Перайсці да зместу

Колядная пісанка (1913)/Наш тэатр

З пляцоўкі Вікікрыніцы
За тры гады Наш тэатр
Публіцыстыка
Аўтар: Максім Гарэцкі
1913 год
Апокрыф

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Максім Горэцкі.

Наш таэтр.


Блажэньні апчушчые і жаждушчые праўды, яко ціі насыцяцца…

I.

Беларус — гэта Хомка, што веры не даець. На слові ён быццым то й згодзіўся, каб ня скрыўдзіць каго, а тымчасам, пакуль усяго сваімі вачамі не паглядзіць, датуль не даець поўнай веры, датуль і не перэканаіцца.

Беларус любіць жывы прыклад; сам у гаворцы сваёй, калі бажаіць давясьці што-небудзь напэўна, заўсёды пачне прывадзіць жывы прыклад. А лепшы гаварун беларуc «прыстаўляіць» тое, аб чым гаворыць: ён і голас падвядзець і рукамі і нагамі языку паможыць.

Нахіл к прыстаўленьню хаваіцца у беларуса ў яго душы і выяўляіцца ім у жыцьці на кожным сігу. Ат маленства, як на ногі станіць, колька розных гульняў перэгуляіць беларус! І ці маіць ешчэ хоць адзін народ на зямле столькі гульняў і жартаў, як беларусы?

Беларус па псіхыцы сваёй — дабрадушны гумарыст, і ён любіць заўсёды паслухаць, паглядзець і людзём паказаць усё троху — многа прыметнае у жыцьці, а паказываіць ён ізноў-ткі жывым прыкладам. Паслухайця, як гаворыць наш дзед ці бабуля аб яком-небудзь здарэньню. Але беларус прыхілен таксама і да вострай сатыры. Хто ведае народ беларускі, таму пэўне знаёмы перчык і солька беларускай мовы народнай: беларус, гдзе варта крэпкім словам, што бізуном, дасць… Кождае што-якое беларус любіць адзначыць прыказкай, прыслоўем. Цяпер беларусы маюць багаты скарб народнай мудрасці у сваіх «пасловіцах». (гл. Ляцкі, Носовіч, Романоў і др.). Каб прыдумаць і сказаць ладную беларускую прыказку, трэба мець мастацкую і глыбокую душу, трэба быць артыстам, відзячым чэлавека і жыцьцё наскрозь з аднаго погляду.

Беларусу не навіной было устаўшы досьвіткамі, анічым смагу не прагнаўшы і дбаючы на войтоў бізун, бежч на прыгон і спаткаўшыся з добрым чэлавекам, жартуваць, можа каб нуду прагнаці. У гэтым беларусе маіць нешта супольна — жалобнае с прафэсіональным мастаком-акторам, катораму таксама трапляецца скакаць і скаліць зубы пад рогат таўпы, хаця у самога на сэрцы жыцьцёвы ціжар, а з вачэй, то й глядзі пакоцюцца буйные сьлёзы.

Беларус ат прыроды ужо такі, што любіць паглядзець на цікавую зьяву, яго цягніць к ёй.

Заўважым, што і музыка ў вялікай пашані у беларусоў.

II.

Адным словам, беларус дужа любіць «прыстаўленьне», і тэатр яму заменялі «вярцепы», хадня з мядзьведзям, жоравам ды казою, хадня на Каляды ў мазках, у летку карагоды, у зімку ігрышчы і шмат чаго іншаго.

Дык па мойму тэатр беларускі, народны тэатр, у беларускім адраджэньню — надта важная справа. І ў адраджэньню усякаго народу (украінцы) тэатр — сіла непамерная, а ў адраджэньню беларусоў, пры іх псіхіцы, пры іх дэмократызму, ён можэ сыйграць вялікую ролю.

Пакажыця беларусу са сцэны, хто ён чым ён быў, што ён цяпер, чым бы ён мог быць, гукніця яго са сцэны да новаго жыцьця, — і Божа мілы! — гэты гаротнік беларус, перэканаўшыся, ужо знайдзе здольнасці парваць ланцугі рабства, патрапе крыкнуць: „Жыве Беларусь!“ так дужа, што аж векавые муры няволі, як тые сьцены ерыхонскіе, пасыплюцца у прах. А ў такім разі доўг нашых пісьменнікаў, каторы яны павінны сплачываць, гэта — у драматычных творах паказаць беларусу, у якой пушчы ён блудзіць і гдзе ляжыць яму дарога на поле, шырока-далёкае, роднае поле вольнаго жыцьця.

