Колядная пісанка (1913)/Апокрыф
← Наш тэатр | Апокрыф Апавяданьне Аўтар: Максім Багдановіч 1913 год |
На Каляды к сыну → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Апокрыф (Багдановіч). |
АПОКРЫФ.
1. Ад Максіма Кніжнціка пачатак..............
2. Калі скончылося сем тысяч год ад сатварэньня сьвету, Хрыстос ізноў зыйшоў на зямлю і хадзіў па ей каб споўнілося тое, аб чым казалі прарокі.
3. І хадзіў Ён па ўсяму нашаму краю: і па міншчыне, і па віленшчыне, і па магілёўшчыне, і па задзвінскай зямлі.
4) І разам з Ім былі сьвяты Пётра і сьвяты Юры. Але ніхто з людзей не пазнаваў Яго.
5) Бо ішлі яны босымі нагамі, з непакрытымі галовамі і былі адзеты у белы кужэль а не таго спадзеваліся людзі.
6. Таму ніхто не звярнуў увагі на іх, калі у час жніва праходзілі яны між працуючых людзей.
7. Толькі музыка, катораму цяпер не было што рабіць, падыйшоў да іх і сказаў: сорамна мне, бо сягоньня — дзень працы і ўсе клапочуцца каля яе; адзін я нікчэмны чэлавек
8. І атказаў яму Ісус: не смуціся у сэрцы сваім. Ці-ж не твае песьні сьпеваюць яны цяпер у часе жніва? Таму не схіляй нізка галавы тваёй, і не хавай твар свой ад вачэй людзкіх.
9. Бо німа праўды ў тым, каторы кажэ, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: вось надойдзе да яго гадзіна горэчы і чым ён разважыць смутак свой, апрыч песьні тваёй? Так сама і у дзень радасьці ён прызавець цябе.
10. І паўчаючы яго казаў: пад песьні кладуць чэлавека у калыску, і са сьпевамі ж апускаюць у магілу яго.
11. Штодзённымі клопатамі поўна людзкое жыцьцё. Але калі зварухнецца душа чэлавека, толькі песьня здолее спатоліць яе. Шануйце-ж, песьні свае.
12. Бо сьпеваюць нават жабы у багне… А ці ж ня лепшымі будзеце вы ад іх?
13. Так вучыў Хрыстос. Але Пётра, пачуўшы яго словы, сказаў: Вучыцелю, ў гэтай старонцы ёсць людзі, каторым німа чаго есьці. Ці ж ня сціснецца ад сораму сэрцэ гэтаго чэлавека, калі ён да іх, шукаючых скарынкі хлеба, прыйдзе с песьняй сваёй?
14. І, адказываючы яму, сказаў Хрыстос: так, жыцьцё гэтых людзей цяжкае, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочэш ешчэ і красу адабраць у іх? Мала дадзена ім — няўжо ж трэба, каб было ешчэ менш?
15. І, зьвярнуўшыся да музыкі, спытаў яго: калі пяюць песьні у вас?
17. Музыка-ж адказаў: пяюць на Каляды на запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалы, у Пятроўкі, на зажынках і дажынках.
17. Пяюць на радзінах, і на хрэзьбінах, пяюць, дзіцё калыхаючы і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вечарынках і на вясельлях і на хаўтурах, і у бяседзі і у працы, і ў маскалі йдучы, і у ва ўсякай іншай прыгодзе. Так скрозь увесь год пяюць.
18. І прамовіў Хрыстос Пятру: ты, шкадуючы долі галодных людзей, асудзіў песьню, але галодные людзі не асудзілі яе. Жыва ешчэ душа у народзе гэтым.
19. Тады ізноў сказаў Пётра: але ніхай жэ у песьнях будуць думкі добрые і паўчаючые, каб апрыч красы меўся у іх і спажытак чэлавеку.
20. І адказаў яму Хрыстос: німа красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы.
21. І, наўчаючы іх, прамовіў: агляніцеся навокал! Ці ж ня ніва калыхаецца каля нас?
22. Цяжка працаваў ля яе гаспадар і вось бачыць: паміж збожжа узрасьлі васількі.
23. І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтые сініе кветкі; бо поўные вагі каласы маглі бы узрасьці на мейсцы васількаў.
24. Але ешчэ з маленства краса іх прыйшлася мне да душы. Таму я ня вырву с каранём іх, як усякае благое зельле. Ніхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрцэ маё.
25. Так казаў гаспадар у сэрцы сваім і думках сваіх. І не падняў ён рукі на васількі.
26. Я ж гавару вам: добра быць коласам; але шчасьліў той, каму давялося быць васількам. Бо на што каласы, калі німа васількаў?
27. І, кажучы так, пачуў Ен песьню жнеяк, і прамовіў: слухайце. што кажуць словы гэтай песьні. Яе складалі людзі, каторые ведаюць, чаго варты хлеб.
28. Яны-ж пачулі, што словы тэй песьні кажуць: німа лепш цьвяточка над васілёчка. І далей ужо моўчкі ішлі Яны.
29. І босые ногі Хрыста пакідалі на цёплым і мяккім пылу дарогі сьляды.
30. Але горэ вам, людзі, бо даўно ужо затапталі вы іх. Амін.
Рукапіс гэты адшукаў
Максім Богдановіч.