, а толькі каб пакрыўдзіць слабейшаго, — тады шкада вытрачэных жыцьцёвых сіл, шкада, бо яны назад ня вернуцца і не ўзбагацяць нашэй культурнай скарбніцы.

Каб не марнаваць дарма сіл, каб не глуміць гэтаго найдаражэйшаго скарбу, лепшые людзі ўсіх націй стараюцца шырыць у сваім народзі думкі аб згодзі, аб тым, каб звясьці зусім національные сваркі і змаганьня. Асаблівую вагу гэткая работа мае ў нашым краю, дзе разам жывуць ажно пяць націй, дзе кожнай з іх трэба даць мейсца і прастор для развіцьця — бяз крыўды для суседзеў. «Жыві сам і дай жыць другім» — гэтай думкай павінны кіравацца мы, беларусы, дабіваючыся правоў для сябе. Воля, роўнасць і брацтва ўсіх людзей і націй на нашай зямлі — вось той пуцяводны аганёк, каторы завядзе наш народ і ўвесь край да лепшай, яснейшай будучыны.

«Воля, роўнасьць, брацтва» — за гэтые тры словы больш сотні гадоў таму назад праліваў сваю кроў францускі народ. С Франці яны разыйшліся па ўсім сьвеці і ўсюды становяць фундамэнт, на каторым будуецца шчасьце народаў. Але, каб народ мог папраўдзі нешта будаваць, каб мог заняць належнае яму мейсца ў вялікай сусьветнай сямьі, трэба, каб ён жыў і тварыў. Вось, развіцьце творчэскіх сіл беларускаго народу павінна быць нашай першай мэтай, і ў кожнай справе, ў кожнай рабоце мы павінны да яе кіравацца.

У сучасных варунках на дарозі да новаго жыцьця мы спатыкаем багата перашкод, ат каторых трэба так ці гэтак вызваліцца. Да гэтых перашкод належыць перш-на-перш цяперашніе палітычные варункі і наша «акраінная» палітыка, каторая задзержывае развіцьце ўсіх «інородцоў». Да перамен у дзержаўным жыцьці вядуць разные дарогі; кожная партыя, кожная організація мае сваю асобную праграму, ужывае іншых спосабоў у палітычнай рабоце, іншые жаданьня пішэ на сваім штандары. Дык мы ня будзем чапаць справы дзержаўнай палітыкі; скажэм толькі адно: каб вызваліцца ад палітычных перашкод, грамадзянство павінно вытварыць у сабе вялікую організованную сілу. Іначэй слово і жаданьне яго ніякой вагі мець ня будзе.

Толькі высокая культура, толькі экономічная моц даюць кожнаму народу тую сілу, што можэ тварыць новае жыцьцё. Кожын народ, каторы хочэ жыць, хочэ сам — сваімі рукамі і павэдлуг сваей думкі — будаваць сваю будучыну, павінен ісьці да сваей мэты двумя дарогамі: адна — гэта пашырэньне прасьветы, развіцьце грамадзянскай і національнай сьвядомасьці народу; другая — развіцьце яго экономічнай сілы, стварэньне цьвёрдаго экономічнаго фундамэнту. На гэткі шлях жыцьцё клічэ асабліва нас, беларусоў, бо такой работы ў нашым народзі дагэтуль бадай ніхто рабіць не памыкаўся.

У гэтай рабоце кожны шчыры беларус, кожны праўдзівы грамадзянін нашэй старонкі знойдзе для сябе даволі мейсца і заўсёды здалее прылажыць да яе сваю руку. За 7—8 гадоў, як начаў шырыцца беларускі рух, ідзе работа дзеля адраджэньня нашаго народу, жыцьцё само назначыло праграму культурна-національнай і экономічнай працы.

«Работа наша павінна ісьці глаўным чынам да пашырэньня прасьветы і развіцьця грамадзянскай і національнай сьвядомасьці у беларусоў, а поруч з гэтым развіваць экономічную сілу народа. Дзеля першай мэты трэба рабіць вось што:

1) завадзіць школы, бібліотэкі, чытальні, рабіць лекціі, організовываць курсы для народу і т. п. ды ўсюды праводзіць у жыцьцё думку аб націоналізаціі прасьветы як школьнай, так і за межамі школы;

2) шырыць друкаванае слова — кніжкі, газэты, брошуры — ў беларускай мове; прыкладываць сваю руку да іх выданьня;

3) аткрываць уселякіе кружкі і таварыствы, дзе можна было-бы шырыць грамадзянскую і національную сьвядомасьць;

4) працаваць дзеля развіцьця беларускай літэратуры, штукарства, тэатру і музыкі (песьні);

5) знаёміць шырокіе кругі з вашай мінуўшчынай, цяперашнім палажэньнем народу і яго задачамі ў будучым; організоваць выстаўкі і музэі этнографічные, гісторычные, кустарные і т. п.

„Дзеля таго, каб узрастала экономічная сіла народу, трэба развіваць усе яго творчэскіе сілы і рупіцца аб тое, каб здабыць патрэбные варункі. На гэтым грунці работу трэба вясьці гэтак:

1) развіваць у народзі прывычку здаволіваць свае патрэбы сваімі сіламі — супольнай, хаўруснай працай;

2) памагаць умацаваньню і развіцьцю селянскай гаспадаркі, пашырэньню селянскай зямельнай ўласнасьці; аткрываць таварыствы дзеля парцэляціі зямлі між беларусамі і бараніцца ад наплыву чужынцоў;

3) аткрываць уселякіе хаўрусы і суполкі — крэдытные, гандлёвые, дзеля супольнай працы над вырабам розных тавароў і т. п.

4) організаваць сельска-гаспадарскіе хаўрусы, школы, выстаўкі і інш.

5) завадзіць організаціі дзеля падмогі коопэраціі, развіцьцю гаспадаркі, хатняго рэмесла і т. д.

6) рупіцца аб паляпшэньні варункоў працы.

7) памагчы упарадкаваць справы эміграціі; старацца заместа эміграціі ў Амэрыку організоваць эміграцію на сэзонные работы у бліжэйшые краі (на лета), каб людзі верталіся да хаты з грашыма і з навукай сельскай гаспадаркі павэдлуг практыкі ў чужых старонах.

«Кожын крок на гэтай дарозі будзе набліжаць нам той момэнт, калі народ, пазнаўшы свае патрэбы і навучыўшыся сваімі сіламі здаволіваць іх? наканец-такі возьме ўсе свае справы ў свае рукі».

Такую праграму-дэклярацію надрукавала сёлета «Наша Ніва» (№ 2 — 1913 г.), каторая ўжо восьмы год працуе дзеля адраджэньня беларусоў і клічэ да работы ўсіх праўдзівых сыноў нашай Бацькоўшчыны. Пазнаньне краю і сямілетняя практыка — вось фундамэнт, на каторым сяўцы беларускіх ідэй апіраюць гэту праграму. І гэты шлях — самы просты, самы натуральны: ён вядзе да вызваленьня нашаго народу с путаў цемнаты, безпраўя, беднасьці, — вядзе да таго, што і беларусы здалеюць выявіць сьвету ўсё, што заложэна прыродай у народнай душы, і споўніць тую гісторычную роль, якую ім назначыло спрад вякоў жыцьцё.

Антон Новіна.

Вільня, 22/IV 1913.