III.

Я чуў, што цяпер шмат хто з нашых пісьменнікоў працуіць над тэатральнымі творамі. Ой, як гэта добра! Ніхай сабе будуць неўдалы, цяжэнькі, праўда, мукі слова, але без працы і саўсім нічога ня выйдзіць.

А у нас людзей-таланёў ёсць, каб толькі яны не закапывалі сваіх талентоў у зямлю. Французы кажуць расейцам: „О, вы, рускіе, надта здольны, адно — ня ведаіця, як трэба работаць“. Праўда! І мы, беларусы, у гэтым, найболі грэшны. Колька скарбаў у нашай зямельцы, колька энергіі у нашых рэчках, у нашым ветру, колька сілы ў нашым лесі, і што-ж? Зямелька пад каменьнем, лясы зніштаджаюцца і па абмялеўшых рэчках нясуць цеплавую энэргію ат перэкалелаго беларуса к тоўстаму немцу. А вецер наш „гудзіць“ у зімку «ў комянах“, безперастанку «хістаіць пахілые, вумные бярозы“… Алі ж і за гэта яму дзякуй, бо хоць ёсць бяздоннае жэрало і невыцечная крыніца матэр’ялу для вершыкоў нашым маладым і „даюшчым спадзеваньня“ пісьменнікам. „Беларусы ні маюць у сабе крыві фінскай ды цюркскай, яны найчысьцейшы славянскі тып, і праз тое іх народная славянская паэзія страшэнна багата, цікава і арыгінальна“, — во як гавораць аб нас людзі, а мы заплюшчыўшы вочы, пнёмся шукаць прыгажосці ў чужым загуменьню.

Але не, — беларусе умеіць працаваць, ці не яго мазалістымі рукамі праведзены бадай усе чыгункі ў Расеі? Толькі беларусу дагэтуль не давалі карыстаць са сваей працы, і ён ужо забыўся, як можна добра скарыстаць.

Блізка што усе драматычные творы, якіе цяпер ёсць на беларускай мове, яны толька невыразны цянёк ат таго жыцьця беларускаго, якое павінна быць паказана перш-наперш беларусу са сцэны.

IV.

А трэба паказаць беларусу са сцэны, што так жыць, як ён жывець, ня можна, гэткаго жыцьця ня можна трываць…

І трэба ешчэ паказаць беларусу са сцэны, што ён — чэлавек, і што ён павінен мець свой чэлавецкі гонар, і павінен дзетак сваіх гадаваць с сумленьнем…

І трэба ешчэ сказаць беларусу са сцэны, што калі ён праваслаўны, то ніхай ні лаіць свайго брата каталіка беларуса „паляком“, і калі ён каталік, дык ніхай лічыць сябе беларусам, а беларуса-праваслаўнаго сваім братам, і абодвы беларусы, каталік і праваслаўны, ніхай шануюць веру і добры сьветапогляд адзін другога і веру ўсякаго сумленаго чэлавека, ўсякай нацыі…

І трэба паказаць беларусу са сцэны, што ён маіць слаўнае прошлае, што яго дзедоўшчына дараўні с крапчэйшымі старонкамі пад сонцэм была, і што карэні нашы родные беларускіе не згнілі, трывалы і цягучы, маюць жывы сок і жывую сілу і ужо добрые адросткі к небу гонюць, а с часам над імі крэпкіе, высокіе, прыгожые дрэвы закрасуюцца…

І трэба паказаць беларусу са сцэны, што за чэлавек той, каторы сьпіць без канца-краю, якой вартасці такі чэлавек і што жджэць яго у будучыні…

І трэба паказаць са сцэны беларусу, у які бок кіравацца, яму, па якому „шляху жыцьця“ пайці і якім чынам сілы фізычнай і духоўнай набрацца…

І трэба крыкнуць беларусу са сцэны, каб ён гарэлкай не заліваўся; трэба сказаць яму і многа-многа чаго другога…

Патрэбна паказаць з беларускай сцэны другім народам зямным, што за народ хай ёсць беларусы, што маюць яны ня толькі „очень смѣшные анекдоты и весьма странныя суевѣрія“: а й нешта палепш ат жарту і забабонаў, нешта гэткае, прад чым прыемна атчыніцца агульна-людзкая скарбніца векавечных забыткаў культуры і цывілізацыі, а ня то што…

V.

Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашаго Адраджэньня. Тэатр гадуіць маладых байцоў за праўду і даець грамадзянскую мошч людзём у парэ, але занепаўшым, ён абгладжываіць на добры лад характары людзей і народаў.

Толькі трэба памятаць, што тэатр — дамаская сталь, войстрая з абодвых бакоў. Ў тэатры можна прынасіць жэртвы Духу Чыстаты і Праўды, можна пакланяцца і Ваалу с Астартай.

Вот мы цяпер, калі адрадзіліся, і павінны будаваць свой тэатр па чэлавецку, добра, каб ён быў храмам, а ня бруднай стайней Аўгія і не памяшчэньнем злога бога Арымана, і ні кутом дурнога скалазубства.

VI.

Я не кажу, што наш тэатр павінен меці кірунак толькі практычна карысны. О не, гэтым бы я выняў першы камень с падмуроўку нашаго развіцьця і укароціў бы роднаму тэатру веку. Дык жа не, дык жа я, усё роўна як на добрых хрэзьбінах, кажу пры наражджэньні нашаго тэатру: «Вялік расьці, здароў будзь, дай табе Божухна доўгі век!» Гэта значыць, што наш тэатр не павінен закідаць шлях мастацкі, ён нават павінен здаволіць як людзей, каторые гавораць: „Лепш здабудзь гаршчок юшкі, чым дарма траціць час на вершык“ так і людзей, што даводзяць: «Мастацтво для мастацтва».

Бо ведама усім, якое вялікае значэньня маіць тэатр у жыцьці і што чэлавеку, апрача паўміска юшкі патрэбна і страва для душы. Значыцца тэатр наш, калі пачанець развівацца далі, пэўне будзіць мець і шырэйшую дарогу, будзіць здавальняць людзей з рознымі бажаньнямі. Кірунак нашаго маладога тэатру павінен быць жыцьцёва-мастацкі с дэвізам: «Падняць беларуса да ідэальнаго чэлавека!»

І пакуль што, атправы ў нашым Храму Адраджэньня адны: — чудоўнымі ў мастацтві абразамі паказываць беларуса са ўсіх бакоў і прамываць яму вочы.

VII.

Мы забылі сваю мову; старадаўная сіла і арыгінальнасць яе і гладкая, гучная форма ў доўгіе часы нашай «татаршчыны» патроху псувалася і пазычала «татаршчыны». Шмат гдзе цяпер беларусы гаворуць прыкрай мешанкай слоў беларуска-польска рускіх.

Тэатр наш павінен ачысьціць, абяліць мову і паказаць прад вочы людзей яе гучнасць і гібкасць. Калі паслухаць, як гаворыць абруселы або спольшчэны украінец з наваротам на „паньску“ мову, дык можна дзівіцца, што добраго знаходзяць у мове украінскай. Але ідзеця слухаць гутарку украінца ў шчыраукраінскім кутку, а потым паслухайця мову „Кобзаря“, пачуйця украінску мову ў украінскім тэатру, калі прыстаўляіцца лепшы украінскі сцэнічны твор, і у вас сэрцэ зайдзіцца ат гучнасці і прыгажосьці украінскае мовы. Вы будзеця шэптаць сьвятые імёны тых, што паднялі яе с пылу на торжышчы і як драгацэнны дар Божы, зьбераглі і сэрцэ вашэ будзіць балець за тых, што ў духоўнай сьлепаце памкаліся і памкаюцца атдаць гэту лепшую на сьвеці мову забыцьцю.

Дык і нам беларусам, каторые маем мову, што як родная і ня горшая сястрычка мовы украінскай, нам пры распачатку свайго тэатру трэба дбаць аб гучнасці і чыстаце сваей мовы і аб той яе у паўсёдным жыцьцю гумарыстычна-наіўнай сіле, што выдзеляіць яе сярод усіх моў славянскіх.

Пісьменнік наш, пішучы драматычны творы маіць доўг прад Беларусьсю абгледзіць, як дарагі камень, кождае слоўца, зважыць, абсмакуваць і уцяміць сілу яго. Ен павінен дбаць аб прыгажосьці мовы не прыдуманнай, а праўдзівай, бо прыдуманнае — неўдалае у мові дужа прыкра; ёсць у расейсхіх пісьменнікаў творы са „стылізаціей“, ат каторай твор здаецца бытцым то перэкладжэным с другой мовы. Пісьменнікі нашы павінны ведаць той багаты славесны скарб, што сабралі дагэтуль на нашай ніве шаноўные за гэткую працу дабрадзеі: Носовіч, Шэйн, Романоў, Карскі і др. Пісьменнікі беларускіе! пільней прыслухівайцеся к мові людзей нашых на рынку, на кірмашы і усюдых-усюдых, і тые, што жывіцё на захадзі Беларусі, даведайцеся, як гавораць на яе усходзі, а усходніе пабывайця на захадзі. Як кругаварот крыві у целі чэлавецкім даець здароўе арганізму, так гэты перэліў нашых сіл на Беларусі аджывіць арганізм Беларусі і зробіць яго дужэйшым.

