Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/З ПЕСЕНЬ АДЗІНОКАГА

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
У судзе З ПЕСЕНЬ АДЗІНОКАГА
Аўтар: Якуб Колас
1909—1910
Матчына прычытаньне


З ПЕСЕНЬ АДЗІНОКАГА

1

Я — адзін, жыву бяз дому,
Сам сабе я першы пан,
Галавы ня гну нікому,
Ня схіляю гібкі стан.

Я — адзін, нічым ня скован,
Волен я, бы дух палёў,
Ад разбойнікаў захован,
Ад усякіх зладзяёў.

Я — адзін, нічым ня зьвязан,
Мне няма над чым карпець,
Сьвет нідзе мне не заказан,
Волен ўсюды я ляцець.

Скарб мой — рукі, мой конь — ногі,
Як пайду — сам чорт ня брат.
Кій у рукі і з дарогі
Бяз нуды зірну назад.

Даражэй за ўсё — свабода,
Дык што плакацца дарма?
Воля, воля! толькі шкода,
Што цябе нідзе няма.

1910 г.

2

Эх, нашто ўздыхаць па волі,
Калі я ня маю долі,
Калі марна годы трачу,
Калі сэрца ў смутку плача?

Знаць, няшчасным урадзіўся,
Што сьвет белы зачыніўся,

Зачыніўся, зьбегся клінам…
Горка быць мужычым сынам.

Богач зьяе ў пазалоце,
Мужык бедны мрэ ў бядоце.

У мядалях «зубр» багаты,
А ты носіш адны латы,

Бо мужычы сын пахілы
Роўнасьць мае… у магіле.

1908 г.

Я ня маю сваёй хаткі,
Я ня помню роднай маткі.

Рос я круглым сіратою,
Як той дуб, што над вадою.

Мяне матка ня люляла,
Казак, песень не сьпявала.

Чуў я толькі песьні бору,
Гадавала мяне гора.

Хоць нядоля мяне гнала,
Усё-ж мне сілы не зламала:

Ці-ж я ростам ня высокі?
Ці-ж у грудзях ня шырокі?

Валасы да плеч густыя,
Мае рукі, як стальныя.

Спрытна рэжу дол сахою,
Здатны ў лузе за касою!..

Толькі-ж дол чужы капаю,
Толькі долі я ня маю!

Ой, пайду, пайду я ў поле,
Загукаю: «Дзе ты доля?

Дзе ты, шчасьце? адгукніся,
Ка мне тварам павярніся!»

222 

Толькі-ж ціха-ціха ў полі,
Толькі вецер дзьме паволі:

«Дарма жыцьце тваё гіне,
Няма долі бедачыне!»

1909 г.

4

Што тужыць, гараваць?
Маю сілу ў руках —
Хлеб змагу даставаць,
Хіба праца мне страх?

Я — адзін, я — здароў,
Месца ўсюды мне шмат.
Захацеў і пашоў,
Пыл узьняўшы з-пад пят.

Гаспадарку сваю
Ўсю з сабою вазьму.
Песьню я запяю —
Раскатурхаю цьму.

Што мне гнуцца ў дугу?
Каму шапку зьнімаць?
Няўжо-ж я не змагу
Сам сябе падтрымаць?

Волен сьвет мне кругом,
Дзе прайду, будзе знак,
Дзе прылёг, там і дом,
Кожны бедны — сваяк.

1909 г.