Зіма (Купала — Прыйшла зіма халодная…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Зіма
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/5


Прыйшла зіма халодная,
      Нягодная зіма, —
Цярпі, зямелька родная,
      Няма жыцьця, няма.

Прыцьмілась сонца яснае,
      Прыціх шум баравы;
На полі пустка страшная —
      Ні збожжа, ні травы.

Сьнег белы мёртва сьцелецца
      Пасьцеляй грабавой,
Сапе, шуміць мяцеліца,
      Мяце сьнег, як мятлой.

Мароз, як кат бязжаласны,
      Ў лёд рэчкі акаваў,
Стральбой сваёй бязрадаснай
      Па сьценах біць пачаў.

Стральбой сваёй праклятаю
      Ў лёт слабых птушак б’е,
Пры хаце і за хатаю
      Спакою не дае.

Хаваюцца ў будоўліны
      Жывёла і народ, —
У сьнег зямлі абноўленай
      Ня міл для іх паглёд.

Ваўкі па сьцежках шляюцца
      І ночкаю, і днём
І жудка разьлягаюцца
      Магільніцкім выцьцём.

О, гора падарожнаму
      Іх стада напаткаць!
Ня жыць неасьцярожнаму,
      Радні не аглядаць.

І вырвуць вочы ясныя,
      І выхлебаюць кроў,
І пойдуць далей, страшныя,
      Шукаць ахвяр ізноў.

Ой, жудасна-халодная
      Ўзгулялася зіма,
Цярпі, зямелька родная,
      Няма жыцьця, няма.

Цярпі, старонка родная,
      Мучэньне пі да дна, —
Міне зіма нягодная,
      І ўскрэсьне зноў вясна!

(1905—1907)