А вы, жрэцы у Храмі Нашаго Адраджэньня, каторые ўжо ёсць і каторых ешчэ народзіць Бог, вы, лепшые пчолкі з рою млада-беларусаў, мастакі і штукаркі тэатру беларускаго, вы асобенна вучыцеся мові і дбайця аб яе сіле і прыгажосці.

Вы, настаўнікі красамоўства і прыгожай гаворкі, тое што вы скажэця добра са сцэны з вялікаю сілаю укладзецца у душу беларускую. Гэта маіць ой — якую вагу цяпер, у нашы ўжо, дзякуй Богу, даволі развіднеўшые досвіткі. Сумна, калі ўсенародна калечыцца наша мова; сэрцэ весяліцца, калі чуім мову і слаўную, правільную. У „Н. Н.“ раней пісалося, як дрэнна некалі у Пецярбурзі гаварылі на сцэні па беларуску, але вот у астатніе часы, на аматорскай сцэні у В. можна было ўжо, пачуць ат большай часткі мастакоў і штукарак, даволі ладную беларускую гаворку. А напрыклад ў мові штукаркі М. вуха радасна і пільна лавіло і прыгажосць разважнай беларускай інтонаціі і чыста беларускага складу са смакам сказаць у глаголу „іць“ або „ыць“, дабавіўшы ядрэнае беларускае „р“ і дужую сіпяшчую „шч“ с цікавым і практычным „ў“ (крычаць, крычаў; „Каб я па сьмерці Бога так бачыла, як я буду цябе аж да самай сьмерці любіць і шанаваць, мой ты галубок міленькі, залаценькі, брылянтовы»… (словы Пронкі, „Хам“).

VIII.

Цяпер украінская песьня у славі і пашані, пяюць яе далёка за межамі Украіны. А ці даўно тое было, што аб песьні украінскай шырокае грамадзянство і ня чуло і калі гэта песьня была толькі добрым матэр’ялам для этнографа, а пеў гэту песьню сумны „хлебароб“, ды адзінота — чумак у шырокім стэпу са сваімі „валэ“, ды адвага — запарожэц, ды цёмнавалосая з глыбокімі вочкамі весна — Маруся.

Так і нам задурылі галаву, што песьня наша аднатонна… Эх, вы! Калі змешаць многа колероў, то так сама выйдзіць шэра. Ды і хто, папраўдзі, многа чаго знаіць аб беларускіх „аднатонных“ скоках і аб беларускай песьні? А ўжо аб іх у вялікім сьвеці летась гаварылі: „Под этимъ внѣшнимъ однообразіемъ какая буйная кипитъ жизнь съ разнообразными запросами и оттѣнками“… Што дзівіць, ёсць беларусы, каторые выляцеўшы з роднаго гнезда з ешчэ жоўценькай дзюбачкай і саўсім ня ведаючы свайго гнезда, гавораць: „Я — сам бѣлорусъ, но, знаете ли, не могу скрыть, что бѣлорусскихъ пѣсень очень мало, да и тѣ неинтересны“. Паночкі, калі спаткаеця гэтаго блазнотку, дайця вы яму хаця „Пѣсьни бѣлорусскія“ Носовіча, або Романова, або ешчэ якога этнографа, пакажыця яму нашы песьні з нотамі, гукніця вы яго на беларускую вечарынку, ніхай ён перэканаіцца, што нэхайна ўжэць. А то прывядзіця вы яго к нам у слаўную нашу Меціслаўшчыну, ці у другі куток Магілёўшчыны, ніхай ён пасмакуіць, які пышны там культ свадзёбных песень, ніхай ён пасядзіць у цікавейшай опэры — на беларускім вясельлі.

