З Мальборскай вежы званы загудзелі…
Выбар (Урывак з паэмы «Конрад Валенрод») Аўтар: Адам Міцкевіч Пераклад: Янка Купала Крыніца: Поўны збор твораў у 9 т. Том 6 — Мінск, Маст. літ., 1999. ст. 190—191 |
Іншыя пераклады гэтага твора: Конрад Валенрод. |
З Мальборскай вежы званы загудзелі,
Бубны, гарматы у тахт загрымелі:
Ў Крыжацкім брацтве дзень важны сягоння;
Зусюль камтуры ў сталіцу спяшацца,
Дзе, ў капітульным засеўшы законе
І ўзваўшы духа святога навукі,
Ўраюць, каму крыж вялікі аддасца,
І меч вялікі ў чые зложаць рукі.
Дзень і другі дзень нарада сплывае —
Шмат мужоў першым быць робіць заходу:
А кожны з іх роўна высокага роду,
Кожны заслугі высокія мае;
Толькі адна ўсё ж між браццяю ўгода:
За ўсіх стаўляе вышэй Валенрода.
Хоць сам не з прусаў, хоць ён чужаніца,—
Славай напоўніў сваёй заграніцу:
Ці вёў па горах за маўрам ганітву,
Ці біўся з туркай на водным прасторы,—
Першы на сушы і моры у бітвах,
Першы у крэпасці ломіць запоры.
Дзе ж сілай можна ў гульні паказацца,
Няхай ён толькі надлобнік падыме,—
Ніхто не важыцца з ім мацавацца,
Яму пяршынства даецца ўсімі.
Не толькі ў бітвах крыжацкія роты
Праславіў лет маладых сваіх славай:
Красяць яго хрысціянскія цноты —
Ціхасць, пакора, ўніканне забаваў.
Конрад не слынуў у хорамным бліску
З гутаркі гладкай, з ліслівых паклонаў,
А такжа меча для подлага зыску
Не запрадаў ён за ласкі баронаў;
Век малады пасвяціў манастыру,
За німашто меў чыны і пачоты,
Не гнаўся нават за ўцехаю шчырай,
Мінстрэляў гімны, дзявочы залёты
Не весялілі сцюдзёнага духу,—
Ён мімаходам пахвал усіх слухаў,
Здаля ад пекных паненак трымаўся
І з імі гутаркі як бы стыдаўся.
Ці ён нячулым такім урадзіўся,
Ці век змяніў так — бо хоць яшчэ молад,
А ўжо сівы быў, з вачэй веяў холад,
І цень цярпення па твары ўсім віўся —
Трудна згадаці. Ну, часам, бывала,
І ён дзяліў з маладзежай бяседу,
Нават дзяўчат ні чураўся німала,
Спрыт меў за кпінкі адцяцца суседу,
І складна, з важнасцяй сыпаў няўзнакі
Пахлебствы паням, як дзецям забаўкі.
Але хвіль гэткіх бывала нямнога,
І чуць хай толькі слаўцо не такое —
Хоць для другіх і не значыць нічога —
Яму, знаць, многа хадзіла аб тое:
Памяць к айчызне… Кахана дзяўчынка,
Путы, вайна, аб Літве успамінка,
А ўжо Канрад паглядае іначай:
Перастае быць вясёлым, забаўным,
Зноў, як нічога не чуе, не бача
І аддаецца сваім думам тайным…
Мусіць, як стан свой законны успомніць,
Сам сабе ўцехі земскай бароніць.
(1828 / 1908)