Перайсці да зместу

Крыўскія рытаўнікі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крыўскія школы XVI і XVII ст. ст. Крыўскія рытаўнікі
Жыцьцяпісны слоўнік
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 10 (2), ліпень-сьнежань 1925 г., б. 104-106
Выдатнейшыя крывічы (беларусы)-высяленцы ў Масковію
У арыгінальнай публікацыі слоўнік падпісаны літарамі «М. Н.», але артыкул (разам з наступным, які ўжо бяз подпісу) стаіць паміж артыкулаў падпісаных літарамі «Л. А.» ды «С. К.». Ластоўскі заўсёды падпісваў свае працы папарадку, то бок, на гэтыя артыкулы прыпадаюць літары «С. Т.» ды «О. У.», якіх, аднак, надрукавана ў арыгінале не было.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫЎСКІЯ РЫТАЎНІКІ. Ў крыўскіх друках ад самага зачатку друкарства сустрачаем у тэксце рысункі, застаўкі і аздобныя пачатныя літары, рэзаныя бязумоўна нашымі стараветнымі мастакамі. Пераважна рысункі бяз подпісаў, але на некатарых маюцца і апошнія. Калі-б хто задаўся мэтай дасьледаваць па старадруках гісторыю нашага рытаўніцтва, зрабіў-бы вялікі ўклад у адраджэньне нашай культуры, асабліва, калі-б выданьне гэтых досьледаў праводзілася зьнімкамі з работ нашых стараветных мастакоў. Для прыкладу падаю малую горстачку сабранага мной матэр‘ялу, пераважна імён нашых рытаўнікоў, у абэцэдным парадку:

Ангілейко Тодар, магілеўскі рытаўнік пачатку XVII ст. Падпісваўся „Ѳеодоръ Ангилеико“ („Ірмолои“ 1700 г.), „Ѳ. А.“ („Книга житіи с(вя)тых“, 1702 г.).

Афанасій, магілеўскі рытаўнік канца XVI ст. і пачатку XVII-га (П. Пекарскій, „Наука и литература въ Россіи въ царств. Петра В.“ СПБ., 1862, т. II, б. 675).

Вашчанка Максымільяй, магілеўскі рытаўнік XVII ст. Прадаваў у Магілеве. Аздабляў сваімі рысункамі крыўскія і некатарыя украінскія друкі. Між іншымі працамі выканаў 15 рысункаў на медзі з турэцкага жыцьця да працы Рыкоты „Турэцкая манархія“, якая была выдана ў 1678 годзе ў Слуцку.

Вашчанка Васіль, магілеўскі рытаўнік канца XVII ст. Аздабляў сваімі дрэварытамі магілеўскія друкі.

Вілец Лаўры, віленскі рытаўнік XVII ст.

Вілец Іоан, рытаўнік XVIII ст. подпісі якога „В. І.“ „Іоаннъ В.“ і „І. Вілец“ сустрачаюцца на дрэварытах крыўскіх друкарань.

Гарабурда, віленскі друкар і рытаўнік канца XVI ст.

Галака Андрэй, супрасльскі рытаўнік XVIII ст. Прадаваў такжа і ў Пачаеве.

Гетке Кандрат, віленскі рытаўнік XVII ст.

Жукоўскі Міхайла, віленскі рытаўнік XVIII ст.

Каруга Ксавэры, віленскі рытаўнік XVIII ст.

Пейбовіч, віленекі рытаўнік XVIII ст. Працаваў і ў Несьвіжы, дзе рытаваў па медзі партрэты Радзівілаў.

Лапацінскі Ян, віленскі рытаўнік XVIII ст., выконваў рысункі для віленскай Сьв.-Духаўскай і Еўенскай друкарань.

Мсціславец Пятро, віленскі друкар XVI ст. Выконваў застаўкі і рысункі для сваіх друкаў, між іншым,—чатырох евангелістаў.

Макоўскі Тумаш, выканаў на медзі карту в. кн. Літоўскага і партрэт князя Радзівіла Сіроткі ў 1631 годзе.

Пэрлі Язэп, віленскі рытаўнік XVIII ст. Выканаў па медзі многа рожнаякіх работ, якія вызначаюцца мастацкай стараной; між іншымі працамі яго ёсьць некалькі агалоўкаў магілеўскай друкарні, падпісаных літарай „П“.

Скарына Франціш, XVI ст, выконваў застаўкі і рысункі да сваіх друкаў; замест подпісу на сваіх работах, клаў свой герб — сонца і месяц.

Сініцкі Макар, працаваў для Чарнегаўскай і Ноўгарад-Северскай друкарань у пачатках XVIII ст. Падпісваўся „М. Си.“ (1716 г.) і „Макарі Сіницки“ (1720 г.).

Стрэльбіцкі Ян, магілеўскі (1708, 1714) і Чарнегаўскі (1707) рытаўнік.

Тарасовічы Александар і Лявон, рытаўнікі XVII ст. Абодвы знаны з добрага выкопаньня сваіх работ. Александар Тарасовіч выконваў вялікія работы, сягоньня нязьмерна рэдкія. Да такіх большых работ яго належыць родаводная табліца Палубенскіх, рытаваная ў 1675 годзе ў Глуску (каля Бабруйска). Лявон Тарасовіч выконваў працы для крыўскіх і украінскіх друкарань, падпісваў свае работы „L. T.“, або „L. Tarasowicz“. Адзін з Тарасовічаў працаваў нейкі час у Маскве, дзе выканаў па медзі партрэты цароў Іоана і Пятра, цароўны Софіі т князя Васіля Галіцына (ў 1687 годзе). Гэты апошні з Тарасовічаў быў сынам асеўшага на старасьць у Ахтырцы на Украіне Лявона Тарасовіча.

Фетурскі Нікон, рытаўнік Ноўгарад-Северскай друкрні. Падпісваў „Никонъ іеродіаконъ“, „Никонъ Фетурскій“ (1701, 1704, 1705 і 1712 гг.).

Чарняўскі Міхайла, чарнегаўскі і магілеўскі рытаўнік пачатку XVIII ст.

М. Н.