Перайсці да зместу

З палёў Заходняй Беларусі (1927)/II/Люблю, ня знаючы пуціны…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Толькі той, чый вольны дух… ⁂ Люблю, ня знаючы пуціны…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Ізноў пытаньні…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Люблю, ня знаючы пуціны…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Люблю, ня знаючы пуціны.
Ісьці праз лес, балота, гаць,
Мінаць квяцістыя нізіны,
Пад грушай ў полі спачываць;

Спаткаць між жыта крыж пахілы
І старца з хлопчыкам малым,
Звычай шануючы мне мілы:
„Дабрыдзень!“ — прывітацца з ім;

Прайсьці ўздоўж вёскі беднай, шэрай
З панурым радам сумных хат,
І думаць: як ты тут ня мерай,
А ў беднаце гаруе брат;

І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сьцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;

Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таемны тояць жах,
І ці ня сьветлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях?

1921 г.