Дык вот трэба, каб са сцэны беларускаго тэатру палілася беларуская песьня, каб ад яе павеіло на людзей араматным пахам беларускай народнай паэзіі, каб пачулася у ёй турлычлівая песьня жаўроначка пад вясеннім небам над зялёнай руньню, каб у ёй пачуўся і далёкі спакойна-тужлівы гук бяроставай трубы хлопчыка, што кароў пасець каля рэчкі, і шум бязконцы лясоў непраходных, ці „шэпты сьпелых каласоў“, і звон серпа і „ужык! ды ўжык!“ касца ў дуброві, каб чэлавек пазнаў у ей красу беларускіх палёў з горкамі калатоўкамі ды курганкамі старасвецкімі, лажчынкамі, мурожкамі сенажаткамі, гайкамі, каб у ёй заблішчэла серабром ціхая рэчка, у каторую ціхамірна глядзіцца старая верба, а хлопчык сядзіць на беразі і ў дудачкі іграіць…

І мы павінны самі смакуваць і людзей частуваць сваей народнай песьняй: І тут мне прыпамінаіцца звертаньне дзядзькі Раманава да „дщерей бѣлорускихъ”, каторых цяпер многа сярод вучыцеляк, курсістак, чаму ж не пяюць песень родных пад музыку фортэпьяно, скрыпкі і так. А ўжо потым будзем мы пець творы нашых песьняроў, пакладжэные на ноты, бо я відзеў як на неколькі соцен людзей у залі зрабіла большая уражэньня, і больш падхапіла наша „Чачотачка“, чымся „А хто там ідзе?“ дайжэ гэткая глыбокая па думцы песьня, але на шкоду с труднай музыкай і нялюбымі троху прастаце-беларусу закручэнымі зваротамі мовы („на ў крыві нагах“…). Бо каб захапіць гэткаю песьняй, як прыгожай песьняй, трэба быць не абы якім сьпевакай і мець ў душэ сьвяты агонь, а шчыра-беларускі матыў „Чачотачкі“ сам сябе забароніць.

IX.

Што сабе думаюць тые з нашых пісьменнікаў, што сыплюць вершык за вершыкам і, маючы здольнасць да больш важнай і сур’ёзнай работы ў пісьменстві (аб чым гаворуць іншые з іхных вершаў), ня хочуць шырэй паглядзець на сваё значэньня для Бацькоўшчыны і забываюцца на сваю павіннасць прад ёю — работаць так, каб толк выхадзіў?.. Браты! даволі ўжо, дось вам захадзіцца над плывучай, звычайна не глубокай, сучаснай польскай і расейскай літэратурай і ўжываць нездароваго і немаючаго карысці для Роднаго Боку пэцканьня паперы. Не трацьця грошы на дзесяціграшовые журналы пакалечэнаго жанра, а гадуйцеся на чытаньні класікоў і ўдыхайця сьвежае паветрэ народнай паэзіі, пазнавайця прыгажосць гэтай паэзіі, а маючы ў сабе карэні гэтай паэзіі, тчыця праўдзіва-мастацкіе узоры беларускаго жыцьця. Працуйця пяром так, каб творы вашы красаваліся на пачэсным месьці ў багатай кватэры інтэлігента-беларуса і знахадзілі б шчырае спатканьне пад самай беднаю стрэшкаю маламожнаго селяніна. Замест таго, каб напісаць адзін ладны верш, а ў сьлед пусьціць дзесяць дрэньненькіх с перагукамі аб тым самым, працуйця лепі, напрыклад, над драматычным творам для народнаго тэатру.

Вучні Беларусы сярэдняй школы ў нашым краю любяць ставіць на сцэні сваіх вучылішч разам з расейскімі творамі і творы украінскіе. Чаму так? А таму. што гэтые творы троху — многа заменяюць ім патрэбу ў творах родных-беларускіх, каторых німа…

Пісьменнікі беларускіе! паклапаціця аб тым, каб тэатр наш здаволіў многаможнаго і бабыля, гарадзкога чэлавека і дзеравенскаго, старога і малога…

А найскарэй давайця страву тым што прашнуліся і тым, што ўстаюць ешчэ, яны пойдуць на работу, дык есьці хочуць, падкрэпляйця іх.

Гадуйця нашу надзею — дзетак нашых.

Нясіця яду Бедному Народу, што праз цэлые вякі знаіць і гаворыць два словы: „Я галодзен!“ Карміця яго хлебам, бо ён відзеў адны каменьня.

Шукайця брату свайму дарогу да праўды. І памятайця: ня будзеця вы шукаць яе, або станеця дрэнна шукаць, абы як, Бог вае пакараіць.

А народ усё-ж ткі знайдзіць сваю праўду, бо Сам Хрыстос сказаў, што алчушчые праўды насыцяцца.